A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  СЯРГЕЙ БАЛАХОНАЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Балахонаў
Там нехта ёсьць,
або Ростані постсавецкай беларускай літаратуры


Cярод разнастайных чыньнікаў, што ўплываюць на літаратуру сучаснае Беларусі, найперш неабходна назваць складаны працэс станаўленьня і разьвіцьця беларускае дзяржаўнасьці. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці (1990–1991) у нашай краіне адбывалася нацыянальна-культурнае адраджэньне, праходзіла беларусізацыя зрусіфікаванага грамадзтва, вярталіся зь нябыту забароненыя камуністычным рэжымам імёны і цэлыя пэрыяды беларускае гісторыі. Зусім заканамерна, што прага да абуджэньня нацыянальнае сьвядомасьці праявілася ў напісаньні твораў гістарычнага жанру. На хвалі адраджэньня зьявіліся кнігі Леаніда Дайнекі («Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»), Кастуся Тарасава («Пагоня на Грунвальд»), Уладзімера Арлова («Пяць мужчын у лесьнічоўцы»), Вітаўта Чаропкі («Храм бяз Бога»). Адраджэнскім патасам была напоўнена лірыка як старэйшых (Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін), так і больш маладых (Анатоль Сыс, Леанід Дранько-Майсюк, Славамір Адамовіч) паэтаў. Але за гэтым патасам часьцяком гублялася здаровая развага, сасьлізгвала разуменьне таго, што простай і маланкавай перамогі ў дэсаветызацыі краіны ня будзе. Прарочыцай выявілася паэтка Тацяна Сапач, якая яшчэ ў часы гарбачоўскае «перабудовы», напрадвесьні незалежнасьці Беларусі напісала верш «Адзінота»:

      І зараз мне няма куды сьпяшацца –
      падлічаны учора страты ловаў,
      і меч яшчэ ня высах ад крыві,
      і значыць, можна жыць цяпер спакойна.
      Да часу! Будзе дзень і будзе дзея,
      і той, хто быў сьляпы, відушчым стане,
      і будзе наш нябога ўладаром...
      А толькі мне няма куды ісьці,
      і ўжо даўно няма куды ісьці –
      там
      нехта ёсьць,
      і я яго баюся.

Гэты паўстрашлівы «нехта» – значная частка грамадзтва, якая абыякава, нярэдка і чыста варожа ставіцца да беларускае мовы і культуры.

АЎТАРЫТАРНЫ КАНТЭКСТ

У 1994 г. прэзыдэнтам Беларусі быў абраны Аляксандар Лукашэнка – чалавек, які вызнае падобныя антынацыянальныя каштоўнасьці. Таму ўжо на другі год ягонага кіраваньня праз рэфэрэндум адбылося скасаваньне дзяржаўнага статусу нацыянальнай сымболікі, а расейскай мове быў нададзены статус другой дзяржаўнай мовы. Пачалося імклівае згортваньне беларусізацыі. Уладны цэнтар, прыстасоўваючы да сучаснасьці савецкую спадчыну, інтуітыўна ўзяў курс на фармаваньне беларускай палітычнай нацыі. Нездарма ў новай рэдакцыі дзяржаўнага гімну Беларусь услаўляецца як «народаў братэрскі саюз». Падзеі 1994–1995 гг. выклікалі ў асяродзьдзі беларускіх пісьменьнікаў сапраўдны шок, ад якога некаторыя ў прамым сэнсе не змаглі аправіцца (памёр, напрыклад, паэт Максім Танк). Рэакцыя маладзейшых творцаў мела іншы характар – яны ўступілі ў адкрыты інтэлектуальны супраціў антыбеларускай па сваёй сутнасьці ўладзе.

Супраціў набываў розныя формы: ад эпатажных тэкстаў (ананімная паэма «Лука Мудзішчаў прэзыдэнт», верш Славаміра Адамовіча «Убей президента») да стварэньня недзяржаўных выдавецкіх праектаў «Фрагмэнты» (рэдактар Ігар Бабкоў) і «ARCHE» (рэдактар Валер Булгакаў), якія ня проста палемізавалі з аўтарытарным рэжымам, але імкнуліся яго пакласьці на хірургічны стол і прэпараваць. Добрым прыкладам гэтага ёсьць эсэ «Адна інкарнацыя змаганьня» Міхаіла Баярына ды «Геній Лукашэнкі» В. Булгакава. Інтэлектуальную апазыцыю рэжыму склаў і часопіс «Крыніца» (рэдактар Уладзімер Някляеў, а пасьля ягонай эміграцыі – Ала Канапелька), заснавальнікам якога быў Саюз пісьменьнікаў Беларусі. На старонках «Крыніцы» друкаваліся творы многіх сучасных беларускіх пісьменьнікаў, нават тых, хто адкрыта канфрантаваў з рэжымам. Да таго ж часопіс стаў свайго кшталту перакладніцкай лябараторыяй. Амаль у кожным нумары зьяўляліся пераклады з сусьветнае літаратуры, пачынаючы ад Бакачча і сканчаючы Стывэнам Кінгам.

Сымбалем маральнае перавагі над лукашэнкаўскім рэжымам стаў пісьменьнік Васіль Быкаў. Яшчэ ў 1960-я гг. ён ці ня першым зь беларускіх літаратараў стаў праўдзіва, бяз штучнага савецкага ідэалягічнага бляску апісваць быцьцё чалавека ва ўмовах Другое сусьветнае вайны. У творчым разьвіцьці ён немінуча прыйшоў да высновы аб блізкай сутнасьці фашызму і бальшавізму (аповесьць «Знак бяды», 1982), а ў творах канца 1980-х – пачатку 1990-х гг. зьвярнуўся да трагічных падзеяў антыбальшавіцкага супраціву («На чорных лядах») і сталінскага тэрору («У тумане», «Жоўты пясочак»). Шчырая грамадзянская пазыцыя, угрунтаваная на нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасьцях, выклікала шаленства беларускага дзяржаўнага афіцыёзу, які паразытуе на саветчыне: фільм па творах Быкава ня быў дапушчаны да пракату, дзяржаўнае выдавецтва адмовіла друкаваць яго кнігу «Сьцяна»*, пачалося публічнае цкаваньне пісьменьніка праз СМІ. У выніку ён мусіў часова пакінуць бацькаўшчыну і жыць у Фінляндыі, Нямеччыне, Чэхіі. У 2003 г. В. Быкаў, адчуваючы хуткую сьмерць, вярнуўся ў Беларусь. Пахаваньне народнага пісьменьніка сталася сапраўды народным і, нягледзячы на ўладную мітусьню вакол гэтай Нацыянальнай Трагедыі, паспрыяла маральнай кансалідацыі здаровых нацыянальных сілаў.

  пісьменьнік, піша пра літаратуру, музыку, палітыку, а таксама мастацкую прозу і вершы. Працуе настаўнікам гісторыі ў Гомелі. Сталы аўтар газэты «Наша Ніва» і часопісу «ARCHE». Зьбіральнік і дасьледнік сучасных саг. Артыкул быў напісаны на замову чэскага часопісу «Host» і надрукаваны ў ім.
   
Рэжым А. Лукашэнкі мэтадычна рабіў і робіць захады, каб зьвесьці да мінімуму ўплывы беларускіх пісьменьнікаў на грамадзтва. Вітаюцца літаратары, што ляяльна ставяцца да ўлады. У 2002 г. Саюз пісьменьнікаў Беларусі быў пазбаўлены дзяржаўнага фінансаваньня, а пэрыядычныя выданьні літаратурна-мастацкага кірунку страцілі сваіх былых рэдактараў і атрымалі новых, прызначаных згары. Была створана рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова пад назвай мэдыя-холдынгу «Литература и искусство». Частка пісьменьнікаў, ня згодных зь сілавым узьдзеяньнем рэжыму, пакінулі свае месцы працы і сталі гуртавацца вакол грамадзка-палітычнага часопісу «Дзеяслоў» (рэдактар Барыс Пятровіч). Ранейшая «Крыніца» была пераўтворана новай рэдакцыяй у панславісцкае выданьне «Крыніца. Славянскі свет», перш чым канчаткова зачыніцца. Адносным лібэралізмам сярод холдынгавых выданьняў вызначаецца хіба часопіс «Маладосць» (рэдактарка Раіса Баравікова).

  * Выдадзена недзяржаўным Беларускім гуманітарным фондам «Наша Ніва» ў 1997 г.

   
Але нават ва ўмовах жорсткага ўладнага прэсінгу і русіфікатарскай палітыкі** многія беларускія пісьменьнікі працягваюць працаваць над мастацкім пераасэнсаваньнем мінуўшчыны краіны. Ужо за часы кіраваньня А. Лукашэнкі ў дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтвах зьявіліся кнігі Івана Шамякіна «Вялікая княгіня», Вольгі Іпатавай «Альгердава дзіда» (залучае ў сябе цыкль раманаў пра пачаткі Вялікага Княства Літоўскага), Алеся Пашкевіча «Пляц Волі» («раман-дакумэнт», прысьвечаны барацьбе беларусаў за сваю дзяржаўнасьць у першай палове ХХ ст.), Андрэя Федарэнкі «Нічые» (у цэнтры ўвагі – антыбальшавіцкае Слуцкае паўстаньне 1920 г.), празаічная нізка Ўладзімера Арлова «Полацкія апавяданьні» (іранічнае пераасэнсаваньне блізкай гісторыі БССР) ды інш. Спробы паказаць істу сучаснага беларускага аўтарытарызму, раскрыць мэханізмы яго функцыяваньня амаль ня мелі месца. Сяргей Дубавец, рэдактар «Нашай Нівы» з 1991 па 2001 гг., разважаючы над гэтай праблемай, узгадваў раман г. г. Маркеса «Восень патрыярха» і адзначаў: «Беларуская літаратура не нарадзіла нагэтулькі магутнага раману пра дыктатара. Дакладней, пра свайго дыктатара. Дакладней, пакуль не нарадзіла». Магчыма, гэткім творам мог бы стаць раман Уладзімера Някляева «Крэматорый» (друкаваўся толькі ўрывак), галоўнага героя якога завуць Андрэй Гаўрылавіч Лукашэнка. Калі меркаваць паводле ўрыўку, пісьменьнік ня ўнікнуў самацэнзуры, схаваўшыся за гратэск (Андрэй Гаўрылавіч мяркуе пачаць палітычную кар’еру, узначаліўшы крэматорый, дзе аддаюць агню памерлых уладных людзей).

Творчасьць маладых беларускіх аўтараў другой паловы 1990-х гг. (пэрыяд «Менскай вясны») мела яскрава антылукашэнкаўскі характар. У аснове кароткіх апавяданьняў, эсэ, рэфлексіяў, вершаў, друкаваных у сталых рубрыках газэты «Наша Ніва» «Эпікон» і «Грамафон», было жыцьцё маладога чалавека ў віры дэманстрацыяў пратэсту, распаўсюду ўлётак, турэмных адседак etc.

ЗРАБІ СЯБЕ САМ

Ня толькі ўплываюць на сучасную беларускую літаратуру, але і абумоўліваюць яе спэцыфічнае становішча такія важныя фактары, як пераход Беларусі да рынкавай эканомікі і глябалізацыя. Выпрацаваная ў савецкія часы завядзёнка дзяржаўнае падтрымкі беларускай літартуры рэзка пахіснулася зь сярэдзіны 1990-х гг. Беларускі пісьменьнік зь дзяржаўнага службоўцы мусіў перакваліфікоўвацца ў пісьменьніка-камэрсанта, здатнага ня толькі пісаць, але і прадаваць свае творы, шукаць магчымасьці для выданьня сваіх кніг, пагатоў дзяржаўная манаполія на выдавецкую дзейнасьць зьнікла пры канцы 1980-х. Яскравым увасабленьнем падобнага тыпу пісьменьніка стаў Адам Глёбус (сапр. Уладзімер Адамчык), які, апроч літаратурнай творчасьці, мае спаважны кнігавыдавецкі бізнэс.

Некаторыя дасьледнікі культуры (напрыклад Сяргей Парашкоў) лічаць «пранікненьне і замацаваньне духу практыкі і камэрцыі» ў беларускай літаратуры (і наагул у культуры) зьявай нэгатыўнага кшталту. З гэтым меркаваньнем цяжка пагадзіцца. Насамрэч для бальшыні пісьменьнікаў, ня толькі маладых, недзяржаўныя выдавецтвы гарантуюць хуткае надрукаваньне кнігі без шматгадовых чэргаў, як тое бывае ў выдавецтвах дзяржаўных. Да таго ж сама дзяржаўная палітыка падштурхоўвае да камэрцыялізацыі, прынамсі, часткі літаратурнага працэсу. Гаворачы пра камэрцыялізацыю, мусім адразу ж абмовіцца, што гаворка не ідзе пра фармаваньне масавай беларускай літаратуры. Такой, на правялікі жаль, не існуе. Прычынамі таго найперш русіфікаванасьць вялізнай масы патэнцыйных чытачоў, а таксама жорсткая канкурэнцыя з боку сусьветнага пісьменьніцтва. Адмысловасьць глябалізацыі для Беларусі палягае ў тым, што мы п’ем тую ж самую «Кока-колу», як і чэхі, але «Гары Потэра» чэхі чытаюць па-чэску, а мы мусім карыстацца расейскімі перакладамі. Той жа Глёбус, усьведамляючы каньюнктуру рынку, ільвіную долю кніг выдае па-расейску. Камэрцыйным посьпехам у нашых умовах уяўляецца выданьне ўласнай беларускамоўнай кнігі накладам 1000–2000 асобнікаў і яе рэалізацыя хаця б цягам колькіх гадоў саматугам, празь сетку незалежнага распаўсюду або празь дзяржаўны кнігагандаль. Апошняе магчыма, калі кніга не адпудзіць кнігарню якой-кольвек «крамолай». Так, зборнік аўтабіяграфічнае прозы пісьменьніка і барда Зьмітра Бартосіка «Чорны пісталет» кнігарні адмовіліся браць толькі таму, што адзін з тэкстаў мае назву «Лукашэнка памёр».

Справа пашырэньня гатовага літаратурнага прадукту ўскладняецца яшчэ і тым, што імёны сучасных беларускіх пісьменьнікаў для масавага спажыўца знаёмыя мала. Кепскую паслугу тут робіць моцная інфармацыйна-культурная прывязанасьць беларусаў да Расеі («Тут паблізу Масква, тут Масква ў галаве // Тут Масква ў тэлевізары і ў газэце // Тут расейскія песьні развучваюць дзеці», – адкамэнтараваў заганную сытуацыю рокер Лявон Вольскі). Акром таго, быў досыць працяглы пэрыяд (прыблізна 1998–2001), калі дзяржаўныя мэдыі папросту ігнаравалі прадстаўнікоў літаратурнага цэху. І толькі цяпер сытуацыя патроху-патроху зьмяняецца да лепшага. Нарэшце літаратар мае шанец «раскруціць» сваё імя, быць у станоўчым сэнсе заўважным нават газэтай, заснаванай адміністрацыяй прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. І беларускі чытач, такім чынам, адкрывае амэрыкі найноўшае беларускае літаратуры. Можа быць, таму зьмяняецца і стаўленьне прыватных выдаўцоў да нашых пісьменьнікаў, і яны (выдаўцы) не баяцца ўкладаць свае грошы ў рэалізацыю тых ці іншых літаратурных праектаў. Спаміж такіх выдаўцоў найперш варта назваць Ігара Логвінава, чыё выдавецтва за апошнія тры гады выпусьціла ў сьвет больш за трыццаць найменьняў кніг беларускіх пісьменьнікаў (пераважна – авангард і постмадэрнізм).

Увогуле ж працэсы капіталізацыі знайшлі ў сучаснай беларускай літаратуры разнастайную ацэнку. Чым далейшы канкрэтны пісьменьнік ад прадпрымальніцкага асяродзьдзя, тым больш адмоўны вобраз бізнэсоўцаў, іх дзейнасьці і ладу жыцьця ён прэзэнтуе ў сваіх творах. Найбольш жорсткае стаўленьне да прадпрымальнікаў выказаў у сваіх творах Юры Станкевіч. Хістаньні паміж скрайнасьцямі ў адлюстраваньні прадпрымальніцтва дэманстраваў адзін із старэйшых пісьменьнікаў Іван Шамякін («Сатанінскі тур», «Падзеньне», «У засені палацу»). Апалёгіяй камэрцыйнае чыннасьці зь яе мабільнасьцю, пакручастасьцю, захапляльнасьцю поўняцца мініятуры Леаніда Маракова.

У цяперашніх умовах многія пісьменьнікі пераўвасабляюцца ў гэткіх вагантаў, падарожнічаючы па краіне для сустрэчаў з чытачамі (У. Арлоў, З. Бартосік, А. Хадановіч). У пераважнай большасьці разоў такія сустрэчы ладзяцца з дапамогаю няўрадавых арганізацыяў, што сьведчыць пра пэўнае ўмацаваньне грамадзянскае супольнасьці. Для саміх творцаў гэта ня толькі рэальная магчымасьць правесьці жывы дыялёг з чытачамі ды гарантавана прадаць нейкую частку сваіх кніг, але і справа ўздыму прэстыжнасьці беларускае мовы й літаратуры ў грамадзтве.

УЦЯКАЮЧЫ АД САЦРЭАЛІЗМУ

У адрозьненьне ад савецкіх часоў літаратура незалежнае Беларусі характарызуецца разнастайнасьцю напрамкаў, традыцыяў, творчых мэтадаў. Сацыялістычны рэалізм амаль цалкам адышоў у нябыт і, калі прысутнічае, дык толькі як атавізм у творах некаторых старых пісьменьнікаў. Ужо з канца 1980-х гучалі прапановы інтэлектуалаў перагледзець усю літаратурную спадчыну савецкага пэрыяду на яе далейшую прыдатнасьць як для школы, гэтак і для агульнаграмадзкага спажываньня. Але найбольш выразна гэтыя думкі былі выкладзеныя ў артыкуле Сяргея Дубаўца «Ружовы туман» (1998). Артыкул выклікаў сярод пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня неўразуменьне, і канструктыўнай дыскусіі, якую аўтар імкнуўся справакаваць, не адбылося.

Рэалізм у сучаснай беларускай літаратуры прысутнічае і, мабыць, будзе яшчэ прысутнічаць надалей, дзеля існаваньня спэцыфічна тутэйшага кірунку «вясковае прозы», якога не зракаюцца многія члены СПБ. На агульным тле рэалістаў у апошнія 15 гадоў вылучаліся прадстаўнікі розных пакаленьняў: Іван Шамякін («Без пакаяння», «Выкармак»), Ніл Гілевіч (раман у вершах «Лодачкі»), Андрэй Федарэнка («Смута»), Франц Сіўко («Удог»). Для бальшыні іхных твораў уласьцівай ёсьць менавіта рэалістычная дамінанта, хоць, безумоўна, пісьменьнікі зазнаюць уплывы іншых творчых напрамкаў. Але апошняе ў іх прыкмячаецца ня так яскрава, як у літаратараў, пра якіх будзе весьціся гаворка троху ніжэй.

Вельмі блізкая да літаратуры экзыстэнцыялізму творчасьць Васіля Быкава. Пісьменьнік імкнуўся адлюстраваць сутнасьць чалавечага існаваньня праз разьмяшчэньне герояў сваіх твораў у т. зв. «памежныя сытуацыі». Героі Быкава пастаянна вымушаны рабіць выбар між агнём і полымем. Але ў адрозьненьне ад францускіх экзыстэнцыялістаў беларускі пісьменьнік ня лічыць пакутлівы выбар у «памежных сытуацыях» сьведчаньнем абсурднасьці існаваньня чалавека. Сьмерць у творах Быкава – не абсурд, а вызваленьне ад заганнай рэчаіснасьці. Пісьменьнік сьцьвярджае права чалавека памерці свабодным («Ваўчыная яма», «Балота»).

Добрым прыкладам беларускага пісьменьніка-мадэрніста ёсьць паэт Алесь Разанаў. Вынаходнік новых вершаваных формаў (пункціры, вэрсэты, вершаказы), ён знарочыста абмінае ўсталяваныя ў беларускай традыцыі паэтычныя рамкі (кнігі «Рэчаіснасьць», «Танец з вужакамі»). Характэрны філязафічны пункцір Разанава:

      Цягнецца з коміну дым
      па-над сьнежным бязьмежжам:
      адна сьцяжына – і тая ў неба.

Творчасьць Славаміра Адамовіча варта азначыць як «асьцярожны мадэрн». Паэт выкарыстоўвае традыцыйныя вершаваныя формы, але рашуча адрынае традыцыю савецкага вершаванага афіцыёзу. У вершах с. Адамовіча гіпэртрафаваны мужчынскі пачатак. Скразныя тэмы – каханьне і вайна – пераплятаюцца, часам вельмі гратэскна:

      Гляджу, гляджу, каханая, якая ты сьветлая,
      стаіш пад поўняю, пад сонцам і дажджом,
      усё табе пасуе – хоць кабура пісталетная,
      хоць новы аўтамат, хоць старое ружжо.

Адзін зь ягоных зборнікаў мае характэрную назву «Каханьне пад акупацыяй». Паэт зладзіў палітычны пэрформанс, абвясьціўшы пра існаваньне ультранацыяналістычнай арганізацыі «Правы рэванш». А паколькі ў 1996 г. за напісаны па-расейску верш «Убей президента» с. Адамовіч апынуўся за кратамі, спэцслужбы актыўна шукалі сьляды гэтай «палітычнай структуры».

Імкненьне да абнаўленьня мастацкай практыкі, разрыву зь яе сталымі традыцыямі і формамі дэманстравалі сябры літаратурнага аб’яднаньня «Бум-Бам-Літ» (Зьміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Ільля Сін ды інш.). Характэрным прыймом бумбамлітаўцаў былі (і застаюцца пасьля скону аб’яднаньня) публічныя літаратурныя акцыі, суправаджаныя пэрформансамі. Сымбалічнае дыстанцыяваньне бумбамлітаўцаў ад ранейшае традыцыі праявілася, да прыкладу, у празьмерным выпінаньні (псэўда)афрыканскіх матываў у творчасьці (назвы кніг З. Вішнёва характэрныя: «Афрыканскія матывы», «Штабковы тамтам», «Тамбурны маскіт»). Самі былыя бумбамлітаўцы схільныя сёньня называць сябе постдэкадэнтамі. Хаця яшчэ ўчора яны пнуліся менавацца постмадэрністамі.

Пэўныя дасьледнікі (гісторык Сьвятлана Куль-Сяльвестрава, філёзаф Валянцін Акудовіч) пэрыяд разьвіцьця беларускае культуры з канца 1980-х па сёньняшні дзень схільныя называць постмадэрнісцкім. Але спрэчкі аб наяўнасьці/адсутнасьці беларускіх постмадэрнісцкіх твораў не аціхаюць. Доўгатрывалая дыскусія, што завязалася ў 2001 г. між публіцыстам Данілам Жукоўскім і аўтарам гэтых радкоў, працягваецца, шторазу пашыраючы кола дыскутантаў. Многія творцы доўгі час хаваліся за шыльду постмадэрнізму: або з прычыны неразуменьня ягонай сутнасьці, або ў разьліку на недасьведчанасьць чытацкае аўдыторыі. Між тым, прадстаўнікоў беларускага постмадэрнізму «ўсяго чалавек дзесяць», як сказала радыёжурналістка Надзея Кудрэйка. Найбольш выбітныя зь іх Ігар Бабкоў (раман «Адам Клакоцкі і ягоныя цені»), Андрэй Хадановіч (зборнік вершаў «Лісты з-пад коўдры»), Альгерд Бахарэвіч (кніга прозы «Натуральная афарбоўка»), Людміла Шчэрба (фільмаслоў «Уладар рыбаў»).

Галоўным героем раману І. Бабкова ёсьць сон – сон Беларусі і сон аб Беларусі. У гэтым сэнсе назіраецца немінучае падабенства з «Хазарскім слоўнікам» Міларада Павіча.

Паэт А. Хадановіч стварае перапоўненыя іроніяй каляжныя тэксты, дзе нават малападрыхтаваны чытач адчувае нешта знаёмае (цытаты зь беларускіх і сусьветных клясыкаў, вобразы масавай культуры і г. д.). Гэткі дэмакратычны, калі не сказаць папулісцкі, постмадэрнізм Хадановіча і зрабіў яго за лічаныя гады адным з самых вядомых паэтаў сёньняшняй Беларусі.

У рамане А. Бахарэвіча адчуваецца пакепліваньне з эгацэнтрызму некаторых пісьменьнікаў. Герой ягонага твору – літаратар-постмадэрніст, які дзеліць сваё жыцьцё на дзьве разнаякія паловы: з аднаго боку творчасьць і рэдакцыі, зь іншага – фізычная праца і расчынаньне ў масах.

Цэнтральнай постацьцю нечаканага для крытыкаў твору Л. Шчэрбы выступае гратэскавая дэманічная істота – кот з рыбінай у лапах, адлюстраваны на карціне галоўнага героя пісьменьніка. У творы прасочваюцца істотныя паралелі з Э. Т. Гофманам, Я. Баршчэўскім, М. Булгакавым ды інш. Галоўная тэма – творчасьць і каханьне, даведзеныя да абсурду ў эпоху постмадэрнізму ды інфармацыйных тэхналёгіяў.

ЧАС МАСТАЦКАЙ РАЗНАСТАЙНАСЬЦІ

Сам час, дыктуючы мастацкую разнастайнасьць, змушае аўтараў знаходзіцца на скрыжаваньні напрамкаў. Таму розныя пласты творчасьці багата якіх пісьменьнікаў можна аднесьці да розных кірункаў. Адам Глёбус у «Дамавікамэроне» (жорсткаіранічны сынтэз урбаністычнага і традыцыйнага фальклёру), хутчэй, выглядае постмадэрністам, а ў зборніках прозы «Койданава» і «Браслаўская стыгмата» – рэалістам. Вершы Людмілы Рублеўскай (напрыклад, зборнік «Балаган») – нэарамантызм, ейная ж проза, прынамсі кніга «Старасьвецкія міты гораду Б.» зь пераніцаванымі антычнымі сюжэтамі – постмадэрнізм. Уладзімер Арлоў у рамках кожнага свайго твору прымудраецца быць і рэалістам, і містычным рэалістам (ня горшым за Жоржэ Амаду!), і постмадэрністам (найперш праз сваю непаўзьдзержную іронію), і не ўнікаць яшчэ пры тым рамантычнага антуражу. Тое ж можна сказаць і пра ягонага земляка Пятра Васючэнку, які піша творы па вонкавым антуражы дзіцячыя, а па сваёй унутранай сутнасьці – вельмі дарослыя, як, прыкладам, «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі».

Творчасьць Юр’я Станкевіча цяжка паддаецца напрамкавай ідэнтыфікацыі. Ягоную прозу (зборнік «Любіць ноч – права пацукоў») умоўна можна вызначыць як чорны беларускі рэалізм. Аўтар выхоплівае з рэчаіснасьці ўвесь бруд, змрок, пачварнасьць і бязьмежна гіпэртрафуе іх, не пакідаючы чытачу шанцу ўбачыць за гэтай чарнатою сонца будзь-якой надзеі. Герояў сваіх твораў – бандытаў, прастытутак, вычварэнцаў – Ю. Станкевіч паказвае досыць просталінейна і аднастайна.

Досыць хуткі працэс трансфармацыі беларускага грамадзтва, зьмена каштоўнасных арыенціраў перашкаджае пісьменьнікам панарамна, аб’ёмістымі творамі, адлюстроўваць сучаснасьць. У постсавецкую эпоху вельмі распаўсюджанымі сталіся размаітыя творы малых жанраў. Большыя ў параўнаньні з савецкімі часамі магчымасьці для замежных падарожжаў выклікалі пэўны бум падарожных нататкаў (напрыклад, «Амстэрдам» А. Глёбуса, «Божая кароўка зь Пятай авэню» У. Арлова). Вандроўкі па Беларусі, кантакты з жыхарамі правінцыі, назіраньні за бегам жыцьця знутры народных гушчаў таксама стаюцца нагодай для літаратурных рэфлексіяў (эсэ З. Бартосіка «4000 км па ідэальнай БССР», с. Адамовіча «Бытавуха»). Постсавецкая абыдзёншчына знайшла свой адбітак у шматлікіх літаратурных дзёньніках («Турэмны дзёньнік» с. Адамовіча, «Койданаўскі дыярыюш» г. Матусевіч, «Зацемкі зь левай кішэні» Л. Галубовіча). Досыць хваравіта пісьменьніцкая і каляпісьменьніцкая грамада ўспрыняла пасьмяротную частковую публікацыю дзёньнікаў празаіка Вячаслава Адамчыка, зробленую яго сынам (Адамам Глёбусам). Але чытацкая аўдыторыя ўспрыняла іх абнародаваньне зь цікавасьцю. Аўтар дзёньнікаў вельмі востра адгукаўся аб многіх сваіх сучасьніках, выказаў непрымірымае стаўленьне да існага ў Беларусі рэжыму і ягоных кіраўнікоў (таму публікацыя і адбывалася з купюрамі). Комплексы і фобіі сучасных беларусаў атрымалі фіксацыю ў абсурдысцкіх і парадаксальных показках Віктара Шніпа «Сабачыя гісторыі», што спарадзілі плойму пераймальнікаў.

Такім чынам, не зважаючы на татальную русіфікацыю грамадзтва, наяўнасьць аўтарытарнага прасавецкага рэжыму, складанасьці адаптацыі да рынкавых умоваў, беларуская літаратура знаходзіць унутраныя рэзэрвы для разьвіцьця. Літаратурны працэс абнаўляецца і амалоджваецца. Няма такога напрамку, у якім бы ні спрабавала сябе беларуская літаратура. У ёй няма цяпер забароненых тэмаў. Кнігі, абмінаючы цэнзарскія нажніцы, выходзяць і распаўсюджваюцца. Беларускія пісьменьнікі жывуць для сябе і для грамадзтва, якое па-ранейшаму жадаюць сваімі ўплывамі зьмяніць.

  ** Сфэра выкарыстаньня беларускай мовы няўхільна звужаецца, яна выцясьняецца з тэлевізіі, візуальнага афармленьня. У 2002 г. быў скасаваны абавязковы іспыт па беларускай літаратуры за курс сярэдняе школы, што рэзка панізіла зацікаўленасьць школьнікаў да вывучэньня гэнага прадмету.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/07