A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АКСАНА БЯЗЛЕПКІНА

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аксана Бязлепкіна
Пентхаўз для Сыса


ЯГАМОСЦЬ

Ён стаяў у атачэнні даўніх знаёмых на ганку выставачнага цэнтра на вуліцы Янкі Купалы. 15 чэрвеня 2004-га. Год таму. Пра сустрэчу было дамоўлена. Мой тэлефон яму далі ў выдавецтве, дзе выйшла кніга пра «Тутэйшых» з невялікім раздзелам пра Сыса («Вы недаацанілі Сыса», – сказалі выкладчыкі пра маю дыпломную работу).

– Як ты мяне пазнала? – у голасе Сыса змяшаліся пісьменніцкае какецтва і гонар за тое, што яго ўсё яшчэ пазнаюць.

– Бачыла фатаздымкі, – адказ задаволіў паэта, хаця складана было б не вылічыць яго ў пераважна жаночай кампаніі.

Я марна спрабавала адшукаць у ягоным абліччы нешта, што паказала б мне яго тым – маладым, таленавітым, вядомым. Але...

      На твары шчацінне, як пожня жытнёвая,
      вочы – праталіны мутнай вады...

На сустрэчу я абачліва захапіла і ягоную кнігу, і фотаапарат. Мы падпісалі адно аднаму кнігі, і абое сурочылі. Я спадзявалася на плённае супрацоўніцтва (Ты ж ведаеш, як інтэрв’ю робіцца? Бярэш бутэльку гарэлкі, палку лівернай... і яшчэ... Здымкі прынясі!), а ён напісаў «Бязлепкіна, ляпі! Толькі каб гліна не перасохла».

Гліна перасохла на наступны дзень. Цытую па нататніку:

– Прывітанне, гэта Анатоль. (Па голасе Сыса было чуваць, што чалавеку тэрмінова трэба даць інтэрв’ю з бутэлькай і ліверкай, можна без здымкаў.) Прыязджай зараз да мяне. Я табе ўсё раскажу.

Я адмовілася, за што мае даследчыцкія здольнасці і прафесійная апантанасць былі досыць невысока ацэнены Сысам дасяжным яму спосабам.

      Ёсць агідныя словы.
      Агідных паэтаў няма.

Такога знаёмага не сорамна мець толькі ў тым выпадку, калі памятаць яго іншым. А мая віна перад Анатолем Сысом была хіба што ў тым, што я не заспела ягонага росквіту. І было агідна...

Кажуць, паводзіны яго былі супярэчліва-хвалістыя: ад грубых эксцэнтрычных учынкаў да амаль дзіцячай радасці. Зараз, калі хочацца ўспамінаць пра Сыса толькі добрае, прыгадваецца, з якой ахвотай ён пазіраваў перад фотаапаратам. Але пасля вышэйзгаданай размовы здымкаў так і не атрымаў...

Ларыса Раманава, сустрэтая на навуковай канферэнцыі за месяц-два да Сысовай смерці, нагадала мне пра тыя здымкі: «Анатоль любіць, калі да яго людзі добра ставяцца». «І людзі любяць», – адказала я, хаця аніякай крыўды на Сыса не трымала. Бессэнсоўна крыўдаваць на птушак, сабачак, малых дзяцей... і паэтаў? Але для сябе я тады ўжо вырашыла, што бачыць яго зноўку не хачу, што лепей буду лічыць, што мы незнаёмыя, чым такое знаёмства.

      Я
      яшчэ
      не попел
      і не прысак
      пакахай мяне
      такім як ёсць –
      у боскіх іскрах
      і ў шампанскіх пырсках
      Ягамосць!

І калі Леанід Галубовіч выказаў спадзяванне (якое па сутнасці было амаль загадам для калег-крытыкаў-літаратуразнаўцаў-мемуарастваральнікаў), што ў гісторыі застанецца толькі Сыс-паэт, а не Сыс-чалавек, я была абсалютна згодная: сапраўды, хай застануцца толькі ягоныя вершы!

ПАСІЯНАРЫЙ

Жыць у эпоху перамен – незайздросны лёс. Хіба што за выняткам тых, хто народжаны адмыслова дзеля таго самага моманту – пераменнага. Сыс-паэт можа застацца ў літаратуры без Сыса-чалавека, але робіцца мізэрным без гістарычнага кантэксту.

Алесь Аркуш звязваў крах паэта з крахам таварыства «Тутэйшыя», з наступнымі гістарычнымі падзеямі. Мушу не пагадзіцца. Анатоль Сыс – узор пасіянарыя. Чалавек адной місіі.

      Гэта лёс. Вы не верце, што гэта стыхія,
      пэўна ж, трэба камусьці
      вось так расказаць пра жывых,
      каб пачулі глухія, відушчымі сталі сляпыя
      дый убачылі – зоркі ўзыходзяць
      таксама й для іх.

Гісторыя можа разгортвацца паводле любога сцэнара, але пераход на іншыя рэйкі раней ці пазней заканчваецца, і пасіянарыі робяцца непатрэбнымі ў спакойным штодзённым жыцці. Яны пакутуюць самі і катуюць іншых, бо жывуць у атачэнні «янычараў» і «груганоў». Яны гіперадказныя за лёс краіны, мовы, культуры, ужо і не зразумець – шчыра ці штучна.

      ты адзін, ты адзін, ты адзін,
      ты застаўся адзін на славяншчыне,
      і Радзіма твая, паглядзі, –
      русакосая янычаршчына.

Яны ўрэшце пачынаюць блюзнерыць, злоўжываючы эфектам эфекту. Такіх людзей змяшчалі ў вязніцы, каралі, выпраўлялі ў крыжовыя паходы, абы толькі выключыць з грамадскага жыцця. Сыс выключыўся сам.

І ягоныя вершы засталіся актуальнымі для колішніх паплечнікаў (як напамін пра вірлівую маладосць) і для такіх самых асоб, зацятых ды імпэтных, ад якіх нічога не залежыць.

      Я – тут! Я шугаю полымем!
      Праз боль я з сябе бяру
      Каменне рукамі голымі
      І гэткім, як сам, дару.

Аўдыторыя прымае і «каменне», і «полымя» – як шлюз, як сублімацыю дзеянняў, што несумненна карысна для грамадскага спакою. Калі ў 1980-х гадах вершы Анатоля Сыса крытыкавалі за нейкія недарэчнасці, гэта было бессэнсоўна і безвынікова: для гледачоў-чытачоў Сыса змест і мастацкія вартасці ягонай паэзіі значэння не мелі: для іх быў нашмат важнейшы адраджэнскі пафас з усімі ягонымі складнікамі.

У вершы Сыса неабавязкова ўдумвацца (нават так!), за імі болей, чым імі сказана. Філалагічны разбор на «малекулы» ім зусім не пасуе. Чытаеш іх у цішыні за пісьмовым сталом і бачыш, што яны часам нелагічныя, з сэнсавымі праваламі, пераскокваннямі, а прачытаеш уголас, хаця б і не перад публікай – перад люстэркам (нават не валодаючы «шаманскім тэмпераментам» аўтара), – і гучаць, і клічуць, і плачуць! І ўжо не чапляецца вока за «паэты-санеты» і «вочы-ночы».

Адзначыўшы саракагадовы юбілей, ён абяцаў пісаць, ён угаворваў сябе, што верыць у вяртанне натхнення...

СЫС УСЕМАГУТНЫ

Ён быў шчодры: пісаў вершы пра сябе і ахвяроўваў іх выбітным асобам Беларусі. Ён пісаў пра сябе ўяўнага – больш трагічнага, больш значнага, роўнага ўжо не Купалу – Богу.

      Я думаў,
      вершы мае відушчыя,
      аж пакуль не аслепнуў сам
      ад маланкі, самім жа пушчанай,
      я гарэў, як бязбожны храм,
      сам сабе я ў ім здаўся богам,
      адпускаў сам сабе грахі...

Усведамленне ўласнай абранасці перапаўняла паэта. «Мама, такога народзіць не кожная» і «Ніхто не мае права спаць з Паэтам» – тут самае сціплае і зразумелае. Напісаў бы такое іншы паэт, выклікаў бы смех ці абурэнне, а верагодна – проста не заўважылі б. А Сысу можна, яму напраўду можна.

      Паэт – боская птушка,
      яго нельга чапаць,
      трэба Хрыста чакаць,
      трэба Хрысту ногі цалаваць...

А мо і спраўды – абраннік? Які можа дазволіць сабе быць і ўладаром, і маргіналам у адной асобе. Наймагутнейшы («Я зжэр бы свой народ») і найслабейшы («Не ганіце мяне! Не ганіце...»).

      Мой мужчына каханы,
      Айцец, Сын, Святы Дух!

І ўсё-ткі падступна варушыцца сумненне – абраннік ці закладнік эфектнасці? Напраўду заручаны з Айчынай і паэзіяй ці спекулянт? Бог, Ісус, маці, Айчына, гайворан віновай масці, кбты – усё настолькі самаахвярнае і пакутлівае аж да бяспройгрышнасці. Ты прабач, у мяне закаханая, – кажа лірычны герой і свядома абірае паэзію, Айчыну, катаванні, сцяканне крывёй – а значыць, адзіноту і безнашчадкавасць.

Я ведаю, атаясамліваць паэта і яго лірычнага героя – несумленна. Але Сыс сам імкнуўся да гэткага зліцця героя і аўтара (нават у неабавязковых дробязях: Ёсць каханка, прыйдзе ў хату, скажа: Толік), ды ягоны герой не жыў, ён пакутаваў напоўніцу. Цяпер, напэўна, немагчыма сказаць, чыя пакута там была першаснай (аўтара ці героя) – і ці не была яна спачатку прыдумана, а потым нязграбна ўвасоблена. І ці была яна наогул?

      Я ўсім кажу, што я паэт найпершы,
      калі ж папраўдзе: першы жыццялюб!

АПОШНІ ТЭСТ, АЛЬБО МАЯ ХАТА БЕЗ СЯБРОЎ – НЕ ХАТА

На адкрыцці канферэнцыі, прысвечанай памяці выбітнай беларускай паланісткі, казала прамову яе даўняя сяброўка і каляжанка. Спачатку я расчулілася ад таго, які складаны, пакручасты лёс можа быць у чалавека, сапраўдная гісторыя змагання і навуковай упартасці. Гэта ўжо пасля я прагматычна падумала, што мала самому пражыць годнае і плённае жыццё, але яшчэ важна сябраваць з чалавекам, які зможа потым расказаць і пра годнасць тваю, і пра плён, правільна расставіўшы акцэнты.

Кожны вядомы чалавек – як яблычак на рынку: можна выставіць яго прывабным румяным бачком, а можна – падрапаным, і яшчэ раскалупаць. Сыс – гэта з’ява ў беларускай літаратуры, але сапраўднае, самае каштоўнае і самае праўдзівае слова пра яго могуць сказаць тыя, хто ведаў паэта асабіста з маладых гадоў. Новыя пакаленні літаратуразнаўцаў патрапяць прачытаць ягоныя вершы і аднавіць кантэкст, але без сведчанняў ягоных сучаснікаў тэорыя застанецца неаплодненай.

      І сталі дружна, шчыра, шчыльна,
      як на касьбе ці на сяўбе,
      паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
      І кожны выпіў – за сябе...

Цяпер менавіта ад сяброў Анатоля Сыса залежыць, што яны ўспомняць пра выбітнага паэта, што яны пакажуць наступнікам – яго побыт ці светапогляд. Вершы пішуцца паэтамі, легенды ствараюцца атачэннем.

      Як іду, дык вянец мае скроні
      балюча шкрабе,
      а душа ўся ў балячках,
      бы вопратка сейбіта ў зернях.
      Я памру, землякі, а легенду
      пакіньце сабе,
      а дакучлівых вошай шукайце
      ў пакінутых цернях.

Першы крок да стварэння легенды зроблены – паэт памёр. Далей усё залежыць не ад яго. Цяпер колішнім паплечнікам Сыса вырашаць, якое месца ён заслужыў у беларускай літаратуры сваім жыццём і творчасцю – каморку ці пентхаўз. Напэўна ж, пентхаўз, але няма чым мэбляваць.

Помню, як аднойчы чытала зборнік твораў ды ўспамінаў, дзе аўтар так захапіўся збіраннем літаратурнай спадчыны ў самым шырокім сэнсе, што нават паклапаціўся пра захаванне для нашчадкаў фразаў, якімі пэўны расійскі класік суправаджаў гульню ў карты.

Ці парупіцца хто-небудзь пра «мэбляванне пентхаўза» для Сыса? Яму наканавана прайсці апошні зямны тэст – на сяброў, як і ягоным сябрам – на сяброўства...

У Анатоля Сыса ніколі не будзе Збору твораў ці нават томіка ў цвёрдай вокладцы. Ён напісаў занадта мала, меней за Максіма Багдановіча ці нават Сяргея Палуяна. У тоненькую кніжачку «Сыс» увайшло амаль усё, створанае ім (за выключэннем некалькіх вершаў і паэмы «Агонь-птушка»). Але не колькасцю напісанага вызначаецца талент.

  асьпірантка філфаку БДУ. Аўтарка кнігі «Разам і паасобку: Таварыства «Тутэйшыя» (Менск: Беларускі кнігазбор, 2003).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/07