A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АДАМ ГЛОБУС

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Адам Глобус
Мой бедны таварыш, мой Сыс і дні незалежнасці


7 траўня. Субота.

23:15. Ляжу. Чытаю пра культуру маркетынгу ды маркетынг культуры. Жонка заходзіць у спачывальню з вялізным і, па ўсім відаць, дарагім букетам:

– Ты кветкі прынёс?

– Дзе ты іх знайшла?

– На лесвічнай пляцоўцы, пад дзвярыма нашай кватэры і студыі. Хочаш сказаць: букет прынеслі табе? Прыхільнікі з прыхільніцамі пачалі высцілаць твой шлях кветкамі?

– Я сплю. Букет твой. Ты знайшла, значыцца – кветкі твае! Запіскі ў букеце не было?

– А я ўзрадавалася, падумала: ты мяне кахаеш і кветкі прынёс, – жонка растрыбушвае букет, але ніякага паслання не знаходзіць.

– Слухай, у студыі 12 манекеншчыц, можа, каму з іх букет прынеслі?

– Не, яны ўсе, як адна, адмовіліся.

– Выдатна, будзем лічыць, што букет наш агульны.

24:00. Жонка ідзе дафатаграфоўваць 12 чарговых прыгажунь у новых карсетах. Я стаўляю кветкі ў вазу, пасярод пакою, і кладуся чытаць пра культурны маркетынг. Начытваюся пра масавую свядомасць, загнаную ў гіпермаркеты, і засынаю ў кветкавым водары.

8 траўня. Нядзеля.

03:45. Нехта, вельмі не раўнадушны да маёй асобы, не спіць і распаўсюджвае ў Інтэрнеце паведамленне: «Памерла жонка Глобуса. Інсульт». Замест подпісу ставіцца: «Я ў шоку!»

11:00. Мяне такім мэсіджам не праб’еш, жонку маю тым больш не зачэпіш. Але знаходзяцца ўражлівыя людзі, якія вырашаюць праверыць праўдзівасць інтэрнетнага паведамлення. Адзін Вова тэлефануе да другога Вовы, другі Вова – да маёй мамы… Ну і коціцца дэзінфармацыя, як свабоднае кола з амерыканскай горкі.

14:00. Паўдня я з жонкаю цешуся яе пазачарговым уваскрашэннем.

– Што з жонкаю?

– Уваскрэсла. З мёртвых паўстала.

15:00. Гісторыя пра смерць і ўваскрашэнне вельмі развесяляе гасцей на дні нараджэння Таццяны – жонкі майго брата. Мы ямо смажанае ягня ў грузінскай рэстарацыі і адзначаем у тостах два дні народзінаў. Весела, не тое слова, смяемся да сутаргаў у страўніках.

19:30. Пасля вялікага балявання сам сябе выгульваю ў горадзе. Звоніць Паўліна Сцепаненка:

– Памёр Сыс!

– Поля, калі гэта падман, калі гэта жарт, калі Толік жывы, я да цябе прыеду і заб’ю! Я паўдня ўсім знаёмым казаў, што мая жонка не памерла, цяпер я буду ўсіх знаёмых абзвоньваць і казаць, што замест маёй жонкі Сыс памёр?! Так? Зараз паеду да яго, і не дай ты Бог, каб ён быў жывы!

Паўліна нейкая млявая і абыякавая да маіх вербальных экспрэсіяў. Яна ўжо аплаквае смерць вялікага паэта. А я спадзяюся на чарговую памылку. Маю падставы…

Першага беларускага красавіка – свята дурня. Менавіта першага красавіка дурні забываюцца на тое, што яны – дурні поўныя. Выключэнняў не існуе. На свята дурня дурэюць і дурнеюць усе.

– Званілі з твайго могілкавага таварыства «Кальварыя»? – падземным голасам спытала ў мяне жонка. Дурань мог бы здагадацца: рыхтуецца падман. Я паверыў.

– Твой Сыс памёр. Трэба хаваць!

– Хто дакладна званіў?

– Паверыў, паверыў, падманула!

Я паспрабаваў парадавацца, што Толік жывы. Радасць атрымалася змушаная. Такая ж безымпэтная радасць была і ў Віктара Шніпа, якога разыгралі з той жа, доўгачаканай, смерцю Сыса.

– Як падумаў, што давядзецца за 300 кіламетраў везці труну, дык страшэнна расстроіўся. А каб ён згарэў, гэты наш Толік!

Карацей, у мяне ёсць падставы не верыць Паўлінцы. Але маецца важкі аргумент, каб спраўдзіць навіну. Голас у Паўліны быў з непадробна-жалобным адценнем.

Варта нагадаць: усе мы любім Сыса. Шчыра, аддана, па-сапраўднаму любім і шануем паэта.

20:15. Заходжу на працу. Знаходжу стары тэлефонны даведнік. Адшукваю нумар Алы Канапелькі – Толікавай суседкі. Набіраю. Голас старой жанчыны цікавіцца, што мне трэба.

– Алу!

– Алу? Выдатна. Вам якую Алу, бландынку ці брунетку? У нас сягоння вялікі выбар. Раскажыце пра свае пажаданні, і мы выберам самую адпаведную, самую сексуальную Алу…

– Прабачце, я, здаецца, памыліўся …

– Ды не саромцеся, расказвайце, якую жанчыну вы хацелі б любі…

Абрываю сувязь.

20:30. Набіраю сотавік Барыса Пятровіча.

– Так! Праўда, памёр! Мы з хлопцамі збіраемся ехаць на ягоную кватэру. Праз паўгадзіны будзем.

– Там і сустрэнемся.

22:15. У кватэры паэта вісіць густы і цяжкі дух чалавечай крыві.

– Вось тут ён ляжаў. Бачыш плямы? Сястра замывала, але не замыла, – Ала не можа адвесці вачэй ад цёмных плямінаў на жаўтавата-залацістым ліноліуме. Праходжу з вітальні ў пакой.

– Хаваць будзем на Раданіцу, бо 10 траўня, на Раданіцу, брама ў рай адчыненая; і наш Цішка пойдзе адразу ў рай. Цішка… У нашым Гарошкаве Сысоў многа, таму нас клічуць Цішкамі. Бацька наш – Цішка, і мы ўсе ягоныя Цішкі, а не Ціханавічы, – твар Анатолевай сястры Валянціны зморшчваецца ад пакутлівай горычы, і яна пачынае плакаць.

22:30. Звоніць Вольга Караткевіч з радыё «Свабода». Прапануе з самай раніцы, а сёмай, сказаць у жывым эфіры колькі слоў пра Сыса. Пагаджаюся. Шкадую, што не адмовіўся, але запозна.

Кажу да Валі:

– Пакуль мы тут усе свае, збярыце рукапісы Анатоля, складзіце ў скрыню ды аддайце Але ці Барысу.

– Не, мы з сястрою іх забярэм і завязем у Гарошкаў, а то вы знойдзеце нешта брыдкае, надрукуеце, а я не хачу…

Згадваецца, як Наталля – сястра Уладзіміра Караткевіча – спаліла братавы лісты, а потым шкадавала.

Іду на кухню, састаўляю пад стол пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі і віна. Куру. Сыходжу не развітваючыся. Па дарозе дамоў пішу развітальны верш, у якім выпраўляю душу Сыса ў светлы і празрысты, райскі дом.

Ёсць меркаванне, нібыта сапраўдныя вершы пішуцца толькі ўначы, але я ў гэта не веру. Я мала ў што веру.

9 траўня. Панядзелак.

02:15. Стомлены, як звяруга-валацуга, валюся спаць.

03:15. Прачынаюся. Варочаюся з боку на бок. Не спіцца. Устаю. Сядаю за стол і пішу развітальныя словы:

Памёр паэт. Памёр беларус Анатоль Сыс. Ён быў для мяне паплечнікам і сябрам. Для нашай Бацькаўшчыны Анатоль Сыс быў, ёсць і застанецца вялікім паэтам. Лёс падараваў мне знаёмства з многімі паэтамі, але толькі Анатоль Сыс мог насіць гэта званне без усялякіх дадатковых азначэнняў. Сыс быў паэтам і больш нікім. Паэтам, які не напісаў ніводнага кепскага радка. Сыс – проста паэт. У простасці ягоная веліч. Дзякуючы такім, як Анатоль Сыс, беларускі народ узняўся на барацьбу за сваё вызваленне. Дзякуючы Сысу над Беларуссю зноў залунаў бел-чырвона-белы сцяг, пад якім Беларусь наноў здабыла дзяржаўнасць. Анатоль не стаў палітыкам, не стаў дзяржаўным дзеячам – Анатоль застаўся паэтам. Ён застаўся верны лёсу і залатымі літарамі ўпісаў сваё імя ў гісторыю беларускай паэзіі. Паэтычная зорка Анатоля Сыса будзе вечна свяціць для тых, хто любіць жывую Беларусь. Таму сапраўдная Беларусь сягоння ў вялікім смутку: яна плача, яна страціла свайго паэта.

Плакатна выйшла, манументальна, з непрыхаванай прапагандысцкай жорсткасцю. На 9 траўня, на дзень Перамогі, інакш і не выкажашся, бо не пачуюць.

Вайна – народнае свята. У Беларусі святкаванне дня заканчэння другой усясветнай бойні ўжо 60-ты раз набывае форму масавага запою з адценнем вар’яцтва.

Не сплю. Чакаю званка з радыё. Не тэлефануюць. Чаму? Батарэйка села. Падключаю тэлефон.

07:15. Званок. Наконт абставінаў смерці Сыса кажу наступнае:

Гэта драматычныя абставіны. Яго знайшла паэтка Ала Канапелька, яна тры дні бачыла, як гарэла святло ў ягонай кватэры і потым вырашыла выклікаць міліцыю. Міліцыянты адмовіліся ламаць замок, бо не было сваякоў. Давялося выклікаць сястру. З Брэста прыехала Валянціна. Анатоль ляжаў у вітальні, колькі дзён як нежывы. Цела адвезлі ў бальніцу. Сёння эксперты дадуць заключэнне аб смерці. Потым ужо вырашыцца, дзе адбудзецца развітанне. Пахаваюць Анатоля ў Гарошкаве, на радзіме.

Тут і пачынаецца ваеннае народнае свята. Вайскоўцы ідуць. Народ п’е. Прэзідэнт вітае народ і дзячыць ветэранам. Толькі свята ў іх не атрымліваецца, бо неба несупынна плача халодным дажджом.

12:00. Тэлефаную Алісе Бізяевай, каб спраўдзіць інфармацыю, што менавіта Вова-23 напісаў дурню́ пра інсульт маёй жонкі. Тэлефон не адказвае. Неўзабаве ад Алісы прыходзіць эсэмэс: «Спадар Глобус! Даруйце, калі ласка, я ў Прыднястроўі. Ці не маглі б Вы звязацца са мной па мэйле?»

12:15. Пішу ліст: «Аліса, не знішчай постынг Рыдля-23, хай ён застанецца для гісторыі. Калі чалавек, нават несвядома, прыадчыняе дзверы смерці, скразняк зносіць слабое. Галінку «Кальварыя» я праз нейкі час перараблю, стварыўшы нешта падобнае. Ваш Глобус, які пайшоў развітвацца з Сысом».

12:30. Іду ў Саюз пісьменнікаў, дзе разам з Міхасём Скоблам рыхтую залу для развітання. Выносім крэслы ў бібліятэку, састаўляем сталы, на якія паставіцца труна. Паціху пачынаюць збірацца людзі. Міхась кажа, што ў бюро рытуальных паслуг няма праваслаўнага шасціканцовага крыжа, засталіся толькі простыя. «Возьмем просты крыж. Мы, напэўна, апошняе пакаленне, якое не звяртае ўвагі на такія ўмоўнасці», – кажу Міхасю.

14:15. З моргу звоніць Барыс, каб паведаміць, што Сыса ўжо апранаюць. Прыходзіць мая жонка з вялікай белай лілеяю. Яна ніколі не любіла розных умоўнасцяў, таму прыносіць адну кветку і кладзе яе на жалобны стол, у пустой зале. Згадваецца Апалінэраў верш: «Тры лілеі, лілеі тры, на магіле маёй без крыжа…» Падыходзяць і падыходзяць людзі. Іх усё больш і больш. У руцэ Сяргея Панізніка бачу тры паэтычныя зборнічкі: Сысоў, Сокалава-Воюша і мой. Робіцца ніякавата, нібыта тутэйшая публіка збіраецца пахаваць і частку мяне. Іду ў парк. Падыходзіць Паўліна:

– Пайшлі, кветкі пакладзем.

– Няма ў мяне кветак.

– У мяне 4. Табе 2 нарцысы і мне 2. Любіш нарцысы?

– Астры люблю.

15:00. У натоўпе Лявон Баршчэўскі штурхае мяне пад локаць, крохкія сцябліны нарцысаў пераломліваюцца напалам. Такія пераламаныя кветкі я і кладу каля засланай бел-чырвона-белым сцягам труны. Слухаць развітальныя прамовы не хочацца. Гледзячы на калялітаратурны тлум, думаю: «А над труною Толіка Сыса яны падзеляць месца першага паэта…» Разам з братам Міраславам і пляменнікам Чэсікам крочу на праспект, які ў гэты дзень пераназываецца з праспекта Скарыны ў праспект Незалежнасці. Буду лічыць, што пераназыванне робіцца ў гонар Сыса, які ўсё сваё жыццё празмагаўся за незалежнасць.

15:15. Думаецца такое: Сыс насамрэч памёр у 1991 годзе, у дзень абвяшчэння Незалежнасці Беларусі, з 1991 па 2005 Сыс піў, што да вершаў, апублікаваных пазней, дык ён проста ўспамінаў складзенае раней і запісваў. Да 1991-га мы пісалі і выдавалі кнігі, каб атрымаць незалежнасць, калі не поўную незалежнасць, дык хоць бы праспект Незалежнасці. Атрымалі, і стала горка. Атрымліваем, і робіцца яшчэ гарчэй.

10 траўня. Аўторак.

13:00. З Міхасём Талочкам у кавярні «Брыганціна» памінаем Сыса. Міхась п’е каньяк і есць перасоленую юшку. Я абыходжуся гарбатаю. За вокнамі «Брыганціны» праплывае Ганна Кісліцына. «Патэлефанаваць? Запрасіць?» – «Тэлефануй!». Званю. Ганна не чуе. Праспект Незалежнасці шумны.

11 траўня. Серада.

16:00. Сын Мікалай расказвае, што да яго заходзіла Ядзя з пісьмом ад былога ўхажора Сашы. Гэта ён прынёс букет кветак з пальмавымі лістамі і паклаў пад дзвярыма студыі, а пісьмо схаваў пад дыванок. Таму мы яго і не знайшлі. У пісьме ён зноў прызнаваўся ў каханні да маёй дачкі і нават пагражаў скончыць жыццё самагубствам, калі Ядзя выйдзе замуж за другога. Ну, гэта справа Ядзі і Сашы. А вось другая частка паслання тычылася непасрэдна мяне. У ёй Саша пісаў, што выправіўся, што займаецца сваёй адукацыяй і ўсталяваннем побыту, што можа забяспечыць нашай дачцэ дабрабыт і шчаслівае жыццё.

18:00. Барыс Пятровіч расказвае, што ў Гарошкаве магілу выкапалі Алесь Наварыч з Андрэем Федарэнкам. Ім яшчэ давялося спілаваць і выкарчаваць вялікую бярэзіну. Яшчэ Барыс распавядае пра морг, дзе патолагаанатам зрабіў ускрыццё і пакрыў твар Сыса бальзамічным растворам, каб плоць не спаўзала з чэрапа. Твар паэта быў чорны, як зямля. Нябожчыка шчыльна загарнулі ў цэлафан і закрылі ў труну. Адкрываць труну дактары забаранілі, бо на паветры цела імгненна распаўзецца. Барыс моцна перажывае, што пагадзіўся глядзець на труп.

12 траўня. Чацвер.

08:00. Boeing. Лячу з Менска ў Маскву. На крэсле, у кішэні, пад адкідным столікам, разам з планам экстраннай эвакуацыі ляжыць часопіс «Horizons BELAVIA». Часопіс гламурны, дзяржаўна-глянцавы, адпаведны боінгу. Зрэшты, ён і рабіўся на замову авіякампаніі. У часопісе ёсць артыкул «Сферы Глобуса» Міхася Талочкі, дзе распавядаецца пра стварэнне літаратурнага таварыства «Тутэйшыя». «Яны былі таленавітымі рамантыкамі» – гэта пра такіх, як Сыс. «Глобус быў таленавітым рэалістам» – пра мяне. «Яны былі нацыяналістамі» – зноў пра такіх, як Сыс. «Глобус мысліў глабальнымі катэгорыямі». Вось яна – наша слава. Цяпер кожная беларуская стуардэса пазнае мяне ў твар і ведае, у што я апранаюся і як рэкламую «BOSS».

14:00. З Якавам Хелемскім і Аляксандрам Івановым узгадняю выдавецкія планы. Недарэчны званок:

– Я Рыдаль-23!

– Слухаю цябе, Вова-23.

– Давайце жыць мірна і не будзем больш сварыцца.

– Скажы Алісе, каб прыбрала з галінкі «Кальварыя» твой допіс пра смерць маёй жонкі, і будзем лічыць інцыдэнт вычарпаным.

13 траўня. Пятніца.

15:00. У скрыні знаходжу паведамленне, Аліса даслала свой ліст і ліст Каткоўскага: «Alisa, pryvitannie! Jak majessia? Szto robisz? Ja ciapier u Miensku, ale uzo zautra jedu nazad… Maju da ciabie malenkuju prosbu: zniszczy, kali laska, moj dopis pra zonku Hlobusa u halincy «Kalvaryja». Dziakuj! Добры дзень, спадар Глобус! Па просьбе Рыдля вынішчыла гэты камэнтар. Не крыўдуйце. Думаю, так лепей – такое і для гісторыі пакідаць не трэба. Усяго найлепшага. Жывіце доўга!»

15:15. Дзе слёзы? Чаму я распавядаю пра смерць Сыса без слёз? Можа, у мяне наагул скончыліся слёзы? Не. Толькі хай Толю аплакваюць слязьмі іншыя. На Анатоля Сыса слёз больш няма, у мяне няма. Сціскаю зубы. Скрыгат. Металічную каронку, што прастаяла 20 гадоў, выплёўваю на далонь. Яшчэ і каронка! Пятніца, 13-га, 9 дзён, як карона беларускай паэзіі згубіла гаспадара, а тут яшчэ і зуб зламаўся, усё не дзякуй богу.

  культавы беларускі пісьменьнік. Летась у выдавецтве «Логвінаў» выйшаў яго раман «Дом». У Беларусі Адама Глёбуса таксама ведаюць як таленавітага мастака і пасьпяховага кнігавыдаўца.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/07