A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  АЛЯКСАНДАР ГРЫЦАНАЎ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксандар Грыцанаў
Разброд і хістаньні афіцыйнай навукі


Выданьні, якія разглядаюцца ў артыкуле (пры цытаваньні ў тэксьце ўказваецца парадкавы нумар выданьня ў дадзеным пераліку і адпаведная старонка):

1. Головко А. А. Теоретические основы демократии (конституционно-правовой аспект). – Мн.: ИООО «Право и экономика», 2004. – 164 с. (Наклад 100 экз.)

2. Котляров И. В., Земляков Л. Е. Республика Беларусь в конфессиональном измерении. Мн.: Изд-во МИУ, 2004. – 231 с. (Наклад 500 экз.)

3. Майхрович А. с. Идеология: сущность, назначение, возможности. 2-е изд. – Мн.: ИООО «Право и экономика», 2003. – 48 с. (Наклад 500 экз.)

4. На пути к правовому государству: совершенствование правовой сферы. – Мн.: ИООО «Право и экономика», 2004. – 407 с. (Наклад 250 экз.)

Дзейны прэзыдэнт краіны А. Лукашэнка неаднаразова ставіў перад прыдворнай навукай задачу – давесьці цывілізаванасьць нашай самабытнай грамадзкай сыстэмы. Шэраг мысьляроў у сувязі з гэтым папрацавалі над стварэньнем твораў аб праблемах «прававой дзяржавы», «дэмакратыі», «ролі ідэалёгіі ў сучасную эпоху». Кнігі гэтыя надзвычайна розьняцца як прафэсійным узроўнем, гэтак і ідэйным напаўненьнем.

Так, напрыклад, у адной зь іх зусім справядліва і недвухсэнсоўна падкрэсьліваецца, што «магчымыя спробы знайсьці свой, цалкам апрычоны шлях, які прынцыпова адрозьніваецца ад таго, што ўжо выпрацавала чалавецтва, маюць усе падставы так і застацца чыста разумовымі пабудовамі» [3; 35]. Нейкую цэльную мадэль грамадзка-палітычнага ўладкаваньня беларусам давядзецца выбіраць. І – пры гэтым – з «джэнтэльмэнскага набору» Эўропы. Канфуцыянска-ісламскія схемы, такія блізкія да мэнталітэту асобных правінцыйных правадыроў, наўрад ці здабудуць тут прызнаньне.

Дэманстраваць пэўную фронду цяперашняму рэжыму нашмат лягчэй, чым у 1950–1980-х гг. Няма цэнтралізаванай цэнзуры, няма магутнага апарату прафэсійных рэдактараў дзяржаўных выдавецтваў, няма кампэтэнтнасьці ў чыноўнікаў, якія наглядаюць за сацыяльна-гуманітарнай навукай. Мэта падобных работаў можа быць любая. Акрамя адной. Тэксты гэтыя ні ў якой меры не спрыяюць умацаваньню ці хаця б «стабілізацыі» цяперашняй дзяржаўнай мадэлі.

Цяперашні рэжым, пастаянна апэлюючы да ўласнае ўнікальнасьці, усё яшчэ не ўсьвядоміў сябе як спэцыфічны «лад»: ня той калібр «архітэктараў», ня тая падрыхтоўка ў «канструктараў». Непаўторная ідэалёгія «чучхэ» ў Беларусі ня зьявіцца – насуперак добрым пажаданьням і нават простым указаньням, якія часам даносяцца з уладных вяршыняў.

Задачы, якія бачаць перад сабою ідэйныя праектавальнікі айчыннага «сацыяльна-эканамічнага цуду», цалкам рэспэктабэльныя: «Ідэі і каштоўнасьці прававой дзяржаўнасьці сталі адным з галоўных арыенціраў у зьдзяйсьненьні буйнамаштабных пераўтварэньняў у Рэспубліцы Беларусі» [4; 4]. Фармат і патас гуманітарных праграмаў, жыцьцёва неабходных для стварэньня маладой нацыянальнай дзяржавы, заяўленыя зусім азначана. Да чаго ж не павінна быць падобная, з гледзішча гэтых адмыслоўцаў, сувэрэнная Беларусь?

Базавыя падмуркі цалкам рэспэктабэльных грамадзянскіх супольнасьцяў і прававых дзяржаваў, якія ўваходзяць у XXI стагодзьдзе, характарызуюцца так:

Схільнасьць абслугоўваць інтарэсы эканамічнай і палітычнай эліты, замацаваньне панаваньня такіх «каштоўнасьцяў», як індывідуалізм, эгаістычны разьлік, посьпех, выгада, арыентацыя на каштоўнасьці сярэдняга роўню, панаваньне канцэпцыі фармальнае роўнасьці, пры якім свабода дужага выключае свабоду слабога, а выгада і посьпех заўсёды на баку дужага, канструкцыя «заканадавец заўсёды мае рацыю» [4; 31].

Што ж прапануецца ў якасьці ўнівэрсальнай панацэі ад напасьцяў, характэрных для грамадзтваў зь пераходнай эканомікай? З спасылкай на шэраг вядомых расейскіх адмыслоўцаў робіцца выснова пра найбольш правільную сёньня дзяржаўна-прававую моду:

Як вынік у якасьці вырашальнай умовы пераходу да сучаснай рынкавай гаспадаркі называецца мэтанакіраваная дзяржаўная дзейнасьць, якая часткова носіць у пераходны пэрыяд імпэратыўна-ўладны характар, і ўлучэньне дзяржавы ўва ўсю сыстэму інстытутаў грамадзтва, то бок рэкамэндуецца шлях пераходу да рынкавых адносінаў, які абраны і рэалізуецца Рэспублікай Беларусьсю [4; 51].

Як жа ў межах такой грамадзкай сыстэмы павінна выглядаць духоўная сфэра жыцьця? Адказ просты:

Сфэра выхаваньня, навучаньня, грамадзянскасьці, дзе ў сацыяльнай дзейнасьці дзяржавы пануюць прынцыпы справядлівасьці, тэндэнцыі да фактычнай роўнасьці, ня можа і не павінна быць падуладная рынкавым мэтадам, законам куплі-продажу [4; 67].

Тым самым адхіляецца клясычная заходняя практыка адукацыйных тэхналёгіяў, згодна зь якой толькі здольныя вытрымаць канкурэнцыю на рынку асьветніцкіх паслуг навучальныя ўстановы маюць права на існаваньне. Але для гэтай адмовы знаходзіцца значная адгаворка:

Перанясеньне, запазычаньне (рэцэпцыя) заходнеэўрапейскіх палітычных ідэяў і прававых формаў як альтэрнатыва разьвіцьця беларускага грамадзтва і дзяржавы магчымыя толькі пры наяўнасьці двух складнікаў: а) гэтыя ідэі і формы апрабаваныя міжнароднай супольнасьцю і апраўдалі сябе; б) гэтыя прававыя ідэі, інстытуты, мэханізмы хоць неяк павінны быць гістарычна ўласьцівыя нашаму народу і дадатна ўспрымацца грамадзкай правасьвядомасьцю [4; 115–116].

Цікавыя самі звароты: «апраўдалі сябе» і «апрабаваныя». У нядаўнім мінулым адзін вельмі вядомы малады эўрапейскі палітык прапаноўваў разьмежаваць эфэктыўныя сацыяльныя практыкі гітлераўскага рэжыму і яго нечалавечую існасьць. «Апраўданьне» – катэгорыя вельмі мэтафізычная, залежная ад герархіі каштоўнасьцяў таго соцыюму, які «апрабоўвае» тое ці іншае новаўвядзеньне. Калі ж народ – з тых ці іншых прычынаў – ня ў стане ўсьвядомлена аддаць перавагу пэўнай пэрспэктыве, ці правільна зьвяртацца да яго поглядаў?

Адзін з адмыслоўцаў, найбольш чуйны да тэмаў нацыянальнай самасьвядомасьці, Альфрэд Майхровіч, які ня так даўно пайшоў з жыцьця, шмат разважаў аб мэнтальных характарыстыках беларуса, што складаліся на працягу некалькіх стагодзьдзяў. Ён сьцьвярджаў, што нам уласьцівыя «падатлівасьць да ўзьдзеяньня наяўнай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, асаблівая ўспрымальнасьць да ціску навакольных абставінаў, якія суправаджаюцца адпаведнымі ўтапічнымі надзеямі і пабудовамі, замяшанымі на абстрактных ідэях усеагульнай справядлівасьці» [цыт. паводле: 4; 114], а таксама «падатлівасьць... на любыя ўзьдзеяньні ўладных структураў» [цыт. паводле: 4; 115].

Зразумелае жаданьне шмат якіх прыдворных мудрацоў не «вынаходзіць ровару». Яны імкнуцца сумясьціць у сьпешна прапанаваных рэцэптах «адмываньня дабяла чорнага сабакі» звыклую ім марксісцка-ленінскую дэмагогію і непазьбежны ў ХХІ ст. «дэмакратычны» духоўны фасон. У выніку на сьвет зьяўляюцца такія духоўныя монстры, якіх нельга прысьніць нават у кашмарным філязофскім сьне. Калі б не былі апублікаванай явай тэкстаў.

У развагах пра «тэарэтычныя падмуркі дэмакратыі» [1] Анатоль Галоўка фармулюе цалкам разумную, на першы погляд, думку: «Ня можа быць паняцьця дэмакратыі беларускай, нямецкай, амэрыканскай, францускай і да т. п., як і ня могуць быць нацыянальнымі навукамі фізыка і матэматыка. Дэмакратыя – паняцьце пазанацыянальнае» [1; 25]. Дапаўняецца гэтая неаспрэчная максыма наступнай заўвагаю: «Вялікі філёзаф і фантаст Джордж Оруэл зрабіў у свой час правільную выснову: «Немагчыма пабудаваць цывілізацыю на страху, нянавісьці і жорсткасьці. Яна не ўтрывае... Перакананы, што толькі росквіт дэмакратыі ўратуе сьвет ад гібелі» [1; 31].

Оруэл, бліскучы мысьляр сярэдзіны ХХ ст., творца самага знакамітага ў сьвеце антыкамуністычнага раману-антыўтопіі «1984», пэўна, перавярнуўся б у труне, калі б пазнаёміўся зь лёгікай разважаньняў доктара юрыдычных навук Галоўкі, які пачынае свае тэарэтычныя пасажы з цытаваньня ягоных тэкстаў.

Оруэл лічыў ХХ ст. эпохаю, калі «роўнасьць сярод людзей стала тэхнічна магчымай». Пры гэтым, паводле перакананьня Оруэла, акурат у гэтым стагодзьдзі

практыкі, ад якіх даўно адмовіліся, дзе-нідзе ўжо колькі стагодзьдзяў назад, – турэмнае зьняволеньне без суду, выкарыстаньне ваеннапалонных як рабоў, публічныя пакараньні сьмерцю, катаваньні дзеля выцягваньня прызнаньняў, выкарыстаньне цэлых групаў насельніцтва ў якасьці закладнікаў і іх дэпартацыі – сталі зноў ня толькі звычайнымі, але дапушчальнымі і нават апраўдваюцца людзьмі, якія лічаць сябе культурнымі і прагрэсіўнымі.

Практыка камуністычных і (у меншых маштабах) фашыстоўскіх рэжымаў выяўлена ў дадзеным выпадку цалкам пазнавальна.

Оруэл у якасьці рабочай назвы кнігі «1984» узяў словазлучэньне «Апошні чалавек у Эўропе». Людзей, якія хаця б неяк асацыююць сапраўдную дэмакратыю з практычнымі наступствамі-ўвасабленьнямі ідэалёгіі марксізму-ленінізму, нельга аднесьці да катэгорыі «апошніх прадстаўнікоў роду чалавечага» ў Эўропе.

Пры гэтым у адным з сваіх артыкулаў, напісаных у 1944 г., Оруэл прааналізаваў тое, што ён называў «вельмі небясьпечнай памылкай, надта пашыранай цяпер у краінах, дзе ўсталяваўся таталітарызм». Паводле Оруэла,

памылкова думаць, што пры дыктатарскім рэжыме можна быць свабодным унутры сябе. Уявіць сабе чалавека аўтаномным індывідам – найбольшая памылка. Тайная свабода, якую быццам бы можна захаваць пры дэспатычным праўленьні, – гэта дурніна, таму што асабістыя думкі ніколі не бываюць цалкам уласнымі. Філёзафы, пісьменьнікі, мастакі, нават навукоўцы маюць патрэбу ў заахвочваньні і публіцы, ім трэба пастаянная стымуляцыя з боку іншых людзей. Забярэце свабоду слова, і творчыя здольнасьці зьнікнуць.

Паводле А. Галоўкі,

марксізм абгрунтоўвае сацыялістычную дэмакратыю наяўнасьцю грамадзкай уласнасьці на сродкі вытворчасьці і рэальнай прыналежнасьцю ўлады народу. Пры такой форме палітычнага ўладкаваньня ўлада ажыцьцяўляецца народам і для народу... Разьвіцьцё сацыялістычнай дэмакратыі вядзе да паглынаньня дзяржавы грамадзтвам... Чалавек падымаецца да ўзроўню асобы, здабываючы магчымасьць кіраваць самім сабой. Зь ліквідацыяй прыватнай уласнасьці, эксплюатацыі і прыгнёту зьяўляецца адзінства грамадзкіх і асабістых інтарэсаў [1; 13].

І – далей:

Дэмакратыя нярэдка правяраецца групавым эгаізмам апазыцыі. У адрозьненьне ад дыктатуры, якая абапіраецца на моц правадыра і зброі, дэмакратыя мусіць угрунтоўвацца на сваёй індывідуальнай і грамадзкай моцы аднадумцаў, асобаў, аб’яднаных адзіным грамадзкім інтарэсам [1; 31].

Такім чынам, няхай жывуць «аднадумства», «паліцыя думак» і «міністэрства праўды»!

Аўтар абвяшчае: «Сацыялізм, заснаваны на рэальнай дэмакратыі, больш прагрэсіўная і справядлівая фармацыя разьвіцьця грамадзтва ў параўнаньні з рабаўладальніцкім, фэадальным і капіталістычным ладам» [1; 38]. Натуральна, з гэтым цяжка спрачацца. Не зусім ясна толькі, пра які менавіта «капіталізм» або «сацыялізм» ідзе размова. Пра «капіталізм» эпохі першых эканамічных крызісаў перавытворчасьці і дзіцячай працы? Або пра «капіталізм» самай свабоднай у сьвеце Галяндыі? Пра сацыялізм у людаедзкім праекце Маркса–Энгельса, якія жахнулі ўвесь сьвет прапановаю пагалоўных «працоўных арміяў», ідэямі зьнішчэньня інстытуту сям’і і ператварэньня грамадзтва ў «адзіную фабрыку»? Або пра «сацыялізм з чалавечым абліччам», пабудаваны Сталіным?

Аўтар перакананы, што

нельга адкінуць, выкінуць за борт і пахаваць навуковыя працы аб дэмакратыі К. Маркса, Ф. Энгельса, У. І. Леніна і іхных аднадумцаў гэтаксама, як і сацыялізм. Гэта была і ёсьць эпоха ў жыцьці грамадзтва... Гэтыя ідэі абвергнуць нельга. Яны былі ў значнай ступені рэалізаваныя ў СССР. Але пры рэалізацыі ідэяў сацыялістычнай дэмакратыі ў неадукаваным, эканамічна адсталым, «рэвалюцыйна настроеным» грамадзтве рабіліся грубыя памылкі, якія ўзмацняліся пад уплывам сфармаванага культу асобы [1; 38].

Далей жа пачынаюцца такія дзівосы, што застаецца працытаваць расейскага клясыка: «Памры, Дзянісе, лепей не напішаш!» – і даць слова самому А. Галоўку:

1. Такую рэвалюцыю можна было б лепей і прасьцей зьдзейсьніць у высокакультурным, дэмакратычным і эканамічна моцным буржуазным грамадзтве, дзе панавалі тыя ж антаганістычныя, незамірэнчыя супярэчнасьці паміж клясамі.

2. Праводзіць сацыялістычную рэвалюцыю трэба было паэтапна, абапіраючыся на розныя станы грамадзтва, а ня толькі на яго бедныя станы. Гэта паменшыла б бязьлітаснасьць барацьбы за ўладу і садзейнічала б захаваньню эканамічных каштоўнасьцяў.

3. Нельга было бязьлітасна распраўляцца з эканамічна моцнымі станамі грамадзтва (прамыслоўцамі, памешчыкамі, гандлярамі, банкірамі, уласьнікамі буйных транспартных сродкаў і г. д.). Да іх трэба было знайсьці падыходы, пераканаць іх у неабходнасьці дэмакратычных, гуманных пераўтварэньняў у грамадзтве.

4. Сур’ёзнай памылкай было правядзеньне масавай нацыяналізацыі аб’ектаў буйной уласнасьці, то бок прымусовае і бязвыплатнае яе адчужэньне на карысьць дзяржавы...

5. Трэба было знайсьці ключ да красы грамадзтва – інтэлігенцыі, яе слынных аўтарытэтаў і сьвяцілаў, абараніць і захаваць яе, не дапусьціць яе масавага выезду за мяжу...

6. Пасьля перамогі рэвалюцыі новая дзяржава павінна была абапірацца на таленавітых, разумных людзей (кшталту Луначарскага А. В.), уцягнуць іх у стварэньне новага грамадзтва, а не адхіляць ад кіраваньня, перадаўшы яго неадукаванаму натоўпу.

7. Новая савецкая дзяржава павінна была інакш весьці сваю замежную палітыку: упэўнена, годна, сьціпла, паважліва да іншых дзяржаваў, не пужаць іх пастаянна ўсясьветнай сацыялістычнай рэвалюцыяй і рэзка не супрацьпастаўляць сацыялістычную ідэалёгію буржуазнай... Усё гэта пазбавіла б савецкую дзяржаву ад ізаляцыі зь іншымі дзяржавамі. А рэальна яна супрацьстаяла ўсім дзяржавам сьвету.

8. Шмат якія глябальныя пытаньні вырашаліся без папярэдняга правядзеньня экспэрымэнтаў (напрыклад, правядзеньне калектывізацыі), што прыводзіла да памылак, гібелі людзей, хваравіта адбівалася на іхнай веры ў лепшае жыцьцё.

9. Сілу трэба было ўжываць толькі ў выключных выпадках, калі вычэрпваліся ўсе меры пераконваньня і растлумачэньня.

10. Ня трэба было дапускаць такога становішча, пры якім бы камуністычная партыя падмяняла дзяржаўны апарат і тым самым падрывала яго аўтарытэт перад народам...

11. Такім чынам, сацыялізм можна было пабудаваць зь меншымі ахвярамі, а можа й без ахвяраў, як гэта было зроблена ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, Народнай Рэспубліцы Баўгарыі і ў іншых дзяржавах, якія падтрымліваў Саюз ССР [1; 38 – 40].

Прыношу глыбокія прабачэньні за доўгую цытату і камэнтую па пунктах.

1. У «высокакультурным, дэмакратычным» грамадзтве, аказваецца, могуць быць «антаганістычныя, незамірэнчыя супярэчнасьці». Добрая дэмакратыя!

2. «Ня бедныя» (то бок забясьпечаныя і больш адукаваныя) станы грамадзтва зусім не былі зычліва настроеныя да ленінскага закліку «рабуй нарабаванае!».

3. А як жа быць з працэнтнымі нормамі зьнішчэньня прадстаўнікоў заможных клясаў паводле мадэлі, выкладзенай Леніным у вядомым пісьме бальшавіцкаму наркаму Курскаму (Ільліч дэталёва пералічыў больш за 20 грамадзкіх катэгорыяў, якія падлягалі неадкладнай ліквідацыі пасьля ўсталяваньня савецкае ўлады ў тым ці іншым рэгіёне)? Услаўленьне «герояў грамадзянскай вайны», то бок «геніяў братазабойства», усё яшчэ квітнее ў шмат якіх школах Беларусі.

4. Якраз так і зрабіў Гітлер у Нямеччыне: ён прапанаваў буйным прамыслоўцам працаваць на ўмовах, устаноўленых рэжымам.

5. Практычна ўся расейская інтэлігенцыя добра ўяўляла сабе, да чаго прывядуць бальшавісцкія праекты. Вучоны І. П. Паўлаў 21 сьнежня 1934 г., выдатна разумеючы, што ён робіць, і зусім не выключаючы магчымасьці арышту і расстрэлу, адправіў у Раду народных камісараў СССР адчайны ліст, які ўтрымліваў шэраг дакладных, пранізьлівых характарыстык:

Вы дарэмна верыце ўва ўсясьветную рэвалюцыю... Вы сееце па культурным сьвеце не рэвалюцыю, а зь вялізным посьпехам фашызм. Да вашай рэвалюцыі фашызму не было...

Я ўсё болей бачу падабенства нашага жыцьця з жыцьцём старажытных азіяцкіх дэспатыяў. А ў нас гэта завецца рэспублікай.

6. «Перадача кіраваньня неадукаванаму натоўпу» – гэта быў выратавальны для бальшавіцкай улады палітычны кульбіт. Зьдзяйсьняць цалкам бесчалавечны сацыяльны экспэрымэнт зь мільёнамі ахвяраў можна было адно ад імя такога натоўпу, хаваючыся пад «уладай працоўных і сялянаў».

Аўтар трохі ніжэй піша: «У. І. Ленін патрабаваў пагалоўнага ўдзелу насельніцтва ў рабоце дзяржаўнага апарату. Уцягненьне масаў у кіраваньне ўсімі жыцьцёвымі працэсамі ў дэмакратычным, гуманным грамадзтве зьяўляецца патрэбаю, заканамернасьцю яго разьвіцьця» [1; 66]. Патрабаваць «пагалоўнага ўдзелу ў рабоце дзяржаўнага апарату» ад «неадукаванага натоўпу» (іншай якасьці натоўпу ў часы Леніна не магло быць у прынцыпе) – гэта было што? Дзіўная юрыдычная пасьлядоўнасьць!

7. Іншую палітыку – не экспансіянісцкую і міралюбную – Савецкі Саюз ня здольны быў весьці. Ён ствараўся менавіта ў такіх мэтах: СССР быў адзінай дзяржавай сьвету, у назьве якой адсутнічала геаграфічная прывязка» да канкрэтнай мясцовасьці. Добраахвотнае ўваходжаньне ў яго склад Уругвайскай ССР не зьмяніла б нічога ў яго найменьні – як далучэньне Літвы, Латвіі і Эстоніі. Па-за ўмовамі ваеннай гістэрыі і праграмы «сусьветнай рэвалюцыі» дыктат і рэжым пэрманэнтных рэпрэсіяў было б нашмат цяжэй зьдзяйсьняць.

8. Будучыя непазьбежныя вынікі калектывізацыі (як і ўсяго сацыялістычнага экспэрымэнту ў цэлым) не былі ні для кога ў Эўропе сакрэтам. Успомнім хоць бы словы германскага канцлера Бісмарка: «Для пабудовы сацыялізму трэба знайсьці краіну, якой не шкада».

9. Бальшавізм пачаўся з татальнай экспрапрыяцыі маёмасьці цэлай краіны. Працягвалася яна аж да ўцёкаў КПСС за мяжу з накрадзенымі ў народу капіталамі.

10. Чым жа быў «дзяржаўны апарат» у СССР, як ня часткаю партыйнай намэнклятуры? Дзіўнае для вучонага-юрыста ўяўленьне пра структуру «баявых атрадаў» кампартыі.

11. Пабудова сацыялізму ў ГДР «без ахвяраў» – мякка кажучы, недакладнасьць. Як жа хваляваньні рабочых у 1953-м, раздушаныя савецкімі танкамі? Як жа ахвяры, якія спрабавалі зьбегчы з «сацыялістычнага раю» цераз бэрлінскі мур?

Трагедыя ў тым, што такое можна тут публікаваць. Камэдыя ў тым, што наклад – усяго (ажно?) 100 экзэмпляраў.

Дзівосы высокай юрыдычнай навукі ў яе «канстытуцыйна-прававым аспэкце» на гэтым не канчаюцца. Аўтар працягвае кнігу выкладаньнем «асноўных прынцыпаў дэмакратыі».

Ну, а гэта наагул – найвышэйшы пілятаж. Чытачы, учытайцеся:

9. Дысцыпліна.

...Дысцыпліна зьяўляецца больш шырокім паняткам, чым законнасьць. Яна грунтуецца ня толькі на праве, але й на традыцыях, звычаях, нормах маралі, этыцы (у марскім суднаходзтве, у тэатральных спэктаклях, у сямейным жыцьці, у спорце, у шлюбных звычаях, у навучаньні і ў іншых грамадзкіх сфэрах, а ў Вялікабрытаніі – у дзейнасьці парлямэнту і яго органаў) [1; 52–53].

Можа, нехта штосьці і зразумее. Але яўна не сярэдні розум.

13. недапушчальнасьць узурпацыі ўлады якім-небудзь дзяржаўным органам, партыяй, групай або асобай.

14. тэрміновасьць заняцьця пасадаў дзяржаўнымі службоўцамі ў структурах дзяржаўных уладаў [1; 59 – 60].

20. Забесьпячэньне палажэньня аб падзеле дзяржаўных уладаў, іх узаемных стрымліваньнях і процівагах.

І – Божа мой! – ніжэй мы знаходзім у фрагмэнце «Суб’ектыўныя гарантыі дэмакратыі» пералік яе «палітычных гарантыяў»:

Важнай гарантыяй іх (радаў дэпутатаў усіх зьвёнаў. – А. г.) сапраўднага народаўладзьдзя зьяўляецца абмежаваньне тэрміну знаходжаньня ўва ўладзе абраных асобаў (ня больш за два тэрміны) і ўзмацненьня над імі кантролю масаў [1; 108].

Заслона... Кніга была падпісана ў друк 11.08.2004 г. То бок, да лёсавызначальнага рэфэрэндуму аб працягненьні тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта на трэці тэрмін. Аляксандар Рыгоравіч заўсёды вылучаўся непрадказальнасьцю захадаў... Нават для вучоных-юрыстаў...

На гэтым адкрыцьці ў сфэры тлумачэньня прыроды сапраўднай дэмакратыі цалкам ня скончыліся. Яшчэ тэзіс:

Чалавек з моманту нараджэньня мае мноства дадатных якасьцяў, якія ён страчвае з укараненьнем адмоўных ідэяў глябалізацыі... Якім будзе разьвіцьцё Інтэрнэту, цяжка сабе нават уявіць. Калі ён ствараўся, дык не кантраляваўся, таму што меркавалася адсутнасьць у ім улады. Навука павінна зрабіць усё для таго, каб Інтэрнэт працаваў на карысьць людзей [1; 156 – 157].

Як зьвязана «адсутнасьць кантролю пры стварэньні» зь меркаваньнем пра «адсутнасьць улады»? Або кардынальнае, глябальнае адрозьненьне сеткавых (сапраўды дэмакратычных) мэханізмаў вытворчасьці і распаўсюджаньня інфармацыі ад звыклых пірамідальных (падпарадкаваных дыктату Цэнтру) яшчэ засвоена ня ўсімі карыстальнікамі Інтэрнэту ў Беларусі?

Добра, што нармальныя тэксты па ўказаных праблемах зусім ня рэдкасьць сярод публікацыяў афіцыйных аўтараў. А. Майхровіч канстатуе:

Распад сацыялістычнай сыстэмы стаў адначасова сьведчаньнем беспэрспэктыўнасьці ідэалягічнай дактрыны, якая зьнітоўвала ранейшы ўклад існаваньня шматлікіх народаў. Час крызісу з асаблівай відавочнасьцю выявіў менавіта яе слабыя бакі. Усясьветна-мэсійныя праекты і спробы іх зьдзяйсьненьня, якія рабіліся на працягу дзесяцігодзьдзяў, запатрабавалі ад краіны найвялікшага напружаньня сілаў і велічэзных эканамічных сродкаў, аднак так і засталіся незрэалізаванымі, паказаўшы свой утапізм.

Жорсткае падпарадкаваньне чалавека вышэйшым дзяржаўна-палітычным мэтам перашкаджала разьвіцьцю разнастайных формаў сацыяльнай актыўнасьці грамадзтва. Нецярпімасьць і барацьба з усім, што супярэчыць паноўнай ідэалёгіі, дзяржаўнаму патрыятызму, культу правадыра і калектывісцкай супольнасьці, вяла да кансэрвацыі, да бюракратычнай уніфікацыі ўсяго, што выходзіць за межы штучна прынятай усеагульнай сярэдняй нормы. У выніку безумоўнасьць падпарадкаваньня ўладзе і моцы, уніфікацыя мысьленьня і паводзінаў, занядбаньне права, свабоды асобы, маралі аказваліся тыповымі характарыстыкамі старой сыстэмы, якая імкнулася ўсталяваць поўную перавагу дзяржавы над разнастайнымі праявамі грамадзкага жыцьця. У гэтых умовах супольнае адзінства (як неабходная перадумова існаваньня любога сацыяльнага ўтварэньня) магло забясьпечвацца адно вонкавымі адносна грамадзтва сродкамі, носьбітам і правадніком якіх была партыйна-дзяржаўная сыстэма, што ўзвышалася над грамадзтвам і кіравала ім як з дапамогай моцы, так і духоўна, ідэалягічна [3; 14].

Несупадзеньне з казкамі пра «сьветлае мінулае» «сацыялістычнай дэмакратыі» – відавочнае.

У марксісцкай традыцыі дзяржава выступала інстытутам задушэньня шырокіх масаў у клясава-антаганістычным грамадзтве, формаю вымушанага ўсталяваньня інтарэсаў эксплюататарскіх станаў. Таксама і сацыялістычная дзяржаўнасьць абгрунтоўваецца ў марксізьме-ленінізьме першапачаткова акурат як дыктатура пралетарыяту, то бок ізноў жа ў сваёй гвалтоўна-прымусовай функцыі [3; 39].

Як лічыць Майхровіч, «найважнейшым крытэрам адрозьненьня розных ідэалягічных мадэляў дзяржаўнасьці ёсьць характар стасункаў дзяржавы і астатняй, «вялікай», грамадзянскай супольнасьці. Гэткая мадэль можа грунтавацца на абсалютызацыі ідэі дзяржаўнасьці і асаблівага прызначэньня ўладных структураў... У ідэалягічным абгрунтаваньні неабходнасьці свайго існаваньня такія формы дзяржаўнасьці зьвяртаюцца да розных мадыфікацыяў прынцыпу супольных дабротаў, улучаючы ідэю дасягненьня «грамадзтва справядлівасьці»» [3; 41]. Ідэі «справядлівасьці», «роўнасьці», «сумленнасьці», «найжарстчэйшага кантролю» і да т. п. добра знаёмыя беларусам на працягу ўжо больш як 10 гадоў.

Улады ангажуюць служак Бога – прыхільнікаў трагічнага «зьвязу крыжа й молата». А менавіта: «Адметнай асаблівасьцю сучаснага этапу разьвіцьця дзяржаўна-канфэсійных стасункаў становіцца актуалізацыя сацыяльнага служэньня канфэсійных арганізацыяў» [2; 155].

І далей: прэамбула закону «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусі «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях»», падпісанага прэзыдэнтам Лукашэнкам 31 кастрычніка 2002 г.,

мае важнае палітычнае, канстытуцыйна-прававое, гістарычнае й ідэалягічнае гучаньне. Прызнаецца вызначальная роля праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленьні і разьвіцьці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцыяў народу. Гэта зьвязана з тым, што праваслаўе зьяўляецца рэлігіяй асноўнай культуратворчай нацыі і заўсёды ўдзельнічала ўва ўмацаваньні беларускага грамадзтва. У сучаснай Беларусі праваслаўе пачынае набываць асаблівае значэньне культурнага цэнтру і сымбалю нацыянальнай ідэнтычнасьці [2; 167].

Што ж, выбар відавочны – беларускае праваслаўе зыходзіць з банальна знаёмага і цалкам канфармісцкага «Любая ўлада ад Бога»...

Эпоха масавых накладаў беларускай ідэалягічнай літаратуры, на шчасьце, пайшла ў мінулае разам з БССР. Кнігі, якія раней прэтэндавалі б на месцы ў шматлікіх фондах рэспубліканскіх бібліятэк, цяпер выдаюцца парай сотняў экзэмпляраў. Больш ці менш вузкае кола асабістых знаёмых аўтараў, а таксама чыноўнікі, якія курыруюць навуку, але зусім не чытаюць спэцыяльнай літаратуры, – вось патэнцыйны і адначасова самы рэальны адрас прызначэньня падобных твораў. Пра які-кольвечы масавы ахоп зацікаўленых асобаў размова ў прынцыпе ісьці ня можа. Ня тыя часы, дый, скажам шчыра, ня тая якасьць.

Але, заўважым, літаратура (нават у рамках зборнікаў, аўтарства якіх належыць аднаму творчаму калектыву) ідэалягічна неаднастайная. Кагосьці, мабыць, вучыў А. Майхровіч. Кагосьці, відаць, працягвае вучыць А. Галоўка.

Гэта, у прыватнасьці, сьведчыць, што адраджэньне ідэйнага таталітарызму сталінска-брэжнеўскага ўзору ўва ўмовах сучаснай Беларусі неажыцьцяўляльнае (незалежна ад жаданьня яе цяперашніх гаспадароў). Ня тыя кадры, ня той узровень уладнага прэсінгу, ня тая ступень духоўнай залежнасьці вучоных. На падставе тэкстаў, агледжаных у гэтым артыкуле, можна стаць нацыянальным дэмакратам ці фашыстам, бяздумным выканаўцам прэзыдэнцкай волі ці адважным вулічным апазыцыянэрам. Хаос і бязглузьдзіца, уласьцівыя ў апошнія дзесяцігодзьдзі ХХ ст. афіцыйнай ідэалёгіі савецкай камуністычнай імпэрыі, толькі ўзмацніліся ўва ўмовах «сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікі».

Будучыня пакажа, у якога з вышэйпазначаных тэкстаў будзе больш паважанае месца на «стужцы культуры». Інакш – бяз думак пра гэта – любому аўтару ня варта і тварыць. Бо «культурная творчасьць» – гэта «прыгода». І галоўнае (як заканчваецца адзін з фрагмэнтаў дзёньніка героя раману Оруэла Ўінстана Сьміта): «Свабода – гэта свабода гаварыць, што два плюс два роўна чатыром. Калі гэта дапускаецца, з гэтага вынікае ўсё астатняе».

Калі людзі падбаюць пра свабоду, праўда сама падбае аб сабе.

Пераклад з расейскай

  філёзаф. У сфэру яго зацікаўленьняў уваходзіць фiлязофiя постмадэрну, фiлязофiя псыхааналiзу, фiлязофiя марксізму (у галiне гiсторыi фiлязофii); псыхалягiчная школа ў сацыялёгii, сацыялёгiя асобы i мiжнацыянальных зносiнаў, фiлязофская кампаратывiстыка. Рыхтуе «Словарь современной философии. Постмодернизм», які мае выйсьці друкам пры канцы 2005-га.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/14