A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

   

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Самыя небясьпечныя ідэі сьвету


Ідэі – рэч сур’ёзная, а часам і небясьпечная.

Зыходзячы з гэтага простага перакананьня, амэрыканскі часопіс «Foreign Policy» пры канцы 2004 году папрасіў васьмёх уплывовых мысьляроў загадзя папярэдзіць сьвет, якія ідэі ў бліжэйшай будучыні будуць мець найбольшую разбуральную сілу. Некаторыя зь іх маюць доўгую, часьцяком крывавую гісторыю. Астатнія – яшчэ ў зародку, жывяцца зь вялікіх адкрыцьцяў навукі і тэхнікі. Адныя – палітычныя, і мы ўжо чуем пагрозьлівыя раскаты грымотаў, што абвяшчаюць іх набліжэньне. Іншыя – больш адцягненыя, але ня менш заганныя. І ўсё ж, як вынікае з прапанаваных эсэ, небясьпечныя ідэі дасяжныя для стрэлаў удумлівага аналізу і адкрытага абмеркаваньня.

«ARCHE» цешыцца з магчымасьці прапанаваць гэтыя эсэ і беларускаму чытачу.

РОБЭРТ РАЙТ. Вайна са злом
ПОЛ ДЭВІС. Адмаўленьне свабоднае волі
САМАНТА ПАЎЭР. ААН: усё ў норме
ЭРЫК ГОБСБАЎМ. Распаўсюд дэмакратыі
ФРЭНСІС ФУКУЯМА. Трансгуманізм
МАРТА НАСБАЎМ. Рэлігійная нецярпімасьць
ЭЛІС М. РЫЎЛІН. Дармавыя грошы
ФАРЫД ЗАКАРЫЯ. Нянавісьць да Амэрыкі


Робэрт Райт
Вайна са злом

Зло вядомае сваёй нязводнасьцю. Каб зьнішчыць яго ў адным толькі Міжзем’і, спатрэбіліся тры даўжэзныя сэрыі «Валадара пярсьцёнкаў». Але ня менш жывучы і канцэпт зла – асабліва той, які акурат і выяўляецца ў фільме паводле Дж. Р. Р. Толкіена. Я пра ідэю, што за ўсім благім у сьвеце стаіць адна сусьветная цёмная сіла. І колькі багасловаў бы яе ні абвяргала, якой бы нестасоўнай да сучаснай навукі яна ні была, гэтая ідэя вяртаецца да нас зноў і зноў.

Здавалася б, сьвяты Аўгустын выбавіў ад яе сьвет яшчэ паўтара тысячагодзьдзя таму. Ён настолькі апантана змагаўся супраць падобнага ўяўленьня пра зло, супраць усёй маніхейскай тэалёгіі, часткай якой яно было, што ад яго ў сур’ёзным багаслоўскім дыскурсе нічога не засталося. З тае пары зло ўспрымалася не як нешта канкрэтнае, а як адсутнасьць дабра – падобна да таго, як цемра – гэта адсутнасьць сьвятла. Але потым прыйшлі пратэстанты, а разам зь некаторымі зь іх вярнулася і маніхейская ідэя сусьветнага змаганьня паміж сіламі дабра і зла.

Нядаўна выйшла кніга «Прэзыдэнт дабра і зла: этыка Джорджа У. Буша». Яе аўтар, вядомы філёзаф Пітэр Сінгер выказвае думку, што прэзыдэнт – нашчадак менавіта гэтай плыні пратэстантызму. Безумоўна, прыклад Буша яскрава сьведчыць, як цяжка раз і назаўжды зьнішчыць уяўленьні пра існаваньне носьбітаў зла. Перад прыходам Буша да ўлады, у эпоху постмадэрну, калі халодная вайна засталася ў мінулым, слова «ліхадзеі» выкарыстоўвалася хіба ў іранічным сэнсе, з алюзіяй на кітчавых герояў мас-культу. Але пасьля 11 верасьня Буш пачаў ужываць яго на поўным сур’ёзе дый паабяцаў «выбавіць сьвет ад зла», а затым абвясьціў Іран, Ірак і Паўночную Карэю «восьсю зла».

Дык што тут благога? Чаму мне так муляюць ягоныя размовы пра зло? Таму, што ідэя зла – небясьпечная, а ў сучасных геапалітычных абставінах і вельмі зваблівая.

Некаторыя кансэрватары, як ад назойлівай мухі, адмахваюцца ад лібэралаў, калі іх перасмыкае ад Бушавых размоваў пра зло: ізноў, маўляў, яны са сваім маральным рэлятывізмам. Але адмаўляць ягонае разуменьне зла – ня значыць адмаўляць ідэю маральных абсалютаў, добрага і благога. Зло ў маніхейскім сэнсе ня ёсьць абсалютнае «ліха» – гэта адна ўсёахопная прычына «благога», калі самыя розныя яго праявы паходзяць з адной крыніцы. У «Валадару пярсьцёнкаў» усе сьціжмы пачвараў-ворагаў: оркі, прывіды-пярсьцёнкаслужкі і да т. п. – былі злом у маніхейскім сэнсе, бо пакланяліся яны ўладзе аднаго жудаснага Саўрона.

Для сілаў дабра: гобітаў, эльфаў, Буша – адзінства зла значна спрашчае задачу. Калі ўсе твае ворагі – лялькі ў руках Сатаны, дык навошта імкнуцца ўгледзець тонкія адрозьненьні між імі? Навошта думаць, дзе зло непапраўнае, а дзе ня ўсё яшчэ страчана? Яны ўсе ліхадзеі да мозгу касьцей, так што змагайся зь імі на кожным кроку, ня бойся налажыць галавою і г. д., і да т. п.

А што, калі ў сьвеце ня ўсё так проста? Што, калі адныя тэрарысты не супакояцца, пакуль не сатруць Злучаныя Штаты з твару зямлі, а іншыя хочуць проста мець свой нацыянальны анкляў, як Чачня ці Мінданао*?

 

















































РОБЭРТ РАЙТ
філёзаф, аўтар кніжак «NonZero: The Logic of Human Destiny» (New York: Pantheon Books, 2000) і «The Moral Animal: The New Science of Evolutionary Psychology» (New York: Pantheon Books, 1994). Супрацоўнік Цэнтру чалавечых вартасьцяў («Center for Human Values») пры Прынстанскім унівэрсытэце, каардынатар праграмы ў фундацыі «New America».

   
І калі ўсіх тэрарыстаў пад адзін капыл падганяць, ставіць па-за законам, дык ці й праўда ня зробяцца яны на адзін капыл: большымі антыамэрыканістамі, большымі фанатыкамі? (Адна заўвага: калі прэзыдэнт Роналд Рэйган назваў Савецкі Саюз «імпэрыяй зла», СССР сапраўды ўяўляў сабою маналітную сілу, ад якой зыходзіла пагроза. Таму гэта іншы выпадак.)

А калі Іран, Ірак і Паўночная Карэя – насамрэч не адна, а некалькі розных праблемаў? І калі іх правадыры, колькі б дрэнных учынкаў ні было на іхным рахунку, усё ж ня страцілі чалавечага аблічча і рацыянальна рэагуюць на ўзьдзеяньне звонку? Калі вы сапраўды верыце ў такую магчымасьць, дык, пэўна, усьцешыцеся, што жорсткі дыктатар перад пагрозай вайны дапусьціў у сваю краіну інспэктараў ААН. А калі сьвята верыць, што дыктатар – ня проста дрэнны: ён – увасабленьне сусьветнага зла, дык тады, мусіць, вы ўсё адно палічыце сваім абавязкам зваяваць ягоную краіну. Не ісьці ж вам на дамову з д’яблам.

І, вядома, калі верыць, што ўсе тэрарысты – служкі абсалютнага зла, тады, хутчэй за ўсё, вы ня надта будзеце дбаць пра грамадзянскія свабоды падазраваных у тэрарызьме ды пра годнае абыходжаньне ў турме з асуджанымі за тэрарызм. Урэшце, зло вымагае палітыкі «выпаленай зямлі». Але што, калі праз гэтую палітыку шмат мусульманаў і ў ЗША, і за мяжой адчуваюць на сабе ўціск, і ў выніку папаўняюцца шэрагі тэрарыстаў?

Адмовіцца ад гэткай «мэтафізыкі з адваротным вынікам» не азначае скаціцца ў рэлятывізм ці нават адкінуць канцэпт зла. Можна думаць, што ўсё благое мае адзіную крыніцу – і пры гэтым не западаць у маніхейства, якое рухае Бушам. Можна верыць, што недзе ў чалавечай натуры сядзіць зерне ліха, у якім – прычыны плоймы брыдоцьця, што робяць людзі. Хрысьціянін пад гэтым зернем ліха разумее першародны грэх. Атэіст, мабыць, патлумачыць яго зь нерэлігійнага гледзішча: напрыклад, як вялікае сябелюбства, якое часам скрыўляе нашыя маральныя арыенціры і нашэптвае нам, што можна спакойна ўспрымаць, нават вітаць пакуты тых, хто пагражае нашым інтарэсам.

Калі глядзець на зло як на сілу, прысутную ўва ўсіх людзях, адкрываецца карціна, вельмі далёкая ад сьветаўспрыманьня Буша. Можа ўзьнікнуць пытаньне: «Калі ў кожным з нас ад нараджэньня пасеянае зерне ліха, дык чаму ў адных яно дае багацейшыя плады, чым у іншых?» Тады вы, магчыма, зацікавіцеся тым натуральным асяродзьдзем, у якім растуць розныя гатункі ліхадзеяў. Тады вы заўважыце, што ў розных месцах прычыны тэрарызму – розныя.

А яшчэ падобная ідэя зла можа прымусіць пільна прыгледзецца да сябе. Можа, вы насьцярожыцеся, заўважыўшы, што і ваш рахунак сумленьня пакрыўся цьвільлю асабістых, палітычных або ідэалягічных прыхільнасьцяў. Скажам, калі вы распачалі вайну, у якой загінула 10 000 чалавек, вас калі-нікалі будзе грызьці чарвяк сумневу: а ці не памыліўся я ў сваім рашэньні, ці сапраўды меў чыстыя намеры? Вас ня будзе перапаўняць упэўненасьць, што вы – абраны слуга Божы, і таму вольны ад граху.

Карацей кажучы, пры такой ідэі зла сьвет атрымліваецца зусім не падобны да анонсу «Валадара пярсьцёнкаў», дзе ўсе «бякі» падпарадкаваныя адзінаму «цэнтру» ды яшчэ, каб, крый Божа, ніхто не пераблытаў, усе да жудасьці пачварныя. Сьвет не такі адназначны, у ім зло стаілася ў кожным з нас, а дасьведчаная палітыка мусіць быць далікатнай. Зрэшты, нават у «Валадару пярсьцёнкаў» ёсьць намёкі на гэткае бачаньне зла. Вось падступны пярсьцёнак: у кожным, хто на яго глядзіць, прачынаецца адчайнае жаданьне ім завалодаць. Калі яго не зацугляць, можна ўшчэнт сапсець душою. Здаецца, ідэя ў тым, што праз слабасьць сваю кожны можа зрабіцца носьбітам зла: гобіт, эльф і нават асобна ўзяты амэрыканец.

[да зьместу артыкула]

  * Мінданао (Mindanao) – востраў у складзе Філіпінаў, за аддзяленьне якога ад гэтай дзяржавы існуе сэпаратысцкі рух. – Рэд.

   

Пол Дэвіс
Адмаўленьне свабоднае волі

Вы вольныя не чытаць гэтага артыкула. А калі чытаеце, дык ці маглі яго прапусьціць? Напэўна, вам здаецца, што выбар: чытаць або не чытаць – за вамі. Але ці так гэта насамрэч?

Вера ў тое, што чалавеку ў пэўнай ступені дадзеная свабодная воля, супольная для ўсіх культураў. Менавіта свабода волі збольшага і робіць нас людзьмі. На ёй грунтуюцца нашыя этычныя сыстэмы і заканадаўства. Аднак сёньня навукоўцы й філёзафы ўпарта адколваюць ад гэтага слупа, на якім трымаецца грамадзтва, кавалак за кавалкам – відавочна, ня надта задумваючыся, чым можна было б яго замяніць.

Яны ставяць пад сумнеў папулярную псыхалёгію, што разважае прыкладна так: у кожным з нас ёсьць сваё «я», сьвядомая асоба, якая сузірае сьвет і прымае рашэньні. У некаторых выпадках (але, мабыць, не ўва ўсіх) яна ў той ці іншай меры мае выбар і ўсьведамляе, што робіць. З гэтай простай мадэлі «чалавек – дзейная асоба» вынікаюць такія знаёмыя нам паняткі, як адказнасьць, віна, годнасьць. Напрыклад, закон разьмяжоўвае злачынства, зьдзейсьненае ў самнамбулічным стане ці пад гіпнозам, і ў здаровым розуме, з поўным усьведамленьнем наступстваў. Можа падацца, што гэта агульнавядомая ісьціна, але філёзафы й пісьменьнікі стагодзьдзямі яе абвяргаюць, а ў наш час гэты наступ усё мацнее. «Навука спрэс сьведчыць супраць свабоды волі», – заўважыў брытанскі літаратурны крытык Сэмюэл Джонсан. У 40-х гг. ХХ ст. прафэсар філязофіі Оксфардзкага ўнівэрсытэту Гілбэрт Райл сваёй іранічнай фразай «дух у машыне» затаўраваў шырокараспаўсюджанае меркаваньне, што наш мозг зьмяшчае нематэрыяльную існасьць, якая кантралюе дзейнасьць нэўронаў. Сучасны амэрыканскі філёзаф Дэніэл Дэнэт кажа пра «хісткасьць міту», нібы ў галаве чалавека ёсьць нейкі «прывід-лялькавод».

Для тых, хто скептычна ставіцца да ідэі свабоднай волі, выбар, які робіць чалавек, альбо абумоўлены ўсёй ягонай прыродай і ягоным паходжаньнем, альбо, наадварот, абсалютна адвольны, прадыктаваны імгненнай прыхамацьцю. У абодвух выпадках падобна на тое, што сапраўдная свабода выбару – відзеж, фікцыя. Першы залп па свабодзе волі даюць, як правіла, фізыкі. Паводле клясычнай Ньютанавай схемы, сусьвет – гіганцкі гадзіньнікавы мэханізм, які пакорліва падпарадкоўваецца законам дэтэрмінізму. Дык дзе ж тады свабодная дзейная асоба? У замкнёнай сыстэме прычынаў і вынікаў проста немагчыма, каб нематэрыяльная сьвядомасьць кіравала рухам атамаў, не ўваходзячы ў супярэчнасьць з законамі фізыкі. І ўсім вядомая недэтэрмінаванасьць у квантавай мэханіцы таксама ня сьведчыць на карысьць таго, што над матэрыяльным сьветам пануе сьвядомасьць. Няпэўнасьць у паводзінах квантаў не стварае свабоды. Сапраўдная свабода прадугледжвае, што нашыя ўчынкі мусіць нязьменна вызначаць нашая воля.

Фізыкі сьцьвярджаюць, што свабодная воля – гэта проста чалавечае адчуваньне, а насамрэч сьвядомасьць нічога не абумоўлівае. Адкуль жа зьяўляецца гэтае адчуваньне? Аўтар выдадзенай у 2002 г. кнігі «Ілюзія сьвядомай волі» псыхоляг Гарвардзкага ўнівэрсытэту Дэніэл Ўэгнэр апісвае арыгінальныя лябараторныя экспэрымэнты. Яны сьведчаць, як у чалавека ўзьнікае падманлівае ўражаньне кантролю над сытуацыяй, нават калі яго сьвядомыя думкі ў рэчаіснасьці не спрычыняюцца да падзеяў, што адбываюцца ў яго на вачох.

Разьвіцьцё генэтыкі таксама падрывае веру ў тое, што чалавек нараджаецца вольным ствараць уласны лёс. Навукоўцы прызнаюць, што гены перадвызначаюць ня толькі будову цела, але і сьвядомасьць. Псыхолягі-эвалюцыяністы спрабуюць зьвязаць рысы характару (напр., альтруізм, агрэсіўнасьць) з дарвінаўскім мэханізмам адвольнай мутацыі і натуральнага адбору. «Усе мы – машыны выжываньня, робаты, сьлепа запраграмаваныя на захаваньне сябелюбных малекулаў, вядомых пад назвай «гены», – піша біёляг Рычард Докінз з Оксфардзкага ўнівэрсытэту.

А тыя складнікі сьвядомасьці, што не падпарадкоўваюцца генэтыцы, здаюцца на літасьць «мэмэтыкі». Мэмы – адпаведнікі генаў для сьвядомасьці: ідэі, перакананьні, павевы, якія множацца і змагаюцца між сабою на манер генаў. Брытанскі псыхоляг С’юзан Блэкмар нядаўна заявіла, што нашая сьвядомасьць – усяго толькі набор мэмаў: мы іх падхопліваем, як вірусы, а ўсьведамленьне свайго «я» – фікцыя, створаная мэмамі дзеля нейкіх сваіх мэтаў.

Гэтыя ідэі – небясьпечныя, бо маюць у сабе больш як зерне ісьціны. Існуе вялікая рызыка, што іх спрымітывізуюць, імі будуць апраўдваць злачынствы (маўляў, усё дазволена), міжнацыянальныя канфлікты, нават генацыд. А людзі, упэўненыя ў ілюзорнасьці ўласнага выбару, могуць пасіўна прымаць усё, што навяжа ім эксплюататарская грамадзкая ці палітычная сыстэма. Калі эўгеніка вам здавалася жудасным адхіленьнем ад навукі, уявіце сабе сьвет, дзе большасьць людзей ня вераць у свабоду волі.

Атака навукоўцаў на свабодную волю выклікала б менш трывогаў, калі б на зьмену ёй магла прыйсьці нейкая новая этычная ці праўная канцэпцыя. Ды ніхто і блізка не разумее, як яна выглядае. Да таго ж памятайце: навукоўцы могуць памыляцца ў сваіх сумневах наконт свабоднай волі. Было б вялікай неабачлівасьцю думаць, што фізыкі сказалі апошняе слова ў праблеме прычыннасьці або што навука спасьцігла ўсе працэсы, якія адбываюцца ў мозгу і ў сьвядомасьці. Але нават калі дасьледчыкі маюць рацыю і свабодная воля сапраўды проста фікцыя, магчыма, варта было б не разьвейваць гэтай ілюзіі. Фізыкі й філёзафы часта разгортваюць пераканаўчыя аргумэнты ў вузкім навуковым коле, але не зважаюць на іх на практыцы. Напрыклад, лёгка засвоіць, што бег часу – падман: для фізыкі час не «прамінае», ён проста ёсьць. Але ў штодзённым жыцьці ніхто не абыдзецца без паняткаў «мінулае», «цяпер», «будучыня». Бязь веры ў ілюзію, што час сыходзіць, грамадзтва не змагло б існаваць. Тое ж самае і са свабодай удзельнічаць у тым, што адбываецца навокал. Калі перафразаваць пісьменьніка Ісаака Башэвіса Зынгера, мы мусім верыць у свабоду волі – у нас няма выбару.

[да зьместу артыкула]

  ПОЛ ДЭВІС
філёзаф. Выкладае ў Аўстралійскім цэнтры астрабіялёгіі пры ўнівэрсытэце Макўоры ў Сыднэі. Аўтар 25 кніжак, апошнія зь якіх «The Fifth Miracle: The Search for the Origin and Meaning of Life» (New York: Simon & Schuster, 1999) і «How to Build a Time Machine» (New York: Viking, 2002).

   

Саманта Паўэр
ААН: усё ў норме

Для ААН выхад на першыя ролі можа абярнуцца ня меншай небясьпекай, чым яе другараднасьць. Адміністрацыя Буша за год прайшла шлях ад зьедлівых папрокаў на адрас гэтай міжнароднай арганізацыі да ўмольных просьбаў аб дапамозе. Неўзабаве ў Багдад прыбудзе адмыслова падрыхтаваная каманда ААНаўцаў, каб даваць парады ірацкаму ўраду ў адбудове краіны, у арганізацыі грамадзкага сэктару, у забесьпячэньні правоў чалавека, а таксама каб непасрэдна дапамагаць у правядзеньні выбараў. Пры гэтым у Бурундзі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, на Гаіці, у Кот-д’Івуары высаджваюцца або пашыраюць сваю прысутнасьць міратворчыя сілы ААН. Выглядае, што на канец 2004 г. у апэрацыях падтрыманьня міру будзе задзейнічаная рэкордная за ўсю гісторыю колькасьць «блакітных касак».

Хоць некаторыя прыхільнікі ААН ад усяе душы радуюцца, што яна пачынае адыгрываць у сьвеце больш істотную ролю, час для самазадаволенасьці яшчэ не прыйшоў. На плечы арганізацыі, якую нацыянальныя ўрады хацелі бачыць слабой, ускладаюцца цяжкія абавязкі. Запушчаная 60 гадоў таму ААНаўская машына здаецца як ніколі раней непрыдатнай, каб рабіць сваю справу, а давер да яе рэзка ўпаў. Цяпер, калі вялікія дзяржавы вядуць вайну з тэрарызмам і займаюцца пытаньнямі ўнутранай бясьпекі, да ААН пяройдзе істотная, але няўдзячная праца, якую яны калісьці спрабавалі рабіць самі (або папросту не зьвярталі на яе ўвагі). Калі карэнным чынам не рэфармаваць ААН, яна можа надарвацца пад цяжарам.

Меркаваньне, што ААН можа і надалей існаваць у цяперашнім атрафаваным стане, вельмі даспадобы ў шмат якіх сталіцах і нават у некаторых кабінэтах штаб-кватэры ААН. Але спадзявацца, што захаваньня status quo будзе дастаткова, – небясьпечна.

На жаль, большасьць з тых, хто мог бы паспрыяць зьменам, зацікаўленыя ў тым, каб рэформы не праводзіліся. Ніхто са сталых сяброў Рады Бясьпекі ААН ня хоча адмовіцца ад права вэта. Малым краінам прыемна, што на пасяджэньнях Генэральнай Асамблеі іх галасы важаць столькі ж, колькі й вялікіх. Рэпрэсіўныя рэжымы цешацца з удзелу ў працы ААНаўскіх структураў па правох чалавека, дзе яны могуць патапіць любую крытычную рэзалюцыю. Каб умацаваць міратворчыя сілы ААН, патрэбныя войскі і сродкі заходніх дзяржаваў, але тыя маюць іншыя прыярытэты. Нават сярод ААНаўскага чынавенства шмат хто з вэтэранаў унікае карэнных рэформаў: за дзесяцігодзьдзі яны дасканала засвоілі старыя працэдуры, а перамены – справа рызыкоўная. Так, функцыянэры ААН, улучна з Генэральным Сакратаром, заўсёды вінавацяць у абмежаваньнях, зь якімі яны сутыкаюцца, дзяржавы-ўдзельніцы (і слушна робяць). Але ім вельмі рэдка стае мужнасьці назваць пайменна канкрэтныя дзяржавы, чыя ўпартасьць, сквапнасьць і нядобрая воля падрываюць прынцыпы, закладзеныя ў Хартыі ААН.

Вядома, шмат у чым папракаюць ААН абсалютна дарэмна. Па вялікім рахунку, ААН – гэта проста будынак. Месца, дзе спрачаюцца ці вядуць перамовы розныя дзяржавы – у адпаведнасьці са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. А з гледзішча практычнай дзейнасьці ААН выконвае незаменную ролю: дае харчаваньне і дах над галавою мільёнам людзей, праводзіць вакцынацыю, нават займаецца раззбраеньнем войскаў сумнавядомага ірацкага дыктатара. Але рост ці падзеньне аўтарытэту арганізацыі залежаць ад таго, наколькі эфэктыўна і правамоцна дзейнічаюць тры яе самыя галоўныя складнікі: Рада Бясьпекі, Камісія па правох чалавека і міратворчыя сілы. Кожны зь іх скрайне неабходна рэфармаваць або проста ратаваць. Тое, што пяць месцаў у Радзе Бясьпекі замацаваныя за дзяржавамі-пераможцамі ў Другой сусьветнай вайне (плюс Кітай), выглядае жудасным анахранізмам. Брытанія і Францыя ня могуць прэтэндаваць на дзьве пятыя ўладных паўнамоцтваў у сусьветным маштабе. Калісьці пяць сталых сяброў Рады Бясьпекі прадстаўлялі амаль 40 % насельніцтва Зямлі. Цяпер гэтая лічба зьнізілася да 29 %. У іх лік не ўваходзіць найбуйнейшая дэмакратычная краіна сьвету – Індыя, рэгіянальныя лідэры кшталту Нігерыі й Бразыліі, ня кажучы пра ўвесь ісламскі сьвет. Менавіта сталыя сябры Рады Бясьпекі вырашаюць, калі сытуацыя даходзіць да той жахлівай мяжы, што патрабуецца ўмяшаньне ААН. Але рашэньне прымаюць два найгоршыя парушальнікі правоў чалавека (Расея і Кітай) і дзяржава, не зьвязаная большасьцю міжнародных пагадненьняў па правох чалавека (ЗША). Хоць у некаторых выпадках санкцыя Рады Бясьпекі застаецца жаданай мэтай, увогуле яна імкліва страчвае свой былы бляск. Камісія па правох чалавека ў складзе 53-х дзяржаваў са штаб-кватэрай у Жэнэве ператварылася ў палітычны фарс. Паколькі ў камісію можа ўваходзіць любая краіна (месцы вылучаюцца паводле рэгіянальнага прынцыпу), у яе трапляюць некаторыя самыя адыёзныя рэжымы. У 2003 г. камісію ўзначальвала Лібія, а ў 2004 г. да яе далучыўся Судан – краіна, што праводзіць этнічныя чысткі, ад якіх церпяць сотні тысячаў афрыканцаў у Дарфуры. Покуль уваходжаньне ў склад камісіі ня будзе зьвязанае з абавязкамі ў галіне правоў чалавека, яна будзе прыкрываць зашмат парушальнікаў правоў чалавека, а асуджаць – замала.

Калі Рада Бясьпекі даручае Генэральнаму Сакратару ўтаймаваць бясчынцаў, перад ягонымі міратворцамі часьцяком ставяцца невыканальныя задачы. Іх закідваюць у самыя небясьпечныя «гарачыя кропкі» ў сьвеце – апроч тых, дзе задзейнічаныя эканамічныя ці палітычныя інтарэсы вядучых заходніх дзяржаваў. І невыпадкова міратворчым сілам заўжды бракуе сродкаў, каб сапраўды падтрымліваць мір. Калі ў 90-х гг. ХХ ст. міратворцаў ААН у Сэрбіі прыкавалі да вулічных ліхтароў, гэта яскрава засьведчыла нямогласьць міжнароднай супольнасьці. І ня дзіва: заходнія дзяржавы накіравалі ў Руанду й былую Югаславію лёгка ўзброеныя войскі, якія ня мелі ні мандату, ні рэальнай магчымасьці спыніць генацыд. Каб неяк даць рады нечаканаму ўсплёску ў попыце на міратворчыя сілы, што назіраецца цягам апошняга году, Генэральны Сакратар Кофі Анан заклікаў вылучыць больш вайсковых фармаваньняў, выдаткаваць больш рэсурсаў на выведку і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне, а таксама дазволіць пры неабходасьці прыцягваць падмацаваньне. Фінансаваньне міратворчых сілаў крыху павялічылася, але патрабуецца яшчэ 1 мільярд даляраў. І нават больш істотна, каб ААН магла прыцягваць вайскоўцаў з разьвітых дзяржаваў – за апошнія гады яны адшкадавалі ўсяго некалькі сотняў салдатаў. Краіны, якія пастаўляюць значны вайсковы кантынгент – у т. л. Пакістан, Банглядэш, Уругвай, Нігерыю, – як правіла, прываблівае магчымасьць атрымаць за адзін толькі ўдзел у апэрацыях жывыя грошы і ваенную тэхніку. Таму зразумела, што камандаваньне і кантроль за міратворчымі сіламі часта знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні. Калі вялікія дзяржавы будуць і надалей эканоміць грошы на міратворчых сілах, Рада Бясьпекі зноў зробіць ААН вінаватай у паразах – і паставіць пад пагрозу жыцьці мільёнаў мірных грамадзянаў, у якіх няма іншага выйсьця, як спадзявацца на блакітны ААНаўскі сьцяг.

У вялікай ступені ЗША і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы маюць тую ААН, якую хочуць і заслугоўваюць. Але прыхільнікам рэфармаваньня трэба паглядзець на ірацкую праблему як на шанец, які нельга ўпусьціць. Замест таго, каб бачыць ува ўзрослай ролі ААН сьведчаньне яе посьпехаў, Генэральны Сакратар мусіць пераканаць упартыя дзяржавы-ўдзельніцы, што ў цяперашнім сваім нягеглым стане ААН ня зможа даць рады сур’ёзным наднацыянальным праблемам, якія ставіць ХХІ стагодзьдзе.

Другі Генэральны Сакратар ААН Даг Гамарск’ёльд любіў паўтараць, што ААН створаная не на тое, каб прывесьці чалавецтва ў рай, а на тое, каб выбавіць яго ад апраметнай. Але нават дзеля гэтай мэты неабходная міжнародная арганізацыя, здольная выконваць сваю місію.

[да зьместу артыкула]


  САМАНТА ПАЎЭР
выкладчыца палітычных навук Школы кіраваньня імя Джона Ф. Кенэдзі пры Гарвадзкім унівэрсытэце, аўтарка кнігі «A Problem from Hell: America and the Age of Genocide» (New York: HarperCollins, 2003), якая пазалетась атрымала Пулітцэраўскую прэмію.

   
Эрык Гобсбаўм
Распаўсюд дэмакратыі

Сёньня мы назіраем нібыта плянавае пераўладкаваньне сьвету магутнымі дзяржавамі. Войны ў Іраку й Аўганістане – усяго толькі частка быццам бы ўсеагульных намаганьняў стварыць новы сусьветны парадак праз «распаўсюд дэмакратыі». Ідэя ня проста донкіхоцкая, а небясьпечная. Вакол гэтага «крыжовага паходу» ўзьнялася прапагандысцкая шуміха – зь яе дапамогай нам навязваюць думку, што дэмакратыя мусіць укараняцца ў ейнай узорнай (заходняй) форме, што яна паўсюль прыносіць плён, што гэта панацэя, якая дапаможа вырашыць набалелыя наднацыянальныя праблемы і прынясе мір, а не пасее канфлікты. Нічога падобнага.

Крыніцай дэмакратыі павінен выступаць народ. У 1647 г. у Ангельшчыне левэлеры абвясьцілі, што «ўсялякая ўлада – ад свабоднай згоды людзей». Яны дабіваліся права голасу для ўсіх. Вядома, усеагульнае выбарчае права можа ня спраўдзіць палітычных спадзяваньняў, а правядзеньне выбараў не азначае, што новая ўлада іх не адменіць – згадайма хоць бы Ваймарскую Рэспубліку. Да таго ж вельмі малаверагодна, што дэмакратыя і свабодныя выбары забясьпечаць вынікі, патрэбныя прэтэндэнтам на сусьветнае панаваньне. (Вайны ў Іраку проста не было б, калі б рашэньне залежала ад свабоднай згоды «міжнароднай супольнасьці».) Але ўсе гэтыя «дробязі» ня змусяць ахвочых экспартаваць дэмакратыю й свабодныя выбары прыглушыць свае галасы.

Ёсьць і іншыя чыньнікі, якія падтрымліваюць небясьпечную ілюзію, нібы дэмакратыю могуць пасьпяхова прынесьці на штыхох замежныя войскі. У выніку глябалізацыі ствараецца ўражаньне, што чалавецтва ў сваім разьвіцьці набліжаецца да адзінага ўсеагульнага ўзору. Калі бэнзакалёнкі й кампутары ўва ўсім сьвеце аднолькавыя, дык чаму з палітычнымі інстытутамі мусіць быць іначай? Думаць так – значыць не разумець, наколькі складана ўладкаваны сьвет. Новы ўсплёск крывавых канфліктаў і анархіі, што назіраецца ў многіх краінах сьвету, таксама дадае прывабнасьці ідэі распаўсюдзіць «новы парадак». Падзеі на Балканах паказалі, што ў раёнах масавых узрушэньняў і гуманітарных катастрофаў патрабуецца ўмяшаньне – часам нават ваеннае – моцных і стабільных дзяржаваў. Пры адсутнасьці дзейсных міжнародных структураў некаторыя чалавекалюбцы і цяпер гатовыя выступаць «за» сусьветны парадак, сілаю навязаны Злучанымі Штатамі. Але ніколі ня варта давяраць заваёўніку, які кажа, што робіць паслугу сваім ахвярам і сьвету, калі скарае слабейшых.

Ёсьць і яшчэ адзін чыньнік – мабыць, самы галоўны. ЗША апанаваныя гігантаманіяй у спалучэньні з мэсіянствам, якое нарадзілася ў часы змаганьня за незалежнасьць. На сёньня ніхто ня можа аспрэчыць ваеннага й тэхналягічнага першынства Амэрыкі. Яна перакананая, што яе грамадзка-палітычнай сыстэме няма роўных. А з 1989 г. няма каму ёй нагадваць, як заўсёды нагадвалі нават самым вялікім імпэрыям-заваёўніцам, што ў яе магутнасьці ёсьць межы. Падобна да прэзыдэнта Вудра Ўілсана (выбітнага палітычнага няўдачніка свайго часу), сёньняшнія ідэолягі думаюць, што ідэальнае грамадзтва ўжо створанае – у Злучаных Штатах. Яго рэцэпт – праўная дзяржава, лібэральныя свабоды, канкурэнцыя, прыватнае прадпрымальніцтва і рэгулярныя выбары на аснове ўсеагульнага выбарчага права. Засталося ўсяго нічога: перарабіць сьвет паводле вобразу й падабенства гэтага «свабоднага грамадзтва».

Прыхільнікі гэтай небясьпечнай ідэі падбадзёрваюць адно аднаго, каб ня падаць духам. Так, вялікадзяржаўніцкія дзеі могуць прыносіць маральнае задавальненьне й жаданы палітычны вынік. Але падтрымліваць іх – небясьпечна, бо ў сваёй лёгіцы й мэтадах дзеяньня дзяржава кіруецца не патрэбамі міжнароднай супольнасьці. Усе дзяржавы на першае месца ставяць уласныя інтарэсы. Калі ёй стае моцы, а мэта здаецца таго вартай, дзяржава апраўдвае любыя сродкі, каб яе дасягнуць (хоць гэта рэдка робіцца публічна). Асабліва калі верыць, што зь ёю Бог. І «імпэрыі дабра», і «імпэрыі зла» спрычыніліся да нашага ўсеагульнага зьдзічэньня, а «вайна з тэрарызмам» багата да яго дадала.

Кампанія па распаўсюдзе дэмакратыі падрывае веру ў непарушнасьць агульначалавечых каштоўнасьцяў. Але яна не дасягне сваёй мэты. Як паказала ХХ стагодзьдзе, ніводная дзяржава ня ў стане перарабіць сьвет ці прысьпешыць хаду гісторыі. І экспарт інстытутаў дэмакратыі празь дзяржаўныя межы ня будзе лёгкім сродкам зьмяніць грамадзтва. Нават у нацыянальных дзяржавах са сваёй тэрыторыяй нячаста складаюцца ўмовы для дзейснай дэмакратычнай сыстэмы кіраваньня: незалежнасьць краіны, правамоцнасьць уладаў, грамадзкая згода і ўменьне вырашаць канфлікт паміж рознымі групамі праз дыялёг. Без такога паразуменьня ня можа быць адзінай сувэрэннай нацыі, а значыць, арытмэтычная большасьць не правамоцная выступаць ад яе імя. Калі гэткай згоды – рэлігійнай, этнічнай ці той і другой – няма, перастае дзейнічаць дэмакратыя (як у Паўночнай Ірляндыі), распадаецца дзяржава (як у Чэхаславаччыне), або грамадзтва скочваецца ў прорву няспыннай грамадзянскай вайны (як на Шры-Ланцы). «Распаўсюд дэмакратыі» і пасьля 1918 г., і пасьля 1989 г. у шматнацыянальных, шматкультурных рэгіёнах прывёў да абвастрэньня этнічных канфліктаў і скончыўся распадам цэлых дзяржаваў. Пэрспэктыва бязрадасная.

Апроч мізэрных шанцаў на посьпех, спробы распаўсюдзіць дэмакратыю ў ейнай стандартнай – заходняй – форме натыкаюцца на яшчэ адзін глыбокі парадокс. Шмат хто лічыць, што дэмакратыя вырашыць істотныя наднацыянальныя праблемы сучаснасьці. Грамадзкае жыцьцё ўсё больш і больш дзеецца не пад кантролем выбарцаў – у наднацыянальных публічных ці прыватных структурах, дзе няма электарату (прынамсі, дэмакратычнага). На ўзроўні, вышэйшым за нацыянальную дзяржаву, дэмакратыя са свабоднымі выбарамі ня можа працаваць эфэктыўна. Выходзіць, што магутныя дзяржавы спрабуюць распаўсюдзіць сыстэму, якую самі прызнаюць неадпаведнай сучасным задачам і праблемам.

Гэта пацьвярджае прыклад Эўропы. Эўразьвяз змог стаць моцнай і дзейснай структурай акурат таму, што ня мае іншага электарату, акрамя кіраўніцтва дзяржаваў-удзельніцаў (іх мала, хоць лічба і павялічваецца). Без «дэфіцыту дэмакратыі» Эўразьвяз не пасунуўся б ні на крок. Яго парлямэнт ня мае будучыні, бо няма «народу Эўропы» – ёсьць толькі шэраг «народаў Эўропы», а ў 2004 г. на выбарах у Эўрапарлямэнт падбала прагаласаваць менш за палову «эўрапейцаў». Сёньняшняя «Эўропа» – дзейснае ўтварэньне, але, адрозна ад яе дзяржаваў-удзельніцаў, неправамоцнае з гледзішча народнай дэмакратыі і ўсеагульных выбараў. Ня дзіва, што як толькі Эўразьвяз ад міждзяржаўных перамоваў пачаў пераходзіць да простых дэмакратычных працэдураў, ён адразу сутыкнуўся з праблемамі.

Спробы распаўсюдзіць дэмакратыю нясуць у сабе яшчэ адну небясьпеку – можа, больш прыхаваную. У тых, хто не жыве пры дэмакратыі, ствараецца ілюзія, нібы пры дэмакратычнай сыстэме сапраўды пануе дэмакратыя. Але ці так гэта? Мы крыху даведаліся пра тое, як прымаліся рашэньні аб увядзеньні войскаў у Ірак, прынамсі, у дзьвюх дзяржавах, чыя дэмакратычнасьць, як жонка Цэзара, вышэйшая за падазрэньні: у Злучаных Штатах і ў Аб’яднаным Каралеўстве. Выбарчая дэмакратыя і прадстаўнічая ўлада ня мелі да гэтага працэсу ніякага дачыненьня – хіба што спрычыніліся да праблемаў наўмыснага падману і ўтойваньня інфармацыі. Усё вырашалася цішком у вузкім коле, амаль гэтаксама, як у недэмакратычных краінах. На шчасьце, у Брытаніі прымусіць незалежныя СМІ маўчаць аказалася ня так проста. Але сапраўдную свабоду слова, правы грамадзянаў і незалежнасьць судоў зусім не абавязкова гарантуе дэмакратыя са свабоднымі выбарамі.

[да зьместу артыкула]

  ЭРЫК ГОБСБАЎМ
прафэсар эканомікі і сацыяльнай гісторыі ў адстаўцы Бірбэцкага коледжу пры Лёнданскім унівэрсытэце. Апошняя кніжка «The Age of Extremes: A History of the World, 1914–1991» (New York: Pantheon Books, 1994).

   

Фрэнсіс Фукуяма
Трансгуманізм

Цягам апошніх некалькіх дзесяцігодзьдзяў у разьвітых краінах убіраецца ў моц дзіўны вызваленчы рух. Яго сьцяганошы цэляць куды вышэй, чым абаронцы правоў чалавека, фэміністы ці сэксуальныя меншасьці. Яны жадаюць ня больш ня менш як вызваліць род чалавечы з палону ягонай біялёгіі. На думку «трансгуманістаў», чалавек мусіць вырваць свой біялягічны лёс з-пад сьляпое ўлады эвалюцыі зь яе адвольнай мутацыяй і прыстасаваньнем і ўзьняцца як від на новую вышыню.

Вельмі хочацца адмахнуцца ад трасгуманізму як ад чарговай дзівацкай сэкты, як ад звычайнай навуковай фантастыкі, да якой чамусьці залішне сур’ёзна ставяцца. Каб пераканацца, што трансгуманісты хапілі цераз край, зазірніце на іх ўэб-сайты, пачытайце прэс-рэлізы («Мысьляры-кібаргі зоймуцца будучыняй чалавецтва», – абвяшчаецца ў адным зь іх). Пляны некаторых трансгуманістаў замарозіць сваё цела ў крыягеннай устаноўцы ў спадзеве на будучае ажыўленьне толькі пацьвярджаюць, што гэтая плынь знаходзіцца недзе на задворках навуковага мысьленьня.

Але ці сапраўды нам настолькі далёкая асноўная ідэя трансгуманізму – што аднойчы пры дапамозе біятэхналёгіяў мы зробімся мацнейшымі, разумнейшымі, вызвалімся ад гвалту і будзем жыць доўга-доўга? У праграмах досьледаў па сучаснай біямэдыцыне, можна сказаць, ёсьць шмат ад трансгуманізму. Усё тое новае, што нараджаецца ў нетрах дасьледчых лябараторыяў і ў клініках – прэпараты дзеля карэгаваньня настрою, нарошчваньня масы цягліцаў, выбаркавага сьціраньня памяці, а таксама дародавае вывучэньне геному, генная тэрапія, – можа гэтак жа лёгка выкарыстоўвацца, каб «удасканаліць» від homo sapiens, як і для лекаваньня.

Хоць прарывы ў біятэхналёгіі часта сеюць у глыбіні душы нейкую цьмяную трывогу, тая інтэлектуальная або маральная небясьпека, што яны нясуць, не заўсёды заўважная. Урэшце, чалавек – проста вартая жалю істота: ён ня можа пазбавіцца ад учэпістых хваробаў, фізычнай недасканаласьці, і жыцьцё ў яго такое кароткае… Дадайце сюды чалавечую зайздрасьць і рэўнасьць, гвалт, бесьперапынныя перажываньні – і задума трансгуманістаў адразу падасца абсалютна слушнай. Калі б была такая магчымасьць, хто б не хацеў пераўзысьці сваю біялягічную прыроду? Ува ўяўнай слушнасьці гэтага праекту, асабліва калі разглядаць яго па асобных маленькіх кроках, таксама крыецца небясьпека. Малаверагодна, каб усё грамадзтва зьнянацку падпала пад звабу трансгуманізму. Але цалкам магчыма, што мы па кавалачку будзем заглытваць прынады біятэхналёгіі, не ўсьведамляючы, коштам якіх жахлівых маральных выдаткаў яны набытыя.

Першай ахвярай трансгуманізму можа пасьці роўнасьць. У амэрыканскай Дэклярацыі аб незалежнасьці гаворыцца, што «ўсе людзі створаныя роўнымі». Самыя жорсткія палітычныя бітвы ў гісторыі Амэрыкі вяліся вакол таго, хто падпадае пад азначэньне паўнавартаснага чалавека. Калі ў 1776 г. Томас Джэфэрсан падпісваў Дэклярацыю, жанчын і чарнаскурых яна не датычылася. Спатрэбіўся доўгі, пакутлівы шлях, каб прасунутае грамадзтва зразумела, што сам факт прыналежнасьці да роду чалавечага ёсьць падставай для роўнасьці ў палітычных правох і роўнасьці перад законам. Мы практычна акрэсьлілі, хто такі чалавек, і абвясьцілі яго асобу сьвятой і недатыкальнай.

Ідэя роўнасьці грунтуецца на перакананьні, што ўсе мы маем чалавечую сутнасьць, перад якой блякне ўсялякая розьніца ў колеры скуры, вонкавым выглядзе, нават у інтэлекце. Гэтая вера ў чалавечую сутнасьць, а значыць, і ў неад’емную каштоўнасьць кожнай асобы, ляжыць у самай аснове палітычнага лібэралізму. А ў аснове трансгуманізму – імкненьне зьмяніць гэтую чалавечую сутнасьць. Калі мы пачнем ператварацца ў нейкіх вышэйшых істотаў, то на якія правы яны будуць прэтэндаваць і якія правы будуць мець у параўнаньні з «адсталымі» людзьмі? Калі нехта рушыць наперад, ці можа хто-небудзь сабе дазволіць раскошу не даганяць? Гэта вельмі балючыя пытаньні нават у багатым, разьвітым грамадзтве. А ўявіце, што чакае грамадзянаў найбяднейшых краінаў сьвету, для якіх дзівосы біятэхналёгіяў застануцца па-за межамі дасяжнасьці, і вы зразумееце: ідэя роўнасьці апынаецца перад яшчэ большай пагрозай.

Прыхільнікі трансгуманізму думаюць, што ведаюць, з чаго складаецца добры чалавек. Яны гатовыя з радасьцю адкінуць недасканалых, сьмяротных людзей, якія яны ёсьць, дзеля чагосьці лепшага. Але няўжо яны і праўда разумеюць, у чым найвышэйшая чалавечая дасканаласьць? Нягледзячы на ўсе свае відавочныя недахопы, мы, людзі, – неверагодна складаны прадукт доўгага працэсу эвалюцыі. Прадукт як цэлае непараўнальна большы за суму сваіх складнікаў. Нашыя добрыя рысы непарыўна зьвязаныя з благімі. Калі б ня жорсткасьць і агрэсіўнасьць, мы б ня ўмелі пастаяць за сябе. Калі б не адчуваньне ўласнай выключнасьці, мы б не былі адданыя сваім блізкім. Калі б мы ня ведалі рэўнасьці, то ня ведалі б і каханьня. Нават нашая сьмяротнасьць адыгрывае надзвычай важную ролю ў тым, што чалавечы від як цэлае можа прыстасоўвацца і выжываць. (А менш за ўсё мне б хацелася бачыць неўміручымі трансгуманістаў.) Зьмена любой з нашых ключавых характарыстык непазьбежна цягне за сабою зьмену ўсяго складанага комплексу ўзаемазьвязаных рысаў, і тут ніколі немагчыма прадбачыць канчатковага выніку.

Ніхто ня ведае, якія ўзьнікнуць тэхналягічныя магчымасьці, каб зьмяняць чалавечую натуру. Але ўжо ў тым, як мы лекавымі прэпаратамі спрабуем падправіць паводзіны й індывідуальнасьць сваіх дзяцей, заўважныя парасткі прамэтэйства. Экалягічны рух навучыў нас пакоры і павазе да прыроды, жывой і нежывой. Нам бракуе гэтай пакоры перад прыродай чалавечай. Калі яе тэрмінова ня выпрацаваць, мы ў хвіліну замарачэньня можам даць трансгуманістам давесьці іхнымі генэтычнымі бульдозэрамі й псыхатропнымі гіпэрмаркетамі чалавецтва да зусім звыродлівага стану.

[да зьместу артыкула]

  ФРЭНСІС ФУКУЯМА
прафэсар міжнароднай палітычнай эканоміі Школы паглыбленых міжнародных дасьледаваньняў пры ўнівэрсытэце Джонса Гопкінса. Яго апошняя кніжка называецца «State-Building: Governance and World Order in the 21st Century» (Ithaca: Cornell University Press, 2004).

   

Марта Насбаўм
Рэлігійная нецярпімасьць

Часам найбольш небясьпечнымі бываюць ідэі старыя, і зь іх мала знойдзецца старэйшых за тыя, што ляжаць у падмурку рэлігійнай нецярпімасьці. На вялікі жаль, яны зноў вяртаюцца да жыцьця. У 2002 г. у індыйскім штаце Гуджарат індуісты пры падтрымцы афіцыйных уладаў і паліцыі забілі некалькі сотняў мусульманаў. Ня можа не палохаць, што ў Эўропе апошнім часам назіраецца ўздым антысэмітызму, а ў мусульманскім сьвеце ўсё больш вернікаў прыцягваюць радыкальныя формы ісламу. У Злучаных Штатах надзвычай востра адчуваюцца антымусульманскія прымхі, людзі схільныя атаясамліваць іслам з тэрарызмам. І гэтак далей, і гэтак далей… Нянавісьць спараджае нянавісьць, а праявы нецярпімасьці падкідаюць дроваў у агонь і даюць падставу ўва ўласнай агрэсіі бачыць законны сродак абароны.

Рэлігійная нецярпімасьць, непавага да іншых веравызнаньняў, як правіла, сілкуецца дзьвюма ідэямі. Першая палягае на веры чалавека ў тое, што ягоная рэлігія – адзіная сапраўдная, а ўсе іншыя – непраўдзівыя і заганныя з маральнага гледзішча. Але прыхільнікі гэтай ідэі зазвычай лічаць, што іншыя людзі заслугоўваюць павагі да іхных рэлігійных перакананьняў, пры ўмове, што яны ня чыняць нічога благога. Нашмат больш небясьпечная другая ідэя: што дзяржава і яе грамадзяне паасобку павінны змушаць усіх трымацца «слушнай» веры. І гэтая думка шырока распаўсюджваецца нават у шмат якіх сучасных дэмакратычных грамадзтвах. Напрыклад, вельмі турбуе нежаданьне Францыі трываць рэлігійную сымболіку ў школах, а таксама настойлівыя патрабаваньні «правых» у Індыі, каб этнічныя меншасьці прынялі індускую культуру. Вяртаньне такіх поглядаў нясе сур’ёзную пагрозу лібэральнаму грамадзтву, заснаванаму на ідэях свабоды і роўнасьці.

Няцяжка зразумець, чым прываблівае рэлігійная нецярпімасьць. Людзі з самага маленства ўсьведамляюць сваю бездапаможнасьць у найважнейшых пытаньнях існаваньня, такіх, як ежа, каханьне, нават самое жыцьцё. Рэлігія дапамагае перажыць боль страты, пераадолець страх перад сьмерцю. Яна вучыць маральным прынцыпам і заахвочвае іх трымацца. Але акурат таму, што рэлігія – такі магутны чыньнік у фармаваньні маральнасьці і ў аб’яднаньні супольнасьці, яна вельмі лёгка можа зрабіцца сродкам унікнуць бездапаможнасьці, навязаўшы іншым свой прыгнёт, сваю герархію. У імклівым сучасным сьвеце людзі знаходзяць новыя, часам вельмі небясьпечныя спосабы даваць рады этнічным і рэлігійным адрознасьцям. Калі чалавек апантана хапаецца за, як яму здаецца, праўдзівую рэлігію, атачае сябе адзінаверцамі, а потым падпарадкоўвае сабе іншых, тых, хто не жадае прымаць ягоную рэлігію, ён на некаторы час можа забыцца пра сваю слабасьць, пра непазьбежнасьць сьмерці.

Каб пераадолець гэтую па сутнасьці псыхалягічную і грамадзкую праблему, недастаткова добрых законаў. У лібэральным грамадзтве даўно зразумелі, як важна, каб на заканадаўчым узроўні, у канстытуцыйных нормах замацоўвалася свабода веравызнаньня і роўнасьць усіх рэлігіяў. Вядома, праўны аспэкт надзвычай істотны, але законы і канстытуцыі ня самі сябе выконваюць, а грамадзкія нормы без апірышча на адукацыю й культуру – пусты гук.

Значыць, нам трэба яшчэ раз добра падумаць, што можа зрабіць публічна прамоўленае слова (а таксама паэзія, музыка, мастацтва) дзеля падтрымкі плюралізму і талерантнасьці. Лідэры праваабарончага руху ў ЗША ўсьведамлялі, наколькі неабходная такая падтрымка. Прыклад Марціна Лютэра Кінга сьведчыць, як аратарскае майстэрства здольнае дапамагчы людзям убачыць сябе роўнымі, а ў сваёй адметнасьці ўгледзець каштоўнасьць, а не падставу для страху. Падчас апошняй выбарчай кампаніі ў Індыі лідэрам партыі Нацыянальны Кангрэс, асабліва Соні Гандзі, удалося стварыць яскравы вобраз Індыі як краіны неад’емнай культурнай размаітасьці. (У індыйскім нацыянальным гімне, напісаным паэтам Рабіндранатам Тагорам, таксама апяваецца яе этнічная шматстайнасьць). Цяперашняя адміністрацыя ЗША выступіла зь вельмі важнымі заявамі пра тое, што нельга дэманізаваць іслам. Але некаторыя афіцыйныя асобы ў публічных выступах усяляк падкрэсьліваюць першынство хрысьціянства, чым расхістваюць рэлігійную талерантнасьць. Напрыклад, Генэральны Пракурор ЗША Джон Эшкрафт настойвае, каб ягоныя падначаленыя сьпявалі хрысьціянскія гімны. А на пасадзе сэнатара ЗША Эшкрафт назваў Амэрыку «культурай, якая ня мае іншага ўладара, апроч Ісуса».

Мысьляры-лібэралы стагодзьдзямі думалі адно пра канстытуцыйныя і праўныя шляхі да талерантнасьці. Аднак пры гэтым забываліся на эмацыйнае і вобразнае ўзьдзеяньне на людзей. Лібэралы сабе на шкоду не зважаюць на аратарскае майстэрства. Ува ўсіх сучасных дзяржавах усе лідэры ствараюць уяўленьні пра рэлігійную роўнасьць або няроўнасьць пры дапамозе належна выбраных моўных сродкаў і вобразнасьці. Зьвяртаючыся ў 1789 г. да квакерскай супольнасьці, прэзыдэнт Джордж Вашынгтон адзначаў: «Да пытаньняў сумленьня трэба падыходзіць вельмі далікатна». Нам бракуе гэтай далікатнасьці. Калі ў сваіх выступах лідэры ня будуць дбаць пра тое, каб выхоўваць павагу да іншых, чалавечая роўнасьць застанецца рэччу вельмі крохкай.

[да зьместу артыкула]

  МАРТА НАСБАЎМ
прафэсар права і этыкі ўнівэрсытэту Мічыгану. Апошняя кніжка – «Hiding from Humanity: Disgust, Shame, and the Law» (Princeton: Princeton University Press, 2004).

   

Эліс М. Рыўлін
Дармавыя грошы

У палітыцы фінансавая безадказнасьць прывабная, але гэта тое ж самае, што верыць, нібы зь нічога можна атрымаць нешта. Грунтаваць найбуйнейшую ў сьвеце эканоміку на спадзеве, што агульныя правілы фінансавага разьліку яе не датычацца, надзвычай небясьпечна. Вялікі, трывалы дэфіцыт бюджэту ў ЗША ставіць пад пагрозу ня толькі дабрабыт Амэрыкі, але й эканамічную стабільнасьць ува ўсім сьвеце.

Агромністыя дзяржаўныя даўгі ЗША паглынаюць ашчаджэньні іншых краінаў, каб фінансавалася найбагацейшая эканоміка сьвету. Магчыма, неўзабаве гэта выкліча рост працэнтных ставак і замаруджваньне эканамічнага росту. Марнатраўства Амэрыкі можа справакаваць міжнародную фінансавую крызу, якая абернецца для людзей неверагодна цяжкімі стратамі.

Малыя краіны ня могуць дазволіць сабе фінансавую безадказнасьць на працягу доўгага часу: нацыянальная валюта абясцэньваецца, і ўрад больш ня здольны браць пазыкі. Але Злучаным Штатам інвэстары дазваляюць адхіляцца ад бясьпечнага курсу. Іх дзяржаўны доўг – знакамітыя доўгатэрміновыя аблігацыі дзяржпазыкі ЗША – дасюль лічацца надзвычай надзейным укладаньнем сродкаў. Дзякуючы сталай прывабнасьці дзяржаўных аблігацыяў вядучыя амэрыканскія палітыкі паверылі, што агульныя фінансавыя правілы іх не датычацца. Калі яны зразумеюць, што правілы ёсьць правілы, можа быць запозна. Сьвет можа ахапіць фінансавая крыза, маштабы якой выйдуць з-пад усялякага кантролю.

Каб ня чуць казаняў пра стрыманасьць у фінансавых паводзінах, у ЗША часта затыкаюць вушы. Хто ж адмовіцца ад бясплатнага сыру, калі даюць? Падвышэньне падаткаў і скарачэньне выдаткаў – заўсёды балючы захад, і палітычныя лідэры мусяць дакладна ведаць, што ён таго варты. Але давайце паглядзім на прыклад нядаўняга мінулага, каб хоць так абудзіць нашае палітычнае соннае царства.

На пачатку 80-х гг. ХХ ст. адміністрацыя Рэйгана скараціла падаходны падатак і павялічыла выдаткі на абарону, але не абмежавала іншыя вытраты. Прыхільнікі скарачэньня падаткаў прадказвалі: яно будзе такім стымулам эканамічнага росту, што ад дэфіцыту не застанецца ані знаку. Яны сьцьвярджалі: на дэфіцыт няма чаго зьвяртаць увагі, бо працэнтныя стаўкі ў выніку росту дзяржпазыкаў не павялічваюцца. Яны памыліліся і ў тым, і ў другім, а за бясплатны сыр давялося дорага заплаціць. На шчасьце, у 80-я гг. ХХ ст. высокі бюджэтны дэфіцыт выклікаў і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў аднолькавую рэакцыю. Абедзьве партыі прагаласавалі за павелічэньне падаткаў і знайшлі ў сабе сілы скараціць рост выдаткаў. Да канца 90-х гг. мінулага стагодзьдзя фінансавая адказнасьць і моцная эканоміка ператварылі дэфіцыт у прафіцыт.

Сёньня безадказнасьць вяртаецца. Зноў амэрыканская адміністрацыя прапагандуе рэзкае зьніжэньне падаткаў як спосаб стымуляваць эканамічны рост. Зноў нашмат павялічваюцца ваенныя выдаткі. Зноў бюджэтны дэфіцыт, які раней тлумачылі эканамічным спадам, не скарачаецца, нават калі эканоміка ідзе ўгору. Калі Злучаныя Штаты ў найбліжэйшай будучыні ня зьменяць курсу, цягам наступных дзесяці гадоў бюджэтны дэфіцыт захаваецца на ўзроўні 3,5 % ад ВУП, а потым рэзка ўзрасьце, бо старэньне грамадзтва будзе вымагаць росту выдаткаў на сацыяльную абарону і ахову здароўя.

Шмат у чым сёньняшні бюджэтны дэфіцыт яшчэ небясьпечнейшы за той, што быў у 80-я гг. ХХ ст. Да выхаду на пэнсію пакаленьня бэбі-буму засталося на дваццаць гадоў менш. Да таго ж, ЗША з найбуйнейшага ў сьвеце крэдытора ператварыліся ў найбуйнейшага даўжніка. Значна ўзрасла доля аблігацыяў дзяржпазыкі ЗША, якія належаць замежным інвэстарам, асабліва азіяцкім цэнтральным банкам. Павялічваецца залежнасьць ЗША ад зьменлівых настрояў іншаземцаў. Прыйдзе дзень, калі абачлівыя замежныя інвэстары ў якасьці кампэнсацыі за тое, што трымаюць свае актывы ў далярах ЗША, запатрабуюць больш высокіх працэнтаў. І што горш за ўсё, палітычная воля вырашыць праблему дэфіцыту разьвеялася, як дым. На прынятыя ў 90-х гг. ХХ ст. правілы наконт выдаткаў забыліся, а дзьвюхпартыйная кааліцыя, якая імкнулася аднавіць фінансавую дысцыпліну, распалася.

Паводле найбольш верагоднага сцэнару, амэрыканская адміністрацыя, як і раней, будзе пакрываць дэфіцыт за кошт пераважна замежных пазыкаў. Галоўнымі ахвярамі фінансавай безадказнасьці стануць амэрыканцы: яны на сабе адчуюць рост працэнтных ставак, рост інфляцыі, замаруджваньне тэмпаў эканамічнага разьвіцьця. На абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу будзе ісьці большая доля сабраных падаткаў. Узрослы доўг цяжкім бярэмем ляжа на плечы наступнага пакаленьня падаткаплатнікаў, якім да таго ж давядзецца сутыкнуцца з праблемай хуткага старэньня насельніцтва. Урэшце ўрад уздыме падаткі і скароціць вытраты значна больш, чым калі б на гэтыя захады пайшлі раней. Аслабеньне амэрыканскай эканомікі амаль непазьбежна адаб’ецца на эканоміцы сусьветнай. І гэта ў самым лепшым выпадку. Яшчэ больш змрочны варыянт – гэта калі інвэстары (а сярод іх багата й амэрыканцаў) страцяць веру ў здольнасьць ЗША весьці свае фінансавыя справы і скіруюць свае сродкі ў іншыя краіны. Велізарны адток капіталу паскорыць абвал даляра, выкліча скачок працэнтных ставак і інфляцыю. Гэтае цунамі ў найбуйнейшай эканоміцы сьвету абрынецца на міжнародныя рынкі, станецца бедзтвам для шмат якіх разьвіваных краінаў.

Палітычных лідэраў Амэрыкі чакае выпрабаваньне: як пазьбегнуць магчымай катастрофы ці яшчэ больш верагоднага павольнага прамантачваньня багацьця? Ці прызнаюць абраныя ўлады, што прадыктаваныя здаровым сэнсам правілы фінансавай адказнасьці датычацца ЗША, як і кожнай іншай краіны? Ці зробяць яны цяжкі выбар, безь якога не аднавіць фінансавага здароўя самай галоўнай у сьвеце эканомікі?

[да зьместу артыкула]

  ЭЛІС М. РЫЎЛІН
прафэсар Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту. Уваходзіла ў склад адміністрацыі прэзыдэнта Клінтана, займаючыся фінансавымі справамі.

   

Фарыд Закарыя
Нянавісьць да Амэрыкі

12 верасьня 2001 г. рэдактар газэты «Le Monde» Жан-Мары Калянбані напісаў знакамітую фразу: «Сёньня мы ўсе – амэрыканцы». Прайшло тры гады, і цяпер, здаецца, мы ўсе – антыамэрыканцы. Ніколі цягам апошніх 50 гадоў нянавісьць да Злучаных Штатаў не была настолькі глыбокай і ўсёахопнай. Часта сьцьвярджаюць, што заходнеэўрапейцы не прымаюць замежнай палітыкі ЗША, бо іх зрабілі мяккацелымі мір і дабрабыт. Але ЗША сутыкаюцца з амаль аднолькава моцнымі антыамэрыканскімі настроямі і ў Турцыі, і ў Індыі, і ў Пакістане, а ніводную з гэтых краінаў не назавеш багатай, постмадэрнай або пацыфісцкай. Ніводная краіна, апроч Ізраілю і Брытаніі, ня мае сёньня трывалай праамэрыканскай большасьці.

У наш постыдэалягічны час антыамэрыканізм запоўніў вакуўм, пакінуты сьветапогляднымі сыстэмамі, што сплылі ў Лету. Ён зрабіўся магутнай і, мабыць, самай небясьпечнай тэндэнцыяй у міжнароднай палітыцы. Так, з амэрыканскім гегеманізмам ёсьць шмат праблемаў, але калі сьвет будзе на ўзроўні інстынктаў паўставаць супраць ЗША, у ім стане менш міру, менш узаемадзеяньня, менш заможнасьці, менш адкрытасьці і менш стабільнасьці.

Вядома, хваля антыамэрыканізму ў нечым выкліканая палітыкай адміністрацыі Буша і, што ня менш важна, стылем ягоных паводзінаў. З таго часу, як у Белым Доме атайбаваўся Буш, узровень сымпатыяў да ЗША рэзка ўпаў. Напрыклад, у 2000 г. 75 % інданэзійцаў называлі сябе праамэрыканцамі. На сёньня больш як 80 % варожа ставяцца да дзядзькі Сэма. У адказ на пытаньне, чаму яны ня любяць Злучаныя Штаты, людзі ў іншых краінах увесь час згадваюць Буша і ягоную палітыку. Але самая глыбіня і ўсёахопнасьць гэтай зьявы сьведчыць: рэч ня толькі ў Бушу. Зрэшты, францускі міністар замежных справаў зьедліва назваў «гіпэрдзяржаваю» Амэрыку Біла Клінтана, а ня Джорджа У. Буша.

Уздым антыамэрыканскіх настрояў зьвязаны таксама і зь фігурай улады. Сёньня ЗША – наймагутнейшая дзяржава за ўсю гісторыю сьвету. А засяроджваньне ўлады ў адных руках не абяцае нічога добрага. Як правіла, іншыя краіны пачынаюць хаўрусаваць, каб стварыць супрацьвагу звышдзяржаве. Як даводзіць гісторыя, астатнія аб’ядноўваюцца і зрынаюць прэтэндэнтаў на сусьветнае панаваньне – ад Габсбургаў і Напалеона да кайзэра Вільгэльма і Гітлера.

Больш за 50 гадоў Злучаныя Штаты пры дапамозе мастацтва дыпляматыі рабілі ўсё, каб адхіліць гэты нібыта непазьбежны закон гісторыі. ЗША карысталіся ўладай, у прынцыпе, па-добраму: дзейнічалі празь міжнародныя арганізацыі, разьвівалі адкрытую сыстэму гандлю, што спрыяла эканамічнаму росту іншых краінаў, прапаноўвалі дапамогу тым дзяржавам, якія мелі ў ёй патрэбу. Каб паказаць, што ад ЗША не зыходзіць пагрозы, Амэрыка штораз выяўляла глыбокую павагу, нават шанаваньне да значна слабейшых краінаў. Грубым сьцьвярджэньнем сваёй улады, ігнараваньнем міжнародных структураў адміністрацыя Буша паставіла крыж на дзесяцігодзьдзях тонкай дыпляматыі. Яна паказала, што раней Амэрыка абмяжоўвала сябе сама і што фактычна яна можа й адна рабіць усё, што захоча. Ня дзіва, што астатнім дзяржавам дужа не даспадобы гэты дысбалянс, і яны шукаюць спосабаў ставіць Амэрыцы палкі ў колы.

Аднак у прасоўваньні антыамэрыканізму ня меншую ролю адыгрывае ідэалягічны вакуўм. Палітоляг Фрэнсіс Фукуяма меў рацыю: распад Савецкага Саюзу азначаў таксама канец вялікай спрэчкі ідэалёгіяў, як лепш арганізаваць эканамічнае і палітычнае жыцьцё. Больш за стагодзьдзе супрацьстаяньне паміж сацыялізмам і капіталізмам ува ўсім сьвеце вызначала сутнасьць палітычных дэбатаў, фармавала палітычныя партыі і іх праграмы. Зь перамогай капіталізму сьвет застаўся без ідэалёгіі пратэсту, без сыстэмы ідэяў, што крытычна ставілася б да наяўнай рэчаіснасьці.

На пратэстную ідэалёгію заўжды ёсьць попыт. Яна дазваляе тым, хто не трапляе ў «асноўную плынь», будаваць свае дачыненьні са сьветам. Падобныя ідэалёгіі зазвычай узьнікаюць як рэакцыя на паноўныя тэндэнцыі. Росквіт капіталізму й дэмакратыі цягам апошніх 200 гадоў спарадзіў пратэстныя ідэалёгіі як «левых» (камунізм, сацыялізм), гэтак і «правых» (звышнацыяналізм, фашызм). Сёньня паноўная тэндэнцыя – улада Злучаных Штатаў, і паводзяцца яны пры гэтым надзвычай агрэсіўна. Антыамэрыканізм робіцца тыпам мысьленьня, сьветаўспрыманьнем, спосабам пазначыць сваё месца ў сьвеце. Ён сягае за межы палітыкі – у эканамічную й культурную сфэры. У Бразыліі, Нямеччыне, Пакістане, Кувэйце, Гішпаніі стаўленьне да Злучаных Штатаў было важным пунктам у нядаўніх выбарчых кампаніях. І паўсюль непрыманьне ўлады ЗША заваёўвала дадатковыя галасы выбарцаў. У шмат якіх краінах антыамэрыканізм выступае складнікам нацыяналізму. Пытаньне ставіцца рубам: ці можам мы супрацьстаяць звышдзяржаве? Столькі гаварылася пра тое, што зрабіць Злучаным Штатам, каб спыніць і пераламіць гэтыя тэндэнцыі. Але давайце на хвіліну ўявім, што будзе, калі ЗША перастануць выконваць ролю сусьветнага лідэра. Нават калі не заходзіць гэтак далёка ўсьлед за багатай фантазіяй і інтэлектам брытанскага гісторыка Наяла Фэргюсона, які ў артыкуле «Сьвет перад абліччам безуладзьдзя» малюе карціну поўнага хаосу, усё роўна атрымліваецца даволі змрочнае відовішча. Шмат у чым ЗША выступаюць як адзіная дзяржава, здольная на карысьць усім вырашаць набалелыя пытаньні. Хтосьці мусіць займацца праблемай тэрарызму, распаўсюду ядзернай і біялягічнай зброі. Можна абурацца некаторымі дзеяньнямі ЗША, але хто яшчэ захоча застрашаць, упрошваць, падкупляць краіны накшталт Лібіі, каб тыя адмовіліся ад тэрарызму і згарнулі праграмы стварэньня зброі масавага зьнішчэньня? Што датычыцца барацьбы з тэрарызмам, гандлю, СНІДу, распаўсюду ядзернай зброі, рэформы ААН, гуманітарнай дапамогі, то тут ЗША выконваюць незаменную функцыю.

Мацней за ўсё жаданьне абысьціся самім, без ЗША, будзе адчувацца ў Эўропе. Гэта адзіны іншы гулец, які мае дастаткова сілаў і досьвед, каб весьці рэй у сьвеце. Але калі Эўропа заявіць, што пойдзе адрозным ад Амэрыкі шляхам – мякчэйшым, далікатнейшым (назавіце як заўгодна), ці дадасьць гэта стабільнасьці ў сьвеце? Мэты ЗША і Эўропы ў большасьці пытаньняў прыкладна аднолькавыя: мір, адсутнасьць тэрарызму, вольны гандаль, пашырэньне свабоды, цывілізаваныя правілы паводзінаў. Калі Эўропа пракладае асобны курс толькі дзеля таго, каб падкрэсьліць сваю адрознасьць ад ЗША, гэта пагражае расколам у вырашэньні праблемаў сусьветнага маштабу. Арганізацыя гандлю, распаўсюд ядзернай зброі, Блізкі Ўсход – якое пытаньне ні вазьмі, Эўропа надта разьяднаная, каб вырашыць яго без ЗША. Яна можа толькі дабіцца, каб не ўдаліся пляны Амэрыкі. У выніку сьвет будзе плыць куды вецер павее, і над ім будзе ўсячасна вісець небясьпека, што неразьвязаныя праблемы аднойчы выбухнуць сапраўднай катастрофай. Замест двайнога выйгрышу атрымаецца двайны пройгрыш – для Эўропы, для Злучаных Штатаў, для ўсяго сьвету.

[да зьместу артыкула]

Пераклала з ангельскае мовы V. K.
  ФАРЫД ЗАКАРЫЯ
публіцыст, рэдактар «Newsweek International». Яго апошняя кніжка «The Future of Freedom: Illiberal Democracy at Home and Abroad» (New York: W. W. Norton & Co., 2003).

   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/07