A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Казакевіч
Суперновая сучаснасць:
Рэклама сістэмы і канец гісторыі


Фільм, які абмяркоўваецца ў гэтым артыкуле:

«Новейшая история» (12 серый). Аўтары: Юры Казіятка, Рыгор Кісель, Віктар Шавялевіч, Віктар Чамкоўскі, Аляксандр Рыдван // АНТ, эфір канец лістапада – пачатак снежня 2004 г.

          Але чаму пры тлумачэнні пэўнае гістарычнае эпохі мы пытаемся пра карціну свету? Ці кожная эпоха гісторыі мае сваю карціну свету, пры тым, каб сама кожны раз была заклапочана пабудоваю сваёй уласнай карціны свету?

М. Хайдэгер

Выказванне М. Хайдэгера, вынесенае ў якасці эпіграфа, цікавіць нас не параўнаннем еўрапейскай мадэрнасці з сярэднявеччам і антычнасцю, а ў значна больш вузкім сэнсе. Цягам практычна ўсіх 1990-х палітычная прастора мысліла катэгорыямі праекта нацыянальнага «адраджэння», дэмакратычнай «вестэрнізацыі», савецкай/славянскай «рэстаўрацыі». Але сёння палітычнае змаганне ідзе не паміж праектамі, а паміж карцінамі свету. Значна больш важна не паказаць, «якім можа быць свет» і як трэба пераўладкаваць грамадства, а даць назву існым рэчам і з’явам. Як ужо адзначалася некаторымі аўтарамі, на практыцы выяўляецца, што спрэчкі пра планы, змены і рэформы не такія важныя, як пытанне пра тое, ці называць Беларусь «апошняй дыктатураю ў Еўропе» або «дынамічнай, нармальнай і сучаснай краінай». Барацьба ідзе паміж светлым, дынамічным і прагрэсіўным вобразам краіны (мова ўлады) і рознымі альтэрнатывамі, якія ўказваюць на «ненармальнасць» існуючага дзяржаўнага ладу.

Сімволіка праектнасці, такая ўжывальная ў 1990-х, практычна страціла сваю палітычную значнасць і рэпрэзентацыю на візуальным узроўні. Улада заклікала галасаваць «За Беларусь» (вельмі канкрэтную і наяўную), а адным з галоўных сімвалаў яе кампаніі становяцца контуры Беларусі ў шкляным шары, якія варта захоўваць. «Пяць крокаў да лепшага жыцця» апазіцыі таксама былі не праектам, але вобразам магчымай іншай Беларусі.

Увага да карціны свету ёсць, напэўна, агульнай прыкметай стабілізаванае свядомасці, якая ўжо некалькі гадоў назад прыйшла на месца «крызіснай», заснаванай на праектах.

Серыял з 12 фільмаў «Найноўшая гісторыя» («Новейшая история»), выраблены Агульнанацыянальным тэлебачаннем (АНТ), ёсць адной са спробаў прэзентаваць карціну палітычнага ландшафту і генеалогіі Беларусі з 1990 г. З’яўленне такога прадукту ёсць праявай агульнага імкнення да самаапісання дзяржаўнай «сістэмы» Беларусі і канструявання ўласнай (уладнай) генеалогіі. Яшчэ ў 2001–2002 гг. гэтае імкненне не было заўважна, усё абмяжоўвалася стандартнай прапагандай ды маргінальнымі інтэлектуальнымі канструкцыямі1, але цяпер назіраецца перавытворчасць (выкліканая практычна неабмежаванай дзяржзамовай) розных канцэптуалізацыяў «беларускай мадэлі», версіяў беларускай генеалогіі ды сімволікі «незалежнае ды суверэннае краіны» (па-за межамі мовы нацыянальнага «адраджэння», натуральна).

  палітоляг, галоўны рэдактар часопісу «Палітычная сфера». Апошнія публікацыі – аналізы «Шумэр: кансэрватыўная мадэль сацыяльных зьменаў» і «Дэканцэптуалізацыя крэольства» (Палітычная сфера. 2005. № 4).
   
З улікам перавытворчасці мы маем вельмі розныя і якасцю, і зместам культурныя і ідэалагічныя прадукты, і тут «Найноўшая гісторыя» займае сваю нішу. У гэтым артыкуле мы паспрабуем прааналізаваць прэзентаваны ў ім новабеларускі прадукт ідэалагічнага дызайну. Гэта тым больш цікава, што серыял, без сумневу, прайшоў доўгі шлях узгадненняў, цэнзуры і адаптацыі і, тым не менш, шмат у чым прэзентуе іншы стыль і змест, чым большасць прадуктаў беларускіх тэлевізійных каналаў.

Для апісання «Найноўшай гісторыі» трэба высветліць яе жанр і палітычны кантэкст. Серыял выклікаў чаканую негатыўную рэакцыю ў «крытычных» і «апазіцыйных» колах і авацыі ў «афіцыйных». Але гэтая рэакцыя палітычна матываваная і прадказальная, закладзеная ў сам прадукт, які не хавае таго, што ствараецца з пэўных палітычных пазіцыяў. І крытыкуецца звычайна менавіта гэтая пазіцыя, а не ён сам.

Жанр фільма відавочны – гэта апісанне (самаапісанне) уладнай «элітай» сваёй ролі і месца ў гісторыі апошніх 15 гадоў, «аналітычная кадыфікацыя вядомых міфаў, ідэалагем і сімвалічных вобразаў беларускай сістэмы». Апісанне, зробленае з пэўных (прычым цалкам відавочных) палітычных пазіцый і для пэўных палітычных патрэб2. Трэба адзначыць, што як прадукт свайго жанру фільм дастаткова паспяховы і нават «збалансаваны». Гэта значыць, што крытыка яго за недакументальны характар не мае пад сабою ніякіх падстаў, як і нараканне на неадпаведнасць праўдзе. Гэта менавіта выкладанне ўласнай версіі праўды, якая павінна стаць праўдай «нацыі» праз аналітычную стылістыку і выкладанне ўласнай візіі як «відавочнасці, падмацаванай здаровым сэнсам». У гэтым палітычная мэта серыяла, прычына фінансавання зусім не таннага праекта.

  1 Кшталту панрусізму, «славянскага свету», якія дамінавалі да ідэалагічнага павароту 2001–2002 гадоў.
   
Калі аналізаваць агульны «ідэалагічны» фон стужкі, то не толькі ў параўнанні з тупаватымі прапагандысцкімі прадуктамі кшталту «Канспіралогіі», але і сучаснымі расійскімі «дакументальнымі» фільмамі на ОРТ ці НТВ у стылі якога-небудзь Мамантава яна выглядае дастаткова «нейтральнай». Прынамсі, у большасці выпадкаў пазбягаюцца відавочныя паталогіі і непатрэбныя хвалебныя ацэнкі – у такую гісторыю ўжо цалкам могуць паверыць і тыя, хто са скепсісам і іроніяй успрымае навіны БТ.

Трэба адзначыць, што толькі частка серыяў ёсць выкладаннем уласна гісторыі – прыблізна, адна шостая. Потым ідуць, хутчэй, «аналітычныя» і, магчыма, зацягнутыя серыі пра адносіны Беларусі з Захадам і Расіяй (у якіх выкладаецца мала інфармацыі і якія шчыльна спалучаюцца з пустымі прапагандысцкімі сюжэтамі). Паступова ўзрастае колькасць палітычнай рэкламы, і апошнія дзве серыі выкананы цалкам у рэкламным стылі, дзе ад найноўшай гісторыі застаюцца толькі два элементы-сімвалы, да якіх робяцца ўстойлівыя адсылкі: крызіс і хаос пачатку 1990-х – стабілізацыя і парадак, якія прыносіць «разбудова выканаўчай вертыкалі» пасля прэзідэнцкіх выбараў 1995–1996 гг. Дарэчы, стыль стужак менавіта рэкламна-глянцавы («паказваць найлепшае, не казаць пра дрэннае»), а не звычайны прапагандысцкі, што можна лічыць крокам наперад у тэхналогіі афіцыёзу. У той жа час аўтары некалькі разоў губляюць пачуццё меры. Элітныя дамы, асабнякі і вялікія пакоі (як дасягненне беларускай «сістэмы») – гэта занадта крута. Па логіцы тут павінны прысутнічаць невялікія, але чыстыя і дабротныя кватэры з новаю мэбляй, каб не раздражняць людзей. Але глянцавы стыль накладвае свае адбіткі.

Як ужо было пазначана вышэй, «Найноўшая гісторыя» – фільм з прэтэнзіяй на адносную збалансаванасць, рафінаванасць ацэнак, цэнтральную візію, са значным ухілам да рэспектабельнасці і бляску, тэхналагічнасці і вялікага бюджэту. Серыял (асабліва пачатак) сапраўды мае карысны матэрыял па палітычнай гісторыі Беларусі. Ён, аднак, не раскрывае цэласнай карціны і сканцэнтраваны на акрэсленні генеалогіі палітычнай «сістэмы», зыходзячы з пастаўленых палітычных задач, але гэта не зніжае ягонай цікавасці.

Яшчэ большую цікавасць выклікае тое, што серыял стаў не аповедам палітычнай біяграфіі А. Лукашэнкі, але гісторыі і эвалюцыі ўсёй «сістэмы». Прынамсі, галоўныя ролі тут адыгрываюць не «прэзідэнт», які фігуруе практычна выключна як сімвалічны і арганізацыйны цэнтр, і не дзікаватыя «аналітыкі» (як у «аналітычных праграмах»), а бюракраты, сучасныя і былыя палітыкі, даследчыкі і іншыя досыць разнастайныя персанажы. Прысутнічае толькі самы мінімум маразматыкаў, якія «лаюць бэнээфаўцаў». Удзельнічае нават пэўная колькасць апазіцыйных палітыкаў і аналітыкаў, каб казаць пра пэўны ўзровень рэпрэзентатыўнасці (натуральна, што маніпуляцый з вобразамі і словамі тут досыць). Гэта фільм з пазіцыі і вачыма, умоўна кажучы, «новай эліты» – розных людзей, у якіх дзякуючы гэтай уладзе ўсё атрымалася. І рэкламуецца тут пераважна не прэзідэнт, як звычайна, а сістэма ўлады, спецыфічная палітычная і сацыяльная «мадэль», якая прэзентуецца як каштоўнасць, аснова дабрабыту і стабільнасці. З гэтага пункту гледжання паказальна функцыянаванне займенніка «мы» ў фразах розных персанажаў. «Мы адступілі ад абавязкаў дзеля міру і спакою», – кажа Уладзімір Канаплёў пры апісанні падзеяў 1996-га. Не проста «прэзідэнт», а «мы». Сяргей Лінг ужывае фразу кшталту «моладзь, якая прывяла яго (Лукашэнку) да ўлады», – не народ, сам прэзідэнт, але нейкія людзі, якіх Уладзімір Канаплёў называе «мы». Дзмітры Булахаў таксама часта кажа «мы зрабілі», «мы вырашылі» тады, калі звычайна кажуць «зрабіў прэзідэнт»3.

  2 Цяжка сказаць, што тут мела большае значэнне, чаканне прапагандысцкага эфекту для патрэбаў легітымацыі ці імкненне да самаапісання.<
   
Часам «Найноўшая гісторыя» прэзентуе адносна вольныя, з улікам нарматыўных рамак палітычнай рэкламы, інтэрпрэтацыі. Напрыклад, аб’яўляецца і нават падкрэсліваецца, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады без каманды, і яго перамога была інтэграцыяй у існуючую сістэму, але з новым сімвалічным капіталам. Калі літаральна разумець некаторыя выказванні персанажаў, то Лукашэнку можна ўвогуле разглядаць як «праект», створаны напярэдадні выбараў.

Міхаіл Сазонаў з добрай усмешкай расказвае пра тое, як нейкі старшыня райвыканкаму («настоящий хозяин района») выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс і здолеў забяспечыць перамогу ў раёне В. Кебіча. Лукашэнка пасля перамогі не адпомсціў яму, і той яшчэ доўга працаваў на сваёй пасадзе – гэта пра пытанне законнасці, барацьбы з карупцыяй і злоўжываннем. Некалькі разоў адзначаецца як натуральная і нармальная з’ява выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ўладнымі групамі ў палітычнай барацьбе 1995–1996 гг. Фігуруе нават меркаванне, што рэферэндум – «упрощенное обращение к людям» і што канстытуцыю ў 1996 г. ніхто, натуральна, не чытаў – усе проста галасавалі за прэзідэнта. Жарэс Альфераў выказвае сваю нязгоду з метадамі, якімі прэзідэнт рэарганізуе Акадэмію навук, потым, праўда, адразу пачынае адзначаць яго «агульную пазітыўную ролю», а Іван Антановіч прызнае памылкі ўлады падчас канфлікту ў Драздах (натуральна, вінаваты найперш Шушкевіч, але і самі зрабілі «не тое, што трэба»). Гэты шэраг можна дапоўніць словамі Мясніковіча пра «імперскія замашкі» расійцаў, пра якія «не пішуць у газетах». На гэтым дэманстрацыя «нейтральнасці» і крытычнасці сканчаецца.

Найноўшая гісторыя Беларусі складаецца з некалькіх этапаў-сімвалаў, кожны з якіх мае сваю сэнсавую нагрузку. Развал Саюза, крызіс-хаос першай паловы 1990-х, аднаўленне парадку ў 1994–1996 гг., дынамічнае і аптымістычнае развіццё пасля (фактычна з рэферэндуму 1996 г.). Сімволіка і героіка гэтых перыядаў часта дублюецца ў розных прадуктах афіцыйнай ідэалогіі і паступова кадыфікуецца ў пэўную генеалагічную цэласнасць.

Пачатак 1990-х. Крызіс і развал пачатку 1990-х выконвае функцыю універсальнай сметніцы, у якую можна скінуць усё негатыўнае, дэпрэсіўнае, паталагічнае, здрадніцкае і агіднае. Пасля гэтай эпохі любая іншая падаецца «нармальнай». Эпоха, якую ў фільме раз нават назвалі «крытычнай», калі дазвалялася крытычна ставіцца да ўлады. Часткова сімвалічны вобраз пачатку 1990-х ужо разладзіўся, але «Найноўшая гісторыя» прадстаўляе значна больш дэталізаваны і эмацыйны матэрыял.

Стабілізацыя. Сімволіка «стабілізацыі» звязана з цяжкім, але рашучым і няўхільным утаймаваннем палітычнага і эканамічнага хаосу – тушэннем пажару. Але гэтае ўтаймаванне мае свае выгадныя «кансерватыўныя» ўласцівасці, якія выразна адрознівалі Беларусь ад іншых краін, чый досвед, на думку аўтараў, быў разбуральным. Прэзідэнт імкнецца захаваць пераймальнасць, прадказальнасць і дэманструе здольнасць ісці на кампрамісы, што не зусім праўда.

Сутнасць разважлівай і памяркоўнай стабілізацыі адлюстроўваецца ў фразах каментатара кшталту «сінтэз старых і маладых кіраўнікоў», «паспяховы баланс ва ўрадзе». Як вынік адсутнасці ўласнага кадравага патэнцыялу, новая ўлада здзяйсняе інтэграцыю з «адыходзячай генерацыяй». Нікому не помсціла4.

  3 Гэты, напэўна, першы прадукт, у якім з’яўляюцца «мы», а таксама ўзгадваецца выкарыстанне палітычных тэхналогіяў для перамогі на выбарах 1994.
   
Паміж дзвюма згубнымі крайнасцямі – талоны, карткі і «шокавая тэрапія» – абіраецца трэці шлях (гэта важны элемент сімволікі), які дазваляе паспяхова пераадолець крызіс: паступовыя, асцярожныя (гэтае слова ўжываецца асабліва часта), сацыяльна арыентаваныя захады, заснаваныя на «здаровым сэнсе»5 і досведзе, а не на замежных тэарэтычных схемах і «ўказках чужых стратэгаў». Асноўная апора робіцца на ўласныя сілы. Ну і, натуральна, галоўным для «памяркоўнай і асцярожнай» палітыкі аказваецца «клопат пра людзей» і выкананне перадвыбарных абяцанняў6 – «знакаміты ўказ прэзідэнта цэны назад». Новая ўлада «ратуе краіну ад крызісу» праз увядзенне на прадпрыемствах прамога прэзідэнцкага кіравання, звальненне арганізатараў страйкаў 1994–1995 гг., забарону на скарачэнне працоўных месцаў і павышэнне цэнаў на камунальныя паслугі. Яна зусім не супраць рэформаў, але выступае за паступовасць, не супраць новых тэндэнцыяў, але прапануе асцярожны падыход. Асаблівай заслугай лічыцца ўвядзенне нацыянальнай валюты (з нейкіх прычын гэты факт узгадваецца ў серыяле шмат разоў) як важнага атрыбута дзяржаўнасці.

Улада таксама не прымае «праграмы прыватызацыі, падрыхтаванай М. Чыгіром», што дазволіла захаваць дзяржаўную ўласнасць і кантроль над эканомікай. Роля прэм’ер-міністра М. Чыгіра (1994–1996) і старшыні Нацбанка с. Багданкевіча (1991–1995), як, дарэчы, і В. Кебіча, увогуле ацэньваецца негатыўна, дарма што неаднаразова сцвярджаецца, што асноўная праца па эканамічнай «стабілізацыі» была праведзена менавіта ў гэты час. Трэба думаць, насуперак дзейнасці гэтых асоб.

Палітычная «стабілізацыя». Фармаванне сучаснага палітычнага рэжыму (паводле версіі фільма, «нармалізацыя» ды «стабілізацыя») праяўляюцца ў двух ключавых момантах: стварэнні «прэзідэнцкай вертыкалі» (што лічыцца вялікім дасягненнем) і рэферэндумах 1995–1996 гг. Гэта суправаджаецца збольшага слушнай крытыкай неэфектыўнасці працы органаў кіравання ў пачатку 1990-х.

Умацаванне ўлады – гэта выбар паміж тым, «ці быць адзінай краінай або нацыяй, падзеленай палітычнымі рознагалоссямі». Са стварэннем «вертыкалі» краіна робіцца кіраванай. І выхад газеты з «белымі плямамі» – гэта, натуральна, нармальная сусветная практыка пры пераходзе да дэмакратыі. Рэферэндум 1995 г. быў «захадам па аслабленні нацыяналістычных палітыкаў» і «важным ідэалагічным дзеяннем». Хоць увогуле крытыцы «нацыяналістаў» адводзіцца нечакана мала месца. Нацыянальныя сімвалы (бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня») «ненармальныя», акрамя традыцыйнага абвінавачання ў «калабарацыянізме» адзначаецца «паспешнасць у адмежаванні ад савецкае спадчыны», а новыя сімвалы названы «найбольш прымальнымі для насельніцтва і мэтазгоднымі з гістарычнага (!) пункту гледжання». Дарэчы, «аслабленне нацыяналістаў» ішло зусім не талерантнымі метадамі, далёкімі ад дэклараванага «пошуку згоды». У фільме прысутнічаюць кадры, дзе, у тэрміналогіі серыяла, «група энтузіястаў» здымае і рве дзяржаўны сцяг, чым не толькі парушае закон, але і абражае значную частку беларускага грамадства, якая з гэтага часу робіцца рэпрэсаванай, «апазіцыйнай» і негатыўнай ва ўсіх іншых значэннях. Агульнанацыянальнага «сінтэзу» ні на ўзроўні сімволікі, ні на ўзроўні грамадства не адбылося.

Дарэчы, фільм цалкам прапускае падзеі вясны 1996 г. (і вулічнага супрацьстаяння ўвогуле), масавыя акцыі пратэсту і сутыкненні ў Менску. Гэта вялікі дакументальны недахоп «гісторыі», тым больш, калі гэта зроблена наўмысна (для актуалізацыі вобразу «адноснага спакою»).

Падзеі рэферэндуму 1996 г. асветлены з відавочным імкненнем «карэктнага» іх прачытання, нават з пэўнай кропляй «прымірэння», і падаюцца як самы «складаны і драматычны эпізод найноўшай гісторыі Беларусі». Перад пачаткам аповеду пра рэферэндум пускаецца блок пра «прагрэс у эканоміцы», «пачатак росту» і г. д.

Міна пад канстытуцыйны лад была закладзеная самой сістэмай (не толькі створанай у 1994 г., але і камуністычнай), якая правакавала пастаянныя канфлікты паміж выканаўчай і заканадаўчай уладай (старая эліта не хацела здаваць свае паўнамоцтвы), што «неабходна было» стабілізаваць. Вінаватымі былі не людзі і не кіраўнікі парламента, але «сістэма»7, таму яе змена была неабходная, больш за тое (гэта асабліва падкрэсліваецца): непазбежная. «У Беларусі, прынамсі, гэта абышлося без стрэлаў і чалавечых ахвяр», – сцвярджаецца на фоне кадраў расстрэлу Белага дома ў Маскве 1993 г. Гэта суправаджаецца маналогам Рыгора Васілевіча пра тое, наколькі ў Беларусі добрая канстытуцыя, збалансаваная і дэмакратычная, і Дзмітрыя Булахава, які кажа пра яе як пра «очень мощный инструмент»8. Рэальнае кіпенне палітычных падзей і канфлікты («на грані вайны») народ вырашае мірам дзякуючы прэзідэнту, які абвяшчае рэферэндум дзеля міру і спакою. У гэты час Вольга Абрамава спакойным голасам класіфікуе акругі ў г. Менску на «цэнтрысцка-дэмакратычныя», якія, натуральна, за прэзідэнта, і «радыкальна-дэмакратычныя», якія, адпаведна, супраць і якіх «было няшмат».

  4 З візуальнага пункту гледжання генеалогія лепей за ўсё адлюстравана ў роліку, якія папярэднічае кожнай серыі. Дынаміка і напор эпохі апошніх гадоў СССР (у кадры савецкая сімволіка, М. Гарбачоў) заканчваецца пагрозлівым падпісаннем белавежскіх пагадненняў (у кадры момант падпісання). Пачынаецца нейкая новая дынаміка (мітынгі, новыя грошы, газеты з надпісам «карупцыя»), якая завяршаецца жабрацтвам і безнадзейнасцю (у кадры павольна рухаецца засмучаны пенсіянер). І раптам зноў надзея, дынаміка (выява брашуры «Заканадаўчыя акты «Аб выбарах прэзідэнта»): Лукашэнка прымае прысягу. Цікава, што на Законе змешчаны сучасны герб (а не «Пагоня»), а Лукашэнка прымае прысягу на фоне чырвона-зялёнага сцяга (!). Музыка дае пачуццё павольнасці і ўпэўненасці, якая пераходзіць у трыумф. Візуальны рад дэманструе новыя дасягненні, росквіт і стабільнасць, вайсковую моц, павагу да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, клопат пра культуру. У кадры з’яўляюцца заснежаныя горныя вяршыні («зияющие высоты», дасягнутыя Беларуссю), на якіх чалавек махае чырвона-зялёным сцягам. Усё канчаецца панарамаю Беларусі.

5 Па версіі фільма – асноўны пастулат кампаніі А. Лукашэнкі ў 1994 годзе.

6 Нават сцвярджаецца, што ўмовы МВФ абавязкова б прынялі, каб не гэтая акалічнасць.

   
Сучаснасць. На гэтым уласна гісторыя як паслядоўная змена палітычна значных падзей заканчваецца, і пачынаецца светлая, квітнеючая («хоць пакуль і існуюць пэўныя праблемы»), дынамічная, аптымістычная і прагрэсіўная сучаснасць. Сучаснасць, створаная і легітымізаваная народам і ініцыяваная прэзідэнтам. Адзінае, што дапаўняе і трошкі дэстабілізуе гэтую аформленую і самадастатковую сучаснасць, гэта знешнепалітычны кантэкст (гэта застаецца «жыццём у барацьбе» і захаванне «шматвектарнасці»), які ўжо не такі істотны9. Як і належыць, сучаснасць насычана не толькі «стабільнасцю» і «ўпэўненасцю», але і тэхнічнай дынамікай, эканамічным ростам, ростам якасці, дабрабытам, нават пры расказе пра сельскую гаспадару кажуць не пра калгасы, а пра заводы і фермераў. Прагрэс ва ўсіх кірунках: Экспарт, Жыллё і Харчаванне. Сучасная палітыка сябе цалкам апраўдала, пра што кажа Уладзімір Навіцкі, паралельна даказваючы (тым, хто не ведае), што ў нас ніжэйшыя цэны, чым на Захадзе. Адным словам, у нас нармальная краіна, і надалей усё будзе нармальна, бязладдзе належыць гісторыі, стабільнасць належыць сучаснасці.

  7 Ну і ЗША, зразумела, якія прамылі Шарэцкаму мазгі і аддалі загад фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» валіць прэзідэнта.

8 У сваю чаргу, праект апазіцыі Васілевіч, кажучы «з пазіцыі права», называе непрымальным.

   

Такім чынам, мы маем якасны ідэалагічныя прадукт (які адначасова ўтрымлівае пэўную колькасць цікавай інфармацыі), але з пэўным ссунутым цэнтрам цяжару. Гэта рэклама сістэмы з выкладаннем яе генеалогіі (менавіта рэклама, а не прапаганда, як большасць прадуктаў такога кшталту). Калі стыль звычайных палітычных праграм асацыюецца з цынічным ці дзікаватым і закамплексаваным аналітыкам (часта на мяжы паталогіі), то вобраз «Найноўшае гісторыі» іншы. Яна расказваецца ад імя пакуль невыразна акрэсленай «новай эліты», усіх тых хлопчыкаў, старых і новых бюракратаў, палітыкаў, якія шмат атрымалі пры гэтай сістэме і ў якіх «усё ў парадку». І таму гэта, перш за ўсё, іх «гісторыя». Гэта іх «найноўшая гісторыя», якая скончылася недзе ў 1996–1997 гг., саступіўшы месца аптымістычнай сучаснасці.

Ад гэтага часу гісторыя тычыцца толькі несучасных (тых, хто выпаў ці супраціўляецца сучаснасці з пазіцыі ўладнага дыскурсу), несістэмных і маргінальных рухаў і арганізацый.

  9 Крытыка Захаду ў фільме дастаткова стрыманая. Ацэнкі інтэграцыі з Расіяй вельмі стрыманыя, што цяпер можна лічыць ідэалагічным стандартам: саюз з ёй – выключна эканамічная мэта паводле ўзору ЕС, а не СССР. Нават узгадваецца пра «раскол грамадства» ў пытанні інтэграцыі – Пазняк мітынгуе, камуністы (Калякін) выступаюць за поўнае ўз’яднанне, а галоўнай пазіцыяй Лукашэнкі на перамовах называецца «суверэнітэт перш да ўсё».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/07