A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (38) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ГЕОРГІЙ НАВІЦЫЯН | ||||
Перадумовы ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ў святле ўзаемадзеяння Рыма і варвараў у I–VI стст. Беручыся за гэтую невялічкую працу, шаноўнаму чытачу давядзецца ізноў сутыкнуцца са спробай даследавання перадумоў утварэння Вялікага Княства Літоўскага. Спробы такія ёсць справай даволі няўдзячнай. Паколькі тэма дадзеная распрацавана ў гістарычнай навуцы вельмі падрабязна і многія гісторыкі і людзі іншых заняткаў маюць на яе вельмі рэзка акрэслены пункт гледжання, любому новаму выказванню звычайна наканаваны няўдзячны лёс: у адных выпадках яно проста праходзіць незаўважаным сярод безлічы іншых меркаванняў, у іншых – жорстка крытыкуецца з самых розных навуковых ці палітычных пазіцый. Тым не менш, пытанне ўтварэння ВКЛ ёсць невычарпальным нават само па сабе ў сілу сваёй складанасці і цікавасці. Калі ж улічыць, што яно ўтрымлівае ключ да разумення многіх наступных стагоддзяў гісторыі краін, што ўваходзілі ў яго склад, і нават іх суседзяў, то становяцца зразумелымі бясконцыя спробы гісторыкаў да асэнсавання гэтай тэмы. Таму папросім у чытача індульгенцыі за спробы прапанаваць яму разважанне над тым, што ён і сам, магчыма, рупліва вывучаў. Наша работа не мае імкнення зрабіць поўны аналіз паходжання і ўтварэння ВКЛ. Яна не прэтэндуе на абвяржэнне ці ўдасканаленне існуючых на гэты конт агульных тэорый. Яна толькі спрабуе падаць іншы погляд на асобныя аспекты гэтага гістарычнага працэсу і дазволіць пабачыць добра вядомыя і грунтоўна даследаваныя рэчы ў іншым ракурсе.
Перш за ўсё, паколькі, паводле нашага трывалага меркавання, гістарычны працэс у грамадстве развіваецца пераважна ў палітычных формах, мы пакінем убаку этнічныя і іншыя фактары працэсу як другасныя. Гэта дазволіць нам пазбавіцца многіх неістотных дэталяў, якія зацямняюць ход падзей, і засяродзіцца на агульных заканамернасцях, якія дапамогуць аднавіць вялікую панараму. Па-другое, ідучы ў рэчышчы палітычнай гісторыі, вызначымся з колам дзейных палітычных суб’ектаў. Пры гэтым мы выкарыстаем шырокі падыход і не будзем абмяжоўвацца рэгіёнам Панямоння як калыскай ВКЛ. Нават у часы сярэднявечнай дробнасці маленькія ваяўнічыя дзяржавы ніколі не складаліся ў простую арыфметычную суму, а ў сукупнасці дзейнічалі як пэўная сістэма, хай сабе рыхлая і кепска структураваная. Таму падзеі ў Панямонні спараджаліся фактарамі, якія ўзнікалі далёка за межамі рэгіёну. Працэсы ж, якія там адбываліся, рабілі далёкасяжны ўплыў. Адпаведна, мы будзем звяртаць увагу не толькі на Літву, Ятвязь, панямонскія старажытнарускія землі і Полацкае княства, але і на Смаленскую і Тураўскую землі, Валынь, Польшчу, крыжакаў у Падзвінні, падуладных Полацку ліваў, латгалаў і земгалаў. У якасці галоўных суб’ектаў працэсу мы вылучым з, так бы мовіць, балцкага боку Літву і Ятвязь, са старажытнарускага – Полацкую, Смаленскую, Тураўскую і Валынскую (разам з яе панямонскімі ўладаннямі) землі. Абмовімся асобна, што пералічаныя старажытнарускія землі мелі падобны палітычны і грамадскі лад і знаходзіліся ў параўнальным знешне- і ўнутрыпалітычным становішчы, што і прыцягнула іх да працэсу ўтварэння ВКЛ. Па-трэцяе, зыходзячы з пастулату аб цыклічнасці і паўтаральнасці гісторыі, мы будзем параўноўваць нашу сітуацыю з іншымі падобнымі працэсамі сусветнай гісторыі. Аналогіі з іншымі падзеямі дапамогуць нам лепей прасачыць логіку падзей і вылучыць заканамернасці сярод мноства фактаў. Асноўнай аналогіяй будзе параўнанне працэсу ўтварэння ВКЛ як узаемадзеяння старажытнай Русі і Літвы з узаемадзеяннем паміж Рымскай імперыяй і варварамі, якое прывяло да ўтварэння варварскіх каралеўстваў, што спалучалі ў сабе рымскія і германскія элементы. Па-чацвёртае, мы не будзем кідацца ў вір падзей ХІІІ ст., у якіх ВКЛ і выкрышталізавалася. Паколькі нашай задачай ёсць даследаванне перадумоваў утварэння ВКЛ, то мы засяродзімся на падзеях ХІІ ст., якія гэтаму ўтварэнню і папярэднічалі. Даследуем карані, каб лепей разумець шаты. На першы погляд, гэта можа падацца дзіўнаватым. Гэта выглядае як дэтэктыў з ужо ўсім вядомым канцом, бо такія падзеі ХІІІ ст., як узвышэнне Міндоўга, барацьба з крыжакамі, паступовае праяўленне абрысу будучай Беларусі, дрэйф земляў Русі ў розныя бакі пасля ваенных катастроф сярэдзіны стагоддзя, даследчыкамі апісаныя вельмі падрабязна. Прыгледзеўшыся, мы заўважым, што падабенства да канчатку дэтэктыва сапраўды прысутнічае. Мы бачым герояў і ў асноўных рысах ведаем іх учынкі, але карані і матывы іх дзеянняў вядомыя слаба, бо захапіўшыся развязкай падзей, тыя, хто даследаваў ХІІІ ст., значна менш увагі звярталі на іх завязку. Досыць часта робяцца спробы асэнсаваць найважнейшыя працэсы грамадскага развіцця ў ХІІІ ст. зыходзячы з семантычнага тлумачэння пэўнай фразы ў летапісе і звесці іх да механічнага набору асобных ваенных і палітычных падзей, якія ў выніку склаліся пэўным чынам, але пад уплывам выпадковых фактараў маглі скласціся цалкам адрозна, як шкельцы ў калейдаскопе. Гісторыя набывае выпадковы і суб’ектывізаваны характар, залежны ад адвольных учынкаў дзейных асоб і збегу абставін. Будучы аддаленымі на светлавыя гады ад гістарычнага дэтэрмінізму, мы ўсё ж мусім прызнаць, што падзеі ХІІ ст. ужо праторылі рэчышчы, у якіх персанажам ХІІІ ст. даводзілася дзейнічаць, і да пэўнай ступені прадвызначылі лініі іх паводзін. Таму будзем ласкава прасіць чытача не крыўдаваць на нас за незавершанасць нашага дэтэктыва. Справа гэтая была зроблена яшчэ да нас, і мы толькі спрабуем трошкі дапамагчы майстрам канчатка разабрацца з завязкай. Як мы і абяцалі, пачнём з палітычных працэсаў, якія мелі месца ў старажытнай Русі ў ХІІ ст. Асноўным працэсам у Полацкім княстве і Кіеўскай дзяржаве было іх драбленне на асобныя ўдзелы. Полаччына распалася на шэраг удзелаў. З Кіеўскай дзяржавы выдзеліліся Смаленская і Тураўская землі, з якіх у меншай ступені Смаленшчына і ў большай Тураўшчына таксама зведалі працэс драблення. З’ява гэтая адбывалася цалкам натуральна і нагадвала працэсы ў іншых краінах Еўропы. Развіццё дзяржаўнай інфраструктуры на прасторах Русі рабіла магчымым і мэтазгодным аўтаномію асобных земляў у супрацьвагу вялізным і няўклюдным раннесярэднявечным дзяржавам, якія страцілі эфектыўнасць і не адпавядалі запытам грамадства. Поспехі мясцовай гаспадаркі ў спалучэнні з яе натуральным характарам стваралі эканамічны падмурак самадастатковасці асобных земляў. Аб’ектыўныя памкненні земляў да самастойнасці знаходзілі прыхільную рэакцыю з боку князёў. Ранейшая сістэма часовага прызначэння князя для кіравання асобнай зямлёй з наступнай ратацыяй рабіла іх становішча вельмі нетрывалым і ненадзейным. Укняжанне ў асобнай зямлі і магчымасць перадачы свайго стала ў спадчыну значыла замацаванне іх статусу і задавальненне асабістых амбіцый. Спалучэнне аб’ектыўных патрэб земляў і суб’ектыўных імкненняў князёў прывяло да распаду Полацкага княства і Кіеўскай дзяржавы і замацавання на мясцовых пасадах асобных дынастый. Войны за адасабленне склалі значную частку падзей палітычнай гісторыі. На этапе заваявання самастойнасці ад сваіх былых цэнтраў (адпаведна, Полацка і Кіева) унутрыпалітычнае становішча розных полацкіх удзелаў, Смаленскай і Тураўскай земляў характарызаваліся супадзеннем інтарэсаў князя, мясцовай знаці ды паспольства і адсутнасцю вялікіх канфліктаў паміж імі. Ваенныя акцыі звычайна праходзілі пры актыўным удзеле паспалітага рушэння. У гэтай сувязі дастаткова прыгадаць мужную абарону Глебам Усяславічам Менска ад паўднёварускіх войскаў у 1104 і 1117 гг., якая не магла ажыццяўляцца без падтрымкі насельніцтва, народную падтрымку ваенных мерапрыемстваў Расціслава Мсціславіча Смаленскага ці сумеснае адстойванне Юр’ем Яраславічам і тураўцамі незалежнасці сваёй зямлі ў 1158 г. Але сітуацыя неўзабаве змянілася. Замацаванне асобных адгалінаванняў Рагвалодавічаў і Рурыкавічаў на мясцовых стальцах прывяло да таго, што князі пачалі разглядаць свае землі як «вотчыны», то бок як нейкую дадзенасць, якой вольна было распараджацца паводле свайго жадання. Князі пераставалі разглядаць сябе як урадоўцаў, пастаўленых да ўлады са згоды паспольства зямлі дзеля абароны яе інтарэсаў. Дзяржаўны апарат у асобе князёў і іх дружын набываў самадастатковасць і пераследаваў, у першую чаргу, свае ўласныя інтарэсы. Гэтая тэндэнцыя знайшла выражэнне ў бясконцых войнах паміж князямі з мэтай пераразмеркавання ўдзелаў, памнажэння сваёй магутнасці і ўплыву, набыцця матэрыяльных каштоўнасцяў. Міжкняжацкая барацьба набыла пераважна дынастычную форму. Гэта значыць, змаганне ішло за інтарэсы княжацкіх сем’яў, а не земляў. Прэтэнзіі на той ці іншы пасад грунтаваліся на прынцыпах старшынства ці спадчыннасці, абумоўленых не інтарэсамі зямлі, а асабістымі роднаснымі адносінамі паміж адгалінаваннямі княжацкіх родаў. Саюзы паміж князямі часта заключаліся ў форме дынастычных шлюбаў, што ізноў пры вызначэнні напрамкаў знешняй палітыкі прыводзіла да перавагі асабістых сувязяў над грамадскімі інтарэсамі. У выніку, палітыка на Русі набыла характар найскладанейшага хітраспляцення саюзаў і варожасці паміж шматлікімі адгалінаваннямі княжацкіх родаў. Другараднага канфлікту з-за перыферыйнага горада магло быць дастаткова, каб дэстабілізаваць усю палітычную сістэму Русі з непрадказальнымі наступствамі. Важным фактарам, які дазваляў князям весці сваю палітыку такім адвольным і эгаістычным чынам, было набыццё імі пэўнай эканамічнай самастойнасці. ХІІ ст. было часам росту княжацкай «вотчыны» ў вузкім сэнсе гэтага слова. Калі пад «вотчынай» у шырокім сэнсе разумелася ўся падуладная князю зямля, якой ён кіраваў паводле спадчыннага прынцыпу, «вотчына» ў вузкім сэнсе зводзілася да дамену князя. Дамен быў княжацкай уласнасцю, а статус ягоных насельнікаў ужо насіў рысы асабістай залежнасці ад князя. Такім чынам, у дамене ўжо можна ўбачыць зародак феадальнай будовы грамадства, якая атрымала развіццё ў пазнейшыя стагоддзі. Існавалі розныя шляхі ўзнікнення княжацкага дамену і яго далейшага росту. Першапачатковы дамен, відаць, уяўляў сабой абшчынную зямлю, дадзеную князю дзеля пракорму яго і ягонай сям’і, як гэта было ў Смаленскай зямлі. Далей ён мог пашырацца як мірным, так і гвалтоўным шляхам. Першы палягаў у асваенні ці набыцці незанятых земляў, якіх пры невялікай шчыльнасці насельніцтва на Русі было шмат. Меншую, але таксама важную ролю адыгравала гвалтоўнае пашырэнне дамену, што таксама добра прасочваецца на прыкладзе Смаленскай зямлі. Адным спосабам гвалтоўнага пашырэння было прыўлашчванне князем заваяваных земляў. Значная частка даменіяльных уладанняў смаленскіх князёў знаходзілася ў землях паўночных радзімічаў, захопленых Расціславам Мсціславічам у чарнігаўскіх Ольгавічаў. Для замацавання гэтых земляў за сабой смаленскі князь заснаваў там гарады Імсціслаў (Мсціслаўль) і Рослаўе (Расціслаўль). Як можна выснаваць на падставе Статута Расціслава 1136 г., княжацкі дамен развіваўся і ў цэнтральнай частцы Смаленскай зямлі. Гэты працэс адбываўся ўжо іншым спосабам – спосабам гвалтоўнага падпарадкавання сабе вольных абшчыннікаў. Менавіта аб такіх дзеяннях кажа ў сваім пасланні мітрапаліт Клімент Смаляціч: «Да скажю ти сущих славы хотящих, иже прилагают дом к дому и села к селом, изгои же и сябры, и бърти, и пожни, ляда же и старины». Дамены пашыраліся і на іншых старажытнарускіх землях, аб чым кажа адзначанае ў іпацьеўскім летапісе дараванне ўдавой Глеба Усяславіча Анастасіяй Яраполкаўнай Кіева-Пячэрскаму манастыру пяці сёлаў з людзьмі. Маюць рацыю тыя даследчыкі, якія кажуць аб нязначнасці княжацкага землеўладання ў агульнай карціне грамадскага ладу Русі ХІІ ст. Усё ж, нават і на нязначнай ступені развіцця дамен быў у стане забяспечыць пэўную эканамічную самастойнасць князя ад знаці і паспольства падуладнай яму зямлі, каб праводзіць сваю палітыку без аглядкі на іх думку. Варта таксама кінуць хуткі позірк на прыроду даменіяльнай гаспадаркі і мэты, якім яна служыла. Як высвятляецца, асноўнай галіной даменіяльнай гаспадаркі была жывёлагадоўля, і больш спецыфічна конегадоўля, якая развівалася вельмі шпаркімі тэмпамі ў параўнанні з земляробствам. Войны «бес перестани» патрабавалі зброі і коней. Князям давялося заняцца конегадоўляй для ваенных патрэб. Выснова гэтая адкрывае нам сапраўднае значэнне развіцця княжацкага дамену ў ХІІ ст. і ўнёсак, які яно зрабіла ў палітычную і ваенную гісторыю. Дамен быў часткова народжаны вайной і для вайны ж і выкарыстоўваўся. Папросту кажучы, уласная гаспадарка князёў стала іх своеасаблівым ваенна-прамысловым комплексам, які дазваляў ім эканамічна падтрымліваць свае ваенныя мерапрыемствы і пастаўляў ім некаторыя віды неабходных рэсурсаў, у прыватнасці, баявых коней. З’яўленне і пашырэнне княжацкіх даменаў было адным з фактараў, якія далі князям магчымасць распачынаць войны на ўласны страх і рызыку. Не дзіўна, што гісторыя ХІІ ст. была насычаная вялікімі і малымі войнамі настолькі, што любы яе пераказ нязменна заблытвае нашчадкаў у гушчары падзей і робіць вельмі цяжкім адсочванне іх асноўных ліній. Тым часам, занятыя міжусобнымі войнамі і звадамі князі адарваліся ад сваіх земляў ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Набыўшы самастойнасць ад грамадства, яны ў той жа час сталі гэтаму грамадству менш патрэбнымі, але страта пачуцця рэчаіснасці не дазволіла ім гэта хутка зразумець. Калі ў ХІ ст. у сваіх памкненнях да стварэння завершанай і эфектыўнай сістэмы палітычнай арганізацыі грамадствы Полацкага княства і Кіеўскай дзяржавы звярталіся да князёў і дружын, то ў ХІІ ст. засяроджванне князёў на міжусобных войнах вымусіла грамадства асобных земляў да развіцця інстытуту самакіравання ў выглядзе адноўленага веча. Стары-новы палітычны інстытут, які чакаў князёў па іх вяртанні дадому з бясконцых войнаў, часта быў для іх непрыемным сюрпрызам. Не адзін князь зведаў на сабе цяжкую руку народнага прадстаўніцтва. Веча ХІІ ст. было спадкаемцам народных сходаў перыяду ваеннай дэмакратыі, але ўжо далёка не ўяўляла сабой сходу ўсіх вольных і ўзброеных мужчын дадзенага грамадства. Яно мела характар ужо не агульны, а прадстаўнічы. Тэрытарыяльная арганізацыя грамадства проста фізічна не дазваляла ўсім вольным абшчыннікам, раскіданым па вялізных абшарах, браць удзел у прыняцці рашэнняў. Фактычна абмеркаванне і вырашэнне надзённых справаў абмяжоўвалася насельніцтвам стольнага горада зямлі, якому абавязаныя былі падпарадкоўвацца і іншыя гарады зямлі, званыя прыгарадамі. Больш за тое, даследаванні паказваюць, што памер тых плошчаў, на якіх праводзіліся зборы веча ў рускіх гарадах, не дазваляў сабраць там нават усіх мясцовых жыхароў. Гэта вядзе нас да думкі, што веча складалася толькі з прадстаўнікоў канцоў ці іншых тэрытарыяльных адзінак гораду, якія і мусілі выражаць волю агульнай масы грамадства. Іншым пытаннем было, наколькі яны гэтую волю сапраўды выражалі. Даследчыкі разыходзяцца ў ацэнках сацыяльнага характару веча, але мы выкажам асцярожнае меркаванне, што вечавыя прадстаўнікі ў асноўным паходзілі з верхніх слаёў грамадства. Гэта была земская знаць, якая вяла сваё паходжанне ад старой родавай невайсковай знаці, старэйшыя дружыннікі, якія з нейкіх прычын разарвалі сувязі з княжацкай службай, а таксама разбагацелыя гандляры і рамеснікі. Калі мы маем рацыю, то веча мела характар да пэўнай ступені арыстакратычны. Веча было формай альтэрнатыўнай арганізацыі грамадства ў супрацьвагу княжацкай уладзе. Арыстакратычны ж яго характар яшчэ і ўзмацняў супярэчнасць з княжацкай уладай, што імкнулася да самаўладства. Аднаўленне веча дало магчымасць земскай знаці ўзяць рэванш за сваю паразу на досвітку дзяржаўнасці. Магчымасць была тым больш рэальнай, што інтарэсы большасці грамадства заўважна разыходзіліся з княжацкімі. Занятыя ўласнымі інтарэсамі князі хацелі ваяваць. Рэшта люду хацела мірна займацца ўласнай справай. Зазначым, што ўжо ў ХІ ст. індывідуальныя межы свету для чалавека звузіліся ў параўнанні з рамантычным перыядам ІХ–Х стст., калі жыхары, напрыклад, цяперашніх беларускіх земляў хадзілі з ваяўнічымі нарманскімі конунгамі на Візантыю і Каспій. Пра ХІІ ст. мы можам сказаць, што свет з пункту гледжання асобнага чалавека сціснуўся яшчэ больш да памераў адной зямлі ці нават маленькага ўдзельнага княства. Развіццё натуральнай гаспадаркі дазваляла большасці насельніцтва забяспечваць сваё існаванне, не пакідаючы далёка родныя мясціны. Вядома, усюдыісныя гандляры па-ранейшаму везлі тавары ў далёкія краіны, але яны больш не бралі на сябе функцыі рабаўнікоў і заваёўнікаў, як тое было за нарманамі. Вайна шкодзіла і натуральнай гаспадарцы, і гандлю. Ваенныя дзеянні знішчалі вёскі і нівы. Палітычныя ўскладненні пагражалі гандлёвым аперацыям. У гэтым сэнсе паказальныя падзеі 1161 г. Выгнанне з Ноўгарада князя Святаслава Расціславіча штурхнула ягонага бацьку Расціслава Мсціславіча Смаленскага, які ў той час княжыў у Кіеве, на рэпрэсіі супраць наўгародскіх гасцей у адказ. «И повеле изоимати Новгородци и оуметати е оу Пересеченьскыи погребъ и въ одину ночь оумре ихъ 14 мужи» (Іпацьеўскі летапіс). Можна ўявіць, наколькі натхняла купцоў да вядзення справаў перспектыва ў адну ноч нечакана сканаць у халодным склепе на чужой зямлі з-за недарэчных палітычных перыпетый! У веча, якое складалася з такіх гандляроў ці прадстаўляла іх, былі важкія падставы быць незадаволеным бесперапыннымі княжацкімі войнамі. Між тым, нягледзячы на далейшую прафесіяналізацыю вайны, разлічваць на перамогі ў значных кампаніях сіламі адной толькі дружыны без удзелу паспалітага рушэння князі не маглі. Адпаведна, яны мусілі перакладаць не толькі пасіўную, але і актыўную нагрузку вядзення ваенных дзеянняў на плечы шырокіх мас насельніцтва, што спараджала шматлікія канфлікты паміж князем і вечам. Вядома ж, многія з гэтых канфліктаў дыктаваліся прычынамі выключна ўнутранымі, а не знешнепалітычнымі. Але мы засяродзімся якраз на апошніх. Як гэта адбывалася з многімі іншымі тэндэнцыямі гістарычнага развіцця, першай з земляў Русі гэтую сцяжыну выпрабавала Полацкая зямля. Пазнейшыя беларуска-літоўскія летапісы XVI ст. адносяць узнікненне моцнага веча на Полаччыне да часоў князя Барыса. «И пануючы ему в Полоцку был ласкав на подданные свои и дал им волность вечем ся судити и в звон звонити, и по тому ся справовати, як у Великом Новегороде и Пъскове». Звесткі гэтыя могуць быць праўдзівыя, бо ў пэўнай ступені засноўваюцца на вуснай фальклорнай традыцыі, якая магла данесці да нашчадкаў даволі дакладнае ўяўленне аб інстытуце народнага прадстаўніцтва. Першым зафіксаваным выпадкам канфлікту паміж полацкім князем і вечам былі ўжо вядомыя нам падзеі 1128 г., калі палачане «выгнаша» князя Давыда Усяславіча пад пагрозай наступу кіеўскіх войскаў. Нагодай для гэтага магла быць неразважлівая антыкіеўская палітыка Давыда, які не ўлічыў перавагу сілаў Кіеўскай дзяржавы над Полацкам і такім чынам падставіў зямлю пад удар варожых войскаў. Наступным разам веча выявіла сваю незадаволенасць князем у 1151 г., калі палачане «яша… Рогъволода Борисовича князя своего и послаша Меньску». Рагвалод быў жанаты з дачкой Ізяслава Мсціславіча Кіеўскага, і менавіта ў 1151 г. княжанне апошняга апынулася пад пагрозай нашэсця Юрыя Даўгарукага і Святаслава Ольгавіча Чарнігаўскага. Такім чынам, адной з прычынаў падзення Рагвалода была яго невыгодная для Полацка знешнепалітычная лінія, арыентаваная на кіеўскіх Манамахавічаў. Падобны лёс чакаў і яго стрыечнага брата Расціслава Глебавіча Менскага, суперніка і пераемніка Рагвалода на полацкім стальцы. Абставіны страты ім полацкага княжання і роля ў іх ваеннага фактару заслугоўваюць асобнага разгляду. Як вядома, у 1158 г. у Полацку адбыўся мяцеж супраць Расціслава, які скончыўся ягонымі ўцёкамі ў Менск і аднаўленнем на полацкім стале Рагвалода Барысавіча. Але летапіс не кажа, з якой прычыны палачане задумалі злое супраць Расціслава. Паспрабуем супаставіць мяцеж з іншымі тагачаснымі падзеямі полацкай гісторыі. У тым жа 1158 г. палачане ў складзе вялікай кааліцыі хадзілі ў паход на Тураў супраць Юрыя Яраславіча. Самая працяглая аблога ў гісторыі старажытнай Русі, якая цягнулася дзесяць тыдняў, скончылася нічым. Пачаўся мор сярод коней, і саюзнікам давялося разысціся па дамах. Пры апісанні гэтых падзей летапіс асабліва вылучае палачан, якія падзялілі дрэнную славу рабаўнікоў і марадзёраў з качэўнікамі-бярэндзічамі. Бярэндзічы паваявалі мясцовасць ля Пінска і забраліся за Прыпяць. «Полчане пришедше к Турову пожгоша села около его». Відаць, «подзвігі» іншых удзельнікаў паходу параўнацца з гэтым не маглі, бо летапіс пра іх не згадвае. Чаму ж менавіта палачане аказаліся найбольш жорсткім кантынгентам у саюзным войску? Адказ можа палягаць у тым простым меркаванні, што мэты паходу пасавалі ім менш за ўсіх іншых удзельнікаў. Полацкае княства не мела рэальных інтарэсаў на Тураўшчыне. Увесь паход мог ажыццяўляцца з мэтай пашырэння менскіх уладанняў Расціслава і Валадара Глебавічаў, якія межавалі з Тураўшчынай, альбо з надзеяй на ваенную здабычу, большая частка якой непазбежна дасталася б таксама Расціславу. Для полацкага рушэння ўдзел у гэтай авантуры сэнсу не меў. Наадварот, стаянне пад горадам на працягу 10 (!) тыдняў у эпоху, калі вынік гаспадарчага сезону і самае эканамічнае выжыванне люду часта залежалі ад кароткага прамежку часу, нанесла палачанам сур’ёзную шкоду, якую яшчэ ўскладніла і вопадзь коней. Натуральна, што рабункам Тураўшчыны яны імкнуліся кампенсаваць свае страты і даць выйсце свайму шалу. Па вяртанні дадому шал гэты звярнуўся супраць Расціслава, як завадатара ўсёй авантуры. Бессэнсоўны і няўдалы паход каштаваў князю стальца. Падобныя з’явы бачым мы і ў Смаленскай зямлі, хаця веча было там заўважна слабейшым за полацкае і выйшла на палітычную арэну пазней. Першай яго праявай стала звяржэнне са смаленскага стала Яраполка Раманавіча ў 1174 г. і замена яго Мсціславам Расціславічам. Цікавай праявай нязгоды смалянаў з княжацкай палітыкай быў славуты бунт смаленскага войска ў 1185 г. супраць Давыда Расціславіча ля Трэполя ў паходзе дзеля абароны поўдня Русі ад полаўцаў. Падабенства паводзін войска да практыкі народнага самакіравання, як яно ажыццяўлялася ў самім Смаленску, падкрэсліваецца словамі летапісца аб тым, што «Смолняне же почаша вече деяти». Пажаданні смалянаў зводзіліся да патрэбы засяродзіцца на ўнутраных справах зямлі і іх незацікаўленасці ў паўднёварускіх справах, няхай сабе і такіх традыцыйна важных, як абарона Русі ад полаўцаў. «Мы дошли до Киева, даже бы была рать, билися быхом, нам ли иное рати искати, то не можем, оуже ся есмы изнемогле» (Іпацьеўскі летапіс). Гучныя скаргі смалянаў дасягнулі княжацкага вуха, і паход быў спынены. Як змяніўся час! У 1095 г. смаляне без асаблівых ваганняў далі вояў прышламу чарнігаўскаму князю Алегу Святаславічу для адваявання далёкай Мурамшчыны. Праз дзевяноста гадоў яны ўзбунтаваліся супраць свайго спадчыннага князя, каб не ўдзельнічаць у абароне Русі ад полаўцаў, якая лічылася несумненным грамадзянскім і рэлігійным абавязкам для жыхароў былой Кіеўскай дзяржавы. Кантраст гэтага ўчынку смалянаў з ранейшым часам асабліва падкрэсліваецца тым фактам, што неабходнасць у іх далейшым руху на полаўцаў на паратунак Пераяслаўлю была выкліканая страшэннай паразай Ігара Святаславіча, якая зрабіла ашаламляльнае ўражанне на сучаснікаў. Аднак мясцовыя інтарэсы і антываенныя настроі для смалянаў пераважылі ўсе іншыя меркаванні. Нейкі сур’ёзны канфлікт паміж Давыдам Расціславічам і смаленскім вечам адбыўся ў 1186 г., калі «въстань бысть Смоленьске промежи князьмь Давыдомь и смолняны, и много головъ паде луцьшихъ муж». Невядома, ці мела гэтае супрацьстаянне цікавыя для нас ваенныя ці знешнепалітычныя карані, але праз дзесяць гадоў смаляне дакладна выявілі незадавальненне ваеннымі акцыямі Давыда. У 1196 г. пасля прайгранай бітвы за Віцебск палонныя смаляне расказалі чарнігаўцам, што «братья их не добре с Давыдом». Як бачым, і смаляне праз веча як прадстаўнічы інстытут выказваліся на карысць засяроджвання на мясцовых справах і асцярожнай знешняй палітыкі, арыентаванай на захаванне бяспекі Смаленскай зямлі. Праз гэта яны ўступалі ў канфлікт з князямі, якія імкнуліся да агрэсіўнай і часам авантурнай знешняй палітыкі. Канфлікты гэтыя набывалі вострыя формы беспарадкаў і бунтаў, хаця такой вастрыні, як у Полацкай зямлі, на Смаленшчыне яны не дасягнулі. Такім чынам, становішча, якое склалася на землях Русі да канца ХІІ ст., можа быць ахарактарызавана як палітычны крызіс. Крызіс гэты быў выкліканы спадчынным замацаваннем княжацкіх дынастый на сталах асобных княстваў і земляў і правядзеннем імі своекарыслівай і агрэсіўнай дынастычнай знешняй палітыкі, якая ішла ўпоперак інтарэсаў земскай знаці і шырокіх слаёў грамадства. Такая палітыка ставіла пад пагрозу знешнюю бяспеку старажытнарускіх земляў і выклікала шматлікія ўнутраныя пратэсты. Неабходна сказаць, што крызіс гэты сам па сабе не насіў усёабдымнага характару і не пагражаў паралюшам усёй палітычнай сістэмы. Хутчэй, ён меў «верхавінкавую» прыроду і зводзіўся да адрыву кіроўнага ваенна-дружыннага слою на чале з князямі ад інтарэсаў паспольства і фактычнага правалу ў выкананні гэтым слоем сваіх функцый абароны грамадства. У большай ступені крызісныя з’явы закранулі Полацкую зямлю, у меншай – Смаленскую і Тураўскую. Цяжка не пагадзіцца з выказаным на гэты конт меркаваннем В. Е. Данілевіча.
Міжкняжацкая палітыка за ўвесь гэты перыяд можа быць ахарактарызавана як палітыка эгаізму; найпершы клопат кожнага князя палягаў у павелічэнні ўласных уладанняў, і ўсё прыносілася яму ў ахвяру: земскі мір, сваяцкія сувязі. (…) Высылка ў Царград прымусіла Усяславічаў зразумець усю марнасць барацьбы з кіеўскімі князямі, і па вяртанні з высылкі яны адразу ж змянілі палітыку ў дачыненні да апошніх. Здавалася б, што цяпер яны атрымалі поўную магчымасць зблізіцца з зямлёй і ўмацаваць сваё становішча, але яны і не падумалі пра гэта. Зразумеўшы сваё бяссілле і немагчымасць павялічваць свае ўладанні за кошт суседніх земляў, яны абмежавалі поле сваёй дзейнасці толькі Полацкай зямлёй, але затое цяпер яны напоўніцу выявілі сваю эгаістычную палітыку – імкненне любым коштам павялічыць свае ўладанні. (…) Дарма што змаганне вялося, у асноўным, з дапамогай дружын, але зямля ад яго цярпела, а гэта выклікала ў земстве незадавальненне да князёў, якое яшчэ больш узрастала праз тое, што Усяславічы пастаянна ўцягвалі ў свае ўнутраныя справы іншыя рускія землі. Імкненне да павелічэння ўладанняў даводзіла Усяславічаў да таго, што яны не даражылі нават прыхільнасцю паспольства да іх, а гэта, у сваю чаргу, прывяло да таго, што насельніцтва Полацкай зямлі перастала даражыць сваімі князямі і звыкла да іх замены пры найменшым незадавальненні імі1.
|
магістар міжнародных дачыненьняў Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце, Вугоршчына (1998). Друкаваўся ў часопісах «ARCHE» і «Спадчына», сталы аўтар Беларускай энцыкляпэдыі. Дасьледчыя інтарэсы ўключаюць сучасныя міжнародныя адносіны, раньнесярэднявечную гісторыю Беларусі, антычную цывілізацыю. |
Сапраўды, старажытнарускае грамадства імкнулася адужаць узніклы крызіс натуральным шляхам маніпуляцыі рознымі княжацкімі групоўкамі і адбору з іх найбольш эфектыўных і паспяховых у выкананні сваіх функцый. Пры іншых умовах гэты далёка не катастрафічны крызіс мог быць гэткім чынам цалкам пераадолены. Аднак сітуацыя была больш складанай з-за прысутнасці знешніх фактараў, якія скарачалі час, на працягу якога дадзеныя праблемы маглі быць вырашаныя толькі з прыцягненнем унутраных рэсурсаў. Ва ўмовах менавіта знешнепалітычнага аслаблення Полацкай зямлі і іншых старажытнарускіх земляў такім фактарам было з’яўленне на знешнепалітычнай арэне рэгіёну новых дзейных сілаў: Літвы і крыжакоў.
Літва ж і яцвягі ў гэты час таксама перажывалі пэўны знешнепалітычны крызіс. Пасля шэрагу гучных ваенных перамог над пскавічамі, лівамі і палачанамі ў 1180-я гг. яны сутыкнуліся з трывалым супрацівам рускіх земляў і пацярпелі шэраг параз у 1190-я гг. Літва парвала ланцугі данніцкай залежнасці ад Русі ў 1183 г., калі «бишася пльсковици съ Литвою, и много ся издея зла пльсковицемъ». Першая самастойная кампанія літоўцаў супраць Пскова, ажыццёўленая праз тэрыторыю Полацкай зямлі, былога гегемона Літвы, была пралогам для іх далейшых ваенных поспехаў. Каля 1185 г. надышла чарга і Полаччыны, па якой былыя полацкія даннікі прайшліся агнём і мячом. Яны не абмяжоўваліся нападамі на Русь. Зімой 1184–1185 гг. яны, «спустошыўшы Лівонію, вельмі многіх вывелі ў палон»2.
|
1 Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца ХІV столетия. – Киев, 1896. с. 201–202. |
Неўзабаве, аднак, пераможнае шэсце балцкіх дружын па рускіх землях сустрэла адпор. Князі розных земляў незалежна адзін ад аднаго ацанілі літоўскую і яцвяжскую пагрозу належным чынам і прымалі захады для яе спынення. Ачуняўшы ад параз, палачане ўжо ў 1191 г. уклалі саюз з Ноўгарадам і здзейснілі паход на Літву, аднавіўшы раўнавагу сілаў. Літоўскую і яцвяжскую небяспеку добра ўсведамлялі і на поўдні. У 1190 г. у паход на Літву выправіўся Рурык Расціславіч Оўруцкі, які «пошелъ на Литву и бысть в Пинески оу тещи своея и оу шюрьи своея, тогда бо бяше свадба Ярополча, и бсть тепло и стече снегъ и не лзе бо имъ доити земли ихъ и възвратишася въ свояси». У 1193 г. Рурык паўтарыў сваю спробу, але «Святослав же нелюбьемь рче емоу: «Брате и сватоу, ажь ты идешь из очины своея на свое ороудье, а язъ паки идоу за Днепръ своих деля ороудеи, а в Роускои земли кто ны ся останеть?»
Тое, што не ўдалося зрабіць Рурыку, ажыццявіў іншы рускі князь. Зімой 1196–1197 гг. валынскі князь Раман Мсціславіч рушыў на яцвягаў «отомьщиваться бяхоуть бо воевали волость его». «И тако Романъ вниде в землю ихъ они же могоучи стати противоу силе его и бежаша во свои тверди а Романъ пожегъ волость ихъ и отомъстився возвратися во свояси». Яшчэ раней Раманаў меч зведала Літва. Але маштаб ягоных дзеянняў супраць балтаў быў нашмат большым, чым простая помста за набег. Раман цвяроза ацэньваў сур’ёзнасць пагрозы з боку ваяўнічых яцвягаў і Літвы. Таму ён не абмяжоўваў свае дзеянні ваеннымі акцыямі, але імкнуўся вырваць самыя карані набегаў і пазбавіць балтаў магчымасці наносіць шкоду яго землям. Перш за ўсё, валынскі князь выводзіў літоўцаў і яцвягаў у палон на землі Паўднёвай Русі. Па-другое, ён сілай саджаў іх на зямлю, прымушаючы займацца сельскай гаспадаркай. З аднаго боку, гэта павінна было адбіць у іх патрэбу да рабаўніцкіх набегаў, з іншага – паставіць іх саміх у прыступнае становішча, бо нівы іх былі гэтак жа адкрытыя для валынскіх войскаў, як валынскія – для літоўскіх і яцвяжскіх. Жорсткае абыходжанне валынскага гаспадара дало такі плён, што літоўская фальклорная традыцыя захавала памяць аб эксперыментах Рамана на многія стагоддзі. У прыватнасці, храніст XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі (праўда, блытаючыся ў падзеях і прыпісваючы барацьбу з Літвой Раману Расціславічу Смаленскаму) перадае прымаўку, якая існавала сярод літоўцаў: «Рамане, Рамане! Ліхам сябе корміш, Літвою арэш!»3. Звесткі гэтыя пацвярджаюць і перапісчыкі Іпацьеўскага летапісу, характарызуючы Рамана як чалавека, які «Литвою оравъ».
|
2 «Хроника Ливонии» Генриха. (Heinrici Chronic. Lyvon.). І, 5 // Матузова В. И. Назарова Е. Л. Крестоносцы и Русь. Конец ХІІ в. – 1270 г.: Тексты, перевод, комментарий. – Москва, 2002. с. 53. |
Русь была не адзіным бар’ерам на шляху літоўскіх і балцкіх набегаў. Не лепшым чынам склалася для яцвягаў сітуацыя на заходнім напрамку. У 1192–1193 гг. супраць іх выступіў польскі кароль Казімір Справядлівы. Цяпер яцвягі, ці, як іх называць польскія хронікі, «паляшане», «народ надзвычай жорсткі, жахлівейшы за любога лютага звера» і слаўны сваімі набегамі на суседзяў, мусілі цярпець спусташэнне сваёй зямлі польскім войскам. Перш за ўсё Казімір накіраваў свой удар на дарагічынскага князя, саюзніка яцвягаў. «Замкнёны ў сценах горада, які з’яўляецца сталіцай княства і называецца Дарагічын, князь аказаўся настолькі ўціснуты нягодамі аблогі, што не толькі здаўся паводле закону, але і прыняў умовы вечнага рабства»4. Калі польскае войска ўварвалася затым у яцвяжскія землі, іх насельнікі пахаваліся ў самых цяжкадаступных месцах і не прымалі бітвы. Каб змусіць іх да пакорлівасці, «котлішчы іх Казімір знішчыў паходнямі, рассек ударамі дроцікаў і мячоў, і, пасля таго як усё згарэла, найзнатнейшыя людзі усёй правінцыі паляшан з узнятымі рукамі і нахіленымі шыямі ўпалі да ног Казіміра, молячы пашкадаваць рэшткі радзімы і іх жыццё»5. Казімір атрымаў ад яцвягаў запэўненні ў пакорлівасці і абяцанні выплаты даніны і з перамогай вярнуўся дадому.
|
3 Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódska i wszystkiej Rusi. Tom I. – Warszawa, 1846. VI, 1. 202.
|
Як бачым, нягледзячы на некалькі пераможных набегаў у 1180-я гг., поспехі літоўцаў і яцвягаў аказаліся нетрывалымі. Карыстаючыся нязгодамі паміж удзельнымі князямі, яны маглі спустошыць асобныя ўдзелы той ці іншай зямлі. Менавіта так адбылося з Полацкай зямлёй, калі бяздзеянне з боку Брачыслава і Усевалада Васількавічаў прывяло да паразы і пагібелі іх брата Ізяслава. Разам з тым, сілаў літоўцаў і яцвягаў відавочна не ставала, каб ажыццявіць паспяховы набег на Полаччыну ці Валынь, калі мясцовым князям удавалася пераадолець свае супярэчнасці і выступіць адзіным фронтам. Больш за тое, набегі правакавалі ўдары польскіх і рускіх правіцеляў у адказ, якія наносілі вялікую шкоду палітычнай магутнасці, эканоміцы і дэмаграфіі балцкіх земляў.
Такі паварот падзей меў свае наступствы і для ўнутранага развіцця літоўскага і яцвяжскага грамадстваў. Сцверджанне г. Лаўмянскага аб тым, што станаўленне літоўскай дзяржаўнасці адбывалася выключна праз знешнюю экспансію6, здаецца нам занадта катэгарычным. Як у апошнія гады даволі пераканаўча даводзяць літоўскія гісторыкі, карані літоўскай дзяржаўнасці трэба шукаць найперш ва ўнутраных працэсах, якія адбываліся ў літоўскім грамадстве. Аднак нельга адмаўляць і таго, што знешняя экспансія паслядоўна з унутранага развіцця вынікала і была яго натуральным працягам. Можна сказаць, што знешняя экспансія была адным са спосабаў існавання раннесярэднявечных дзяржаў, і Літва не была тут выключэннем. Асабліва важнай экспансія была для кіроўнага дружыннага слою, для якога вайна была асноўным заняткам. Вайна спрыяла нарошчванню дружынай палітычнай магутнасці, эканамічнага дабрабыту і ўрэшце замацоўвала набыццё ёй улады як першага элемента дзяржаўнасці. Рускія землі паставілі на дарозе літоўскай экспансіі той заслон, які мог замарудзіць і працэсы ўнутранага развіцця ў Літве. Ваяўнічыя літоўскія дружыны маглі нанесці вялікія спусташэнні і шкоду Полаччыне, Пскоўшчыне ці Валыні, але не маглі прэтэндаваць на рэальную ўладу над імі. Наяўныя рэсурсы былі занадта малымі для дасягнення гэтай мэты. Калі Літва не магла адужаць Полаччыну і іншыя рускія землі ў сутыкненні наўпрост, то перад яе правадырамі стаяла задача знайсці іншае прымальнае рэчышча для сваёй ваяўнічай энергіі.
|
4 Хроника магистра Винцентия Кадлубка. (Vinc. Kadl.). IV. 19 // Щавелева Н. И. Польские латиноязычные средневековые источники. – Москва, 1990. с. 108. 5 «Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях. ХІ – ХІІ вв. – Москва, 1987. (Chronic. Polon. Maior.). 43. с. 127.
|
Паспрабуем акрэсліць шляхі выхаду з крызіснай сітуацыі, якія адкрываліся перад Полацкай зямлёй, Літвой і іншымі дзяржавамі рэгіёну. Найперш згадаем, што становішча, якое склалася, было далёка не унікальным у гісторыі. Аналы чалавецтва ведалі шмат выпадкаў суіснавання паміж развітымі дзяржавамі, якія мінулі зеніт сваёй магутнасці, і іх агрэсіўнымі суседзямі, якія былі толькі на досвітку сваёй дзяржаўнасці. Кароткі позірк на такія выпадкі дазволіць нам скарыстацца пэўнымі аналогіямі. У якасці аднаго з прыкладаў такога суіснавання можна прывесці адносіны паміж Рымскай імперыяй і суседнімі германскімі народамі. Як і любая аналогія, параўнанне паміж Рымам і германцамі, з аднаго боку, і Полацкай зямлёй і Літвой, з іншага, ёсць не вельмі дакладным. Крызіс Рыма і экспансія германцаў мелі пад сабой іншыя, уласцівыя свайму часу і абставінам прычыны. Але па-за дэталямі агульная карціна ўзаемадзеяння развітай і магутнай, але заняпалай дзяржавы з маладымі і агрэсіўнымі народамі мае дастатковае падабенства з прадметам нашага доследу і таму дазваляе правесці пэўныя паралелі.
Падзеі гісторыі Рыма і германцаў выдатна задакументаваныя і даследаваныя ў сусветнай гістарыяграфіі, таму спынімся на іх каротка. Пачынаючы з другой паловы ІІ ст. Рымская імперыя ўступіла ў эпоху палітычнага крызісу, што характарызаваўся жорсткай міжусобнай барацьбой прэтэндэнтаў на імператарскую ўладу, якія прадстаўлялі розныя рэгіянальныя, сацыяльныя і дынастычныя групоўкі. Вядзенне шматлікіх міжусобных і знешніх войнаў адбівалася ў росце вагі рымскай арміі ў палітычным жыцці імперыі. Пры гэтым мы не пойдзем супраць ісціны, калі ўжывём слова «армія» ў множным ліку. Прынцып добраахвотнай вербоўкі, упершыню ўведзены Гаем Марыем на мяжы ІІ і І стст. да н. э., прывёў да масавага прытоку ў войска маламаёмасных грамадзян, якія атрымлівалі плату за службу. Усё ў большай ступені такое войска было асабіста адданым свойму палкаводцу і матэрыяльна залежным ад яго, пры гэтым паступова трацячы сацыяльную сувязь з паспольствам. Таксама такое войска часта станавілася асабістай арміяй таго ці іншага палкаводца і служыла яму вернай апорай у міжусобнай барацьбе. Упершыню гэтая з’ява праявілася ў грамадзянскіх войнах І ст. да н. э., а ў войнах І і ІІІ стст. яна стала асноўным фактарам, які вырашаў вынік палітычнай барацьбы. Перыяд другой трэці ІІІ ст. стаў вядомы пад назвай «эпохі салдацкіх імператараў» і адзначыўся бесперапыннымі і бессэнсоўнымі войнамі прэтэндэнтаў на рымскі стол з дапамогай падкантрольных ім армій. Разам з тым, рымскія арміі паступова трацілі эфектыўнасць у справе абароны імперыі ад знешніх ворагаў. Даследчыкі адзначаюць, што аслабленне Рыма перад знешняй пагрозай было выклікана не так крызісам унутранай арганізацыі, у чым імперыя якраз мела велізарную перавагу перад сваімі варварскімі суседзямі, як палітычнымі прычынамі, а менавіта памяншэннем сацыяльнага базісу ўлады. Памяншэнне гэтае, у сваю чаргу, вяло да ваеннай слабасці і выклікала патрэбу ў пошуку новых спосабаў ваеннай арганізацыі. Зніжэнне эфектыўнасці рымскай абароны ішло поруч з нарастаннем варварскай пагрозы на паўночнай мяжы імперыі, якая ішла па Рэйне і Дунаі. Пасля смерці ў 117 г. імператара Траяна, апошняга вялікага заваёўніка ў гісторыі Рыма, імперыя вымушана была перайсці да стратэгічнай абароны. Спакойныя дзесяцігоддзі ІІ ст. абарваліся з пачаткам у 166 г. Маркаманскай вайны з кааліцыяй германскіх і іншых плямён на Дунаі. Аднак пры ўсёй шкодзе, якую яны наносілі рымскім правінцыям, і варварам не ўдавалася дамагчыся вырашальнай перамогі над Рымскай імперыяй і прарваць іх умацаваную мяжу – лімес. Нягледзячы на страты, рымлянам пад камандаваннем імператара Марка Аўрэлія ўдалося стрымаць маркаманаў і іх саюзнікаў і мірам 180 г. адстаяць дунайскую мяжу. Нават у найзмрачнейшым для імперыі ІІІ ст. імператарам Галіёну, Клаўдыю ІІ і Пробу ўдалося разбіць готаў, якія ў 230-я – 270-я гг., падобна бурлівай плыні, каціліся па Балканах і сваімі марскімі набегамі апярэдзілі вікінгаў больш чым на пяцьсот гадоў. Такім чынам, і варварам, унутранае развіццё якіх штурхала іх на экспансію на прасторы Рымскай імперыі, даводзілася ў дадатак да набегаў шукаць больш дзейсныя формы гэтай экспансіі. Калі Рымскую імперыю немагчыма было скрушыць у прамым сутыкненні, многія варварскія правадыры і іх ваяры абіралі натуральную лінію паводзін і далучаліся да інстытутаў імперыі, у першую чаргу арміі. У меру пашырэння імперыі патрэба ў вайсковай сіле расла, і горад Рым з Італіяй ужо не маглі пастаўляць дастатковай колькасці рэкрутаў. Ужо ў эпоху Рэспублікі многія легіёны набіраліся з правінцыялаў. Следам за правінцыяламі ў армію рушылі варвары. Працэс варварызацыі войска ўзмацніўся і ў сувязі з тым, што эканамічны росквіт імперыі ў І–ІІ стст. змяншаў у Італіі і правінцыях колькасць ахвотных да рызыкоўнай ваеннай службы. Спярша варвары ўліваліся ў рымскую легіённую арганізацыю паасобку, засвойвалі ўзоры рымскага ваеннага майстэрства і ўвогуле ўпісваліся ў ваенную сістэму імперыі. З паступовым адставаннем гэтай сістэмы ад надзённых патрэб абароны дзяржавы яна змянялася, засвойваючы менавіта варварскія ўзоры. Легіёны адыходзілі ў мінулае, а замест іх на службу ў войска прымаліся цэлыя варварскія аддзелы. У канцы IV ст. сучаснікі папракалі імператара Грацыяна тым, што ён забыўся на старую рымскую доблесць і аддаваў перавагу наймітам-аланам замест выпрабаваных легіёнаў. Распаўсюджанне атрымаў інстытут федэратаў – варварскіх плямёнаў, якім было дазволена пасяліцца на рымскай тэрыторыі ў абмен на іх ваенную службу. Такое развіццё сітуацыі ў цяжкія для імперыі часы, калі ўнутраны палітычны крызіс дапаўняўся знешняй пагрозай з усіх бакоў, дало падставу тагачасным пісьменнікам і прамоўцам казаць аб тым, што варвары былі адзінымі, хто ўзняў зброю ў абарону Рыма, калі самі рымляне адмовіліся гэта рабіць. У многіх войнах І–V стст. варварам, якія рушылі на імперыю пад сваімі баявымі значкамі, супрацьстаялі варвары пад рымскімі сцягамі. Найяскравейшым прыкладам гэтага – славуты бой на Каталаўнскіх палях у 452 г., дзе гуны, остготы і гепіды пад камандаваннем Атылы былі разбітыя вестготамі, франкамі, аланамі, бургундамі і саксамі пад камандаваннем «апошняга вялікага рымляніна» Аэцыя. Адыграўшы важную ролю ў абароне Рыма ад знешніх ворагаў, варвары да пэўнай ступені ахоўвалі і асабістыя правы і вольнасці рымлян ад уціску прагнілага ўраду і драпежных ваяўнічых узурпатараў, якія мала адрозніваліся ад знешніх ворагаў. Рымскія тэрыторыі пад патранатам асобных варварскіх правадыроў рабіліся своеасаблівымі выспамі вольнасці, дзе маглі знайсці прытулак роспачныя рымляне. Паводле словаў пісьменніка V ст. Сальвіяна, яны [уцекачы-рымляне] ідуць на службу да готаў, ці бакаудаў, ці да якіх-небудзь іншых варвараў, што пануюць паўсюль, і не каюцца ў сваім учынку. Яны болей жадаюць жыць вольна, носячы імя рабоў, чым быць рабамі, захоўваючы адно толькі вольнае імя. Перш імя рымскага грамадзяніна высока цанілася і дорага куплялася; цяпер жа ад яго адмаўляюцца, бо яно зрабілася пагарджаным і агідным7.
|
6 Lowmiański H. Studja nad początkami społeczeństwa i państwa Litewskiego. Tom II. – Wilno, 1932. 237–238, 350–351.
|
Далёка не ўсе рымляне, аднак, былі задаволеныя масавым пранікненнем варвараў у імперыю. «Ганебна для нас тое, што дзяржава наша, якая мае такое шматлікае насельніцтва, перадае гонар вядзення вайны іншаземцам, перамогі якіх няславяць нас нават у тым выпадку, калі яны нам прыносяць карысць», – лямантаваў рытар IV–V стст. Сінесій. З ім быў згодны хрысціянскі паэт IV ст. Прудэнцый, які казаў, што рымляне адрозніваюцца ад варвараў, як людзі ад быдла. Аднак альтэрнатывы ўзаемадзеянню двух элементаў ужо не было. Ва ўмовах унутранага крызісу, калі рымская эліта не толькі не была здольнай яго вырашыць, але сама ж была адной з яго прычын, адбываўся натуральны працэс яе выцяснення з палітычнага жыцця. Паточаныя знутры заганамі свайго грамадства і ўплеценыя ў павуцінне рэгіянальных і сацыяльных супярэчнасцяў, рымляне саступалі сваё месца энергічным homo novus’ам, псіхалагічна і сацыяльна мабільным выхадцам з варварскіх народаў, якія не баяліся ўносіць жыццядзейныя імпульсы ў застаялую імперскую палітыку. Яны хутка праходзілі шлях ад чужынца да носьбіта рымскай славы і ад простага легіянера да імператара. Такую кар’еру зрабіў ужо ў пачатку ІІІ ст. сын гота і аланкі Максімін Фракіец. Далей яе паўтарылі Філіп Араб, Галерый, Макісімін Дая, Магненцый і іншыя.
Але няправільна было б казаць, што Рым быў толькі статычным матэрыялам для творчых варвараў: мэтаю рабаўніцтва для варвараў варожых і кар’ерным полем для варвараў саюзных. Як грамадства непараўнальна больш развітае, Рым прапанаваў суседнім народам распрацаваную палітычную сістэму, высокаразвітую эканоміку, выкшталцоную культуру і заканадаўства. Фактычна, ён раскінуў перад варварамі гатовыя ўзоры, паводле якіх яны і маглі будаваць далей сваю цывілізацыю. Ужо Цэзар у І ст. да н. э. сваім хвацкім позіркам заўважыў той уплыў, які рабіў Рым нават на тыя народы, якія яшчэ не былі яму падуладныя: «Што ж датычыцца галаў, то блізкасць рымскіх правінцый спрыяе развіццю ў іх дабрабыту і новых патрэб». У выніку такога ўзаемадзеяння ўяўна падзеленыя дунайска-рэйнскай мяжой Рым і варвары на самай справе стварылі складаную дуалістычную мадэль суіснавання. Яшчэ да падзення Рымскай імперыі абодва элементы гэтай сістэмы залежалі адзін ад аднаго, рабілі ўзаемны ўплыў і актыўна пераймалі дасягненні адзін у аднаго. На думку даследчыкаў, урэшце пагадненне аказвалася непазбежным, прычым гаворка ішла аб доўгім і знясільным працэсе інфільтрацыі і асіміляцыі, узаемнага прыцягнення і адштурхоўвання. Рабіць адрозненне паміж «Раманіяй» і «Готыяй» мае сэнс хіба з пункту гледжання гістарыяграфічнага тэарэтызавання. Што ж датычыцца гістарычных працэсаў, якія ахоплівалі перыяд V–VІ стст., як і той крыві, што цякла ў жылах галоўных дзейных асоб эпохі, то мае значэнне толькі адзін факт – новае аб’яднанне, сінтэз народаў, які з цягам часу прывядзе да стварэння новай цывілізацыі. Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі ў V ст. гэта прывяло да стварэння на яе тэрыторыі так званых варварскіх каралеўстваў, якія спалучалі ў сваім дзяржаўным ладзе і ваеннай арганізацыі як рымскія, так і варварскія элементы. У найбольшай ступені рымска-варварскі дуалізм адлюстроўвалі Остгоцкае каралеўства ў Італіі і Вестгоцкае каралеўства ў Іспаніі і Галіі са сталіцай у Тулузе. Паколькі прычынай пранікнення варвараў у імперыю была яе ваенная слабасць, на рымскія землі яны прыходзілі ў якасці вайсковай сілы: альбо як абаронцы імперыі, альбо як яе заваёўнікі. Адпаведна, у такой дуалістычнай сістэме варварскі элемент непазбежна насіў ваенны характар, пакінуўшы цывільныя сферы рымлянам. Варвары канчаткова выцеснілі няздольных выконваць свае функцыі рымлян у якасці палітычнай эліты і ваеннага слою. Пры гэтым яны ўсялякім чынам клапаціліся аб стварэнні трывалай лініі пераемнасці паміж імперскай дзяржаўнасцю і сваёй уладай. Остгоцкі кароль Тэадорых Вялікі (493–525 гг.) разглядаўся ўсходнярымскімі імператарамі як рымскі магістрат, якому ў кіраванне была перададзена асобная правінцыя. Сам ён не аспрэчваў гэтай прававой асновы сваёй улады нават на вяршыні магутнасці, а фактычна лічыў сябе пераемнікам заходнярымскага імператара. У яго вачах Італія заставалася res publica romana, якая супрацьстаяла варварскім народам. Таму Тэадорых на законных падставах узначаліў рымскае войска, якое, праўда, складалася выключна з германцаў, бо рымлян адтуль павыганялі. І ўсё ж не трэба перавялічваць ступень знікнення рымскіх ваенных традыцый. Нягледзячы на пераважнае панаванне варвараў у войску, рымская ваенная арганізацыя і ваеннае майстэрства праглядалі праз пазнейшыя наслаенні. Вядомы ў вестготаў, бургундаў і франкаў інстытут графа горада, які спалучаў у сваёй асобе ваенную і цывільную ўладу, меў як рымскія, так і варварскія карані. Захаваўся стары рымскі звычай выдачы грашовых падарункаў ваярам, да якога звярнуўся вестгоцкі кароль Аларых ІІ перад бітвай пры Вуе ў 507 г. Нарэшце, ёсць звесткі, якія падтрымліваюцца ці аспрэчваюцца рознымі гісторыкамі, аб існаванні яшчэ ў VІІ ст. у гарадах Італіі мясцовай міліцыі, якая магла паходзіць ад старой рымскай ваеннай арганізацыі. У цывільнай сферы рымскія і варварскія элементы таксама суіснавалі, хаця ў сілу колькаснай перавагі рымскага насельніцтва ў Італіі і гала-рымскага ў Галіі тут перавага належала рымскаму элементу. У Остгоцкім і Вестгоцкім каралеўствах рымляне займалі высокія пасады ў дзяржаўным апараце, а ў судаводстве захоўвала сілу рымскае права, якое зрабіла ўплыў і на развіццё германскага права. Вынікам стала становішча, якое ў большай ці меншай ступені задавальняла абодва бакі. Паплечнік Тэадорыха Вялікага рымлянін Касіядор казаў: «Ведучы вайну, яны [готы. – Г. Н.] абараняюць інтарэсы ўсяго грамадства. Яны бяруць на сябе ратную працу дзеля дабра ўсіх. Пакуль гоцкая армія ваюе, рымлянін можа жыць мірна». Варварскія каралі хутка ператварыліся з шукальнікаў славы ў дзяржаўных мужоў і пачалі дамагацца сваіх мэтаў і абараняць інтарэсы грамадства не толькі ваеннымі, але і мірнымі сродкамі, часам выяўляючы дыпламатычныя таленты. Спачатку іранічную ўсмешку, а затым захапленне выклікае чытанне працытаванага Касіядорам ліста Тэадорыха Вялікага да франкскага караля Кладавея, які ілюструе пераўтварэнне ліхога бадзяжнага правадыра варвараў у мудрага ўрадоўца:
Бог злучае каралёў святымі сувязямі дзеля таго, каб на іх міралюбных адносінах засноўваць пажаданы спакой народаў. (…) Каралі ўступаюць у сваяцтва дзеля таго, каб нацыі, падзеленыя паміж сабою, маглі мець адну волю, і каб праз гэтыя сувязі, як праваднікі згоды, аб’ядноўваліся думкі народаў8.
|
7 Сальвиан. Рассуждение современника-очевидца о причинах падения Западной Римской империи (около 450 г.). (Salv. Massil. De Gubernatione Dei.). V, 4–9 // История средних веков. От падения Западной Римской империи до Карла Великого. (476–768 гг.) / Сост. М. М. Стасюлевич. – Москва–Санкт-Петербург, 2001. с. 70–71.
|
Гоцкія каралі запомніліся сучаснікам і нашчадкам не толькі як абаронцы сваіх краін, але і як падтрымальнікі ў іх унутранага парадку і працвітання, аб чым сведчыць ліст таго самага Тэадорыха да намесніка правінцыі Северыяна, у якім кароль патрабуе абараніць насельніцтва ад залішніх падаткаў і забяспечыць яму справядлівы суд. Апафеозам пахвалы варварскаму каралеўству, у якім злучыліся рымская і варварская плыні, стала паэма гала-рымскага арыстакрата V ст. Сідонія Апалінарыя, у якой той апісвае двор вестгоцкага караля Эўрыка. Той самы Сідоній, які раней асуджаў саступку Арверна (сучасны Клермон-Феран) готам як верны крок да занявольвання авернцаў, затым пісаў:
І ты, рымлянін, цячэш сюды прасіць аб дапамозе, і працягваеш рукі да Эўрыка, каб супрацьпаставіць яго сілы фалангам скіфскіх краін, калі Вялікая Мядзведзіца пагражае табе збянтэжаннем. Так, адной прысутнасцю Марса, які пануе на гэтых берагах, магутная Гарона заступаецца за абмялелы Тыбр9.
|
8 Кассиодор, Марк. Внешние отношения нового варварского правительства в Италии (начало VI в.). (Письмо Тедориха Великого к Клодовею, королю франков). (Cassiod. XII Libri Variar.). III, 4 // История средних веков… с. 245.
|
Вернемся цяпер з цёплых прастораў Італіі і Галіі ў панямонскія пушчы і зробім належныя высновы з нашага экскурсу ў гісторыю Рыма і варвараў, у які мы выправіліся зусім не дарэмна. Мы ўжо адзначылі аналогію знешнепалітычнага становішча паміж Рымам і германцамі, з аднаго боку, і Руссю (найперш Полацкай зямлёй) і Літвой, з іншага. Калі прыгледзецца, то мы заўважым, што і развіццё сітуацыі ішло падобным чынам. Шчыльнае ўзаемадзеянне Полацкай зямлі і Літвы ў ХІІ ст. рухалася ў знешнепалітычным і ваенным рэчышчы і было выклікана крызісам кіравання на землях Русі, які ў Полацку дасягнуў найбольшай ступені. Тады як цывілізацыя Русі ў цэлым працягвала сваё паступальнае развіццё, сістэма яе палітычнага кіравання зайшла ў тупік. Крызісныя з’явы знайшлі сваё найяскравейшае развіццё ў знешнепалітычнай і ваеннай сферах. Занятыя бясконцымі звадамі паміж сабой і з іншымі князямі Русі, полацкія князі мелі пастаянную і пільную патрэбу ў вайсковай сіле. Між тым, вольнае насельніцтва Полаччыны ўсё ў меншай ступені было надзейнай крыніцай яе папаўнення. З эканамічнага пункту гледжання, поспехі эканомікі, развіццё вытворчасці і абмену рабілі людзей больш зацікаўленымі ў мірных занятках, чым у ваенных выправах. З пункту гледжання палітыкі, бессэнсоўныя дынастычныя спрэчкі князёў мелі мала дачынення да інтарэсаў простага люду і не знаходзілі водгуку ў яго сэрцах. Заклікі князёў да зброі выклікалі апатыю ці нават актыўнае супраціўленне, як гэта адбылося з палачанамі ў 1158 г. Нават спакайнейшая Смаленшчына зведала выпадкі супраціўлення насельніцтва ваеннай актыўнасці Давыда Расціславіча ў 1185 і 1196 гг. Цяжар вядзення вайны ўсё больш прыпадаў на прафесійных ваяроў – дружыннікаў. Аднак пры ўсёй прафесіяналізацыі ваеннай справы дружына была занадта малалікай і нязначнай для вядзення буйных кампаній. Узнікла патрэба ў сіле, якая б кампенсавала змяншэнне паспалітага рушэння, што сціскалася, нібы тая шчагрынавая скура.
У Полацкай зямлі такой сілай сталі дружыны і рушэнні падуладных літоўскіх земляў. Можна думаць, што з ХІ ст. полацкае войска ўключала літоўскія кантынгенты. Паколькі ваенная служба літоўцаў для Полацка не насіла прафесійнага характару і была іх калектыўнай павіннасцю, то малаверагодна, што літоўцы далучаліся да полацкага войска індывідуальна. Хутчэй, яны змагаліся пад полацкімі сцягамі ў складзе сваіх аддзелаў і пад камандаваннем сваіх князёў. Яны не ўключаліся ў структуру ўласна полацкай ваеннай арганізацыі і былі элементам, хутчэй, знешнім, чым унутраным. З цягам часу становішча змянілася. Падзенне ролі народнага полацкага апалчэння прывяло да адпаведнага росту значэння літоўскіх аддзелаў. Ужо пры апісанні бітвы Валадара Глебавіча з Рагвалодам Барысавічам пад Гарадцом у 1162 г. летапісец называе ў складзе войска Валадара толькі Літву, не згадваючы ўласна менскія аддзелы. Літоўцы адыгралі важную ролю ў аблозе Друцка ў 1180 г. і паходзе на Ноўгарад у 1198 г., у ходзе якога літоўцы і палачане спустошылі Вялікія Лукі. Мы таксама маем няпэўныя звесткі Рыфмаванай хронікі аб сумеснай аперацыі палачанаў і літоўцаў каля 1200 г. супраць крыжакоў у Лівоніі пад Кукенойсам:
У той час бітва. Яе літоўцы пачалі, З іншага боку рускі аддзел Да Кокенгузена на поле прыйшоў. Смерцю там трэба было заплаціць: Трыста хрысціян там ляжаць засталіся. І ў паганцаў таксама Шмат мёртвых засталіся на полі. Апошняя бітва паказвае, наколькі спрыяла полацка-літоўскаму ваеннаму супрацоўніцтву наяўнасць супольнага небяспечнага ворага ў выглядзе нямецкіх крыжакоў у Падзвінні. Сама ідэя крыжовага паходу з мэтай распаўсюджвання каталіцкагаі хрысціянства не пакідала надзеі на спакойнае жыццё ні схізматам-русінам, ні паганцам-літоўцам. У тэорыі крыжовы паход мусіў скончыцца толькі з навярненнем у правільную веру ўсіх няверных, на практыцы ж ён мог скончыцца на тым рубяжы, ня якім дазвалялі наяўныя рэсурсы. А рэсурсамі крыжакоў былі неверагодная моц папскага стала і шматлікае ваяўнічае заходнееўрапейскае рыцарства. Таму крыжовая небяспека была болей чым рэальнай для Полацка, Літвы, а потым і Валыні з Берасцем, Дарагічынам і яе іншымі пабужскімі і панямонскімі ўладаннямі. З гэтай прычыны Літва і Русь мусілі выпрацаваць узаемапрымальную мадэль адносін, якая б не толькі дазваляла ім выступаць адзіным фронтам супраць знешняй небяспекі. Паводле ўрыўкавых звестак летапісаў і хронік цяжка меркаваць, наколькі шчыльна літоўцы ўпісаліся ва ўласна полацкую ваенную арганізацыю і якую кар’еру пад полацкімі сцягамі зрабілі военачальнікі літоўскага паходжання, аднак адмаўляць іх велізарную ролю ў вядзенні Полацкай зямлёй у ХІІ ст. знешніх і міжусобных войнаў немагчыма. Таксама паразы, нанесеныя літоўцамі Полаччыне каля 1185 г., ясна паказалі, наколькі важна мець літоўцаў у якасці прыяцеляў, а не ворагаў. Але і Полаччына недарэмна прыцягвала да сябе позіркі з Панямоння. За некалькі стагоддзяў свайго існавання ў якасці дзяржаўнага ўтварэння ў складзе Кіеўскай дзяржавы і як самастойнае княства Полацкая зямля набыла складаную палітычную структуру, стварыла заканадаўства высокага ўзроўню, дамаглася значных поспехаў у эканоміцы і культуры. Усе гэтыя набыткі полацкай цывілізацыі маглі быць выкарыстаныя і выкарыстоўваліся Літвой у яе грамадскім развіцці. Паказчыкам полацкага ўплыву на працэсы, якія адбываліся ў літоўскім грамадстве, можа служыць будаўніцтва ўздоўж межаў Літвы з Полаччынай драўляных замкаў, якія былі асяродкамі палітычнага жыцця Літвы. Як піша г. Лаўмянскі, на Русі «ўжо існавала гатовая для захопнікаў дзяржаўная арганізацыя»10. Безумоўна, польскі гісторык можа перабольшваць ролю знешніх фактараў у станаўленні літоўскай дзяржаўнасці, але цяжка сумнявацца ў тым, што суседства з Полаччынай было моцным яе каталізатарам. Таксама прысутнасць у літоўскай мове эканамічнай тэрміналогіі, запазычанай са старажытнарускай ці старабеларускай мовы сведчыць аб пераняцці літоўцамі ў русінаў пэўных спосабаў гаспадарання11.
|
9 Сидоний Аполлинарий. Двор вестготских королей в Галлии. (Из переписки современников). (Sidon. Apoll.). II, 8, IX // История средних веков… с. 408. |
У любым разе, літуанізацыя ўзброеных сілаў Полацкай зямлі і цывілізацыйны ўплыў Полаччыны на Літву адзначылі пераход іх адносін на прынцыпова новы ўзровень. Літва была для Полацка нашмат цікавейшай за простую крыніцу вайсковай сілы. Полацк быў для Літвы чымсьці большым за простае поле для вайсковай кар’еры ці тэрыторыю для рабаўніцтва. Полацк і Літва сталі своеасаблівымі «Раманіяй» і «Готыяй», якія не так ужо рэзка адрозніваліся адна ад адной і мелі добрую магчымасць для сумеснага існавання. Больш за тое, Полацкае княства было толькі невялікай часткай «Раманіі», якая хутчэй за сваіх суседзяў прайшла шлях самастойнага развіцця і таму раней аказалася гатовай да новага супрацоўніцтва. Патэнцыял для ўдзелу ў гэтым працэсе на «раманскім» баку таксама мелі Смаленшчына, Тураўшчына і іншыя землі Русі.
Супрацоўніцтва ў палітычнай і ваеннай сферы адкрывала магчымасць да паступовага і частковага выцяснення ў будучыні старога полацкага ваенна-дружыннага слою літоўцамі. Князі з дынастыі Рагвалодавічаў, якія загрузлі ў дынастычных спрэчках і распачыналі праз гэта бясконцыя войны, ужо не маглі належным чынам выконваць свае функцыі: ажыццяўленне палітычнай улады ў інтарэсах паспольства, абарону краю і падтрыманне ўнутранага парадку. Наадварот, у многіх выпадках менавіта яны ўяўлялі сабой пагрозу бяспецы краю. Таму патэнцыйная замена іх ваяўнічымі князямі літоўскага паходжання была крокам, які палягчаў вырашэнне гэтых пытанняў. Больш за тое, паколькі палітыка таго часу мела ў вялікай ступені дынастычны характар, замена Рагвалодавічаў, цесна звязаных шлюбнымі і сваяцкімі сувязямі з рознымі адгалінаваннямі Рурыкавічаў, адным ударам разрубала павуцінне, што ўцягвала Полаччыну ў чужыя ёй войны. Разам з тым, падобная замена не мела негатыўным чынам адбіцца на шматлікіх дружынніках сярэдняга і ніжэйшага слою, якія былі надзейнай апорай князёў любой дынастыі і трывалай асновай усяго войска. Супрацоўніцтва ў грамадзянскай сферы значыла захаванне полацкіх палітычных, эканамічных і культурных узораў, якія маглі б развівацца больш бяспечным чынам пад аховай больш здольнага і эфектыўнага літуанізаванага ваеннага слою. У цэлым, ХІІ ст. падвяло Полацкую зямлю і Літву да мяжы ўтварэння таго, што можна назваць аналагам варварскага каралеўства на тэрыторыі былой Рымскай імперыі, якое спалучала б у сабе цывілізацыйныя дасягненні аднаго боку з маладой ваеннай моцай другога. Паколькі Смаленшчына, Тураўшчына і некаторыя іншыя землі Русі развіваліся падобным з Полаччынай шляхам, то ў больш аддаленай перспектыве такім шляхам маглі рушыць і яны. Ці адбылося гэта і як развівалася сітуацыя ў далейшым, паказвае гісторыя ХІІІ ст. |
10 Lowmiański H. Studia nad początkami społeczeństwa i państwa Litewskiego. Tom II. 350. 11 Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. – Москва, 1959. с. 257–258. |
|