A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (38) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АЛЕСЬ ПАШКЕВІЧ | ||||
«Стары нямецкі агент» ці «Бацька радзіміцкага народу»? Д
ругая сусветная вайна шмат у чым стала вынікам тых працэсаў, што адбываліся ў Еўропе яшчэ падчас Першай сусветнай вайны, а таксама ў міжваенны перыяд. Аднак маштабы Другой сусветнай самі па сабе настолькі каласальныя, што на іх фоне папярэдні перыяд гісторыі проста губляецца, а гэта ў сваю чаргу прыводзіць да страты рэтраспектыўнага, прычынна-выніковага бачання мінулага.
Гэта датычыць як праблемы беларускай калабарацыі падчас Другой сусветнай вайны, так і беларуска-нямецкага супрацоўніцтва наогул. Да гэтага часу роля «нямецкага фактару» ў развіцці беларускага нацыянальнага руху ад Першай да Другой сусветных войнаў комплексна не даследавалася, хаця Юры Туронак, Уладзімір Сакалоўскі і Уладзімір Ляхоўскі і рабілі такія спробы1. Несумненна, Нямеччына мела значны ўплыў на развіццё беларускага нацыянальнага руху. Ускосна гэта пацвярджае і той факт, што як і абвяшчэнне БНР у 1918 г., гэтак і ліквідацыя ўраду БНР у 1925 г. былі звязаныя з Нямеччынай – першае адбывалася падчас нямецкай акупацыі, а другое мела месца ў Берліне. Больш глыбока зразумець генезіс гэтых узаемных кантактаў дазваляе нам знаёмства з жыццём і дзейнасцю Эдмунда Аляксандра Рамана Зуземіля (Susemihl), які вядомы перш за ўсё як цэнзар беларускай віленскай газеты «Гоман» і, шырэй, куратар з боку нямецкай адміністрацыі ўсяго беларускага руху падчас германскай акупацыі заходняй часткі Беларусі ў 1915–1918 гг. Асоба Зуземіля агорнутая таямнічасцю, і да гэтай пары ніхто нават не спрабаваў яе хоць бы часткова расхінуць. Аўтары артыкула робяць такую спробу, маючы ў сваім распараджэнні архіўныя дакументы з Архіва новых актаў і Цэнтральнага вайсковага архіва ў Варшаве (Польшча), Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, аддзелаў рукапісаў бібліятэк Літоўскай Акадэміі навук і Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, дакументы з кнігі «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі», апублікаваныя ўспаміны А. Луцкевіча2 і Ю. Вітан-Дубейкаўскай3, а таксама матэрыялы беларускага перыядычнага друку і сусветнага сеціва. Аўтары выказваюць падзяку ўсім асобам, якія дапамагалі ім пры падрыхтоўцы артыкула. Трэба сказаць, што пра своеасаблівы «феномен Э. Зуземіля» коратка згадваў амерыканскі гісторык літоўскага паходжання Веяс Габрыель Люлявічус, які апісваў у сваёй працы этнічную трансфармацыю, якую перажывалі некаторыя нямецкія салдаты на ўсходнім фронце падчас Першай сусветнай вайны. «Адзіны нямецкі салдат, – сцвярджае Веяс Люлявічус, – які быў у стане пісаць па-беларуску, паводле сведчанняў афіцыйных асоб, сам пачаў адчуваць сябе беларусам». Гэты перакладчык, Зуземіль, «стаў настолькі гарачым прадстаўніком беларускіх інтарэсаў, як гэта можа толькі нямецкі ідэаліст». Ягоную апантанасць беларускай справай «было нават цяжка ўявіць». Э. Зуземіль нават узяў на сябе «пэўныя палітычныя ініцыятывы»4.
|
асьпірант Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
АНДРЭЙ ЧАРНЯКЕВІЧ (нар. у 1974) – кандыдат гістарычных навук, выкладчык Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Я. Купалы. |
Як відаць з вышэйпрыведзеных цытатаў, Зуземіль атрымаў сваю пасаду сярод іншага і дзякуючы свайму валоданню беларускай мовай. Ужо адно гэта вымушае нас звярнуць больш пільную ўвагу на высвятленне яго паходжання і перадваеннай біяграфіі. Тым больш што ўсе даступныя нам звесткі адназначна акрэсліваюць месца яго перадваеннага жыхарства – Піншчыну. Так, Юліяна Вітан-Дубейкаўская сцвярджала, што Зуземіль «яшчэ да вайны працаваў у Пінску». Згодна з Антонам Луцкевічам, ён працаваў там у якасці настаўніка Пінскай гімназіі, а паводле звестак польскай выведкі – інспектара рэальных вучылішчаў. Па інфармацыі Адольфа Клімовіча, Зуземіль выкладаў у Пінскай гімназіі лацінскую мову5. Агент польскай контрвыведкі Рамуальд Зямкевіч сцвярджаў, што Зуземіль нарадзіўся каля вёскі Парэчча ў ваколіцах Пінска і меў невялікія зямельныя ўладанні недалёка ад маёнтка Рамана Скірмунта6. Урэшце, мы маем і пададзеныя самім Зуземілем звесткі, што ён вучыўся ў школе ў нейкім Гаі.
У 1870 або 1871 г. у Расійскую імперыю на сталае месца жыхарства прыехаў адзін з прадстаўнікоў гэтага роду, Хрысціян Генрых Зуземіль, які быў народжаны 17 траўня 1842 г. у Лепіне каля г. Дэмін у тагачасным Прускім каралеўстве. Спачатку ён арандаваў маёнтак Старая Вадалога ў Харкаўскай губерні, а ў 1884 г. асталяваўся ў маёнтку Гай каля Пінска (як удалося ўстанавіць, маёнтак Гай размяшчаўся ў той час на захад ад Пінска, пры гэтым у такой непасрэднай блізкасці ад горада, што ў 40-я гг. ХХ ст. яго тэрыторыя ўвайшла ў гарадскую рысу). Там Хрысціян Генрых жыў да 1913 г., а пасля вярнуўся на радзіму, дзе і памёр 3 жніўня 1924 г. Разам са звесткамі пра Х. г. Зуземіля падаецца інфармацыя пра Берту Хільгендорф, 1845 года нараджэння, нараджэнку ваколіц Кёніца (цяперашні горад Хойніцэ ў Польшчы), якая жыла ў згаданым Гаі яшчэ ў 1875 г., а 30 снежня 1877 г. памерла на сваёй радзіме8. Нягледзячы на няпоўнасць і нават некаторую супярэчлівасць паданых звестак, можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, што ў дадзеным выпадку ідзе гаворка пра бацькоў галоўнага героя гэтага артыкула. Прынамсі, у дачыненні да Х. г. Зуземіля гэтая верагоднасць амаль стопрацэнтная. Што тычыцца Б. Хільгендорф, то яна, нягледзячы на раннюю смерць, таксама, у прынцыпе, можа быць маці Э. Зуземіля, які, паводле пазнейшых звестак польскіх спецслужбаў, нарадзіўся 29 ліпеня (ці жніўня) 1881 г. у Харкаве. Не выключаная простая памылка з боку стваральнікаў сайта, калі замест 1880-х гг. у біяграфіі Б. Хільгендорф фігуруюць 1870-я.Звесткі пра паходжанне роду Зуземіляў нам дае адзін з нямецкіх генеалагічных сайтаў7. Цікава, што чалавек, які непасрэдна паўплываў на развіццё гісторыі славянскага народа беларусаў, і сам меў славянскія карані – яго далёкія продкі былі лужыцкімі сербамі. Пры гэтым ужо само прозвішча Susemihl сімвалічнае. Паводле некаторых крыніц, гэта згерманізаваны варыянт лужыцкага слова CU(D)ZO-MIL, што літаральна азначае «любімы чужынцамі». Як адзначае даследчык радаводу Зуземіляў, такой мянушкай надзялялі тых, хто зычліва ставіўся да іншаземцаў, або, будучы ў чужых краінах, сам ветліва прымаўся мясцовымі жыхарамі. У любым выпадку, «цудзамілы» былі тымі людзьмі, якія надзвычай добра прыстасоўваліся да новага асяроддзя. Пра сялянскія карані гэтага роду можа сведчыць выява зэдліка для дойкі кароў, якую Зуземілі выкарыстоўвалі ў якасці радавога сімвала – трохкутнік з перпендыкулярнымі лініямі па кутах. Пачынаючы ад мекленбургскага пастара Грэгара Зуземіля, які жыў у 40-х гадах XVI стагоддзя, пачынаецца дынастыя пратэстанцкіх святароў і настаўнікаў тэалогіі з роду Зуземіляў. Гэтае ж прозвішча насілі таксама будаўнікі з наваколля Ростака, як і прадстаўнікі іншых прафесіяў, усе ў большай ці меншай ступені кроўныя паміж сабою.
Цяжка сказаць, калі і якім чынам Эдмунд вывучыў беларускую мову. Яе ён ведаў яшчэ да вайны, і наўрад ці толькі дзякуючы кантактам з сялянамі на Піншчыне, бо гаворка ў тых мясцінах, паводле сведчання недалёкага суседа Зуземіля па маёнтку Рамана Скірмунта, «вельмі розніцца ад беларускай». Трэба, аднак, улічваць, што Зуземіль ведаў не толькі беларускую, але і польскую мову. Рамуальд Зямкевіч узровень валодання немцам беларускай мовы ацэньваў як «выдатны». А. Луцкевіч моўныя веды Зуземіля ацэньваў больш сціпла, зазначаючы, што апошні быў «знаёмы з беларускай мовай». У той самы час лісты да Вацлава Ластоўскага ў 20-я гг. ХХ ст. Зуземіль пісаў па-расейску. Па-расейску пісаліся і лісты немца ў рэдакцыю газеты «Наша Ніва»9. Відаць, прынамсі, на пісьме, расейская мова для Зуземіля была ўсё ж больш зручная, чым беларуская. Сам ён у сваіх паштоўках, дасланых да Баляслава Пачопкі ў 30-я гг. ХХ ст., сцвярджаў, што пісаў вершы «па-радзіміцку» яшчэ ў 1894 г. падчас навучання ў школе. Аднак агітацыйны характар гэтых пасланняў вымушае ставіцца да падобнай інфармацыі крытычна, тым больш што ўсе прыведзеныя Зуземілем узоры нібыта тагачасных твораў у тым ці іншым выглядзе ўтрымоўваюць элементы радзіміцкай тэорыі. У той самы час нішто не паказвае на тое, што падобная тэорыя была створаная Зуземілем раней, чым у 30-я гг. ХХ ст. (у ліставанні з В. Ластоўскім у 20-я гг. ён карыстаўся прапанаваным Ластоўскім тэрмінам «крывіч»).
|
1 Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Менск, 1993; Сакалоўскі У., Ляхоўскі У. Нямеччына й беларускі нацыянальны рух напярэдадні й у першыя гады Другое Сусветнае Вайны // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. Nr. 13. S. 5–20. 2 Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. Менск, 2003. с. 87–105. 3 Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994. 4 Liulevicius V. G. War Land on the Eastern Front: Culture, National Identity, and German Occupation in World War I. Cambridge, 2000. P. 192. 5 Сведчанні А. Клімовіча захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, ф. 5, воп. 1, адз. зах. 1. 6 Рапарты Р. Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штабу захоўваюцца ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертове (Польшча), фонд ІІ аддзелу Генеральнага штабу, сыгн. I.303.4.2664, I.303.4.2475.
|
Пра жыццё Эдмунда Зуземіля да Першай сусветнай вайны вядома зусім не шмат. Калі верыць яго ўласным сведчанням, вышэйшую адукацыю ён атрымоўваў за мяжой, у Эдынбургу, вывучаючы там філасофію. Невядома, ці адтуль ён прывёз веданне класічных моваў, але можна прыпусціць, што настаўнікам лаціны ён быў неблагім і сваім прадметам быў захоплены. Прынамсі, на ўсё жыццё ён захаваў звычку браць сабе лацінскамоўныя псеўданімы і ўжываць у сваіх творах лацінскія словы і выразы. Гэта, дарэчы, часта памагае вызначаць тэксты яго аўтарства, публікаваныя ў розных беларускіх друкаваных выданнях.
Першы на сённяшні дзень выяўлены выпадак з’яўлення Зуземілевага артыкула ў беларускім друку датуецца самым пачаткам 1914 г. Тады ў газеце «Наша Ніва» з’явіліся дзве кароткія зацемкі карэспандэнта з Піншчыны, падпісаныя псеўданімам Argus. Зуземілева аўтарства гэтых публікацый не выклікае сумневу, бо падобны псеўданім выкарыстоўваўся ім пазней для публікацыяў у ковенскім беларускім часопісе «Крывіч». У зацемках пісалася пра ўзнікненне беларускага руху на Піншчыне. Асабліва акцэнтавалася аўтарам тое, што прыхільнасць да яго пачынаюць выяўляць людзі, якія займаюць не самыя нізкія месцы ў грамадстве. У якасці доказу гэтага пазітыўнага факту прыводзіўся прыклад неназванай памешчыцы, якая «загадала свайму служачаму, каторы гаварыў з ёй на «культурнай» расейскай мове, гаварыць па-беларуску». У той жа самы час сцвярджалася, што «няма большых ворагаў беларускаму адраджэнню, як рэнегаты-«інтэлігенты», сыны Беларусі», да якіх залічаліся «іншыя свяшчэннікі з вышэйшай навукай ды іншыя вучыцелі рэальнай школы, а за імі і другія інтэлігенты-беларусы». Пасля выезду свайго бацькі ў 1913 г. на сталае жыхарства ў Нямеччыну, Зуземіль вырашыў прадаць пакінуты ім маёнтак у Гаі. Абвестка пра гэта змяшчалася ў шэрагу нумароў «Нашай Нівы» ў пачатку 1914 г. Гэта, дарэчы, практычна адзіны факт, калі Зуземіль фігураваў на старонках беларускага друку пад уласным імем, не прыкрываючыся псеўданімам. Што тычыцца зместу абвесткі, то з яго складаецца ўражанне, што Зуземіль намагаўся выкарыстаць, на першы погляд, чыста гаспадарчую аперацыю дзеля стварэння сабе пазітыўнага іміджу ў вачах беларускіх нацыянальных дзеячаў. Зямельныя ўчасткі прадаваліся з растэрміноўкай аплаты і – што варта асабліва падкрэсліць – толькі сялянам-беларусам. Зусім не выключана, што гэтая піяраўская акцыя праводзілася з далёкім прыцэлам, улічваючы, што да пачатку вайсковых дзеянняў паміж Нямеччынай і Расіяй заставалася трохі больш, чым паўгода. Ва ўсялякім разе, ніхто з тых, хто пакінуў нейкія звесткі пра Зуземіля, не сумняваўся, што апошні супрацоўнічаў з нямецкай выведкай яшчэ да Першай сусветнай вайны. Ю. Вітан-Дубейкаўская называла яго «старым нямецкім агентам», Р. Зямкевіч – «нямецкім шпіёнам», а Адольф Клімовіч – «дазнаным работнікам нямецка-кайзераўскай разведкі ў тагачаснай царскай Расіі». Ды і выезд незадоўга перад вайной старога Зуземіля на гістарычную радзіму мог быць невыпадковым і звязаным з незвычайнай інфармаванасцю ягонага сына. Ва ўсялякім разе, пасля ўсталявання нямецкага акупацыйнага рэжыму на беларускіх землях у 1915 г. кар’ера былога правінцыйнага настаўніка-лацініста атрымала імклівае развіццё. Ён пераязджае ў Вільню, уладкоўваецца на службу ў структуры Обэр-Оста і ў хуткім часе пачынае курыраваць выданне беларускай газеты «Гоман». Праца гэтая, аднак, сталася для яго чымсьці большым, чым толькі выкананне абавязкаў цэнзара. Можна паставіць пад сумненне верагоднасць гісторыі В. Люлявічуса аб нямецкім перакладчыку, які пачаў адчуваць сябе беларусам, аднак тое, што Э. Зуземіль выйшаў за рамкі, адведзеныя ягонай кампетэнцыяй, падаецца бясспрэчным. Значна пазней ён пісаў пра сябе як пра стваральніка беларускага руху, сцвярджаючы, што гэта ўласна ён стварыў беларускі народ. У пэўнай меры гэта слушна, калі ўдакладніць, што Зуземіль «стварыў» беларусаў не наогул, а толькі для нямецкага камандавання, актыўна, наколькі дазваляла ягоная пасада, прасоўваючы думку пра самастойнасць беларускай нацыі сярод нямецкіх вайскоўцаў. Аднак і перабольшваць ролю Зуземіля не варта. Нямецкі генерал, кіраўнік Обэр-Осту Э. Людэндорф у сваіх вайсковых успамінах пра беларусаў згадвае толькі як пра «вельмі распаўсюджанае, але скрайне апалячанае племя, якое стаіць на такой нізкай ступені культуры, што дапамагчы ім можна было толькі працяглым уздзеяннем»10. Пра асобу ж Зуземіля ў гэтых успамінах наагул няма ніякай згадкі. В. Люлявічус пісаў пра Зуземіля, абапіраючыся на матэрыялы асабістага архіўнага фонду Фрайхера Вільгельма фон Гайля, які быў падчас Першай сусветнай вайны начальнікам палітычнага аддзелу Обэр-Осту. Відаць, у асноўным з апошнім Зуземіль і кантактаваў падчас выканання сваіх службовых абавязкаў.
|
9 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ), ф. 3, воп. 1, спр. 98, а. 19–20. |
Такая асабістая заангажаванасць Э. Зуземіля ў развіццё нацыянальнага руху самімі беларусамі ўспрымалася па-рознаму, у першую чаргу ў сувязі з унутранымі канфліктамі ў тагачасным беларускім асяроддзі на тэрыторыі нямецкай акупацыі. Калі даўнія супярэчнасці паміж братамі Луцкевічамі і Вацлавам Ластоўскім, па сутнасці, правадырамі беларускага руху на абшарах Обэр-Оста, набылі рысы адкрытага супрацьстаяння, Э. Зуземіль адкрыта стаў на бок апошняга. Гэта пацвярджае ў сваіх успамінах Юліяна Вітан-Дубейкаўская, наўпрост называючы Ластоўскага «пратэжэ Зуземіля». Менавіта Вацлаў Ластоўскі пасля на доўгі час стане галоўным палітычным партнёрам немца.
Браты Луцкевічы і блізкія да іх асобы, у адрозненне ад Ластоўскага, успрымалі Зуземіля выразна негатыўна. Ва ўспамінах Ю. Вітан-Дубейкаўскай гэтая асоба згадваецца рэгулярна, прытым з выключна негатыўнага боку. Паводле гэтай крыніцы, Луцкевічы вельмі насцярожана ставіліся да немца, і ўсе больш-менш важныя справы імкнуліся па магчымасці абмяркоўваць пры яго адсутнасці. Ва ўспамінах Вітан-Дубейкаўскай захаваўся і слоўны партрэт нямецкага службоўца: «высокі немец, гадоў больш за сорак, са звыклым тварам, але з прыкрымі вачыма», у якіх было штосьці «фальшывае, змяінае». Не менш катэгарычным за Вітан-Дубейкаўскую ў ацэнцы ролі Зуземіля быў сам А. Луцкевіч, які пісаў: «Для Зуземіля […] рэквізуюць часць кватэры Луцкевічаў, і ён мае магчымасць сачыць за кожным іх крокам. Зуземіль развівае цэлую сець інтрыг, скіраваных проці братоў Луцкевічаў […] і вядзе атаку галоўным чынам проці Івана Луцкевіча, сваёй рэзкасцю выступленняў асабліва дадзеўшага акупантам. Пачынаецца работа дзеля развалу ўсіх беларускіх устаноў, так ці гэтак звязаных з імем Луцкевічаў». Менавіта з інтрыгамі Зуземіля А. Луцкевіч звязваў няўдачу ў арганізацыі Беларускага настаўніцкага саюза, які быў задуманы Іванам Луцкевічам. Як у ранейшы, так і ў пазнейшы час Зуземіль выяўляў цікавасць да літаратурна-навуковай творчасці. Таму няма сумнення, што сваё становішча фактычна другога і галоўнага рэдактара ў «Гомане» ён скарыстоўваў дзеля выступлення з уласнымі, часам нечаканымі поглядамі на розныя праблемы. Натуральна, што свайго прозвішча Зуземіль пад артыкуламі не ставіў. Таму публікацыі ў «Гомане», якія, магчыма, належалі яго пяру, можна вызначыць толькі па нейкіх ускосных прыкметах, абапіраючыся на ўжо вядомыя нам пра гэтую асобу звесткі. Так, безумоўна, прыцягваюць увагу непадпісаныя артыкулы з лацінскамоўнымі назвамі – «Vestigia nostra prodeunt!» (Нашы штандары ідуць упярод!) ад 22 верасня 1916 г. і «Per aspera ad astra» (З цемры да зор) ад 8 снежня 1916 г. Асабліва цікавы першы з іх, у асноўным прысвечаны вывучэнню беларускага пытання нямецкімі навукоўцамі. У ім аўтар, вельмі станоўча ацэньваючы факт зацікаўленасці беларускім пытаннем з боку іншаземцаў, прыраўноўваў беларускае адраджэнне да аналагічнага чэшскага і рабіў выснову, што «беларуская справа зышла з мёртвага пункту. Для поўнага адраджэння нашага народу патрэбны толькі жывыя, шчыра адданыя нашай справе людзі-кіраўнікі, не гэтулькі палітыкі, як скромныя, мо мала відочныя работнікі на ніве народнай, духаўнікі, народныя вучыцелі і інш.». Безумоўна, не ўсе непадпісаныя ці падпісаныя псеўданімамі матэрыялы пісаліся рукой Зуземіля, аднак несумненна, што іх было нямала. Цікава, што адзін час «Гоман» выходзіў адразу з дзвюма перадавіцамі, адна з якіх падпісвалася імем Івана Мялешкі (псеўданім А. Луцкевіча), а другая друкавалася ананімна. Артыкул пад назвай «Tutejszy» i «deutsch» з’явіўся на старонках «Гомана» 15 жніўня 1916 г. У ім аўтар сцвярджаў, што «беларусы – не ядыны народ, каторы называе сябе «тутэйшым». Мо гэта шмат для каго будзе неспадзяванкай, але «тутэйшымі» называюць сябе… немцы. «Deutsch» (нямецкі) – гэта старое германскае слова, каторае праз некалькі стагоддзяў крыху змянілася і значыла… «тутэйшы»!.. Гэтак бачым аналогію між імем, каторым называюць сябе беларусы, і імем нямецкага народу». Артыкул быў падпісаны псеўданімам «Nie-tutejszy». А недзе праз месяц у «Гомане» быў надрукаваны і ліст у адказ пад псеўданімам «Тutejszy», у якім адзначалася, што «вашая стацця навяла мне думку, ці сапраўды не называць нашу мову тутэйшай. Насмешлівае ў вустах нязваных гасцей нашага Краю слова «тутэйшы» няхай служыць для нас пачэсным імем!». Падабенства ў стылістыцы абодвух допісаў наводзіць на думку пра ідэнтычнасць іх аўтараў. Дакладней, аднаго аўтара – Эдмунда Зуземіля. Ва ўсялякім выпадку, апошні і ў пазнейшыя часы выступаў у друку з артыкуламі, прысвечанымі беларуска-нямецкім сувязям. Ды і пытанне тэрміну для азначэння беларускай нацыі не было для яго зусім чужым, асабліва калі згадаць пра распрацаваную ім «радзіміцкую тэорыю», пра што будзе гаворка пазней. Палітычная актыўнасць Э. Зуземіля на беларускай глебе дасягае свайго піку ў 1918 г. Па пропуску на імя «Кузьміцкага» ён у сакавіку 1918 г. нават ездзіў з Вільні праз лінію старых акопаў у Менск, хутчэй за ўсё, з мэтай нейкім чынам паўплываць на мясцовых дзеячаў. Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра дзеянні немца ў Менску, аднак толькі пасля ягонага вяртання ў Вільню віленскія беларускія дзеячы атрымалі ад нямецкіх вайсковых уладаў дазвол на паездку ў Менск, якая, як вядома, завяршылася абвяшчэннем незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Мяркуючы па далейшых падзеях, Зуземіль адразу ж выявіў імкненні да актыўнага ўдзелу ў вызначэнні напрамкаў палітыкі навастворанай дзяржавы. Ужо 24 красавіка 1918 г. А. Луцкевіч пісаў да Я. Варонкі і Р. Скірмунта ў Менск: «Мне немцы пазвалення на падарожу ў Менск не далі – затое далі пазваленьне пану Ластоўскаму, каторы, як Вам вядома, працуе ў цесным звязку з «таварышам Кузьміцкім» у мундзіры. Відаць, пад кірункам апошняга п. Ласт[оўскі] выпусьціў сваю «лістоўку» ў справе фэдэрацыі з Украінай»11.
|
10 Людендорф Э. Мои воспоминания о войне 1914–1918 гг. Москва-Минск, 2005. с. 185. |
А. Луцкевіч меў на ўвазе спробу пераарыентаваць беларускі цэнтр у Менску з літоўскага на ўкраінскі напрамак, называючы гэтую ідэю «фікцыяй, за якой укрываецца «тав. Кузьм[іцкі]». «Мы тут бачым у немцаў (гакатыстаў)12 тэндэнцыю ўзяць Беласточчыну сабе, – дадаваў ён, – а Гродзеншчыну і Віленшчыну дараваць Літве». Цяжка сказаць, быў аўтарам падобнай ідэі сам Зуземіль ці ягонае вышэйшае начальства, аднак, як вынікае з далейшага тэксту ліста, адпаведную заяву менскіх беларусаў збіраліся выкарыстаць у сваіх замежнапалітычных інтарэсах нямецкія ўлады нават на ўзроўні самога тагачаснага райхсканцлера Георга фон Гертлінга.
Расшыфроўка Луцкевічам носьбіта псеўданіму «Кузьміцкі» дазваляе з вялікай доляй упэўненасці сцвярджаць, што Зуземіль не абмяжоўваўся закулісным кіраваннем беларускімі справамі, але і афіцыйна ўваходзіў у беларускія арганізацыі, прытым найвышэйшага ўзроўню. Прозвішча «Кузьміцкі» прысутнічае ў спісе кааптаваных сяброў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, якая была створаная Раманам Скірмунтам у траўні 1917 г. у Менску. Увайшоў «Кузьміцкі» як прадстаўнік «беларускай кааперацыі» і ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, выбранай у красавіку 1918 г. На пасяджэнні Рады 1 траўня 1918 г. «Кузьміцкі» стаў адным з пяці сяброў Гаспадарчай камісіі Рады БНР. Ягонае прозвішча фігуруе і ў каштарысе на выплату заробкаў сябрам Рады, аднак толькі за травень 1918 г. За чэрвень ён грошы ўжо не атрымоўваў, аднак невядома, ці сведчыла гэта пра вывад «Кузьміцкага» са складу Рады. Улічваючы, што менавіта на гэты час (26 красавіка 1918 г.) прыпала высылка сумнавядомай тэлеграмы кайзеру Вільгельму, можна дапусціць, што Зуземіль таксама ў большай ці меншай меры спрычыніўся да гэтага кроку, тым больш што ініцыятыва яе адсылкі належала групе яго ранейшага суседа і, хутчэй за ўсё, даўняга знаёмага Рамана Скірмунта. Магчыма, немец меў дачыненне і да няўдалай спробы фармавання новай Рады Рэспублікі ў чэрвені–ліпені 1918 г. пад кіраўніцтвам усё таго ж Скірмунта. Падсумоўваючы вынікі гэтага перыяду ў беларуска-нямецкіх адносінах, на фармаванне якіх вялікі ўплыў аказваў Эдмунд Зуземіль, мае сэнс зацытаваць даведку аб дзейнасці Народнага Сакратарыяту БНР за восень 1918 г., г. зн. на час апошніх месяцаў нямецкай акупацыі:
Усталяваўшы ўладу, Германскае Камандаванне зменшыла правы Народнага Сакратарыяту, але ў той жа час Германскае Камандаванне лічылася і лічыцца да гэтай пары з Народным Сакратарыятам і (Радай) як з вярхоўным органам Беларусі, неафіцыйна прызнаючы за ім усе правы, але афіцыйна, на падставе Брэсцкай Дамовы і права акупацыі, трымаючы ўсе галіны кіравання ў вайсковых руках. У апошнія месяцы працяглыя перамовы з Германскім Камандаваннем прывялі да таго, што гандаль, прамысловасць (Гандлёвай Палаты), асвета, пошта, зносіны пакрысе пераходзяць у рукі беларускіх арганізацыяў. Мала таго – Германскае Камандаванне запатрабавала, каб Народны Сакратарыят прызначыў сваіх дарадцаў (асаблівыя пасады нагляду) у Літоўскую частку Беларусі (Ваўкавыск і інш.), а таксама і ва Украінскую частку Беларусі (Брэст-Літоўск, Гомель і інш.).
Не выключана, што многія з пералічаных саступак з боку нямецкага камандавання былі зробленыя дзякуючы лабіраванню беларускіх інтарэсаў Э. Зуземілем. Магчымасці апошняга, аднак, былі даволі абмежаваныя. Р. Зямкевіч, які ў 1918 г. жыў у Менску і якраз тады пазнаёміўся з Зуземілем, дакладваў, што
пасля заняцця Менску ён пастаянна круціўся сярод беларусаў, і хоць быў вайскоўцам найніжэйшага рангу – сяржантам, пан доктар Зуземіль літаральна ўсюды меў доступ да ўладаў. Рабіў беларусам дробныя паслугі, даваў грошы на выданне газет. […] Хоць Зуземіль хадайнічаў перад нямецкімі ўладамі пра прызнанне Беларусі ў якасці незалежнай адзінкі, аднак нямецкія ўлады ў 1918 г., складзеныя з баварцаў, супраціўляліся гэтай ідэі, паводле іх бессэнсоўнай.
Ад канца 1918 і да восені 1921 г. не ўдалося выявіць ніякіх фактаў уплыву Эдмунда Зуземіля на беларускія справы, што, аднак, зусім не сведчыць пра тое, што гэтага ўплыву наагул не было. Вядома толькі, што пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Зуземіль пасяляецца ў Кёнігсбергу, і ягоныя сувязі з беларускім рухам цалкам не перапыніліся. Восенню 1921 г. ён быў у Коўне, адкуль перадаваў інфармацыю для нямецкіх газет у Кёнігсбергу, у тым ліку – на беларускую тэматыку. У 1922 г. Э. Зуземіль звярнуўся да В. Ластоўскага з прапановаю за свой кошт выдаваць у Кёнігсбергу беларускія кнігі. «Аб пладах маёй беларускай агітацыі ў Нямеччыне, – пісаў ён у сваім лісце, – вы, спадзяюся, даведаліся з лаянкі ў польскай прэсе, якая ніяк не магла здагадацца, якім гэта чынам беларускае пытанне было не так даўно ўзнятае нават у германскім парламенце». У канцы 1922 г. ён зноў звяртаецца да В. Ластоўскага, на гэты раз не непасрэдна, а, хутчэй за ўсё, праз Аляксандра Карабача13, з прапановаю набыць дзве тысячы паасобнікаў беларускага перакладу «Закона Божага», выдадзенага лацінскім шрыфтам. «Па сканчэнні гэтай справы, – дадаваў ён напрыканцы, – я гатовы прыступіць да выдання расійска-беларускага слоўніка сп. Ластоўскага». Можна меркаваць, што за справу арганізацыі выдання беларускіх кніг у Кёнігсбергу Зуземіль узяўся сапраўды сур’ёзна, бо 14 снежня 1922 г. інфармаваў Ластоўскага пра расцэнкі на друкарскія справы ў гэтым горадзе, а 15 лютага 1923 г. ужо прапаноўваў падрыхтаваць для беларускага выдавецтва цікавыя рукапісы.
|
11 Лісты беларускіх дзеячаў, апроч асабліва адзначаных выпадкаў, цытуюцца па выданні: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 1–2. Вільня–Нью-Ёрк–Менск–Прага, 1998.
12 Гакатысты – прыхільнікі асіміляцыйнай палітыкі, якая паходзіць ад назвы нямецкай шавіністычнай арганізацыі «Гаката», што дзейнічала ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. і ставіла сабе за мэту германізацыю этнічна польскіх земляў у складзе кайзераўскай Нямеччыны.
|
Адначасова з гэтым Э. Зуземіль знаёміў нямецкае грамадства з беларускім пытаннем, друкуючы, напрыклад, у нямецкай газеце «Deutsche Rundschau» («Нямецкі агляд») артыкулы пра крывіцкі рух і заснаваны Ластоўскім у Коўне часопіс «Крывіч». Супрацоўнічаў ён і з самім «Крывічом», дасылаючы ў яго розныя нататкі і артыкулы, якія пасля друкаваліся пад чужым імем. Найбольш вядомым, але не адзіным псеўданімам Зуземіля быў «доктар філёлёгіі А. Чужыловіч». Таксама выкарыстоўваўся яшчэ даваенны псеўданім «Аргус». Іншыя псеўданімы можна ўстанавіць па ўскосных прыкметах. Так, сам Зуземіль у адным з лістоў да Ластоўскага згадваў, што ў № 5 за 1923 г. ён змясціў «тры артыкулы агульным аб’ёмам 4 старонкі». Ведаючы сферу інтарэсаў Зуземіля, можна меркаваць, што яго пяру, акрамя артыкула, падпісанага псеўданімам «Аргус», належыць і матэрыял, падпісаны крыптанімам «Ч. У.», тым больш што ў папярэдніх нумарах нататкі «Філалагічныя закметкі» падпісваліся як крыптанімам «Ч. У.», так і бясспрэчна зуземілеўскім псеўданімам «Чужыловіч». Можна з вялікай доляй упэўненасці таксама сцвярджаць, што пад псеўданімам «Semper militaris» таксама хаваецца былы настаўнік-лацініст.
Звычайным зместам зуземілеўскіх артыкулаў з’яўляюцца сувязі беларускай мовы з іншымі еўрапейскімі мовамі, у першую чаргу з лацінскай, старажытнагрэцкай, нямецкай і польскай. Аднак у некаторых артыкулах яскрава праступае захапленне іх аўтара расавай тэорыяй. Так, у артыкуле пад характэрнай назвай «Мова, народ, раса», апублікаваным пад псеўданімам «Чужыловіч», выказваецца думка, што
найбольш чыстымі па крыві славянамі трэба лічыць Крывіцкі і Польскі народы. […] У горшым палажэнні вялікарускі народ, які кампетэнтнымі вучонымі прызнаецца нават за неславянскі, у лепшым прыпадку за славяна-мангольскі. […] З пункту гледжання антрапалогіі розніцы паміж Французамі і Італьянцамі з аднэй стараны і Крывічамі з другой далёка не так вялікі, як розніца паміж Крывічамі і Маскалямі.
Гэты артыкул не прайшоў незаўважаным у беларускіх асяродках. Так, Я. Станкевіч у сваім лісце да В. Ластоўскага з Прагі восенню 1923 г. адзначыў:
Меркаванні ў стацці «Мова, народ, раса» д-ра Чужыловіча мне падабаліся. Ён піша аб рэчах элементарных і наагул ведамых, але надзвычайна важна тое, што не глядзіць на палітыку і не баіцца Маскалёў. Хто гэта такі д-р Чужыловіч, адкуль ён і дзе жыве?
Супрацоўніцтва Зуземіля з «Крывічом» атрымалася інтэнсіўнае, але непрацяглае. Ужо ў канцы 1923 г. ён паведаміў В. Ластоўскаму пра немагчымасць далейшага свайго супрацоўніцтва з «Крывічом» дзеля матэрыяльных цяжкасцяў. Тым не менш, адносін з Ластоўскім ён не перарываў і надалей. Гэтыя адносіны, прынамсі, знешне, мелі выразна сяброўскі характар: «Калі вы з пані Станіславаю, – пісаў ён у лісце ад 15 лютага 1923 г., – ці пан Карабач па якой небудзь прычыне будзеце ў Кёнігсбергу, дык прыходзьце проста з вакзала да мяне, бо ж мой пакой заўсёды ў вашым ці Карабача распараджэнні». У іншым лісце Э. Зуземіль сцвярджаў: «Кватэра пані Рэйман [...] да Вашых паслугаў. […] Калі ў Вас ёсць нейкая інтымная блізкая сяброўка, дык яна таксама можа тут спыніцца». Аўтары не маюць інфармацыі, кім была гэтая пані Рэйман, аднак Зуземіль у іншым лісце перадаваў, што яна захопленая «Крывічом». З усяго сказанага можна меркаваць, што згаданая пані адыгрывала не апошнюю ролю ў асабістым жыцці Зуземіля і ён меў на яе немалы ўплыў. Не выключана, аднак, і чыста прафесійнае супрацоўніцтва гэтых асоб па лініі нямецкай выведкі. Магчымы і трэці варыянт: ніякай «пані Рэйман» наогул не існавала ў прыродзе, а пад гэтым імем была зашыфраваная нейкая іншая асоба або нават цэлая арганізацыя. На карысць апошняй версіі сведчыць тое, што Зуземіля з Ластоўскім аб’ядноўвалі не толькі асабістыя і літаратурныя пытанні, але і нейкія іншыя патаемныя інтарэсы. Сутнасць іх пры сучасным стане даследавання праглядаецца слаба, і наконт гэтага можна рабіць пакуль толькі прыпушчэнні. «Усё ідзе вельмі добра – чытаем мы ў лісце да В. Ластоўскага з Кёнігсбергу ад 8 кастрычніка 1923 г., – і абяцае даць найлепшыя вынікі. Памешчыкам патрэбныя рабочыя, памяшканне будзе, завод моцна цікавіць. […] Спадзяюся, што застаняцеcя задаволеныя маёй бегатнёй». Як відаць з цытаты, гаворка тут нібыта ідзе пра нейкія супольныя эканамічныя інтарэсы, аднак вельмі верагодна, што і «памешчыкі», і «рабочыя», і «завод» былі толькі элементамі нейкага шыфра, і такім чынам Зуземіль імкнуўся перадаць Ластоўскаму нейкую сакрэтную інфармацыю. 6 сакавіка 1924 г. Э. Зуземіль выклікаў В. Ластоўскага з Коўна ў Кёнігсберг «па вельмі спешнай справе». Мяркуючы па тым, што камплект «Крывіча» Р. Зямкевічу ў Варшаву, высланы ў сакавіку 1924 г. з Кёнігсберга, быў падпісаны ўласнаручна Ластоўскім, апошні неадкладна выканаў просьбу немца. Наогул, з часам ліставанне абодвух дзеячаў набывала ўсё больш канфідэнцыяльны характар. Зуземіль у лісце за 4 траўня 1925 г. зазначае, што «астатнія тэмы Вашага ліста [за 29.04] я тут не буду закранаць, бо гэта залішне далікатная справа». У канцы траўня – пачатку чэрвеня 1925 г. Э. Зуземіль тэрмінова выязджае ў Гданьск на нейкую нараду і сустрэчу з «заморскімі гасцямі» – як гэта ён сам акрэсліў у двух лістах да В. Ластоўскага. У апошнім вядомым нам лісце да Ластоўскага ад 7 жніўня 1925 г. Э. Зуземіль прапанаваў арганізаваць у Коўне штодзённую беларускую газету дзеля выцяснення расейскамоўнага і польскамоўнага штодзённага друку ў Літве. Зуземіль не абмяжоўваў сваю дзейнасць на беларускім полі толькі адносінамі з ковенскім урадам Ластоўскага. Ён стараўся падтрымоўваць стасункі з тымі віленскімі беларусамі, якія ў 20-х гг. ХХ ст., у адрозненне ад сімвалічнага Ураду БНР, праводзілі рэальную палітыку, валодаючы пэўнымі ўплывамі ў беларускім грамадстве і нават маючы сваіх прадстаўнікоў у польскім парламенце. Адзін з іх – Антон Аўсяннік – быў, паводле сведчання Р. Зямкевіча, асабістым сябрам Зуземіля і ў свой час дастаўляў яму інфармацыю пра дзеянні польскага корпусу генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску. З рапарту Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штабу ад 15 студзеня 1923 г. мы атрымоўваем і інфармацыю пра візіт Зуземіля ў Вільню адразу пасля правядзення паспяховых для беларусаў парламенцкіх выбараў:
У Вільню інкогніта прыязджаў нямецкі шпіён, вядомы яшчэ з часоў акупацыі 1916–1918 гг. – цэнзар і беларускі апякун Зуземіль. Ён выдатна валодае як беларускай, так і польскай мовамі. Знаходзіўся ён тут паміж 30 снежня і 3 студзеня, пасля чаго нібыта выехаў у Горадню. Антон Луцкевіч яго не прыняў, таму ён дзейнічаў праз літоўцаў і праз іх уплываў на беларусаў. Гаворка ідзе ні больш ні менш як пра арганізацыю беларускага паўстання.
Другое з’яўленне Зуземіля ў Вільні адбылося летам 1924 г. Аднак перад гэтым ён заехаў у Варшаву, дзе на кватэры Браніслава Тарашкевіча 4 ліпеня 1924 г. выпадкова сустрэўся з тым самым Зямкевічам. У сваім чарговым рапарце ў ІІ аддзел Зямкевіч даволі сцісла, але змястоўна апісаў далейшыя планы немца:
Зуземіль едзе ў Вільню. Хоча пазнаёміцца з станам беларускага руху. Хоча купіць усе гадавікі газет мінулых часоў. Запрапанаваў мне купіць маю калекцыю за высокую цану. Я не пагадзіўся. Яму хочацца ведаць дынаміку руху. Прапануе матэрыяльную дапамогу ў выданні газет, класікаў беларускай літаратуры, навуковых і школьных прац. Што датычыць палітыкі, то ён раіць несаступлівасць, пратэсты, нават скандалы і эксцэсы, што ў найбліжэйшай будучыні багата аплоціцца. Выданне друкавалася б у Берліне або Лейпцыгу. Ластоўскі мне яго рэкамендуе як ідэальнага літаратурнага кіраўніка выданняў.
Размова двух агентаў і адначасова старых знаёмых яшчэ з часоў вайны працягнулася вечарам таго ж дня ў кавярні, і, як выглядае, кожны з іх імкнуўся падчас яе выконваць перш за ўсё прафесійныя абавязкі:
Ён цягнуў мяне за язык і я яго. Ён пытаўся маю думку пра Тарашкевіча, з якім раней не быў знаёмы. […] Прасіў мяне дапамагчы ў фармаванні думкі пра неабходнасць паразумення з Літвой і літоўцамі. Я сказаў, што гэта цяжка, асабліва цяпер, калі нацыянальныя супярэчнасці i нетактоўнасць літоўскіх палітыкаў выклікалі пагаршэнне адносін. Ён прызнаўся, што прыехаў, каб самому даследаваць адносіны на месцы. Матэрыяльная дапамога для ўзмацнення руху і планы на будучыню будуць вызначаныя толькі пасля даследавання ўсёй справы. Пра паўстанне, узброены рух і меркаваную вайну ён не ўспамінаў ані словам. […] Запісаў сабе мой адрас. Я яго прасіў, ці не мог бы я праз яго дастаць беларускія выданні, якія друкаваліся ў Коўне і Берліне, а ў нас забароненыя цэнзурай. Ён паспешліва паабяцаў, што ўсё мне прышле праз нямецкую амбасаду.
Звесткі пра наступныя сустрэчы Зуземіля падчас гэтага візіту, ужо ў Вільні ў сярэдзіне ліпеня 1924 г., мы атрымоўваем з агульнага рапарту ІІ аддзелу Генеральнага штабу. Адзначаецца, што гэтая інфармацыя была атрыманая ІІ аддзелам ад уласнага канфідэнта. Гэта не выключае таго, што яе крыніцай таксама быў Р. Зямкевіч, які, паводле ўласнага сведчання, збіраўся ехаць у Вільню ўслед за немцам. Гэтым разам Зуземіль наведаў Антона Луцкевіча. Пры размове прысутнічалі і некаторыя з соймавых паслоў. Зуземіль пераконваў прысутных, што
Нямеччына ніколі не забудзе беларусам, што яны занялі такую рашучую антыпольскую і антыфранцузскую пазіцыю. Абяцаў, што за гэта немцы падтрымаюць іх акцыю ў гэтым кірунку. Пакуль жа раіў як мага мацней супраціўляцца ўсім мерапрыемствам польскіх уладаў, адначасова асцерагаючы ад празмернага даверу да СССР. Што да СССР, то раіў выкарыстоўваць і яго ўплывы.
Дадатковую інтрыгу дзеянням Зуземіля надаюць яго таямнічыя кантакты з польскімі спецслужбамі, якія мелі месца перад гэтай паездкай14. У сакавіку 1924 г. на адрас Генеральнага консульства Польшчы ў Кёнігсбергу прыйшоў ліст ад Зуземіля, у якім апошні, называючы сябе арганізатарам беларускага руху падчас сусветнай вайны, запрапанаваў сустрэцца з мэтай абмеркавання некаторых праблемаў, датычных беларускага пытання. Прозвішча Зуземіля нічога не казала консульскім службоўцам. Яны ўспрынялі яго як «аднаго са шматлікіх псеўдабеларускіх дзеячаў, якія дзеля грошай гатовыя ствараць новыя беларускія арганізацыі», і адмовіліся выслаць свайго прадстаўніка на сустрэчу. У адказ Зуземіль выступіў з вялікім артыкулам у мясцовай газеце «Tannenberg», якая з’яўлялася органам прыхільнікаў былога камандуючага Усходнім фронтам генерала Эрыха Людэндорфа. Артыкул меў назву «Мы і беларусы», і ў ім аўтар даволі падрабязна апісаў сваю дзейнасць у 1915–1918 гг., вядома, значна перабольшыўшы свае заслугі перад беларускім рухам. Аднак сваёй мэты ён дасягнуў: пасля прачытання артыкула супрацоўнікі польскіх спецслужбаў зацікавіліся асобай Зуземіля і прапанавалі яму выкласці свае пастулаты ў адмысловым мемарыяле.
|
13 Карабач Аляксандр – беларускі дзеяч, дэпартаваны ў лютым 1922 г. польскімі ўладамі ў ліку 33 беларускіх і літоўскіх дзеячаў з тэрыторыі Віленшчыны. Пасля гэтага быў прадстаўніком Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту ў Коўне. |
Мемарыял быў неадкладна пададзены. У ім Зуземіль сцвярджаў, што «насуперак поглядам большасці польскіх і расейскіх палітыкаў, я перакананы, што беларускае пытанне для расейскага і польскага народаў з’яўляецца важнейшым за ўкраінскае. […] Узброеная спрэчка паміж Польшчай і Расеяй вырашыцца не на ўкраінскай тэрыторыі, а на беларускай». Затым, пасля кароткага гістарычнага экскурсу, ён рабіў выснову, што ў інтарэсах Нямеччыны – або моцная Польшча, або ніякай. Дзеля ўзмацнення Польшчы ён прапаноўваў свае паслугі ў справе фармавання паланафільскай арыентацыі ў асяроддзі заходнебеларускіх палітыкаў. Зуземіль дэклараваў: «Я рэзка асуджаю бандыцкую палітыку, якую беларусы праводзяць цяпер у Вільні, Гародні, Беластоку ды на Палессі. Я асуджаю гэтую палітыку не таму, што яна шкодзіць Польшчы, а таму, што яна бессэнсоўная і ніякай карысці беларусам прынесці не можа. Гэта быў мой сталы погляд, і на гэтай пазіцыі я застаюся сёння. […] Мушу зазначыць, што мае ідэі падзяляюць таксама і некаторыя беларускія дзеячы. Я маю сваіх прыхільнікаў у Расеі, у Польшчы, у Латвіі і Літве. […] Сярод беларусаў нямала ёсць такіх, якія глядзяць на беларускую акцыю як на сродак здабывання грошай, але, на шчасце для беларускай справы, беларусы маюць і іншы тып дзеячаў – людзей у вышэйшай ступені ідэйных, сумленных і фанатычна адданых нацыянальнай справе. Іх немагчыма купіць, але існуе магчымасць іх зацікаўлення на карысць польскай арыентацыі, што можа прынесці карысць як Польшчы, так і беларусам».
У сувязі з гэтым цікава тое, што яшчэ ў сваім газетным артыкуле Зуземіль паведамляў пра факт адсылкі беларускімі дзеячамі тэлеграмы генералу Людэндорфу, пастаўленаму перад мюнхенскім судом за ўдзел у т. зв. «піўным путчы» ў лістападзе 1923 г. Тэлеграма высылалася «ў гадавіну абвяшчэння раўнапраўя беларусаў з іншымі народамі ўсходу» і была падпісаная В. Ластоўскім і былым рэдактарам газеты «Гоман» Язэпам Салаўём. Паказальна, што хутка пасля гэтага Салавей стаў адным з заснавальнікаў паланафільскай Часовай беларускай рады, і нават кароткі час рэдагаваў яе друкаваны орган «Грамадзкі голас». Не выключана, што рашэнне аб прыняцці такой палітычнай арыентацыі было прынятае ім не без уплыву з боку Эдмунда Зуземіля. Кіраўнік жа польскага консульства ў Кёнігсбергу, перасылаючы копію мемарандуму Зуземіля ў Варшаву, адзначаў, што апошні «пры асабістай сустрэчы склаў уражанне ідэйнага маньяка, і відавочна, што ён добра інфармаваны пра цяперашнюю дзейнасць беларускіх лідэраў, а таксама, будучы адпаведна намі кіраваны, мог бы быць ужыты пры правядзенні спрыяльнай нам прапаганды ў тых беларускіх сферах, якія гуртуюцца па-за тэрыторыяй Польскай Рэспублікі».
Падобна на тое, што вышэйзгаданая ліпеньская паездка Зуземіля ў Варшаву была зробленая ў першую чаргу з мэтай непасрэднага навязання кантактаў з кампетэнтнымі людзьмі з ІІ аддзелу польскага Генеральнага штабу. Даволі цікавая інфармацыя на гэтую тэму ўтрымоўваецца ў папярэдне ўжо цытаваным рапарце Р. Зямкевіча. Нібыта ў прысутнасці Б. Тарашкевіча Зуземіль
жартаўліва зазначыў, што трэба было б мяне [Зямкевіча. – А. П., А. Ч.] пабойвацца, бо маю адносіны з афіцэрам дэфензівы Блонскім15. […] Зуземіль на маё вялікае здзіўленне сказаў, што паводле некаторых звестак, якімі ён валодае, не было нічога лягчэйшага, як падкупіць Блонскага, што гэта было толькі пытанне сумы і яе велічыні. Я зразумеў, што тут Зуземіль гаворыць як выведнік, а думка пра Блонскага прымусіла мяне задумацца, хоць у праўду гэтага паверыць не магу.
|
14 Усе матэрыялы, датычныя гэтага пытання, знаходзяцца ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертове, фонд ІІ аддзелу Генеральнага штабу, сыгн. I.303.4.2475, падтэчка 21. |
Польскія службоўцы, аднак, з асцярогай ставіліся да прыняцця паслугаў немца, апасаючыся правакацыі з боку нямецкіх спецслужбаў. Аднак і сувязяў з ім яны не перарывалі, імкнучыся па магчымасці выкарыстаць у сваіх мэтах. Зуземіль жа падаваў усё новыя і новыя прапановы. Так, у канцы 1925 ці 1926 гг. ён запрапанаваў прадаць ІІ аддзелу звесткі пра заходнебеларускіх дзеячаў, звязаных з бальшавікамі, але бакі не пагадзіліся ў суме. А 12 снежня 1926 г. немец звязаўся з адным з прадстаўнікоў ІІ аддзелу і заявіў, што яму ўдалося стварыць групу з 8 беларускіх дзеячаў, якія жывуць у 4 дзяржавах: Польшчы, СССР, Літве і Нямеччыне. Гэтая група нібыта мела сваіх давераных асоб у Менску і ставіла сабе за мэту стварэнне самастойнай беларускай дзяржавы, арыентаванай у сваёй палітыцы на Польшчу. Зуземіль падкрэсліў, што «на дэфензіўную працу мы не пойдзем, а гаворка ідзе галоўным чынам пра барацьбу з бальшавізмам на аснове растлумачвання беларускаму насельніцтву пра пагрозу для яго з боку Масквы». Прозвішчы сваіх паплечнікаў немец абяцаў назваць толькі пры ўмове прыняцця яго асабіста кіраўніцтвам ІІ аддзелу ў Варшаве. Польскім выведнікам такая прапанова падалася дастаткова перспектыўнай, нягледзячы на натуральную ў тых умовах боязь правакацыі: «ці працуе Зуземіль у паразуменні з Нямеччынай – цяпер гэтага дакладна сцвярджаць немагчыма, але ва ўсялякім разе яго прыезд у Варшаву і наша знаёмства з прозвішчамі дзеячаў з яго групы можа кінуць пэўнае святло на магчымыя камбінацыі з нямецкага боку […]. Трэба было б правесці з ім перамовы на нейтральным грунце, бо для ўсёй камбінацыі было б лепей, как Зуземіль быў перакананы, што размаўляе з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў». Візіт Зуземіля ў Варшаву спачатку планаваўся на студзень 1927 г., але потым быў перанесены на сярэдзіну сакавіка таго ж года. Падчас візіту была запланаваная сустрэча з кіраўніком аддзелу нацыянальных справаў пры МУС Польшчы капітанам Сухэнкам, а таксама з афіцэрамі ІІ аддзелу Генеральнага штабу. Зуземіль абавязаўся сярод іншага «прывезці палякам матэрыялы, якія выкрывалі бальшавіцкую шпіёнскую акцыю на польскіх землях, а таксама, магчыма, ад імя сваёй групы выступіць на беларускім працэсе (відаць, працэсе Беларускай сялянска-работніцкай грамады. – А.П., А.Ч.) з доказамі, што ўся беларуская акцыя накіроўвалася бальшавікамі». Хутчэй за ўсё, гэты візіт Зуземіля ў Варшаву ўрэшце адбыўся. Аднак нічога канкрэтнага ад яго палякам дабіцца не ўдалося і гэтым разам. Прынамсі, ужо пасля візіту нейкі польскі капітан пісаў да нейкага маёра, што немец настойвае на сваёй ідэі перапраўкі ў Польшчу 8 беларускіх дзеячаў, але прозвішчы іх падаць па-ранейшаму адмаўляецца. Сам Зуземіль пры гэтым выказваў жаданне з’ездзіць на некалькі тыдняў у Вільню, каб пазнаёміцца са станам беларускіх справаў. Акрамя таго, ён сцвярджаў, што ў апошнія дні атрымаў прапанову ад супрацоўніка савецкай амбасады ў Коўне аб дапамозе ў выведвальнай працы на тэрыторыі Польшчы. Пры гэтым адрас Зуземіля, па словах апошняга, амбасада атрымала ад выехаўшага незадоўга перад гэтым у БССР Вацлава Ластоўскага. Капітан рабіў у сваім рапарце выснову, што «гэтая справа трохі смярдзіць» і абяцаў не выпускаць немца з-пад свае апекі, каб што-небудзь з яго выцягнуць. Маёр у адказ на гэты ліст засведчыў, што «Зуземіля я лічу вычарпаным чалавекам, без сур’ёзных кантактаў, які набівае сабе цану фантазіямі. Мне падаецца, што з ім ніхто не хоча размаўляць. Яго можна ўжываць у кароткачасовых негатыўных справах, але ніколі – у пазітыўных, г. зн. арганізацыйна-творчых. Напрыклад, калі б ён даў доказы шпіёнскай або агітацыйнай працы ў Польшчы, то іх можна ўзяць, праверыць, магчыма заплаціць, і на гэтым канец». Капітану было загадана не размаўляць з Зуземілем на сур’ёзныя тэмы, а толькі адсочваць яго крокі. Пры выкарыстанні немца як магчымага польскага агента ён павінны быў атрымоўваць толькі дакладна вызначаныя і канкрэтныя даручэнні без раскрыцця яму мэтаў і планаў ІІ аддзелу. Урэшце, любая інфармацыя, пададзеная Зуземілем, мусіла перасылацца ў Варшаву для праверкі і ацэнкі, бо «шкада нават аднаго гроша на гэтага шалапута». Пасля нядаўняй публікацыі А. Сідарэвічам ліста Антона Луцкевіча, напісанага апошнім 15 ліпеня 1931 г. да Людмілы Краскоўскай, дачкі вядомага беларускага дзеяча Івана Краскоўскага, рэпрэсаванага па справе Саюза вызвалення Беларусі ў Менску16, высвятляюцца новыя абставіны гэтай справы. Аказваецца, што беларускія дзеячы ў Вільні даведаліся пра перамовы Зуземіля з польскай выведкай і зрабілі з гэтай інфармацыі ўласныя высновы. Луцкевіч, спасылаючыся на інфарматара, асоба якога «не выклікае сумлеву ў праўдзівасці яго апавядання», пісаў, што «перад «пакаяннем» і выездам у Менск Л[астоўскага] прыязджаў ад яго імя ў Варшаву да міністэрства ўнутраных справаў (да п. Сухэнка) той самы Зуземіль. Аб чым там вяліся перагаворы – няма ведама. Але магчыма, што з гэтага і завязалася ўся гісторыя». Паводле інфармацыі Луцкевіча, пасля свайго візіту ў польскае МУС Зуземіль адпаведным чынам паўплываў на былога прэм’ера Урада БНР, у выніку чаго Ластоўскі, прыехаўшы ў БССР, заявіў, што «хутка мае быць ваенная інтэрвэнцыя ў СССР, і дзеля гэтага нацыянальна сьведамыя беларусы мусяць стварыць свой тайны цэнтр, які будзе прызнаны «белымі» за ўладу «вызваленае» Беларусі». Такім чынам, на Зуземіля фактычна ўскладалася адказнасць за пачатак разгрому камуністычнымі ўладамі беларускага руху ў БССР у 30-х гг. ХХ ст. Праўда, у дадзеным выпадку трэба браць пад увагу тую даўнюю непрыязь і нават варожасць, якую А. Луцкевіч меў як у дачыненні да Зуземіля, так і ў дачыненні да Ластоўскага.
|
15 Блонскі-Ліс Станіслаў (1890–1939) – у 20-я гады ХХ ст. адзін з кіраўнікоў ІІ аддзелу польскага Генеральнага штабу.< |
Мала вядома пра ўплыў Зуземіля на беларускія справы ў Польшчы ў 30-я гг. ХХ ст. Аднак жа наагул кантакту з беларусамі ў гэты час ён не траціў. 19 ліпеня 1930 г. у віленскай беларускай газеце «Наперад» у раздзеле «Хроніка» з’явілася кароценькае паведамленне, што «Э. Зюзэміль (немец) палажыў у Нямецкі Дзяржаўны Банк 11 000 польскіх злотых за найлепшыя беларускія гістарычныя раманы з часоў канца ХVI і пачатку XVII сталеццяў». Галоўная прэмія складала 5000 злотых, вялікую па тых часах суму. Цікавы, аднак, не столькі сам факт падобнай прапановы немца, як публікацыя абвесткі пра яе ў друкаваным органе «Цэнтральнага саюзу беларускіх культурна-асветных арганізацый і інстытуцыяў», які кіраваўся даўнім ворагам Зуземіля Антонам Луцкевічам.
Вядома таксама пра сувязі Зуземіля з уніяцкім святаром Баляславам Пачопкам. Падчас Першай сусветнай вайны Пачопка арганізаваў настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы. Вядома, гэта было немагчыма без дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў, таму Пачопка ніяк не мог абмінуць Зуземіля. Відаць, яны знайшлі ў той час ўзаемапаразуменне, бо захавалі цёплыя асабістыя адносіны і праз шмат гадоў. Прынамсі, з 1932 па 1938 гг. Пачопка пастаянна атрымоўваў ад Зуземіля паштоўкі, якія сваім зместам сведчылі пра тое, што Зуземіль ствараў т. зв. «радзіміцкую» канцэпцыю, падобную да «крывіцкай» канцэпцыі В. Ластоўскага17. Невядома, якім мэтам мусіла гэтая канцэпцыя служыць, аднак сабе Зуземіль у ёй адводзіў галоўную ролю, без лішняй сціпласці называючы сябе «бацькам радзіміцкага руху». Свой «радзіміцкі» стаж ён адлічваў з 1894 г., калі, будучы яшчэ школьнікам, напісаў «першыя радзіміцкія вершы». Хоць на ўсіх паштоўках пададзены хатні адрас Зуземіля ў Кёнігсбергу, аднак на паштоўках 1932 і 1933 гг. фігуруе і нейкае «Радзіміцкае выдавецтва ў Эсціі, Калывань», у якім нібыта быў выдадзены ў 100 паасобніках «Эпас Радзімічаў» аўтарства Зуземіля. Што датычыць адрасата, Б. Пачопкі, то яго Зуземіль тытулаваў «бацькам беларускай філалогіі», «аўтарам слаўнае «Hramatyki biełaruskaj mowy», выдадзенай у Свіслачы ў 1917 г., у якога «пан Тарашкевіч зрабіў пазыку».
|
16 Луцкевіч А. Ліст да Людмілы Краскоўскай / Падр. да друку А.Сідарэвіч // Наша Ніва. 13 траўня 2005 года. № 18. |
Цяжка сказаць дакладна, чаму Зуземіль менавіта да Пачопкі ставіўся з такой павагай, улічваючы тое, што ў 1934 г. апошні на беларускія справы ніяк не ўплываў, бо служыў святаром у правінцыйнай уніяцкай парафіі ў в. Бабровічы Косаўскага павету і, паводле асабістага прызнання, «заўсёды адчуваў матэрыяльны недастатак». Магчыма, як вынікае з ліста Пачопкі ў адказ на паштоўку 1934 г. (які быў перахоплены польскай палітычнай паліцыяй)18, пэўнае значэнне ў справе збліжэння гэтых двух дзеячаў мела агульная непрыязь да Антона Луцкевіча. Пачопка пісаў: «Бачу, што браты Луцкевічы не змаглі зашчапіць Вам упярэджання да маёй асобы. Граматыка, па-вашаму «слаўная», імі наогул не спамінаецца, а як у «Гадавіку Бел. Навук. Т-ва» спомніў яе «пан Антон», то вельмі непрыхільна».
У той жа час у каментары польскай дэфензівы да перахопленага ліста згадвалася, што прыблізна за два гады да гэтага (г. зн. у 1932 г.) Зуземіль звярнуўся да Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні з просьбай выслаць яму 1000 паасобнікаў беларускай граматыкі і 500 паасобнікаў чытанкі. Адначасова ён прапаноўваў выслаць давераную асобу ў Гданьск «для абмеркавання асабістых справаў». Тагачасныя кіраўнікі таварыства А. Луцкевіч і Р. Астроўскі ўхіліліся ад завязвання непасрэдных кантактаў з такім небяспечным партнёрам, а выданні пагадзіліся выслаць толькі пры ўмове іх папярэдняй аплаты. Відаць, урэшце кантакты з Зуземілем з усіх беларусаў у Польшчы пагадзіўся падтрымоўваць толькі Пачопка, пра што ўскосна сведчыць тое, што першыя паштоўкі (у 1932 і 1933 гг.) мелі агульны характар, а ў наступных тым ці іншым чынам вельмі пазітыўна згадвалася асоба Пачопкі і расхвальвалася ягоная граматыка.
|
17 Паштоўкі Зуземіля да Баляслава Пачопкі захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Літоўскай Акадэміі навук, ф. 21, спр. 580, а. 1–10. |
Аднак жа галоўную пікантнасць усёй гэтай справе надае тое, што паліцыя перахапіла не арыгінал ліста Пачопкі да Зуземіля, а яго фатакопію, на якой рукой Зуземіля быў дапісаны ўласны адрас. Гэтая фатакопія была накіраваная Зуземілем на адрас Беларускай гімназіі ў Вільні. Улічваючы тое, што ліст насіў чыста прыватны характар і ніякім чынам не мог быць карысным кіраўніцтву гімназіі ў вырашэнні прафесійных задач, не выключаецца магчымасць наўмыснай правакацыі Зуземілем беларускага руху з мэтай выклікаць супраць яго рэпрэсіі з боку польскіх уладаў. Ва ўсялякім разе, польскія ўлады пасля перахопу дадзенага ліста сапраўды паднялі пытанне аб нямецкай агентуры сярод беларускіх дзеячаў на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, хоць і не змаглі знайсці нейкага лагічнага тлумачэння дзеянням Зуземіля.
Разгубленасць супрацоўнікаў спецслужбаў у поўнай меры характарызуе абцякальная фраза з рапарту, што «падкрэсленне ў яго (Пачопкі. – А. П., А. Ч.) лісце сваёй цяжкой фінансавай сітуацыі наводзіць на пэўныя дапушчэнні, якія, аднак, пакуль цяжка дакладна скрышталізаваць». Тым не менш, віленскі гарадскі староста абавязваўся «ўзмацніць выведку, каб устанавіць, ці іншыя беларускія арганізацыі і інстытуцыі атрымалі падобныя лісты з Кёнігсбергу», а таксама «ўзмацніць нагляд над карэспандэнцыяй, якая прыходзіць з Нямеччыны, выкарыстоўваючы дадзеныя старостам паўнамоцтвы ў дачыненні да антыдзяржаўных друкаў». Мы не маем дастаткова крыніц для таго, каб дакладна сцвярджаць, чым займаўся Зуземіль у Нямеччыне пасля прыходу да ўлады Нацыянал-сацыялістычнай партыі. Аднак падаецца вельмі верагодным, што былы службовец прэс-бюро знайшоў сваё месца і ў ІІІ Рэйху. Пра гэта могуць сведчыць погляды Зуземіля на расавую праблему, якія ў найбольш выразнай форме былі выказаныя яшчэ 15 красавіка 1924 г. у адкрытым лісце да В. Ластоўскага на нейтральную, на першы погляд, тэму «Што ўяўляюць з сябе так званыя ільменскія славяне?». Ліст быў падпісаны псеўданімам «Amicus rerum historiarum Crivitschorum» і ў ім сцвярджалася, што
за апошнія гады пытанне аб расах зрабіла ва ўсіх краінах, а асабліва ў Нямеччыне, вялікую эвалюцыю. Прыкметай народнасці цяпер у Нямеччыне прынята лічыць не мову і не рэлігію, а выключна расавую прыналежнасць… Над гэтай праблемай варта яшчэ вельмі моцна папрацаваць беларускім дзеячам. Расавая праблема, калі яна будзе правільна вырашаная, калі з гэтага рашэння будуць зробленыя лагічныя практычныя высновы, паставіць усю крывіцкую палітыку на зусім новую базу і адчыніць крывіцкім дзеячам зусім новыя гарызонты.
Як бачым, у сваім звароце Э. Зуземіль фактычна сфармуляваў ідэалагічныя падставы беларускага нацыянал-сацыялізму, прытым адразу пасля т. зв. «піўнога путчу» ў Нямеччыне! Пакуль не выяўленыя звесткі, што Зуземіль нейкім чынам спрычыніўся да практычнага завяршэння фармавання пранямецкай плыні ў беларускім нацыянальным руху ў 30-я гг. ХХ ст. Апошняй да гэтай пары выяўленай праявай ягонай дзейнасці на беларускай ніве з’яўляецца паштоўка да Пачопкі, высланая, хутчэй за ўсё, у 1938 г., у якой памерлы ў снежні 1937 г. нямецкі генерал Людэндорф называўся «тварцом радзіміцкага руху». Тым не менш, улічваючы характар ранейшай дзейнасці Э. Зуземіля, нельга выключаць, што ён меў нейкае дачыненне да стварэння, напрыклад, Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі Фабіяна Акінчыца або т. зв. «Беларускай пляцоўкі даверу» ў Берліне пад кіраўніцтвам князя Лявона Сапегі. Бясспрэчна, у любым выпадку, што роля Зуземіля ў ажыццяўленні нямецкага ўплыву на беларускіх дзеячаў у міжваенны перыяд была значная.
|
18 Фотакопія ліста Пачопкі да Зуземіля і каментар польскай палітычнай паліцыі да яго захоўваюцца ў Архіве новых актаў у Варшаве (Польшча), фонд Міністэрства замежных спраў 1918–1939 гг., сыгн. 5290а, а. 39–42. |
У чэрвені 1939 г. пад кіраўніцтвам прафесара А. г. Мендэ з Берліна, нямецкага чыноўніка з ведамства Розенберга, адбываеццца Усебеларуская нацыянальная канферэнцыя, якая, па сутнасці, мела на мэце стварэнне пранямецкай плыні ў беларускіх асяродках з разлікам на хуткі збройны канфлікт у Еўропе. Мендэ, у прыватнасці, заявіў, што нямецкі ўрад акажа падтрымку беларусам у барацьбе з Польшчай, СССР, а таксама з краінамі Балтыі за ўласную незалежнасць19. Прозвішча Зуземіля не згадвалася сярод арганізатараў самой сустрэчы, аднак гэта ўжо не мела вялікага значэння. На першыя ролі ў беларуска-нямецкіх адносінах выходзілі новыя асобы, аднак падмурак гэтых адносін быў закладзены іх папярэднікамі, у тым ліку і Эдмундам Зуземілем.
|
19 Сакалоўскі У., Ляхоўскі У. Нямеччына й беларускі нацыянальны рух напярэдадні й у першыя гады Другое Сусьветнае Вайны. C. 9. |
|