A R C H E П а ч а т а к № 4 (38) - 2005
SpyLOG Пачатак  Цалкам 


4-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

   

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Паўла Клі «Алегорыя прапаганды» (1939)

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Некалькі словаў пра аўтара гэтага ліста і той час, калі ён быў напісаны. Пётр Сяўрук, сын Якава, нарадзіўся ў 1905 годзе ў Скідзелі ў небагатай сялянскай сям’і. У 1915 годзе ўся яго сям’я разам з сотнямі тысяч іншых праваслаўных беларусаў выехала на ўсход. Сеўрукі апынуліся ў Ліпецку. Хлопец прачытаў там сотні, калі не тысячы, кніг, пачаў друкавацца ў мясцовых газетах. У 1921 годзе вярнуўся ў родны Скідзель, які стаў часткай Польшчы. Тут Пятра чакала цяжкая сялянская праца, поўная адсутнасць надзеі рэалізаваць свае здольнасці і пастаянныя візіты п’яных польскіх паліцэйскіх. Пётр шмат пісаў – вершы, апавяданні, філасофскія творы, вёў дзённік (цяпер яго спадчына захоўваецца ў сваякоў). У 1926 годзе далучыўся да нацыянальнага руху. Узначальваў Гарадзенскую акруговую арганізацыю Таварыства беларускай школы (летам 1927 года ў Гарадзенскім павеце былі 53 гурткі ТБШ). У 1925–1928 гадах шмат разоў арыштоўваўся і некалькі месяцаў правёў у гарадзенскай турме. Вясной 1929 года, бачачы, што левы беларускі рух канчаткова падпарадкаваўся дыктаванаму з усходу курсу, П. Сяўрук звярнуўся да лідэраў беларускага пасольскага клуба «Змаганне» (з лідэрам якога Ігнатам Дварчаніным перапісваўся) з лістом, у якім выказаў сваё бачанне тагачаснай сітуацыі. Ліст Пятра Сеўрука не быў надрукаваны, а сам яго аўтар пайшоў з гэтага свету напрыканцы 1929 года. Гэта, аднак, не прыніжае гістарычнага значэння звароту да беларускіх правадыроў. Ліст, па сутнасці, падвёў мяжу пад эпохай масавага беларускага нацыянальна-вызваленчага руху (Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады) у Заходняй Беларусі. Пётр Сяўрук дыягнаставаў адсутнасць у яго выразна акрэсленых мэтаў, цвёрдых палітычных ідэяў, выкарыстанне нацыянальнай тэматыкі толькі з дэмагагічнымі мэтамі, бясконцыя запазычанні ўсходніх ды заходніх ідэалогій – вось прычыны паражэння беларускага адраджэння.

У верасні 1939 года скідзельская моладзь з вінтоўкамі ў руках выганяла з мястэчка польскія войскі. Цяпер яе праўнукі п’юць гарэлку, жуюць птушынае дзярмо (танны наркатычны сродак, якім гандлююць у Горадні прадаўцы з Сярэдняй Азіі), забіваюцца на машынах і матацыклах і праводзяць час у кампутарных клубах.

Іронія гісторыі палягае яшчэ і ў тым, што цяпер «нашы» палякі, аб’яднаныя ў Саюз палякаў Беларусі, знаходзяцца акурат у той самай сітуацыі, што беларусы Другой Рэчы Паспалітай семдзесят гадоў таму. Іх правакуюць і расколваюць яўныя ворагі і ўяўныя дабрадзеі. Не дзіва, што Польская мацеж школьная і Таварыства беларускай мовы месцяцца цяпер у Горадні на адной лесвічнай пляцоўцы.

А. Павач


Пётар Сяўрук
Да «правадыроў»
беларускага народу

Я пішу гэтыя некалькі слоў горкай праўды аб беларускай запраўднасьці не затым, што я сумняваюся ў Вашай ідэйнасьці, не затым, што лічу Вас самазванымі, а не запраўднымі правадырамі беларускага народу, а іменна затым, што народ верыць Вам, бо толькі з гэтага, а не з чаго іншага вынікае тое вялікае зло, якое Вы несьвядома сееце паміж нашага народу. Бо найбольш шкодзяць народу тыя, якіх народ лічыць сваімі ідэаламі, якім ён сьлепа верыць, іменна дзеля таго, што ён лічыць іх ідэаламі, і іменна дзеля таго, што ён сьлепа ім верыць, бо гэтым паніжаецца сьвядомасьць масаў да звычайнага фанатызму. Гэткі закон запраўднасьці, дзеля гэтага сьвядомыя правадыры народаў перш-наперш стараюцца ўнікнуць гэтае акалічнасьці, як агню.

І ня што іншае, як толькі гэтае, найбольш шкодзіць прабуджэньню сьвядомасьці беларускага народу. Ніякі ўціск уладаў і ніякія «здраднікі» беларускага руху ня шкодзяць гэтулькі, колькі шкодзяць тыя, якія дзякуючы сваёй шчырасьці, дзякуючы сваёй ідэйнасьці вядуць да канца сваю згубную справу, бо ня тое зло, на якое можна паказаць пальцам, але толькі тое – чаго ніхто ня бачыць і не разумее, ня той шкодзіць народу, які сам разумее, што ягоная справа ілжывая, але толькі той, хто гэта робіць з запалам ідэйнасьці і шчырасьці.

Як бачым, адное ідэйнасьці і шчырасьці вельмі мала дзеля таго, каб быць правадыром народу. Праўдзівым правадыром народу можа быць толькі той, хто ў сваім сэрцы адчувае біцьцё сэрца цэлага народу, хто ўмее стрымліваць страсьці і гвалтоўнасьці несьвядомых масаў, хто нясе адказнасьць за ўсе, нават несьвядомыя чыны народу; але хто гэтага ня ведае і «служыць» народнаму руху тымі ідэямі, якія ён запазычыў у дактрынэраў-палітыкаў, карыстаючыся страсьцямі масаў дзеля сваіх палітычных мэтаў, – дык ці ж можа той быць правадыром народу, ці ж можа ён быць ягоным прарокам?

Адно, што зрабілі «правадыры» нашага народу, і што Вы цяпер робіце ў далейшым цягу – гэта нейкая недарэчная фікцыя сялянска-работніцкай еднасьці, адчуваная па шаблёну розных сацыялізмаў і марксізмаў з рознымі бессэнсоўнымі клічамі як «сялянска-работніцкі ўрад», сялянска-работніцкая еднасьць і г.д. Мы чулі розныя ўсхваленьні гэтай ідэалёгіі, толькі ніхто не сказаў нам, дзе яна вырасла? З чаго яна створана? Яна вырасла з сацыялізму, створанага работніцкім рухам заходняе Эўропы, і створана з матар’ялаў, сфабрыкованых машынамі партыйнае палітыкі; і гэты вось вытвар прынесены на грунт народу бадай выключна сялянскага, зусім не знаёмага ні з сацыялізмамі, ні з палітыкамі, і нават мала знаёмага з самім сабою і прадзначаны дзеля таго, каб вясьці яго да лепшае будучыні. Але ж, ці ж не выглядае гэта на пародыю?

І якія з гэтага вынікі?

Вы пэўныя, што гэтая пародыя прабудзіла сьвядомасьць нашага народу, бо Вы бачылі рух, які яна ўзьняла, Вы бачылі, што масы паверылі правадырам і пайшлі за імі, але ці адчувалі пры гэтым правадыры, чым б’ецца сэрца народу, ці разумелі яны тое, што пхае народ, галоўным чынам, несьвядомую моладзь, на гэты шлях? Я пэўны, што «правадыры» гэтага не разумелі і не разумеюць, ня бачылі і ня бачаць, бо ім ходзіць зусім не аб тое; ім ходзіць аб тое, каб народ ім верыў і яны думаюць, што калі народ будзе верны, дык яны яго жыўцом завядуць у сацыялістычны рай!

Але я пакажу Вам другі бок мэдаля.

Вы крычыце несьвядомаму народу аб уціску капіталу, аб бяспраўі, якое чыніцца над працоўным народам, і г. д., і г. д. І што ж найбольш зразумеў народ з гэтае Вашае агітацыі, галоўным чынам, як сказана, несьвядомая моладзь? А вось што: несьвядомая маса гэтае моладзі зразумела, што буржуазны ўціск прымушае яе цягнуць сялянскае ярмо, тады калі яна, гэтая моладзь, магла б аддаць свае сілы болей пачэснай і вялікай народнай справе. Толькі буржуазны ўціск прымушае іх цягнуць сялянскае ярмо, але сялянска-работніцкі ўрад дасьць ім нешта лепшае. І вось гэтыя «геніі» лічаць, што гэты ўрад – гэта будзе іхні ўрад; гэта яны будуць правіць усім, будуць камісарамі, чэкістамі, нават звычайнымі катамі, але ня будуць толькі цягнуць ужо сялянскага ярма. На сьцяне ў Гарадзенскім арышце я прачытаў адбітак гэтае маніі. Нейкі геній-палітык, які не патрапіў злажыць фразы зь некалькіх слоў, нацарапаў нешта бязглуздае, бязграматнае, сэнс чаго такі: калі вы б’яце нас, дык мы Вам у сто раз зробім тое самае. Гэта ёсьць тое, што Вы прадстаўляеце сабе як рэвалюцыйны настрой беларускае вёскі, і што ў сутнасьці зьяўляецца маніяй улады: нешта недарэчнае, нешта бязглуздае, нешта дзікае, нешта хваравітае, нешта гумарыстычнае, каб не было гэта жудасна сумна.

Не ігнарыруйце гэтых і падобных фактаў, бо шмат аб чым падобным Вам вядома, але Вы ня лічыцеся з гэтым, лічачыся адно з сваімі палітычнымі праграмамі і плянамі. Вам здаецца, што гэта – ня важна, што гэта можна абмінуць і замаўчаць, дзеля гэтага Вы ўсьцяж сьвядома трубіце гэткім маньякам аб іхняй надзвычайнай сьвядомасьці. Напэўна, што для Вашых палітычных плянаў гэтую манію, створаную Вамі, Вы спакойна можаце ігнарыраваць, але не забывайцеся, што Вaшыя палітычныя пляны – гэта адно, а жыцьцё – гэта другое, і жыцьцё не ігнарыруе гэтай маніі так, як ігнарыруеце Вы.

Колькі разоў ужо жыцьцёвая запраўднасьць бясспрэчна даводзіла аб памылках правадыроў беларускага руху, але ніколі ніхто ня меў адвагі сказаць аб гэтым. І – ва ўсім вінаваты нехта іншы. І цяпер асабліва пераконваюча, асабліва сільна гаворыць аб гэтым жыцьцёвая запраўднасьць, але ізноў у далейшым часу мы чуем лаянкі і абвінавачваньні некага іншага, а ніколі ня чуем ад Вас праўды аб тэй жыцьцёвай запраўднасьці, якую ўжо разумеюць больш сьвядомыя, нават адчуваюць менш сьвядомыя – і не разумеюць адно маньякі, якія сьлепа вераць Вам і на якіх Вы толькі і можаце апірацца.

Дык ведайце, што на Вас ляжыць адказнасьць за народную справу; ведайце, што, сеючы свае рэвалюцыйныя настроі, ці папросту манію ўлады, Вы памагаеце тым, хто панявольвае наш народ, сееце семя нянавісьці, ведзяце да пагрозы вайны і разрухаў у нашым краю.

Я ведаю, што Вы – «правадыры» беларускага народу – не пачуеце гэтых некалькі слоў горкай праўды і пакінеце без увагі, але ёсьць такія, якія думаюць так, і я лічу сваім абавязкам сказаць Вам гэта, бо маўчаць немагчыма. Няхай гэтыя некалькі слоў пройдуць дарэмна, няхай яны будуць нечутны, але тое што жыцьцё скажа, ня можа прайсьці дарэмна, таго Вы ня можаце ня чуць.

Скідаль, 2 сакавіка 1929 г.

   

   
Пачатак  Цалкам 

№ 4 (38) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Akavita

Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/07