A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


1985–2005

  ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Валянцін Акудовіч
Сімпатычны курдупель Гарбачоў


Дваццатае стагоддзе аказалася большае за ўсю папярэднюю гісторыю чалавецтва. За гэты век людзі нарабілі столькі ўсяго ўсялякага, што сярод гэтага наробку для саміх сябе месца амаль не засталося. Ужо нават неба хутка не будзе хапаць, каб змясціць усё, што пазакідалі над галовы.

Затое ніколі раней не было і гэткіх стратаў. Памёр Бог, ляснуліся гісторыя з геаграфіяй, ушчэнт выпетрыліся адлегласць і час, знік недзе чалавек (засталіся адно людзі), а ўсіх ацалелых звяроў і птушак можна па заапарках рассяліць, ды яшчэ пустыя клеткі застануцца…

А колькі за гэты век было падзеяў, ад якіх ходырам хадзіла зямная куля! Сусветныя войны і сусветныя рэвалюцыі, развалы імперый і атамныя землятрусы, генацыды народаў і тэхнагенныя катастрофы (усяго да ночы не пералічыць). І сярод усёй гэтай апакаліптыкі адной з самых значных падзей, безумоўна, быў крах Вялікай камуністычнай імперыі. Пасля яго ўвесь свет адразу радыкальна перамяніўся… Як вядома, зачынальніка той глабальнай перамены звалі Міхаіл Гарбачоў.

Гэта быў добры жарт гісторыі. У эпіцэнтр падзеі сусветнага маштабу падставіць чалавека, крэатыўнага патэнцыялу якога (у іншых варунках) было б хіба даволі адно для шараговага губернатара.

Тут адразу згадваецца ці не самы праблемны з дыскурсаў дыялектычнага матэрыялізму. А менавіта, роля асобы ў гісторыі.

З тэорыі класікаў марксізму-ленінізму як быццам адназначна вынікала, што роля асобы ў гісторыі, лічы, аніякая. Бо змены сацыяльна-грамадскіх фармацый (і камунізм у перспектыве) адбываюцца не з ініцыятывы тых альбо іншых герояў, а толькі праз назапашванне сродкаў вытворчасці (і ўсялякага да таго падобнага). Хаду гісторыі не толькі не спыніць, але нават і не скрывіць нікому ўпаасобку.

Разам з тым, на практыцы ідэалогія марксізму-ленінізму не магла абысціся без перманентнага прадукавання «культу асобы» ў самых розных маштабных вымярэннях, ад усепланетнага (Маркс, Энгельс, Ленін, Сталін, Мао) да местачковага (герой-партызан, падпольшчык, камбайнёр…).

Калі ў маёй, спрэс заштампаванай савецкай адукацыяй галаве, пачало сёе-тое прасвятляцца, я нейкі час цікаваў, як праз штукаванне розных амбівалентных канструкцый тадышнія філосафы ад марксізму-ленінізму спрабавалі палагодзіць міжсобку ідэалогію з тэорыяй стасоўна ролі асобы ў гісторыі. Не цяжка здагадацца, што з тых інтэлектуальных мітрэнгаў партыйнага мыслярства нічога пэўнага і пераканаўчага не атрымлівалася…

…Але нічога пэўнага не атрымліваецца і ў мяне, калі я сёння, праз дваццаць гадоў пасля прыходу Міхаіла Гарбачова ў «генсекі», спрабую зразумець, ці была хоць якой роля ягонай асобы ў той гісторыі з крахам камунізму?

Reagen_Gorbachov (12K) Міхаіл Гарбачоў быў звычайным «генсекам» (іншага ніхто б тады і не пусціў на верхатуру камуністычнай імперыі). Незвычайным у ім было бадай адно – маладосць (і гэтага не пралічылі патрыярхі палітбюро, калі ім ўстыла штогод хаваць лідэраў усяго прагрэсіўнага чалавецтва і яны навярнуліся на перспектыўнага, у сэнсе пажыць, Гарбачова). Канцэптуальная памылка. Бо Міхаіл Гарбачоў усё ж такі трохі недабраў партыйнага часу, каб з яго паспела дарэшты выпетрыцца ўсё жывое, прыстойнае, чалавечае і з гэтага атрымаўся цалкам унармаваны «вождь». Хаця б яшчэ гадоў дзесяць пагаблявалі ў запасе – тады, можа б, мы і сёння за камуністамі жылі…

Малады ён і ў палітбюро малады. Яму яшчэ на людзі хочацца, перад дзеўкамі павыстаўляцца, славай ужывую падыхаць, а не праз папяровыя хваласпевы ў глухіх прыцемках крамлёўскіх пакояў.

Сёння ўжо нават цяжка сабе ўявіць той радасны шок, які скалануў усю краіну, калі людзі пабачылі на вуліцы, ну зусім побач з сабой, генеральнага сакратара ЦК КПСС. Чытачам іншага веку патлумачу, з чаго атрымаўся шок. Акрамя як на трыбунах з’ездаў ці на маўзалеі амаль ніхто з паспалітых не бачыў жывым Сталіна, Брэжнева, Андропава, Чарненку. (Праўда, быў выламаўся з партыйнай традыцыі Хрушчоў, але ягоны паход у народ успрынялі ўсяго толькі як кур’ёз.) Гэта значыць, што больш за паўстагоддзе, недзе з 1930-х гг., кіраўнікі СССР (і лідэры ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва) для «шырокіх народных масаў» існавалі адно ў сімвалічнай ролі. Бо трыбуна партыйнага з’езда ці маўзалей ні каліва не дадавалі ім рэальнасці, паколькі на трыбуне і звычайны шараговец ужо трохі помнік…

Болей за тое, неўзабаве Міхаіл Гарбачоў пачаў з’яўляцца на людзях не проста чалавекам, а мужам з жонкай. Раней ніхто нават і падумаць не мог, што ў генеральных сакратароў бываюць жонкі. І так думаць было цалкам слушна, паколькі жанаты сімвал – гэта нейкі вычварэнскі аксюмаран.

Зразумела, гэта толькі паэтычная гіпотэза, але як мне ўяўляецца, сусветны крах камунізму пачаўся менавіта з усенароднага захаплення новым кіраўніком СССР. Натуральна, не наўпрост з эйфарыі пачаўся, а, так бы мовіць, апасродкавана. Спачатку гэтае захапленне захапіла самога Міхаіла Сяргеевіча. Было цудоўна пачувацца не толькі выбраным (палітбюро), але і абраным (народам). Сёння мы назвалі б гэта «электаральнай падтрымкай». Аднак тады яшчэ ні пра што такое не ведалі, бо ніколі раней лідэраў партыі не цікавіла, падтрымлівае іх народ ці не. Яны рабілі тое, што лічылі мэтазгодным, а затым адпаведныя ідэалагічныя структуры арганізоўвалі ўсенародную ўхвалу чаго заўгодна: ад саюза з фашыстоўскай Германіяй да ганьбавання камуністычнага Кітая.

«Любоў народная» зрабіла Міхаіла Гарбачова кіраўніком краіны як бы ў квадраце. Яна сталася для яго нечым накшталт «другога палітбюро», і з гэтага ён мог пры нагодзе ўпэўнена канфрантаваць з тым першым, якое яго толькі выбрала.

Аднак любоў народу недвухсэнсоўна патрабавала адпаведных захадаў з боку абранніка і нават падказвала, якімі яны мусяць быць. Паколькі генсека ўпадабалі за прастату і людскасць, дык думка пра «сацыялізм з чалавечым абліччам» з’явілася бадай сама сабой і прыйшлася цалкам да месца.

Упершыню «сацыялізм з чалавечым абліччам» паспрабавалі пабудаваць у Чэхаславаччыне ў другой палове 1960-х. Толькі там гэтае аблічча досыць хутка ўпляжылі ў пражскі брук тракамі савецкіх танкаў.

Але нават каб танкаў не было, дык нічога з той чэхаславацкай задумы не атрымалася б, бо сацыялізм (прынамсі, камуністычнага фармату) таму і сацыялізм, што ён не мае і не можа мець аблічча. Ні чалавечага, ні якога там яшчэ.

Калі вада залішне падпірае запруду, крый Божа рабіць у ёй адтуліну, каб паслабіць напругу…

Нават у тым маразматычным палітбюро ўжо даўно разумелі, што за семдзесят гадоў улады саветаў сацыяльнай напругі назбіралася аж занадта, але раней палітбюро заўсёды хапала старэчай абачлівасці не кранаць запруды. А Міхаіл Гарбачоў быў малады, і яму яшчэ хацелася авантураў.

Ён іх і атрымаў – з гакам.

Паўторым да месца: Міхаіл Гарбачоў быў звычайным «генсекам». І яму, як кажуць, нават у жахлівым сне не магло прысніцца, што якраз з ягоных ініцыятыў ляснецца не толькі сусветная сістэма камунізму, але разам з ёй гэпнецца і ейнае трывалішча – Савецкі Саюз. Верагодна, каб ён ведаў наперад, як яно далей будзе, дык уласнымі рукамі сам сябе засіліў (хаця на гэткае і не выглядаў здатным). Аднак пра апакаліптычнае ён ужо ж напэўна тады і не думаў, бо шчыра хацеў усяго толькі дабра ды росквіту і савецкім людзям, і вялікай краіне, і светлай будучыні. А калі стала ясна, што адбываецца нешта зусім іншае, раўнуючы з тым, аб чым яму мроілася, ён ужо не мог даць рады сваволі падзей.

У адрозненне ад камуністычных лідэраў першай рэвалюцыйнай пары, якія ўмелі ўтаймоўваць народную стыхію і менавіта праз гэтае ўмельства станавіліся лідэрамі, пазнейшыя (пасля Сталіна) у ім не мелі патрэбы. Усё і ўсюды даўно было ўпарадкавана ды злагоджана, на месцы дробнабуржуазных стыхій віраваў энтузіязм працоўных масаў і ніякіх праблем тут нават у перспектыве не прадбачылася. На верхатуру Крамля цяпер узбіваліся не тыя, што маглі «з усім народам гутарку весці» (ці заліваць яго па горла крывёю), а здольныя гаспадарнікі, пры гэтым не пазбаўленыя таленту кулуарнай барацьбы за ўладу.

Таму калі не толькі «народныя масы», але і сама гісторыя з геаграфіяй раптам усчынілі бунт, Міхаіл Гарбачоў разгубіўся, ды так моцна, што надалей ад яго адно разгубленасць і засталася. Ён ужо нічога не разумеў, што адбываецца ў свеце. Але і што побач з ім адбываецца, ён таксама не разумеў. Апошняе было яшчэ і балюча, бо яго як бы без дай прычыны разам узнелюбілі і палітбюро, і той самы народ; а жонку Раісу народ дык аж узненавідзеў. І нават электарат, які ён сам упершыню і сфармаваў як уласны электарат (былыя дысідэнты, дзеячы культуры і навукі, проста інтэлігенты, слухачы замежных радыёстанцый, чытачы тоўстых часопісаў, «нефармалы» і да т. п.) пачаў спехам пакідаць яго на карысць ужо зусім рэвалюцыйнага Барыса Ельцына.

Як добра падумаць, дык ГКЧП і Барыс Ельцын супольна выратавалі Міхаіла Гарбачова ад яшчэ больш ганебнага фіналу (і бадай што ўратавалі чалавеку жыццё). Бо без старонняй волі ён самахоць не збочыў бы з «генсекаў». Разгублена і бязвольна ішоў бы паўз бурапенны век і далей – невядома куды, але да першай бездані.

За той час, што прамінуў пасля «перабудовы», якіх толькі (і колькі!) аналітыкаў не панапісана, дзе «поздним умом» пераканаўча тлумачыцца, чаму камуністычная імперыя мусіла разваліцца. Але найлепшая з аналітык – гэта сам час, які прамінуў з той пары. Калі б яны (і камунізм, і СССР) разваліцца не мусілі, дык за столькі гадоў ужо павінны былі б не тым, дык іншым спосабам засведчыць свой жыццядайны патэнцыял. Толькі нічога падобнага да рэваншу і заваду няма.

Зрэшты, сёння ўжо добра бачныя і падставовыя прычыны гэтай «мусовасці».

Тэорыя камунізму ў сваіх канцэптах сусветнай рэвалюцыі ды інтэрнацыяналізму першай сфармулявала ідэю глабальнага свету, збудаванага на агульным для ўсіх зямлянаў ідэалагічным алгарытме. У ХХ ст. практыкі камунізму паспрабавалі рэалізаваць гэтую тэарэтычную задачу – і не без пэўнага поспеху. Няблага атрымалася на пачатку стагоддзя, але асабліва ўдала пасля Другой сусветнай вайны, калі колькасць дзяржаў, якія на ўсіх кантынентах задэкляравалі сваю прыхільнасць да камуністычнай ідэі, вырасла неймаверна, і перспектыва сусветнага панавання камунізму ўжо зусім не выглядала на ўтопію.

Дэмакратычны Захад пералякаўся. Ён тэрмінова заклікаў сваіх хаўруснікаў да кансалідацыі і дзеля большай пэўнасці аб’явіў таталітарнаму Усходу халодную вайну.

Лічыццца амаль аксіяматычным, што ўрэшце Захад гэтую вайну і выйграў. Але насамрэч нашэсце камунізму на сусвет перапыніў не ўласна Захад, а выбух камунікацыяў, які спарадзіў іншы тып глабалізму – інфармацыйна-камунікатыўны. Апошні па ўсіх цывілізацыйных параметрах відавочна пераўзыходзіў (і, бадай, не на адзін парадак) ідэалагічны глабалізм. Тым і перамог – лёгка. Хаця калі быць больш дакладным, дык інфармацыйна-камунікацыйны глабалізм непасрэдна з ідэалагічным і не змагаўся, ён проста адмовіў у легітымацыі ўсім ідэалогіям разам, і сярод іх – камуністычнай.

Прыйсце постмадэрна якраз-такі і засведчыла гэты факт.

У эпоху краху ўсіх ідэалогій у камунізму не было аніякіх шанцаў на перамогу.

Паколькі інфармацыйна-камунікатыўны глабалізм (паводле логікі развою тэхнакратычнай цывілізацыі) рана ці позна абавязаны быў згамаваць глабалізм ідэалагічны, дык атрымліваецца, што Міхаіл Гарбачоў мог сабе лішне і не дакараць за крах камунізму.

У канцэптуальным плане – мабыць, так, а вось у тэмпаральна-сітуацыйным?..

Літаральна «за хвіліну» да Гарбачова генеральным сакратаром ЦК КПСС быў абраны інтэлектуал і паэт Андропаў. Між іншым, адукаванае грамадства ўжо ад яго чакала вызвольных перамен, але ён адразу гэтак улёгся ў парадак і дысцыпліну, што каб яго ўлада задоўжылася, дык нам, магчыма, яшчэ б і пры ваенным камунізме пашэнціла пажыць.

Інакш кажучы, Андропаў і Гарбачоў атрымалі тую самую ўладу лічы ў той самы час, а якія розныя вынікі?! Адзін нацягнуў лейцы так, што ўсялякі рух увогуле запыніўся, а другі цалкам наадварот – узяў ды закінуў цуглі ў бадыллё… І табуны падзей шалёным галёпам панесліся ў розныя бакі свету.

Вось тут і думай што хочаш пра ролю асобы ў гісторыі. Ці то яна ёсць, тая роля, ці яе няма?

Дарэчы, у выпадку з Міхаілам Гарбачовым сітуацыю заблытвае яшчэ той факт, што тут і асобы не было. Быў здольны савецкі функцыянер, які з-за сваёй партыйнай няспеласці «наламаў дроваў» не раўнуючы сто бураломаў, а пасля сеў і заплакаў як бабёр.

Усё ніяк не знікае з памяці адзін увогуле звычайны газетны фатаздымак. Шырокафарматны. Па самым яго нізе ідуць насустрач адзін аднаму, з працягнутымі для вітання рукамі, два маленькія чалавечкі. Аднаго, вышэйшага, завуць Рональд Рэйган, другога – Міхаіл Гарбачоў.

Наўрад ці фатограф, здымаючы здаля лідэраў дзвюх супердзяржаў на вялізнай пустой сцэне (відаць, з галёркі нейкага «форуму»), меў на мэце зганіць іх адмысловым ракурсам. Але атрымалася так, што фотаапарат зафіксаваў прэзідэнтаў дробненькімі, калі яны абодва паднялі па адной назе – і з гэтага як бы трохі страцілі раўнавагу, – неяк смешнавата матлянулі вольнымі ад вітання рукамі і па-дурнаватаму ашчэрыліся, хаця фармальна іх усмешкі былі надзвычай прыязныя.

Дык вось, калі гэты фатаздымак патрапіў на вочы, мяне чамусьці аж скаланула (іншыя на яго, магчыма, і ўвогуле не звярнулі ўвагі).

– Курдупелі! – выбухнула ўва мне. І ад гэтых двух курдупеляў залежыць лёс ці не ўсяго чалавецтва?!

– Які здзек! – ліхаманіла далей. Пасрэдны кінаакцёр і не менш пасрэдны савецкі функцыянер цяпер будуць апавядаць усяму свету, што яны на гэты раз збіраюцца з ім рабіць. І ўсе мы, сотні мільёнаў, мільярды працавітых, разумных, таленавітых будзем слухаць гэтыя дзве пасрэднасці і хоцькі-няхоцькі патураць іхным словам.

Божа, цяпер я ведаю, якой была Твая апошняя кара нябесная. Сыходзячы, Ты аддаў нас у рукі палітыкаў.

Наўрад ці калі раней існавалі сферы жыцця, дзе хай сабе і здольны ў сваёй прафесіі, але пасрэдны, як асоба, чалавек, мог заняць у ёй вяршыннае месца. І толькі калі з’явіліся і запанавалі палітычныя дыскурсы (у сучасным разуменні палітыкі), такое сталася магчымае і магчымае спрэс. Сёння чалавецтва (у яго шматлікіх фрагментах) ачольваюць калі не нікчэмныя, дык досыць ардынарныя персоны. Так, зазвычай яны цалкам функцыянальныя як палітыкі, але ці шмат пра каго з іх можна сказаць – Асоба. Вось чаму на абсалютную бальшыню палітычных курдупеляў адразу і забываюцца, як толькі яны сыходзяць з публічнай сцэны.

Феномен сучаснай палітыкі, як месца дзейнасці чалавека (і дамінуючае над усім месца) якраз тым і адметны, што ўласна чалавека ён і не патрабуе. Неабходны толькі набор пэўных якасцяў, а ў што гэтыя якасці ўгрунтаваныя (ці ўвогуле ні ў што не ўгрунтаваныя) – зусім неістотна. Больш за тое, і палітычная структура, і сістэма даўно вызначыліся ў тым сэнсе, што яны могуць трывала і эфектыўна функцыянаваць адно тады, калі ў гэтым топасе для асобы па азначэнню месца не будзе (хіба адно дзе на маргінэсе трохі вытыркнецца).

Дзіўная і трывожная сітуацыя! Чым больш магутны патэнцыял (ва ўсіх сферах сваёй дзейнасці) назапашвае людства, тым больш ардынарных персон яно патрабуе для сістэматызацыі і легітымацыі сваіх дзеянняў. А паколькі гэтыя а priori банальныя персанажы «па законах жанру» мусяць быць у цэнтры грамадскай увагі, дык яны яшчэ выступаюць і як бы мерай чалавека ўвогуле. З чаго (перадусім) мы маем татальную ды імклівую баналізацыю не толькі чалавецтва, але і ўсяго дыскурса жыцця.

Сумна, да нуды сумна. Курдупелі авалодалі светам. Але тут, здаецца, ужо нічога не паробіш, бо сучасны свет сам абраў сабе за форму існавання палітыку. І ўсё сталася палітыкай, а што не палітыка, таго як бы і няма.

Вось і Беларусь аб’явілася сярод суб’ектаў еўрапейскай прасторы адно дзякуючы палітыцы ды палітыкам. І Міхаілу Гарбачову найперш, хаця і паўз ягоную волю…

gorbachev2 (11K) Дарэчы, перачытваючы сваю пісаніну, я быў непрыемна здзіўлены, што мой герой атрымаўся ну нейкім ужо зусім адмоўным. Але ж гэта няпраўда! Прынамсі, я сам пра яго асабліва дрэнна ніколі не думаў. Міхаіл Гарбачоў быў далёка не горшы сярод курдупеляў. А, можа, – і адзіны мне напраўду сімпатычны. Бо і на вяршынях улады, і сапхнуты адтуль, ён быў (і застаецца) досыць прыстойным суб’ектам.

Прыстойны палітык – які смешны збег словаў. Толькі я пэўны, што якраз гэтая прыстойнасць не дазволіла Міхаілу Гарбачову нават у пару самых драматычных забурэнняў пагнаць танкавыя калоны па ўсіх мацерыках і пазаліваць чалавечай крывёю пажары рэвалюцый.

Будзе няпраўдай сказаць, што на ім ані плямкі… На бруднай рабоце адно лайдакі застаюцца чыстымі. Але ў якую б краіну ён сёння не прыехаў, з ім шчыра вітаюцца і тыя, хто, хутчэй, адсячэ сваю руку, чым пацісне заплямленую чалавечай крывёю.

На гэтым і спынімся…

  публіцыст, літаратурны крытык, мысьліцель-мэтафізык. Сурэдактар часопісу «Перекрестки». Аўтар кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/05