A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Я не магу ня быць у апазыцыі да такой улады
Гутарка з Генадзем Бураўкіным


– Генадзь Мікалаевіч, давайце пачнём нашу гутарку з Вашых успамінаў пра дзяцінства і юнацтва. Як пісаў Анатоль Сыс, «пачнём з Радзімы», малой радзімы. Што захавалася ў Вас у памяці зь дзіцячых гадоў? Як здарылася, што яшчэ вучнем полацкай школы Вас завабіла паэзія?

– Самыя першыя дзіцячыя ўспаміны зьвязаныя ў мяне зь Вялікай Айчыннай вайною і вёскай Малюціна ў Расонскім раёне на беразе чыстай і вірыстай Дрысы. Там перажыў я першыя свае ўсьвядомленыя жахі, першае замілаваньне прыродай, першыя маленькія радасьці. І на сёньня са зьдзіўленьнем успрымаю выратаваньне ад немінучай сьмерці ў блякадныя дні, вяртаньне бацькі-інваліда, выжываньне пасьля нішчымніцы і хвароб. Толькі Бог і людзі, а найперш – маці пакінулі мяне на гэтай зямлі і далі магчымасьць нямала прайсьці па ёй і тое-сёе зрабіць…

Пасьля было мястэчка Расоны, Расонская школа, любімыя кнігі і спробы нешта зарыфмаваць. І потым ужо – Полацак, восьмы, дзявяты, дзясяты клясы ў першай сярэдняй школе. Тады зьявіліся першыя публікацыі ў абласной (тады яшчэ была Полацкая вобласьць) газэце і нават у Менску, у «Чырвонай змене» і «Полымі»…

Чаму мяне пацягнула да творчасьці, да паэзіі? Толкам і сам ня ведаю. Мне вельмі падабаліся вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, якія ў цёмныя трывожныя вечары, калі невядома было, хто пагрукае ў хату – паліцаі, партызаны ці карнікі, – на памяць чытала нам маці. У іх усё было так складна, так прыгожа! Аднойчы захацелася і самому паспрабаваць скласьці словы так, каб гучалі яны і суладна, і цікава…

– Што сабой уяўляў літаратурны асяродак тагачаснага Полацку?

– Пры рэдакцыі газэты ў Полацку ў пяцідзясятыя-шасьцідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя працавала літаратурнае аб’яднаньне, якое пэўны час узначальваў супрацоўнік рэдакцыі, празаік Алесь Савіцкі, а пасьля, калі газэта стала гарадзкой і раённай, калі ліквідавалі вобласьць, а Савіцкі паехаў вучыцца ў Маскву, «вялі» яго Павал Шадзеўскі і Ніна Антонава. На не такія ўжо і частыя паседжаньні зьбіраліся найбольш настаўнікі, студэнты і старшаклясьнікі. Памятаю журналіста Міколу Бадзюкова, выкладчыка беларускай літаратуры Ўладзімера Клімянкова, зусім маладых навучэнца ляснога тэхнікуму Валянціна Лукшу і школьніка Навума Гальпяровіча. Не скажу, што гэта быў вялікі і актыўны «атрад» пачаткоўцаў, але «Літаратурная старонка» ў газэце «Сцяг камунізму» выходзіла рэгулярна, і нейкае ўзаемнае спрыяньне ўвазе да новых кніг і новых імёнаў у мастацкіх часопісах у нас было. Прыкметнымі падзеямі рабіліся рэдкія прыезды ў Полацак менскіх пісьменьнікаў. Памятаю, напрыклад, сустрэчу з Тарасам Хадкевічам, Міхасём Машарам і Пятром Прыходзькам.

– Ведаю, што Вы сябравалі з полацкім кампазытарам, аўтарам славутай песьні «Ручнікі» Міколам Пятрэнкам.

– Зь Міколам Пятрэнкам мы сапраўды добра і доўга сябравалі. Гэта быў чалавек надзвычайна тонкай і чулай душы, вялікага музычнага таленту, шчыры, самаадданы беларус. Ён вельмі любіў і бліскуча ведаў нашу айчынную паэзію, сачыў за кожнай новай вершаванай кніжкай і па-хлапчукоўску захапляўся паэтычнымі знаходкамі, шукаў у іх схаваную для недасьведчанага вуха мэлёдыю. Пакутны лёс фашыстоўскага вязьня, нялёгкая доля вясковага настаўніка, часам абыякавыя, а то і грэблівыя адносіны да ягонай творчасьці з боку некаторых музычных мэтраў зусім не забралі ў яго аптымізму, і ён увесь проста сьвяціўся дабрынёй і спагадлівасьцю. Ягоныя «Ручнікі» (на верш Веры Вярбы) і «Твае рукі» (на верш Янкі Сіпакова) безь перабольшваньня зьяўляюцца пэрлінамі песеннага майстэрства. Іх сьпявалі і сьпяваюць ня толькі ў Беларусі, ня ведаючы аўтара, лічачы народнымі… Ён вельмі любіў Полацак, Полаччыну, і яны яму плацілі ўзаемнасьцю. Зь ім было хораша і на сустрэчах са студэнтамі, і за бяседным сталом, і ля ціхага вячэрнага вогнішча на беразе Дзьвіны. Выдатны, непаўторны чалавек быў мілы, сьветлы Мікола Макаравіч.

– Ці існавала сымпатыя, цеплыня, настальгія да Полаччыны ў Петруся Броўкі, які таксама пачаў сваю пісьменьніцкую кар’еру ў Полацку?

– Трапятлівы, шчыры і па-мужыцку хітраваты Пятрусь Усьцінавіч вельмі любіў Полацак. Пра гэта ён гаварыў ня раз і заўсёды зь нехаванай замілаванасьцю. Для яго, як і для многіх вяскоўцаў з Ушаччыны, Расоншчыны, Дрысеншчыны, Полацак (казалі менавіта так) быў самым блізкім і жаданым горадам, таямнічымі варотамі ў сьвяты сьвет гісторыі і духоўнасьці. Некалькі разоў мы з Рыгорам Барадуліным былі разам зь ім у Полацку – і нельга было не заўважыць ягонага глыбокага хваляваньня, калі мы стаялі каля Сафійкі ці шукалі вулачкі, па якіх Броўка хадзіў у свае маладыя гады… Ды гэта і ў творах ягоных засьведчана…

– Ці маглі беларускія пісьменьнікі за савецкім часам больш істотна ўплываць на жыцьцё рэспублікі, прынамсі, у справе беларусізацыі?

– Цяжка сказаць адназначна. Для мяне ясна адно, што пісьменьнікі ў так званы савецкі час (ува ўсякім разе ў тыя гады, што на маёй памяці) былі людзьмі бясспрэчна паважанымі і, гучна кажучы, народам, і дзяржавай. Броўка, Крапіва, Лынькоў, Танк, Мележ, Панчанка, Шамякін, сябруючы зь першымі партыйнымі асобамі, маглі ўзьдзейнічаць і на сытуацыю ў рэспубліцы. Але ня думаю, што ў кардынальных пытаньнях іхнія меркаваньні сур’ёзна ўлічваліся. А што датычыць беларусізацыі, дык тут роля пісьменьнікаў была безь перабольшаньня вялізная. Варта прыгадаць, якія пасады займалі яны ў Акадэміі навук, установах культуры і адукацыі, у выдавецтвах і часопісах. Калі па ўсім Савецкім Саюзе распаўзалася сьвінцовая лавіна русіфікацыі, найбольш пасьлядоўнымі і рашучымі абаронцамі нацыянальных інтарэсаў і – найперш – роднай мовы былі якраз майстры слова. Я сам, яшчэ зусім малады вершатворца, некалькі разоў прысутнічаў на сустрэчах з членамі Бюро ЦК КПБ, дзе вельмі рэзка і Броўка, і Танк, і Мележ, і Брыль, і Панчанка ставілі пытаньне аб выцясьненьні беларускай мовы з грамадзкага ўжытку, аб масавым пераводзе школ на рускую мову навучаньня, аб скарачэньні накладаў беларускамоўных кніг. Лічу, будзе справядліва сказаць, што менавіта пісьменьнікі не далі расейскім шавіністам і мясцовым манкуртам ужо ў сямідзесятыя–васьмідзесятыя гады мінулага стагодзьдзя канчаткова «вырашыць» нацыянальнае пытаньне ў Беларусі. Ратуючы родную мову, рабілі яны шмат, а вось ці ўсё магчымае – сьцьвярджаць не бяруся. Вытаптаная сталінскімі рэпрэсіямі наша інтэлігенцыя, на жаль, не заўсёды падтрымлівала пісьменьнікаў, і водгульле тых спалохаў, як мне здаецца, яшчэ жыве ў беларусах і сёньня.

– Як вы ацэньваеце постаць Пятра Машэрава?

– Постаць Пятра Машэрава, ягоная асоба, ягоная дзейнасьць выклікалі і выклікаюць у мяне шчырую цікавасьць і павагу. Так, ён быў чалавекам свайго часу. Дзеячам сваёй эпохі; пры ягоным непасрэдным удзеле праводзілася і масавая мэліярацыя, і настойлівая русіфікацыя, і далёкія ад дэмакратычнасьці ідэалягічныя кампаніі. Але гэта – будзем справядлівымі – не ягоныя ініцыятывы, гэта была славутая «генэральная лінія», якую ён, як адданы і дысцыплінаваны камуніст, ажыцьцяўляў, з партыйнай паслухмянасьцю і верай у гістарычную неабходнасьць. Ня ведаю, ці былі ў яго пры гэтым душэўныя пакуты, а што сумненьні былі – дакладна ведаю, бо пра гэта ён мне сам казаў падчас некалькіх шчырых гутарак. Быў ён патрыётам Беларусі, дзеля яе славы і дабрабыту ня раз рызыкаваў. Героем Вялікай Айчыннай вайны стаў ён не за пасады, а за асабістую адвагу. Сын рэпрэсаванага селяніна зь Віцебшчыны, ён добра адчуваў людзкі боль. Ягонай любові да нацыянальнай інтэлігенцыі нельга было не заўважыць, настолькі яна была глыбокая і адкрытая. Ён доўгія гады сябраваў з Аркадзем Куляшовым і сьцішана плакаў каля труны Івана Мележа. Я памятаю, зь якім захапленьнем казаў ён пра вершы Рыгора Барадуліна, як аберагаў ад чыноўных зласьліўцаў Андрэя Макаёнка. Ды і да Быкава ён ставіўся з разуменьнем значнасьці ягонага таленту… Гэта трагедыя для нашай культуры, што жыцьцё ягонае абарвалася якраз тады, калі ён пачаў усьведамляць сябе нацыянальным лідэрам…

– Ці існаваў за савецкім часам у пісьменьніцкім асяродку выразны падзел, як гэта адбылося ў другой палове 1990-х, на «канфармістаў» і «дэмакратаў» (патрыётаў, дзяржаўнікаў)?

– Выразнага, відавочнага падзелу на «канфармістаў» і «дэмакратаў» у так званыя савецкія часы, у якія я жыў і працаваў, магчыма, і не было. Хаця «групаваньне» па маральных пазыцыях і літаратурных сымпатыях было даволі прыкметным. Адны больш хінуліся да Васіля Быкава, іншыя – да Івана Шамякіна ня толькі па чыста мастакоўскіх прынцыпах (як сёньня, скажам, паплечнікі Рыгора Барадуліна і Віктара Казька «трымаюць дыстанцыю» ад Эдуарда Скобелева і Таісы Бондар ня толькі з-за прафэсійнага ўзроўню іхняй творчасьці). Урэшце, такое, напэўна, было заўсёды. Проста ў часы «застою» разьмежаваньне было, так бы мовіць, больш «схаваным». Але, я думаю, і тады, і цяпер вызначальным зьяўляецца стаўленьне да айчыннай гісторыі, да лёсу беларускай мовы, да служэньня праўдзе.

– Ці запрашалі Вас уступіць у менскую гарадзкую пісьменьніцкую арганізацыю Вераб’ёва?

– У менскую гарадзкую арганізацыю мяне не запрашалі. Яе «бацькі» добра ведаюць мае пазыцыі, маіх сяброў, мае асабістыя адносіны да сёньняшніх уладаў. Быць разам мы ніяк ня можам.

– Ці ўсе Вашыя сябры і знаёмыя вытрымалі выпрабаваньне «часам Лукашэнкі»?

– Гэта адна з самых вялікіх радасьцяў майго жыцьця ў апошнім дзесяцігодзьдзі: абсалютная большасьць сяброў вытрымалі выпрабаваньне і «перабудовай», і «рынкавым сацыялізмам». Ня здрадзілі ні прынцыпам дэмакратыі, ні сяброўству ні Васіль Быкаў, ні Мікола Матукоўскі, ні Рыгор Барадулін, ні Валянцін Болтач, ні Віктар Казько, ні Сяргей Законьнікаў, ні Анатоль Кудравец… Ня здрадзілі нашаму паэтычнаму братэрству і ўкраінцы Іван Драч, Дзьмітро Паўлычка, Раман Лубкіўскі, рускі Андрэй Вазьнясенскі, літовец Юсьцінас Марцінкявічус, латыш Марыс Чаклайс… А некаторыя (на шчасьце – адзінкі), што лічыліся сябрамі, ня вытрымалі «ўдараў лёсу», кінуліся халуйнічаць перад новымі чыноўнікамі, але – дзякуй Богу – яны ніколі не былі асабліва блізкімі і дарагімі для мяне.

– Чаму беларускія пісьменьнікі, якія за савецкім часам былі элітаю краіны, апынуліся практычна «за бартом» дзяржаўнай палітыкі?

– Гэта трэба спытаць у тых, хто вызначае сёньня дзяржаўную палітыку Рэспублікі Беларусі. Як мне здаецца, здарылася гэта таму, што да ўлады ў нас прыйшлі людзі недастаткова адукаваныя і выхаваныя, зь нізкім узроўнем культуры, зь неразьвітай нацыянальнай сьвядомасьцю. Для іх на першым пляне стаяць асабістыя палітычныя, а то і матэрыяльныя інтарэсы, а ў гэтым ім таленавітыя і прынцыповыя пісьменьнікі помочнікамі, а тым больш паслугачамі быць ня могуць.

– Як здарылася, што Вы апынуліся ў шэрагах «непрымірымых» апазыцыянэраў да сёньняшняга рэжыму?

– Усё сваё сьвядомае жыцьцё, як мог, я стараўся быць карысным беларускай справе. Для мяне не існуе будучыні маёй і маіх дзяцей і ўнукаў безь незалежнасьці Радзімы, бяз роднай мовы, без разьняволенасьці людзкога духу. І калі я ня бачу на самым высокім чыноўным узроўні жаданьня кіравацца інтарэсамі сувэрэннай Беларусі, я не магу ня быць у апазыцыі да такой улады. Я не знаходжуся ні ў якой партыі, не прэтэндую ні на якія дзяржаўныя пасады, але хачу, каб мая Бацькаўшчына была самастойнай і багатай краінай, каб яе кіраўнікі гаварылі на матчынай мове, каб любы яе грамадзянін меў гарантаваную магчымасьць прынародна выказаць свае думкі, каб паважаліся нашы гістарычныя сымбалі, каб на грамадзтва наша не глядзелі, як на прыстанішча кансэрватызму і паліцэйшчыны… Калі гэта зьвязваецца з апазыцыйнасьцю, значыць я – у апазыцыі.

– Ствараючы Раду беларускай інтэлігенцыі, Вы насамрэч лічылі, што беларуская інтэлігенцыя – гэта моцная палітычная сіла, але толькі не арганізаваная і не аб’яднаная?

– Я лічу, што інтэлігенцыя (ня толькі ў Беларусі, а ўсюды) павінна адыгрываць надзвычай важную ролю ў жыцьці грамадзтва. Да яе павінны прыслухоўвацца і шараговыя грамадзяне, і найвышэйшыя службоўцы, бо яна звычайна акумулюе ў сабе і сучасныя навуковыя веды, і традыцыі свайго народу. І высокія маральныя прынцыпы сусьветнай цывілізацыі. Калі задумвалася і стваралася Рада беларускай інтэлігенцыі, асабіста я спадзяваўся, што яна стане своеасаблівым дарадцам і для палітычных партыяў, і для дзяржаўных інстытутаў. Не дыктаваць, а падказваць разумныя рашэньні няпростых праблемаў – яе пакліканьне. Але, на жаль, ні нашы саманадзейныя чыноўнікі, ні лідэры палітычных партыяў чамусьці не захацелі мець такога памочніка (ува ўсякім разе – пакуль што). Ды і інтэлігенты не праявілі ні цярплівасьці, ні настойлівасьці, ні рашучасьці – задуманае так дасюль і не ажыцьцявілася.

– Што Вы адчулі, аб чым падумалі, калі міліцыянты зьявіліся ў радашковіцкім лесе і пачалі Вам замінаць весьці ІІІ Усебеларускі сход інтэлігенцыі?

– Сьпярша мне стала крыўдна і горка, што прыстойным, законапаслухмяным людзям не даюць магчымасьці абмеркаваць спакойна тое, чым яны жывуць, аб чым думаюць, ад чаго пакутуюць. І стала нават трошкі страшнавата, што вось-вось зьявяцца амапаўцы і пачнуць хапаць ні ў чым не вінаватых дэлегатаў, павязуць іх у менскі пастарунак, затрымаюць іх там надоўга, а дома – у Гародні, Полацку, Берасьці – іх будуць чакаць родныя, будуць хвалявацца, кідацца ў трывозе і роспачы. І я паставіў сабе задачу: зрабіць усё, каб зьезд адбыўся, каб былі прыняты галоўныя рашэньні. Таму было вырашана не ўступаць у рэзкія спрэчкі зь міліцыянтамі, паспрабаваць па-добраму дамовіцца зь імі, бо былі відны ў іх і няёмкасьць, і нават пэўная разгубленасьць. Калі мне сказалі, што як толькі пачнецца галасаваньне, міліцыянты вымушаны будуць разагнаць «несанкцыянаваны мітынг» і затрымаць яго ўдзельнікаў, я «знайшоў выйсьце», прапанаваў не галасаваць, а ўсім паставіць свае подпісы пад рэзалюцыяй. Гэта было і юрыдычна правамерна, і цалкам легітымна. Такім чынам удалося пазьбегнуць скандалу, якога хацелі ня дужа разумныя сталічныя сілавікі зь вялікімі зоркамі на пагонах…

– Апошнім часам Вы часта выступалі ў друку як публіцыст. Ці плянуеце выдаць кнігу публіцыстыкі?

– Так, я ў апошнія гады рэгулярна выступаю ў дэмакратычнай прэсе з аўтарскай публіцыстыкай. Можна сказаць, ужо склалася цэлая кніга. У яе нават ёсьць назва – «Беларускі час. Палітычны дзёньнік трывожнага дзесяцігодзьдзя (1995–2005)». Застаецца знайсьці выдаўца, а гэта для мяне – справа нялёгкая: «несучасны» я чалавек у гэтым пляне.

– Якая з Вашых паэтычных кніг для Вас самая дарагая?

– Хітрае пытаньне… Хай бы лепш на яго адказалі мае чытачы. Але, калі ўжо яно пастаўлена, ня буду ўцякаць ад яго. Найбольш блізкія, а значыць і дарагія – апошнія па часе выхаду: «Паміж зоркай і сьвечкай» і «Жураўліная пара». Гэта, як зь дзецьмі: сэрца баліць найчасьцей за «меншанькіх».

Гутарыў Алесь Аркуш

  (нар. 28.08.1936 г. у вёсцы Шуляціна Расонскага раёну Віцебскай вобласьці) – паэт, публіцыст. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру з 1989 г. Працаваў аглядальнікам газэты «Беларускі Час» датуль, пакуль кантроль над ёй не пераняў клан Козіка.
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/12