A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (39) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЧЭСЛАЎ ЧАБАНУ | ||||
Міхаіл Гарбачоў, заняпад сацыялізму і адраджэньне Ўсходняй Эўропы з пункту гледжаньня свайго чалавека
Зь Міхаілам Гарбачовым, асобай, якая да пэўнай ступені абумовіла мой жыцьцёвы шлях, я апошні раз сустрэўся ў Міжнародным цэнтры імя Вудра Ўілсана 11 лістапада 2002 году. У той час я быў стажэрам Форуму палітычных, дыпляматычных і навуковых дасьледаваньняў у Вашынгтоне. На маё зьдзіўленьне, ён памятаў мяне й нават падпісаў фатаздымак, зроблены амаль пятнаццаць гадоў таму падчас сустрэчы зь Нікалае Чаўшэску. На ім я перакладаю словы двух лідэраў, што ціснуць рукі адзін аднаму, усьміхаючыся. Гарбачоў – уласьцівай яму шырокай усьмешкай, Чаўшэску – з дапытлівасьцю на твары. У тыя часы, у часы «перабудовы» і «галоснасьці», я быў дарадцам і перакладчыкам спадара Гарбачова. Гэтая кароткая сустрэча падвяла мяне да неабходнасьці вярнуцца да пэўных думак, якія я глушыў у сабе досыць доўгі час, і паспрабаваць аднавіць у памяці ўсе тыя чатыры гады, сем месяцаў і дваццаць адзін дзень (студзень 1987-га – жнівень 1991-га), якія я адпрацаваў на Старой плошчы ў Маскве ў аддзеле міжнародных сувязяў Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. Я працаваў там у якасьці дарадцы, а пазьней галоўнага дарадцы па сацыялістычных краінах Усходняй Эўропы, найперш па Румыніі. Другім штуршком для гэтай задумы сталіся працы Ўладзімера Цісманяну, рэдактара часопісу «Ўсходнеэўрапейская палітыка і грамадзтва»1.
Першы афіцыйны візыт Чаўшэску ў Маскву адбыўся 23 кастрычніка 1988 году, на дваццаць чацьвертым годзе «братэрскіх адносінаў» паміж Чаўшэскавай Румыніяй і Савецкім Саюзам. Для мяне гэтая падзея была нібыта хрышчэньнем у новай якасьці, хаць ні мяне, ні маіх калегаў гэткі «гонар» не натхняў. Больш за тое, наш аддзел у адзіночку выступаў супраць гэтага візыту. Таму мы спрабавалі максымальна зьменшыць усе праявы «гонару», каб з аднаго боку не дыскрэдытаваць Гарбачова, а з другога – каб Чаўшэску не наўяўляў сабе лішняга адносна ўласнай важнасьці. Тут трэба зрабіць невялікае адступленьне. У студзені 1988 году Чаўшэску акурат адсьвяткаваў сваё 70-годзьдзе. Гэта адбылося за два тыдні да таго, як мяне разам з маімі калегамі зь іншых савецкіх рэспублік перавялі з самай пэрыфэрыі СССР – зь ягонага квітнеючага саду, Малдовы, – у Маскву, у каманду Гарбачова, як «маладыя нацыянальныя кадры»2. Пад такога кшталту юбілеі лідэраў сацыялістычных краінаў і братэрскіх партыяў звычайна ганаравалі найвышэйшай савецкай узнагародай – ордэнам Леніна – «за выдатныя заслугі ва ўзмацненьні дружбы і пабудове сацыялізму».
|
быў дарадцам прэзыдэнта Савецкага Саюзу Міхаіла Гарбачова ў пытаньнях Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Ён абараніў дысэртацыю па палітэканоміі ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце ў 1979 годзе. Пасьля распаду СССР Чабану займаў пасады намесьніка міністра замежных справаў Малдовы, міністра прыватызацыі й кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю, намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Малдовы, дарадцы прэзыдэнта. Апошняя дзяржаўная пасада ў Малдове – пасол Малдовы ў ЗША. Пасьля сыходу зь дзяржаўнай службы доктар Чабану стаў навуковым супрацоўнікам унівэрсытэту імя Джэймза Мэдысана ў ЗША.
|
Нашая прапанова зламаць гэтую традыцыю і не ўпрыгожваць румынскага лідэра новым ордэнам была нечаканай для Палітбюро. Гэта была першая прапанова такога кшталту. За такую ініцыятыву ў ранейшыя часы можна было б ня толькі з крэсла паляцець. На жаль, нам не ўдалося давесьці яе да самога Гарбачова, таму традыцыя на гэты раз не была парушаная. Для Чаўшэску гэта быў другі ордэн Леніна, а таксама дадатковая нагода сьцьвердзіць сябе ў якасьці «Ўлюбёнага Правадыра Сацыялістычнай Румыніі, якога падтрымлівае СССР». Генэральны сакратар меў і іншых дарадцаў, так званых «людзей з квадратнымі тварамі і зоркамі на пагонах». У той час іх меркаваньне важыла нямала. Ня першы раз наверсе не прыслухоўваліся да прапановаў новага пакаленьня дарадцаў, хоць яны абсалютна адпавядалі новаму палітычнаму мысьленьню й падыходам Гарбачова.
Гарбачоў ня быў да канца свабодным у прыняцьці рашэньняў. Ён ня быў і да канца пасьлядоўным у ажыцьцяўленьні сваіх намераў, якія, ня быўшы падмацаваныя канкрэтнымі дзеяньнямі і мэханізмам рэалізацыі, заставаліся толькі на паперы. Захад з энтузіязмам вітаў гэтыя новыя ідэі, затое яны далёка не заўсёды знаходзілі падтрымку ўнутры Савецкага Саюзу. Асабліва ўпарціўся ўсёмагутны партапарат. Ён устаў у маўклівую, але непрабівальную апазыцыю, асабліва на пэрыфэрыі, дзе перабудова ды галоснасьць успрымаліся, хутчэй, як прыгожыя словы, чым праявы рэальнай палітыкі. Такая ж сытуацыя была і ў сацыялістычных краінах Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы, дзе па-ранейшаму панаваў артадаксальны сацыялізм лідэраў старога пакаленьня. Як мяркуе Здэнэк Млынарж, сукурсьнік Гарбачова па ўнівэрсытэце, адзін зь лідэраў «аксамітнай рэвалюцыі» ў Чэхаславаччыне і суаўтар «Хартыі-77», які ў тыя гады быў частым госьцем у Крамлі, «Брэжнеў моцна трымаў Гарбачова ў сваіх абдымках». Гарбачоў вельмі паблажліва ставіўся да сытуацыі ў сацыялістычных краінах і да памылак і спэцыфікі іхных камуністычных лідэраў. Насамрэч шмат хто зь іх, а магчыма і большасьць, ініцыявалі рэформы і падтрымлівалі Гарбачова выключна фармальна, баючыся, што інакш іх уласныя грамадзтвы знойдуць сваіх «гарбачовых». Прэзыдэнт Савецкага Саюзу ўнікаў крытыкаваць сваіх партнэраў (за некаторымі выключэньнямі, такімі, як Чаўшэску) і проста чакаў, пакуль яны не адыдуць ад улады празь біялягічныя прычыны. Такая пазыцыя Гарбачова была зразумелая, бо ён падкрэсьлена дыстанцыянаваўся ад любога кшталту ўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншых краінаў і імкнуўся пазбавіцца ад звычкі сваіх папярэднікаў указваць людзям, што і як трэба рабіць, і ўжываць грубую сілу, калі «меншыя браты» не падпарадкоўваюцца. Аднак час працаваў ня толькі супраць артадаксальных лідэраў, але й супраць самога Гарбачова. Вяртаючыся да афіцыйнага візыту, мне хацелася б зазначыць некалькі момантаў сустрэчы за зачыненымі дзьвярыма ў Нова-Агарове, бо, як кажуць амэрыканцы, «д’ябал крыецца ў дэталях». Асабліва хацелася б зьвярнуць увагу на тон неафіцыйных размоваў, што пасьля доўгага і стамляльнага дня перамоваў і прагляду знакамітага «Брыльянтавага запасу» ў Крамлі (ён моцна ўразіў Алену Чаўшэску) зацягнуліся далёка за поўнач. Толькі падчас шыкоўнай вячэры дыскусіі аціхлі – дзякуй вытанчаным вінам, традыцыйнай «Сталічнай гарэлцы», ікры, шампанскаму, дэсэртнаму каньяку і каве (усё гэта адбывалася ў самы разгар знакамітай антыалькагольнай кампаніі). «Я не такі ўжо гарачы прыхільнік Сталіна, – пачаў Чаўшэску, – але менавіта ён дабіўся перамогі над фашысцкай Нямеччынай, зрабіў Савецкі Саюз сусьветнай супэрдзяржавай і тым самым стварыў супрацьвагу магутнасьці Злучаных Штатаў. Я пэўны, што Савецкі Саюз і Камуністычная партыя толькі выйгралі б, калі б яе генэральны сакратар болей працаваў з праблемамі жыцьця краіны, ня ўлазячы ў праблемы замежнай палітыкі і гістарычныя пытаньні, напрыклад, разьвянчаньне культу асобы Сталіна». Намёк быў больш чым празрысты. У паветры павісла доўгая няёмкая цішыня. Я думаў, што Гарбачоў узарвецца – на надта ж балючы мазоль наступілі. Аднак тут першай знайшлася ягоная жонка Раіса. Гарбачоў адказаў другім, адказаў спакойна, але цьвёрда і непрыемна для Чаўшэску, які нават і не спрабаваў хаваць сваю сымпатыю да тырана Сталіна. «Ці ведае генэральны сакратар Камуністычнай партыі Румыніі, што 95 працэнтаў свайго часу я прысьвячаю менавіта праблемам жыцьця краіны, якія назапасіліся за апошнія дзесяцігодзьдзі і не знаходзяць свайго вырашэньня? Стан эканомікі нашай дзяржавы катастрафічны, сельская гаспадарка перажывае працяглы заняпад, а прыродныя рэсурсы эксплюатуюцца неэфэктыўна. Толькі дзякуючы экспарту і выгаднай каньюнктуры сусьветнага рынку мы можам супрацьстаяць гэтаму крызісу... Але самая балючая праблема – гэта мінулае, што расстаўляе нам пасткі на кожным нашым кроку. Яно даўлее над сьвядомасьцю нашага народу. І пры дапамозе адміністрацыйных альбо дыктатарскіх, як некаторыя прапануюць, мэтадаў мысьленьня ня зьменіш». Далей Гарбачоў перайшоў да тэмы раскрыцьця архіваў, што тычыліся культу асобы Сталіна, на прыкладзе ўласнага дзеда Панцялея Гопкалы. «Ён быў нарыхтоўшчыкам сельгаспрадукцыі ў сваім раёне. Яго арыштавалі, зьвінавацілі ў «контрарэвалюцыйным праватрацкісцкім апартунізьме» і катавалі. Нават пасьля гэтага ён быў сьвята перакананы, што Сталін нічога ня ведаў пра ўсе гэтыя злачынствы і што таварыш Сталін разабраўся б з тымі, хто іх дапускаў. Мільёны і мільёны такіх вось нявінных людзей верылі ў гэта». СССР быў тады на самай першай, «рамантычнай і наіўнай» стадыі сваёй эвалюцыі, і, дадаў Гарбачоў, пакуль «раскрыта толькі маленькая частка жудасных матэрыялаў з архіваў сталінскіх часоў. Рэакцыю грамадзтва цяжка прадказаць». Ключавая фраза, якою Гарбачоў скончыў сваю прамову і на якой зрабіў асаблівы акцэнт, сталася прарочай: «Усе дыктатары, незалежна ад абставінаў і дзеяў, сканчаюць аднолькава – каля сьцяны гісторыі»3. Пасьля гэтай заўвагі Чаўшэску больш гэтай тэмы не кранаў.
|
2 Новая палітыка адкрытасьці Гарбачова таксама прадугледжвала абмаладжэньне кадраў на ўсіх узроўнях. «Уліваньне новай крыві», як казаў патрыярх нашага аддзелу Мікалай Рамбіеўскі – найразумнейшы чалавек. Ён суправаджаў Гарбачова падчас ягонага візыту ў Румынію ў 1987 годзе. У першы ж дзень маёй працы ў ЦК, 6 студзеня 1988 году, павітаўшыся з мной з расчыненых дзьвярэй свайго кабінэту, ён адразу ж параіў, каб я як найхутчэй пазбавіўся сваіх кішынёўскіх «малдавізмаў» і пачаў размаўляць на «сапраўднай бухарэсцкай мове». У мае абавязкі ўваходзіў аналіз разьвіцьця ўсходнеэўрапейскіх краінаў, падрыхтоўка прапановаў для кіраўніцтва і забесьпячэньне сакратарскіх паслуг падчас сустрэчаў. |
Ліпеньская 1989 году сэсія Кансультацыйнага палітычнага камітэту Варшаўскай дамовы ў Бухарэсьце, апошняя з падзеяў такога кшталту, уразіла мяне ня столькі сваёй напружанай атмасфэрай, у якой усе лідэры сацыялістычных краінаў нібыта чакалі зьяўленьня нейкай магічнай формулы, што магла б захаваць іх «рэч паспалітую», колькі выступам Чаўшэску, які заявіў, што гэтую формулу ведае. Гэта быў апошні круглы стол, што сабраў старых кіраўнікоў сацыялістычных краінаў Варшаўскага блёку.
Зараз я ўзгадаю тыя моманты, калі я прысутнічаў пры дыялёгу на прыватнай вячэры, якую сям’я Чаўшэску зладзіла для Раісы і Міхаіла Гарбачовых у сваёй рэзыдэнцыі «Прымавара» над цудоўным возерам у Бухарэсьце. Вокны былі зацягненыя цяжкімі расшытымі золатам парт’ерамі, а ў каміне зырка, нібы для сярэдзіны зімы, а не сьпякотнай летняй ноччу, палаў агонь. Генэральны сакратар Камуністычнай партыі Румыніі і ягоная жонка раскашавалі па-заходняму ў багатых вілах з паляўнічымі хаткамі, камінамі, запрудамі й басэйнамі ды іншымі радасьцямі жыцьця, у час, калі краіна, якой яны кіравалі, проста бедавала. Людзі вар’яцелі ад дэфіцыту элемэнтарных тавараў, таўкліся ў бясконцых чэргах па прадукты, трэсьліся ў страху перад спэцслужбамі. Міхаіл Гарбачоў цудоўна ведаў сытуацыю ў Румыніі, ведаў, што «залатыя часы» сканчаюцца. Гэта якраз і была адна з задачаў, што выконваў я й мае калегі – каб генэральны сакратар быў добра інфармаваны. Ён чытаў нашыя справаздачы перад кожнай сустрэчай. І вячэра ў «Прымавары» не была выключэньнем. Чаўшэску спрабаваў пераканаць Гарбачова ў посьпехах румынскага сацыялізму, тлумачачы, што ён «сплаціў усе замежныя пазыкі датэрмінова», «вырашыў праблему жытла для кожнай румынскай сям’і», зьдзейсьніў «самую дэмакратычную мадэль самакіраваньня працоўных», ажыцьцявіў «адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу», «упарадкаваў расьсяленьне насельніцтва» і што «зьменіць аблічча краіны безь ніякай там непатрэбнай шокавай тэрапіі, небясьпечных пераменаў і пераўтварэньняў». Дыктатару з Дамбовіты карцела даць крамлёўскаму госьцю навуку, як і што трэба зрабіць, калі той жадае «вярнуць Савецкаму Саюзу былы бляск і славу», выкарыстоўваючы як прыклад Румынію зь яе «пасьпяховым вырашэньнем сацыяльна-эканамічных праблемаў». Нікалае Чаўшэску браў на сябе ролю ня толькі гаспадара, але й мэнтара, настаўніка, «збаўцы» ідэяў і практык сацыялізму. І ўсе гэтыя тэндэнцыі яскрава выяўляліся на паседжаньнях Кансультацыйнага палітычнага камітэту Варшаўскай дамовы. Гарбачоў ня мог не заўважыць усе гэтыя спробы. Як я і чакаў, ягоная рэакцыя была жорсткай і эмацыйнай. Часам мне падавалася, што я назіраю палітычнае шоў у тэатры абсурду: абодва лідэры размаўлялі адначасова, ня слухаючы адзін аднаго і не спрабуючы прыйсьці да нейкага кампрамісу. Я спрабаваў перакладаць зьмест заўваг Гарбачова як мага больш дакладна. Чаўшэску ж перакладаў ягоны пэрсанальны перакладчык Георге Стоіца. «Я добра знаёмы з сытуацыяй ня толькі ў сябе ў краіне, але і ў Румыніі, – адказваў Гарбачоў. – Ці вы сапраўды думаеце, дарагі таварыш генэральны сакратар, што я ня ў стане зразумець, што я бачыў, напрыклад, 23 жніўня на фабрыцы, дзе рабочыя проста рабілі выгляд, што абсалютна задаволеныя сваім жыцьцём? Гэта ж была звычайная паказуха безь ніякага дачыненьня да рэчаіснасьці». Але чым больш сур’ёзнымі рабіліся заўвагі Гарбачова, тым больш нецярпеньня й дакору гучала ў адказах Чаўшэску, што, безумоўна, вельмі раздражняла савецкага лідэра. «Нікалае... таварыш генэральны сакратар... – госьць безвынікова спрабаваў умяшацца ў бесьперапынны маналёг гаспадара. – Ты запрасіў мяне дзеля размовы ці каб я моўчкі выслухоўваў твае разважаньні? Вось дык тэатар адзінага актора. Калі я ня буду крытыкаваць цябе, казаць табе праўду пра тое, што робіцца ў цябе ў краіне, дык хто? Хіба што Алена, жонка твая, можа дазволіць сабе крытыкаваць цябе... Больш у Румыніі такога сабе ніхто дазволіць ня можа», – казаў Гарбачоў. Алена Чаўшэску не змагла стрымаць тутака ўсьмешкі. Мне запомнілася мудрая заўвага Раісы Гарбачовай: «Міхаіл Сяргеевіч, супакойся, ты ж ведаеш, што гэта за чалавек...» Напрыканцы гэтай «сяброўскай» вячэры абодва бакі засталіся ў варожым настроі, а я выйшаў... галодны. Мне проста не было калі паспытаць ані тыя смачныя стравы, прыгатаваныя ў найлепшых традыцыях румынскай кухні, ані адборныя катнарскія віны. З сваімі артадаксальнымі поглядамі на камунізм, з сваёй непрыхаванай варожасьцю да новай палітыкі адкрытасьці й галоснасьці, якую праводзіў Савецкі Саюз, Чаўшэску быў тыповым прадстаўніком таго блёку ястрабаў, што супрацьстаяў Гарбачову. Ён быў адным з тых камуністычных лідэраў, якія душылі ў сваіх краінах любыя праявы сымпатыі й цікавасьці да падзеяў у СССР. У тыя часы «сьвятло» для румынскага народу прыходзіла з усходу, а найбольш папулярнымі крыніцамі інфармацыі былі тэле- і радыёперадачы Малдовы. «Перабудова» інтэрпрэтавалася як акно ў новае жыцьцё, што Гарбачоў меўся прынесьці ў Румынію. У шматлікіх лістах, якія ішлі савецкаму лідэру з Румыніі, «румынскім Гарбачовым» называлі Іліеску. Чаўшэску адчуваў тое ж самае, менавіта таму ён і адсунуў Іліеску ад улады, загнаўшы яго у глухую правінцыю – у румынскую Малдову, што з самых розных пазыцыяў ацэньвалася як «выгнаньне без аніякага шанцу вярнуцца назад».
Гэтая фраза належыць генэралу Войцеху Ярузэльскаму, лідэру Польшчы, – аднаму зь лідэраў усходняй Эўропы, якія без ваганьняў падтрымалі «адкрытасьць і новае палітычнае мысьленьне» Гарбачова. Я меў прывілею сустрэцца зь ім падчас дзьвюх важных падзеяў у сацыялістычнай гісторыі: падчас сьвяткаваньня 70-годзьдзя Расейскай рэвалюцыі (лістапад 1987-га) і падчас бухарэсцкага саміту ў ліпені 1989-га, пра які я ўжо пісаў вышэй. У яго было шмат супольнага з Гарбачовым: здольнасьць зразумець самую існасьць сытуацыі ў ягонай краіне і ва ўсім сацыялістычным блёку агулам, здольнасьць знаходзіць палітычныя рашэньні й прыходзіць да кампрамісаў, заснаваных на дыялёгу з апазыцыяй (круглыя сталы з прадстаўнікамі «Салідарнасьці» ў лютым–красавіку 1989-га); нежаданьне выкарыстоўваць грубую сілу ў крызісных сытуацыях, як рабілі ягоныя папярэднікі, кіруючыся «рэкамэндацыямі» Крамля, а таксама жаданьне абгрунтаваных рэформаў і дэмакратызацыі грамадзтва. Якраз Польшча і сталася палігонам для такога кшталту рэформаў. Тут я хацеў бы зазначыць, што гаворка вядзецца пра рэформы ў межах адміністрацыйна-плянавай эканомікі, якія Гжэгаж Калодка, адзін з удзельнікаў круглых сталоў ураду і апазыцыі, былы першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў у польскім урадзе, назваў «няўдалым пачаткам». Ярузэльскі меў шэраг якасьцяў, што адрозьнівалі яго ад ягоных калегаў і асабліва ад Чаўшэску: інтэлект, эрудыцыя і ўменьне мужна глядзець у твар паразе, замест таго каб спрабаваць павярнуць кола гісторыі назад. Мяне ўражвала, што калі Ярузэльскі паціскаў табе руку, ён заўсёды глядзеў табе ў вочы, адзначаючы цябе сваёй асабістай увагай незалежна ад таго, хто ты і якую пасаду займаеш. Гэта яднала яго з Гарбачовым. Перакладчыкі ім былі ня трэба, Ярузэльскі свабодна размаўляў па-расейску. Усе гэтыя абставіны згладзілі працэс палітычных зьменаў у Польшчы на пачатку 1990-х, даючы прыклад для ўсіх астатніх краінаў, уключаючы сам СССР. Стаўленьне сацыялістычных лідэраў да зьменаў у Савецкім Саюзе і спробаў надаць сацыялізму «чалавечае аблічча» праз адкрытасьць і галоснасьць стала лякмусавай паперкай для гэтых лідэраў, для іхнага адчуваньня сацыяльнай эвалюцыі й духовага абуджэньня сваіх нацыяў. Чым гучней выступаў Чаўшэску на пераможным зьезьдзе партыі, чым актыўней Хонэкер спрабаваў ізаляваць насельніцтва Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі ад уплыву савецкай перабудовы (якую ён лічыў выключна «зьменай шпалераў»), чым болей Жыўкаў спрабаваў падмяняць новую палітыку выключна касмэтычнымі зьменамі й пустымі заявамі, тым больш напружанай рабілася сытуацыя ў гэтых краінах і тым больш зразумелым рабілася грамадзтву, што падзеньне сацыялізму, выкліканае ягонымі ўнутранымі праблемамі і асабліва ягонай эканамічнай нястаннасьцю, зьяўляецца толькі справай часу. Падзеньне Бэрлінскай сьцяны ў лістападзе 1989 году, як і падзеі ў Румыніі і Баўгарыі, пацьвердзілі ўсе гэтыя тэндэнцыі. Разбурэньне сьцяны мела, аднак, і іншыя значэньні. Паводле меркаваньня прыхільнікаў палітыкі сілы, якія складалі ў КПСС большасьць, гэтая падзея значыла ня што іншае, як паразу краіны празь пяцьдзясят гадоў пасьля перамогі ў Другой сусьветнай вайне. На часткі развальваўся ня толькі міт пра «гістарычную перавагу сацыялізму над капіталізмам», але і ўвесь савецкі блёк, што да гэтага лічыўся маналітным. Чакаўся канец Савецкага Саюзу – «імпэрыі, што зьбіралася, кропля па кроплі, больш за тысячу гадоў», як шчыра выказаўся падчас вячэры Віталі Варатнікоў, лідэр савецкай дэлегацыі на 14-м і апошнім зьезьдзе Камуністычнай партыі Румыніі ў 1989 годзе. Я суправаджаў яго на ўсіх сустрэчах, уключаючы сустрэчу з Чаўшэску. Падчас той паездкі было некалькі значных момантаў, якія асабліва запомніліся. Перш за ўсё, дзівіў сваёй дурасьцю дэвіз падзеі: «Зьезд вялікіх перамог і трыюмфу сацыялізму, незалежнасьці й поўнага сувэрэнітэту Румыніі». Да развалу партыі й расстрэлу яе лідэра застаюцца лічаныя дні, але дэлегаты ўсё славяць Чаўшэску, перарываюць аплядысмэнтамі ягоную справаздачу 43 разы. На знакі ягонае жонкі й другога сакратара партыі Эміля Бобу ўся заля ператваралася ў шматгалосы хор, што славіў «улюбёнага кандукатара», «генія Карпатаў», «волата волатаў». Усяго праз тры тыдні, на масавым мітынгу, скліканым Чаўшэску ў мэтах «умацаваньня адзінства партыі з народам», дзясяткі тысячаў румынскіх грамадзянаў з той самай еднасьцю будуць пратэставаць супраць дыктатуры Чаўшэску. Прорва паміж камуністычным кіраўніцтвам і грамадзтвам дасягнула сваёй мяжы, выбух быў непазьбежны. Я добра зразумеў гэта падчас зьезду. Пры сустрэчы з Варатніковым, акрамя традыцыйнай гаворкі пра істотнасьць «замацаваньня перамог сацыялізму», «супрацоўніцтва і абмену вопытам», упершыню сам Чаўшэску прапанаваў лідэрам «брацкіх» партыяў склікаць сустрэчу ў вярхах для пошуку «вырашэньня супольных праблемаў камунізму», «абмеркаваньня і каардынацыі дзейнасьці ў імя рэвалюцыі й сацыялізму». «Мы павінны ісьці тым самым шляхам, што і Ленін у 1903 годзе. Мы павінны пачаць перш за ўсё з тых, хто жадае захаваць справу сацыялізму. Калі ня мы зробім гэта, дык хто?» – так ставіў пытаньне Чаўшэску. Гэта было тое самае пытаньне, што задаваў Ярузэльскі, але прагучала яно ў абсалютна іншым кантэксьце і зь іншымі мэтамі. Было дзіўна пачуць гэтыя словы з вуснаў таго, хто больш як чвэрць стагодзьдзя заставаўся непаслухмяным дзіцем, «безнадзейным дысыдэнтам» камунізму, зьяўляючыся дэ-факта значна больш артадаксальным і адданым справе камунізму, чым большасьць зь ягоных калегаў, агрэсіўна душачы любога кшталту праявы незалежнасьці, апазыцыі. Пры Чаўшэску ўсе друкарскія машынкі да адной былі зарэгістраваныя ў «Сэкурытатэ», а пра любы кантакт з замежнікамі (нават грамадзянамі СССР) мусова было дакладваць у адпаведныя інстанцыі. І вось гэткую прапанову робіць той, хто не падтрымаў ваеннай інтэрвэнцыі краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну і хто заўжды меў асаблівае меркаваньне, адрознае ад пазыцыяў лідэраў іншых камуністычных краінаў. Упершыню я бачыў яго настолькі ўсхваляваным і стомленым. Рукі ў яго дрыжалі, а вочы блукалі з аднаго месца на другое. Магчыма, ён адчуваў набліжэньне канца; гэта было заўважна падчас ягонага апошняга візыту ў Маскву 4 сьнежня 1989 году, падчас чарговай сэсіі лідэраў сацыялістычных краінаў – удзельніцаў Варшаўскага пакту, арганізаванай Гарбачовым пасьля ягонай сустрэчы з амэрыканскім прэзыдэнтам Джорджам Бушам-старэйшым на востраве Мальта.
Я добра памятаю драматычныя падзеі ў Румыніі 22–25 сьнежня 1989 году. Па гарачай лініі мы трымалі сувязь з савецкім пасольствам і карпунктам агенцтва ТАСС у Бухарэсьце, зь міністэрствам замежных справаў, якім кіраваў Эдуард Шэварднадзэ, з Пэтру Лучынскім, які пазьней стаў першым сакратаром Камуністычнай партыі Малдовы, а тады апэратыўна дакладваў Гарбачову інфармацыю праз старшага дарадцу Георгія Шахназарава. У той час прэзыдэнт Гарбачоў удзельнічаў у сэсіі зьезду дэпутатаў Савецкага Саюзу і экспромтам адказваў на ўсе пытаньні, што тычыліся сытуацыі ў Румыніі і ягонага асабістага да яе стаўленьня. З Бухарэсту паступала супярэчлівая інфармацыя, сытуацыя не была нам зразумелая. Пасольствам у адсутнасьць пасла Яўгена Цяжэльнікава (падзеі засьпелі яго на дарозе ў Маскву) кіраваў дарадца-пасланьнік Пазьнякоў, і яно не рашалася даваць нейкую канкрэтную інфармацыю і настойвала, каб Масква «не сьпяшалася з высновамі» і «не займала пакуль аніякай пазыцыі, бо элітныя часткі засталіся вернымі Чаўшэску і, ня выключана, неўзабаве могуць узяць сытуацыю пад свой кантроль». У сакрэтных тэлеграмах зьявілася яшчэ адна цікавая дэталька: Маскве рэкамэндавалася «не давяраць інфармацыі агенцтва ТАСС з Бухарэсту». Між тым якраз тады ўпершыню паведамленьні ТАСС у поўным аб’ёме цытавалі самыя значныя агенцыі сьвету (Reuters, Associated Press, France-Press ды іншыя). З інфармацыі ТАСС вынікала, што ў Румыніі адбываецца масавае паўстаньне, што дыктатар, ягоная партыя і спэцслужбы пераходзяць у разрад мінуўшчыны. Бюро ТАСС месьцілася ў самым цэнтры Бухарэсту і асьвятляла ўсе падзеі непасрэдна з плошчы, на якой яны адбываліся. Кіраўнік бюро, Думітру Дзьякаў (будучы старшыня Вярхоўнага савету Малдовы. – Рэд.), як і ўсе карэспандэнты, рызыкаваў ня менш, чым звычайныя дэманстранты. Адусюль стралялі. Патрэбная была мужнасьць, каб выйсьці з офісу і адсочваць рэальны ход падзеяў у сытуацыі, калі пасольства было катэгарычна супраць «пасьпешлівых высноваў». Мо Пазьнякоў быў і неблагім дыпляматам, але за час свайго знаходжаньня ў Румыніі (23 гады), што амаль супала з «залатымі часамі», ён зрабіўся занадта асьцярожным і ня мог даць веры таму факту, што «часы» гэтыя скончыліся, а зь імі й «пераможны марш сацыялізму». Але я магу абсалютна пэўна сказаць, што ён ня быў адзіны такі тады. У гэтым кантэксьце мне хацелася б зьвярнуцца да некаторых мітаў, што тычацца падзеяў сьнежня 1989 году ў Румыніі і ва ўсім сацыялістычным лягеры ўвогуле, і якія дажылі нават да сёньня. Першы міт тычыцца «здрады Гарбачова» і таго, што «рэвалюцыю ажыцьцявіў КГБ СССР». Той доступ практычна да ўсёй інфармацыі ўнутры краіны, які я ў сваім статусе меў, дазваляе мне абвергнуць гэтую вэрсію. М. Гарбачоў быў лідэрам зусім іншага кшталту, ён радыкальна адрозьніваўся ад сваіх папярэднікаў. Існавала безьліч сцэнароў, рэкамэндацыяў і прапановаў, якімі павінен быў скарыстацца Гарбачоў у выпадку крызіснай сытуацыі ў сацыялістычным лягеры. Прэцэдэнты былі ва Ўсходняй Нямеччыне ў 1953-м, Вугоршчыне ў 1956-м, пасьля ў Чэхаславаччыне й Польшчы. Гарбачоў адкінуў гэтую мадэль, заявіўшы, што «кожны сам зьяўляецца гаспадаром у сваім доме і павінен несьці абсалютную адказнасьць за ўсё, што ў ім адбываецца». Старая партыйная намэнклятура ўбачыла ў гэтым «мяккацеласьць» або «ваганьні», а прадстаўнікі сілавога лягеру адкрыта называлі гэта «здрадай». Пазьней, пасьля путчу 1991 году, яны зьвінавацяць яго таксама ў здрадзе Камуністычнай партыі й сацыялізму ўвогуле. Але маё асабістае меркаваньне палягае ў тым, што, калі й быў чалавек, які жадаў захаваць сацыялізм, даць яму другі шанец, дык гэтым чалавекам быў Міхаіл Гарбачоў. Аднак ён быў прадуктам сваёй сыстэмы, магчыма, самым лепшым, і таму імкнуўся абараніць яе. Жадаючы таго ці не, ён пацьвердзіў гэта ў той вечар, калі яго вызвалілі з Фаросу пасьля жнівеньскага путчу ў 1991-м. Ні разу нідзе Гарбачоў ня ставіў пад сумнеў ідэі сацыялізму, ён крытыкаваў толькі скрыўленьні сыстэмы ў самім СССР і ў яго сатэлітах. Іншы даўгавечны міт тычыцца «экспарту рэвалюцыі агентамі КГБ». Гэта стала адной з тэмаў першай размовы паміж Гарбачовым ды Іліеску, калі румынскі лідэр наведаў Маскву ў 1990 годзе. Я цудоўна памятаю атмасфэру той сустрэчы. Як яна кантраставала з сустрэчамі з папярэднікам Іліеску! Паміж двума лідэрамі не існавала псыхалягічнага бар’еру, яны не прытойвалі думак. Прэзыдэнт Іліеску прааналізаваў сытуацыю крызісу ў сьнежні 1989 году, калі быў створаны Фронт нацыянальнага выратаваньня. На ягоную думку, усё скончылася нечакана хутка; падзеі справакаваў сам Чаўшэску сваім скліканьнем «сустрэчы з народам». Панаваў неймаверны хаос. «Калі б існаваў нейкі замежны сцэнар, – працягваў Іліеску, – падзеі разгортваліся б больш арганізавана». Камэнтуючы гэтую тэму, Гарбачоў зазначыў, што было б проста абразай для румынскага народу і грамадзтва лічыць, што «рэвалюцыя была экспартаваная агентамі КГБ». Тут мне б хацелася зрабіць невялічкае адступленьне: зерне гэтага міту ў сапраўднасьці пасеяў сам Чаўшэску, які быў пэўны, што за ўсімі дэманстрацыямі пратэсту стаіць Масква; ён нават заявіў гэта прадстаўніку савецкага пасольства, калі ў Тымішаары распачаліся акцыі пратэсту… Калі я наведваў Румынію пазьней, мне прыходзілася даказваць, што народ Румыніі і толькі ён павінен ганарыцца тым, што скінуў дыктатара. Мне ніхто ня верыў, так глыбока ўкаранілася ў сьвядомасьць вэрсія пра КГБ.
Часам я задумваюся, што супольнага было ва ўсіх сацыялістычных лідэраў пэрыяду заняпаду камунізму і чаму ўсе яны так дамагаліся ўвагі Гарбачова, хоць шмат хто яго ненавідзеў лютай нянавісьцю, бо ён стаўся прычынай падзеньня як савецкае, так і іхных сыстэмаў. Існавала, як мінімум, тры тлумачэньні. Сустрэцца з Гарбачовым, новым савецкім лідэрам, які захапіў усіх сваімі новымі ідэямі, які выпраменьваў культуру і інтэлект, што так моцна адрозьніваліся ад культуры і інтэлекту традыцыйных савецкіх лідэраў, які валодаў харызмай і прывабнасьцю й мог выклікаць давер з самай першай сустрэчы, было ня проста «данінай модзе». Шмат якія заходнія лідэры разглядалі мажлівасьць наведаць Гарбачова ці прыняць яго ня проста вельмі істотнай падзеяй, але й пэрсанальным гонарам. Для лідэраў заходняй Эўропы такога кшталту сустрэча была добрай мажлівасьцю павысіць сваю самаацэнку. А вось для ўсходнеэўрапейскіх лідэраў такая сустрэча патрэбна была, каб суцішыць настроі, што пачыналі панаваць у іхных краінах: «Гарбачоў лічыцца з намі, ён ідзе тым самым шляхам, які мы прайшлі 15–20 гадоў таму». Найбольш пасьпяховым у выбары моманту для фатаграфаваньня быў, мне падаецца, Чаўшэску. Нават падчас шматбаковых сустрэчаў ён мог «выпадкова» апынуцца побач з Гарбачовым і гэтаксама «выпадкова» румынскія фатографы рабілі здымкі двух лідэраў разам, з усьмешкамі на тварах. Часам адбываліся проста дзіўныя рэчы. Я суправаджаў Гарбачова падчас візыту ў Бухарэст і падчас візыту Чаўшэску ў Маскву, але ня мог адшукаць сябе ні на адным здымку ў афіцыйнай румынскай прэсе. Мае дасьведчаныя калегі раскрылі мне гэты «сакрэт»: усе фатаздымкі акуратна апрацоўваліся аэрографам такім чынам, каб ніхто іншы не зьяўляўся побач зь «вялікім правадыром». Мяне й маіх калегаў проста заціралі, замяшчалі мэбляй і шпалерамі. Усё гэта яскрава дэманструе сапраўдную існасьць партыйнай прэсы. Але ўвагі патрабавалі і іншыя лідэры. Напрыклад, г. Гусак, чыя каманда, паводле словаў З. Млынаржа, пасьпяхова скончыла тое, што распачалі савецкія танкі, спыняючы ў 1968 годзе Праскую Вясну . Гусак забясьпечыў адносна высокі ўзровень жыцьця, вядома, высокі ў параўнаньні з Савецкім Саюзам. Ягонай галоўнай мэтай было захаваньне існага стану рэчаў. Дзіва што Гусак, як і астатнія, «горача» вітаў перабудову Гарбачова, але не рабіў абсалютна нічога, каб рэалізаваць гэтую палітыку на практыцы. Пазьней Гарбачоў заўважыў тую самую тэндэнцыю і ў самім Савецкім Саюзе. У чэхаў быў добры жарт у духу ўдалага ваякі Швэйка наконт дабрабыту і посьпехаў сацыялізму: «Чаму гэта сацыялістычны лягер можа здагнаць Злучаныя Штаты, але ня можа перагнаць? Бо мы не жадаем, каб амэрыканцы бачылі нашыя голыя задніцы». Акрамя простай зацікаўленасьці ў сустрэчы з Гарбачовым была і іншая, значна больш празаічная, прычына – эканамічная зацікаўленасьць. Эканоміка ўсіх гэтых краінаў трымалася на нагах дзякуючы танным энэрганосьбітам і сыравіне з СССР. Узровень жыцьця, непараўнальна вышэйшы за савецкі, абсалютна не забясьпечваўся самімі краінамі. У дадатак да гэтага, на большасьці з сацыялістычных краінаў (за выключэньнем Румыніі) віселі велізарныя замежныя пазыкі, якія трэ было абслугоўваць. Паводле некаторых ацэнак, Масква штогод асыгнавала 10–15 мільярдаў даляраў датацыяў на падтрыманьне эканомікі Ўсходняй Эўропы ў дадатак да выдаткаў на ўтрыманьне сваіх вайсковых базаў на тэрыторыі гэтых краінаў4. Савецкае кіраўніцтва, уключаючы і самога генэральнага сакратара, меркавала, што сацыялістычны сьвет трэба захаваць любым коштам, нават коштам дабрабыту свайго ўласнага народу.
|
3 25 сьнежня 1989 году Нікалая і Алену Чаўшэску паставяць да сьцяны ў адным з маленькіх гарадкоў пад Бухарэстам і расстраляюць па абвінавачваньні ў «злачынствах супраць румынскага народу». |
Спробы рэфармаваць сацыялізм, надаць яму «чалавечае аблічча», магчыма было бачыць, напрыклад, у Вугоршчыне. Традыцыйны дэвіз «хто ня з намі – той супраць нас» атрымаў тут новае гучаньне: «хто ня супраць нас – той з намі». Вугоршчына пад кіраўніцтвам Янаша Кадара знайшла, магчыма, самую пасьпяховую формулу падтрымкі прыватнага сэктару, лібэралізуючы эканоміку і дэмакратызуючы грамадзтва. Міхаіл Гарбачоў выказваў асаблівую зацікаўленасьць гэтым экспэрымэнтам, поўнае разуменьне і падтрымку Я. Кадара.
У блізкіх адносінах паміж Гарбачовым, Кадарам і Ярузэльскім не было нічога дзіўнага. Гарбачоў актыўна шукаў эфэктыўную эканамічную мадэль. Ён цудоўна разумеў, наколькі небясьпечна думаць, быццам паскораныя рэформы могуць зрабіць усіх заможнымі «за адну ноч». Ён разумеў цяжкасьці стварэньня новай эканамічнай сыстэмы. Папулярным афарызмам тых часоў была фраза «мы жадаем жыць, як пры капіталізьме, але працаваць, як пры сацыялізьме». Сацыялістычнае грамадзтва чакала вынікаў (чытай – узбагачэньня), але не было падрыхтаванае несьці цяжар выдаткаў гэтых рэформаў; камуністычнае кіраўніцтва было гатовае прапагандаваць рэформы, але не за кошт адмовы ад «сацыялістычных ідэяў» (і свайго існаваньня). Урэшце, матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы для рэформы насамрэч былі вельмі абмежаваныя. Усё гэта прывяло да глыбокага расчараваньня грамадзтва вынікамі новай палітыкі й масавай падтрымкі электаратам тых, хто абяцаў хуткае аднаўленьне «сацыялістычных каштоўнасьцяў». Гэта таксама тлумачыць той факт, што на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі ў 1996 годзе за Гарбачова галасаваў менш за 1 працэнт (!) выбарцаў. Вяртаючыся да жаданьня лідэраў краінаў-сясьцёр сустрэцца з Гарбачовым, я павінен занатаваць адну рэч, якую я змог зразумець дзякуючы яму толькі нядаўна. Падчас сустрэчы з былым сэнатарам Лі Гамільтанам, дырэктарам Цэнтру імя Вудра Ўілсана, ягоным штатам і навукоўцамі, уключаючы мяне самога, Міхаіл Гарбачоў падпісаў мне фатаздымак 15-цігадовай даўніны і прызнаўся: «Падчас нашай апошняй сустрэчы ў сьнежні 1989 году Чаўшэску шукаў суразмоўцу, у якога ён змог бы атрымаць чаканую падтрымку і разуменьне. Ён усьведамляў увесь той развал, да якога ён прывёў Румынію, але ня меў дастаткова мужнасьці, каб пачаць усё з самага пачатку, перагледзець і раскрытакаваць усё тое, што ён рабіў усе гэтыя гады. Ён жадаў прытулку, выратаваньня». Чаўшэску, як і ягоныя сябры Хонэкер, Жыўкаў і Гусак, спадзяваліся знайсьці гэты прытулак у Гарбачову, падсьвядома трымаючыся прынцыпу «хто ня супраць нас – той з намі». Гарбачоў нічога ня меў пэрсанальна супраць іх, у яго хапала цярплівасьці выслухоўваць іх, але ён ніколі ня быў «зь імі». А цяпер мне б хацелася зьвярнуцца да крыху менш вядомых аспэктаў палітыкі Гарбачова. Урокі падзеньня «разьвітага сацыялізму» ва Ўсходняй Эўропе (што была значна больш разьвітая за Савецкі Саюз) былі вельмі добра засвоены жыхарамі гэтых краінаў. Адразу ж пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны падзеі пачалі разьвівацца драматычна і відовішчна. Краіны, яшчэ нядаўна «завязаныя» на Варшаўскай дамове, пераўтварыліся ў сапраўдныя дэмакратыі й пасьпяхова праводзілі непадробныя рынкавыя рэформы. Сёньня гэтыя краіны цешацца падтрымкай і дапамогай Захаду, большасьць зь іх уступіла ў NATO – што 15 гадоў таму здавалася зусім неімаверным! У той жа час былыя савецкія рэспублікі знаходзяцца на цяжкім шляху ў пошуку сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, спрабуючы дэмакратызаваць свае грамадзтвы і рэфармаваць эканоміку. Яны рухаюцца мэтадам «спробаў і памылак» і ў пэўнай ступені паўтараюць досьвед усходняй Эўропы. Вось чаму так істотна ведаць гэты досьвед, каб не паўтараць памылак.
Фраза гэтая належыць Гарбачову; ён сказаў мне гэта ў 1989 годзе падчас абеду ў Бухарэсьце. Я сядзеў побач зь ім, перакладаючы ўсё, што казаў Чаўшэску і ўстаўляючы час ад часу пэўныя камэнтары. Гарбачоў быў чалавекам адкрытым, дэмакратычным і даступным у рамках тагачаснага істэблішмэнту. Ён запытаўся, ці падобныя нацыянальныя кухні Румыніі й Малдовы, якія існуюць культурныя, лінгвістычныя і сацыяльныя падабенствы паміж краінамі, якое маё меркаваньне наконт агульнага разьвіцьця Малдовы. У пэўны момант ён зазначыў: «Насамрэч у вас шмат супольнага, але, тым ня менш, вы розныя». У мяне хапіла сьмеласьці адказаць яму ў тым жа ключы: «Разнастайнасьць ёсьць прычынай таго, што мы жадаем ведаць адзін аднаго лепей, каб урэшце адчыніць усе дзьверы і зламаць усе бар’еры, што былі ўсталяваныя гады таму паміж берагамі ракі Прут». Я сказаў яму, што візыт генэральнага сакратара ў Кішынёў змог бы шмат у чым дапамагчы, зазначаючы, што ў Малдове яго паважаюць настолькі ж моцна, як і ў Румыніі. Ён адказаў, што аднойчы ўжо зьбіраўся прыехаць у Малдову. Ён прасіў сабраць інфармацыю наконт атмасфэры і сытуацыі ў Малдове, каб «зрабіць пэўныя высновы наконт мясцовага партыйнага кіраўніцтва». Ён зрабіў свае высновы празь некалькі месяцаў, замяніўшы Сымона Гросу Пэтру Лучынскім, які пазьней вярнуўся ў Маскву ў якасьці сакратара ЦК. Пасьля путчу ў жніўні 1991-га Лучынскі, якому даручылі ліквідацыю партыі, стаўся сапраўдным «магільшчыкам Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу». На жаль, Гарбачоў так і не наведаў Кішынёва. У выніку ён ня здолеў прадухіліць некаторыя гістарычныя падзеі – падзел рэспублікі сэпаратысцкімі сіламі з усімі жудаснымі наступствамі для сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Малдовы, а таксама для бясьпекі й стабільнасьці ўсяго рэгіёну.
Джордж Сорас, якога я меў прывілею ведаць пэрсанальна і карыснымі парадамі якога я скарыстаўся ў сярэдзіне 1990-х, лічыў, што «новае палітычнае мысьленьне» й ягонае ўжываньне ў міжнародных адносінах былі найбольш моцнымі бакамі гарабачоўскай палітыкі адкрытасьці. Паводле Сораса, самая вялікая памылка Гарбачова палягала ў тым, што ён ня змог зразумець: «Палітычныя зьмены былі неабходныя, але недастатковыя для таго, каб адбыліся зьмены эканамічныя. Разуменьне дэмакратыі Гарбачовым было наіўнае: проста дай людзям мажлівасьць вырашаць, і яны будуць прымаць правільныя рашэньні. Але справы ня робяцца кансэнсусам»5. Амэрыканскі філянтроп меў абсалютную рацыю. Перабудова была галоўнай справай Гарбачова, але яму было вельмі цяжка дамагчыся посьпеху, калі, з словаў самога генэральнага сакратара, «85 працэнтаў партыйнага апарату былі супраць ягонага курсу». Я вельмі добра зразумеў гэта падчас сваіх паездак у Малдову і Армэнію.
|
4 Gedmin J. The Hidden Hand. Gorbachev and the Collapse of East Germany. – Washington: The AEI Press, D.C., 1992. Р.15. |
У кастрычніку 1989 году я зноў апынуўся ў Малдове, дзе нацыянальнае адраджэньне, асабліва ў галіне культуры і мовы, ужо пачалося. Тым ня менш, мясцовае партыйнае кіраўніцтва працягвала адказваць на патрабаваньні мірных дэманстрацыяў традыцыйным «не», «не» і яшчэ раз «не». Яны бачылі за ўсімі гэтымі праявамі незадаволенасьці падкопы «нацыянал-экстрэмістаў» і вінавацілі Гарбачова за тое, што ён перапусьціўся «такога разгулу свабоды слова й дэмакратыі».
Падчас маіх сустрэчаў я зразумеў, што «новае палітычнае мысьленьне» віталі простыя людзі і інтэлігенцыя, але зусім не прымалі намэнклятура й чынавенства. Але апазыцыя Гарбачову была ня толькі пасіўнай. Калі інтэлектуалы і студэнты ўтварылі Народны Фронт, што аб’яднаў вакол сябе ўсе прадэмакратычныя сілы ў падтрымку перабудовы, зь іншага боку быў створаны Інтэрфронт, што зьяднаў рэакцыйныя, антыгарбачоўскія сілы пад лёзунгамі «салідарнасьці й пралетарскага інтэрнацыяналізму». У піку дэманстрацыям прыхільнікаў дэмакратыі прадстаўнікі «працоўных калектываў» арганізоўвалі свае ўласныя дэманстрацыі, і аніводны бок не жадаў кампрамісу. Пад канец сваёй паездкі я меў сустрэчу зь першым сакратаром малдаўскай кампартыі с. Гросу. Я паінфармаваў яго пра ўсё, што пабачыў, пра свае ўражаньні й высновы; а пасьля гэтага я амаль паўтары гадзіны слухаў пра «цудоўныя дасягненьні» сацыялістычнай Малдовы ў «мэханізацыі сельскай гаспадаркі – гэтай шашы прагрэсу», а таксама пра пляны пабудовы двух заводаў дзеля вырабу віна і шампанскага, якія «вы зможаце пабачыць наступным разам проста з акна кішынёўскага ЦК». Я пачуў пра пляны пабудовы атамнай электрастанцыі на Днястры пад Грыгарыёпалем, калі толькі «Дзяржплян у Маскве выдзеліць грошы на гэты праект». Аніводнага слова аб рэальнай сытуацыі, аб пратэстах, аб сапраўдных праблемах, зь якімі сутыкнулася грамадзтва, ані пра палітыку галоснасьці і якім чынам «камуністы і народ Малдовы» зьбіраюцца ажыцьцявіць яе на практыцы. Тады я ўзгадаў словы Гарбачова, што ён сказаў паўгоду раней: «Не падабаецца мне твой Гросу. Калі я зь ім размаўляю, ён з усім пагаджаецца і, падаецца, падтрымлівае палітычную лінію Гарбачова. Але насамрэч ён альбо нічога ня робіць, альбо робіць усё наадварот». Ён меў рацыю. Шанец знайсьці супольную глебу, прадухіліць разьяднаньне Малдовы, а праз гэта ўтварэньне сэпаратысцкай пачварыны – Прыднястроўя – усё яшчэ быў. У маіх справаздачах па выніках гэтых паездак, што, як я ведаю, дасягнулі-такі кабінэту генэральнага сакратара без аніякіх правак (выпадак, насамрэч, вельмі рэдкі)6, я называў асобу, якая магла б супакоіць сытуацыю й прадухіліць рост канфрантацыі, – Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова. Ён яшчэ мог прывесьці супрацьлеглыя бакі да цывілізаванага дыялёгу. Празь некалькі дзён я даведаўся, што Гарбачоў вырашыў наведаць Малдову. Былі падрыхтаваныя ўсе неабходныя матэрыялы і падрабязная праграма. У аэрапорт Кішынёва прыляцелі тры грузавыя самалёты з аўтамабілямі і абсталяваньнем для забесьпячэньня бясьпекі. Малдаўскія дзяўчынкі ў нацыянальных строях ужо чакалі генэральнага сакратара ў аэрапорце з традыцыйным хлебам і сольлю, а сам Кішынёў стаяў на галаве. На жаль, нешта здарылася, як гэта заўсёды бывае. У самы апошні момант Гарбачоў адмяніў паездку з парады маршала Сяргея Ахрамеева, дэпутата, які прадстаўляў Малдову ў Вярхоўным савеце СССР. «Там няма чаго рабіць, Міхаіл Сяргеевіч; яны [малдаване] усе нацыяналісты, якія толькі й чакаюць, калі будуць адкрытыя межы, каб аб’яднацца з Румыніяй». Я сутыкнуўся з гэтым аргумэнтам і крыху пазьней, пачуўшы яго ад яшчэ аднаго з дарадцаў Гарбачова.
|
5 Soros G. Opening the Soviet System. – London: Weidenfeld and Nicolson, 1990. Р. 105. |
19 жніўня 1991 году, у дзень путчу ў Маскве, я знаходзіўся ў Кішынёве, у будынку Цэнтральнага камітэту партыі. Амаль усе супрацоўнікі й кіраўніцтва, зь якімі я сустракаўся ў той дзень, былі ў найлепшай гуморы; яны не маглі схаваць сваіх пачуцьцяў. Але радасьць ад таго, што «нашы людзі» зноў вяртаюцца да ўлады, доўжылася толькі тры дні. Тым ня менш, навука была завучаная добра: дэмакратыя й рэформы вымагаюць доўгага й цяжкога шляху, які абсалютна не гарантуе посьпеху і плёну за адну ноч.
Шмат чаго зьмянілася за апошнія пятнаццаць гадоў. Грамадны будынак, у якім разьмяшчаўся ЦК Кампартыі Малдовы, пабудаваны паводле пляну Івана Бодзюла, вернага пасьлядоўніка Леаніда Брэжнева, які васямнаццаць гадоў кіраваў краінай у якасьці першага сакратара, быў рэстаўраваны. Сёньня ў ім месьціцца парлямэнт краіны. Ня так даўно, у дзень свайго 85-годзьдьзя Бодзюла ўганаравалі найвышэйшай узнагародай краіны – мэдалём Рэспублікі. Яго ён атрымаў з рук прэзыдэнта Ўладзімера Вароніна, які зьяўляецца адначасова і першым сакратаром кіроўнай Камуністычнай партыі Малдовы. Цікава, што Бодзюл атрымаў свайго апошняга «леніна» 25 гадоў таму, прыкладна ў той самы час, што й Чаўшэску… У лістападзе 1995-га я ўдзельнічаў у міжнароднай канфэрэнцыі ў Маскве, арганізаванай Фондам Гарбачова і прысьвечанай тэме «Расея і Ўсходняя Эўропа: у пошуках новай ідэнтычнасьці». На канфэрэнцыю я быў запрошаны разам з прадстаўнікамі зь іншых краінаў. Падчас перапынку я папрасіў Міхаіла Гарбачова падпісаць мне экзэмпляр ягоных мэмуараў «Жыцьцё й рэформы». Я запытаўся ў яго, што б ён зрабіў, калі б была мажлівасьць пачаць усё з самага пачатку, і ці спраўдзіліся ягоныя прадказаньні наконт тых падзеяў, што адбыліся ў Расеі і іншых савецкіх рэспубліках пасьля ягонай адстаўкі. Ягоны адказ быў адначасова і чаканы, і нянаджаны: «Я ўпэўнены, што сацыялізм можна было перабудаваць, не ўхіляючыся ад рэформаў і радыкальных зьменаў інстытуцыйнага характару, скіраваных на стварэньне якасна новай сыстэмы. Тое, што мы сёньня назіраем у Расеі, дый ня толькі ў Расеі, – гэта спроба вярнуцца ў мінулае. І таму мая парада наступная: не спрабуйце вярнуць мінулае; шукайце свой уласны шлях, што адпавядае вашаму ўласнаму досьведу, культуры і мэнтальнасьці вашага народу. Не губляйце шанец, падораны вам гісторыяй...» Вашынгтон, травень 2003 году
Пераклаў са скарачэньнямі з ангельскай мовы Віктар Прастакоў. |
6 Адна з малдаўскіх прымавак кажа: «Перш чым ты да Бога дабярэсься, цябе сьвятыя зьядуць». Тое самае я магу сказаць і пра сябе, звычайнага супрацоўніка Аддзелу замежных сувязяў, якому прыходзілася сутыкацца з усімі «сьвятымі», перш чым дасягнуць генэральнага сакратара. |
|