A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


1985–2005

  АЛЯКСАНДАР ФЯДУТА

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Аляксандар Фядута
Дабраславёныя гарбачоўскія часы


Я плакаў у дзень сьмерці Юр’я Андропава.

Былы старшыня КДБ СССР, генэральны сакратар ЦК КПСС, старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага cавету СССР Юры Андропаў памёр халодным лютаўскім днём 1984 году. Я, студэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту, даведаўся пра гэта ў Ленінградзе, куды прыехаў на тыдзень папрацаваць у Публічнай бібліятэцы.

Было так. Я спусьціўся з гатэльнага нумару ў сталоўку – пасьнедаць. Радыёкропка ў нумары не працавала, тэлевізара не было зусім, і насельнікі гатэлю, адрэзаныя ад сусьветных навінаў, задавальняліся кнігамі і газэтамі, што прывезьлі з сабой. Я чытаў Зошчанку (каго яшчэ чытаць у Ленінградзе?). Чакаючы замоўленыя паранцы, у восьмы ці дзявяты раз учытваўся я ў апавяданьне пра пакуты рымскага дыктатара Сулы, вымушанага расплачвацца за настрыжаныя спрытнымі патрыётамі галовы ворагаў народу («Гэтак аніякіх грошай ня хопіць!» – прычытаў, памятаецца, Сула, знайшоўшы сярод пададзеных да аплаты галоў адну, не прадугледжаную прэскрыпцыйнымі сьпісамі). І тут забегла буфэтчыца:

– Андропаў памёр!

Было ўжо не да пакутаў згалелага дыктатара. Сьмерць Андропава ў вачох дваццацігадовага гарадзенскага студэнта – падзея сур’ёзная. Менавіта пры ім на вуліцах гораду, дзе адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай, перасталі трапляцца п’яныя, а на прылаўках зьявілася кілбаса. Пры думцы аб тым, што п’яныя ізноў зьявяцца, а кілбаса зьнікне, сьлёзы жалобы самі наварочваліся на вочы.

Я падняўся ў нумар, выплакаўся (бывае) і пайшоў у бібліятэку. Ледзяны вецер дзьмуў проста ў сьпіну, і па нячышчаным ходніку мяне падкаціла сьпярша да станцыі мэтро, а потым, калі выйшаў на Неўскім праспэкце і, робячы ўсё, каб не заваліцца на сьпіну (вецер дзьмуў ужо ў твар), я дабраўся да былой Імпэратарскай публічнай бібліятэкі. І толькі там, у галоўным корпусе Публічкі, я ўпершыню ў жыцьці пачуў прозьвішча Гарбачова.

Барадаты чалавек у акулярах, не стары яшчэ, нэрвова палячы, ціха размаўляў зь нейкай жанчынай блякаднага ўзросту. Яны абмяркоўвалі, хто можа зьмяніць «Юр’я Даўгарукага» на ягоных пасадах (аб тым, што хворы на астму Чарненка ўжо ўзначаліў пахавальную камісію, яшчэ не паведамілі). Называліся імёны Раманава, Грышына, Аліева.

– А Чарненка?

– Вы зьдзяцінелі! Новыя хаўтуры праз паўгоду!

У галаве мільганула: «А праўда ж! Хаўтуры праз паўгоду! І жалобныя стужкі не навязалі на сьцяжкі, а акуратна абшылі імі палотнішчы, нібыта разьлічваючы загадзя: вось міне час, памрэ наступны правадыр – дык каб ужо час не марнаваць і вочы не сьляпіць, гэтыя сьцяжкі, абшытыя крэпам, і вывесім!»

– А Гарбачоў?

– Хто ж яго пусьціць?! Занадта малады!

Так я даведаўся, што маладосьць – вялікі недахоп у палітыцы.

Андропава пахавалі.

Задыханы Чарненка праляцеў у нашым жыцьці непрыкметна, пакінуўшы толькі ўспаміны пра кашаль, што захрасае ў вушах. Сьцяжкі з жалобным крэпам весела, па-сакавіцку, праводзілі старога ў апошні шлях.

А потым усё-ткі прыйшоў Гарбачоў.

Прыйшоў непрыкметна. Проста перад іспытам з гісторыі філязофіі наш любы прафэсар Ігар Давыдавіч Разэнфельд сказаў:

– Другія пытаньні ў білетах № 12 і 27 адказваць неабавязкова.

Адказваючы на гэтыя пытаньні, давялося б разважаць аб унёску Андропава Ю. У. і Чарненкі К. У. у разьвіцьцё марксісцка-ленінскай філязофіі.

Мне пашанцавала. У мяне пытаньні былі пра вечнае: «Ідэалістычная філязофія Плятона» і «Гістарыязофія Лява Талстоя».

Гарбачоў выявіўся ідэалістам, які верыць у сваю гістарычную місію.

Ён дазволіў – усё!

То бок, з гледзішча выпускніка філялягічнага факультэту – літаральна ўсё!

Выйшаў аграмадны том Веліміра Хлебнікава. Потым – Мікалая Гумілёва. Затым – біяграфія Бухарына. Затым яе перавыдалі ў Менску наагул нейкім непрыстойна аграмадным накладам – нібыта ў Беларусі столькі людзей ведаюць пра існаваньне Бухарына.

На адкрытым уроку па «Злачынстве і пакараньні» мая вучаніца Лілька Сафіна – у прысутнасьці сакратара ЦК ЛКСМБ і намесьніка міністра адукацыі рэспублікі! – сказала:

– Ад тэорыі Раскольнікава адзін крок да фашызму, расізму... І сталінізму…

Сакратар ЦК зычліва хітнула галавой: маўляў, ужо можна... Ужо можна ставіць Сталіна ў адзін шэраг з Гітлерам.

Стала цяжка выпісаць «тоўсты» часопіс. У «Новом мире» друкавалі «Архіпэляг ГУЛАГ». Мы з калегамі па школе стварылі «часопісны каапэратыў»: дамовіліся, хто які часопіс выпісвае і ў якім парадку мы яго чытаем. У гаручцы выпісалі нат «Наш современник», але потым спахапіліся і вырашылі болей грошы не марнаваць.

У кінаклюбе «Ракурс» паказалі фільм Анджэя Вайды. Той самы «Краявід пасьля бітвы», які да таго мы ўпотайкі ўпяцёх разам з дырэктарам кінатэатру глядзелі а шостай раніцы – ды так, што ня толькі ніхто з нас, але нават кінамэханікі анікому ня «стукнулі».

На мэтадычным аб’яднаньні выкладчыкаў расейскай літаратуры мне прапанавалі падзяліцца досьведам выкладаньня навучэнцам «Майстра і Маргарыты». Калегі канспэктавалі. Потым адна сталага веку паня нясьмела спытала, дзе я ўзяў дастатковую колькасьць кніг, каб забясьпечыць кожнага навучэнца.

У камсамол сталі ўступаць радзей.

У партыю – яшчэ радзей.

Я сказаў маці, што падаю заяву аб уступленьні ў шэрагі чальцоў КПСС. Маці, старая камуністка, паглядзела на мяне з гонарам і спытала:

– А ты – гатовы?

Настаўніцкая камсамольская арганізацыя рэкамэндацыю мне даць адмовілася. Падстава: не гатовы.

Давялося адкласьці падачу заявы на год.

Пачаліся рэформы, палітычныя і эканамічныя.

Грошай у сям’і стала меней: маці сышла на пэнсію. Куплялі меней кніг і болей лекаў.

У Вярхоўным савеце БССР дэпутат Алег Трусаў паставіў пытаньне аб ільготах для былых малалетніх вязьняў фашыстоўскіх канцлягераў. Мама, што начамі слухала бясконцыя сэсійныя дэбаты, заплакала. Так я даведаўся, што дзяўчынкай яе зганялі ў Нямеччыну.

Для атрыманьня льготаў спатрэбілася даведка з КДБ. Маці ў КДБ ісьці не жадала. Але здароўе пагаршалася, і я яе ўмовіў.

Зьбіралася яна ў КДБ, як у турму. Я вырашыў ісьці разам зь ёй. Яна забараніла:

– Цябе арыштуюць!

– Ты зьдзяцінела!

Я быў пасьпяховым школьным настаўнікам, які выкладаў літаратуру сыном старшыні гарвыканкаму Сямёна Домаша. На камсамольскіх канфэрэнцыях са мной ветліва здароўкаўся першы сакратар абкаму партыі Ўладзімер Сямёнаў. Мяне абралі чальцом ЦК ЛКСМБ – і арыштуюць?!

Але мама была непахісная. І пайшла ў КДБ адна.

Яе доўга не было. Горадня – маленькі горад, і я пачаў ужо хвалявацца. Ці мала што можа здарыцца з жанчынай сталага веку, якая пакутуе на гіпэртанію?

Але ля пад’езду спынілася «волга», і малады чалавек у акуратным касьцюме дапамог маці выйсьці.

Моўчкі яна паднялася да нас на трэці паверх, увайшла ў пакой, не распранаючыся, легла на канапу. І моўчкі праляжала добрую гадзіну, не адказваючы на мае пытаньні.

Потым сказала адно слова:

– Дзякуй Гарбачову.

Яна прыехала ў КДБ, на вуліцу Тэльмана ў старой частцы Горадні. Спытала, куды ісьці. Ёй назвалі нумар кабінэту. Яна ўвайшла ў кабінэт – і толькі ў гэты момант зразумела, што трапіла ў той самы кабінэт, у якім раз на месяц, з 1949 да 1956 год, ёй даводзілася адказваць на адно і тое ж пытаньне:

– Чаму вы засталіся жывыя ў Нямеччыне, у той час, калі ўсе сумленныя людзі там загінулі? Прызнайцеся, што вы супрацоўнічалі зь немцамі!

Калі скончылася вайна, ёй было ўсяго няпоўных 19 гадоў.

У 1949 годзе ёй далі рэкамэндацыю на ўступленьне ў партыю. Рэкамэндацыю падпісаў сакратар абкаму ЛКСМБ Аляксандар Аксёнаў.

Але ў гаркаме партыі на паседжаньні бюро ўстаў начальнік УКДБ і ўпершыню задаў гэтае самае сакрамэнтальнае пытаньне:

– Чаму вы засталіся жывыя ў Нямеччыне, у той час, як усе сумленныя людзі там загінулі? Прызнайцеся, што вы супрацоўнічалі зь немцамі!

І на працягу пяці гадоў паўтаралася тое ж самае.

Мама хадзіла ў КДБ як на суботнік – сумленна. Яна ня ведала, што адказваць, таму што ня ведала за сабой аніякіх грахоў. Але адказвала, што зь немцамі не супрацоўнічала.

Мяркуючы па ўсім, у КДБ таксама ня ведалі за ёй аніякіх грахоў. Таму яна заставалася на волі, і ёй давалі кожны год рэкамэндацыю ў партыю, а КДБ яе заварочваў – проста таму, што так было трэба, да 1956 году ўключна. Да Хрушчова.

…І цяпер, у 1990 годзе, мама прымлела. І яна пачала падаць – у гэтым кабінэце, дзе нават сталы былі расстаўленыя, як у часы Сталіна.

Яе падхапілі. Паклалі на нейкую кушэтку, знайшлі лекара. Высьветлілі, што ёй трэба. Назвалі дакладны дзень, калі прыйсьці па даведку. Дачакаліся, калі стане лепш, далі машыну і суправаджальніка, каб яе завезьлі дадому. І завезьлі дадому.

Аказваецца, можна ўвайсьці ў будынак КДБ – і выйсьці адтуль вольным…

– Дзякуй Гарбачову!

Да гэтага часу памятаю, як яна сказала гэта – з заплюшчанымі вачыма.

19 жніўня 1991 году я, ужо сакратар ЦК ЛКСМБ, прыйшоў на працу.

Радыёкропка не працавала – як і ў гатэльным нумары ў дзень сьмерці Андропава, – а тэлевізара ў новай аднапакаёўцы яшчэ не было. Таму мяне зьдзівіла пытаньне Славы Сьцяпуры – загадчыка аргаддзелу ЦК:

– А цябе хіба не арыштавалі?

– За што?!

– Ды… Там Гарбачова арыштавалі. Мы падумалі: раптам і цябе…

Я лічыўся «гарбачоўцам».

– Ня бойся. Гэта я пажартаваў.

– Добрыя жарцікі!

Далей усё адбылося імгненна. У тры дні.

Я правёў іх у Баранавічах, у летніку школьнага актыву. Першы сакратар гаркаму ЛКСМБ, Саша Бужак, адвёз мяне ў камітэт камсамолу аднаго з баранавіцкіх заводаў, дзе была спадарожнікавая апаратура. Хлопцы паказвалі мне запісы таго, што трансьлявалі ў тыя дні ўсе сусьветныя інфармацыйныя каналы. Танкі на маскоўскіх вуліцах.

Дрыготкія рукі Генадзя Янаева зусім не надавалі аптымізму. Танкі здаваліся больш пераканальнымі.

Я параіў схаваць стужкі ў надзейнае месца. На ўсялякі выпадак. Раптам спатрэбяцца…

Эра Гарбачова скончылася раптоўна – калі ён спускаўся трапам самалёта, разам з жонкай і ўнучкай. Ён раптам пастарэў, страціўшы намэнклятурны лоск. Стала зразумела, што ўлады – і магчымасьці ўплываць на палітыку – у яго амаль не засталося. Тры дні апэрэткавага путчу, што забралі жыцьці трох маладых людзей, ператварыліся ў шматкроп’е на апошняй старонцы гісторыі савецка-камуністычнай імпэрыі.

Далей на яго было горка глядзець. Нельга бачыць куміраў разьвянчанымі. А Гарбачоў быў і застаецца маім кумірам. Прыкладам таго, што можна быць маральным і ідэйным палітыкам, што можна годна і прыгожа сысьці з улады. І што можна жыць нават пасьля таго, як ты ўладу згубіў.

Я бачыў яго некалькі разоў.

Ён выступаў перад дэлегатамі зьезду УЛКСМ. Я сядзеў на другім шэрагу, проста перад трыбунай. Ён, кіраўнік дзяржавы, здаваўся мне гістарычнай асобай, чалавекам, пакліканым пераўладкаваць сьвет. Гэта было ў 1989 годзе – яшчэ да другіх беларускіх «Дзядоў».

У 1995 годзе я браў інтэрвію ў прэзыдэнта «Гарбачоў-фонду». Я хваляваўся перад гэтай сустрэчай, як перад іспытам. Але задаць пытаньне мне атрымалася толькі праз дваццаць хвілін пасьля таго, як Гарбачоў пачаў адказваць на яго.

І я ўзгадаў радкі Шпалікава:

    По несчастью или к счастью, истина проста:
    Никогда не возвращайся в прежние места.

А ў 1995 годзе Гарбачоў быў «уже прошлым, к которому не было возврата».

Gorbachev (14K)І я ўбачыў яго ў Карлавых Варах, дзе ён адпачываў на запрашэньне Вацлава Гаўла. Гэта было ўжо пасьля сьмерці Раісы Максімаўны. Гарбачоў не пастарэў ужо – ён проста стаў спакайнейшы, мудрэйшы, сур’ёзьнейшы. Ён выходзіў з гатэлю, і людзі, якія зьвярталі на яго ўвагу, ставіліся да яго з разуменьнем і павагай. Ніхто ня кідаўся па аўтограф. Але яго пазнавалі і глядзелі яму ўсьлед, як мне падалося, зь любоўю. І калі ён памрэ – а гэта непазьбежна, – я буду плакаць. І мне ня будзе сорамна. Таму што я буду аплакваць ідэалы і спадзяваньні ўласнай маладосьці, буду прыгадваць час, калі была жывая мая маці, калі хацелася працаваць і верыць.

Буду прыгадваць дабраславёныя гарбачоўскія часы.

І буду паўтараць:

– Дзякуй Гарбачову.

За што? Ні за што. Проста за тое, што ўсе мы атрымалі магчымасьць стаць тым, кім сталі.

Дзякуй яму.

З расейскай.

  палітычны камэнтатар, аўтар кнігі «Лукашенко. Политическая биография», якая выйшла сёлета ў маскоўскім выдавецтве «Референдум».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/05