A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


1985–2005

  ЭРЫК ГОБСБАЎМ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Эрык Гобсбаўм
Сход прывідаў


Мне не ўдалося сустрэцца зь Міхаілам Гарбачовым чатыры гады таму, у Осла, на сотай канфэрэнцыі Нобэлеўскай фундацыі за мір, якая сабрала разам ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру і навукоўцаў. Я прыняў запрашэньне, бо там чакаўся Гарбачоў. Аднак ён не прыехаў, і маім візаві стаўся Кім Тэ Джун1 з Паўднёвай Карэі – без сумневу, выбітная постаць, але зусім ня той чалавек, які ў адзіночку зрабіў больш, чым усе астатнія разам узятыя, каб выратаваць сьвет ад пагрозы ядзернай вайны, ня той, хто ў адзіночку зрабіў так, каб зьмены ў Савецкім Саюзе й савецкай імпэрыі не перайшлі ў крывавую бойню, як гэта адбылося ў Югаславіі.

Сёлета мне пашэнціла больш. Мне прыйшло запрашэньне з Турына ад Сусьветнага палітычнага форуму (у якім старшынюе М. Гарбачоў) з прапановай узяць удзел у агульным сходзе пад назвай «1985–2005: дваццаць год, што зьмянілі сьвет», які мае адзначыць той момант, калі Гарбачоў, стаўшы лідэрам СССР, распачаў перабудову і актыўныя дзеяньні дзеля прасоўваньня міру ў сваёй краіне. Я адразу ўхапіўся за гэтую мажлівасьць, бо для мяне як для фаната Гарбачова гэта быў цудоўны шанец аддаць даніну пашаны гэтаму герою – хоць і трагічнаму, але герою.

Але чаму менавіта Турын? А чаму б і не? Гістарычна Турын мае больш супольнага з праектам Гарбачова, чым Давос – з трыюмфатарамі-капіталістамі, што зьбіраюцца там на Давоскі Сусьветны эканамічны форум. Турын – гэта ж горад Грамшы і Тальяці, месца нараджэньня адначасова і Італьянскай камуністычнай партыі, палітыка якой натхняла даперабудовачнага Гарбачова і такіх баявітых лібэралаў, як, напрыклад, знакаміты і слаўны Франка Вэнтуры, партызанскі камандзір і гісторык, што вывучаў эўрапейскае асьветніцтва і расейскі папулізм. Суворы, інтэлектуальна сур’ёзны Турын у свой час зарэкамэндаваў сябе цьвёрда антыфашысцкім горадам, як ніякі іншы ў Італіі, прычым антыфашысцкія пазыцыі ў ім займаў нават буйны бізнэс. Гэта таксама места, дзе пражывае ніштаватая габрэйская грамада. Турын заўсёды мне падабаўся, хоць ягоная архітэктура ўяўляе сабой дзіўнаваты кактэйль пышна-нацыянальных і раньнеіндустрыяльных модаў пампэзнага ХІХ стагодзьдзя. У адрозьненьне ад Мілану, ён не згубіў ані сваёй цэласнасьці, ані арганічнай повязі з гарамі, што яго атульваюць. Горад гэты знакаміты сапраўднай навуковай атмасфэрай і Акадэміяй навук, ганаровым прэзыдэнтам якой некалі быў сам праконсул Напалеон Банапарт. Першы раз я наведаў Турын у часы ягонай славы, калі ён быў адначасова і італьянскім Дэтройтам, дзякуючы цараваньню Джаньні Аньельлі2 («Сэньёра Адваката», так яго звалі), і Днепрагэсам італьянскай інтэлектуальнай і літаратурнай магутнасьці, на якім запраўляў Джуліё Эйнаўдзі, таксама цар у сваёй сфэры, праўда, з нашмат меншымі фінансавымі магчымасьцямі, – сын першага прэзыдэнта Італіі. Эйнаўдзі валодаў самым прэстыжным выдавецкім домам краіны (ён друкаваў Павэзэ, Кальвіна, Вітарыні, Прыма Леві, Натальлю Гінзбург, ня кажучы пра самога Грамшы), два першыя паваенныя дзесяцігодзьдзі гэта, можа быць, было топ-выдавецтва сьвету. Ён часам запрашаў падобных да мяне аўтараў на вячэру (што адбівалася на ганарарах у бок іх паніжэньня) у найшыкоўнейшую рэстарацыю «Камбіё», што не зьмянілася з часоў Кавура3, які за гэтымі сталамі снаваў праекты ператварэньня Сардзінскага каралеўства ў Італію. Падчас вайны, калі верыць Эйнаўдзі, усе да аднаго супрацоўнікі ягонай канторы сышлі ў партызаны. Мяне проста кранула, калі я пабачыў, што ў 2005 г. нехта яшчэ ставіць ручкай жывы подпіс на афіцыйным блянку з запрашэньнем да ўдзелу ў гарбачоўскай канфэрэнцыі.

  выдатны брытанскі гісторык (нарадзіўся ў 1917 годзе). У свой час вядучы тэарэтык брытанскай кампартыі. Аўтар кніг «The Invention of Tradition», «Age of Extremes» і аўтабіяграфіі «Interesting Times».

1 Экс-прэзыдэнт Паўднёвай Карэі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за дзейнасьць, накіраваную на прымірэньне Карэяў.

   
Няма таго, што раньш было. Памёр Джуліё, памёр і «Сэньёр Адвакат» (і «Рэпубліка»4 прысьвяціла яму ні многа ні мала восем старонак). Маральнае старэньне канвэераў фордаўскага тыпу прывяло да страты горадам чвэрці свайго насельніцтва, маральнае старэньне камунізму – да зьяўленьня альбанцаў і румынаў. Колькасьць работнікаў на «Фіяце» скарацілася з 60 да 15 тысячаў, але ён пакуль што змагаецца; я чуў, што кітайцы падумваюць аб ягонай куплі. Былы зборачны цэх Лінгота цяпер перароблены ў выставачную пляцоўку для кніжных кірмашоў. Калі я апошні раз лётаў у Турын, «Брытанскія авіялініі», зарыентаваныя збольшага на пасажыраў бізнэс-клясы, адракліся наўпроставых пералётаў зь Лёндану сюды, саступаючы пляцоўку авіякампаніі «Раянэйр»5, але сёлета яны зноўку ўступілі ў канкурэнцыю з таннымі перавозчыкамі; у цудоўным турынскім аэрапорце шуміць вір турыстаў-лыжнікаў. «Ювэнтус»6 трымае марку, і Альпы ўсё гэтак жа атачаюць горад сваім дзівосным колцам, але Турын ужо ня той, што быў колісь. А ці зможа й «Ювэнтус» захаваць свой узровень без падтрымкі нябожчыка Аньельлі? Мясцовыя прадпрыемствы ўліваюць свае грошы ў зімовыя Алімпійскія гульні наступнага году, што павінна, паводле іх разьлікаў, добра акупіцца. А што далей, чаму б Турыну ня стаць месцам правядзеньня міжнародных форумаў? Турынскія і п’емонцкія вяльможы, запрасіўшы нас і аплаціўшы нам прыезд, без сумневу, разглядаюць падзею, якая сабрала трынаццаць былых прэзыдэнтаў і прэм’ер-міністраў, дзевяць былых міністраў замежных справаў і пару лайнэраў з рознага кшталту дыпляматамі й сябрамі ўрадаў, як нешта вельмі прэстыжнае.

  2 Кіраўнік заводаў «Фіят», найбуйнейшага вытворцы аўтамабіляў у Італіі.

3 Прэм’ер-міністар Сардзінскага каралеўства з сталіцай у Турыне, пасьля – першы прэм’ер аб’яднанай Італіі.

   
Проста не магу прыгадаць нічога падобнага. Гісторыкі рэдка могуць пабачыць аб’екты сваіх досьледаў у твар, нават у нашае стагодзьдзе тэлебачаньня, дзякуючы якому мы можам пазнаваць усіх тых, хто прымае рашэньні на нацыянальным ці нават сусьветным узроўні. Проста незвычайнае адчуваньне, быццам бы ты наведваеш музэй мадам Цюсо і бачыш, што ўсе воскавыя фігуры замененыя арыгіналамі. Мы паціскаем ім рукі, ямо зь імі разам за аднымі сталамі адну й тую ж ежу (ну, можа, і не зусім тую ж, бо ўсё ж такі існуе панятак спэцыяльнага мэню, напрыклад, для Міхаіла Гарбачова і сапраўдных вяльможаў). Мы можам задаваць ім пытаньні, на якія яны даюць сяброўскія, але, звычайна, банальныя адказы. А супрацоўнікаў службы бясьпекі крыху меней, чым у музэі.

Больш чым сотня мужчынаў сярэдніх і сталых гадоў (жанчын, як заўжды, жменька) сядзяць за сталамі, выстаўленымі доўгім прастакутнікам у залі Вайсковай акадэміі, збудаванай у барочным стылі эпохі Віктара Эмануіла. Яны пазіраюць – сталы стаяць так шыракавата – адно на аднаго ды слухаюць сынхронны пераклад на ўсе абавязковыя на такіх мерапрыемствах мовы плюс польскую (палякі прыслалі двух былых прэзыдэнтаў зусім розных поглядаў, а таксама экс-прэм’ер-міністра). У правых ад мяне кутах прастакутніка, за галоўным сталом, я заўважаю праніклівы позірк Джуліё Андрэоцьці, зморшчанага чалавечка, які сем разоў узначальваў італьянскі ўрад у пэрыяд паміж 1972 і 1992 гг., вайсковую выпраўку генэрала (пазьней прэзыдэнта) Ярузэльскага, які душыў «Салідарнасьць» і вытаргоўваў канец польскага камунізму, і самога Міхаіла Гарбачова, прыгожага і ветлага. Ён надзіва добра захаваўся, але выглядае меншым за самога сябе ў цені свайго велізарнага суседа Гэльмута Коля, канцлера Нямеччыны, якую ён аб’яднаў у 1990-м, праседзеўшы на сваёй пасадзе рэкордны тэрмін. За сталом таксама было пакінута месца для былога прэзыдэнта Бразыліі Фэрнанда Энрыка Кардоза, які забавіўся ў дарозе.

Нават стары цынік-гісторык быў бы ўражаны такім наборам. Мне выпала месца паміж былым дарадцам Рэйгана па нацыянальнай бясьпецы і былым францускім выведнікам. Насупраць мяне сядзеў па-антышаронаўску настроены ізраільцянін, зь якім я паразмаўляў падчас абеду і які выявіўся былым намесьнікам дырэктара «Масаду» ў далікудаўскія часы. Я таксама заўважыў пэрсанажа з чэскае мінуўшчыны – тае мінуўшчыны, якую я жадаў бы забыць, – Рудальфа Сланскага-малодшага, выключанага з партыі за свой удзел у «Праскай Вясьне», а пазьней аднаго з падпісантаў «Хартыі-77». Ён нават чымсьці нагадвае мне свайго бацьку, расстралянага ў 1952-м – найбольш вядомую ахвяру камунізму падчас апошніх публічных антысэміцкіх сталінскіх «паказальных працэсаў» ва Ўсходняй Эўропе. Дзесьці за сталом Лех Валэнса тлумачыць, што ў вяртаньні яго краінай незалежнасьці няма заслугі ані расейскіх палітыкаў, ані польскіх камуністаў: усё адбылося дзякуючы выключна «Салідарнасьці» й папу. (Мой сусед, які падпісваў рахункі для апэрацыяў ЦРУ ў Польшчы ў тыя часы, ніяк не рэагуе.) Валэнса нагадвае мне Джона Прэската7, толькі здаравейшы. Апошнія дваццаць пяць гадоў даліся яму яўна цяжэй, чым ягоным братам-палякам.

  4 Левая па сваёй палітычнай пазыцыі італьянская газэта, скіраванасьцю ў кшталце нашай «Камсамолкі».

5 Авіякампанія, што спэцыялізуецца на танных рэйсах.

6 Знакамітая футбольная каманда.

   
Але яшчэ больш дзіўнае для мяне адчуваньне, што я трапіў на сход прывідаў. Няма кітайцаў, якія заўсёды пазьбягаюць публічных абмеркаваньняў, але прысутнічае значная колькасьць тых асобаў, хто ў 1980-я прымаў рашэньні, якія зьмянялі сьвет. А вось тыя, хто кіруюць сваімі краінамі сёньня, адсутнічаюць. Няма нікога з пуцінскай Расеі, вулфавіцкага Вашынгтону, шродэрскай Нямеччыны ці блэрскай Брытаніі. Толькі нязьменнасьць францускіх замежнапалітычных інтарэсаў забясьпечвае пераемнасьць замежнай палітыкі Парыжу. У астатніх краінах паміж 1985 і 2005 гг. пралегла глыбокая прорва. Акрамя палітыкаў мясцовага ўзроўню з Турыну й П’емонту, а таксама італьянскага міністра эўрапейскіх справаў, які моўчкі рэпрэзэнтуе ўрад Бэрлюсконі, адзіны дзейны міністар на гэтай сходцы – гэта былы савецкі дысыдэнт Натан Шаранскі, які цяпер, на жаль, падвязаўся ў кабінэце Шарона. Нават заходнія закулісныя гульцы таго пэрыяду ўжо пасьпелі адысьці ад палітыкі, а то і ўвогуле ад усялякіх справаў. Перамены апошніх дваццаці гадоў абмяркоўваюць тыя, каго гэтыя перамены выкінулі на звалку гісторыі. Вядома, падзея такога кшталту задумвалася, каб павіншаваць Гарбачова, яна не прадугледжвала выступаў, у якіх прамоўцы аналізавалі б дзейнасьць чалавека, якім амаль усе тутака шчыра захапляюцца. Але й настрой віншаваньня – гэта далёка ня той настрой, што панаваў на гэтай сустрэчы. І проста цяжка пазьбегнуць адчуваньня, што шмат хто з прысутных у залі, як з Усходу, так і з Захаду, насамрэч цешыцца тым, што адбылося ў былых камуністычных краінах, тым, як разьвівалася міжнародная абстаноўка пасьля падзеньня Гарбачова.

Удзельнікі форуму ўсе як адзін занепакоеныя Амэрыкай Буша, але існуе таксама нешта, што адрозьнівае тых, хто з Захаду, ад тых, хто з Усходу. Заходнія сыстэмы працягваюць сваё існаваньне. А для людзей з Усходу гэты форум стаў форумам тых, каго нашчадкі Францускай рэвалюцыі называлі ci-devant, а нашчадкі расейскай рэвалюцыі 1917 г. называлі бывшие люди. Мала хто з прадстаўнікоў Усходу належаў да ліку даўнішніх дысыдэнтаў. Не здаецца пакуль удава Сахарава Алена Бонэр, трымаецца і Аляксандар Якаўлеў, былы найбліжэйшы хаўрусьнік Гарбачова, які цяпер ганьбіць усё, што належала савецкім часам. Але большасьць з прысутных – гэта людзі, якія ўсё сваё жыцьцё былі ляяльнымі й карысным дзеячамі рэжымаў сваіх краінаў, што сышлі ў нябыт назаўсёды. Ніхто ня кажа пра настальгію, хоць яна адчуваецца ў размовах былых югаславаў, але шмат для каго ў гэтым будынку, што нагадвае некаторым зь іх пэўныя залі так знаёмых ім палацаў, гэтая сустрэча – нібыта памінкі па сыстэме, у якую яны верылі і якая памерла, і памінкі па надзеі – па маленечкай-маленечкай надзеі на яе рэфармаваньне, – якой яны зь цяжкасьцю зракліся, а мо і ўвогуле не зракаліся.

Ну а што ж звонкая рэшта – занудныя экспэрты й навукоўцы, пераважна амэрыканцы? Савецкія крыніцы інфармацыі пэнсійнага ўзросту пачуваюцца сярод іх як рыбы ў вадзе: яны вітаюць старых сяброў і партнэраў, запаўняюць лякуны, бароняць свае інтэрпрэтацыі, абменьваюцца ўспамінамі пра Маскву й Варшаву. Тым ня менш, хоць падзеньне камунізму – гэта ёсьць часткаю і майго жыцьця, гэта не мая стыхія; іх сцэна – не мая сцэна. Я тут найперш як гісторык, які пісаў пра стагодзьдзе, большую частку якога пражыў сам, як той, хто жадае зразумець яго лепей і спадзяецца, што ягоныя працы пра гэтае стагодзьдзе вытрымаюць прысутнасьць тых людзей, пра якіх я пішу.

Ці дапамагаюць прыватныя кантакты з рэліктамі мінулага праліць сьвятло на гэтае мінулае, і калі так, дык якім чынам? Гэтае пытаньне ў той ці іншай форме задаюць сабе ўсе гісторыкі. Так, дапамагаюць. Але якім чынам, да канца невядома. Амаль заўсёды мы думаем пра месцы, а не пра людзей. Тапаграфія прамаўляе нават у адсутнасьць чалавека: выпалены сонцам бразыльскі пэйзаж дапамагае зразумець далёкіх харызматаў, а гарадзішча на пясчаным грудку ў сярэдзінным Ўэлзе – уявіць нічыйнасьць балотных абшараў у часы Сярэднявечча. Часам гарады здольныя былі сказаць значна больш, чым людзі, а некаторыя зь іх і цяпер гавораць самі за сябе. Напрыклад, Санкт-Пецярбург альбо Прага да свайго бяздумнага посткамуністычнага заняпаду. Ці можна параўнаць перажытае мною на турынскім сходзе з тым, што я перажыў, стоячы халодным зімовым ранкам перад старым, неперабудаваным Фінляндзкім вакзалам у Ленінградзе? Ці дала мне гэтая сустрэча больш, чым я ўзяў з кніг ці ўдзелу ў не такіх грандыёзных калёквіюмах у апошнія гады савецкага пэрыяду? Адказ на абодва пытаньні – не. Ці гэта таму, што людзі проста хутчэй старэюць і стамляюцца? Ці гэта таму, што людзі ў грамадзкім краявідзе разбураюцца больш імкліва, чым будынкі й рэкі? Ці таму, што, як ведае кожны гісторык і журналіст, з інтэрвію з прэзыдэнтам ці прэм’ерам шмат ня выцягнеш? Значна больш эфэкту ад размовы зь людзямі, якім плацілі за ўважлівасьць і ў каго язык лёгка разьвязваецца: пагаварыць з журналістамі і дыпляматамі-разьведчыкамі. (На шчасьце, апошнімі заля поўнілася.)

Зрэшты, я ехаў у Турын, не спадзеючыся даведацца шмат новага пра перабудову, але дзеля таго ж, што і многія іншыя – каб аддаць даніну павагі выбітнаму, захапляльнаму, добраму і сумленнаму чалавеку. І калі гісторык унутры мяне быў крыху расчараваны, то фанат Міхаіла Гарбачова радаваўся. Ці вялікі чалавек Гарбачоў? Я ня ведаю. Я сумняюся. Ён быў – і, падобна, застаецца – чалавекам чэсным, чалавекам добрай волі, дзеі якога мелі калясальныя наступствы, як добрыя, так і дрэнныя. Я кажу гэта, бо для мяне вялікі гонар быць ягоным сучасьнікам. Чалавецтва бясконца абавязанае гэтай постаці. І ўсё ж, калі б я быў расейцам, я б думаў пра яго, як пра чалавека, што зруйнаваў маю краіну.

Пераклаў з ангельскай Віктар Прастакоў
паводле London Review of Books з ласкавай згоды аўтара і выданьня.
Copyright by Eric Hobsbawm.

  7 Брытанскі віцэ-прэм’ер. Вылучаецца поўным целаскладам.

   
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/05