A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (39) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АНДРЭЙ ЯГОРАЎ | ||||
Сакральная гісторыя найноўшага часу
У кожнага разумнага чалавека, хто меў дачыненне да беларускай палітычнай апазіцыі, напэўна, паўставала пытанне: «А што робяць палітычныя лідэры, у чым рэальны сэнс іх дзеянняў, якія іх сапраўдныя мэты?» Такія пытанні могуць нараджацца як з недахопу інфармацыі, так і з няздольнасці зразумець сувязь мэтаў і дзейнасці па іх дасягненні. Па-першае, некаторыя мэты палітычных дзеячаў не набываюць публічнасці, застаюцца ў прыватнай клубнай прасторы асабістых знаёмцаў і сапраўды нам не вядомыя. Па-другое, дэкларатыўныя, публічна абвешчаныя мэты не адпавядаюць дзеянням па іх дасягненні. Па-трэцяе, тут можа існаваць камбінацыя першых двух варыянтаў: мэты неабвешчаныя, але па здаровым сэнсе яны падаюцца відавочнымі, між тым як дзеянні палітыкаў кардынальна разыходзяцца з гэтымі «відавочнымі» мэтамі. З абсалютнай немагчымасці разумна патлумачыць наяўныя праявы актыўнасці лідэраў беларускай апазіцыі і кіраваных імі арганізацый шарагоўцы, актыўныя ўдзельнікі і вонкавыя даследчыкі палітыкі, што сутыкаюцца з такой дылемай, прыходзяць да высноў альбо пра звычайную некампетэнтнасць сваіх лідэраў, альбо пра іх карумпаванасць і несумленнасць, альбо пра наяўнасць вонкавага (і нябачнага) узроўню кіравання, што выстаўляе сапраўдныя мэты. Які б варыянт ці іх камбінацыя не былі б абраныя, часцей за ўсе яны прыводзяць да высновы аб неабходнасці змены лідэраў – і гэта ў лепшым выпадку. У горшым жа чалавек схіляецца да адыходу ад актыўнай палітычнай дзейнасці ці спробаў штосьці зразумець. Дапамагчы вырашыць такія пытанні і прыадчыніць «таямніцу» маглі б крытыка і аналіз асабістых учынкаў палітыкамі ў сваіх тэкстах. Але, на жаль, гэтага не адбываецца. Не стала выключэннем і кніга Паўла Севярынца «Пакаленне Маладога Фронту». Кніга не дае нейкай асабліва новай інфармацыі для чытача, што сочыць за палітычным жыццём краіны хаця б па газетах. Няма ў ёй аналізу і рэтраспектыўнай ацэнкі эфектыўнасці ўласных дзеянняў, узлётаў і падзенняў, іх прычын і наступстваў, мала гістарычных дэталяў і фактаў, што натуральна схаваныя ад назіральніка, няма... Ды шмат чаго няма, што хацелася б бачыць у кнізе дасведчанага лідэра, які непасрэдна ўдзельнічаў у прыняцці важных палітычных рашэнняў, прынамсі ў БНФ і «Маладым фронце».
Аўтар заяўляе ў прадмове жаданне «асэнсавання феномену моладзі Беларусі». Але ў кнізе Севярынец выступае не як даследчык ці відавочца, а як ідэолаг. «Пакаленне Маладога Фронту» – не мастацкая літаратура, не хроніка і не публіцыстыка. Гэта гісторыя», – піша ён сам. Так, гэта гісторыя, калі разумець «гісторыю» толькі як наратыў. Кніга Севярынца – гэта расповед аўтара пра сваё жыццё, пра тое, што бачыў ён навокал сябе з часоў дзяцінства па сённяшні дзень. Гэта эмацыйная плынь думак пра тое ці іншае. Аўтар не шукае адказаў, не ставіць пытанняў, ён ужо загадзя ўсё ведае і проста расказвае нам, як яно ёсць, было і нават будзе. Кніга Севярынца, акрамя ўласна аповеда пра сябе – гэта ідэалагізаваная і спрошчаная версія палітычнай гісторыі Беларусі найноўшага часу. Але гэта не хіба, гэта, хутчэй, натуральная форма палітычнай гісторыі. Галоўная хіба – нерэфлексіўнае стаўленне аўтара да самога сябе. Севярынец становіцца ахвярай сваёй заангажаванасці ў падзеях, «зацікаўленасці» імі. Ідэалагічная зададзенасць пазбаўляе аўтара волі да ісціны і цягне па вузенькай сцежцы апавядання. Выкарыстоўваюцца аднабокія ацэнкі падзей, пад увагу трапляюць толькі тыя факты, што пацвярджаюць думку аўтара, іншыя ігнаруюцца або скажаюцца. Напрыклад, абгрунтоўваючы поспехі «Маладога фронту» ў 2002 г., аўтар піша: «Большасць моладзі падтрымлівае адну з дзвюх самых папулярных арганізацый: «Малады фронт» і БРСМ. «МФ» – 34 %, БРСМ – 27 %, астатнія набралі менш за 5 %». Як кажуць, без каментароў. І гэта далёка не адзінкавы выпадак. Але ж факты, нягледзячы на іх упартасць, тут не галоўнае. Севярынец піша тую гісторыю, у якую верыць, – сакральную гісторыю. Для яе не патрэбны логіка і факты, яна не зважае на рэальнасць, яна самадастатковая. Крыніца ісціннасці сакральнай гісторыі Севярынца, як і крыніца ісціннасці любой ідэалогіі – у ёй самой. Таму натуральна, што аўтар піша ўзвышана- высакапарным стылем, апелюе, хутчэй, да эмоцыяў, чым да розуму чытача. Свая ўнутраная логіка, вядома, прысутнічае. Як і ў любой версіі гісторыі, у гэтай ёсць: 1) суб’ект, галоўны актор – двухмільённае пакаленне «Маладога фронту», народжанае ў 1970–1985 гг. і агульнабеларускі рух «Малады фронт», авангард гэтага пакалення; 2) аб’ект – Беларусь увогуле і беларуская нацыя ў прыватнасці. Пакаленне «МФ» стварае нацыю і пераўтварае Беларусь; 3) гістарычная місія – Адраджэнне Беларусі ў адпаведнасці з формулай «беларуская форма – хрысціянскі змест»; 4) гістарычны кантэкст – уласна падзеі найноўшай гісторыі Беларусі; 5) апісанне жыцця і дзейнасці пакалення як гістарычнага суб’екта; 6) свая перыядызацыя: 1985–1995 гг. – выспяванне суб’екта; 1996–1997 гг. – першыя спробы палітычнай актыўнасці; 1997–1998 гг. – з’яўленне пакалення ў палітыцы як самастойнага актора, фармаванне руху «Маладога фронту»; 1998–1999 гг. – «субкультурны» заняпад, драбленне пакалення на асобныя субкультурныя групоўкі; 1999–2000 гг. – хрысціянскі пад’ём пакалення, яднанне пакалення; 2000-ны – нашыя дні – заняцце вядучай гістарычнай пазіцыі.
Часавы перыяд з 1970 па 1985 г. абраны досыць выпадкова: можа, лічбы круглыя – 1970, 1985. Перыяд сумнеўны, як і наяўнасць такога цэласнага сацыялагічнага і гістарычнага суб’екта як пакаленне «Маладога фронту». Але аўтар не зважае на гэткія дэталі, бо для яго гістарычная роля пакалення апрыёрна зададзеная, а яе маштабы набываюць трансцэндэнтнае значэнне поля барацьбы «мінулага і будучыні, зла і дабра, д’ябла і Бога». Аб’ект і гістарычная місія. Тут цяжка што аспрэчыць. Севярынец аб’ектыўна мае рацыю. Але такія мэты не належаць ні асобнай палітычнай арганізацыі, ні асобнаму пакаленню беларусаў, такія мэты належаць самой Беларусі як аб’екту ўладкавання, матэрыялу, які змяняецца высілкамі сапраўдных гістарычных суб’ектаў. Адраджэнне, стварэнне нацыі, уладкаванне Беларусі ў «беларускай» з «хрысціянскім зместам» формах – гэта натуральныя задачы, якія будуць вырашацца незалежна ад дзейных гістарычных асоб. Беларусь не можа не быць «беларускай і хрысціянскай». Зазірніце ў любы падручнік па ідэалогіі беларускай дзяржавы, вы пабачыце там тое самае: дэкларатыўную беларускасць і хрысціянскасць. Адно толькі ўзаемаадносіны формы і зместу з гуманітарна-тэхналагічнага пункту гледжання куды больш далікатныя. Прымаючы фармальна аднолькавыя мэты, з аднаго і таго ж беларускага матэрыялу, на адной тэрыторыі праектуюцца і будуюцца розныя краіны: «бел-чырвона-белая» і «чырвона-зялёная» Беларусі, поліканфесійная і «праваслаўна-атэістычная». І «пакаленне Маладога фронту», як усё нашае грамадства, падзеленае на будаўнікоў і будоўны матэрыял для розных праектаў (і аўтар гэта таксама разумее). Не зважаючы на такія тонкасці, аднойчы можна прачнуцца ў чужой краіне. Пакаленне «Маладога фронту», паводле Севярынца, пачынае тварыць гісторыю толькі ў новым тысячагоддзі («стварае нацыю», «робіць палітыку», «абараняе Курапаты»). Да гэтага часу яно – пасіўны назіральнік і актор другога плана ў тэатры падзей сучаснасці: жыве ў жахлівых умовах «імперыі зла», дзе «старшакласнікі трэслі капейкі», потым пускаецца ў авантуры і акунаецца «ў самыя глыбіні зла» на мяжы 1980-х – 1990-х (выпадкова ці наўмысна, але аўтар тут выкарыстоўвае традыцыйны міфалагічны сюжэт, калі герой у сваіх прыгодах сутыкаецца з абсалютным злом, наведвае пекла, але ў выніку перамагае і застаецца жывым), кідаецца ў бізнес і маўкліва пазірае на палітычнае жыццё краіны ў 1992–1995 гг. Пад’ём пачынаецца ў 1996-м –1997-м з «гарачай вясны 1996-га» і вулічных акцый «Маладога фронту». Аўтар старанна пералічвае кожную акцыю, і, здаецца, жыве тым рамантычным часам сваіх першых масавых вулічных дзеяў. Але, акрамя рамантыкі, не дае ні новай інфармацыі пра тое, як гэта адбывалася і арганізоўвалася, ні новых асэнсаванняў, чаму ўсё гэта мела такі вынік, які мела. Напэўна, таму, што той «наступ моладзі» Павал Севярынец лічыць пераможным, удалым. Менавіта з яго паўстае «Малады фронт» – перадавая частка свайго пакалення. Іншыя праекты і моладзевыя арганізацыі, паводле Севярынца, былі ці непаспяховыя (БПСМ, Камітэт па справах моладзі, войска), ці былі часовымі адхіленнямі ад правільнага маладафронтаўскага шляху (радыкалы з «Краю» і «Белага легіёна», «Зубр», субкультуры нефармалаў, крымінальнікаў, папса, тэхнары). Магчыма, з разгулам «пабочных» праектаў пакаленне было б страчанае ў 1998-м –1999-м, але праз асветніцкую працу (курсы «Ды-джэяў Адраджэння», «Шоў беларушчыны» і г. д.) «Маладога фронту» і агульны хрысціянскі пад’ём здолела ўратавацца. З 2000 г., паводле ацэнак аўтара, пакаленне «Маладога фронту» дзейнічала беспамылкова. Выхад на палітычнае поле быў уражлівы і досыць паспяховы: хоць 2001 г. прайгралі, але школа была добрая. А далей, калі аўтар апісвае актыўнасць «МФ» у 2002–2003 гг., узнікае адчуванне, што ўся краіна да гэтага на вушах стаіць («моладзь паказвала клас у палітыцы»). Напэўна, пасля такога ўзрушанага расказу ў чытача павінны знікнуць апошнія сумневы наконт вырашальнай ролі пакалення 1970-га –1985-га ў будучыні Беларусі. Але чамусьці не знікаюць. Можа, трэба ў «Малады фронт» запісацца?
Вы калі-небудзь бачылі палітыка ў беларускай апазіцыі, які б прызнаў сваю паразу? Гэта вечныя пераможцы. Няма ніводнага палітыка, які б тайна не верыў у тое, што раз за разам прайграючы выбары, губляючы пасады, партыі, грошы, вядомасць, ён застаецца непераможаны. Толькі скажыце каму з іх пра гэта, і вы пачуеце такі экспрэсіўны адказ, такую прамову! Ого! Больш за тое, здаецца, ужо нішто не зможа надаць ім хоць кроплю крытычнасці ў адносінах да ўласных дзеянняў. Чаму так? Падаецца, яны жывуць у прасторы без часу. Усё адбываецца толькі сёння. Яны дагэтуль сёння, тут і цяпер удзельнічаюць у шэсцях вясны-96, арганізоўваюць байкот-2000, разгортваюць мабілізацыйную кампанію-2001. Калі Павал Севярынец піша пра першую «Акцыю Любові», ён тамака, на гэтай акцыі. Думаючы сёння пра тую акцыю, ён і цяпер ацэньвае яе, як тады. Для яго час спынены. І так для свайго кожнага важнага палітычнага ўчынку. Хто-ніхто яшчэ можа выйсці ў часавую прастору для аналізу дзеянняў іншых людзей і сітуацыі ў цэлым, але амаль няма тых, хто можа рэтраспектыўна і звонку глядзець на сябе самога. Апазіцыйныя палітыкі – гэта тыя «вечныя дзеці Беларусі», як піша Валянцін Акудовіч. Адных з іх скарыў нацыяльны міф, іншых – ліберальны, а каго і камуністычны. Большасць з іх жыве не ў рэчаіснасці рэальнай Беларусі, а ў рэчаіснасці свайго міфа. Тут дзеянні рытуалізавана-стандартызаваныя, падпарадкаваныя норме, несамакіраваныя. Актор заўсёды нешта робіць, знаходзіцца ў дзеянні, няма месца развагам, няма месца ацэнкам. Тут ёсць толькі сёння, свет існуе толькі ў гэты момант, мы робім толькі тую канкрэтную справу, якую робім зараз. І немагчыма выйсці і кінуць позірк у мінуўшчыну ці будучыня, паглядзець на ланцуг сваіх дзеянняў, асэнсаваць тое, што робіцца зараз, як частку агульнага працэсу. У гэтай міфічнай прасторы ёсць толькі дрэвы, і лесу за імі не бачна. У такім падыходзе нельга разважаць пра эфектыўнасць палітычнай дзейнасці. Важны факт наяўнасці справы як такой. Возьмем, напрыклад, апошні дыялог хакераў, што зламалі сайт АГП, з лідэрамі партыі. Сваім учынкам (зломам сайту) «хакеры-патрыёты» нібыта жадалі сказаць: а) тое, што вы рабілі раней, не набліжала вас да мэты (пабудовы дэмакратыі ў Беларусі); б) не рабіце так болей, гэта няправільна; в) рабіце па-іншаму. Што адказваюць партыйцы? Прыкладна гэтае: «мы рабілі тое, што рабілі, і калі мы гэта рабілі, вы гэтага не рабілі», г. зн. проста канстатуюць факт наяўнасці сваёй актыўнасці. Пытанне пра эфектыўнасць ігнаруецца. Яшчэ адзін цікавы момант. Што б ні здарылася – вінаваты заўсёды іншы: калегі па апазіцыі (у Севярынца звычайна вінавата старэйшая генерацыя палітыкаў), рэжым, толькі не самі палітыкі. Псіхолагі называюць такі стан вонкавым локусам кантролю, калі адказнасць за сваю дзейнасць нясе не сам суб’ект, але нехта іншы. Гэта яшчэ больш абмяжоўвае магчымасці для самакрытыкі. У выніку, мы маем тое, што маем. Дэмакратычная апазіцыя дэманструе, што час не лінейны, а цыклічны, паўтарае інстынктыўна, з дакладнасцю пералётных птушак, адны і тыя ж маршруты, адны і тыя ж памылкі. Таму, калі розум будзе не здольны разарваць гэтае міфічнае кола, Беларусь можа назаўсёды застацца закладнікам сваіх «вечных дзетак». |
асьпірант катэдры паліталёгіі БДУ, сябар рэдакцыі часопісу «Палітычная сфера», спэцыяліст Агенцыі гуманітарных тэхналёгіяў. |
Пачатак Цалкам | ||||
№ 5 (39) - 2005 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |