A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  МІКОЛА КАЦУК

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Мікола Кацук
Міты беларускай сацыялёгіі


ПАДВАЛІНЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

Тэза, зь якой я хацеў бы пачаць, сфармуляваная П’ерам Бурдзьё. Яна палягае ў тым, што сацыялёгія можа быць незалежнай толькі тады, калі яна – дакладней яе творцы-сацыёлягі – кіруюцца выключна сацыялягічным інтарэсам. Гаворка ідзе пра аўтаномію поля сацыялягічнай вытворчасьці. Аўтаномію як магчымасьць і здольнасьць устанаўляць уласныя правілы для ўласнай дзейнасьці.

Тэза, якая здаецца відавочнай, калі нат не трывіяльнай, прыводзіць да парадаксальных высноваў. Як піша Бурдзьё, «сацыяльныя навукі павінны былі заваяваць незалежнасьць ад палітыкі і палітыкаў, а дзеля гэтага неабходна было давесьці сваё права на ўласныя нормы валідызацыі і – асабліва – адстаяць права самім вызначыць кола праблемаў, якія павінны імі вырашацца, г. зн. праблемаў чыста сацыялягічных, адрозных ад «сацыяльных» ці «палітычных»1.

Іначай кажучы, там, дзе вырашаюцца сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і любыя іншыя праблемы, сацыялёгіі як навукі няма і быць ня можа. Аднак дамінантная ўстаноўка сацыялягічнай адукацыі палягае якраз у адваротным, а менавіта: у прадукаваньні выканаўцаў, гатовых брацца за любую вонкавую, несацыялягічную праблему. Сама структура сацыялягічнай веды будуецца пэдагогікай у строгай адпаведнасьці з структурай дзяржаўнага апарату, дзе ўсялякай галіне сацыялёгіі2 адпавядае калі не галіна народнай гаспадаркі, то, прынамсі, сваё міністэрства альбо камітэт. Сацыялёгія працы, сацыялёгія права, сацыялёгія мэдыцыны і нават сацыялёгія культуры, якая дасьледуе наведвальнасьць бібліятэк, – усё знаходзіць сваіх двайнікоў у калідорах адміністрацыяў, упраўленьняў і ведамстваў.

Прадбачачы магчымыя рэакцыі аб аўтарытарнасьці дзяржавы і гераізьме барацьбітоў за дэмакратыю, адзначу – гэта не праблема Беларусі, гэта праблема сацыялёгіі наагул. Фізык альбо матэматык валодаюць манапольнымі правамі на выказваньні аб фізычным ці матэматычным сьвеце. Ніхто не зьдзіўляецца таму, што матэматык вырашае матэматычныя праблемы. Аўтаномія сацыялёгіі, апроч імпліцытнага дзяржаўнага інтарэсу да кіраваньня дзяржавай, парушаецца і адкрытасьцю сацыяльнага даксічным інтэрпрэтацыям.

Пад доксай разумеецца сама сабой зразумелая, відавочная, нерэфлексіўная веда аб сацыяльным сьвеце. І пытаньне нават не ў фармальна-лягічным супрацьпаўстаўленьні ісьціны і доксы – і тое, і другое зьяўляюцца неабходнымі элемэнтамі сацыяльнага ўладкаваньня. Адрозьненьне паміж ісьцінай і доксай мае гістарычны характар і вызначаецца іх роляй у працэсах вытворчасьці/адтварэньня грамадзкага жыцьця. Даксічная веда дазваляе захоўваць саматоеснасьць грамадзтва, яго status quo; падзея ісьціны можа парушыць структурную раўнавагу сацыяльнай сыстэмы, робячы немагчымыя практыкі магчымымі.

Адкрытасьць веды аб грамадзтве доксе праяўляецца ў тым, што для інтэрпрэтацыі сацыялягічных дадзеных не патрабуецца якой-любя спэцыфічнай кампэтэнцыі. Прасьцей кажучы, дастаткова мінімальных ведаў у арытмэтыцы, каб рабіць далёкасяжныя высновы3.

  сацыёляг, навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі. Сфэра інтарэсаў – крытычная сацыялёгія, сацыялёгія сацыялёгіі, культур-сацыялёгія, матэматычнае мадэляваньне. На сайце часопісу «Фрагмэнты» зьмешчаны яго тэкст «Дискурс, припертый к стенке (Размышления о «ленинской диалектике и метафизике позитивизма»)».














1 Бурдье П. Политический монополизм и символические революции // Бурдье П. Социология политики. – Москва, 1993.







2 Быў нават выдуманы тэрмін «спэцыяльная сацыялягічная тэорыя», які, у адрозьненьне ад прапанаваных Р. Мэртанам «тэорыяў сярэдняга рангу» (напрыклад, тэорыі сацыяльнай групы), злучае ня столькі тэарэтычны і эмпірычны ўзроўні дасьледаваньняў, колькі ўстанаўляе гамалёгію дасьледных і адміністрацыйных пазыцыяў. Які сацыёляг можа абгрунтаваць сацыяльную праграму? Толькі заслужаны спэцыяліст у тым абсягу, на які сфармаваная вонкавая замова.

   
Гэтая акалічнасьць мае і адваротны эфэкт. Любая сацыялягічная інфармацыя, што падаецца спажыўцу, ці то непасрэднаму замоўцу, ці то, у крайнім выпадку, аўдыторыі СМІ, павінна адпавядаць ягоным чаканьням, быць аформленай і адпавядаць патрабаваньням, далёкім ад лёгікі навуковай вытворчасьці.

У залежнасці ад спэцыфікі палёў, што ўзаемадзеюць з полем сацыялёгіі, гэтыя скрыўленьні могуць быць рознымі. Але так ці іначай усе яны накладаюцца на ўжо існую гістарычна абумоўленую структуру поля. Дзеля гэтага неабходна ўявіць сацыялёгію ў станаўленьні. Пры гэтым, зраблю засьцярогу, грунтоўнага аналізу поля навукі дагэтуль не праводзілася. Мабыць, таму, што бальшыня сацыёлягаў баіцца непазьбежных канфліктаў, выкліканых такім самаапісаньнем.

ГЕНЭАЛЁГІЯ ПОЛЯ

Тым ня менш, можна зрабіць папярэднія накіды. Сацыялёгія ў Беларусі, зь якога боку гэта ні ацэньваць, – спадкаемца савецкай сацыялёгіі. І рэч нават ня столькі ў ідэалягічным прэсінгу, колькі ў разрыве з традыцыяй апісаньня грамадзтва4 і параўнаўча больш моцнай залежнасьці ад філязофіі. Сацыялёгія наагул, пачынаючы з контаўскага «Курсу пазытыўнай філязофіі», становіцца магчымай толькі пры разрыве зь філязофскай устаноўкай. У нашым выпадку гэты разрыў прыпазьніўся, адбываўся ў больш сьціслыя тэрміны і дагэтуль ня зьдзейсьнены, доказам чаму служаць «новыя» падручнікі сацыялёгіі.

Савецкая дзяржава была ўнікальная, паколькі будавалася на аснове філязофіі. З пэрыядам адноснай стабілізацыі сыстэмы, які прыпаў на паваенныя гады, узьнікае «прафэсійная» дыфэрэнцыяцыя на «філёзафаў-практыкаў», то бок партыйных лідэраў, і «філёзафаў-тэарэтыкаў», то бок прадстаўнікоў акадэмічнай філязофіі, вымушаных вынаходзіць усё новыя і новыя абгрунтаваньні дзейнасьці першых адпаведна зь зьменлівай лініяй партыі (балазе марксізм-ленінізм даваў для гэтага ўсе магчымасьці).

Інтарэс да сацыялёгіі і яе другое нараджэньне прыпадае на 1960-я, калі сыстэма пачынае даваць збоі. Паказальная сама тэматыка працаў – эканамічная, прамысловая сацыялёгія, што ставіць мэтай «выяўленьне ўнутраных рэзэрваў», і крыху пазьней – цэмэнтуючая ідэалёгія нашталт «сацыялістычнага ладу жыцьця і ягонай ролі ў разьвіцьці жывёлагадоўлі».

Сацыялягічнай адукацыі як такой няма. Вядзецца падрыхтоўка філёзафаў з магчымай спэцыялізацыяй у гістарычным матэрыялізьме (значыцца, і ў сацыялёгіі таксама). Дарэчы, можна пераканацца, што ў 1970-я – 1980-я сацыялягічныя дысэртацыі абараняліся пад ВАКаўскім шыфрам «гістарычны матэрыялізм». Зразумела, у той час быць філёзафам са спэцыялізацыяй у навуковым камунізьме, праблеме матэрыі і сьвядомасьці, тэорыі пазнаньня, гісторыі філязофіі было больш прэстыжна і выгадна, чым якім-небудзь «няўдачнікам», які ўвесь час бегае з анкетамі і падлічвае «хі-квадраты» ўручную. Хаця, дзеля справядлівасьці, варта адзначыць, што становішча сацыёляга не было зусім ужо бядотным. Камандзіраванага сустракалі на ўзроўні другога сакратара райкаму і выбачаліся, калі «Волга» белая.

Яшчэ адно пацьвярджэньне – назвы факультэтаў, што ў канцэнтраваным выглядзе адлюстроўвалі герархію дысцыплінаў. Прынамсі, у БДУ эвалюцыя назваў была наступная: гістарычны факультэт (філёзафы са спэцыялізацыяй), філязофска-эканамічны (зьяўленьне сацыёлягаў, псыхолягаў, культуролягаў), факультэт філязофіі і сацыяльных навук (адасабленьне эканамістаў, замена культуролягаў на «інфармацыю і камунікацыю»).

Прыведзеныя прыклады сьведчаць, сацыёляг быў убудаваны ў сыстэму на ўзроўні тэхнічнага памочніка філёзафа і/альбо адміністратара.

Сытуацыя кардынальна мяняецца зь перабудовай, калі практычная скіраванасьць сацыялёгіі дапамае ёй выжываць. Абстрактная філязофская веда, у літаральным сэнсе, рэзка падае ў цане. Сацыялёгія ж, вызваліўшыся ад філязофіі і разам зь ёй ад абстрактных схемаў і тэорыяў, пераарыентоўваецца на мэтады апытаньняў, якія дазваляюць даваць хуткі эфэкт. Сацыялёгія становіцца магчымая як бізнэс.

УНУТРАНЫЯ АДРОЗЬНЕНЬНІ

На пасьляперабудовачны пэрыяд прыпадае канчатковае афармленьне поля сацыялягічнай вытворчасьці з уласным мэханізмам адтварэньня і рэкрутаваньня (сацыялягічная адукацыя), адносна высокай ступеньню камунікацыі ўнутры поля (прафэсійная супольнасьць), а таксама ўнутранымі крытэрамі дыфэрэнцыяцыі.

Поле сацыялёгіі неаднастайнае. У ім, як і ў любым іншым, можна вылучыць пазыцыі дамінуючых і недамінуючых. Крытэры, паводле якіх ажыцьцяўляецца панаваньне і падпарадкаваньне, задаюць шматвымерную структуру поля. Ізноў жа, пункцірна, адзначу наступныя пазыцыі па лініі дамінаваньня.

1) Генэрацыйная. Зразумела, што старэйшае пакаленьне (у цэлым) не магло не заняць вышэйшых пазыцыяў, якія агрэгуюць ня толькі сымбалічны капітал (навуковыя годнасьці, ступені), але і адміністрацыйны (пасады), сацыяльны (сувязі), фінансавы (той жа заробак) і г. д. Але больш істотна іншае. Розным пэрыядам гісторыі і поля, і краіны адпавядалі розныя магчымасьці капіталізацыі. У прыватнасьці, нейкі час была магчымасьць абараняць доктарскія дысэртацыі па дакладзе. Такім чынам выходзіла, што некаторыя былі занадта маладыя, а некаторыя занадта старыя, каб скарыстацца гэтай магчымасьцю.

2) Гендэрная. Жанчыны-сацыёлягі па-ранейшаму пераважаюць на пазыцыях выканаўцаў. Існуюць арганізацыі, дзе падначаленымі зьяўляюцца выключна жанчыны. У гэтай сувязі станаўленьне «гендэрнай сацыялёгіі» шмат у чым інсьпіравана жаданьнем стварыць альтэрнатыўны ліфт прафэсійнай мабільнасьці.

3) Тэарэтыкі-эмпірыкі. Тэорыя ў нас дагэтуль высокая, а эмпірызм – паўзучы. У сымбалічным вымярэньні тэорыя выйграе, асабліва падмацоўваючыся матэматычнымі мадэлямі. Быць эмпірыкам (полстэрам – вытворцам апытаньняў) не прэстыжна, і тыя, хто займаецца выключна эмпірычнай сацыялёгіяй, імкнуцца надаць свайму занятку тэарэтычную форму. У самым скрайнім выпадку тэарэтык становіцца вольным мастаком альбо паэтам ад сацыялёгіі. Як ужо адзначалася, генэалягічна гэтыя палюсы бяруць свой пачатак у апазыцыі філязофія–сацыялёгія, калі спроба згуляць на роўных зь філязофіяй афармлялася як «веданьне жыцьця».

4) ВНУ – дасьледчы цэнтар. Гэта адрозьненьне зьвязанае з праблемай рэкрутаваньня, расстаноўка сілаў вызначаецца тым, куды ідуць найлепшыя студэнты. Сёньня праца на катэдры ўяўляецца больш прэстыжнай.

5) Навука/адукацыя – бізнэс. Часткова перакрыжоўваецца з папярэдняй, аднак гаворка ідзе, канечне, аб эканамічным дамінаваньні.

6) Рэгіянальная. У супрацьстаўленьні цэнтру і пэрыфэрыі найбольш істотны інфармацыйны кампанэнт. Дзе-нідзе і Парсанс лічыцца вядучым сучасным сацыёлягам. Спэцыфіка ж сацыялёгіі ў Беларусі палягае ў тым, што апроч супрацьстаўленьня Менску і рэгіёнаў існуе і супрацьстаўленьне Менску і Масквы, дзе Менск, натуральна, адыгрывае падпарадкаваную ролю. Згодна з сфармаванай звычкай прызнаньне сацыёляга Масквой, а тым больш пераезд, азначае ня толькі лепшую легітымізацыю ў беларускім грамадзтве, але і наагул выступае сымбалем жыцьцёвага посьпеху.

7) Адукацыйная. «Жыцьцёвыя шанцы» вышэйшыя ў тых, хто атрымаў сацыялягічную (раней – філязофскую) адукацыю. Адпаведна, чым далейшая атрыманая адукацыя ад сацыялягічнай, тым меншая верагоднасьць прызнаньня ў прафэсійным асяродзьдзі. Магчымыя і выняткі, выкліканыя піетэтам перад строгімі навукамі, у першую чаргу – матэматыкай. Аднак і ў гэтым разе рызыкі па-ранейшаму высокія.

8) СМІ. Ёсьць папулярныя ў СМІ сацыёлягі і зусім невядомыя.

9) Палітычная. Для Беларусі гэта мае асаблівае значэньне. Па сутнасьці, палітычнае адрозьненьне ўлада–апазыцыя ўнутры поля функцыянуе як адрозьненьне паміж «дзяржаўнай» і «незалежнай» сацыялёгіяй. Адназначнае вызначэньне таго, хто пануе, а хто падпарадкоўваецца, абцяжарана тым, што гэта вонкавая для сацыялёгіі рамка, і занадта шмат залежыць ад зьменаў у вонкавым атачэньні. Акрамя таго, працэс структураваньня па палітычнай лініі ў апошнія часы ідзе найбольш інтэнсіўна. З аднаго боку, ажыцьцяўляецца адміністрацыйны ціск, з другога – робяцца і крокі ў адказ5.

  3 Гл., у прыватнасьці, артыкул прафэсара Ю.Хадыкі «Социология в несвободном обществе», дзе апроч усяго іншага абгрунтоўваецца, што «не вызывает доверия вывод о непопулярности оппозиции. Те 30–35% поддержки, которые в сумме собирают оппозиционные партии, – их твердый электорат, если они сохранят единство». Па-першае, незразумела, адкуль узяліся гэтыя 30–35%, паколькі рэйтынгі апазыцыйных партыяў ужо даўно знаходзяцца ў раёне памылкі выбаркі, а па-другое, працэдура складваньня ня мае аніякага сэнсу і толькі натуралізуе і гамагенізуе панятак апазыцыі. Хаця б таму, што цьвёрды прыхільнік БНФ ніколі не прагаласуе за кандыдата-камуніста. Скажу яшчэ прасьцей, два кіляграмы бульбы і тры кіляграмы яблык ня роўныя пяці кіляграмам «яблыкабульбы».

4 У гэтай сувязі вельмі прадуктыўная ідэя «культурных катастрофаў». Гл.: Мацкевич В. Особенности национальных отношений на фоне культурных катастроф.

   
Варта адзначыць, што да ўласна ўнутраных дыфэрэнцыяцыяў поля адносяцца толькі тэорыя/эмпірыя, адукацыйная і часткова ВНУ/дасьледчы цэнтар. Генэрацыйная і гендэрная дыфэрэнцыяцыі зьвязаныя, хутчэй, з кантэкстам чалавечага жыцьця і ягонымі культурнымі дэтэрмінацыямі, рэгіянальная – з соцыякультурнай і гістарычнай спэцыфікай, астатнія вызначаюцца ўзаемадзеяньнем поля сацыялёгіі зь іншымі палямі. Казаць жа пра тыповы для навукі крытэр цытаванасьці, што да сацыялёгіі ў Беларусі, на мой погляд, крыху дачасна, паколькі тая выступае, хутчэй, як даніна павагі навуковаму кіраўніку.

Тым ня менш, зыходзячы з пададзеных крытэраў, пры жаданьні можна намаляваць мадэль дамінуючага агента поля сацыялягічнай вытворчасьці. Рэальнасьць неабавязкова будзе адпавядаць ёй на ўсе сто адсоткаў. Аднак стратэгічна практыкі саміх сацыёлягаў накіраваны на павелічэньне альбо нават агрэгаваньне розных тыпаў капіталаў; кожнае дзеяньне агента накіравана на іх пераразьмеркаваньне, а значыць і трансфармацыю структуры поля; у канчатковым выніку барацьба вядзецца за права легітымна выступаць ад імя беларускай сацыялёгіі.

ПАРУШЭНЬНІ АЎТАНОМІІ

Аналіз структуры поля сацыялягічнай вытворчасьці дазваляе выявіць матывы, якімі кіруюцца сацыёлягі. Зразумела, што праблема ня зводзіцца да пытаньня чысьціні намераў, і любы сацыяльны агент мае свае сацыяльныя інтарэсы. Сацыялягічны ж інтарэс палягае ў тым, каб шляхам пазнаваўчых практык і прэзэнтацыі іх вынікаў прафэсійнай супольнасьці павысіць свой статус унутры поля. У гэтым разе гаворка ідзе пра ўнутраную легітымізацыю.

Але ёсьць і іншы, ня менш эфэктыўны спосаб, які палягае ў звароце да рэсурсаў іншых палёў і вонкавай легітымізацыі ўласнай дзейнасьці. У гэтым выпадку межы поля становяцца празрыстымі, ягоная аўтаномія парушаецца, а ўласная лёгіка функцыянаваньня падмяняецца чужой.

Найбольшае ўзьдзеяньне на сацыялёгію аказвае поле палітыкі. Як ужо адзначалася, сацыялёгія ў сваёй структуры адтварае, па сутнасьці, палітычнае адрозьненьне ўлады і апазыцыі. Адпаведна, сама сацыялёгія становіцца разьменнай манэтай у гэтай барацьбе6. Як вынік, палітычная выніковасьць аказваецца больш значэннай, чым правілы мэтаду. Асабліва яскрава гэта выявілася падчас выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. З пункту гледжаньня сацыялёгіі, самастойнага значэньня лічбы рэйтынгу ня маюць, але палітычнае пытаньне аб выніках галасаваньня набыло і сацыялягічнае гучаньне.

  5 У прадмове да нядаўна апублікаванай кнігі «Независимые исследования в независимой Беларуси: в борьбе за реальность»
(Новасібірск,
2004)
прафэсар Алег Манаеў піша: «Центральная идея книги состоит в том, чтобы на примере Беларуси показать и обосновать принципиальные различия, преимущества и недостатки между традиционными (т. е. осуществляемыми государственными структурами) и независимыми (т. е. осуществляемыми негосударственными структурами) социальными исследованиями в переходном обществе» (курсіў мой. – А. М.).
Далей раскрываецца перавага – тое, што незалежныя цэнтры сталі «фабрыкамі думкі», а вада – адсутнасьць падтрымкі з боку дзяржавы.

   
У інтэрвію радыёстанцыі «Свабода» дырэктар «The Gallup organization / Baltic surveys» Раса Алішаускене кажа7:

Атрымліваецца, што 48% ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў Беларусі прагаласавалі «за». Калі браць тых, хто галасаваў загадзя, і тых, хто галасаваў сёньня, то датэрмінова ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў 13% выказаліся «за», сёньня – 35%. Астатнія альбо не адказалі, альбо прагаласавалі «супраць».

Варта зьвярнуць увагу на апошнюю фразу: «астатія альбо не адказалі, альбо прагаласавалі «супраць». Ды вынікаў рэфэрэндуму можна ставіцца па-рознаму, але ў любым разе аказваецца, што выснова аб тым, што «Лукашэнку не хапіла 2%», зроблена без дастатковых на тое падставаў. Гіпатэза аб страху, якой часьцяком спэкулююць, абгрунтоўваючы свае неперамогі альбо спасылаючыся на трэкінг-полы, нікім не правераная і мае такое ж значэньне, як і гіпотэза «пра сорам», маўляў, людзям сорамна прызнацца, што яны галасавалі «за», гіпотэза аб «прыроджанай замкнёнасьці», маўляў, ня ваша справа... і г. д. і т. п.

Аднак самай знакавай падзеяй стала зьяўленьне «Экаома»8. Відаць, студэнты яшчэ доўга будуць вывучаць мэтодыку складаньня пытаньняў па ўжо сталай клясычнай фармулёўцы: «Што зроблена прэзыдэнтам Беларусі за апошнія 10 гадоў»: «вельмі шмат карыснага», «шмат карыснага», «нямала добрага», «мала карыснага», «нічога добрага». Але выснова сумная: сымуляцыя сацыялёгіі можа быць ня менш эфэктыўная, чым сама сацыялёгія. Як паліттэхналягічны праект «Экаом» у найвышэйшай ступені пасьпяховы – выдаткі, пачынаючы з часу на навучаньне і канчаючы затратамі на апытальніцкую сетку і інтэрпрэтацыю атрыманых дадзеных, мінімальныя; нават адзначаны спэцыялістамі НІСЭПД рост даверу да незалежных дасьледнікаў і той быў выкарыстаны для пазыцыянаваньня «Экаома» як незалежнага аналітычнага цэнтру.

З палітычнага гледзішча «Экаом» і незалежныя сацыёлягі – апанэнты, але для поля сацыялёгіі зьяўленьне гэтага праекту ёсьць сымптомам ягонага зьнікненьня. Для так званых «традыцыйных» сацыёлягаў гэта азначыла яшчэ большую залежнасьць ад дзяржавы, паколькі стала выразна прасьвечвацца пэрспэктыва непатрэбнасьці і празьмернасьці сацыялягічных дасьледаваньняў.

Зрэшты, пранікненьне лёгікі палітычнай барацьбы ў поле сацыялёгіі не было імгненнае. Пачынаючы зь зьяўленьня электаральных дасьледаваньняў у беларускай палітычнай прасторы ў 1994 г. да функцыяў сацыялёгіі незалежна ад палітычных арыентацыяў дасьледнікаў дадаліся і легітымізацыя «прагнозных паказьнікаў», і агітацыя на карысьць «адзіна правільнага шляху»9.

  6 Больш падрабязна гл.: Казакевіч А. Сацыялягічныя дасьледаваньні ў палітычнай кампаніі 2004 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму. – Менск, 2005.

7 Першапачаткова артыкул называўся «Апытаньне дасьледчыцкага цэнтру Gallup: Лукашэнку не хапіла 2%» і быў разьмешчаны на сайце svaboda.org праз ананімайзэр anonymouse.org. Сёньня мае назву «Паводле апытаньня Інстытуту Гелапа, за Лукашэнку выказаліся 48,3% ад агульнай колькасьці выбарцаў; паводле папярэдніх афіцыйных дадзеных – болей за 82% тых, хто прагаласаваў».

8 Гл.: Лихутина С. Приключения практической социологии в идеологическом зазеркалье.

   
Выкананьне гэтых функцыяў у сваю чаргу патрабавала задзейнічаць рэсурсы СМІ, і тым самым выстаўляла новыя патрабаваньні да сацыялягічнай публіцыстыкі. Для таго, каб быць апублікаваным, тэкст павінен адпавядаць палітыцы рэдакцыі, быць па магчымасьці сэнсацыйным ці, сама меней, злабадзённым, а таксама ён павінен быць зразумелым пастаяннай аўдыторыі. Як правіла, гэта прыводзіла да непазьбежных стратаў у зьмесьце.

Так, да выбараў 2004 г. стала актуальнае пытаньне аб Народнай кааліцыі «5+», і была распаўсюджаная інфармацыя, падрыхтаваная НІСЭПД10.

КЛЮЧ ДА ПОСЬПЕХУ «КААЛІЦЫІ 5+» – ІНФАРМАЦЫЯ

Табліца 1. Узаемасувязь гатоўнасьці рэспандэнтаў галасаваць на парлямэнцкіх выбарах за кандыдатаў Народнай кааліцыі «5+» і інфармаванасьці аб ёй (у адсотках ад колькасьці апытаных)*
Ці будзеце вы галасаваць за кандыдатаў Народнай кааліцыі «5+»? Ці чулі вы аб Народнай кааліцыі «5+»?
Так (28,4) Не (71,6)
Пэўна/хутчэй так (21,6) 64,1 35,9
Пэўна/хутчэй не (47,4) 21,2 78,8
ЦА/НА (31,0) 14,5 85,5
* Чытаецца па гарызанталі. У дужках падаюцца вынікі па ўсіх апытаных.

Выснова: гатоўнасьць выбарнікаў прагаласаваць на парлямэнцкіх выбарах 17 кастрычніка 2004 г. за кандыдатаў Народнай кааліцыі «5+» наўпрост залежыць ад узроўню інфармаванасьці аб гэтай кааліцыі.

Дадзеныя нацыянальнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) у чэрвені 2004-га. Мэтадам face-to-face interview было апытана 1508 жыхароў Беларусі векам ад 18 гадоў. Гранічная памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавысіла 0,03.

Выснова, зробленая з прыведзеных дадзеных, можа быць пастаўленая пад сумнеў, прынамсі, двума спосабамі.

Зьмястоўна: было б наіўна чакаць ад людзей, непаінфармаваных аб выбарчым блёку, высокага адсотку гатоўнасьці галасаваць за яго. Практыка любых палітычных кампаніяў у якасьці свайго этапу ўлучае ў сябе інфармаваньне і агітацыю за кандыдата ці блёк. У гэтай сувязі выснова трывіяльная і даўно апісаная ў падручніках – інфармаваць трэба ў кожным разе.

І статыстычна. Панятак залежнасьці выкарыстаны некарэкна. Залежнасьць прадугледжвае існаваньне залежнай і незалежнай пераменных, калі вымярэньне незалежнай у адпаведнасьці з пэўнай матэматычнай функцыяй вызначае значэньне залежнай пераменнай. Гэта патрабуе ад сацыёляга выкарыстаньня спэцыяльных статыстычных каэфіцыентаў альбо пабудовы рэгрэсійнай мадэлі, мадэлі шляхавага аналізу і да т. п. У табліцах перакрыжаванага разьмеркаваньня (іначай, «дзьвюхмерках», «кросстабах»), як у дадзеным выпадку, можна толькі зафіксаваць наяўнасьць сувязі паміж пераменнымі. Пры гэтым вызначыць, што на што ўплывае, а таксама і ацаніць узьдзеяньне іншых фактараў немагчыма.

Калі ж разважаць у прычынна-выніковым рэчышчы, то паколькі інфармаванасьць папярэднічае галасаваньню, табліцу трэба чытаць па вэртыкалі. Ведаючы аб’ём выбаркі і працэнтныя разьмеркаваньні, уявіць яе ў такім выглядзе нескладана:

Табліца 2*.
Ці будзеце вы галасаваць за кандыдатаў Народнай кааліцыі «5+»? Ці чулі вы аб Народнай кааліцыі «5+»?
Так (28,4) Не (71,6)
Пэўна/хутчэй так (21,6) 48,8 10,9
Пэўна/хутчэй не (47,4) 35,3 52,1
ЦА/НА (31,0) 15,9 37,0
  100 100
* Чытаецца па вэртыкалі.

Як відаць з табліцы, 48,8% паінфармаваных аб кааліцыі схільныя прагаласаваць за яе, а 35,3% ня схільныя. У параўнаньні з папярэдняй, гэтая табліца менш эфэктная. Але сацыялягічна – больш зьмястоўная, бо адкрывае магчымасць для пошуку такога паказьніка альбо іх сукупнасьці, якія сапраўды вызначаюць гатоўнасьць галасаваць за блёк. Пры гэтым інфармаванасьць трэба разумець усяго толькі як неабходную, але недастатковую ўмову галасаваньня.

Натуральна, такая інфармацыя мае вельмі далёкія адносіны да «посьпеху кааліцыі». Але паўторымся, сацыялягічны зьмест быў вылегчаны і ўплывам поля палітыкі, і ўплывам поля СМІ. Да гэтага варта дадаць яшчэ адзін немалаважны фактар, а менавіта ўзьдзеяньне эканамічнага поля.

Дзеля таго што сацыялягічныя дасьледаваньні каштуюць дорага, эканоміка так ці іначай уплывае і на пастаноўку праблемаў, і на тэхналёгію працы сацыёляга. У выпадку бюджэтнага фінансаваньня – тут адрозьненьне незалежных і дзяржаўных сацыёлягаў аказваецца дарэчным – сацыялёгія вырачаная на доўгае абгрунтаваньне тэмаў, пастаянныя перабоі зь фінансаваньнем, дасьледаваньні працягласьцю ў месяцы і нават гады і вынікі, атрыманыя толькі для таго, каб не парушаць справаздачнасьці. Рынкавыя адносіны ўводзяць прынцып канкурэнтнай барацьбы паміж сацыялягічнымі службамі, ператвараючы іх у прадпрыемствы па вытворчасьці апытаньняў і аказаньні сацыялягічных паслуг. Ува ўмовах рынку выжываюць тыя, каму ўдалося зьвесьці выдаткі, галоўным чынам – часавыя, да мінімуму. А гэта прыводзіць да пэўнай тэхналягізацыі ў працы, арыентацыі на правядзеньне апэратыўных дасьледаваньняў і выкарыстаньне ў апрацоўцы і аналізе атрыманых зьвестак найбольш простых і павярхоўных мэтадаў.

Запыт на правядзеньне падобных дасьледаваньняў фармуецца альбо палітыкамі падчас палітычных кампаніяў, альбо бізнэсоўцамі, зацікаўленымі ў пошуку спажыўца. Супольным месцам электаральных і маркетынгавых дасьледаваньняў стала інфармацыя пра патрэбы, і прынцыповай розьніцы паміж дасьледаваньнем іміджу палітыка і папулярнасьці брэнду няма. Усё падпадарадкоўваецца адной лёгіцы, якую Бадрыяр назваў лёгікай рэфэрэндуму:

Мы жывём у рэжыме рэфэрэндуму – менавіта таму, што болей няма рэфэрэнцыі. Кожны знак, кожнае паведамленьне (...) уяўляецца нам як пытаньне/адказ. Уся сыстэма камунікацыяў перайшла ад складанай сынтаксычнай структуры мовы да бінарна-сыгналітычнай сыстэмы пытаньне/адказ – сыстэмы няспыннага тэставаньня. Між тым вядома, што тэст і рэфэрэндум уяўляюць сабой ідэальныя формы сымуляцыі: адказ падказваецца пытаньнем, загадзя мадэлюецца/азначаецца ім. Такім чынам, рэфэрэндум – гэта заўсёды ня што іншае, як ультыматум: аднабаковае пытаньне, якое анікога болей не пытае, а само адразу навязвае пэўны сэнс, чым і канчаецца цыкль11.

  9 Асабліва варта адцеміць артыкулы: Оргиша В. Беларусь на пороге рынка // Адкрытае грамадства. 1998. № 3 (105), дзе абгрунтоўваецца непазьбежнасьць рынкавых пераўтварэньняў, а таксама: Закат «Звезды» // Народная воля. 2001. 6 ліпеня. і: Пролог к победе. Наконец-то! // Народная воля. 2001. 24 ліпеня, прысьвечаныя безальтэрнатыўнасьці кандыдата Ганчарыка.

   
І далей:

…тэст альбо рэфэрэндум ператвараюць любы канфлікт альбо праблему ў гульню пытаньняў/адказаў; рэальнасьць, якую вы тэстуеце, у адказ і сама тэстуе вас з дапамогай той самай сеткі пытаньняў, і вы дэкадуеце яе па тым жа самым кодзе, які ўпісаны ў кожнае яе паведамленьне альбо рэч, нібыта мініятурны генэтычны код12.

  11 Бодрийяр Ж. Символический обмен и смерть. – Москва, 2000.
   

Адносіны эканамічнага поля – замоўца і падрадчык – знаходзяць свой эквівалент і ў адміністрацыйным полі, ператвараючыся ў адносіны начальнік–падначалены.

Узьдзеяньне замоўцы, г. зн. кіраваньне навукай, ідзе з многіх пунктаў, галоўным зь якіх ёсьць ВАК. Яе новая палітыка, пацьверджаная ўказам прэзыдэнта ад 17.11.2004, накіравана на тое, каб зрабіць навуку і навукоўцаў кіраванымі. Асаблівую значнасьць, з-за палітычнай важнасьці сацыялягічных дасьледаваньняў, яна мае для сацыялёгіі.

У 2003 г. у Менску выйшлі адразу дзьве энцыкляпэдыі сацыялёгіі, дагэнуль была надрукаваная цэлая сэрыя філязофскіх слоўнікаў у рамках праекту А. Грыцанава «Гуманітарная энцыкляпэдыя». Аб’ём тэкстаў, прыдатных для выкарыстаньня ў дысэртацыях, рэзка ўзрос. Сытуацыя магла б стаць некіраванай, калі б ня новыя правілы, паводле якіх13

  12 Тамсама.
   

Спаборнік навуковай ступені кандыдата навук павінен мець ня менш за тры навуковыя артыкулы, надрукаваныя ў навуковых выданьнях, улучаных у пералік выданьняў, альбо ў замежных навуковых выданьнях.

Спаборнік навуковай ступені доктара навук павінен мець публікацыі ў навуковых выданьнях, улучаных у пералік выданьняў, і ў замежных навуковых выданьнях: па гуманітарных навуках – ня менш за 15 артыкулаў і асабіста напісаную манаграфію.

Кандыдат навук можа быць прызначаны навуковым кіраўніком, калі ён мае стаж навуковай альбо навукова-пэдагагічнай працы пасьля абароны дысэртацыі ня менш за 3 гады і надрукаваў за апошнія 3 гады ня менш за 6 працаў у навуковых выданьнях, улучаных у пералік навуковых выданьняў Рэспублікі Беларусі для апублікаваньня вынікаў дысэртацыйных дасьледаваньняў, які зацьвярджаецца ВАК (далей – пералік выданьняў), альбо ў замежных навуковых выданьнях.

У Беларусі існуе адзіны сацыялягічны часопіс, уключаны ў пералік выданьняў, галоўны рэдактар якога – намесьнік старшыні ВАК. Фактычна, абарона па сацыялёгіі становіцца немагчымай, калі, вядома, не друкавацца ў часопісах па «сумежных» галінах, такіх як «Хлебопек» альбо «Трение и износ».

Зь іншага боку, было б памылкай уяўляць сацыялёгію ў адміністрацыйным полі як заложніцу бюракратычнай сваволі. Сацыялёгія ўбудавана ў яго як мэханізм зваротнай сувязі. Да прыкладу, і ў дзяржаўных і, да апошняга часу, у недзяржаўных ВНУ стала звыклай практыкай апытваць студэнтаў наконт іх ацэнак выкладчыкаў і праслуханых курсаў. Усё гэта робіцца зь велічнай мэтай павысіць эфэктыўнасьць адукацыйнага працэсу. Але насамрэч такія апытаньні толькі пераразьмяркоўваюць адказнасьць і сымулююць студэнцкае самакіраваньне. Задамося пытаньнем, якой павінна быць кампэтэнцыя таго, хто адказвае, для таго, каб ён мог адэкватна ацаніць курс? Відаць, ён павінен мець глыбокія веды як у зьмесьце курсу, так і мэтодыцы выкладаньня, пэдагогіцы і г. д. Але праблема ў тым, што студэнт таму і студэнт, што ў яго няма гэтых ведаў, ён вучыцца, то бок атрымлівае адукацыю. Таму гэтыя ацэнкі абумоўліваюцца эмацыйным успрыняцьцем выкладчыка на ўзроўні падабаецца / не падабаецца, добры / злы, справядлівы (ставіць «выдатна») / несправядлівы (ставіць «незадавальняльна»). А калі б сапраўды трэба было ацаніць сыстэму адукацыі, то падобныя апытаньні варта было б праводзіць сама меней гады праз два пасьля заканчэньня ВНУ.

У шырэйшым сэнсе, інфармацыя аб настроях грамадзтва неабходна чыноўніку толькі для карэгаваньня рэалізацыі ўжо прынятага адміністрацыйнага рашэньня. У 2000 г. расейскі фонд «Общественное мнение» праводзіў апытаньне экспэртаў, якія працуюць з грамадзкай думкай. Паводле ягоных вынікаў выявілася, што «грамадзкая думка прадстаўлена не інтэлектуальнымі канструктамі, а сыгналамі, што сьведчаць пра стан грамадзтва (групы насельніцтва), пераважна – аб неспрыяльным стане»14. Гэта ня больш як «трывожны сьвісток» – калі ён гучны і калі на яго зьвернуць увагу, – здольны прывесьці да таго, што ўлада зробіць нейкія крокі для ліквідацыі прычыны трывогі. Але ў чым там справа, што трэба зрабіць і г. д. – гэта, на думку рэспандэнтаў, вырашае ўлада, у «сьвістку» гэтыя сэнсы не закладзеныя»15.

  13 Положение о присуждении ученых степеней и присвоении ученых званий в Республике Беларусь
   
У Беларусі такая мадэль выкарыстаньня грамадзкай думкі была ў дакладнасьці рэалізаваная ў сытуацыі з тэлеканалам «Культура». Пасьля спыненьня яго трансьляцыі і нэгатыўнай рэакцыі на тэлеканал «Лад», пра што прасыгналілі сацыёлягі, рашэньне ўладаў было адкарэктаванае, але не скасаванае.

ПАЛІТЫКА РАЗРЫВУ

Такім чынам, выказваньне сацыёляга абумоўлена як ягонай пазыцыяй унутры поля сацыялёгіі, так і суадносінамі сілаў паміж сацыялёгіяй і іншымі палямі – палітычным, эканамічным, адміністрацыйным і полем СМІ. Сытуацыя ўскладняецца і тым, што любыя сацыяльныя агенты, натуральна і сацыёлягі, успрымаюць дадзенасьць сацыяльнай рэальнасьці як відавочную і саму сабой зразумелую.

Тлумачачы паводзіны людзкіх масаў сацыяльнымі прычынамі, большасьць сацыёлягаў лічыць сябе незалежнымі ад сацыяльнай рэчаіснасьці. Незалежнасьць жа атаясамляецца з аб’ектыўнасцю. Але ў выпадку з сацыялёгіяй яе аб’ектыўнасьць знаходзіцца ня звонку, што прадугледжвае «адэкватнае адлюстраваньне аб’ектыўнай рэальнасьці, існуючай… дадзенай нам… якая фатаграфуецца… і г. д.», а ўнутры поля сацыялягічнай вытворчасьці.

Навука сапраўды аб’ектывуе. Сацыялёгія павінна пачынацца зь неабходнасьці «аб’ектываваць суб’екта, які аб’ектывуе»16. Прынцып сацыялёгіі, які ўзыходзіць да сутыкненьня сацыяльнай рэальнасьці і пазнавальнага інтарэсу сацыёляга, – гэта прынцып рэфлексіі.

  14 Гл.: Любарский г. Ю. Общественное мнение: зеленый свисток

15 Тамсама.

   
Але сказаць, што рэч у рэфлексіі – толькі першы крок. Што значыць займаць рэфлексіўную пазыцыю?

Па-першае, гэта прадугледжвае разрыў з доксай. Яшчэ Дуркгайм адзначаў:

Разглядаць факты пэўнага парадку як рэчы – ня значыць залічаць іх у тую ці іншую катэгорыю рэальнасьці; гэта значыць займаць адносна іх пэўную мысьленчую пазыцыю. Гэта значыць прыступаць да іх вывучэньня, зыходзячы з прынцыпу, што мы нічога ня ведаем пра тое, што яны сабой уяўляюць, а іх характэрныя ўласьцівасьці, як і невядомыя прычыны, ад якіх яны залежаць, ня могуць быць выяўлены нават самай уважлівай інтраспэкцыяй17.

  16 Бурдье П. Объективировать объективирующего субъекта // Бурдье П. Начала. Choses dites. – Mосква, 1994.
   

Па-другое, гэта азначае перабываньне ў полі сацыялягічнай вытворчасьці і разуменьне сваіх практык як накіраваных на яго зьмяненьне, г. зн. якія ўдзельнічаюць у сымбалічнай барацьбе за пераразьмеркаваньне капіталаў і права легітымна гаварыць ад імя сацыялёгіі. Тут важна ведаць, як любіў казаць Георгі Шчадравіцкі, «супраць каго вы ваюеце».

Перш чым пачынаць дасьледаваньне, сацыёляг павінен ускрыць сацыяльную абумоўленасьць уласных практычных схемаў – свайго абагуленага досьведу як сацыяльнага агента, з пэўнай пазыцыяй, капіталам і практыкай. І далей адрэфлексаваць сваю інстытуцыю, школу, нацыянальную спэцыфіку і, нарэшце, дысцыпліну наагул.

Па-трэцяе, асэнсаваньне праблематыкі дасьледаваньняў як навязанай і пошуку ўласна сацыялягічнага інтарэсу – у разьвязаньні сацыяльных праблемаў18.

  17 Дюркгейм Э. Социология. Ее предмет, метод, предназначение. – Москва, 1995.
   
Сацыяльнай ёсьць такая праблема, якая закране розныя сацыяльныя групы, што непасрэдна ў праблемнай сытуацыі ня ўдзельнічаюць. Напрыклад, праблема наркаманіі – сацыяльная, паколькі зьвязаная з рознымі сацыяльнымі выдаткамі – павышэньнем падатковага цяжару, ростам злачыннасьці, магчымасьцю эпідэміяў і г. д.

Пасьля вызначэньня ўсіх сацыяльных групаў, якіх тычыцца праблема, варта выявіць «інтарэс» кожнай. Потым вызначыць магчымасьці легітымна выказваць свой інтарэс. Потым вызначыць аб’ём рэсурсаў, якія могуць быць выдаткаваныя на рэалізацыю інтарэсу. У выніку выявіцца пэўная колькасьць групаў, якія маюць адносіны да праблемы, улучна з самімі сацыёлягамі і замоўцамі дасьледаваньня19.

  18 Часта бывае, што дасьледаваньні маюць надуманы характар. Напрыклад, папулярнасьць дасьледаваньняў студэнцтва як перадавой часткі моладзі часьцей за ўсё абумоўлена блізінёй аб’екту вывучэньня для сацыёляга-выкладчыка.
   
Апошнія патрабаваньні – гэта патрабаваньні да тэксту. Тэкст, тэорыя, вынікі дасьледаваньняў павінны апісваць умовы ўласнай магчымасьці. Калі пастулюецца, што людзі хлусяць, то хто аўтар? Калі ў выніку дасьледаваньня выяўляецца, што людзі лічаць, што ня могуць свабодна выяўляць свае думкі, то якім чынам атрыманыя такія вынікі? Ці свабодна рэспандэнты адказвалі на пытаньні анкеты?

ГРАМАДЗКАЯ ДУМКА ЯК АРТЭФАКТ: ВЫПАДАК НІСЭПД

Мяркую, што гэтыя патрабаваньні назавуць максымалісцкімі, але менавіта таму, што яны аніяк ня ўпісваюцца ў цяперашнюю практыку апытаньняў грамадзкай думкі. У свой час артыкул Бурдзьё «Грамадзкай думкі не існуе»20 нарабіў багата шуму, але для сацыялёгіі ў Беларусі ён па-ранейшаму актуальны. Больш за тое, узьнікае ўражаньне, што ён быццам пісаўся адмыслова для Беларусі. Нават «закіды тэхнічнага парадку» ў нашых умовах выклікаюць, прынамсі, нездаўменьне21.

Пазыцыя Бурдзьё палягае ў наступным:

Так, усякае апытаньне меркаваньняў прадугледжвае, што ўсе людзі могуць мець меркаваньне альбо, іншымі словамі, што вытворчасьць меркаваньняў даступная ўсім. Гэты першы пастулят я аспрэчу, рызыкуючы зачапіць нечыя наіўна дэмакратычныя пачуцьці. Другі пастулят палягае ў тым, што ўсе меркаваньні значэнныя. Я лічу магчымым давесьці, што гэта зусім ня так, і што факт падсумаваньня меркаваньняў, што маюць далёка не адну і тую самую рэальную моц, вядзе да вытворчасьці пазбаўленых сэнсу артэфактаў. Трэці пастулят праяўляецца сукрыта: той просты факт, што ўсім задаецца адно і тое самае пытаньне, абапіраецца на гіпотэзу пра існаваньне кансэнсусу, што да праблематыкі, г. зн. згоды, што пытаньні заслугоўваюць таго, каб быць зададзенымі22.

Гэтыя словы не азначаюць таго, што ня трэба праводзіць эмпірычных дасьледаваньняў. Яны зьвернутыя да спэцыфікі інтэрпрэтацыі атрыманых дадзеных. У тым выглядзе, у якім функцыянуе грамадзкая думка, яна «...найчысьцейшы артэфакт. Яго прызначэньне – хаваць тое, што стан грамадзкай думкі ў гэты момант ёсьць сыстэмай сілаў, напружаньняў і што няма нічога больш неадэкватнага, чым выражаць стан грамадзкай думкі праз працэнтныя адносіны»23.

  19 У чым палягае інтарэс грантадаўца? Ці любы чалавек мае доступ да грантаў? Якім патрабаваньням мусіць адпавядаць гэты чалавек? Якім патрабаваньням павінен адпавядаць інтэлектуальны прадукт?

20 Бурдье П. Общественное мнение не существует // Бурдье П. Социология политики. – Москва, 1993.

21 У артыкуле М. Хурса «Рейтингохиромантия и реалии бытия. К вопросу о «независимых» и «придворных» социологах»
(Рэспубліка. 2003.
13 траўня) памылка рэпрэзэнтатыўнасьці, выражаная ў долях адзінкі (0,03), атаясамляецца з памылкай 0,03 %. Гэта сапраўды неверагодна.

22 Тамсама. Гл. таксама: Бурдье П. Зондаж: «наука без ученого» // Бурдье П. Начала. – Mосква, 1994.

   
Але нават у гэтым выпадку зробленыя высновы могуць абапірацца не на самі дадзеныя, а на лёгіку палітычнай барацьбы. Так, вынікі дасьледаваньня, праведзенага НІСЭПД у траўні 2005 г.24, сьведчаць аб адным, але высновы робяцца пра зусім супрацьлеглае.

На мой погляд, праглядаюцца тэндэнцыі:

– цэнтраванасьці сацыяльных уяўленьняў на фігуры Лукашэнкі;

– маргінальнага палажэньня апазыцыі ў сацыяльных уяўленьнях;

– пасіўнасьці і пэсымізму дэмакратычна арыентаваных рэспандэнтаў;

– дэпалітызацыі і арыентацыі на захаваньне існага палажэньня.

Пры адказе на адкрытае пытаньне «Калі б заўтра зноў адбыліся выбары прэзыдэнта Беларусі, за каго б вы прагаласавалі?» рэйтынг прэзыдэнта складае 41,7%. Адкрытыя пытаньні спэцыфічныя тым, што, як правіла, паказваюць крыху заніжаныя вынікі. Пры гэтым рэйтынгі апазыцыйных палітыкаў трапляюць у памылку выбаркі.

Пры адказе на пытаньне, што адсылае да неверагоднай у цяперашніх умовах сытуацыі: «Як вы думаеце, хто будзе абраны прэзыдэнтам у 2006 г., калі ўсе кандыдаты, як у 1994 г., будуць мець вольны доступ да тэлебачаньня, магчымасьць свабодна сустракацца з выбарнікамі і г. д.», 55% рэспандэнтаў усё адно лічыць, што «зноў будзе абраны А. Лукашэнка».

Адзначаны спэцыялістамі НІСЭПД рост пратэстнага патэнцыялу адначасова ня зьвязваецца з палітычнай актыўнасьцю. Рэспандэнты схільныя непадтрымліваць публічныя пратэсты супраць улады (39,2% падтрымліваюць ці хутчэй падтрымліваюць, 49,1 не падтрымліваюць ці хутчэй не падтрымліваюць). А абарону ўласных інтарэсаў рэспандэнты гатовыя адстойваць у формах, што не патрабуюць актыўнай пазыцыі – галасаваньне, зварот да ўлады, пісаньне пэтыцыяў. Сябрамі партыяў зьяўляецца 1,1%, але 19% гатовы «ўдзельнічаць у дзейнасьці партыі, якая выражае інтарэсы такіх людзей, як я». Выснова аб патэнцыяле? Але патэнцыял трэба выкарыстоўваць, а на сёньня палітычныя партыі «не выражаюць інтарэсы такіх людзей, як я».

Разьвязаньне праблемаў, што стаяць перад сям’ёй, залежыць не ад самога чалавека (29,6%), а, хутчэй, ад беларускіх уладаў (71,4%). Гэта і ёсьць пасіўнасьць.

Пры гэтым паказальна, што «за гады кіраўніцтва краінай прэзыдэнта А. Лукашэнкі палажэньне адных людзей у Беларусі палепшылася, іншых, наадварот, пагоршылася, а трэціх не зьмянілася», пагоршылася палажэньне толькі апазыцыйных палітыкаў; журналістаў і «такіх людзей, як я», не зьмянілася», астатніх жа толькі палепшылася.

Працягваць можна і далей. Калі ўзьнікне неабходнасьць, я гатовы працягнуць. Але адзначу, на мой погляд, мэта падобных інтэрпрэтацыяў палягае ў агітацыі і павышэньні маральнага духу. Калі скарыстацца вайсковай мэтафарай, то для военачальніка маральны дух войскаў, канечне, важны, але яшчэ больш важная сучасная інфармацыя аб рэальнай дыспазыцыі на полі бою.

Фабрыкі думкі ператварыліся ў фабрыкі мрояў.

МІТАЛЁГІЯ ПОЛУ

Яшчэ адным эфэктам, вырабленым сацыялягічным дасьледаваньнем, які выходзіць далёка па-за межы пазнавальнай функцыі сацыялёгіі, стала вытворчасьць мітаў. Адным зь іх ёсьць шырока распаўсюджаная думка аб тым, што «жанчыны галасуюць за Лукашэнку». Не кранаючы дэталяў ягонага функцыянаваньня, адзначу, што на сёньня гэты міт тэарэтычна легітымізаваны прадстаўнікамі/прадстаўніцамі гендэрных дасьледаваньняў:

«НН»: Статыстыка сьведчыць, што жанчыны – электарат Лукашэнкі… Яны яго падтрымліваюць.

А. У.: Апазыцыя нават не прыклала высілкаў, каб разабрацца, чаму жанчыны і пэнсіянэры галасуюць так, а не інакш, і як можна гэтую сытуацыю пераламіць… Чаму жанчыны галасуюць за Лукашэнку? Яны галасуюць ня столькі за яго, колькі за ідэю сацыяльнай дзяржавы і за ўласную стабільнасьць і спакой. Яны галасуюць за сукупнасьць прынцыпаў, якія гэты рэжым уголас абвяшчае25.

  23 Бурдье П. Общественное мнение не существует...
   

Паводле статыстыкі, жанчыны ставяцца да А. Лукашэнкі лепш за мужчынаў і складаюць большасьць яго выбарцаў. Паводле апытаньняў НІСЭПД канца 1990-х, сярод прыхільнікаў прэзыдэнта жанчыны складалі 58,3%, а мужчыны – 41,7%, паводле зьвестак агенцыі БелаПАН, падчас выбарчай кампаніі 2001 г. 63% жанчын былі гатовыя прагаласаваць за А. Лукашэнку. Некалькі адсоткаў агульнай тэндэнцыі не мяняюць: яна відавочная і ў шырокіх публічных колах прынятая за адзін з фактаў беларускага жыцьця26.

  25 Усманава А. Маўчаньне жанчын // Наша Ніва. 2005. № 25.

   

Зразумела, што «за» галасуюць ня толькі жанчыны. Зразумела, што існуе статыстычна значэнная сувязь паміж галасаваньнем і полам.

Але гэтай сувязі ня варта надаваць значэньня – на вялікіх выбарках, якія выкарыстоўвае сацыялёгія, практычна любыя паказьнікі, асабліва зь невялікай колькасьцю градацыяў, зьяўляюцца ўзаемазьвязанымі. Істотна іншае – сацыяльная рэальнасьць не вычэрпваецца толькі прыхільнікамі і праціўнікамі, мужчынамі і жанчынамі. Узаемадзеяньне гэтых паказьнікаў апасродкуецца мноствам іншых. У статыстыцы ўжо сталі хрэстаматыйнымі выпадкі, калі, прыкладам, робіцца адкрыцьцё, што чым больш пажарных тушыць пажар, тым большыя ад яго страты. А насамрэч гэтая строгая матэматычная залежнасьць апасродкавана маштабам пажару, чым большы пажар, тым болей пажарных павінна яго тушыць і тым большая шкода.

Праблема ў тым, што ў такой лёгіцы становіцца заканамерным рашэньне ў мэтах скарачэньня шкоды накіроўваць на тушэньня пажару нязначную колькасьць людзей.

У гэтым сэнсе выпадак полу – ня вынятак. Ягоны ўплыў на галасаваньне ажыцьцяўляецца апасродкавана. Давесьці гэта можна, выкарыстоўваючы больш складаныя мадэлі, якія ўлічваюць шматвымернасьць сацыяльнай рэальнасьці. Напрыклад, пры дапамозе мэтаду дыскрымінантнага аналізу.

Ён прызначаны для вырашэньня дзьвюх клясаў задачаў. Па-першае, ён дазваляе на падставе наяўных дадзеных клясыфікаваць рэспандэнтаў, для якіх зь нейкіх прычынаў невядомая прыналежнасьць для групы. Напрыклад, як у выпадку з галасаваньнем аднесьці да прыхільнікаў ці праціўнікаў тых, хто адмовіўся галасаваць ці ня вызначыўся? Па-другое, вызначыць пераменныя, кожная зь якіх аказвае максымальны і самастойны ўплыў на адрозьненьне, якім мы зацікавіліся.

Мэтад выстаўляе вельмі высокія патрабаваньні да дадзеных, тэарэтычнага абгрунтаваньня мадэлі і кваліфікацыі сацыёляга. Таму, відаць, ён вельмі рэдка выкарыстоўваецца.

У нашым выпадку задача крыху спрашчаецца і зводзіцца да таго, ці трапіць пераменная пола ў лік незалежных пераменных, што маюць найбольшую адрозьнівальную ўласьцівасьць. На падставе дасьледаваньня, праведзенага Інстытутам сацыялёгіі НАН Беларусі ў траўні–чэрвені 2005 г.27, можна пабудаваць простую дыскрымінантную мадэль. У якасьці залежнай пераменнай выступіць «давер прэзыдэнту» з градацыямі «давяраю», «ня вызначыўся», «не давяраю»; у якасьці незалежных (дыскрымінантных) – пол, узрост (колькасьць поўных гадоў), для чысьціні экспэрымэнту – рэгіён (абласныя цэнтры, іншыя гарады, сельскія мясьціны), і асноўная крыніца інфармацыі пра жыцьцё ў нашай краіне (тэлебачаньне, радыё, газэты і часопісы, Інтэрнэт, сябры і сваякі, афіцыйнае інфармаваньне на працы)28.

  26 Гапава А. Што такое «бацька» і яго бацькоўскі клопат // ARCHE. 2004. № 4 (33).
   
У выніку былі адабраныя пераменныя: рэгіён, узрост, адукацыя і дзьве альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі – Інтэрнэт і тэлебачаньне. Гэтыя пераменныя сапраўды ўплываюць на давер і зьмяншаюць уплыў астатніх пераменных, што не ўвайшлі ў мадэль. А гэта пол, месца жыхарства, радыё, газэты і часопісы, сябры і сваякі і афіцыйнае інфармаваньне на працы.

Тэарэтычная інтэрпрэтацыя атрыманай мадэлі можа быць наступная. Найбольш важным фактарам зьяўляецца наяўнасьць адукацыйнага капіталу, які дазваляе, па-першае, крытычна інтэрпрэтаваць інфармацыю, і па-другое, адкрывае доступ да іншых крыніцаў. У сацыяльнай прасторы Беларусі гэтыя крыніцы разьмеркаваныя нераўнамерна, і чым большы населены пункт, тым болей гэтых крыніцаў. У сельскай мясцовасьці дамінуе тэлебачаньне з абмежаванай колькасьцю праўрадавых каналаў. Адсутнасьць у мадэлі пераменнай месца жыхарства можна лёгка вытлумачыць, бо пераменная рэгіён улучае яе ў сябе і мае болей градацыяў, а значыць і большую адрозьнівальную здольнасьць. Зь іншага боку, адукацыя зьвязаная з узростам, паколькі людзі старэйшага пакаленьня мелі меней магчымасьцяў для яе атрыманьня.

Пераменная пол аказваецца незначэннай, паколькі дзеля натуральных дэмаграфічных працэсаў працягласьць жыцьця сярод жанчын большая, чым у мужчын; і сярод людзей сталага веку жанчыны пераважаюць.

Варта адзначыць, што пабудаваная мадэль не прызначалася для вычарпальнага апісаньня рэчаіснасьці, але толькі для праверкі гіпотэзы. Каэфіцыенты кананічных дыскрымінантных функцыяў, якія дазваляюць ацаніць якасьць мадэлі, то бок ступень яе адпаведнасьці рэчаіснасьці, аказваюцца нізкія – 0,35 і 0,13. Такім жа невысокім зьяўляецца адсотак правільнасьці паўторнай клясыфікацыі, які складае 58%. Гэта значыць, што для разьвязаньня задачы апісаньня ў мадэль павінны быць улучаныя і іншыя, няўлічаныя фактары, абгрунтаваньне якіх зьяўляецца тэарэтычнай праблемай.

У той жа час, прадбачачы магчымыя пярэчаньні, я сьцьвярджаю: у выпадку з полам мае месца ня разавы ўсплеск, а працяглая тэндэнцыя, зафіксаваная ў матэрыялах розных дасьледаваньняў.

Гэтую тэндэнцыю можна праверыць.

Калі ўмець.

  27 Аб’ём выбаркі 1958 чалавек, памылка рэпрэзэнтацыйнасьці склала менш за 0,03.

28 Усе пераменныя былі прыведзеныя ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі мэтаду.

   
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/25