A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ТАРАС КУЗЁ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Тарас Кузё
Памаранчавая рэвалюцыя
Шлях апазыцыі да посьпеху


Украінская Памаранчавая рэвалюцыя выявіла дынамічную грамадзянскую супольнасьць, у існаваньне якой верыла мала навукоўцаў і аналітыкаў. Масавыя народныя дэманстрацыі ў Кіеве забурлілі, калі ўлады абвясьцілі прэм’ер-міністра Віктара Януковіча пераможцам апошняга туру прэзыдэнцкіх выбараў 21 лістапада 2004 г., хоць вынікі экзыт-полаў паказалі яўную перавагу апазыцыйнага кандыдата Віктара Юшчанкі. Падчас першага туру галасаваньня 31 кастрычніка, які таксама суправаджаўся парушэньнямі выбарчага заканадаўства, Юшчанка афіцыйна перамог Януковіча на 0,6 % (гл. табліцу ніжэй). У самы пік акцыяў пратэсту колькасьць іх удзельнікаў дасягала паўмільёна чалавек: апазыцыйных актывістаў, студэнтаў і расчараваных выбарнікаў. Гэтыя масавыя дэманстрацыі ў спалучэньні з доказамі буйнамаштабных фальсыфікацыяў змусілі Вярхоўны суд 3 сьнежня ануляваць вынікі другога туру выбараў і прызначыць перагаласаваньне на 26 сьнежня 2004 г. Падчас перагаласаваньня Юшчанка перамог Януковіча (52 % супраць 44 %). Яго інаўгурацыя як трэцяга прэзыдэнта незалежнае Ўкраіны адбылася 23 студзеня 2005 г.

Добра арганізаваныя пратэстныя акцыі і ў мінулыя гады зьбіралі шмат людзей, але колькасьць іх удзельнікаў ніколі не складала небясьпекі напаўаўтарытарнаму рэжыму прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Чым жа тлумачыцца масавае абурэньне, якое прывяло да дэмакратычнага прарыву, падобнага да тых, што адбыліся ў 2000 г. у Сэрбіі ды ў 2003 г. у Грузіі? Каб адказаць на гэтае пытаньне, неабходна пільней прыгледзецца да вытокаў ды эвалюцыі ўкраінскае апазыцыі.

Паміж 1992 г., калі краіна стала незалежнай, і 2001 г., калі Вярхоўная рада, якая складаецца з 450 дэпутатаў, прагаласавала за адстаўку ўраду тагачаснага прэм’ер-міністра Віктара Юшчанкі, асноўная апазыцыя гуртавалася вакол Камуністычнай і Сацыялістычнай партыяў (КПУ і СПУ). КПУ была забароненая ў 1991 г. У 1993 г. ёй дазволілі перарэгістравацца пры ўмове, што яна ня будзе пераемніцай савецкай камуністычнай партыі і адмовіцца ад прэтэнзіяў на былую маёмасьць кампартыі, набытую за савецкім часам. Тым ня менш, КПУ пераняла вузкалобую ідэалёгію сваёй «імпэрскай» папярэдніцы: яна выступала ня толькі за аднаўленьне камуністычнае сыстэмы, але і супраць самое ідэі ўкраінскай дзяржаўнасьці. Іншымі словамі, найбуйнейшая палітычная апазыцыйная сіла ва Ўкраіне з 1993-га па 2001-шы г. варожа ставілася да незалежнасьці краіны.

Як і КПУ, СПУ ўтварылася на базе савецкае Камуністычнае партыі. Дарма што яе стварыў былы лідэр камуністычнай парлямэнцкай большасьці, пасьля забароны КПУ ў 1991 г. СПУ стала «ня столькі пераемніцай кампартыі, колькі партыяй эканамічнага папулізму»1. Яна заставалася меншай зь дзьвюх левых партыяў, маючы каля траціны чальцоў ад агульнае колькасьці сяброў КПУ. Гэтыя дзьве партыі дамінавалі ў Радзе з 1994-га па 1999-ты г. і былі галоўнай парлямэнцкай апазыцыяй рэжыму Кучмы цягам шасьці зь дзесяці гадоў ягонага прэзыдэнцтва.

  прафэсар Школы міжнародных стасункаў унівэрсытэту імя Джорджа Вашынгтона. Выкладаў ува ўнівэрсытэтах Таронта і Бірмінгэму. Аўтар вялікай колькасьці публікацыяў аб постсавецкай і ўкраінскай палітыцы, посткамуністычнай дэмакратызацыі і выбарах
(гл. іх поўны сьпіс на www.taraskusio.net).
   
Прэзыдэнцкія выбары 1999 г. ува Ўкраіне былі ў пэўным сэнсе паўтарэньнем прэзыдэнцкіх выбараў 1996 г. у Расеі. У абодвух выпадках дзейныя прэзыдэнты Кучма і Ельцын перамаглі лідэраў камуністычных партыяў. Аднак ува Ўкраіне выбары сталі ня столькі праявай падтрымкі непасьлядоўнай і супярэчлівай Кучмавай праграмы «рэформаў», колькі другім рэфэрэндумам за незалежнасьць краіны. У сьвятле антыдзяржаўнай рыторыкі лідэра КПУ Пятра Сіманенкі большасьць украінцаў прагаласавала, хутчэй, супраць яго, чым за Кучму. Такога не было на расейскіх выбарах 1996 г., бо лідэр расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў неаднаразова выказваў сваю прыхільнасьць да расейскае «нацыянальнае ідэі».

Пасьля падзеньня камунізму былы вышэйшы эшалён украінскае намэнклятуры канвэртаваў здабытую за савецкім часам палітычную магутнасьць у эканамічны ўплыў і фінансавы капітал. Імкнучыся лабіраваць свае бізнэсовыя інтарэсы, гэтыя «новыя ўкраінцы», ці т. зв. алігархі, падчас парлямэнцкіх выбараў 1998 г. вярнуліся на палітычную сцэну пад шырмай цэнтрысцкіх партыяў, якія неўзабаве сталі адной з асноўных групаў падтрымкі Кучмы. Алігархі альбо ўзначалілі ўжо існуючыя партыі, такія як Сацыял-дэмакратычная партыя Ўкраіны (аб’яднаная) (СДПУ(а), Партыя зялёных і Народна-дэмакратычная партыя Ўкраіны (НДПУ), альбо ўтварылі новыя, такія як Працоўная партыя Ўкраіны (ППУ) і Партыя рэгіёнаў (ПР). Гэтыя ідэалягічна аморфныя партыі папросту выкарыстоўваліся ў якасьці «даху» («крыши» на расейскім крымінальным слэнгу) для рэгіянальных ці бізнэс-інтарэсаў. Большасьць зь іх ня мела рэальнай палітычнай плятформы і была ня ў стане прапанаваць канкрэтнага палітычнага курсу; замест гэтага яны імкнуліся малпаваць сваіх апанэнтаў, выкарыстоўваць брудныя мэтады й выступаць за папулісцкія захады накшталт павышэньня памеру пэнсіяў.

Уздым алігархаў ды іхных цэнтрысцкіх партыяў адлюстраваў заняпад КПУ, апошні посьпех якой прыпаў на прэзыдэнцкія выбары 1999 г. Пасьля пераабраньня Кучмы пасаду прэм’ер-міністра атрымаў былы кіраўнік Нацбанку Ўкраіны, рэфарміст Віктар Юшчанка. Была сфармаваная праўрадавая парлямэнцкая большасьць з 11 цэнтрысцкіх і правацэнтрысцкіх фракцыяў, якія даўно намагаліся пазбавіць левых у Вярхоўнай радзе вядучых пазыцыяў. Новая парлямэнцкая большасьць складалася з цэнтрыстаў і нацыянал-дэмакратаў (правых), якія мелі мала супольных інтарэсаў, акрамя варожасьці да левых.

На пасадзе прэм’ер-міністра Юшчанка распачаў шырокамаштабную праграму рэформаў, якая ўключала захады для ажыцьцяўленьня прыватызацыі, памяншэньня інфляцыі, збалянсаваньня бюджэту і скарачэньня дзяржаўнае бюракратыі. Дзякуючы барацьбе з карупцыяй, асабліва ў энэргетычнай сфэры, у дзяржаўны бюджэт былі вернутыя больш за 2 мільярды даляраў ЗША, што былі накіраваныя на выплату даўгоў па заробках, стыпэндыях і пэнсіях. У выніку рэйтынг папулярнасьці Юшчанкі перавысіў 35 %, лічбу, беспрэцэдэнтную для незалежнай Украіны. Дарма што запачаткаваныя рэформы пайшлі краіне ў цэлым на карысьць, неўзабаве яны сталі шкодзіць інтарэсам алігархаў, і ўрад Віктара Юшчанкі (у першую чаргу – віцэ-прэм’ер Юлія Цімашэнка) уцягнуўся ў канфлікт з уплывовымі прамыслоўцамі.

Афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ува Ўкраіне ў 2004 годзе (галасы выбарнікаў у адсотках)
Імя і прозьвішча Першы тур*
31 кастрычніка
Другі тур
21 лістапада
Паўторны другі
тур 26 сьнежня
Віктар Юшчанка («Наша Ўкраіна») 39,90 46,61 51,99
Віктар Януковіч («Рэгіёны Ўкраіны») 39,26 49,46 44,20
Аляксандар Мароз (Сацыялістычная партыя Ўкраіны) 5,82
Пятро Сіманенка (Камуністычная партыя Ўкраіны) 4,97
Крыніца: Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны.
*Ніводзін іншы кандыдат не набраў больш за 2 % галасоў выбарнікаў. 1,98 % выбарнікаў прагаласавалі супраць усіх кандыдатаў.

«КУЧМАГЕЙТ»

Калі народная падтрымка Юшчанкі імкліва расла, то Кучмава папулярнасьць рэзка падала. 28 лістапада 2000 г. лідэр Сацыялістычнае партыі Ўкраіны Аляксандар Мароз перадаў у СМІ аўдыёзапіс размовы Кучмы з тагачасным міністрам унутраных справаў Юр’ем Краўчанкам, падчас якога прэзыдэнт прасіў міністра «разабрацца» з апазыцыйным журналістам Георгіем Гангадзэ, які даўно крытыкаваў рэжым і выкрываў выпадкі карупцыі. Гангадзэ зьнік 16 верасьня. Ягонае абезгалоўленае цела знайшлі на поўдні ад Кіева 5 лістапада. Прыпісваная Кучму датычнасьць да зьнікненьня журналіста спарадзіла хвалю грамадзкага пратэсту. Дэманстрацыі, выкліканыя гэтым скандалам, які стаў вядомы як «Кучмагейт», мелі маштаб, нябачаны ўва Ўкраіне з часоў распаду Савецкага Саюзу.

У самы разгар «Кучмагейту» пры канцы 2000 г. і на пачатку 2001 г. дэманстрацыі пратэсту, арганізаваныя актывістамі руху «Ўкраіна бяз Кучмы», зьбіралі дзясяткі тысячаў удзельнікаў, але нават гэтага было замала, каб пахіснуць пазыцыю прэзыдэнта Кучмы. Толькі дзьве апазыцыйныя парлямэнцкія фракцыі – «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі ды СПУ Аляксандра Мароза – падтрымалі дэманстрантаў. Яны сфармавалі Фронт нацыянальнага паратунку, які імкнуўся каардынаваць дзейнасьць руху «Ўкраіна бяз Кучмы» і адначасова мацаваў правацэнтрысцкі хаўрус у парлямэнце. КПУ, дарма што таксама знаходзілася ў апазыцыі, адмовілася далучыцца да антыкучмаўскіх пратэстаў, бо верыла ў маскоўскую «тэорыю змовы», паводле якой «Кучмагейт» быў распрацаванай пры падтрымцы ЗША правакацыяй, скіраванай на адхіленьне Кучмы з пасады прэзыдэнта і ўсталяваньне ўва Ўкраіне праамэрыканскага рэжыму.

Падчас акцыяў пратэсту рэжым ужываў усё больш агрэсіўную, савецкую тактыку і рыторыку што да апазыцыі, абвяшчаючы яе «падрыўнымі элемэнтамі», «экстрэмістамі» і «радыкаламі». Кучма называў тых, хто намагаўся прыйсьці да ўлады пад лёзунгам «Украіна бяз Кучмы», «палітычнымі карлікамі». Акцыі пратэсту, урэшце, спыніліся ў сакавіку 2001 г., калі ўлады, імкнучыся дыскрэдытаваць апазыцыю, пачалі вэрбаваць парамілітарных правакатараў, каб ператварыць мірныя акцыі пратэсту ў масавыя беспарадкі, а пасьля сілком разагнаць іх пры дапамозе міліцыі.

У той час Віктар Юшчанка займаў пасаду прэм’ер-міністра краіны і выступаў супраць антыпрэзыдэнцкіх дэманстрацыяў. Імкнучыся сваім аўтарытэтам абараніць Кучму, ён заявіў: «Асабіста я перакананы, што прэзыдэнт ня мог замовіць забойства чалавека. Я маральна не дапускаю, што прэзыдэнт мог мець датычнасьць такім чынам да зьнікненьня гэтага чалавека»2.

  1 Arthur S. Banks et al., eds. Political Handbook of the World: 2000-2002. – Binghamton, N. Y.: CSA, 2003.

   
У лютым 2001 г. Юшчанка разам з Кучмам і сьпікерам парлямэнту Іванам Плюшчом падпісалі сумесную заяву, якая затаўравала ўдзельнікаў акцыяў пратэсту як «фашыстаў».

«Кучмагейт» у спалучэньні зь непапулярнасьцю Юшчанкі сярод алігархаў у Вярхоўнай радзе зрабіў ягоны ўрад безабаронным. 26-га красавіка 2001 г. яго адправілі ў адстаўку вынесеным неверагоднай парлямэнцкай кааліцыяй алігархаў і камуністаў вотумам недаверу. Сваё рашэньне алігархі матывавалі прыватнымі інтарэсамі; КПУ ж адчайна імкнулася пазбавіць пасады Юшчанку, якога ахрысьціла «амэрыканскім сатрапам». Адстаўка ўраду Юшчанкі паклала канец дзесяцігодзьдзю супрацоўніцтва правых і цэнтрыстаў, накіраванага на нэўтралізацыю дзьвюх пагрозаў, якія ўспрымаліся абедзьвюма сіламі як супольныя – КПУ і Расеі. І, што важней, яна прывяла да ўзьнікненьня нялевае апазыцыі ў парлямэнце ўпершыню з часу абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны.

Хаця кар’ера ў бізнэсе, у банкаўскай сфэры і ўрадзе не рабіла Юшчанку схільным да радыкалізму або апазыцыйнасьці, пасьля адстаўкі з пасады прэм’ер-міністра ён зрабіўся рашучым праціўнікам рэжыму Кучмы і яго цэнтрысцка-алігархічных хаўрусьнікаў. Некалькі былых паплечнікаў Юшчанкі ўва ўрадзе паддаліся яго прыкладу і перайшлі ў апазыцыю (хаця большасьць ключавых супрацоўнікаў па 2004 г. у 2003 г. яшчэ не далучыліся да ягонага перадвыбарнага штабу). У ліпені 2001 г. Юшчанка стварыў блёк «Наша Ўкраіна», які імкнуўся аб’яднаць раздробленыя і разнашэрсныя нацыянал-дэмакратычныя й лібэральныя партыі вакол супольнай антырэжымнай плятформы. На парлямэнцкіх выбарах у сакавіку 2002 г. гэты блёк дабіўся найлепшага выніку, атрымаўшы ў парлямэнце 112 месцаў з 450 магчымых і выперадзіўшы прапрэзыдэнцкую цэнтрысцкую «За адзіную Ўкраіну» зь яе 104 месцамі. У той жа час КПУ заняло ўсяго толькі трэцяе месца з 66 дэпутацкімі мандатамі, упершыню з часу абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны згубіўшы пазыцыю найбольшае парлямэнцкае фракцыі ў Вярхоўнай радзе.

Хаця апазыцыя дабілася сур’ёзнага посьпеху на выбарах у 2002 г., яна была занадта разьяднаная, каб утварыць рэальную пагрозу завязанаму на алігархах рэжыму Кучмы. Апазыцыйны электарат разрываўся паміж «Нашай Украінай», блёкам Юліі Цімашэнкі, КПУ і СПУ. Толькі ў 2004 г. апазыцыя здолела аб’яднацца і дамовіцца пра супольную антыкучмаўскую плятформу. У гэтым сэнсе кансалідацыя ўкраінскае апазыцыі паўтарала досьвед сэрбскай: у абодвух выпадках супольная плятформа была прынятая толькі пасьля аб’яднаньня вакол бясспрэчнага апазыцыйнага лідэра – Віктар Юшчанка ўва Ўкраіне выканаў ролю Ваіслава Каштуніцы ў Сэрбіі.

ПАРАЗЫ АПАЗЫЦЫІ

Хаця пасьля парлямэнцкіх выбараў сакавіка 2002 г. большасьць месцаў у Вярхоўнай радзе атрымалі чатыры найбуйнейшыя апазыцыйныя партыі, прапрэзыдэнцкая фракцыя, дакамплектаваная «незалежнымі» дэпутатамі, адсунула іх на другі плян. Гэта прывяло да павелічэньня палітычнага напружаньня, якое вылілася ў масавыя дэманстрацыі ў Кіеве з нагоды другой гадавіны зьнікненьня Георгія Гангадзэ. У верасьні 2002 г. дзясяткі тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы ўкраінскае сталіцы ды іншых гарадоў краіны, заклікаючы Кучму сысьці ў адстаўку і правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. ЗША падтрымалі ініцыятыву апазыцыі, у якую ўваходзілі «Наша Ўкраіна», блёк Юліі Цімашэнкі, СПУ і КПУ, абвінаваціўшы Кучму ў тым, што той санкцыянаваў продаж супрацьпаветранае радыёлякацыйнае сыстэмы Садаму Хусэйну. Камэнтуючы гэтыя абвінавачаньні, Юшчанка заявіў, што будзе байкатаваць усе галасаваньні ў Вярхоўнай радзе датуль, пакуль Кучма не пагодзіцца абмеркаваць шляхі пераадоленьня існага ў краіне палітычнага напружаньня. Аднак зь цягам часу акцыі пратэсту сышлі на нішто.

Наступная вялікая дэманстрацыя адбылася ў сакавіку 2003 г., калі каля 50 000 чалавек выйшлі на вуліцы Кіева. Гэтая хваля пратэстаў была зьбітая пасьля арышту некалькіх чальцоў аргкамітэту грамадзкага руху «Паўстань, Украіна!», хаця іх палітычныя хаўрусьнікі абяцалі працягваць заклікаць Кучму да адстаўкі. Зацкаваны і палітычна аслаблены пастаяннымі заклікамі да адстаўкі, Кучма прапанаваў пакет канстытуцыйных рэформаў, каб зьлёгку паменшыць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы і надаць большую ўладу парлямэнту. Вярхоўная рада прагаласавала за прапанаваны пакет рэформаў у красавіку 2004 г., але не зацьвердзіла яго (згодна з Канстытуцыяй, гэта патрабавала падтрымкі 300 з 450 дэпутатаў). Урэшце рэформы былі ўхваленыя ў сьнежні 2004 г. як частка «кампраміснага пакету», прынятага з мэтай прадухіленьня фальсыфікацыяў на выбарах. Яны ўступаюць у сілу зь верасьня 2005 г.

Дарма што ў гэты час і КПУ, і «Наша Ўкраіна» падтрымлівалі антыкучмаўскі рух, паміж імі заставалася вялікая прорва, і яны так і не змаглі дамовіцца пра супольную палітычную плятформу. Расколы ўнутры апазыцыі не дазволілі ёй высунуць супольныя палітычныя ініцыятывы, што, у сваю чаргу, абмежавала яе здольнасьць да мабілізацыі народнае падтрымкі. Згодна з апытаньнем, зладжаным чатырма найбольш аўтарытэтнымі сацыялягічнымі службамі, 64 % рэспандэнтаў заявілі, што нічога ня ведалі пра погляды апазыцыі. Калі ў іх запыталіся, ці хочуць яны ведаць, толькі палова зь іх адказала сьцьвярджальна3.

  2 Kuchma Receives Top Level Support // www.cnn.com. 16.03.2001. (У арыгінале рэпліка была даўжэйшай: «Декілька тижнів тому президент сказав, що готовий присягти на Біблії, що не має відношення до зникнення чи іншої долі Георгія Гонгадзе. Я християнин і ціну цим словам розумію. Особисто я переконаний, що президент не міг замовити вбивство людини. Я говорю це не як прем’єр, а як проста людина. Бо для мене це буде трагедією. Я морально не допускаю, що президент міг бути причетним таким чином до зникнення цієї людини». Гл. таксамаРэд.)

   
Няздатнасьць чатырох апазыцыйных партыяў аб’яднацца супраць рэжыму Кучмы і яго хаўрусьнікаў-алігархаў была прычынай таго, што гэтыя пратэсты ня здолелі заручыцца такой жа масавай падтрымкай, якую выклікала Памаранчавая рэвалюцыя. Дзеля свайго пярэстага складу апазыцыя не магла выпрацаваць пазытыўнага мэсыджу і зацыклілася на нэгатыўных лёзунгах і закліках. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2004 г. і пасьлей, цягам Памаранчавае рэвалюцыі, апазыцыя згуртавалася вакол пазытыўных ідэяў дэмакратыі, палітычнае адказнасьці і барацьбы з карупцыяй.

Дарма што апазыцыя ня здолела адхіліць ад улады Кучму і яго кампаньёнаў-алігархаў пасьля «Кучмагейту» і яго працяглых наступстваў, масавыя пратэсты выпрацавалі ў многіх украінцаў пэўны ўзровень палітычнай сьвядомасьці. Асабліва моцнага ўзьдзеяньня зазнала палітычна пасіўная моладзь – пакаленьне, якому ў 2004 г. было наканавана стаць рухальнай сілай Памаранчавай рэвалюцыі.

Аднак у цэлым украінскае грамадзтва па-ранейшаму было незадаволенае палітыкай. Апытаньне, апублікаванае ў сакавіку 2003 г. «Української правдої», паказала, што дзевяць зь дзесяцёх рэспандэнтаў меркавалі, што ўва Ўкраіне трэба ажыцьцявіць значныя зьмены, але што яны самі ня ў стане іх зьдзейсьніць. Столькі ж апытаных меркавала, што яны ніяк не ўплываюць на мясцовыя і цэнтральныя ўлады і што ў іх краіне рэгулярна парушаюцца правы чалавека. Падобным парадкам напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у 2004 г. апытаньні паказвалі, што большасьць украінцаў мяркуе, што выйграе Юшчанка, але толькі меншасьць дапускала, што ўлады дазволяць яму стаць прэзыдэнтам.

Аднак ажно да 2004 г. шырока распаўсюджанае расчараваньне рэжымам Кучмы не ператваралася ў падтрымку апазыцыі. Напрыклад, у 2003 г. два апытаньні выявілі, што ад паловы да двух трацінаў насельніцтва Ўкраіны альбо не падтрымліваюць пратэстаў апазыцыі, альбо не жадаюць браць у іх удзел4. У красавіку таго ж году апытаньне Цэнтру сацыялягічных і палітычных дасьледзінаў, апублікаванае «Української правдої», паказала, што ўзровень падтрымкі апазыцыі ўдвая перавышае ўзровень падтрымкі рэжыму (33 % супраць 16 %). У той жа час больш як траціна насельніцтва была нагэтулькі расчараваныя палітыкай, што не падтрымлівала ніводзін з бакоў5.

  3 Українська правда. 2003. 28 травня.

   
Трымаючы ў галаве масавыя акцыі пратэсту ў сакавіку 2003 г., абодва бакі распачалі падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў 2004 г. Апазыцыя нарэшце аб’ядналася вакол Юшчанкі, які на той момант быў бесьпярэчна найбольш папулярным палітыкам ува Ўкраіне. Па сутнасьці, ён быў адзіным кандыдатам, чый дадатны рэйтынг, паводле сацыялягічных апытаньняў, пастаянна перавышаў адмоўны. Вынікі апытаньня 2003 г., працытаванага «Української правдої», выявілі, што 48 % рэспандэнтаў падтрымлівалі Юшчанку, і толькі 32 % сьцьвярджалі, што ніколі не прагаласуюць за яго6. (Гэтая група, галоўным чынам, складалася з камуністаў і прыхільнікаў Януковіча з Усходняй Украіны.)

Тым часам Кучма, уся яго палітычная машына і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін ужо заўзята агітавалі за прэм’ер-міністра Віктара Януковіча як кандыдата на пасаду прэзыдэнта. «Кучмагейт» і пасьлейшыя акцыі пратэсту нанесьлі сур’ёзную шкоду рэпутацыі рэжыму, што ўскладняла вызначэньне кандыдата, які б мог пераняць прэзыдэнцкую «паходню» пасьля заканчэньня другога тэрміну Кучмы. Сьпікер парлямэнту Ўладзімер Літвін або старшыня Нацбанку Сяргей Тыгіпка былі б нашмат больш прымальнымі кандыдатамі ў параўнаньні зь Януковічам, але рэйтынгі іхнае папулярнасьці былі занадта малыя для таго, каб стаць пэрспэктыўнымі кандыдатамі.

Кучма меркаваў, што прадстаўнік данецкае алігархічнае эліты Януковіч будзе мець гарантаваную падтрымку дзьвюх найбольш населеных усходнеўкраінскіх абласьцей, Данецкай і Луганскай, найбуйнейшых цэнтраў вугальнае прамысловасьці ў краіне. Януковіч насамрэч меў шмат сымпатыкаў сярод люмпэн-пралетарыяту ў гэтым рэгіёне, які паверыў у міт пра тое, што іхныя нерэнтабэльныя прадпрыемствы будуць зачыненыя ў выніку эканамічных рэформаў Юшчанкі. Да іх далучыліся алігархі, якія аказалі сур’ёзную падтрымку Януковічу: яны баяліся, што ў выпадку перамогі Юшчанкі згубяць свой прывілеяваны статус ці нават сядуць на лаву падсудных.

Здавалася, рэжым мае ўсё для сваёй перамогі: агромністыя фінансы, адміністрацыйны рэсурс, спэцслужбы і нефармальны атрад галаварэзаў з арганізаваных крымінальных груповак. Аднак Кучма зрабіў стаўку на кандыдата, супраць якога апазыцыі было лёгка згуртавацца. У маладосьці Януковіч сядзеў у турме, і ягоныя апанэнты сьцьвярджалі, што з канца 1980-х ён падтрымліваў цесныя сувязі з групоўкамі арганізаванай злачыннасьці (т. зв. браткамі), лабіруючы іх інтарэсы ў мясцовых і нацыянальных органах улады. Ён быў цесна зьвязаны з данецкім «кланам» і ягоным лідэрам, алігархам Рынатам Ахметавым. Да таго ж, Януковіч блага валодаў украінскай мовай (у адрозьненьне ад расейскай), пра што сьведчылі запоўненыя ім ад рукі і пададзеныя ў Цэнтральную выбарчую камісію дакумэнты для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата, якія былі абнародаваныя прэсай.

Ня толькі біяграфія Януковіча, але і яго перабываньне на пасадзе прэм’ер-міністра зрабілі досыць лёгкай справай мабілізацыю апазыцыі супраць яго. Акурат кабінэт Януковіча прымушаў незалежных дэпутатаў у парлямэнце ўвайсьці ў прапрэзыдэнцкую «большасьць» пасьля выбараў 2002 г., маргіналізуючы і разьюшваючы апазыцыю. Падчас выбарчае кампаніі ў 2004 г. апанэнты Януковіча малявалі змрочную карціну Ўкраіны ў выпадку ягонае перамогі. Яго рэжым, гаварыла апазыцыя, будзе мала чым адрозьнівацца ад рэжыму Кучмы: аўтарытарнага, рэпрэсіўнага і карумпаванага. Юшчанка гаварыў народу: «Бандыты ня будуць вызначаць будучыні гэтай краіны. Яны хочуць прывучыць нас, дзясяткі мільёнаў людзей, кожную ўкраінскую сям’ю, маю сям’ю жыць паводле крымінальных законаў, гаварыць на турэмным слэнгу і насіць турэмныя робы»7.

РЭВАЛЮЦЫЯ

  4 Вынікі апытаньня, прыведзеныя Interfax (Масква), 25.04.2003 ды іншага апытаньня, апублікаваныя ў газэце «Зеркало недели» (Кіеў), 27.09.2003.

5 Українська правда. 2003. 25 квітня.

6 Вынікі апытаньня, надрукаваныя ў інтэрнэт-газэце «Українська правда», 28.08.2003.

   
Магчыма, адчуваючы ўзрост падтрымкі апазыцыі, рэжым пачаў рабіць захады для забесьпячэньня перамогі Януковіча. На публіцы Кучма адкідаў і высьмейваў ідэю, што на Ўкраіне магчымы дэмакратычны прарыў накшталт грузінскай рэвалюцыі ружаў лістапада 2003-га. У прыватных размовах, аднак, Кучма баяўся, што прэзыдэнцкія выбары 2004-га сапраўды могуць пакласьці канец напаўаўтарытарнаму рэжыму, які ён усталяваў. У сапраўднасьці ўлады заўсёды варожа ставіліся да ідэі сапраўды свабодных і справядлівых выбараў, вынікі якіх не былі сплянаваныя імі загадзя.

За два месяцы да першага туру выбараў, які адбыўся 31 кастрычніка, МУС, Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) і пракуратура апублікавалі сумесную адозву, якая засьцерагала, што імі будуць зробленыя «прэвэнтыўныя захады» для прадухіленьня рэвалюцыі па грузінскім сцэнары. Гэтыя ведамствы сьцьвярджалі, што яны маюць «доказы таго, што апазыцыйныя палітычныя сілы ў дадзены момант рыхтуюць розныя небясьпечныя акцыі, скіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў краіне». Яны заяўлялі, што апазыцыя заклікае ўкраінцаў «выказаць пратэст у самай крайняй форме – паўстаньня» і што такія дзеяньні «небясьпечныя для грамадзтва і дзяржаўнай стабільнасьці і будуць прадухіляцца згодна з украінскім заканадаўствам»8.

  7 Украінская тэлевізійная станцыя «5 канал», 8.12.2004.

   
Асьцярогі ўладаў, канечне, мелі пад сабой падставы. Апазыцыйная лідэрка Юлія Цімашэнка сапраўды папярэджвала, што будзе «арганізоўваць і праводзіць акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня» ў выпадку фальшаваньня вынікаў выбараў. Яе пагроза была заснавана на падазрэньні, што рэжым плянуе сфальсыфікаваць прэзыдэнцкія выбары такім жа чынам, як ён раней, у 2004 г. сфальсыфікаваў выбары мэра г. Мукачава. Існавала ўстойлівае перакананьне, што на гэтай выбарчай баталіі, падчас якой рэжым працягнуў на пасаду мэра свайго кандыдата нягледзячы на яўную перамогу апазыцыі, адпрацоўваліся тэхналёгіі будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

27 жніўня «Наша газета», орган праўрадавай Сацыял-дэмакратычнай партыі (аб’яднанай), прагназавала, што рэвалюцыя накшталт грузінскай ня знойдзе шырокай падтрымкі. Сам Кучма падзяляў такі пункт гледжаньня. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ён цынічна прыгадаў, як у мінулыя гады апазыцыя пагражала вывесьці супраць яго 200 000 дэманстрантаў, але ніколі не зьбірала больш за 50 000. Юшчанка ніколі не любіў вулічных дэманстрацыяў, але ён практычна ня меў выбару: у выпадку масавых фальсыфікацыяў з боку ўладаў яму давядзецца рыхтаваць народныя пратэсты. Апазыцыянэры спадзявалася, што сфальсыфікаваныя выбары вывядуць на вуліцу больш як сто тысяч чалавек. Нават яны былі ашаломленыя, калі на вуліцы Кіева выйшлі сотні тысяч чалавек, як толькі стала зразумела, што рэжым сфальсыфікаваў вынікі галасаваньня 21 лістапада.

Ні ўлады, ні апазыцыя не маглі ведаць, колькі ўкраінцаў выйдуць на вуліцы, каб абараніць сваё права на дэмакратычна абранага прэзыдэнта. Нацыянальнае апытаньне, праведзенае незадоўга перад выбарамі Цэнтрам Разумкова, паказала, што 84 % рэспандэнтаў пагадзіліся, што яны маюць права пратэставаць у выпадку фальсыфікацыі выбараў, толькі 6 % не былі згодныя з гэтым. Цэнтар Разумкова папярэджваў, што ня ўсе з тых, хто настойваў на сваім праве пратэставаць, зь неабходнасьцю зробяць гэта ў выпадку сфальшаваных выбараў, але ён засьцерагаў: «Было б наіўна спадзявацца, што ўлады могуць бязьмежна дыскрэдытаваць сябе ў вачах свайго ўласнага народу без наступстваў, якія могуць аказацца фатальнымі для іх»9.

  8 Українська правда. 2004. 22 серпня.

   
Гэтае прадказаньне збылося: улады на самай справе сур’ёзна недаацанілі абурэньне, якое выклікалі сфальсыфікаваныя выбары. Ужо тады, калі Юшчанка афіцыйна выйграў першы тур выбараў, многія ўкраінцы пачалі задумвацца пра магчымасьць прыходу дэмакратаў да ўлады. Трыма тыднямі пазьней, калі экзыт-полы паказалі, што Юшчанка перамог таксама ў другім туры, праведзеным 21 лістапада, яны пачалі адчуваць перамогу. Перад выбарамі апытаньні паказвалі, што большасьць украінцаў, хутчэй, паверыць вынікам экзыт-полаў, чым афіцыйным вынікам, калі яны будуць адрозьнівацца.

Іншае перадвыбарнае апытаньне, праведзенае Фондам дэмакратычных ініцыятываў, выявіла, што 18 % рэспандэнтаў былі гатовыя ўзяць удзел у акцыях пратэсту ў выпадку фальсыфікацыі выбараў, і амаль 11 % заявілі, што яны будуць пратэставаць, калі іх кандыдат не пераможа. Таму нядзіўна, што, калі былі абвешчаныя сфальсыфікаваныя на карысьць Януковіча вынікі выбараў, якія супярэчылі вынікам экзыт-полаў, натоўпы расчараваных людзей выправіліся ў Кіеў, каб далучыцца да рэвалюцыі. Некаторыя зь іх былі «вэтэранамі» пратэстаў падчас «Кучмагейту», іншыя пераканаліся ў неабходнасьці зьменаў дзякуючы кампаніям, праведзеным апазыцыяй, і, больш за тое, дагэтуль ніколі не праяўлялі інтарэсу да палітыкі. Яны палічылі, што выбарчыя махінацыі былі занадта яўнымі, каб іх праігнараваць.

Многія ўкраінцы доўгі час трымаліся палітычнага падыходу, выказанага ў вядомай прымаўцы «Мая хата з краю». Пасьля сфальсыфікаваных выбараў замест яе зьявіўся іншы прыпеў: «Калі Януковіч выйграе, іншых выбараў ня будзе; калі Юшчанка выйграе, прынамсі, я ведаю, што яны будуць». Акурат такога кшталту расчараваньне, паняверка і абурэньне спарадзілі Памаранчавую рэвалюцыю. За тры дні па фальсыфікаваным туры галасаваньня 21 лістапада натоўп на Майдане Незалежнасьці і прылеглых вуліцах разросься да больш за паўмільёна чалавек. Без такой масавай падтрымкі народу гэтыя дэманстрацыі – падобна пратэстам у ранейшыя гады – скончыліся б гвалтоўным разгонам і паразай.

Ранейшыя пратэсты прыцягвалі найбольшую колькасьць прыхільнікаў з традыцыйнай астоі апазыцыі – праэўрапейскіх заходніх рэгіёнаў краіны. У 2004 г. Юшчанка таксама перамог ува ўсіх цэнтральных украінскіх абласьцях і дабіўся велізарнай падтрымкі жыхароў Кіева, якія першымі выйшлі на вуліцы пасьля выбараў. Нават значная частка кіеўскай эліты, якая збольшага была ляяльная да рэжыму, падчас рэвалюцыі перайшла ў Юшчанкаў лягер.

Як і ранейшыя гады, рэжым зьвярнуўся да агрэсіўнай савецкай рыторыкі, таўруючы дэманстрантаў як «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Падчас выбарчай кампаніі апазыцыю абвінавацілі ў выбуху бомбы ў Кіеве (на рынку ў Траешчыне. – Рэд.), і паплечнікі Кучмы спрабавалі давесьці датычнасьць моладзевага апазыцыйнага руху да гэтай акцыі. Узровень і бессаромнасьць гэтых тактыкаў у канцавым выніку сталі такімі яўнымі, што яны толькі паспрыялі мабілізацыі далейшай падтрымкі для Юшчанкі. У адказ на брудную кампанію, разьвязаную рэжымам, апазыцыйныя лідэры і іх прыхільнікі зрабілі стаўку на негвалтоўныя сродкі пратэсту і прадухіленьне любых правакацыяў. Колькасьць злачынстваў у Кіеве падчас рэвалюцыі зьнізілася на траціну, і, як паведамлялі СМІ, выпадкі гвалту мелі месца па-за Кіевам і з удзелам прыхільнікаў Януковіча.

ЗАХАД І НОВАЕ ПАКАЛЕНЬНЕ

Хаця Памаранчавая рэвалюцыя прыцягнула большую частку сваіх фінансавых рэсурсаў з унутраных крыніцаў (асабліва малога і сярэдняга бізнэсу), міжнародная падтрымка была ключавым фактарам яе посьпеху10. Моладзевы рух «Пора», які адыграў вырашальную ролю ў пратэстах, прайшоў падрыхтоўку ў сэрбскага «Oтпору», а шматлікія заходнія НДА і групы грамадзянскай супольнасьці аказалі ключавую дапамогу сваім украінскім партнэрам. Міжнародныя назіральнікі за выбарамі, гэтаксама як іх украінскія калегі, якія прайшлі падрыхтоўку ў замежных НДА, адыгралі калясальную ролю, выкрываючы і паведамляючы пра выбарчыя фальсыфікацыі і парушэньні пры галасаваньні. Падтрымка, забясьпечаная незалежнымі мэдыямі, такім як інтэрнэт-газэта «Українська правда», дапамагла пашырыць праграму апазыцыі па ўсёй краіне.

  9 Українська правда. 2004. 5 серпня.

   
Юшчанкаў лягер ды яго пераважна маладыя прыхільнікі зь вялікім эфэктам выкарыстоўвалі сучасныя тэхналёгіі. Інтэрнэт стаў важным інструмэнтам выбарчай кампаніі ўжо падчас выбараў 2002 г., і яго роля яшчэ павысілася ў 2004 г. «Пора» ды іншыя моладзевыя групы арганізавалі он-лайн-форумы (выкарыстоўваючы замежныя сэрвэры, каб пазьбегнуць атак ляяльных да рэжыму хакераў), каб прыхільнікі Юшчанкі маглі абмеркаваць тактыку і стратэгію дэманстрацыяў. Апазыцыя эфэктыўна выкарыстоўвала сотавую тэлефанію як падчас выбарчай кампаніі, так і падчас самой рэвалюцыі. У сумна вядомым цяпер відэакліпе, які быў запісаны на відэакамэру сотавага тэлефона аднаго апазыцыянэра, бачна, як выкладчык унівэрсытэту процізаконна заклікае сваіх студэнтаў галасаваць за Януковіча.

Посьпех Памаранчавае рэвалюцыі трэба часткова залічыць на рахунак украінскай моладзі – пакаленьня, якое ня памятае савецкага рэжыму даперабудовачных часоў і таму нашмат менш баіцца ўладаў, чымся іх бацькі і дзяды. Хоць і выраслае пры Кучмавым карумпаваным напаўаўтарытарызьме, гэтае пакаленьне дзякуючы Інтэрнэту, спадарожнікаваму тэлебачаньню і поп-культуры засвоіла, па сутнасьці, заходні сьветагляд. Шмат моладзі падарожнічала, вучылася ці працавала ў Эўропе ці Паўночнай Амэрыцы, і большасьць яе ня бачыць альтэрнатывы дэмакратыі.

Натхнёнае ператварэньнем заходніх суседзяў сваёй краіны з савецкіх сатэлітаў у чальцоў Эўрапейскага Зьвязу, маладое пакаленьне падтрымала Юшчанкаву візію дэмакратычнай і «эўрапейскай» Украіны. Шмат хто зь іх далучыўся да Памаранчавае рэвалюцыі дзеля жорсткага непрыняцьця карумпаванай напаўаўтарытарнай сыстэмы, што склалася пры Кучму, і расейскага засільля. Украінская моладзь успрыняла выбары 2004 г. як раздарожжа: іх вынік вырашаў, пойдзе Ўкраіна па шляху да заходняй лібэральнай дэмакратыі ці да кансалідаванай аўтакратыі а ля пуцінская Расея.

Яшчэ адной сацыяльнай групай, якая падтрымала Памаранчавую рэвалюцыю, былі дробныя і сярэднія бізнэсоўцы (якіх часта называюць «новымі ўкраінцамі»), якія ўжо даўно і палітычна, і эканамічна пераарыентаваліся на Захад. Яны прагаласавалі за Юшчанку, бо хацелі пакласьці канец усёахопнай карупцыі, палітычна матываваным праверкам з боку ўладаў і высокім падаткам, якія прымушалі іх працаваць у ценявым сэктары эканомікі. Больш за тое, яны бачылі патрэбу разьмежаваць палітыку і бізнэс, пазбавіўшы тым самым алігархаў часткі іх магутнасьці і стварыўшы лепшыя ўмовы для малога і сярэдняга бізнэсу, гатовага гуляць па правілах дэмакратычнай сыстэмы.

РЭЖЫМ ГУБЛЯЕ КАНТРОЛЬ

Як у Сэрбіі і ў Грузіі, у посьпеху Памаранчавай рэвалюцыі вырашальную ролю адыграў нэўтралітэт праваахоўных органаў, а таксама пераход іх супрацоўнікаў на бок пратэстоўцаў. Ува Ўкраіне былы міністар абароны і старшыня СБУ Яўген Марчук першым уцёк з тонучага карабля. Падчас выбарчай кампаніі ён захоўваў маўчаньне, а праз чатыры дні пасьля другога туру галасаваньня, 21 лістапада, зьявіўся на экранах тэлевізараў і абвінаваціў рэжым у выбарчых фальсыфікацыях. Прыклад Марчука перанялі іншыя супрацоўнікі спэцслужбаў, а яго сувязі з правахоўнымі органамі рознага ўзроўню добра паслужылі апазыцыі.

Прыхільнікі Юшчанкі з СБУ забясьпечылі апазыцыю такімі доказамі фальсыфікацыі выбараў, як матэрыялы незаконнага праслухоўваньня тэлефонных размоваў зь «ценявога выбарчага штабу» Януковіча. Гэтая структура была створаная паралельна з афіцыйным выбарчым штабам Януковіча для збору сродкаў звыш заканадаўча вызначанага максымуму, каардынацыі адміністрацыйных і мэдыярэсурсаў, а таксама для ажыцьцяўленьня іншых брудных тэхналёгіяў з мэтай дыскрэдытацыі Юшчанкавай кампаніі. СБУ загадзя паінфармавала Юшчанкаў лягер, а таксама яго групы падтрымкі, што выступае супраць палітычна матываваных спробаў рэжыму сфабрыкаваць іх абвінавачаньні ў тэрарызьме11.

  10 Інтэрвію з Аляксандрам Трацяковым, намесьнікам кіраўніка выбарчага штабу Юшчанкі: Українська правда. 2004. 22 грудня. Гл. таксама: Braychenko, Viktoria. Who Financed the Revolution? // Kyiv Post. 2004. 23 Deсember.

   
Украінская армія захоўвала нэўтралітэт ці, як у выпадку з войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня, штаб якога разьмешчаны ў Львове, адкрыта падтрымала Юшчанку. Міністэрства ўнутраных справаў падзялілася: некаторыя часткі і спэцпадразьдзяленьні перайшлі на бок Юшчанкі, асабліва ў тыдзень пасьля другога туру. Курсанты акадэміі міліцыі адкрыта агітавалі за Юшчанку і зьвярнуліся да войскаў спэцыяльнага прызначэньня з заклікам перайсьці на іх бок. Калі 28 лістапада па трывозе былі выкліканыя 10 000 вайскоўцаў МУС з мэтай разгону акцыі пратэсту на Майдане Незалежнасьці, СБУ адразу папярэдзіла лідэраў апазыцыі аб гэтай правакацыі. Кровапраліцьце і, магчыма, грамадзянская вайна была прадухілена дзякуючы таму, што кіраўніцтва СБУ заклікала камандзіраў аддзелаў войскаў МУС адступіць, а тыя выканалі загад. Аднак сапраўднымі героямі Памаранчавае рэвалюцыі былі Юшчанка і ягоныя прыхільнікі, якія праявілі непахісную адданасьць негвалтоўным мэтадам пратэсту.

Падобна былому прэзыдэнту Грузіі Эдуарду Шэварнадзэ, Кучма цяпер ганарыцца тым, што яго праўленьне скончылася мірным шляхам. Насамрэч і ў тым, і ў другім выпадку неўжываньне гвалту не было абумоўлена велікадушнасьцю адыходзячага лідэра. У сапраўднасьці і ў Шэварнадзэ, і ў Кучмы не было такой падтрымкі, каб спыніць народны пратэст. Напаўаўтарытарныя рэжымы, накшталт таго, які пабудаваў Кучма ўва Ўкраіне, унутрана ўразьлівыя падчас выбараў, бо яны не валодаюць легітымнасьцю, якую дае народная падтрымка. У 2004 г. украінскія ўлады ведалі, што пры свабодных і справядлівых выбарах кандыдат ад апазыцыі здабудзе абсалютную большасьць галасоў ужо ў першым туры галасаваньня. Акурат усьведамленьне гэтага ў спалучэньні са страхам пазбавіцца ўлады паштурхнула рэжым да правядзеньня найбруднейшае выбарчае кампаніі з часу набыцьця Ўкраінай незалежнасьці. Кульмінацыя гэтае кампаніі ў дзень другога туру галасаваньня, 21 лістапада, калі адбыліся масавыя і непрыхаваныя фальсыфікацыі, толькі паказала, наколькі слабым, авантурным і бездапаможным стаў рэжым.

Януковіч са сваёй кампаніяй вельмі недаацанілі ўнутраную і вонкавую рэакцыю на такія нахабныя фальсыфікацыі. Хаця Памаранчавая рэвалюцыя, бесьпярэчна, пачалася ўва Ўкраіне, яе заахвочвала і спрыяла асуджэньне міжнароднай супольнасьцю фальсыфікацыяў вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Украінская апазыцыя таксама натхнялася дадатным досьведам адхіленьня ад улады Эдуарда Шэварнадзэ ў Грузіі й Слабадана Мілошавіча ў Сэрбіі: іх абодвух зрынулі пасьля масавых акцыяў пратэсту, выкліканых іхнымі спробамі ўтрымаць уладу шляхам фальсыфікацыі выбараў. Быўшы яўна спантаннымі, усе тры рэвалюцыі сталі вынікам інтэнсіўных масавых кампаніяў і кааліцыйнага будаўніцтва сярод палітычнае апазыцыі й групаў грамадзянскае супольнасьці. Украінская Памаранчавая рэвалюцыя рыхтавалася колькі гадоў.

Такім чынам, любы аналіз дэмакратычнага прарыву ўва Ўкраіне трэба пачынаць ня з конадня рэвалюцыі ў лістападзе 2004 г., а чатырма гадамі раней, калі ўпершыню былі абнародаваныя ўлікі, якія прывялі да выбуху «Кучмагейту». Акурат чатырохгадовы пэрыяд правядзеньня акцыяў грамадзкага пратэсту падрыхтаваў і даў неабходны досьвед сябром украінскае апазыцыі, каб ачоліць Памаранчавую рэвалюцыю і скіраваць сваю краіну на шлях дэмакратыі і вяртаньня ў Эўропу.

Пераклаў з амэрыканскай Андрусь Клікуноў паводле: Journal of Democracy. Vol. 16. No 2. April 2005

kucma (18K)

  11 Інтэрвію аўтара зь Дзьмітром Пацехіным, кіраўніком моладзевае групы «Знаю!». Кіеў, 24.12.2004.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/05