A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ГАБРЫЕЛЬ ГАРСІЯ МАРКЕС

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Габрыель Гарсія Маркес
Каханьне падчас халеры


Заканчэньне. Пачатак у нумары 4 за 2005 г.

Прачнуўшыся пасьля сіесты, Флярэнтына Арыса яшчэ захоўваў у памяці крыкі какаду, чый пранізьлівы віск супярэчыў прыгажосьці пёраў. Але сьпякотная ціша а чацьвёртай дня была празрыстай, і праз акно спальні вымалёўваўся профіль старажытнага гораду з сонцам на плячох і з бліскучым морам да самай Ямайкі. Аўсэнсія Сантандэр працягнула юрлівую руку, намацваючы прыспанага драпежніка, аднак Флярэнтына Арыса адвёў яе і сказаў: «Ня трэба, у мяне дзіўнае адчуваньне, быццам на нас глядзяць». Яна зноўку спудзіла какаду сваім шчасьлівым сьмехам і адказала: «Такія адгаворкі для Хомкавай жонкі». Яна не прыняла ягоных тлумачэньняў, аднак падначалілася яму, што тут скажаш, і яны доўгі час лашчылі адно аднаго ў цішыні, у асалодзе спакою. А пятай, калі сонца стаяла яшчэ высока, яна саскочыла з ложка, як заўжды, аголеная, з газавым банцікам на галаве, і пайшла на кухню, каб прынесьці чаго папіць, аднак ледзь яна пераступіла парог спальні, як зь ейнага горла вырваўся пранізьлівы енк.

Яна не магла даць веры вачам. У доме засталіся адно падвясныя лямпы. Астатняе: фірмовая мэбля, індыйскія дываны, статуі і габэлены, незьлічоныя рэчы з каштоўных камянёў і шляхетных мэталаў – усё, што ператварала дом у найпрыемнейшае і найгустоўнейшае жытло гораду, літаральна ўсё зьнікла, нават недатыкальны какаду. Маёмасьць вынесьлі праз тэрасу з краявідам на мора, не перашкаджаючы іхным любоўным уцехам. Засталіся толькі пустыя пакоі з чатырма адчыненымі вокнамі і надпіс малярным пэндзлем на сьцяне: «Ну што, датрахаліся?» Капітан Расэнда дэ ля Роса так і ня здолеў зразумець, чаму Аўсэнсія Сантандэр не заявіла пра пакражу, не спрабавала наладзіць кантактаў з гандлярамі крадзеным і не дазваляла нават згадваць пра той выпадак.

Флярэнтына Арыса працягваў наведваць абкрадзены дом, дзе мэблю складалі тры скураныя табурэты, забытыя злодзеямі на кухні, і спальня, дзе яны знаходзіліся ў дзень здарэньня. Але наведваньні ўжо не былі такімі частымі, як раней, і не праз спустошанасьць, як яна меркавала і казала яму, а праз навінкі пачатку новага стагодзьдзя – трамвай на мулах, які стаўся шчодрым і арыгінальным гняздом вольных птушак. Ён езьдзіў трамваем чатыры разы на дзень, двойчы ў кантору і двойчы – дамоў, і почасту, пакуль чытаў альбо рабіў выгляд, што чытае, яму ўдавалася наладзіць першы кантакт для далейшай сустрэчы. Пазьней, калі на распараджэньне дзядзькі Леона ХІІ яму вылучылі экіпаж з параю бурых мулаў у пазалочаных гунях, як у прэзыдэнта Рафаэля Нуньеса, ён пакутаваў ад настальгіі па часох трамвая – самых плённых у ягоных прыгодах паляўнічага. Ён меў рацыю: няма горшага ворага для патаемнай любові, чымся экіпаж, што чакае цябе ля дзьвярэй. Каб пазбавіцца ад гэтае перашкоды, ён амаль заўсёды пакідаў экіпаж каля дому і ўпотайкі ішоў пешшу на паляваньне, кружляў па горадзе, толькі б не пакінуць у пыле сьлядоў ад колаў. Таму ён з такім замілаваньнем прыгадваў стары трамвай са змучанымі пляшывымі муламі, бо ў ім дастаткова было акінуць салён позіркам, каб даведацца, дзе цябе чакае каханьне. Аднак сярод мноства пяшчотных успамінаў ён ня мог абмінуць безабаронную птушачку, імя якой так і не спытаў, бо давялося пражыць зь ёю толькі палову бурлівае ночы, чаго хапіла, каб азмрочыць да скону наіўна-бязладную радасьць карнавалу.

Яна зьвярнула на сябе ўвагу абыякавасьцю сярод агульнага сьвяточнага ўзбуджэньня. Ёй было гадоў дваццаць, і па ёй нельга было сказаць, што ў горадзе адбываецца карнавал, хіба што адмыслова ўбралася пад нябогу: ейныя вельмі сьветлыя і даўгія валасы натуральна спадалі на плечы, а апранутая яна была ў белую туніку з простае тканіны без упрыгожваньняў. Яе зусім не цікавіла музыка, што тарабаніла па вуліцах гораду, рысавая пудра і цуркі вады, якімі вясёла абпырсквалі пасажыраў трамвая, мулы якога, белыя ад крухмалу, працягвалі свой шлях з кветкавымі капелюшамі ўсе тры дні радаснага шаленства. Карыстаючыся з гармідару, Флярэнтына Арыса запрасіў яе на марозіва, бо ня думаў, што яна пойдзе на большае. Яна паглядзела на яго безь зьдзіўленьня і сказала: «З задавальненьнем, але папярэджваю – я вар’ятка». Ён прыняў жарт, пасьмяяўся і павёў яе глядзець парад карнавальных карэтаў з балькону кавярні. Потым апрануў узятае напракат кароткае даміно, і яны зьліліся з натоўпам, што танчыў на Мытным пляцы, і весяліліся разам, нібыта толькі што заручоныя, бо ейная абыякавасьць з наступам шумнае ночы абярнулася вялікай радасьцю: яна танчыла, як прафэсіяналка, праяўляючы багатае ўяўленьне і вясёлую адвагу, адным словам, была самім зачараваньнем.

– Ты не ўяўляеш, у якую гісторыю ты са мной уліпнуў, – крычала яна, паміраючы ад сьмеху ў пякельным гармідары карнавалу. – Я ж вар’ятка з дурдому.

Флярэнтына Арыса адчуваў, што гэта была ноч вяртаньня да нявінных хлапчуковых авантураў, калі каханьне яшчэ не спрычыніла няшчасьця. Аднак ён ведаў, хутчэй інтуітыўна, чымся з досьведу, што такое лёгкае шчасьце не магло трываць доўга, так што да таго, як весялосьць пачала згасаць, калі толькі пачалі ўручаць прызы за найлепшыя строі, ён прапанаваў дзяўчыне пайсьці сустракаць золак на маяку. Яна адразу ж пагадзілася, але толькі пасьля ўручэньня прызоў.

Флярэнтына Арыса быў цалкам пэўны, што затрымка ўратавала яму жыцьцё. Насамрэч, дзяўчына падала яму знак, маўляў, хадзем, калі два санітары і мэдсястра псыхіятрычнае клінікі «Боская пастырка» накінуліся на яе. Яе шукалі з моманту ўцёкаў а трэцяй дня, і ня толькі яны, а ўсе сілы грамадзкага парадку. Яна адсекла галаву вартаўніку і цяжка параніла яшчэ двух супрацоўнікаў клінікі мачэтэ, якое выхапіла ў садоўніка, бо ёй дужа хацелася патанчыць на карнавале. Але нікому з пагоні ні разу не прыйшло да галавы, што яна пусьціцца ў скокі проста на вуліцы, думалі, што яна стаілася і сьвяткуе карнавал у адным з дамоў, дзе бывала раней, і паліцыя абшукала тыя дамы літаральна да цыстэрнаў для пітное вады.

Скруціць яе выявілася няпростай справай. Яна баранілася садовымі нажніцамі, якія хавала пад вопраткай на грудзях, і спатрэбілася шасьцёра мужчынаў, каб нацягнуць на яе ўтаймоўную кашулю, а натоўп на Мытным пляцы ў гэты час пляскаў у далоні і сьвісьцеў ад радасьці, бо людзі падумалі, што крывавая бойка была адной з карнавальных пастановак. Флярэнтына Арыса стаяў, і сэрца ў яго шчыміла ад спагады, таму ад Попельнай серады* ён стаў хадзіць на вуліцу, дзе месьцілася клініка, са скрыначкай шакалядных цукерак для яе. Ён разглядаў хворых, што сыпалі на яго з высокіх вокнаў адборнай лаянкай ці камплімэнтамі, і дражніў іх цукеркамі, спадзеючыся, што на пошум у закратаванае акно выгляне і яна. Але ён больш ніколі яе ня бачыў. Калі праз колькі месяцаў пасьля здарэньня ён выходзіў з трамвая, маленькая дзяўчынка, што шпацыравала з бацькам, папрасіла ў яго цукерку. Бацька штосьці буркнуў дзяўчынцы і перапрасіў у Флярэнтына Арысы, але той аддаў усю скрынку, падумаўшы, што ўчынак пазбавіць яго ад горычы, і супакоіў бацьку, паляпаўшы яго па плячы.

  Габрыель Гарсія Маркес (9K) (нар. у 1928) – калюмбійскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1982). Раман «Каханьне падчас халеры» выйшаў друкам у 1985 годзе. Летась правы на яго экранізацыю былі выкупленыя адной галівудаўскай кампаніяй за 3 млн даляраў ЗША.

Пераклад раману на беларускую мову – апошні з большых твораў у сваім жыцьці – зьдзейсьніў славуты перакладчык і грамадзкі дзеяч Карлас Шэрман

   
– Цукеркі былі для маёй каханкі, каб ёй бакі парвала, – патлумачыў ён.

Кампэнсацыяй, быццам дасланай лёсам, зрабілася для Флярэнтына Арысы сустрэча ў трамваі зь Леонай Касіяні, якая сталася адзінай сапраўднай жанчынай у ягоным жыцьці, хоць ні ён, ні яна так і не даведаліся пра гэта: яны ніколі не кахаліся. Ён адчуў яе раней, чымся ўбачыў, вяртаючыся дамоў трамваем а пятай гадзіне: матэрыялізаваны позірк мурынкі крануў яго, нібы тыцнуў пальцам. Ён узьняў вочы і заўважыў яе ў супрацьлеглым канцы вагона, адразу адзначыўшы яе сярод іншых пасажыраў. Яна не адвяла вачэй, насупраць, глядзела на яго так нахабна, што ён мог падумаць адно тое, што і падумаў: мурынка, маладая ды гожая, але прастытутка, няма сумневу. І выкрасьліў яе са свайго жыцьця, бо не ўяўляў сабе нічога больш гнюснага, чымся каханьне за грошы: ён не рабіў гэтага ніколі.

Флярэнтына Арыса выйшаў на Карэтным пляцы, канцавым прыпынку трамвая, і шпарка нырнуў у гандлёвы лябірынт. Маці чакала яго а шостай, але калі ён прашыў натоўп і аказаўся ў другім баку, дык пачуў вясёлы перагук жаночых абцасаў па брукаванцы і павярнуўся, каб упэўніцца ў тым, у чым ужо быў упэўнены: гэта была яна. Мурынка была апранутая, нібыта рабыні на гравюрах, – сукенка з фальбонкамі, якую яна ўскідвала, бы ў танцы, калі пераскоквала вулічныя лужыны, дэкальтэ, што агаляла ейныя плечы і шыю ў каляровых каралях, ды белы турбан. Ён ведаў такіх па матроскім гатэлі. Почасту з самага ранку і да шостай вечара яны сядзелі галодныя, і ім не заставалася нічога іншага, як карыстацца сваёй адзінай зброяй – сэксам, як дарожны рабаўнік карыстаецца фінкай: яны хапалі за горла першага сустрэчнага і патрабавалі: чэлес альбо сьмерць. Каб канчаткова пераканацца, Флярэнтына Арыса зьмяніў напрамак, зьвярнуўшы ў пусты Ліхтарны завулак, і яна пайшла за ім, набліжаючыся з кожным крокам. Тады ён спыніўся, павярнуўся і загарадзіў ходнік, абапіраючыся рукамі на парасон. Яна стала перад ім.

– Ты памылілася, прыгажуня, – сказаў ён, – я ня твой кліент.

– Само сабой, – адказала яна, – на тваім твары гэта напісана.

Тут Флярэнтына Арыса прыгадаў фразу, пачутую ў маленстве ад сямейнага доктара, яго хроснага бацькі, з нагоды хранічнага запору: «Чалавецтва дзеліцца на тых, хто сярэ добра, і тых, хто сярэ дрэнна». На гэтай выснове доктар пабудаваў цэлую тэорыю пра характары і ўважаў яе больш дакладнай, чым астралёгія. Але пазьней дасьведчаны ўжо Флярэнтына Арыса перайначыў фразу: «Чалавецтва дзеліцца на тых, хто трахаецца, і тых, хто ня трахаецца». Да апошніх ён ставіўся зь недаверам: калі яны выбіваліся з наежджанай каляіны, гэта было для іх такой навіною, што яны выхваляліся сваёй любоўю, нібыта самі вынайшлі яе. Тыя, хто займаўся ёю звычайна, насупраць, жылі адно для любові. Яны адчувалі сябе так добра, што маўчалі, як магілы, бо ведалі, што ад уласнае стрыманасьці залежыць іхнае жыцьцё. Яны ніколі не распавядалі пра свае подзьвігі, не давяраліся нікому, і іх уяўная абыякавасьць дасягала такой ступені, што да іх прыліпала слава імпатэнтаў, недаробкаў, а то і сарамлівых пэдэрастаў, як у выпадку з Флярэнтына Арысам. Аднак яны радаваліся падобным памылковым чуткам, і памылка таксама іх бараніла. Яны складалі замкнёную лёжу, сябры якой пазнавалі адзін аднаго ва ўсім сьвеце надта проста, хоць і размаўлялі на розных мовах. Вось чаму Флярэнтына Арыса не зьдзівіўся, пачуўшы адказ жанчыны: яна была свая і, адпаведна, ведала, што ён гэта разумее.

Але тады ён памыліўся, і сьвядомасьць будзе нагадваць яму пра гэта няўмольна, штогадзіны ажно да скону. Яна хацела не любові, і тым больш – ня аплачванае любові, ёй патрэбна была праца, любая, за любыя грошы, у Карыбскай параходнай кампаніі. Флярэнтына Арысе зрабілася гэтак сорамна за свае паводзіны, што ён павёў яе да кіраўніка аддзелу кадраў, і той даў ёй стаўку найніжэйшай катэгорыі ў агульным аддзеле, і яна выконвала службовыя абавязкі сур’ёзна, сьціпла і старанна на працягу трох гадоў.

Кантора КПК з дня ейнага заснаваньня знаходзілася каля рачнога прычалу, які нічога агульнага ня меў з марскім портам альбо з рынкавым прычалам на беразе бухты Прывідаў і месьціўся на супрацьлеглым беразе бухты. Будынак быў драўляны, з двухсхільным цынкавым дахам, адным доўгім бальконам на слупах з боку фасаду і некалькімі вокнамі, забранымі мэталічнаю сеткай, празь якія было відаць караблі ля прычалу, нібыта карціны, што віселі на сьценах. Калі немцы, заснавальнікі фірмы, збудавалі дом, дык пафарбавалі дах чырвонай фарбай, а драўляныя перагародкі – блішчастымі бяліламі, так што будынак чымсьці нагадваў рачны карабель. Пазьней яго цалкам перафарбавалі ў сіні колер, і да таго часу, калі Флярэнтына Арыса паступіў на працу ў кампанію, дом ператварыўся ў пыльны барак няпэўнай афарбоўкі, а на ржавым даху віднеліся латы з новых лістоў гонты. За будынкам, у патынкаваным дворыку, які абнесьлі сеткай, нібы загарадзь для курэй, знаходзіліся два склады пазьнейшае пабудовы. У глыбіні двара праходзіў закрыты смуродны канал, дзе гнілі адкіды рачнога суднаходзтва, што назьбіраліся за паўстагодзьдзя. Гэта былі парэшткі гістарычных параходаў ад самых прымітыўных, аднатрубных, пры ўрачыстым спуску на ваду якіх прысутнічаў Сымон Балівар, і да пазьнейшых, што мелі ўжо электрычныя вэнтылятары ў каютах. Бальшыню зь іх пасьпелі разабраць, каб выкарыстаць матэрыялы на іншых караблёх, але шмат зь іх былі ў такім добрым стане, што, здавалася, варта іх пафарбаваць, і льга было зноўку пускаць у навігацыю. Толькі разам з ігуанамі і з зарасьцямі вялізных жоўтых кветак, якія надавалі годным караблям налёт настальгіі.

На другім паверсе будынку знаходзіўся адміністрацыйны аддзел – у памяшканьнях маленькіх, але ўтульных і добра абстаўленых, падобных на карабельныя каюты: дом збудавалі не звычайныя дойліды, а інжынэры-карабельнікі. Пры канцы калідору, нароўні з усімі, у такім жа малым кабінэце працаваў дзядзька Леон ХІІ. Розьніца была толькі ў тым, што раніцой на ягоным пісьмовым стале заўжды зьяўлялася шкляная вазачка з духмянымі кветкамі, якія ён любіў. На першым паверсе зьмяшчаўся пасажырскі аддзел з пачакальняй, абсталяванай простымі лавамі і прылаўкам для продажу квіткоў і прыёму багажу. У самым канцы месьціўся няпэўны агульны аддзел, назва якога сама наводзіла на думку пра няяснасьць ягонага прызначэньня, туды сьцякаліся на павольную сьмерць праблемы, якія не вырашаліся ў іншых аддзелах прадпрыемства. Тамака і сядзела за школьнай партай Леона Касіяні, забытая сярод мяхоў з маісам, заваленая рознымі бязглуздымі паперамі, у той дзень, калі дзядзька Леон ХІІ вырашыў асабіста разабрацца і хоць штосьці прыдумаць, – на што ж можа згадзіцца агульны аддзел. Пасьля трох гадзінаў падрабязных запытаў, абстрактных прапановаў і канкрэтнага разбору з усімі супрацоўнікамі ў поўным складзе ён вярнуўся да сябе, з горыччу прызнаўшыся ў тым, што ён усё-ткі не знайшоў вырашэньня праблемаў, а наадварот, выявіў новыя пытаньні, якія не паддаваліся вырашэньню.

На наступны дзень Флярэнтына Арыса ўвайшоў у свой кабінэт і ўбачыў на стале справаздачу Леоны Касіяні, якая пакорліва прасіла азнаёміцца са зьместам дакумэнту і пасьля паказаць дзядзьку, калі яму гэта падасца мэтазгодным. Яна адна ня вымавіла ні слова падчас рэвізійнага сходу наконадні. Яна сьвядома і з годнасьцю прытрымлівалася рамак свайго становішча, бо працавала з чужой ласкі, але змаўчала не таму, што ёй не было чаго сказаць, а дзеля захаваньня службовае герархіі ў аддзеле. Ейныя высновы ўразілі яго. Дзядзька Леон ХІІ вырашыў правесьці глыбокую рэарганізацыю, але Леона Касіяні думала інакш: паводле элемэнтарнай лёгікі, агульнага аддзелу, у сутнасьці, не існавала, ён быў толькі месцам звальваньня запушчаных, але нязначных справаў, якіх пазбываліся астатнія аддзелы. Слушным рашэньнем, адпаведна, было б закрыцьцё агульнага аддзелу і вяртаньне справаў для вырашэньня ў аддзелы, якія іх і спарадзілі.

Дзядзька Леон ХІІ зусім ня ведаў, хто такая Леона Касіяні, і нават не прыгадваў, ці бачыў яе наагул падчас учорашняга сходу, але, толькі прачытаўшы справаздачу, выклікаў яе ў свой кабінэт і прагаварыў зь ёю сам-насам на працягу дзьвюх гадзінаў. Яны размаўлялі аб усім патроху, такім быў ягоны спосаб пазнаньня людзей. Справаздача была адметнай сваім здаровым сэнсам, і рашэньне, якое яна прапанавала, насамрэч прывяло да пажаданых вынікаў. Аднак гэта ўжо Леона ХІІ не цікавіла: яго зацікавіла яна. Больш за ўсё выклікала ўвагу тое, што пасьля пачатковай школы яна вучылася толькі на мадыстку. Апрача таго, яна без настаўніка вывучала ангельскую мову паскораным мэтадам і ўжо тры месяцы займалася на вечаровых курсах машыністак, гэта было новае рамяство зь вялікай пэрспэктывай, як казалі раней пра тэлеграф і – яшчэ да тэлеграфу – пра паравую машыну.

Калі яна пакінула кабінэт, дзядзька Леон ХІІ ужо клікаў яе – ды так ужо надалей і называў, – цёзка Леона. Адным росчыркам пяра ён зьліквідаваў канфліктны аддзел і разьмеркаваў справы сярод тых, хто тыя справы стварыў, адпаведна прапанове Леоны Касіяні, а таксама прыдумаў для яе пасаду бяз назвы і пэўных функцыяў – фактычна яна сталася ягоным асабістым дарадцам. Удзень, пасьля бясслаўнага пахаваньня агульнага аддзелу, дзядзька Леон ХІІ спытаўся ў Флярэнтына Арысы, дзе ён выкапаў Леону Касіяні, і той распавёў яму праўду.

– Дык вярніся ў трамвай і прывядзі мне яшчэ дзьвюх-трох вось такіх жа, – адказаў дзядзька. – Тады, спадзяюся, мы дастанем з марскога дна твой патанулы галеон.

Флярэнтына Арыса ўспрыняў гэта як тыповы жарт дзядзькі, аднак на наступны дзень дазнаўся, што яго пазбавілі пэрсанальнага экіпажа, які быў замацаваны за ім шэсьць месяцаў назад, і зрабілі гэта дзеля таго, каб ён працягваў пошук прытоеных талентаў у трамваі. Леона Касіяні, дарэчы, надта хутка пазбавілася былое сьціпласьці і праявіла ўсё, што так умела хавала цягам першых трох гадоў працы. Яшчэ праз тры гады яна кантралявала ўсё прадпрыемства, а за чатыры наступныя падступіла да дзьвярэй агульнай управы, але ўвайсьці адмовілася, бо ўжо стаяла толькі на адну прыступку ніжэй за Флярэнтына Арысу. Да тае пары яна працавала пад ягоным ачольніцтвам і хацела, каб так было і наперад, хоць насамрэч справы складваліся інакш: сам Флярэнтына Арыса не здагадваўся, што гэта ён падначалены ёй. Ён толькі выконваў ва ўправе тое, што яна падказвала, каб дапамагчы яму прасоўвацца на працы насуперак хітрыкам патаемных супраціўнікаў.

У Леоны Касіяні быў д’ябальскі талент зьведваць таямніцы, і яна заўсёды апыналася там, дзе мусіла быць, менавіта ў патрэбны момант. Яна была дынамічнай, нешматслоўнай, мудрай і пяшчотнай. Але калі ўзьнікала неабходнасьць, з болем у сэрцы давала волю сталёваму характару. Аднак ніколі не карысталася гэтым дзеля сябе. Ейнай адзінай мэтай было любой цаной, цаною крыві, калі не праходзілі іншыя спосабы, расчысьціць лесьвіцу, каб Флярэнтына Арыса ўздымаўся па ёй, як ён колісь задумаў, не разьлічыўшы ўласных сілаў. Яна б зрабіла гэта так ці інакш, зразумела, нібыта з-за неўтаймаванага памкненьня да ўлады, але насамрэч з пачуцьця сардэчнае ўдзячнасьці. Яна ішла да мэты гэтак няўрымсьліва, што Флярэнтына Арыса сам заблытаўся ў ейных камбінацыях. У пэўны цяжкі момант ён спрабаваў перакрыць ёй хаду, мяркуючы, што яна імкнецца скінуць яго. Леона Касіяні паставіла яго на месца.

– Узважце ўсё добра, – сказала яна. – Я магу ўвогуле сысьці, як толькі вы пажадаеце, але ўсё ж вы як сьлед падумайце.

Флярэнтына Арыса тады абмазгаваў становішча, як толькі мог, і склаў зброю. Справа ў тым, што ў гнюснай вайне ўнутры прадпрыемства, якое пакутавала ад хранічнага крызісу, у паразах неўтаймаванага паляўнічага, у ягоных усё менш пэўных ілюзіях, зьвязаных з Фэрмінай Дасай, вонкава непарушны Флярэнтына Арыса ня ведаў ніводнага імгненьня ўнутранага спакою. Ён бачыў чароўную і адважную мурынку, якая, захраснуўшы ў мярзоцьці й каханьні, працягвала сваё змаганьне. Почасту ён употайкі шкадаваў, што яна не аказалася такой, якой ён уявіў яе ў дзень знаёмства, каб можна было плюнуць на прынцыпы і кахаць яе, нават калі б давялося плаціць залатымі самародкамі. Бо Леона Касіяні была такой самай, як тады ў трамваі. Насіла тую ж вопратку няўрымсьлівай мурынкі, тыя ж шалёныя турбаны, завушніцы з падвескамі і касьцяныя бранзалеты, каляровыя каралі і пярсьцёнкі з фальшывымі камянямі на ўсіх пальцах, – адным словам, гэта была тая самая вулічная львіца* . Усё тое, што дадалося да яе з гадамі, якраз ёй вельмі пасавала. Яна плыла ў асьляпляльнай сьпеласьці, ейныя жаночыя чары хвалявалі, цела афрыканкі сталася ядраным. Флярэнтына Арыса і намёкам не выдаваў свайго стаўленьня да яе цягам дзесяці гадоў, нібы гэтак плацячы за пачатковую памылку, і яна дапамагала яму ва ўсім, толькі ня ў гэтым.

  Попельная серада – у каталікоў першы дзень пасьля карнавалу, пачатак Вялікага посту.
   
Аднойчы ўвечары ён застаўся працаваць запозна, як рабіў усё часьцей пасьля сьмерці маці, і, сыходзячы, заўважыў, што ў кабінэце Леоны Касіяні гарыць сьвятло. Ён адчыніў дзьверы бяз стуку, – яна была там, засяроджаная, сур’ёзная, у новых акулярах, якія надавалі ейнаму твару выгляд прафэсаркі. Флярэнтына Арыса здагадаўся з трапяткой радасьцю, што яны ў канторы адны, прычалы былі пустыя, спрадвечная ноч ахінала змрочнае мора, сумны рык карабля чуўся здалёк, да ягонага прыбыцьця міне больш за гадзіну. Флярэнтына Арыса абапёрся рукамі на парасон, як зрабіў тады ў Ліхтарным завулку, загарадзіўшы ёй дарогу, толькі цяпер ён зрабіў так, каб схаваць дрыжыкі ў каленях.

– Скажы мне, ільвіца маёй душы, – сказаў ён, – калі ж мы выйдзем з гэтага становішча?

Яна зьняла акуляры безь зьдзіўленьня, не зьбянтэжылася і асьляпіла яго сваім сонечным сьмехам. Яна ніколі не была зь ім на «ты».

– Ай, Флярэнтына Арыса, – усклікнула яна, – я дзесяць гадоў сяджу тут і чакаю гэтага пытаньня.

Так, ён безнадзейна спазьніўся: мажлівасьць збліжэньня была ў трамваі, потым у тым жа кабінэце, дзе яна сядзела, але цяпер усё мінулася бязь сьледу. Прайшлі незьлічоныя і прытоеныя спрэчкі, жорсткія гнюснасьці, да якіх яна прыбягала дзеля яго, узмацнілася адчуваньне дваццацігадовае розьніцы ў гадах, і Леона таксама састарылася. Яна так яго кахала, што вырашыла не падманваць, а сказаць праўду, няхай і жорсткую.

– Не, – дадала яна. – Гэта было б, нібыта я пераспала з уласным сынам, якога Бог мне ня даў.

Флярэнтына Арыса застаўся са стрэмкаю ў душы, бо не ягонае слова было апошнім. Ён думаў, што калі жанчына кажа «не», дык чакае, каб настойвалі, і толькі потым прымае канчатковае рашэньне, але зь ёю было інакш: ён ня мог рызыкаваць, каб не памыліцца другі раз. Так і сышоў, нібыта нават у добрым гуморы, што далося яму нялёгка. З тае ночы ўсялякі цень, які пралягаў паміж імі, адразу расьсейваўся бяз горычы, і Флярэнтына Арыса, нарэшце, уцяміў, што можна быць сябрам жанчыны безь фізычнае блізкасьці.

Леона Касіяні была адзіным чалавекам у сьвеце, якому Флярэнтына Арысу карцела адкрыць таямніцу пра Фэрміну Дасу. Малое кола людзей, якія ўсё ведалі, за прамінулы час пасьпелі на тое забыцца. Трое зь іх зьнесьлі таямніцу ў магілу: маці, якая задоўга да сьмерці страціла памяць; Гала Плясыдыя, якая сканала ў глыбокай старасьці на службе ў Фэрміны Дасы, што была для яе амаль дачкою, дый незабыўная Эскалястыка Даса, якая занесла яму ў малітоўніку першы любоўны ліст, наўрад ці была жывой, бо прайшло зашмат гадоў. Лярэнса Даса, пра якога ён здаўна нічога ня чуў, мог распавесьці ўсё манашцы Францы дэ ля Люс, спрабуючы ўратаваць дачку ад выключэньня са школы, але далейшае распаўсюджаньне таямніцы было малаверагодным. Заставаліся ў сьпісе адзінаццаць тэлеграфістаў далёкае правінцыі, дзе жыла Ільдэбранда Санчас, якія ў тэлеграмах пазначалі іхныя імёны цалкам і дакладныя адрэсы кожнага, і, зрэшты, сама Ільдэбранда Санчас са сваім картэжам няўрымсьлівых кузін.

Чаго ня ведаў Флярэнтына Арыса, дык гэта таго, што доктара Хувэналя Ўрбіна таксама трэба было ўключыць у сьпіс. Ільдэбранда Санчас адкрыла яму таямніцу падчас аднаго зь першых візытаў у горад. Але яна зрабіла гэта так выпадкова і недарэчна, што доктару Ўрбіна нават ня тое, каб заляцела ў адно вуха, а ў другое вылецела, як яна думала, а проста не заляцела ў ніводнае. Ільдэбранда насамрэч назвала Флярэнтына Арысу невядомым паэтам, які, на ейны погляд, меў шанец стацца ляўрэатам Паэтычных гульняў. Доктар Урбіна зь цяжкасьцю прыгадаў, пра каго ішла размова, і яна дадала яму без усялякай неабходнасьці, але й бяз злога намеру, што гэта быў адзіны кавалер Фэрміны Дасы да яго. Яна была ўпэўненая ў тым, што наіўны, імгненны сказ мог выклікаць адно што замілаваньне. Доктар Урбіна адказаў, ня гледзячы на яе: «Я ня ведаў, што гэны тып – паэт». І сьцёр яго з памяці. Між іншым, праз прафэсійную здольнасьць забывацца на многае дзеля этыкі.

Флярэнтына Арыса адзначыў, што ахоўнікі ягонае таямніцы, за выняткам маці, належалі да сьвету Фэрміны Дасы. У ягоным сьвеце ён быў адзін, сам-насам з гэтым невыносным цяжарам, якім яму ня раз карцела падзяліцца, але да тае пары ніхто не заслугоўваў такога даверу. Леона Касіяні была адзіным магчымым кандыдатам, і яму трэба было знайсьці спосаб і спрыяльны выпадак. Ён абдумваў гэта менавіта ў той сьпякотны дзень, калі доктар Хувэналь Урбіна ўзьняўся па стромкай лесьвіцы КПК, прыпыняючыся на кожнай прыступцы празь дзённую сьпякоту, а потым зьявіўся, задыхаючыся, у кабінэце Флярэнтына Арысы, прапацелы з галавы да ног, і сказаў, ледзь дыхаючы: «Здаецца, на нас насоўваецца цыклён». Флярэнтына Арыса бачыў яго часта, ён прыходзіў да дзядзькі Леона ХІІ, але ніколі раней не ўзьнікала такога яснага ўражаньня, што гэтым разам нежаданы візыт меў нейкае дачыненьне да ягонага жыцьця.

Гэта здарылася ўжо той парой, калі доктар Хувэналь Урбіна таксама пераадолеў усялякія рыфы на шляху да прызнаньня па прафэсійнай частцы і абыходзіў горад дом за домам, нібыта жабрак, просячы ўнёскаў на мастацкія імпрэзы. Адзін з самых частых і шчодрых мэцэнатаў быў дзядзька Леон ХІІ, які менавіта ў момант прыходу госьця пачаў сваю штодзённую дзесяціхвілінную сіесту, седзячы ў мяккім крэсьле кабінэту. Флярэнтына Арыса ветліва папрасіў доктара Хувэналя Ўрбіна пачакаць у ягоным кабінэце, што месьціўся побач зь дзядзькавым і быў, у прынцыпе, чымсьці накшталт прыёмнага пакою.

Яны сустракаліся пры розных акалічнасьцях, але ніколі не сядзелі сам-насам, і Флярэнтына Арыса зноў стала моташна ад адчуваньня чужой перавагі. Гэта былі дзесяць бясконца доўгіх хвілінаў, на працягу якіх ён тройчы падымаўся са спадзевам на тое, што дзядзька прачнуўся да пары, і за гэны час выпіў цэлы тэрмас кавы. Доктар Урбіна ад кавы адмовіўся. Ён сказаў: «Кава – гэта атрута». І працягваў гамонку, чапляў адну тэму за другую, ня думаючы пра тое, слухаюць яго ці не. Флярэнтына Арыса ня мог трываць натуральнай шляхетнасьці доктара, красамоўнасьці і трапнасьці ягоных словаў, загадкавага камфарнага духу, абаяльнасьці, дзякуючы якім найбанальнейшыя фразы здаваліся сутнаснымі толькі таму, што выказваў іх ён. Раптам доктар рэзка зьмяніў тэму:

– Ці любіце вы музыку?

І гэтым засьпеў яго зьнянацку. Флярэнтына Арыса не прапускаў ніводнага канцэрту або опэрнага выступу ў горадзе, але не адчуваў сябе здольным падтрымаць размову з дэталёва інфармаваным эрудытам. Ён вельмі любіў модную музыку, асабліва сэнтымэнтальныя вальсы, безумоўна блізкія да ўласных твораў юнацтва, да яго патаемных вершаў. Даволі было пачуць такі вальс аднойчы, быццам бы між іншым, – і потым на працягу многіх бяссонных начэй гучала ў ім няхітрая мэлёдыя, і не знайшлося б сілы нябеснай, здольнай яе спыніць. Але гэта не магло быць сур’ёзным адказам на пытаньне дасьведчанага чалавека.

– Мне падабаецца Гардэль*, – вымавіў Флярэнтына Арыса.

  Гульня словаў: Леона ў перакладзе – ільвіца
   
Доктар Урбіна зразумеў. «Безумоўна, – сказаў ён. – Гардэль цяпер модны». І адышоў ад размовы, пагрузіўшыся ў доўгае пералічэньне сваіх новых праектаў. Ён меў намер ажыцьцявіць іх, як заўсёды, безь дзяржаўнай датацыі, і між іншым заўважыў, што яго прыводзіць у адчай узровень сучасных спэктакляў, асабліва ў параўнаньні з бляскам паказаў мінулага стагодзьдзя. Так яно і было. Ён ужо год прапаноўваў абанэмэнты ў Тэатар камэдыі на трыё Карто–Касальс–Тыбо**, і не было чалавека ва ўрадзе, які б ведаў, хто яны такія. Аднак у тым жа месяцы расхапалі ўсе квіткі на спэктакль трупы дэтэктыўных драмаў Рамона Каральта. Тое ж здарылася з Тэатрам апэрэты і сарсуэлы*** дона Манолы дэ ля Прэсы, а таксама з братамі Сантанэла – ілюзіяністамі-мімамі, якія пераапраналіся на вачох у публікі за час аднае ўспышкі фасфарэсцэнтнага сьвятла. Пайшлі і на Даніз Д’Альтэн, якая называла сябе былой танцоркай Фалі-Бэржэру****, і нават на мярзотнага Урсуса, шалёнага баска, які змагаўся ўрукапашную з магутным быком, якога гадавалі для карыдаў. Скардзіцца, аднак, не было чаго, бо самі эўрапейцы зноўку давалі дурны прыклад сваёй жудаснай вайной, ледзь мы дасягнулі міру пасьля дзевяці грамадзянскіх войнаў за паўстагодзьдзя, якія, калі добра падумаць, былі адной бясконцай вайной. У чароўнай плыні размовы доктара Флярэнтына Арыса для сябе вылучыў перадусім мажлівае адраджэньне Паэтычных гульняў, самай вядомай і трывалай ініцыятывы Хувэналя Ўрбіна з ажыцьцёўленых у мінулым. Флярэнтына Арыса змаўчаў, не хацеў казаць, што сам быў заўзятым удзельнікам штогадовых конкурсаў, якія выклікалі зацікаўленьне слынных паэтаў ня толькі з усёй краіны, але і зь іншых дзяржаваў Карыбскага басэйну.

Як толькі завязалася гамонка, сьпякотнае паветра раптам сталася сьцюдзёным, і бура зь перакрыжаванымі вятрамі страсянула дзьверы і вокны моцнымі парывамі, будынак канторы ўвесь зарыпеў, як ветразьнік у шторм. Доктар Хувэналь Урбіна нібыта і не заўважыў нічога. Быццам выпадкова ён згадаў месяцовыя чэрвеньскія цыклёны і зусім нечакана, нават недарэчы, загаварыў пра ўласную жонку. Яна была ня толькі памочніцай, але і душой ягоных ініцыятываў. Ён сказаў: «Мяне б не было безь яе». Флярэнтына Арыса слухаў, не выдаючы эмоцыяў, выказваў згоду галавою, і не адважыўся вымавіць ані слова з боязі, каб ягоны голас ня здрадзіў яму. Аднак дзьвюх альбо трох фразаў выявілася досыць, каб уцяміць: у доктара Хувэналя Ўрбіна, не зважаючы на вялікую занятасьць, часу было ўдосталь, і ён кахаў жонку, амаль як Флярэнтына Арыса. Усьведамленьне гэтага агаломшыла Флярэнтына. Але ён ня змог адрэагаваць, як хацеў бы, бо сэрца па-блядзку здрадзіла яму, як гэта можа зрабіць толькі чалавечае сэрца: яно адкрыла, што ён і доктар, якога Флярэнтына заўсёды ўважаў за асабістага ворага, былі ахвярамі аднаго лёсу і сплачвалі мыта агульнаму каханьню, нібыта пара валоў пад адным ярмом. Упершыню за дваццаць сем гадоў бясконцага чаканьня Флярэнтына Арыса адчуў нясьцерпна пякельны боль, бо гэты выдатны чалавек мусіць памерці дзеля ягонага шчасьця.

Цыклён прамінуў раптоўна, як і прыйшоў, але за пятнаццаць хвілінаў ягоныя паўночна-заходнія парывы спляжылі цэлыя кварталы каля багнаў і зруйнавалі паўгораду. Доктар Хувэналь Урбіна, задаволены ня першы раз шчодрасьцю дзядзькі Леона ХІІ, не дачакаўся поўнага праясьненьня і няўцям зьнёс парасон Флярэнтына Арысы, які той даў яму, каб дайсьці да пралёткі. Але Флярэнтына не шкадаваў. Насупраць, яго ўзрадавала думка: Фэрміна Даса мусіць задумацца, калі дазнаецца, чый гэта парасон. Ён яшчэ быў усхваляваны, узрушаны сустрэчай, калі Леона Касіяні праходзіла каля ягонага кабінэту, і, натуральна, вырашыў, што вось ён – чаканы выпадак; ён адкрые ёй таямніцу, нібы разаб’е гняздо ластавак, што не давалі жыць, – зараз альбо ніколі. Ён спыніў яе і напачатку спытаў, што яна думае пра доктара Хувэналя Ўрбіна. Яна адказала адразу ж: «Чалавек, заклапочаны мноствам справаў, мажліва, надта заклапочаны, але, хутчэй за ўсё, ніхто ня ведае, пра што ён думае». Затым пагрызла ласьцік алоўка вострымі, буйнымі зубамі вялікае мурынкі і нарэшце паціснула плячыма, нібыта закрываючы пытаньне, якое яе не хвалявала.

– Мажліва, ён выдумляе сабе заняткі, – сказала яна, – каб ня думаць.

Флярэнтына Арыса паспрабаваў затрымаць Леону.

– Мне баліць, што ён мусіць памерці, – выказаў ён.

– Усім наканавана памерці, – адказала яна.

– Зразумела, але яму больш, як каму, – настойваў Флярэнтына.

Яна нічога ня ўцяміла, зноўку паціснула плячыма ды моўчкі пайшла. Тады Флярэнтына Арыса на пэрспэктыву вырашыў, што аднойчы ў будучыні, уначы, ён распавядзе Фэрміне Дасе ў шчасьлівым ложку, што нікому не адкрыў таямніцы іхнага каханьня, нават адзінаму чалавеку, які заслугоўваў права ведаць пра гэта. Не, ён не адкрыецца ніколі, нават самой Леоне Касіяні, і не таму, што не хацеў ёй адчыніць куфар, дзе так надзейна хаваў таямніцу на працягу паўжыцьця. Рэч у іншым: толькі тады ён здагадаўся, што сам згубіў ключ.

Аднак ня гэта сталася самай узрушальнай падзеяй дня. Ён адчуў настальгію па часох далёкага юнацтва, наноў ажыў успамін пра Паэтычныя гульні, якія мелі моцны водгук штогод пятнаццатага красавіка ва ўсім Антыльскім сьвеце. Флярэнтына Арыса быў іх абавязковым удзельнікам, але заўсёды, як амаль ва ўсім, заставаўся ўдзельнікам патаемным. З дня першага конкурсу, дваццаць чатыры гады таму, ён так і не атрымаў нават заахвочвальнага прызу. Але гэта не хвалявала, бо ўдзельнічаў ён ня дзеля амбіцыйнага жаданьня атрымаць прэмію, а таму што спаборніцтва мела для яго дадатковую вартасьць. У першым конкурсе менавіта Фэрміне Дасе даручылі ўскрыць запячатаныя сургучом капэрты і абвясьціць імёны пераможцаў, і яшчэ тады пастанавілі, што падобны гонар належыць ёй і на наступныя гады.

Уначы першага конкурсу Флярэнтына Арыса, схаваўшыся ў прыцемках партэру, з жывой камэліяй, што ўсхвалявана трапятала ў пятліцы пінжака, глядзеў, як Фэрміна Даса расьпячатвала тры капэрты на сцэне старажытнага Нацыянальнага тэатру. Ён спытаў сябе, што адбудзецца ў ейным сэрцы, калі яна раптам высьветліць, што менавіта ён ганаруецца Залатой архідэяй. Ён быў упэўнены, што яна пазнае ягоны почырк і імгненна згадае вечары з вышыўкай пад мігдалавымі дрэвамі сквэрыку, пах засушаных гардэніяў у капэртах, ягоны вальс каранаванай багіні, прынесены ветрам на золку. Але гэтага ня здарылася. Горш за ўсё тое, што Залатой архідэяй, самай вялікай паэтычнай узнагародай, уганаравалі кітайскага імігранта. Публічны скандал, выкліканы неверагодным рашэньнем, паставіў пад сумнеў сур’ёзнасьць спаборніцтва. Але вэрдыкт быў слушным, і аднадушнасьць журы была апраўданая цудоўным санэтам пераможцы.

Ніхто не паверыў, што кітайскі ляўрэат – сапраўдны аўтар санэту. Ён прыехаў на сыходзе мінулага стагодзьдзя, гнаны эпідэміяй жоўтае ліхаманкі, якая зьнішчала насельніцтва Панамы падчас будаўніцтва міжакіянскай чыгункі, прыехаў разам са шматлікімі імігрантамі, якія засталіся ў краіне да самага свайго скону, – яны жылі па-кітайску, памнажаліся па-кітайску і былі гэтак падобныя адзін да аднаго, што ніхто ня мог іх адрозьніць. Напачатку іх было ня больш за дзясятак, некаторыя зь іх – з жонкамі, дзецьмі ды сабакамі, якіх яны елі, але за колькі гадоў чатыры вулкі партовага прадмесьця перапоўніліся новымі і новымі кітайцамі, якія прыяжджалі ў краіну, не пакідаючы сьледу ў мытных рэгістрах. Маладзёны ператварыліся ў шаноўных патрыярхаў гэтак хутка, што ніхто ня мог уцяміць, калі яны пасьпелі састарыцца. Народная інтуіцыя разьдзяліла іх на дзьве клясы: дрэнныя кітайцы і добрыя кітайцы. Дрэнныя трымалі змрочныя партовыя тавэрны, дзе аднолькава можна было паесьці па-каралеўску альбо раптоўна памерці ад стравы з пацучынага мяса з праснакамі са сланечнікавай макухі, і людзі падазравалі, што гэтыя тавэрны служылі адно што шырмаю для гандлю белымі жанчынамі і ўсялякага іншага цёмнага набыцьця-продажу. Добрымі былі кітайцы, якія заснавалі пральні, спадкаемцы сьвятое мудрасьці, што вярталі кашулі чысьцейшымі за новыя, каўнерыкі і манжэткі нагадвалі толькі што спрасаваныя аплаткі. Якраз адзін з гэтых добрых кітайцаў перамог на Паэтычных гульнях, і семдзесят два спаборнікі перажывалі паразу.

Фэрміна Даса, сумеўшыся, зачытала ягонае імя, аднак ніхто яго не разабраў. Ня толькі праз тое, што імя было чужым іхнаму слыху, а таму што так ці інакш ніхто пэўна ня ведаў, як увогуле могуць зваць кітайца. Але доўга думаць не давялося, бо ляўрэат вынырнуў з глыбіні партэру зь нябеснай усьмешкай, што бывае ў кітайцаў, калі яны рана вяртаюцца дамоў. Ён быў настолькі ўпэўнены ў перамозе, што прыйшоў у тэатар у жоўтай кашулі для вясновых абрадаў, каб узьняцца на сцэну. Ён атрымаў Залатую архідэю 750-й пробы і радасна пацалаваў яе пад кпіны недавяркаў. Ляўрэат не засмуціўся. Ён чакаў на сцэне, акамянелы, нібы апостал зь нябёсаў, не драматызуючы ад відавочнай нэгатыўнай рэакцыі, і пры першай паўзе прачытаў верш, які ўганаравалі прэміяй. Ніхто не зразумеў ні слова. Але пасьля новага залпу сьвісту Фэрміна Даса спакойна паўтарыла санэт ціхім, пяшчотным голасам, і зьдзіўленьне авалодала публікай зь першага радка. Гэта быў санэт высакароднага парнаскага паходжаньня, дасканалы, прасякнуты налётам натхненьня, якое магло кіраваць рукой толькі сапраўднага віртуоза. Факт мог мець толькі адно тлумачэньне: хтосьці зь вялікіх паэтаў стварыў санэт жартам, каб пазьдзекавацца з Паэтычных гульняў, і кітаец пагадзіўся на суўдзел, але вырашыў захаваць таямніцу да самае сьмерці. «Камэрцыйная газэта», тыднёвік традыцыйнага кшталту, спрабавала залатаць грамадзянскі гонар эрудаваным, але, хутчэй, сырым эсэ пра старажытны культурны ўплыў кітайцаў у краінах Карыбскага басэйну і іх заслужанае права ўдзельнічаць у Паэтычных гульнях. Эсэ ня выклікала сумневу ў тым, што аўтар санэту і ёсьць названы ляўрэат, і прызнавала гэта ўжо назвай: «Кожны кітаец – паэт». Арганізатары змовы, калі яна мела месца, згнілі ў сваіх магілах разам з таямніцай. Са свайго боку, ляўрэат памёр бяз споведзі ў цалкам усходнім веку і быў пахаваны з Залатой архідэяй, але ён зьнёс і горыч, бо пры жыцьці яму так і не ўдалося дабіцца прызнаньня таго, што ён сапраўды паэт. З прычыны ягонай сьмерці прэса згадала забыты інцыдэнт першых Паэтычных гульняў. Газэты перадрукавалі санэт зь віньеткай у мадэрновым духу, якая адлюстроўвала пухкіх дзеў з залатымі рагамі заможнасьці, а багі-ахоўнікі паэзіі скарысталіся аказіяй, каб расставіць усё па месцах – санэт быў так стрымана ўспрыняты новым пакаленьнем, што ўжо ніхто не сумняваўся: насамрэч напісаў яго нябожчык кітаец.

Флярэнтына Арыса заўсёды зьвязваў той скандал з успамінам пра пышную незнаёмку, што сядзела побач зь ім. Ён заўважыў яе напачатку, але тут жа адвёў позірк, бо страшна хваляваўся, чакаючы вынікаў. Яна выклікала ўвагу пэрлямутравай скурай, шчасьлівым водарам пышнасьці, бязьмежнымі грудзямі сьпявачкі-сапрана са штучнай кветкай магноліі. Яна была ў цеснай вопратцы з чорнага аксаміту, чорнага, як яе прагныя, цёплыя вочы, а валасы былі яшчэ чарнейшыя, сабраныя ззаду цыганскім грабеньчыкам. Кінуліся ў вочы завушніцы-падвескі, каралі ў такім жа стылі і аднолькавыя пярсьцёнкі на пальцах, усе як адзін з бліскучымі штучнымі камянямі, а правую шчаку ўпрыгожвала намаляваная алоўкам радзімка. У мітусьні фінальнай авацыі яна паглядзела на Флярэнтына Арысу са шчырай горыччу.

– Паверце мне, я ад душы шкадую, – шапнула яна.

Флярэнтына Арыса ўсхваляваўся, але ня сутнасьці сказанага, а таму, што хтосьці, выяўляецца, ведаў ягоную таямніцу. Яна ўдакладніла: «Я здагадалася, вельмі дрыжэла кветка ў вас на штрыфэлі, калі ўскрывалі капэрты». Яна паказала плюшавую магнолію, якую трымала ў руцэ, і адкрыла яму сэрца:

– Таму я і зьняла сваю кветку.

Яна ледзь ня плакала ад горычы паразы, але Флярэнтына Арыса, начны паляўнічы, вырашыў зьмяніць ейны настрой.

– Хадземце куды-небудзь, паплачам разам, – прапанаваў ён.

І правёў яе дамоў. Ужо ля парогу, паўтарыўшы, што блізіцца поўнач і на вуліцы ні душы, ён угаварыў даму і быў запрошаны на кілішак брэндзі ды прагляд альбомаў з выразкамі і фатаздымкамі з розных імпрэзаў апошніх дзесяці гадоў. Фокус ужо тады быў стары, але на гэты раз узьнік міжволі, бо яна сама апавядала пра свае альбомы, пакуль яны ішлі пешшу ад Нацыянальнага тэатру. Першае, што прыкмеціў Флярэнтына Арыса, уваходзячы ў гасьцёўню, былі адчыненыя дзьверы ў спальню і ложак з расшытай золатам капай – вялікі ды раскошны, аздоблены бронзавай лістотай. Выгляд спальні, як ні дзіўна, засмуціў яго. Яна, верагодна, здагадалася, бо апярэдзіла Флярэнтына Арысу, шпарка перасекла пакой і зачыніла дзьверы. Потым запрасіла яго заняць месца на канапе, абабітай пярэстым крэтонам, на якой спаў кот, і паклала перад ім на стол калекцыю альбомаў. Флярэнтына Арыса гартаў іх нясьпешна, больш думаў пра наступныя крокі, чым пра тое, што бачыў, раптам узьняў позірк і заўважыў, што вочы дамы поўныя сьлёзаў. Флярэнтына параіў ёй плакаць, колькі заўгодна, без засмучэньня, бо нішто так не палягчае душу, як сьлёзы, толькі ён намякнуў, каб яна разьняволіла гарсэт: ён замінае вольнаму плачу. І пасьпяшаўся ёй на дапамогу, бо гарсэт быў зацягнуты ўздоўж сьпіны крыжаванымі шнуркамі. Яму не давялося расшнуроўваць яе да канца, гарсэт, зрэшты, расслабіўся сам ад унутранага ціску, і яна задыхала ўволю сапраўды астранамічна поўнымі грудзьмі.

Флярэнтына Арыса так ніколі і не пазбыўся страху першае ночы нават у самых мімалётных выпадках і не адразу адважыўся на лёгкую ласку шыі пальцамі; яна здрыганулася з жалобным стогнам расьпешчанае дзяўчыны, не спыняючы плачу. Тады Флярэнтына Арыса пацалаваў яе ў тое самае месца вельмі пяшчотна, нібыта зноўку датыкаўся пальцамі, і ўжо ня змог паўтарыць пацалунак, бо яна прагна павярнулася да яго ўсім сваім манумэнтальным корпусам і абодва пакаціліся ў абдымках па падлозе. Кот прачнуўся на канапе і зь віскатам скочыў на іх. Яны шукалі адно аднаго навобмацак, пасьпешліва, нібыта падлеткі, і знаходзілі, перакатваліся цераз раскінутыя альбомы, апранутыя, потныя, зьвяртаючы ўвагу больш на бязьлітасныя лапы ашалелага ката, чым на вэрхал, які яны ўтваралі сваім любаваньнем. Але ад наступнае ночы, нягледзячы на крывавыя драпіны, яны працягнулі сустрэчы, і лёс пажадаў, каб сустрэчы доўжыліся некалькі гадоў.

Калі Флярэнтына Арысу прыйшло да галавы, што ён прывязаўся да яе і нават пачынае кахаць, яна была ў поўным росквіце сарака гадоў, а яму было ўжо амаль трыццаць. Яе звалі Сара Нар’ега, яна дасягнула пятнаццаці хвілінаў славы ў юнацтве, перамогшы на паэтычным конкурсе зборнікам вершаў пра каханьне жабракоў, які так і застаўся нявыдадзеным. Працавала яна настаўніцай добрых манераў і грамадазнаўства ў дзяржаўных школах. Жыла з заробку і здымала кватэру ў маляўнічым праезьдзе Закаханых старажытнага Гефсэманскага* кварталу. Яна мела некалькі палюбоўнікаў, аднак без сур’ёзных намераў. Наўрад ці чалавек таго асяродку і таго часу ажаніўся б з жанчынай, зь якой пераспаў. Яна таксама ня цешыла сябе ілюзіямі з тае пары, як ейны першы афіцыйны жаніх, якога яна сапраўды кахала, як гэта толькі можна ў васямнаццаць гадоў, уцёк, парушыўшы заручыны за тыдзень да вясельля, і яна засталася з рэпутацыяй падманутае нявесты. Або скарыстанае дзеўкі, як тады казалі. Аднак той першы досьвед, горкі і мімалётны, пакінуў ёй ня сьлед горычы, а асьляпляльную ўпэўненасьць у тым, што ў шлюбе альбо па-за шлюбам, бяз Бога і па-за законам, жыць варта толькі ў тым выпадку, калі маеш мужчыну ў ложку. Больш за ўсё Флярэнтына Арысу займала тое, што ў момант любові ёй было неабходна смактаць дзіцячую соску, каб дасягнуць найвялікшай асалоды. Яны сабралі цэлую вязку сосак рознай велічыні, формы і колеру, якія толькі можна было набыць на рынку, і Сара Нар’ега вешала соскі над ложкам, каб можна было знайсьці навобмацак у патрэбны момант.

  Гардэль, Карляс (1887–1935) – слынны аргентынскі сьпявак, найлепшы выканаўца танга. Загінуў у авіякатастрофе.

Карто, Альфрэд Дэні (1877–1962) – вядомы піяніст і дырыжэр; Тыбо, Жак (1880–1953) – знакаміты францускі скрыпач; Касальс, Пабла (1876–1973) – вялікі гішпанскі віялянчэліст, дырыжэр і кампазытар, склалі выдатнае трыё ў 1905 годзе.

Сарсуэла – від гішпанскае апэрэты.

Фалі-Бэржэр – знакаміты тэатар-вар’етэ ў Парыжы.

   
Хоць яна была свабоднай, як і ён, і, верагодна, ня стала б супрацівіцца, калі б іхная сувязь не хавалася ад людзей, Флярэнтына Арыса з самага пачатку настояў на захаваньні кансьпірацыі. Ён прасьлізваў у дом цераз чорны ход і заўсёды вельмі позна, глыбокай ноччу, а зьнікаў на дыбачках на досьвітку. І ён, і яна разумелі, што ў цесным і густанаселеным доме суседзі ведаюць шмат больш за тое, што ўдаюць. Аднак няхай кансьпірацыя застанецца толькі простай фармальнасьцю, Флярэнтына Арыса быў такім, і такім ён будзе зь любой жанчынай да скону. Ён ні разу не дазволіў сабе ў гэтых адносінах ніводнага правалу, ні зь ёю, ні зь іншымі, выкрыць яго было немажліва. Гэта не было перабольшаньнем: толькі аднойчы ён пакінуў па сабе здрадлівы сьлед – ліст, і гэта магло каштаваць яму жыцьця. Насамрэч ён заўсёды паводзіў сябе, як вечны муж Фэрміны Дасы, муж няверны, але ўпарты, які нястомна змагаўся за вызваленьне ад сваёй залежнасьці, ня здраджваючы, аднак, сваім пачуцьцям.

Падобная замкнёнасьць не магла не спарадзіць чутак. Сама Трансыта Арыса памерла з упэўненасьцю, што ейны сын, зачаты ў каханьні і выхаваны для каханьня, меў стойкі імунітэт да ўсялякіх праяваў пачуцьця з-за першай юнацкай няўдачы. Аднак менш зычлівыя людзі зь яго блізкага кола, знаёмыя зь ягоным загадкавым характарам і цягай да містычнай вопраткі ды дзіўных парфумаў, падзялялі падазрэньне ў тым, што ягоны імунітэт тычыцца не любові, а жанчын. Флярэнтына Арыса ведаў пра гэта і ніколі нічога не зрабіў дзеля абвяржэньня. Гэта не турбавала і Сару Нар’егу. Яна прымала яго, як усе незьлічоныя жанчыны, якія задавальнялі яго, не разьлічваючы на асаблівыя пачуцьці, як мужчыну часовага. Урэшце, Флярэнтына стаў зьяўляцца ў ейным доме а любой гадзіне дня і ночы, часьцей за ўсё – у нядзелю зраньня, у самы спакойны час. Яна адразу кідала тое, чым займалася, і аддавала сябе дарэшты, каб зрабіць яго шчасьлівым на вялізным размаляваным ложку, які заўжды чакаў яго і на якім не было месца царкоўным абмежаваньням. Флярэнтына Арыса ня мог зразумець, як незамужняя жанчына з такім малым досьведам магла столькі ведаць пра жаданьні мужчынаў і як яна давала рады свайму салодкаму целу, якое рухалася ў ложку так лёгка, бы рыбіна ў вадзе. Яна адказвала яму, што майстэрства кахаць, перадусім, ёсьць прыроджаным талентам: «Ты альбо нараджаесься з гэтай ведай, альбо так і памрэш невукам». Флярэнтына Арысу ажно круціла ад думкі, што яна, магчыма, была больш дасьведчанай, чым удавала, але ён мусіў суцішваць сваю рэўнасьць, бо і сам сказаў ёй, як казаў усім сваім жанчынам, што яна была ягонай адзінай каханкай. Акрамя шмат чаго іншага, што было яму не даспадобы, Флярэнтына мусіў зьмірыцца з прысутнасьцю ў ложку разьюшанага ката, якому Сара Нар’ега сточвала кіпцюры, каб ён іх не разьдзёр, пакуль яны кахаліся.

Аднак акрамя заўсёднае прагі давесьці сябе ў ложку да зьнямогі, яна аддавала сябе ўсю пакутам паэзіі. І ня толькі мела дзівосную памяць на сэнтымэнтальныя вершы таго часу, што прадаваліся ўсё новымі двухграшовымі брашурамі на вуліцах гораду, але і прыколвала да сьценаў шпількамі самыя кранальныя зь іх, каб чытаць услых у любы час. Яна пераклала тэксты падручніка па добрых манерах і лекцыі грамадазнаўства на мову клясычнай паэзіі паўнагучнай рыфмай, але не дабілася афіцыйнага прызнаньня. Часам яе так даводзіў дэкляматарскі сьверб, што яна працягвала выкрыкваць радкі падчас любоўных уцехаў, і Флярэнтына Арыса змушаны быў усоўваць ёй у рот соску гвалтам, як робяць зь дзецьмі, каб перасталі плакаць.

У разгар іхнай сувязі Флярэнтына Арыса спытаў сябе, які з двух станаў льга лічыць любоўю – стан буйных любоўных уцехаў альбо спакой вечарамі ў нядзелю, і Сара Нар’ега супакоіла яго простым аргумэнтам, маўляў, што б мы ні рабілі аголенымі, гэта і будзе любоў. І дадала: «Для любові душэўнай – вышэй за талію, для любові цялеснай – ніжэй». Гэтае ўласнае вызначэньне здалося ёй удалай тэмай для паэмы пра шчасьлівае каханьне, яны напісалі паэму ў чатыры рукі, і Сара Нар’ега прадставіла яе на V Паэтычных гульнях, упэўненая ў тым, што ніхто такой арыгінальнай паэмы ніколі не абіраў. І зноўку прайграла.

Флярэнтына Арыса правёў яе дамоў, і ўсю дарогу яна гнявілася. Ня могучы таго патлумачыць, яна была ўпэўненая ў тым, што ёй не далі прэміі праз інтрыгі Фэрміны Дасы. Флярэнтына Арыса не зьвяртаў на яе ўвагі, ён пагрузіўся ў змрочны настрой з моманту ўручэньня ўзнагароды, бо вельмі даўно ня бачыў Фэрміны Дасы, і той ноччу ў яго склалася ўражаньне, што яна глыбока зьмянілася: упершыню няўзброеным вокам можна было заўважыць, што, як ні круці, яна маці. Гэта не было навіной для яго, бо ён ведаў, што ейны сын ужо ходзіць у школу. Аднак мацярынскі век раней не здаваўся яму так відавочным, як цяперака, мяркуючы не адно па памерах таліі, зьменах у хадзе, а й па тым, што ёй не ставала паветра пры чытаньні вынікаў конкурсу.

Каб дакумэнтальна падмацаваць свае ўражаньні, ён наноў перагледзеў альбомы, прысьвечаныя Паэтычным гульням, пакуль Сара Нар’ега гатавала вячэру. Ён разглядаў хромалітаграфіі з часопісаў, зжаўцелыя паштоўкі, што прадаваліся, як сувэніры, ля Натарыяльнае брамы, і гэта было нібыта прывідным пераглядам фальшу ягонага ўласнага жыцьця. Да тае пары ён трымаўся ілюзіі, што ўвесь сьвет старэе, мяняюцца звычаі, моды, толькі не яна. Але цяпер ён упершыню сьвядома ўгледзеў, што і жыцьцё Фэрміны Дасы мінае, і ягонае жыцьцё зьбягае, а ён толькі і робіць, што чакае. Ніколі ён не гаварыў пра яе ні з кім, бо разумеў, што ня здольны вымавіць ейнае імя так, каб людзі не заўважылі, як ён хвалюецца, – нават вусны зьбялелі б. Але ў той вечар, калі ён разглядаў альбомы ўжо соты раз вечарамі падчас нядзельнай нудоты, Сара Нар’ега чарговым разам выпадкова ўжыла тое трапнае вызначэньне, ад якіх стыла кроў.

– Яна сапраўдная прастытутка, – сказала яна.

Яна выказала гэта мімаходзь, убачыўшы здымак, на якім Фэрміна Даса на маскарадным балі была ў вопратцы чорнай пантэры, і Сары не давялося называць імя, каб Флярэнтына Арыса здагадаўся, пра каго яна сказала. Баючыся выкрыцьця, якога страшыўся ўсё сваё жыцьцё, ён паспрабаваў быў асьцярожна бараніць Фэрміну. Адзначыў толькі, што ён амаль ня ведаў Фэрміны Дасы – знаёмства зводзілася да фармальных вітаньняў – і нічога ня ведаў пра ейнае асабістае жыцьцё, але думаў, што гэта цудоўная жанчына, якая стварыла сябе зь нічога, дзякуючы ўласным вартасьцям.

– Дзякуючы шлюбу па разьліку з чалавекам, якога не кахае, – перарвала яго Сара Нар’ега. – Гэта самы агідны ўзор прастытуцыі.

Не такімі рэзкімі словамі, але таксама ў тоне суворай маралі маці казала Флярэнтына Арысу тое самае, спрабуючы сьцішыць ягонае гора. Узрушаны, ён не знайшоў адпаведнага адказу на словы бязьлітаснай Сары Нар’егі і вырашыў зьмяніць тэму. Аднак Сара Нар’ега не паддалася і працягвала паліваць брудам Фэрміну Дасу, пакуль не адвяла душу. Усплёск інтуіцыі, які Сара Нар’ега ня здолела б вытлумачыць, падказваў: Фэрміна Даса зладзіла змову, каб не даваць ёй прэміі. Прычынаў для такога сьцьверджаньня не было: яны не былі знаёмыя, ня ведалі адна адну ў твар, і Фэрміна Даса ня мела ніякага дачыненьня да конкурснага вэрдыкту, хоць была ў курсе справаў журы. Сара Нар’ега дадала безапэляцыйным тонам: «Мы, жанчыны, – празарлівіцы». І гэтым спыніла спрэчкі.

Тады Флярэнтына Арыса і яе ўбачыў іншымі вачыма. Для яе таксама міналі гады. Няўрымсьлівая натура бясслаўна марнела, гадамі стрымванае каханьне вымушала яе ўсхліпваць, на павекі ўжо леглі цені мінулай горычы. Гэта была ўчорашняя кветка. Апрача таго, ад гневу паразы яна страціла лік кілішкам брэндзі. Гэта не была ейная ноч: пакуль елі падагрэты ёю рыс з какосам, яна спрабавала высьветліць унёсак кожнага ў стварэньне паэмы, каб дазнацца, колькі пялёсткаў Залатой архідэі яны маглі атрымаць паасобку. Не ўпершыню яны пускаліся ў беспрадметныя дыскусіі, але ён скарыстаўся выпадкам з тым, каб гаварыць, вярэдзячы адкрытую рану абразы. Вось так яны схапіліся ў бязглуздай спрэчцы і прыгадалі ўсе дробныя крыўды, што назапасіліся за пяць гадоў любоўнае сувязі.

Заставалася дзесяць хвілінаў да поўначы, калі Сара Нар’ега стала на крэсла, завяла насьценны гадзіньнік і паправіла стрэлку на вока, верагодна, з намерам сказаць яму бяз словаў, што час сыходзіць. Тады Флярэнтына Арыса адчуў тэрміновую неабходнасьць вырваць з карэньнем гэную сувязь безь любові і стаў шукаць зачэпку, каб узяць ініцыятыву ў свае рукі, – так ён дзейнічаў заўсёды. Ён маліў Бога, каб Сара Нар’ега паклікала ў ложак – вось тады ён бы сказаў ёй, што не, усё скончана, – ён папрасіў яе, калі яна спусьцілася з крэсла, прысесьці побач. Аднак яна вырашыла трымацца на адлегласьці і села ў крэсла для гасьцей. Тады Флярэнтына Арыса працягнуў ёй указальны палец, абмакнуўшы яго ў брэндзі, – Сара Нар’ега любіла ссаць яго ў прэлюдыях любові. Яна адвярнулася.

– Ня трэба, – сказала яна, – я чакаю чалавека.

З тае пары, як яму адмовіла Фэрміна Даса, Флярэнтына Арыса навучыўся пакідаць за сабой апошняе слова. Пры менш горкіх абставінах ён бы дабіўся згоды Сары Нар’егі і завяршыў бы ноч зь ёю ў раскошным ложку, бо ён быў упэўнены ў тым, што жанчына, якая аднойчы легла з мужчынам, і надалей будзе спаць зь ім, толькі б мужчына таго захацеў ды здолеў абудзіць ейную пяшчоту. Ён напакутаваўся дзеля ўласнае ўпэўненасьці, ішоў на што заўгодна нават пры самых цёмных прыгодах, толькі б не даваць аніводнай жанчыне мажлівасьці сказаць апошняе слова. Але тае ночы ён адчуў сябе гэтакім зьняважаным, што ўраз выпіў брэндзі, паказваючы, як толькі мог, сваю крыўду, і пайшоў моўчкі, нават не разьвітаўшыся. Яны больш ніколі ня бачыліся.

Сувязь Флярэнтына Арысы з Сарай Нар’егай была адной з найдаўжэйшых і найстабільнейшых, хоць і не адзінай за тыя пяць гадоў. Калі ён зразумеў, што яму зь ёю добра, перадусім у ложку, але што яна ніколі не заменіць яму Фэрміны Дасы, ягоныя ночы самотнага паляўнічага зноў пачасьціліся, і ён даваў рады часу і сілам, дзе толькі мог. Аднак Сара Нар’ега сталася на пэўны час цудам палёгкі. Ва ўсялякім разе на той час ён здолеў жыць, ня бачачы Фэрміны Дасы, чаго раней не ўдавалася: ён у любы момант мог кінуць свае справы, каб выйсьці шукаць яе там, дзе падказвала ягонае прадчуваньне. Шукаў ён яе на самых невергодных вулках, у месцах, дзе яе быць не магло, бяздумна хадзіў з такою нудой у душы, што ня мог знайсьці спакою, пакуль ня ўгледжваў яе хоць на хвілю. Расстаньне з Сарай Нар’егай зноў патрывожыла яго прыспаныя летуценьні, і ён зноўку адчуў сябе, як у тыя вечары бясконцага чытаньня ў сквэрыку, але гэтым разам усё стала складанейшым праз думку пра тое, што доктар Хувэналь Урбіна мусіць памерці.

Здаўна Флярэнтына Арыса ведаў, што ягоны лёс – ашчасьлівіць удаву, якая ашчасьлівіць і яго, але гэта ніяк не турбавала яго. Наадварот, ён быў да гэтага падрыхтаваны. Ён так добра ведаў іх па сваіх прыгодах, што ўрэшце ўпэўніўся: сьвет поўны шчасьлівых удоваў. Ён бачыў, як яны шалелі ад гора, калі хавалі мужа, як малілі, каб іх пахавалі жыўцом у той жа труне і пазбавілі такім чынам ад бядотаў змрочнае будучыні, але паступова прыходзіла замірэньне з рэальнасьцю новага становішча, і яны адраджаліся з попелу, праяўлячы маладую жывучасьць. Яны пачыналі жыць, нібыта інсэкты ў цені вялізных пустых дамоў, выслухоўвалі споведзі прыслужніц, лашчылі пустыя падушкі і пакутавалі ад адсутнасьці клопатаў пасьля мноства гадоў бясплённага рабства. Яны марнавалі час, прышываючы гузікі да вопраткі нябожчыка, чаго раней ніколі не пасьпявалі зрабіць, бясконца прасавалі кашулі з накрухмаленымі каўнерыкамі і манжэткамі, каб яны віселі ў ідэальным парадку. Працягвалі класьці ў прыбіральні мыла, якое ён любіў, мянялі навалкі зь ягонай манаграмай у ложку, ставілі прыбор там, дзе ён звычайна сядаў за стол, на выпадак, калі ён раптам вернецца адтуль без папярэджаньня, як рабіў пры жыцьці. Але ў тых рытуалах самоты яны пачыналі ўсьведамляць, што зноў атрымалі свабоду пасьля таго, як адмовіліся ня толькі ад свайго прозьвішча, але і ад сваёй самасьці, і ўсё – замест жыцьцёвай трываласьці, якая насамрэч была адной са шматлікіх нявесьціных ілюзіяў. Толькі яны ведалі, як цяжка было з чалавекам, якога шалёна кахалі і які, мажліва, іх таксама кахаў. Але яго ж даводзілася даглядаць да апошняга ўздыху, карміць грудзьмі, мяняць яму запэцканыя пялюшкі, адцягваючы ўвагу матчынымі прыгаворкамі, каб зьменшыць страх, які ён адчуваў перад ранішнім выхадам на вуліцу і сутыкненьнем з рэчаіснасьцю. Аднак варта было мужу выйсьці з дому пад жончыны падбухторваньні скарыць сьвет, і ўжо яна заставалася сам-насам з жахам, ці вернецца ён калі. Такім было жыцьцё. Каханьне, калі яно існавала, было нечым асобным, нечым у іншым жыцьці.

Тым часам, узнаўляючы жыцьцёвыя сілы ў самоце, удовы знаходзілі, што адзіна сумленны спосаб жыцьця патрабуе падначаленьня целу, калі ясі, калі хочаш есьці, кахаеш без маны, сьпіш без патрэбы ўдаваць, што ты заснула, каб пазьбегнуць ганебнасьці каханьня паводле раскладу, калі маеш, нарэшце, поўнае права на ложак толькі для сябе, і ніхто не аспрэчвае паловы прасьціны, паловы паветра, паловы ночы, каб цела насыцілася ў сьне, каб прачнуцца самотнай. Падчас сваіх золкаў патаемнага паляўнічага Флярэнтына Арыса сустракаў іх каля выхаду з храму пасьля ранішняе імшы а пятай, апранутых у чорную жалобную вопратку і з крумкачом лёсу на плячы. Ледзь заўважыўшы яго ў першых промнях золку, яны пераходзілі вуліцу і ішлі па ходніку на супрацьлеглым баку дробнымі нэрвовымі крокамі, крокамі птушкі, бо нават проста прайсьці паўз мужчыну на ходніку азначала запляміць сваю годнасьць. Аднак ён быў упэўнены, што роспачная ўдава куды болей, чымся якая іншая жанчына, магла несьці ў сабе зерне шчасьця.

Колькі ўдоваў у ягоным жыцьці, пачынаючы ад Назарэцкай удавы, дазволілі яму дазнацца, якімі стаюцца шчасьлівыя пашлюбёнкі пасьля сьмерці мужа! Тое, што для яго датуль было марнай ілюзіяй, дзякуючы ім ператварылася ў рэальную магчымасьць. Ён не знаходзіў прычынаў, зь якіх Фэрміна Даса не магла б быць такой самай удавой, падрыхтаванай самім жыцьцём, каб прыняць яго, якім ён быў, бяз прывіднае віны перад нябожчыкам мужам, гатовай адкрыць зь ім другое шчасьце ў другім каханьні, здольнай зрабіць з кожнае хвілі цуд жыцьця, які належаў бы толькі ёй і які прышчэплены самой сьмерцю ад любое заразы.

Мабыць, ён ня быў бы такім аптымістам, калі б хоць падазраваў, як далёка была Фэрміна Даса ад ягоных ілюзорных разьлікаў, калі яна толькі ўваходзіла ў сьвет, дзе для яе было прадугледжана ўсё, акрамя няшчасьця. Быць заможным тады азначала мець мноства пераваг – зразумела, і мноства невыгодаў таксама, але паўсьвету прагла заможнасьці, бачачы ў ёй спосаб дасягнуць несьмяротнасьці. Фэрміна Даса адмовіла Флярэнтына Арысу, калі якраз пачынала сталець, і тут жа расплацілася пакутамі шкадаваньня, але ніколі не сумнявалася ў слушнасьці свайго ўчынку. У свой час яна не магла патлумачыць сабе, якія патаемныя прычыны прывялі да працінальнага прадбачаньня, аднак шмат гадоў пазьней, ужо на парозе старасьці, яна раптоўна, ня ведаючы, якім чынам, знайшла тыя прычыны падчас выпадковай размовы пра Флярэнтына Арысу. Прысутныя ведалі, што ён быў спадкаемцам Карыбскай параходнае кампаніі ў эпоху ейнага росквіту, усе былі ўпэўненыя, што бачыліся зь ім шмат разоў, вялі зь ім нейкія справы, аднак ніхто ня мог узнавіць ягонага вобразу ў памяці. Вось тады Фэрміна Даса адкрыла падсьвядомыя прычыны, якія заміналі кахаць яго. І яна вымавіла: «Гэта нібыта не чалавек, а цень». Так, цень чалавека, якога ніхто ніколі не спазнаў. Але пакуль яна супраціўлялася заляцаньням доктара Хувэналя Ўрбіна, які быў чалавекам сапраўды супрацьлеглага кшталту, яна пакутавала ад прывіду вінаватасьці: адно што гэтае пачуцьцё яна ня здолела сабе падначаліць. Калі Фэрміна Даса адчувала, што вінаватасьць звальваецца на яе, жанчыну ахоплівала невытлумачальная паніка, і ёй удавалася кантраляваць сябе, толькі калі побач знаходзіўся чалавек, які яе суцяшаў. Яшчэ зусім малой, разьбіўшы талерку на кухні, прышчаміўшы палец у дзьвярах, убачыўшы, як нехта ўпаў, Фэрміна Даса паварочвалася ў жаху да дарослага, які знаходзіўся бліжэй за іншых, і адразу казала яму: «Гэта ты вінаваты». Хоць насамрэч яе не турбавала, хто вінаваты, альбо ці вінаватая яна сама, – ёй досыць было кагосьці зьвінаваціць.

Комплекс быў настолькі відавочным, што доктар Урбіна своечасова здагадаўся, да якой ступені гэта пагражае гармоніі ў сям’і, і як толькі заўважаў ягоную прысутнасьць, сьпяшаўся сказаць жонцы: «Не хвалюйся, мая каханая, ва ўсім вінаваты я». Ён больш за ўсё пабойваўся раптоўных і незваротных рашэньняў жонкі і ведаў, што прычына ўсяго хавалася ў пачуцьці вінаватасьці. Аднак унутраны канфлікт, выкліканы тым, што яна адмовіла Флярэнтына Арысу, ня мог вырашыцца адной суцяшальнай фразай. Фэрміна Даса па-ранейшаму адчыняла балькон раніцой цягам некалькіх месяцаў, і заўсёды сумавала па самотным прывідзе, які мусіў чакаць на лаўцы пустэльнага сквэрыку, яна бачыла ягонае дрэва, самую непрыкметную лаўку, дзе ён сядаў чытаць, думаючы пра яе, пакутуючы празь яе, і яна мусіла зачыняць балькон, уздыхаючы: «Няшчасны, няшчасны». Яна нават перажыла расчараваньне, што ён выявіўся не такім упартым, як яна меркавала, калі было запозна цыраваць мінулае, і часам жадала прачытаць запозьнены ліст, які ёй ужо ніколі было не прачытаць. Але калі давялося наважыцца на шлюб з Хувэналем Урбіна, яе напаткаў яшчэ большы крызіс, бо яна ўцяміла, што няма істотных падставаў, каб аддаваць перавагу яму, калі яна адмовіла Флярэнтына Арысу. Насамрэч яна амаль не кахала доктара, як і папярэдняга прэтэндэнта, да таго ж ледзь яго ведала, і ягоныя лісты былі пазбаўленыя палкасьці тых, папярэдніх, ня ўтрымлівалі ўзрушальных доказаў ягонага каханьня. Па праўдзе, памкненьні Хувэналя Ўрбіна ніколі не былі сфармуляваныя моваю каханьня, і ва ўсялякім разе было дзіўна, што такі ваяўнічы каталік, як ён, прапаноўваў ёй толькі зямныя даброты: упэўненасьць у будучыні, лад, шчасьце, – нібыта лічбы, падсумаваньне якіх, мажліва, магло быць падобным на каханьне, амаль каханьнем. Але гэта не было ім, і сумневы множылі ейную разгубленасьць, бо яна таксама не была ўпэўненая, што для сапраўднага жыцьця ёй бракавала менавіта каханьня.

Галоўны факт супраць доктара Хувэналя Ўрбіна тоіўся ў ягонай падазронай падобнасьці да ідэальнага мужчыны, пра якога Лярэнса Даса марыў для дачкі. Немажліва было ня бачыць у доктару дзіця бацькоўскае змовы – хоць гэта было і ня так, – і Фэрміна Даса паверыла ў гэтую вэрсію тады, калі ён увайшоў у дом другім разам, зь лекарскім візытам бяз выкліку. Размовы з кузінай Ільдэбрандай заблыталі яе ўшчэнт. Быўшы сама ахвяраю нешчасьлівага каханьня, там яна ледзь не атаясамлівала сябе з Флярэнтына Арысам, забываючыся на тое, што Лярэнса Даса зладзіў ейны прыезд менавіта дзеля таго, каб яна паўплывала на Фэрміну Дасу на карысьць доктара Ўрбіна. Толькі Бог ведае, якіх высілкаў каштавала Фэрміне Дасе ня скласьці кампанію кузіне, калі тая пайшла ў тэлеграфную кантору, каб пабачыць Флярэнтына Арысу. Фэрміна Даса таксама хацела б пабачыць Флярэнтына Арысу зноўку, супаставіць ягоны воблік з успамінам і пазбыцца сумневу. Яна б пагутарыла зь ім сам-насам, зьведала б яго дарэшты. Толькі так яна магла ўпэўніцца ў тым, што ейнае імгненнае рашэньне не штурхне да іншага, больш цяжкога, якім сталася б капітуляцыя ў асабістай вайне супраць бацькі. Але яна прыняла рашэньне ў крытычны момант свайго жыцьця, не зважаючы ні на мужчынскую гожасьць прэтэндэнта, ні на легендарную заможнасьць, ні на ягоную раньнюю славу, ні на іншую рэальную годнасьць, а толькі праз жах таго, што можа ўпусьціць такі шанец і празь немінучасьць дваццаці аднаго году, скрайняе рысы, якую яна сабе ўпотайкі прызначыла, каб скарыцца перад лёсам. І адзінай хвілі выявілася досыць, каб прыняць рашэньне, як Бог загадаў і як чалавечыя законы таго патрабуюць, – да самага скону. Тады разьвеяліся ўсе сумневы, і Фэрміна Даса магла зрабіць без згрызотаў сумленьня тое, што розум абраў: яна годна, бязь сьлёз цалкам сьцерла ўспаміны пра Флярэнтына Арысу, і на тым месцы ейнай памяці, дзе ён раней жыў, пасеяла макавы дол. І толькі дазволіла сабе больш глыбокі, чым звычайна, апошні ўздых: «Няшчасны, няшчасны!»

Найстрашнейшыя сумневы, аднак, пачаліся, як толькі Фэрміна Даса вярнулася зь вясельнай вандроўкі. Ледзь яны пасьпелі адчыніць куфры, распакаваць мэблю і разабраць адзінаццаць скрыняў, прывезеных ёю дзеля таго, каб належным чынам прыняць лейцы кіраваньня ў якасьці гаспадыні старажытнага палацу маркіза Касальдуэра, яна ледзь ня страціла прытомнасьць, бо ўсьвядоміла: яна сталася вязьніцай у чужым доме і, што яшчэ горай, ня з тым мужам, пра якога марыла. І шэсьць гадоў пайшло на тое, каб выбрацца адтуль. Шэсьць найгоршых гадоў ейнага жыцьця і адчаю ад горкага суму доньні Блянкі, ейнай сьвякрухі, і ад разумовае недаразьвітасьці заловак, якія ня згнілі жыўцом у кляштарным вязеньні толькі таму, што іхныя душы здаўна існавалі ў нябачных, унутраных кельлях.

Доктар Урбіна, з пакорай аддаючы даніну прыналежнасьці да ўласнага роду, стаўся глухім да ейнага маленьня і спадзяваўся на Боскую мудрасьць і на жончыну здольнасьць прыстасоўвацца да чужога асяродку; з часам, маўляў, усё стане на месца. Яму балюча было бачыць, што маці, чыя прага да жыцьця колісь давала моцы жыць нават самым разгубленым, зламалася. Гожая ды разумная жанчына зь незвычайнай для ейнага асяродку пяшчотай у сэрцы на працягу амаль сарака гадоў была душою і целам сьвецкага раю. Сьмерць мужа кінула яе ў бездань горычы да такое ступені, што ад колішняе аптымісткі не засталося нічога, бо яна сталася ў душы змрочнай і калючай, увесь сьвет нібы стаў супраць яе. Адзіна мажлівае тлумачэньне дэградацыі маці хавалася ў крыўдзе за тое, што муж сьвядома ахвяраваў жыцьцём дзеля зграі мурынаў, як яна казала, бо адзіным апраўданьнем ягонай сьмерці для яе магло быць самаахвяраваньне дзеля яе. Так ці іначай, шчасьлівы шлюб Фэрміны Дасы доўжыўся столькі, колькі доўжылася вясельная вандроўка, а побач быў муж, які мог бы ўратаваць яе ад канчатковага крушэньня спадзеваў, але быў паралізаваны страхам перад матчынай уладай. Менавіта яго, а не дэбільных заловак альбо напаўзвар’яцелую сьвякруху Фэрміна Даса вінаваціла за прыгатаваную для яе сьмяротную пастку. Яна вельмі позна зразумела, што за прафэсійным аўтарытэтам і вялікасьвецкай прывабнасьцю чалавека, які стаўся ейным мужам, хаваліся бездапаможнасьць і слабасьць, – адным словам, убоства, якое харобрылася грамадзкаю вагою ягоных імёнаў і прозьвішчаў.

Фэрміна Даса знайшла суцяшэньне ў нованароджаным сыне. Яна нарадзіла яго з такой палёгкай, нібы вызвалілася ад чагосьці чужога, і перажыла страх ад самое сябе, калі зразумела, што не адчувае аніякае пяшчоты да той маленечкай істоты са свайго ўласнага жывата, якую павітуха паказала ёй. Ён быў голы, бы засалены і заляпаны крывёю, з абматанай укола шыі пупавінай. Але ў самоце палацу яна зьведвала яго ўсё болей і болей, яны пазналі адно аднаго, і Фэрміна Даса зь вялікай радасьцю адкрыла, што дзяцей любяць не таму, што яны нашыя дзеці, а з-за блізкасьці, якая ўзьнікае, пакуль іх гадуеш. З часам яна ўжо нікога і нічога не магла трываць у тым доме ейнай нягоды, акрамя сына. Яе душылі самота, сад, падобны да могілак, застаяласьць часу ў агромністых пакоях бяз вокнаў. Яна адчувала, што шалее доўгімі начамі, калі чуліся крыкі вар’ятак з суседняй псыхіятрычнай клінікі. Ёй было зусім няёмка ад звычаю штодня накрываць банкетны стол, з вышываным абрусам, срэбнымі прыборамі і хаўтурнымі кандэлябрамі, каб пяць прывідаў вячэралі нязьменным кубкам кавы з малаком і мядовымі пернікамі. Яна зьненавідзела вечаровыя малітвы, застольную манернасьць, бясконцую крытыку таго, як яна ўпраўляецца са сталовымі прыборамі, як шпарка яна ходзіць – бы якая вулічная дзеўка, як апранаецца – бы ў цырку, яе крытыкавалі нават за тое, што яна абыходзіцца з мужам, бы якая сялянка, за тое, што карміла сына, не прыкрываючы грудзей мантыльляй. Калі яна ўпершыню самастойна запрасіла сяброў на гарбату а пятай са здобным печывам і кветкавым канфітурам згодна з апошняй ангельскай модай, доньня Блянка стала колам напярок таго, каб у ейным доме падавалі людзям патагоннае замест кубка шакаляду і юкавых хлябцоў з расплаўленым сырам. Сьвякруха не абышла прыдзірлівай увагай нават ейныя сны. Аднойчы раніцой Фэрміна Даса распавяла, што бачыла ў сьне, нібыта незнаёмец шпацыруе аголеным, раскідваючы жменькі попелу па залях палацу, і тады доньня Блянка рэзка перарвала яе:

– Прыстойнай жанчыне ня могуць сьніцца такія сны.

Да непарыўнага адчуваньня таго, што яна ў чужым доме, дадаліся дзьве вялікія бяды. Першая – гэта амаль штодзённая бакляжанная дыета на ўсе спосабы, якую доньня Блянка адмаўлялася адмяняць з павагі да нябожчыка мужа, а Фэрміна Даса цярпець не магла бакляжаны. Яна іх зьненавідзела з маленства, яшчэ не пакаштаваўшы, таму што ёй заўсёды здавалася, што яны маюць колер атруты. Праўда, на гэты раз ёй давялося прызнаць, што так ці іначай штосьці зьмянілася ў жыцьці, цяпер яе не прымусіш гэта есьці, а калі ў пяць гадоў яна вымавіла нешта пра колер атруты за сталом, бацька змусіў яе зьесьці цэлы рондаль на шэсьць пэрсонаў. Яна думала, што памрэ, спачатку праз тое, што яе званітавала здрабнёнымі бакляжанамі, а потым праз кубак з касторкай, якую ўлілі ў яе гвалтам, каб вылечыць ад бацькавага пакараньня. Гэтыя два моманты зьмяшаліся ў памяці, ператварыліся ў адно паслабляльнае, як ад згадак пра смак, так і зь перапуду перад атрутай, і падчас мярзотных абедаў у палацы маркіза Касальдуэра ёй даводзілася адводзіць вочы, каб ня вывернуць вонкі ежу – такія сьцюдзёныя касторавыя ваніты падступалі да горла.

Другой бядой была арфа. Аднойчы, цалкам усьведамляючы вагу сваіх словаў, доньня Блянка сказала: «Я ня веру ў прыстойнасьць жанчын, якія ня ўмеюць граць на піяніна». Гэта быў загад, якому паспрабаваў запярэчыць нават сын, бо найлепшыя гады ягонага маленства прайшлі ў галерным рабстве ўрокаў граньня на фортэпіяна, хоць у сьпелым веку ён быў удзячны бацькам за іхную настойлівасьць. Ён ня мог сабе ўявіць, як можна прымусіць займацца гэтым чалавека ў дваццаць пяць гадоў ды яшчэ з такім характарам, як у ягонай жонкі. Але ад маці ён дамогся толькі згоды на замену піяніна арфай, па-дзіцячы давёўшы ёй, што гэта інструмэнт анёлаў. Зь Вены выпісалі для іх цудоўную арфу, якая здавалася залатой выглядам і гучаньнем: пазьней арфа станецца бясцэннай рэліквіяй гарадзкога музэю, пакуль знакаміты пажар ня зьнішчыць літаральна ўсіх экспанатаў. Фэрміна Даса скарылася, спрабуючы зрабіць апошні высілак, каб прадухіліць развал сям’і. Яна пачала займацца ў слыннага пэдагога, якога адмыслова прывезьлі з Мампоксу, але ён празь пятнаццаць дзён нечакана памёр, і яна некалькі гадоў працягвала заняткі з галоўным музыкам сэмінарыі, які сваім настроем далакопа скажаў любое арпэджыё.

Фэрміна Даса сама дзівілася сваёй пакоры. Не пагаджаючыся ў думках і ў глухіх спрэчках з мужам у гадзіны, якія раней прысьвячалі любові, Фэрміна Даса хутчэй, чымся сама магла падумаць, заблыталася ў зарасьцях умоўнасьцяў і прымхаў свайго новага сьвету. Напачатку яна карысталася рытуальнай фразай для сьцьверджаньня свабоды думкі: «Да чорта веер, вее вецер». Аднак пазьней яна пачала даражыць атрыманымі шлюбам прывілеямі, баялася сораму і насьмешак, і была гатовая трываць нават зьнявагі, спадзеючыся на тое, што Бог, нарэшце, пашкадуе доньню Блянку, якая ў малітвах нястомна прасіла паслаць ёй сьмерць.

Доктар Урбіна апраўдваў уласную слабасьць крызісам стаўленьня да жонкі, нават не спытаўшы сябе, ці не супярэчыць ягоная думка ўстанаўленьням касьцёлу. Ён не дапускаў, што канфлікты з жонкаю ўзьнікаюць з прычыны напружанай атмасфэры ва ўсім доме, і верыў: прычына закладзена ў самой прыродзе шлюбу – абсурднай вынаходцы, якая існуе толькі дзякуючы бясконцаму цярпеньню Бога. Шлюб ня меў аніякага навуковага абгрунтаваньня: чаму дзьве ледзь знаёмыя асобы рознага полу бязь зьвязкі роднасьці, з розным культурным узроўнем раптам прымаюць абавязак жыць разам, спаць разам, падзяляць лёс, які, магчыма, быў прадвызначаны зусім іначай. Ён казаў: «Праблема ў тым, што шлюб завяршаецца штоноч пасьля мілаваньня, і штораніцы трэба ўзнаўляць яго да сьняданку». Яшчэ горш складваліся стасункі ў межах іхнага шлюбу, тлумачыў ён, бо яны былі прадстаўнікамі дзьвюх антаганістычных клясаў, ды яшчэ ў горадзе, які па-ранейшаму марыў пра вяртаньне віцэ-каралёў. Адзіным магчымым матэрыялам, які мог зьвязаць іх, было ўяўнае і зьменлівае каханьне, калі яно ўвогуле існавала, а ў іхным выпадку яго дакладна не было падчас вясельля, а надалей лёс толькі балюча сутыкнуў іх ілбамі ў той час, калі яны ледзь не прыдумалі сабе сваю гісторыю каханьня.

Вось так яны і жылі ў арфавы пэрыяд. Засталіся ззаду гожыя выпадковасьці, калі, напрыклад, яна магла ўвайсьці ў ванны пакой, дзе ён мыўся, і, не зважаючы на спрэчкі, на атрутныя бакляжаны, на сясьцёр-вар’ятак і на такую ж вар’ятку сьвякруху, у ім яшчэ было досыць пяшчоты, і ён прасіў, каб яна пацерла яму сьпіну. Яна намыльвала яго, трымаючыся тых дробак каханьня, якія засталіся пасьля Эўропы, і яны абое паддаваліся мане ўспамінаў, міжволі расслабляліся, кахаліся моўчкі, пакуль не паміралі ад любові на падлозе ваннага пакою, запырсканыя водарнай пенай, чуючы гамонку прыслужніц, якія пралі бялізну за сьценкай: «У іх няма больш дзяцей, бо яны ня трахаюцца». Час ад часу, калі яны вярталіся дамоў пасьля якой шалёнай вечарыны, нуда, што вычэквала іх за дзьвярыма, раптам валіла іх долу, і тады адбываўся дзівосны выбух, калі ўсё адраджалася наноў, рабілася, як раней, і на працягу пяці хвілінаў яны былі тымі неўтаймаванымі каханкамі, як падчас вясельнае вандроўкі.

Але за выключэньнем тых рэдкіх аказіяў, адзін зь іх заўсёды быў страшэнна стомленым у час, калі яны клаліся ў ложак. Яна затрымлівалася ў прыбіральні, круцячы цыгаркі з араматызаванае паперы, паліла на самоце, зноўку аддавалася ўцехам юнацтва, калі яна жыла ў сваім доме і ейнае цела належала ёй адной. У яе заўсёды балела галава альбо было надта сьпякотна, заўсёды, ці яна ўдавала, што ўжо сьпіць альбо зноў пачалася мэнструацыя, мэнструацыя, заўсёды мэнструацыя. І так часта, што доктар Урбіна наважыўся сказаць на лекцыі, каб палегчыць душу без намёкаў на асабістае жыцьцё, што пасьля дзесяці гадоў шлюбу ў жанчын мэнструацыя можа быць да трох разоў на тыдзень.

Бяда адна ня ходзіць. Фэрміне Дасе давялося перажыць у найгоршы год свайго жыцьця тое, што яна мусіла зьведаць раней ці пазьней: праўду пра звышпрыбытковыя і патаемныя справы бацькі. Губэрнатар правінцыі выклікаў Хувэналя Ўрбіна ў свой кабінэт, каб увесьці яго ў курс злачынстваў цесьця, і падсумаваў адной фразай: «Няма такога боскага альбо чалавечага закону, церазь які б гэны тып не пераступіў». Найбольш цяжкія злачынствы былі ажыцьцёўленыя ў цені зяцевага аўтарытэту, і было цяжка паверыць, каб зяць і ягоная жонка ня ведалі пра гэта. Разумеючы, што толькі ягоная рэпутацыя магла іх уратаваць, бо іншай такой сілы не было, доктар Хувэналь Урбіна зрушыў усе спружыны і важкасьць уласнага становішча, каб згасіць скандал, даўшы слова гонару. У выніку, Лярэнса Даса выехаў з краіны на першым караблі, каб больш ніколі не вярнуцца. Шлях ён трымаў на радзіму, нібыта кіруючыся ў адну з тых вандровак, на якія пускаўся час ад часу, каб замарыць чарвяка настальгіі, і ва ўсім гэтым была доля праўды: ён ужо здаўна меў звычку ўздымацца на караблі, што прыходзілі зь ягонай радзімы, каб проста выпіць шклянку вады, набранай у яго родным мястэчку. Лярэнса Даса зьехаў, хоць і ня здаўся, бо ўпарта працягваў цьвердзіць, што ён не вінаваты, імкнучыся ўпэўніць зяця ў тым, што ён стаўся ахвярай палітычнае змовы. Ад’яжджаючы, ён плакаў па сваёй дзяўчынцы, як ён называў Фэрміну Дасу ад дня вясельля, плакаў па ўнуку, па зямлі, дзе стаў заможным і незалежным чалавекам, дзе ўчыніў бацькоўскі подзьвіг, ператварыўшы дачку ў вытанчаную даму, дзякуючы сваім цёмным справам. Зьехаў ён састарэлым ды хворым, але пражыў нашмат болей, чымся жадалі яму ахвяры ягоных махінацыяў. Фэрміна Даса ня здолела стрымаць уздыху палёгкі, калі да яе дайшла вестка пра бацькаву сьмерць, і яна не прытрымлівалася канонаў жалобы, каб пазьбегнуць пытаньняў, але цягам колькіх месяцаў зачынялася ў прыбіральні, каб папаліць-паплакаць з глухой злосьцю, ня ведаючы прычынаў, – насамрэч, гэтак яна плакала па бацьку.

Самым абсурдным у іхным становішчы было тое, што ніколі яны не здаваліся такімі шчасьлівымі на людзях, як у тыя нешчасьлівыя гады. Напраўду, гэта быў час іхных вялікіх перамог над стоенай варожасьцю асяродзьдзя, якое не хацела іх прымаць такімі, якімі яны былі, – адрознымі ды сучаснымі, адпаведна, і парушальнікамі заведзенага ладу. Аднак гэтаму Фэрміна Даса давала раду лёгка. Сьвецкае жыцьцё, што дагэтуль здавалася ёй чымсьці няпэўным, было ўсяго сыстэмай атавістычных пактаў, банальных цырымоніяў, прадвызначаных шаблёнаў, з дапамогай якіх бамонд забаўляўся, каб не пазабіваць адно аднаго. Галоўнай азнакай у гэтым раі правінцыйнае легкадумнасьці быў жах перад невядомым. Яна вызначыла гэта даволі простым чынам: «Праблема жыцьця ў грамадзтве – навучыцца стрымліваць страх, а праблема сямейнага жыцьця – навучыцца адольваць нуду». Ёй адкрылася гэта, як нейкае пасланьне зь нябёсаў, калі яна ўвайшла, цягнучы за сабой бясконцы шлейф вясельнага строю, у вялізны салён Грамадзкага клюбу. Тамака атмасфэра была зусім іншай, чым заўсёды, ад зьмяшанага водару мноства кветак, бляску вальсаў, вальяжнае гаманы ўспацелых мужчынаў і нэўрастэнічных жанчын, якія разглядвалі яе, яшчэ ня ведаючы, што б такога змысьліць з гэтай асьляпляльнай пагрозай, пасланай ім вонкавым сьветам. Ёй толькі споўніўся дваццаць адзін год, і датуль яна выходзіла з дому толькі дзеля таго, каб дайсьці да школы, але досыць было зірнуць на прысутных, каб уцяміць: яны не былі ахопленыя нянавісьцю – іх паралізаваў жах. Яна, таксама зь перапуду, раптам міласэрна зрабіла крок насустрач. Яны выявіліся такімі, якімі яна меркавала іх бачыць, так здаралася і з гарадамі, ня горшымі і ня лепшымі за іхны вобраз у ейным сэрцы. Парыж, не зважаючы на бесьперапынны дождж, жміндаў-крамнікаў ды гамэрычную грубасьць возьнікаў, заўсёды прыгадваўся як найпрыгажэйшы горад сьвету, не таму, што ён быў альбо ня быў такім, а таму, што яна зьвязвала яго з настальгіяй па гадох шчасьця. Доктар Урбіна, са свайго боку, вёў змаганьне той зброяй, якую выкарыстоўвалі супраць яго, але ён рабіў гэта з дыхтоўным розумам і разьлічанай урачыстасьцю. Нічога не адбывалася бязь іхнага ўдзелу: ці то публічныя гуляньні, ці то Паэтычныя гульні, культурныя імпрэзы, дабрачынныя лятарэі, патрыятычныя сходы, першы палёт на паветраным шары. Паўсюль былі яны, і амаль заўсёды – каля вытокаў і на грэбені справы. Ніхто ня мог і ўявіць сабе, каб нехта быў шчасьлівейшы за іх, каб недзе ў сьвеце існавала такая сямейная гармонія.

Кінуты бацькам дом даў Фэрміне Дасе ўласны прытулак ад удушша родавага палацу. Пры першай магчымасьці схавацца ад вачэй сьвету яна ўпотайкі зьбягала ў дом перад Эвангельскім сквэрыкам і там прымала новых сябровак і некаторых былых – па школе альбо па ўроках жывапісу: гэта быў нявінны сурагат шлюбнай нявернасьці. Яна бавіла свае гадзіны самотнае маці ва ўспамінах пра сваё насычанае падзеямі дзяцінства. Зноўку набыла крумкачоў, пазьбірала вулічных катоў, якіх даглядала Гала Плясыдыя, ужо старая і абмежаваная ў рухах з-за раматусу, але ў якой яшчэ ставала сілаў, каб адрадзіць дом. Фэрміна Даса зноў адчыніла пакой для шытва, дзе Флярэнтына Арыса ўбачыў яе ўпершыню, дзе доктар Хувэналь Урбіна загадаў ёй паказаць язык, спадзеючыся ўгледзець ейнае сэрца, і ператварыла пакой у сьвяцілішча мінулага. Адным зімовым вечарам Фэрміна Даса ішла зачыняць балькон, бо набліжалася бура, і ўбачыла Флярэнтына Арысу на ягонай нізенькай лаўцы пад мігдалавым дрэвам сквэрыку, у перашытым пад яго бацькавым строі і з раскрытай кніжкай на каленях. Але не такім, якім бачыла яго выпадкова ды ня раз, а ў тым веку, у якім ён застаўся ў ейнай памяці. Яна спужалася, што гэтая мара магла быць прадвесьцем сьмерці, і ёй зрабілася балюча. Яна адважылася сказаць сабе, што, магчыма, яна была б шчасьлівай зь ім у доме, які з такім каханьнем рэстаўравала дзеля яго, як і ён узнаўляў свой дзеля яе. Ад гэтага простага дапушчэньня яе ажно страсянула, бо яна ўцяміла, да якіх скрайнасьцяў няшчасьця яна дайшла. Тады яна сабрала рэшткі сілаў і змусіла мужа размаўляць адкрыта, твар да твару. Яны спрачалася да сьлёзаў ад гневу за страчаны рай, спрачаліся да трэціх пеўняў, і сьвятло прабралася да іх цераз палацавыя карункі, і ўзышло сонца, і муж, хрыплы ад доўгай гамонкі, стомлены ад бяссоннае ночы, з умацаваным ад пралітых сьлёзаў сэрцам завязаў шнуркі на чаравіках, зацягнуў пас, патужэй зацягнуў тое з мужчынскага, што заставалася ў ім, і сказаў: «Так, любая, мы зноў адшукаем каханьне, якое пакінулі ў Эўропе – і ўжо назаўжды». Рашэньне было незваротным. Ён дамовіўся са Скарбовым банкам, сваім паўнамоцным прадстаўніком, пра неадкладны продаж саліднай фамільнай маёмасьці, здаўна раскіданай па розных бізнэсах, капіталаўкладаньнях, недатыкальных каштоўных паперах, якія марудна назапашвалі прыбытак. Гэта быў скарб, пра які толькі ён сапраўды ведаў, што ён ня быў бязьмерным, як сьцьвярджала легенда. Скарб быў рыхтык такім, каб пра яго ня думаць. І грошы, абмененыя на золата найвышэйшае спробы, мусілі паступова пераводзіцца на ягоныя замежныя рахункі, пакуль для яго і жонкі не застанецца ў гэтым неміласэрным краі нават цалі зямлі, каб быць тут пахаванымі.

А Флярэнтына Арыса ўсё ж існаваў, хоць да тае пары яна спрабавала верыць у адваротнае. Ён быў на пірсе, куды прычаліў трансатлянтычны карабель з Францыі, калі яна пад’ехала з мужам і сынам у ляндо, запрэжаным залацістымі коньмі, ён бачыў, як яны выйшлі з экіпажу такімі, як гэта было неаднойчы на грамадзкіх урачыстасьцях, – беззаганнымі. Яны ішлі з сынам, выхаваньне якога ўжо дазваляла здагадвацца, якім ён станецца з гадамі. Хувэналь Урбіна павітаў Флярэнтына Арысу, вясёла прыўзьняўшы капялюш: «Едзем на заваёву Фляндрыі». Фэрміна Даса ледзь схіліла галаву ў знак вітаньня. Флярэнтына Арыса тут жа зьняў капялюш, адказаў лёгкім рэвэрансам, і яна паглядзела на яго бязь ценю спачуваньня яго заўчаснаму палысеньню. Так, гэта быў ён, якім яна і бачыла яго. Гэта быў цень чалавека, якога яна так і не спазнала.

Флярэнтына Арыса таксама перажываў не найлепшыя часіны. Да ўсё больш напружанай працы, да злыбедаў патаемнага паляўнічага, да мёртвага штылю ягоных гадоў дадаўся фінальны крыз Трансыты Арысы, чыя памяць ужо не захоўвала ўспамінаў і сьцерлася дабела. Дайшло да таго, што часам яна паварочвалася да яго, калі ён чытаў, як заўсёды, у сваім фатэлі, і зьдзіўлена пыталася: «А ты чый будзеш?» Ён заўжды адказваў сур’ёзна, але яна тут жа перарывала:

– А скажы мне, сынку, – казала яна, – а хто я такая?

Трансыта Арыса растаўсьцела настолькі, што ледзьве рухалася, і таму бавіла цэлы дзень у галянтарэйнай краме, дзе ўжо нічога не заставалася для продажу. Яна амаль ня спала. Клалася позна, прачыналася зь першымі пеўнямі і пачынала ўпрыгожвацца: насоўвала нейкія вянкі на голаў, фарбавала вусны, пудрыла твар і рукі, пасьля чаго пытала ў таго, хто быў побач, як яна выглядае. Суседзі ведалі, чаго яна чакала, і заўсёды адказвалі: «Ты Прусачка Мартынэс». Толькі гэтае імя, запазычанае ў пэрсанажа дзіцячае казкі, задавальняла яе. Яна гойдалася, абмахваючы сябе зьвязкай вялізных ружовых пёраў, пакуль не пачынала ўсё спачатку: насоўвала вянок з папяровых кветак на голаў, намазвала мускусам павекі, кармінам – вусны, бяліламі – твар. І зноўку пыталася ў таго, хто быў бліжэй: «Як я выглядаю?» Калі зь яе стаў сьмяяцца ўвесь квартал, Флярэнтына Арыса загадаў разабраць за адну ноч прылавак і сэкцыі са скрынямі былой галянтарэі, зачыніў назаўсёды дзьверы з вуліцы, абсталяваў памяшканьне так, як яна ўяўляла сабе спальню Прусачкі Мартынэс, і наперад Трансыта Арыса больш ніколі не пыталася, хто яна такая.

Як падказаў яму дзядзька Леон ХІІ, для догляду за маці Флярэнтына Арыса знайшоў жанчыну ў гадах, але тая, няшчасная, больш спала, чымся займалася маці, а часам стваралася ўражаньне, што і сама забывалася ўласнае імя. Так што Флярэнтына Арыса вырушваў наўпрост дамоў, як толькі выходзіў з канторы, і заставаўся пры маці, пакуль тая не засынала. Ён ужо не гуляў у даміно ў Камэрцыйным клюбе і падоўгу ня бачыўся з былымі сяброўкамі, бо нешта ў ягоным сэрцы зламалася пасьля жахлівай сустрэчы з Алімпіяй Сулетай.

Сустрэча была фатальнай. Флярэнтына Арыса адвёз дзядзьку Леона ХІІ дамоў у разгар кастрычніцкай буры – з разраду тых, ад якіх доўга адыходзіш. І на зваротным шляху раптам заўважыў з экіпажа невысокую і вельмі спрытную дзяўчыну ў адзеньні з мноствам фальбонак, больш падобным на ўбраньне нявесты. Яна мітусілася туды і сюды, бо вецер вырваў з рук ейны парасон і зьнёс у бок мора. Ён выратаваў дзяўчыну ад буры, прапанаваўшы месца ў экіпажы, і збочыў з кірунку, каб падвезьці яе дамоў, у старажытную, уладкаваную для жытла капліцу на беразе мора, на двары якой было поўна клетак з галубамі, – іх відаць было з вуліцы. Па дарозе яна распавяла яму, што менш за год таму выйшла замуж за гандляра, што прадаваў на рынку ганчарныя вырабы. Флярэнтына Арыса часта бачыў, як той сыходзіў з караблёў ягонай кампаніі, цягнучы скрыні з рознымі збанамі для продажу альбо несучы цэлы сьвет галубоў у лазовых клетках, якімі карысталіся маці на рачных караблёх для правозу немаўлятак. Алімпія Сулета, верагодна, належала да сямейства асіных, і ня толькі праз доўгія лыткі ды невыразны бюст – яна ўся была нейкая такая: валасы нібы зь меднага дроту, на твары – сонечнае рабаціньне, вочы – круглявыя і жывыя, расстаўленыя шырэй, чым у іншых людзей, галасок – танклявы, да таго ж яна гаварыла зрэдчас і выказвала адно што слушныя і вясёлыя думкі. Флярэнтына Арысу яна падалася больш забаўнай, чым прыцягальнай, і ён забыўся пра яе, толькі высадзіў ля дому, дзе яна жыла з мужам, цесьцем і іншымі мужавымі сваякамі.

Колькі дзён пазьней ён зноўку заўважыў ейнага мужа ў порце – той не згружаў скрыні, а наадварот – загружаў іх, і калі карабель адплыў, Флярэнтына Арыса дакладна пачуў каля самага вуха голас д’ябла. Увечары ён адвёз дзядзьку Леона ХІІ дамоў, затым праехаў нібыта выпадкова побач з жытлом Алімпіі Сулеты і ўгледзеў яе праз паркан: яна карміла неспакойных галубоў. Не выходзячы з экіпажу, ён крыкнуў ёй праз агароджу: «Колькі каштуе адна галубка?» Яна пазнала яго і вясёла адказала: «Яны не прадаюцца». Тады ён зноў спытаў: «Што ж мне рабіць, каб займець галубку?» Не перапыняючы свайго занятку, яна адказала: «Досыць уратаваць галубятніцу ад навальніцы, як у мінулую пятніцу». Гэтак, Флярэнтына Арыса вярнуўся ўвечары дамоў з падарункам ад Алімпіі Сулеты ў знак падзякі – паштовым голубам з мэталёвым колцам на лапцы.

Наступным днём, якраз падчас абеду, гожая галубятніца ўбачыла падораную птушку ў сябе на двары і падумала, што тая зьляцела ад новага гаспадара. Яна ўзяла яе ў рукі, каб разглядзець, і знайшла пад бляшаным пярсьцёнкам паперку – гэта было прызнаньне ў каханьні. Флярэнтына Арыса пакінуў пісьмовы сьлед у першы раз, але не ў апошні, хоць жа тады ён меў пільнасьць не падпісацца. Назаўтра, у сераду, ён ужо ўваходзіў у дом, калі нейкі хлапчук з вуліцы ўручыў яму тую ж птушку ў клетцы з вусным наказам, маўляў, што вось галубятніца прасіла ўручыць і яшчэ перадаць: трымайце птушку, калі ласка, у зачыненай клетцы, каб не зьлятала, бо яна вяртае яе вам у апошні раз. Флярэнтына Арыса ня мог уцяміць: ці то птушка, летучы, згубіла ліст, ці то галубятніца вырашыла прыкінуцца дурніцай, ці то вяртала птушку для таго, каб ён зноўку перадаў ліст. Аднак у гэтым разе натуральна было б вярнуць птушку з адказам.

У суботу раніцой, пасьля доўгага роздуму, Флярэнтына Арыса накіраваў галубку з чарговым лістом бяз подпісу. І ўжо ўвечары той самы хлапчук зноў прынёс птушку ў іншай клетцы і сказаў, што вось яшчэ раз вяртаюць вам птушку, што зьляцела, тры дні назад вярнулі яе пану з выхаванасьці, а сёньня з-за шкадаваньня, але цяперака вы сапраўды не пабачыце яе, калі зноў адпусьціце. Трансыта Арыса дапазна забаўлялася з птушкай, даставала яе з клеткі, трымала ў руках, як немаўля, люляла яе пад калыханку, і раптам заўважыла, што за пярсьцёнкам была паперка, а ў ёй толькі тры словы: «Не прымаю ананімак». Калі Флярэнтына Арыса прачытаў гэтыя словы, сэрца забілася так, нібыта тое была кульмінацыя першай у жыцьці любоўнай прыгоды, і ўначы спалося яму кепска, ён усё круціўся ў ложку ад нецярплівасьці. Раніцой, да таго, як сысьці на працу, ён зноў адпусьціў птушку з амурным пасланьнем, пад якім паставіў выразны подпіс і, да таго ж, прычапіў да пярсьцёнка самую сьвежую, яркую ды духмяную ружу са свайго саду.

Ня ўсё было так проста. Нават пасьля трох месяцаў заляцаньняў гожая галубятніца адказвала аднолькава: «Я ня з тых». Але яна не пераставала прымаць цыдулкі і прыходзіць на сустрэчы, якія Флярэнтына Арыса ладзіў так, нібыта яны сустракаліся выпадкова. Яго было не пазнаць: палюбоўнік, які ніколі ня дзейнічаў адкрыта, самы прагны, але й самы сквапны ў справах каханьня, які нічога не даваў, але браў, ён, які ніколі не дазваляў сабе захаваць у сэрцы нават бліскавічнага сьледу, патаемны паляўнічы раптам выйшаў на сьвет боскі з плыньню падпісаных лістоў, галянтных падарункаў, недарэчных шпацыраў каля хаты галубятніцы, у двух выпадках нават ведаючы, што ейны муж не ў вандроўцы і не на рынку. Тое быў першы выпадак, калі ён адчуў стралу Амура ў самым сэрцы.

Праз шэсьць месяцаў, нарэшце, адбылася іхная першая інтымная сустрэча ў каюце рачнога карабля, які стаяў ля прычалу для пафарбоўкі. Вечар быў цудоўным, Алімпія Сулета любіла вясёла, сапраўды з душою шумлівай галубятніцы, потым доўга ляжала распранутая ў млявым спакоі, напаўняючы прастору адпачынкам, ад якога атрымлівала такую самую асалоду, як ад мілаваньня. Каюта была напаўразабраная, яе толькі пачалі фарбаваць, і доўгія гады пах шкіпінару выклікаў у памяці згадкі пра шчасьлівы вечар. Раптам, у парыве нахабнага натхненьня, Флярэнтына Арыса адкрыў бляшанку з чырвонай фарбай, што валялася пад ложкам, абмакнуў указальны палец і намаляваў на лабку гожае галубятніцы крывавую стралу з накірункам на поўдзень, а над стралою вывеў словы: «Гэтая птушка – мая». Уначы Алімпія Сулета распранулася перад мужам, забыўшыся на гэта, і ён ня вымавіў ані слова, толькі пайшоў у прыбіральню па лязо, пакуль яна апранала начную кашулю, і з аднаго ўзмаху перарэзаў ёй горла.

Флярэнтына Арыса дазнаўся пра гэта шмат дзён пазьней, калі схапілі мужа, што кінуўся наўцёкі, і той распавёў журналістам аб прычынах і спосабе забойства. Цягам многіх гадоў Флярэнтына Арыса з жахам думаў пра лісты з подпісам, ведучы рахунак гадам зьняволеньня забойцы, які добра ведаў яго па справах, бо ён жа карыстаўся караблямі кампаніі. Ён ня так баяўся ўдару лязом па шыі альбо публічнага скандалу, як фатальнасьці таго, што Фэрміна Даса можа дазнацца пра ягоную нявернасьць. Адным з тых дзён прыдушанага чаканьня жанчына, якая даглядала Трансыту Арысу, затрымалася на рынку даўжэй, чым заўсёды, праз раптоўную навальніцу, і калі вярнулася дамоў, знайшла Трансыту Арысу мёртвай. Яна сядзела ў гойдалцы зь вянком з папяровых кветак на галаве, нафарбаваная, як заўжды, але з вачыма такімі жывымі і з такой хітраватай усьмешкай на вуснах, што жанчына толькі празь дзьве гадзіны заўважыла, што Трансыта была нежывая. Незадоўга да сьмерці Трансыта Арыса раздала суседзкім дзецям каштоўныя камяні і залатыя рэчы са збаноў, што датуль перахоўваліся пад ложкам, прыгаворваючы, што гэта цукеркі, іх можна есьці, і некаторыя найкаштоўнейшыя рэчы вярнуць не ўдалося. Флярэнтына Арыса пахаваў маці ў старажытным маёнтку Ля-Мана-дэ-Д’ёс, які быў вядомы як Халерныя могілкі, і над магілкай пасадзіў ружовы куст.

У часе самых першых наведваньняў могілак Флярэнтына Арыса выявіў, што непадалёк пахаваная і Алімпія Сулета, бяз помніка, але імя і дата былі выведзеныя пальцам па сьвежым бэтоне надмагільнай пліты, і Флярэнтына Арыса ў жаху падумаў, што тое была крывавая кпіна ейнага мужа. Калі ружовы куст квітнеў, ён употай пакідаў адну ружу на магілцы Алімпіі Сулеты, а пазьней пасадзіў чаранок ад матчынага куста. Кусты так забуялі, што Флярэнтына Арыса мусіў браць з сабою садовыя нажніцы ды іншыя інструмэнты, каб іх парадкаваць. Але гэта было вышэй за ягоныя сілы, – праз пару гадоў кусты распаўзьліся, як пустазельле, сярод магілаў, і людзі перайменавалі былыя Халерныя могілкі ў Ружовыя, пакуль нейкі алькальд, які сваім здаровым сэнсам саступаў народнай мудрасьці, не загадаў выкарчаваць за ноч усе ружы і павесіць на ўваходнай арцы новую назву ў рэспубліканскім стылі: Унівэрсальныя могілкі.

Матчына сьмерць зноўку прысудзіла Флярэнтына Арысу да суворага распарадку: кантора, сустрэчы з чарговымі палюбоўніцамі па жорсткім графіку, партыі даміно ў Камэрцыйным клюбе, тыя ж кніжкі пра каханьне, нядзельныя наведваньні могілак. Гэта была іржа руціны, ганебная і страшная, якая, аднак, ратавала яго ад усьведамленьня свайго веку. Але неяк нядзельным сьнежаньскім днём, калі садовыя нажніцы ўжо не дапамагалі ў барацьбе супраць ружовага кустоўя, ён заўважыў, што ластаўкі сядзяць на толькі што працягнутых электрычных лініях. Ён раптоўна ўцяміў, колькі часу мінула пасьля матчынай сьмерці, і колькі – з дня забойства Алімпіі Сулеты, а яшчэ колькі – зь іншага, далёкага сьнежаньскага вечара, калі Фэрміна Даса даслала яму ліст, у якім пісала, што так, што будзе кахаць яго вечна. Да гэтага дня ён жыў так, нібы час мінае толькі для іншых. А вось на мінулым тыдні ён сустрэў на вуліцы адну са шматлікіх параў, якія злучыліся дзякуючы напісаным ім лістам, і не пазнаў першынца, свайго хроснага. Ён выйшаў зь няёмкага становішча пры дапамозе гучнай дзяжурнай фразы: «О, дык ён ужо сапраўдны мужчына!» Флярэнтына Арыса застаўся, якім быў раней, і пасьля першых сыгналаў трывогі ягонага цела, бо датуль здароўе ў яго было бы каменным, як ва ўсіх зьнешне хваравітых людзей. Трансыта Арыса часта казала: «Мой сын хварэў толькі на халеру». Яна блытала халеру з каханьнем, зразумела, яшчэ задоўга да таго, як згубіла памяць. Але так ці інакш, яна памылялася, бо ейны сын патаемна перажыў шэсьць трыпэраў, хоць лекар сьцьвярджаў, што іх было ня шэсьць, а адзін – усё той самы, які чапляўся зноў пасьля кожнага прайгранага двубою. Апрача таго, у яго быў аднойчы бубон, чатыры разы чыры і шэсьць разоў экзэмы, аднак ні яму, ні якому-кольвек іншаму мужчыну не прыйшло б да галавы лічыць гэта нечым іншым, чым баявымі трафэямі.

Толькі-толькі адзначыўшы саракагодзьдзе, яму давялося зьвярнуцца да лекара са скаргай на незразумелы боль у розных частках цела. Пасьля некалькіх аглядаў лекар зрабіў выснову: «Гэта праблемы веку». Ён заўсёды вяртаўся дамоў і нават не пытаўся ў сябе, ці сапраўды ўсё гэта мае дачыненьне да яго. Адзіная кропка адліку яго мінулага была ў каханьні да Фэрміны Дасы, і толькі тое, што адносілася да яе, тычылася і пражытага жыцьця. Так што ў дзень, калі Флярэнтына Арыса бачыў ластавак на электрычных лініях, ён перабіраў мінулае з самага далёкага ўспаміну. Ён прыгадваў выпадковых палюбоўніц, незьлічоныя рыфы, якія абыходзіў, каб здабыць пасаду загадчыка кампаніі. На памяць прыйшло мноства інцыдэнтаў, справакаваных бязьлітасным рашэньнем пра тое, што Фэрміна Даса будзе зь ім і ён зь ёю, што б ні здарылася, насуперак перашкодам. І толькі тады ён уцяміў, што жыцьцё мінае. Яго ўсхваляваў глыбінны жар, які ішоў зь нетраў цела, у вачох сьцямнела, і яму давялося кінуць на зямлю садовыя інструмэнты і абаперціся аб глухую сьцяну могілак, каб яго ня кінуў на зямлю першы ўдар драпежнай лапы сьмерці.

– Чорт падзяры, – ускрыкнуў ён у жаху, – усё гэта – трыццаць гадоў таму!

Так яно і было. Трыццаць гадоў мінулі таксама, зразумела, і для Фэрміны Дасы, але для яе гэтыя гады былі самымі прыемнымі і плённымі ў ейным жыцьці. Страшныя дні ў палацы Касальдуэра засталіся на сьметніку ейнай памяці. Яна жыла ў новым доме, у раёне Ля-Манга, будучы поўнай гаспадыняй свайго лёсу. Жыла з мужам, якога абрала б сярод усіх мужчынаў сьвету, калі б давялося абіраць зноў. Зь ёю былі сын, які працягваў сямейную традыцыю ў Школе мэдыцыны, і так падобная да яе дачка, што часам яе трывожыла адчуваньне паўторанасьці. Тройчы яна езьдзіла ў Эўропу пасьля трагічнай вандроўкі, зь якой вырашыла не вяртацца ніколі, каб пазбавіцца ад няспыннага жаху жыцьця ў родавым палацы зь сям’ёю мужа.

Напэўна, Бог пачуў, нарэшце, ейныя малітвы: праз два гады жыцьця ў Парыжы, калі Фэрміна Даса і Хувэналь Урбіна ледзь намацвалі рэшткі каханьня сярод руінаў мінулага жыцьця, начная тэлеграма страсянула іх весткай пра тое, што доньня Блянка дэ Ўрбіна ў цяжкім стане, а затым амаль адразу прыйшло паведамленьне пра ейную сьмерць. Яны тут жа вярнуліся. Фэрміна Даса сышла з карабля, апранутая ў чорную туніку, свабодны пакрой якой ня здолеў схаваць яе стану. Насамрэч, яна зноўку зацяжарала, і чуткі пра гэта спарадзілі ананімную песеньку, не зласьлівую, хутчэй, хітраватую, чый рэфрэн застаўся модным да канца году: «І што гэта робіць прыгажуня ў Парыжы, што заўжды вяртаецца дамоў, каб нарадзіць?» Нягледзячы на грубасьць тэксту, доктар Хувэналь Урбіна замаўляў гэтую песьню і шмат гадоў пазьней на сьвятах у Грамадзкім клюбе як знак добрага настрою.

Палац маркіза Касальдуэра і ягонага роду, пра паходжаньне і пра геральдыку якога ня мелася дакладных сьведчаньняў, напачатку быў прададзены муніцыпалітэту за разумную цану, а пасьля, калі галяндзкі дасьледчык правёў раскопкі і даказаў, што там знаходзілася сапраўдная магіла Хрыстафора Калюмба – пятая па ліку, – дом перапрадалі за вялізныя грошы цэнтральнаму ўраду. Сёстры доктара Ўрбіна засталіся бяз воты ў кляштары салесіянак, і Фэрміна Даса жыла ў старым бацькавым доме, пакуль ня скончылі будоўлю вілы ў раёне Ля-Манга. Яна ўвайшла ў новы дом цьвёрдым крокам, увайшла гаспадыняй, з ангельскай мэбляй, прывезенай зь вясельнай вандроўкі і дадаткова купленай падчас ваколсьветнага круізу. Зь першага дня яна ўзялася напаўняць дом рознымі відамі трапічных жывёлаў, якіх сама набывала на шхунах з Антыльскіх астравоў. Яна ўвайшла з адваяваным мужам, з добра выгадаваным сынам і з дачкою, якая нарадзілася праз чатыры месяцы пасьля вяртаньня, і яе ахрысьцілі імем Афэлія. Доктар Урбіна, са свайго боку, зразумеў, што ня зможа вярнуць сабе жонку цалкам, каб яна была настолькі ягонай, як падчас вясельнай вандроўкі, бо частка любові, якой яму так не ставала і па якой ён сумаваў, была аддадзена дзецям разам з большаю часткай ейнага часу, але доктар навучыўся жыць і быць задаволеным рэшткамі ейнага каханьня. Жаданая гармонія дасягнула кульмінацыі, калі менш за ўсё чакалі, – падчас аднае ўрачыстай вячэры падалі вельмі смачную страву, якую Фэрміна Даса ня здолела апазнаць. Яна зьела вялікую порцыю, але ёй так спадабалася, што яна тут жа ўзяла яшчэ і ўжо шкадавала, што нельга замовіць яшчэ праз прымхі добрага тону, калі дазналася, што зьела зь вялізнай асалодай дзьве поўныя талеркі бакляжаннага пюрэ. І прайграла яна з годнасьцю: з тае пары ў віле, якая ўпрыгожвала раён Ля-Манга, падавалі бакляжаны на ўсе спосабы амаль гэтак сама часта, як гэта рабілі ў палацы Касальдуэра. І ўсе елі іх, ды так, што доктар Хувэналь Урбіна жартаваў на старасьці гадоў, прыгаворваючы, што хацеў бы мець яшчэ адну дачку, каб назваць яе самым любімым у доме імем: Бэрэнхэна* Ўрбіна.

  Назва гарадзкога кварталу супадае з назвай паселішча каля Масьлічнага поля паблізу Ерусаліму.

   
Фэрміна Даса ведала, што прыватнае жыцьцё, у адрозьненьне ад грамадзкага, зьменлівае і непрадказальнае. Ня проста было вызначыць істотную розьніцу паміж дзецьмі і дарослымі, аднак, добра падумаўшы, яна аддавала перавагу дзецям, бо іхныя крытэры выяўляліся больш слушнымі. Ледзь яна абагнула мыс сьпеласьці і пазбавілася, нарэшце, усялякіх міражоў, перад ёй замаячыла расчараваньне, бо яна ніколі не была такой, якой марыла быць у маладосьці, у Эвангельскім сквэрыку, а сталася – хоць ніколі раней не асьмельвалася прызнацца ў гэтым – прывілеяванай прыслужніцай. У грамадзтве з часам яе палюбілі, і яна трымалася вольна, таму яе баяліся больш за ўсё, але ні ў чым не патрабавалі больш і не прабачалі менш, чымся ў кіраваньні домам. Заўсёды яна адчувала, што жыве жыцьцём, якое міласэрна пазычыў ёй муж – паўнаўладная каралева бязьмежнай дзяржавы шчасьця, якое збудаваў ён і толькі для сябе самога. Яна ведала, што ён кахае яе больш за ўсё на сьвеце, але кахае толькі для сябе, найлепшага ў сьвеце.

Але ад чаго ўсур’ёз пакутавала яна, дык гэта ад пажыцьцёвага прысуду гатаваньня штодзённых абедаў. Яны ня толькі мусілі падавацца своечасова – ад іх патрабавалася дасканаласьць, да таго ж, гэта мусіла быць менаваіта тое, чаго яму ў дадзеным выпадку хацелася, без папярэдніх узгадненьняў. Калі яна часам зьвярталася да яго з пытаньнем на гэты конт, захоўваючы бяздумную цырымонію хатняга рытуалу, дык ён нават не адводзіў вачэй ад газэты для адказу: «Што заўгодна». І ён казаў праўду, і тон яго быў прыемным, бо цяжка было ўявіць сабе менш дэспатычнага мужа. Але падчас абеду трэба было падаваць ня што заўгодна, а менавіта тое, што ён жадаў, і без наймізэрнейшых адхіленьняў: каб мяса ня пахла мясам, рыба – рыбай, сьвініна – скурай, а птушка пёрамі. Яшчэ да наступу сэзону спаржы трэба было даставаць яе за любыя грошы, каб ён мог суцешыцца выпарэньнямі сваёй уласнай мачы ў прыбіральні. Яна не вінаваціла яго – вінаваціла сваё жыцьцё. Досыць было яму толькі засумнявацца, як ён адсоўваў талерку са словамі: «Ежа прыгатаваная безь любові». У гэтым ён праяўляў фантастычнае натхненьне. Аднойчы, ледзь пакаштаваўшы рамонкавы настой, ён вярнуў кубак з фразай: «Гэтае пойла аддае акном». Фэрміна Даса з усёй прыслугай зьдзівіліся, яны ня ведалі чалавека, які мог бы выпіць адвар акна, але толькі пакаштаваўшы яго, яны зразумелі: так, менавіта такі быў смак старога падгнілага акна.

Гэта быў узорны муж: ніколі не падымаў нічога з падлогі, не гасіў сьвятла, не зачыняў дзьвярэй. У змроку раніцы, калі ў вопратцы не ставала аднаго гузіка, яна чула ягоныя словы: «Добра было б мець дзьвюх жонак, – адну для каханьня, а другую – прышываць гузікі». Штодня, толькі пачаўшы піць каву альбо ўзяўшы першую лыжку поліўкі, ён раптам пачынаў раўці, нікога ўжо не пужаючы, і тут жа сьледавалі словы палёгкі: «Калі я сыду з гэтага дому, ведайце, што мне абрыдла жыць з абпаленым ротам». Ён казаў, што ў доме ніколі не гатавалі такіх смачных і разнастайных абедаў, як у тыя дні, калі ён ня мог есьці з-за разгрузкі з выкарыстаньнем паслабляльнага, і верыў, што гэта – жончыны хітрыкі, і ўрэшце ён адмовіўся ад прыманьня паслабляльнага, калі яна не прымала яго разам зь ім.

Ён дапёк яе сваім бяздушшам, і аднойчы Фэрміна Даса сказала, што на дзень народзінаў хоча атрымаць нязвыклы падарунак: каб ён адзін дзень пазаймаўся хатнімі справамі. Ён радасна пагадзіўся і на золку насамрэч прыняў лейцы кіраваньня домам. І загадаў падаць сапраўды выдатны сьняданак, але забыўся на тое, што яна не магла есьці яечню, да таго ж, не піла каву з малаком. Потым распарадзіўся гатаваць урачысты абед на восем пэрсонаў і загадаў накрываць сьвяточны стол, – словам, так імкнуўся гаспадарыць лепш за яе, што апоўдні яму давялося капітуляваць без адзінай адзнакі сораму. Зь першага моманту ён здагадаўся, што ня ведае, дзе што знаходзіцца, асабліва на кухні, і прыслужніцы дазволілі яму перавярнуць усё ў пошуках кожнае драбязы, бо яны таксама ўвайшлі ў гульню. А дзясятай ён не пасьпеў вырашыць адносна дэталяў абеду, бо не была скончаная ўборка ў доме і не прыбраная спальня. Ванны пакой застаўся нявымытым, ён забыўся папоўніць запас гігіенічнай паперы, памяняць прасьціны і накіраваць возьніка па дзяцей. Заадно пераблытаў ролі прыслужніц, то бок загадаў кухарцы перасьцілаць пасьцелі, а пакаёвак накіраваў на кухню. Аб адзінаццатай, калі вось-вось мусілі прыйсьці госьці, у доме быў такі хаос, што Фэрміна Даса зноўку прыняла лейцы кіраваньня, душачыся са сьмеху. Але не зь пераможным выглядам, як меркавала, а ўзрушаная шкадобаю пры выглядзе бездапаможнасьці мужа ў хатніх справах. Ён уздыхнуў з сумам і выказаў спрадвечны аргумэнт: «Прынамсі, я справіўся ня горш, чымся ты б лекавала людзей». Але навука была карыснай, і ня толькі для яго. Праз шмат гадоў кожны сваім шляхам прыйшоў да мудрай высновы пра тое, што яны не маглі жыць разам і кахаць адно аднаго інакш: на гэтым сьвеце няма нічога складанейшага за каханьне.

У зэніце свайго новага жыцьця Фэрміна Даса бачыла Флярэнтына Арысу на розных грамадзкіх мерапрыемствах, і тым часьцей, чым вышэй уздымаўся ён па службовай лесьвіцы, але яна навучылася паводзіць сябе пры гэтым так натуральна, што з расьсеянасьці не аднойчы забывалася вітаць яго. Яна чула пра яго часта, бо ў дзелавым сьвеце стала агучвалася тэма ягонага асьцярожнага, але нястомнага руху ўгару па адміністрацыйнай лесьвіцы Карыбскай параходнай кампаніі. Яна заўважыла, што ягоныя манеры мяняліся ў лепшы бок, а нясьмеласьць прымала выгляд загадкавага аддаленьня, яму пасавала лёгкая дабаўка вагі, і была да твару нетаропкасьць сталага чалавека, ён нават здолеў годна вырашыць праблему падступнага аблысеньня. Адным толькі Флярэнтына Арыса кідаў выклік часу і модзе – змрочнай вопраткай, анахранічнымі сурдутамі, адзіным капелюшом, страшным парасонам, гальштукамі ў выглядзе стужкі з матчынай крамы, якія насілі хіба што паэты. Фэрміна Даса павольна звыклася глядзець на Флярэнтына Арысу іншымі вачыма і, зрэшты, перастала атаясамліваць яго з млявым юнаком, які сядзеў і ўздыхаў па ёй пад парывамі ветру ў пажоўклым лістападзе Эвангельскага сквэрыку. Ва ўсялякім разе, яна ніколі не пазірала на яго абыякава і заўсёды радавалася добрым весткам пра яго, бо гэтыя весткі паступова аблягчалі цяжар ейнай віны.

Аднак калі яна паверыла ўжо самой сабе, што сьцерла яго назаўсёды з памяці, ён зноў зьявіўся там, дзе яна менш за ўсё чакала, прывідам ейнай настальгіі. Гэта супала зь першымі знакамі старасьці і праявілася так, нібыта ў ейным жыцьці здарылася непапраўнае, і адчуваньне гэтае абвастралася, калі яна чула грымоты перад дажджом. Самотны гром, каменны і пунктуальны, грымеў у кастрычніку штодня роўна а трэцяй за абедам недзе ў гарах Вільянуэвы, і, як стала нагадвае пра сябе невылечная рана, успаміны з гадамі сталіся яшчэ больш натуральнымі. Новыя падзеі блыталіся ў памяці празь некалькі дзён, а легендарная вандроўка па правінцыі кузіны Ільдэбранды прыгадвалася так дэталёва, нібыта езьдзіла яна ўчора, і ўсё – праз вусьцішную дакладнасьць настальгічных успамінаў. Яна прыгадвала горны Манаўрэ, адзіную вуліцу ў ім, роўную і зялёную, з птушкамі шчасьця, з домам жахаў, дзе яна прачыналася ў кашулі, мокрай ад сьлёз Пэтры Маралес, што памерла ад каханьня шмат гадоў таму ў тым самым ложку, дзе Фэрміна Даса тады спала. Яна згадвала смак гуаявы, які больш ніколі ня быў такім, свае прадчуваньні, такія моцныя, што іхны шэпт заглушаў пошум дажджу, тапазавы бляск вечароў у Сан-Хуан-дэль-Сэсары, калі яна выходзіла на шпацыр з чародкаю шумных кузін і сьціскала зубы, каб ня выскачыла сэрца, калі яны праходзілі паўз тэлеграфную кантору. Яна, не гандлюючыся, прадала дом бацькі. Ёй балюча было прыгадваць юнацтва, бачыць з гаўбца пусты сквэрык, адчуваць прарочы водар гардэніяў душнымі начамі і зноў перажываць страх перад старасьвецкім дамскім партрэтам таго лютаўскага дня, калі вырашыўся ейны лёс, і куды б ні павярнула памяць тых часоў, яна абавязкова сутыкала яе з Флярэнтына Арысам. Аднак яна заўсёды цьвяроза ацэньвала сытуацыю і разумела, што гэта не былі ўспаміны пра каханьне альбо каяньне, а толькі памяць пра горкі сум, які пакідаў па сабе доўгі сьлед сьлёзаў. Яна ня ведала, што і ёй пагражала тая самая пастка спагады, у якую траплялі выпадковыя ахвяры Флярэнтына Арысы.

Фэрміна Даса трымалася за мужа. Тым часам і муж усё больш адчуваў патрэбу ў ёй, бо апярэджваў яе ў веку на дзесяць гадоў, хістаючыся самотна ў тумане старасьці і слабеючы як мужчына. Зрэшты яны настолькі спазналі адно аднаго, што, дасягнуўшы трыццацігодзьдзя сумеснага жыцьця, сталіся нібыта адной істотай з двума тварамі і пачуваліся няёмка, калі часта ненаўмысна ўгадвалі думкі адно аднаго альбо калі прылюдна незнарок вымаўлялі тое, што мусіў сказаць другі. Яны разам пераадолелі будзённыя непаразуменьні, раптоўныя пыханьні гневу, наўзаемныя гідоты і казачныя бліскавіцы шлюбнае блізкасьці. Пад той час яны кахалі адно аднаго бязь сьпеху, не перагінаючы палкі, і абое былі сьвядома ўдзячныя адно аднаму за невераемныя перамогі над злыбедамі. Жыцьцё, зразумела, гатавала ім і іншыя сьмяротныя выпрабаваньні, але гэта ўжо не было такім важным: яны былі на другім беразе жыцьця.

З прычыны наступленьня новага стагодзьдзя была падрыхтаваная незвычайная праграма ўрачыстасьцяў, сярод якіх самай незабыўнай сталася першая вандроўка на паветраным шары, плён невычэрпнай ініцыятывы доктара Ўрбіна. Паўгораду сабралося на Арсэнальным пляцы, каб палюбавацца вялізным шарам з тафты колераў нацыянальнага сьцяга, які павёз першую паветраную пошту ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу – трыццаць ліг на паўночны ўсход напрасткі. Доктар Хувэналь Урбіна з жонкаю, якія зьведалі хваляваньні палёту на Сусьветнай выставе ў Парыжы, першымі ўзьняліся ў лазовую гандолу, за імі рушыў бартавы інжынэр і шэсьць ганаровых гасьцей. Яны везьлі муніцыпальным уладам Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі ліст губэрнатара правінцыі, у якім фіксаваўся гістарычны факт першай перасылкі пошты паветраным шляхам. Рэпартэр з «Камэрцыйнай газэты» спытаў у доктара Хувэналя Ўрбіна, якія былі б ягоныя разьвітальныя словы ў выпадку, калі ён загіне ў палёце, і доктар, не задумваючыся, выдаў адказ, за які пасьля многія яго лаялі.

– На мой погляд, – сказаў ён, – ХІХ стагодзьдзе скончылася для ўсяго сьвету, але толькі не для нас.

Згублены сярод наіўнага натоўпу, які засьпяваў нацыянальны гімн, калі паветраны шар пачаў набіраць вышыню, Флярэнтына Арыса пагадзіўся з чалавекам, які камэнтаваў у натоўпе, што падобная авантура не пасуе жанчыне, тым больш, у веку Фэрміны Дасы. Дарэчы, вандроўка выявілася не такой ужо небясьпечнай. Прынамсі, было болей прыгнечанасьці, чым небясьпекі. Паветраны шар даляцеў да пункту прызначэньня безь перашкодаў, палёт быў спакойны, неба – неверагодна сінім. Яны ляцелі добра і вельмі нізка з прыемным спадарожным ветрам, спачатку над засьнежанымі вяршынямі ўзгор’я, а пасьля над бясконцаю багнай Сіенагі-Грандэ.

Зь нябёсаў яны бачылі, як бачыць іх Бог, руіны старажытнага і гераічнага гораду Картахэна-дэ-Інд’яс; гэта быў найпрыгажэйшы горад у сьвеце, пакінуты жыхарамі ў паніцы перад халерай, хоць да таго яны цягам трох стагодзьдзяў трывалі блякады ангельцаў ды флібуст’ерскія набегі. Яны бачылі некранутыя муры фартэцыі, пустазельле на вуліцах, умацаваньні, ахінутыя дываном з братак, мармуровыя палацы і залатыя аўтары, віцэ-каралёў, што згнілі жыўцом ад халеры ў сваіх дасьпехах.

Яны ляцелі над старажытнымі забудовамі на пблях Трохас-дэ-Катакі, пафарбаванымі ў вар’яцкія колеры, угледзелі фэрмы, дзе разводзілі ігуанаў на мяса, гронкі бальзаміну і вадзяныя астры ў садовых сажалках. Сотні голых дзяцей кідаліся ў ваду. Яны былі радасна ўзбуджаныя ад азартных выклікаў і скакалі з вокнаў, ляцелі ў ваду з дахаў дамоў, а таксама з лодак, якімі яны кіравалі зь дзівосным спрытам. Яны сноўдалі ў вадзе, нібыта рыбіны-шалёнкі, каб злавіць торбу з вопраткай, флякон зь пілюлямі ад кашлю, харчы – гожая жанчына ў капелюшы з плюмажам кідала ім усё гэта з гандолы паветранага шара.

Яны ляцелі, пакідаючы за сабой бананавыя плянтацыі, падобныя да акіяну, поўнага таямніцаў і ценяў, і ціша ўздымалася да іх выпарэньнямі сьмерці. Фэрміна Даса прыгадала сябе малой дзяўчынкай – ёй было тры, сама больш чатыры гады, калі яна шпацыравала па змрочным лясным гушчары за руку з маці. Маці таксама выглядала зусім маладой сярод дам у мусьлінавых строях, як і яна, у газавых капелюшах і зь белымі парасончыкамі. Кіроўца паветранага шара, які разглядаў навакольле празь бінокль, раптам сказаў: «Яны як мёртвыя». Ён перадаў бінокль доктару Хувэналю Ўрбіна, і той убачыў калёсы сярод ральлі з упрэжанымі валамі, межавыя слупы ўздоўж чыгункі, застылыя ірыгацыйныя каналы, і паўсюль, дзе толькі спыняўся позірк, ён бачыў раскінутыя целы людзей. Хтосьці сказаў, што зноў халера спусташае паселішчы ў раёне Сіенагі-Грандэ. Доктар Урбіна адказаў, не адводзячы вачэй ад бінокля:

– Гэта мусіць быць вельмі спэцыфічны від халеры, бо ў кожнага чалавека ў патыліцы – сьлед ад «кулі міласэрнасьці».

Трохі пазьней яны праляцелі над усьпененым морам і без асаблівых прыгодаў завершылі пасадку на сьпякотным пляжы, які паліў жывым полымем: уся зямля наўкола была разьедзеная салетраю. Там іх сустрэлі прадстаўнікі мясцовых уладаў, што бараніліся ад сонца адно звычайнымі парасонамі. Вучні пачатковых школаў размахвалі сьцяжкамі ў такт гімну. Каралевы прыгажосьці, з упрыгожваньнямі з павялых красак і ў залатых каронах з кардону, пакутавалі ў чаканьні, а побач стаяла гаспадыня папаевай плянтацыі з заможнай сялібы Гайра, якая ў тыя часы была найлепшай на Карыбскім узьбярэжжы. Фэрміна Даса хацела толькі пабываць яшчэ раз у роднай вёсцы, каб параўнаць існае з самымі даўнімі сваімі згадкамі, аднак ім не дазволілі гэтага зрабіць з-за халеры. Доктар Хувэналь Урбіна ўручыў гістарычнае пасланьне губэрнатара, якое пазьней назаўсёды згубілася сярод нікому не патрэбных паперак, а дэлегацыя ў поўным складзе ледзь не задыхнулася ад сьпякоты ды манатоннасьці прамоваў. Пры канцы ўрачыстасьці гасьцей павезьлі на мулах да самае прыстані ў Пуэбла-Б’еха, дзе багна сыходзілася з морам, бо бартавы інжынэр ня здолеў зноў узьняць паветраны шар. Фэрміна Даса была ўпэўненая, што зусім малой яна з маці праяжджала па гэтым шляху ў фурманцы, запрэжанай валамі. Калі Фэрміна падрасла, яна неаднойчы распавядала бацьку пра гэта, але бацька так і памёр, перакананы, што яна ніяк не магла прыгадаць штосьці падобнае.

– Я насамрэч згадваю тую вандроўку, – сказаў ён, – але гэта было, найменей, за пяць гадоў да твайго нараджэньня.

Удзельнікі экспэдыцыі на паветраным шары вярнуліся ў родны порт праз тры дні, адпакутаваўшы ад жорсткага начнога шторму, і былі сустрэтыя, як героі. У натоўпе, зразумела, стаяў і Флярэнтына Арыса, які на твары Фэрміны Дасы ўгледзеў сьляды змучанасьці. Аднак крыху пазьней, удзень, калі ён зноўку назіраў за ёю на выставе ровараў, таксама арганізаванай ейным мужам, Фэрміна Даса выглядала так, нібыта стому рукой зьняло. Яна праехала на неверагодным ровары, які б больш падыходзіў для цыркавых відовішчаў, з задужа высокім пярэднім колам, над якім яна сядзела, і з маленькім заднім, якое ледзьве спраўлялася з роляй апоры. З гэтай нагоды яна апранула шальвары з разрэзам і чырвонай аблямоўкай, што выклікала асуджэньне старэйшых дам і канфуз сярод мужчынаў, аднак ніхто не застаўся абыякавым да ейнага спрыту.

Гэты вобраз любай жанчыны, як і мноства іншых, якія раптоўна ўзьнікалі цягам столькіх гадоў у памяці Флярэнтына Арыса, калі тое было заўгодна лёсу, ды гэтак жа раптоўна зьнікалі, разьвярэдзіў ягонае сэрца. Аднак успаміны тыя сталіся ты