A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ЯЎГЕН МІРАНОВІЧ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Яўген Мірановіч
Стварэнне і разбурэнне акупацыйнай рэчаіснасці


К’яры Бернгард. Штодзённасць за лініяй фронту. Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941–1944 гг.). – Мінск, 2005. – 390 с.

Кніжка Бернгарда К’яры можа служыць беларускім вучоным прыкладам альтэрнатыўнай – у дачыненні да савецкай – метадалогіі даследавання найноўшай гісторыі. Нямецкі гісторык піша пра нямецкую акупацыйную ўладу ў Беларусі, якая прадстаўляла сабой адзін з найбольш злачынных рэжымаў у гісторыі свету. Пераважная частка працы прысвечана, аднак, грамадству Беларусі, якое на працягу трох гадоў акупацыі перажыло пекла на зямлі. К’яры ўсведамляе маштабы зла, учыненага ягонымі суродзічамі на беларускай зямлі, і не памяншае ані злачынстваў, ані крыўдаў ахвяр нямецкай палітыкі. Адначасова ён пазбягае так характэрнага для польскіх ці беларускіх гісторыкаў імкнення да абароны палітычных, нацыянальных, дзяржаўных інтарэсаў уласнага народу. Пасля ўважлівай лектуры гэтай працы няма ніякіх падстаў рабіць аўтару закід аднабаковасці, хаця вобраз беларусаў, палякаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў, расійцаў такі сама малаправабны, як і немцаў.

К’яры даводзіць, што акупацыйны кашмар часткова быў выкліканы складанасцю палітычнай сітуацыі, што існавала ў Беларусі яшчэ да вайны. Супярэчнасць беларускіх, савецкіх і польскіх інтарэсаў узмацнялася тут нацыянальнымі, рэлігійнымі і палітычнымі канфліктам яшчэ да 1939 г. Аўтар дае шмат прыкладаў, як усе лагеры імкнуліся выкарыстаць нямецкую акупацыйную ўладу для вырашэння сваіх праблем, а перш за ўсё для ліквідацыі ўсялякай канкурэнцыі. Вельмі часта злачынны рэжым выкарыстоўваўся дзеля знішчэння асабістых ворагаў (с. 159–165). К’яры не піша непасрэдна, але дае выразна зразумець, што вінаватымі ў кашмары на беларускай зямлі былі не толькі немцы, але і бальшавікі, беларусы, палякі, латышы, літоўцы, расійцы, украінцы. Цяжка не прызнаць ягонай рацыі, бо, каб пацвердзіць гэтую тэзу, ён прыводзіць вельмі шмат прыкладаў. Злачынцы мясцовага паходжання часта былі горшымі за тых, каму служылі (с. 203–209). Аўтар, аднак, падкрэслівае, што палітычная і маральная адказнасць за ўсё, што тут адбывалася, ляжыць на немцах.

Пры чытанні кніжкі выразна відаць, што К’яры імкнуўся зразумець людзей, якія стваралі акупацыйную рэчаіснасць. Ён хацеў паказаць з фатаграфічнай дакладнасцю катаў і ахвяры, вярнуць памяць пра сотні тысяч тых, што без віны загінулі, бо апынуліся на дарозе нейкай злачыннай арды, пра наймалодшых, пазбаўленых дзяцінства, пра старэйшых, пазбаўленых маёмасці і чалавечай годнасці. Яму часта цяжка адрозніць злачынцаў ад ахвяр, бо тыя самыя людзі ў час акупацыі маглі выступаць і ў адной, і ў другой ролі.

У шэраг злачынцаў і ахвяр К’яры паставіў і беларускіх паліцыянтаў, у тым ліку тых, што пайшлі служыць з патрыятычных прычын, у надзеі дачакаць беларускай дзяржаўнасці. Яны марылі служыць свайму народу, на практыцы вымушаныя былі з ім змагацца. Савецкае падполле бачыла ў іх здраднікаў і было бязлітасным як да іх саміх, так і да іх сем’яў.

К’яры рашуча адкідае тэзіс Юр’я Туронка пра гаўляйтара Вілгельма Кубэ як прыхільніка беларускай справы (с. 69). Паводле нямецкага гісторыка, Кубэ быў адным з тых, што з поўнай адданасцю будавалі ў Беларусі апарат тэрору.

Першы раздзел сваёй працы К’яры прысвяціў апісанню метадалогіі даследавання, гістарыяграфіі і крыніц, выкарыстаных для напісання працы. Асновай былі дакументы, якія знаходзяцца ў беларускіх архівах. Увагі заслугоўвае той факт, што яму ўдалося выкарыстаць крыніцы з архіваў КДБ, наогул недаступныя беларускім гісторыкам.

У другім раздзеле аўтар, як мне здаецца, не надта трапна акрэсліў геапалітычную сітуацыю Беларусі як перыферыю Польшчы і Савецкага Саюза. Для абодвух суседзяў Беларусі гэта была, хутчэй, прыфрантавая зона, дзе стала працягвалася змаганне з сапраўднымі і ўяўнымі ворагамі. З абодвух бакоў ад рыжскай мяжы беларуская інтэлектуальная эліта ўспрымалася як нешта падазронае ці нават варожае. Таму амаль усе тыя яе прадстаўнікі, каго не паспелі знішчыць, наіўна чакалі разумення іх нацыянальных праблем з боку немцаў.

Шмат месца прысвяціў аўтар характарыстыцы нямецкай акупацыйнай улады. Ён звяртае ўвагу, што ў Райху было шмат ахвотных служыць у Беларусі. Немцы, якія прыязджалі на ўсход, спадзяваліся тут зрабіць хуткую кар’еру і набыць вялікую маёмасць. Некаторыя ўраднікі імкліва пераўтвараліся ў сярэднявечных феадалаў, ахвярамі якіх рабіліся мясцовыя сяляне (с. 77).

К’яры вельмі добра паказаў, як выглядала акупацыйная рэчаіснасць з пункту гледжання немцаў. Савецкія партызаны на немцаў штодня наводзілі не меншы жах, чым на мясцовае насельніцтва. Партызан мог хавацца ў дзіцяці, у жанчыне, у паліцыянце і нават у нямецкім афіцэры. Ад яго немагчыма было цалкам схавацца.

Вельмі адмоўна ацэньвае нямецкі гісторык усялякіх спецыялістаў, дасыланых з Берліна ў Беларусь. Часта гэта былі вельмі прымітыўныя асобы без ведання месцовых рэалій, якія глядзелі на падпарадкаванае насельніцтва як на горшы гатунак людзей. Яны самі вызначалі сваё права на рабунак усяго, што лічылі для сябе вартым. Спецыялісты ў справах культуры перш за ўсё займаліся нішчэннем помнікаў культуры. Беларусь страціла мільёны кніжак у выніку запланаванай акцыі аператыўнага штаба, арганізаванага райсхляйтэрам Розэнбэргам (с. 107–110).

К’яры прыйшоў да высновы, што беларускі нацыянальны лагер ніколі не ўспрымаўся немцамі як істотны палітычны фактар, з якім трэба было абмяркоўваць будучыню акупаванага краю. «Нямецкая адміністрацыя, – піша ён, – бачыла ў беларускіх структурах улады не самастойных партнёраў, а дапаможную сілу ў рэалізацыі нямецкіх інтарэсаў. Беларусы былі атрымальнікамі загадаў і мусілі выконваць нямецкія інструкцыі» (с. 144).

Аўтар вельмі добра прыблізіў чытачу акупацыйную сістэму тэрору, важнай часткай якой былі батальёны дапаможнай паліцыі. Немцы ў паліцыйных структурах найчасцей выступалі ў ролі камандзіраў. Пільнаваць нямецкі парадак у Беларусі былі прыцягнуты літоўскія, латышскія, каўказскія, расійскія і ўкраінскія падраздзяленні. У некаторых раёнах, асабліва паўночных і паўднёвых, акупацыйная сістэма трымалася на польскіх ці ўкраінскіх пастарунках. Беларускія паліцыянты – гэта найчасцей сялянскія сыны ва ўзросце 18–22 гадоў, якія з самых розных прычын траплялі на службу да немцаў. Меншасць хацела змагацца за несавецкую Беларусь, большасць – мець матэрыяльны дабрабыт, уладу, адпомсціць за крыўды санацыі, саветызацыі і да т. п. Нягледзячы на матывацыю, К’яры ацэньвае іх адмоўна. «Паліцыянты кампраметавалі сябе, – піша ён, – ужо самым фактам падпісання адпаведнага абавязку. (...) Службовая прысяга, якую яны абавязаны былі прыносіць, фармальна прывязвала іх таксама да нацыянал-сацыялісцкай сістэмы эксплуатацыі» (с. 186).

Адзін з раздзелаў (VІІІ) К’яры прысвяціў аналізу беларуска-польскіх адносін падчас нямецкай акупацыі. Аўтар не мае сумневу, што гэта была вайна з выкарыстаннем нямецкага апарату тэрору абодвума бакамі. Адзін з падраздзелаў, названы «Палякі як ахвяры і злачынцы» (с. 285–294), вельмі трапна характарызуе складанасць польскага пытання ў акупаванай Беларусі.

Кніжка нямецкага гісторыка, несумненна, – адна з найлепшых працаў, якія кранаюць праблемы гітлераўскай акупацыі ва Ўсходняй Еўропе. Аўтар паказаў рэчаіснасць з усіх бакоў, а перш за ўсё механізм, які пераўтвараў маладых людзей, часта супраць іх волі, у катаў, незалежна ад таго, дзе яны змагаліся – у шэрагах партызанскіх атрадаў ці паліцыйных батальёнаў. Кніжка дазваляе адчуць той кашмар, які выпаў на долю большасці жыхароў Беларусі, зло, ад якога звычайным людзям немагчыма было ўцячы.

  прафэсар катэдры беларускай культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту. Яго апошнія публікацыі – «Zmiany struktury etnicznej na Białorusi w okres okupacji niemieckiej» (Białoruskie Zeszyty Historyczne, t. 21, Białystok, 2004) і падручнік для студэнтаў «Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku» (Białystok, 2002).
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/13