A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  СЯРЖУК НЯХАМЕС

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяржук Няхамес
Мой шлях да Беларусі


Гартаючы час ад часу старонкі беларускіх выданьняў, міжволі згадваеш словы аднаго з старажытных кітайскіх філёзафаў: «Калі не зьяўляюцца ўспаміны ўдзельнікаў, то іншыя твораць легенды…» Менавіта новай легендай робіцца сапраўдная гісторыя беларускага адраджэньня сярэдзіны 1980-х – пачатку 1990-х гадоў у падачы некаторых маладых журналістаў.

Мае ўспаміны ня ёсьць спробай праславіць сваё імя альбо даць гістарычную ацэнку пэўным падзеям. Няхай нашыя нашчадкі самі ставяць нам адзнакі ды разьбіраюць нашыя посьпехі і паразы. Я проста паспрабую апавесьці аб уласным шляху да Беларусі.

Для мяне гістарычна-палітычнае выхаваньне пачалося яшчэ ў 1980 годзе, калі ў нашу 75-ю менскую школу прыйшоў новы настаўнік гісторыі Міхаіл Казімеравіч Пліска. Так, нашым настаўнікам у 9–10 клясах быў адзін з будучых стваральнікаў АДПБ. Акурат ён стварыў у школе гістарычна-палітычны гурток, які адразу вызначыўся досыць высокім навуковым узроўнем і палітычнай сьмеласьцю. Мы нават перамагалі на раённым і гарадзкім конкурсах паліглётаў. Але конкурсы былі не галоўным, на паседжаньнях мы разьбіралі творы Караткевіча, упершыню дазналіся пра ролю ВКЛ у гісторыі Беларусі і Эўропы… Для некаторых з нас, асабліва пасьля заканчэньня школы, гурток пасьпяхова перайшоў у хатнія вечарыны, што ладзіў Міхаіл Казімеравіч у сябе на маленькай кухні.

Да «перабудовы» большасьць з нас прыйшла перакананымі антыкамуністамі і беларускімі патрыётамі. Іншых поглядаў у радыкальна настроеных і гістарычна падкаваных людзей, што прайшлі жорсткую школу савецкага войска, проста не магло быць. Ужо ў 1985 годзе ўтвараецца «Краязнаўчы вэляклюб», і я раблюся ягоным старшынём. Пачынаюцца краязнаўчыя вандроўкі па Беларусі і ня толькі. Але, як ні дзіўна, на той час асабіста я зь вялікім недаверам ставіўся да існых беларускіх суполак. Яны мне падаваліся нейкімі штучнымі, што жывуць у сваім сьвеце, які, на маю думку, быў вельмі далёкі ад мяне і маіх сяброў. Тут спрацоўваў тыповы канфлікт «фізыкаў і лірыкаў». Усе мы, першапачатковы склад вэляклюбу, паходзілі зь сем’яў гарадзкой тэхнічнай і вайсковай інтэлігенцыі 2–3 пакаленьня, працавалі на заводах, і «творчае кола» было нам досыць чужым асяродзьдзем. Падазраю, што і беларускія гуманітары ставіліся да нас зь недаверам… Але й да гурткоў касмапалітаў тыпу «Профілю» вялікай любові мы не адчувалі.

Пералом настаў у сакавіку 1988 году, калі я і Толя Бухвалаў наважыліся зрабіць роварную вандроўку, прысьвечаную 25 сакавіка. Мы нават павесілі абвестку ў Менскім турклюбе: «Запрашаем у вандроўку па Беларусі на беларускае сьвята». На гэтую абвестку адгукнулася некалькі чалавек, у тым ліку Алесь Жынкін, зь якім, як высьветлілася, мы жылі ў суседніх дамох.

Менавіта Алесь Жынкін і ягоная будучая жонка Сьвятлана далучылі нас да беларускага руху і ператварылі «Краязнаўчы вэляклюб» у «Краязнаўчы вэляклюб «ПАГОНЯ». Кожныя выходныя і сьвяточныя дні мы ладзілі краязнаўчыя вандроўкі па Беларусі. Да нас далучаліся дзяўчаты і хлопцы зь менскай «Талакі», а мы далучаліся да іхных паседжаньняў, талокаў, акцыяў пратэсту супраць разбурэньня гістарычнай спадчыны Менску. Паступова мы інтэграваліся ў беларускае культурнае асяродзьдзе, але заставалася прага палітычнае барацьбы. Мне, як і некаторым маім сябрам, здавалася, што беларускія суполкі занадта паглыбленыя ў этнаграфічна-культурнае жыцьцё; што «гуканьнем вясны» і «купальлем» волі не здабудзеш; што мы губляем час, і трэба дзейнічаць.

На адных з чарговых вячорак на кухні Міхаіл Казімеравіч, які на той час быў яшчэ ў дэмплятформе КПСС, запрапанаваў мне прыйсьці на «Сучасьнік». Апошні быў рэпрэзэнтаваны як востры палітычна-дыскусійны клюб.

На той час (пачатак лета 1988 году), у адрозьненьне ад «сьвядомых» беларускіх суполак, «Сучасьнік» уяўляў сабой прыклад вядомай байкі Крылова «Лебедзь, рак і шчупак». Дэмакратычныя камуністы і жыды-адмоўнікі; трацкісты і прагрэсіўныя сацыялісты; славянафілы і інтэрнацыяналісты – усе спрачаліся, і ніхто нікога ня слухаў. Што аб’ядноўвала гэтых людзей? На маю думку, найперш антыпатыя да беларушчыны. Памятаю, як, пачуўшы беларускую мову, Леў Крывіцкі сказаў мне: «Говорите нормальным языком, молодой человек. Тут вам не сходка националистов». На мой бок стала толькі некалькі чалавек, у тым ліку спадар Пліска. Наагул, менавіта нацыянальная ідэя ў далейшым назаўсёды падзяліла былых сучасьнікаўцаў, але пра гэта крыху пазьней.

Калі разглядаць склад «Сучасьніка», то ён складаўся з дэклясаванай дэмакратычнай інтэлігенцыі. Яны жадалі рэформаў і баяліся іх; жылі ў Беларусі і не вызнавалі яе права на дзяржаўнасьць. Недарэмна напрыканцы 1989-га і пачатку 1990 гадоў гасьцямі клюбу былі шматлікія прадстаўнікі інтэрфрантоў Прыбалтыкі і Ўкраіны. А сам клюб знаходзіўся за паўкроку ад утварэньня арганізацыйнага камітэту «Інтэрфронту» БССР. Ад перараджэньня яго выратаваў толькі путч і развал СССР.

Ці быў «Сучасьнік» цэнтрам палітычнага і культурнага жыцьця Менску ў 1988 годзе? Натуральна, не. Культуратворчыя працэсы адбываліся ў беларускім нацыянальным асяродзьдзі, на паседжаньні «Талакі» ды іншых беларускіх суполак. Колькасьць людзей на шараговых талакоўскіх паседжаньнях была значна большая, чым на сустрэчах клюбу «Сучасьнік». Менавіта талакоўцы ладзілі сапраўдныя справы. Але…

Было адно «але». Да часу «Талака» заставалася па-за палітыкай, рэпрэзэнтуючы сябе як выключна нацыянальна-культурную суполку. А прага змаганьня рвалася на волю. У адной з вандровак да нас далучыўся сябра маладэчанскай «Беларускай хаткі» Ўладак Сьвянціцкі і прапанаваў стварыць арганізацыю (зьвяз) беларускага палітычнага змаганьня. Да таго часу ідэя стварэньня радыкальнай палітычнай арганізацыі ўжо, як кажуць, «насілася ў паветры». Пачалося зьбіраньне аднадумцаў, але ўтварэньне «Менскай альтэрнатывы» на паседжаньні «Сучасьніка» сталася выпадковасьцю.

На адным з паседжаньняў клюбу ў кінатэатры «Вільнюс» я вельмі рэзка выступіў у абарону незалежнасьці Беларусі, дзяржаўнасьці беларускай мовы ды прапанаваў выйсьці на вуліцы дзеля змаганьня з рэжымам. Мяне, што было абсалютна нечаканым, падтрымалі Зьміцер Шаравер, Зьміцер Емяльянаў і Юра Ганчар. Пазьней да нас далучыліся Ўладак Сьвянціцкі і яшчэ некалькі чалавек. Адзначу: большую частку альтэрнатыўнікаў складалі сьвядомыя беларусы. Беларуская сьвядомасьць, а галоўнае – вызнаньне прынцыпаў незалежнасьці Беларусі, было падмуркам палітычнай дзейнасьці «Альтэрнатывы». Пры гэтым сяброўства ў новай арганізацыі не выключала магчымасьці заставацца сябрам іншых суполак. Напрыклад, працягваў сваё існаваньне роварны клюб «Пагоня».

Некаторыя сучасныя журналісты, у прыватнасьці Сяргей Носаў, павязваюць «Альтэрнатыву» з «Сучасьнікам». Альбо, беручы пад увагу тагачасныя перакананьні большасьці ягоных сяброў, называюць альтэрнатыўнікаў «сацыял-дэмакратамі». Але ані Крывіцкі асабіста, ані «Сучасьнік» у цэлым ніякай ролі ў дзейнасьці альтэрнатыўнікаў не адыгрывалі, больш за тое, неўзабаве большасьць зь іх наагул перасталі наведваць паседжаньні клюбу.

Разам з тым, «Менская альтэрнатыва» ніколі не існавала як самастойная і трывалая адзінка беларускага дэмакратычнага руху 1988 году. На маё меркаваньне, яна была выключна вастрыём радыкальнага моладзевага руху. Менавіта радыкальнага і беларускага, бо інакш не было б выступу на мітынгу «Саюдзісу» ў Вільні пад бел-чырвона-белым сьцягам і закліку да адмовы ад савецкага грамадзянства ды шэрагу іншых радыкальных акцый. Зьнікненьне «Альтэрнатывы» зьвязана з утварэньнем Беларускага народнага фронту і Канфэдэрацыі беларускіх суполак, калі патрэба ў яе самастойнай дзейнасьці адпала. Практычна ўсе альтэрнатыўнікі зрабіліся актывістамі групаў падтрымкі БНФ, увашлі ў рэдакцыі незалежных газэтаў…

СПРАВЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ

Ужо на пачатак 1988 году пераважная большасьць маіх сяброў і знаёмых былі перакананыя – сапраўдная дэмакратыя немагчымая без нацыянальнага адраджэньня. Нават тыя, хто пакуль не разумеў патрэбы ўтварэньня беларускай дзяржавы, без ваганьняў выступалі за дзяржаўнасьць беларускай мовы, вяртаньне нацыянальных сымбаляў і спыненьне русіфікацыі. Частка карысталася беларускай мовай, частка працягвала гаварыць па-расейску, але ў размове зь беларускамоўнымі намагалася гаварыць па-беларуску.

Менавіта ў 1988 годзе ўпершыню выйшлі на палітычную арэну і «расейскамоўныя беларускія дэмакраты». Гэтая «расейскамоўная частка беларускага дэмакратычнага руху» заўсёды востра адчувала сваю непаўнавартаснасьць, якая вымушала шукаць уласныя шляхі аб’яднаньня, адным зь якіх у далейшым зрабілася АДПБ.

Дзякуючы кантактам з М. Пліскам, я быў добра знаёмы з настроямі і думкамі «расейскамоўнага беларускага дэмакратычнага руху». Іх пазыцыя была і застаецца вельмі асаблівай, і яе, на маю думку, лепш за ўсё апісаў былы талаковец Вадзім Александровіч: «Пажыцьцёва недаробленыя. Ад маскалёў сышлі, а да беларусаў не прыйшлі».

У 1988–1989 гадох у «недаробленых» існавала два крылы.

Першае, тыповым прадстаўніком якога быў Крывіцкі, не вызнавала словаў «Беларусь» і «адраджэньне». Яны выступалі за дэмакратычную Расею (замест СССР), новы саюз і г. д. Пераважная большасьць уваходзіла ў «Дэмакратычную плятформу» КПСС альбо лічыла магчымай трансфармацыю савецкага ладу. Пасьля шматлікіх падзелаў гэтае крыло зьнікла недзе паміж 1991 і 1995 гадамі. Адна частка далучылася да ўлады, другая, значна меншая, – да АДПБ ды падобных груповак.

Другое крыло, рэпрэзэнтаванае пераважна габрэямі ды этнічнымі расейцамі, панічна баялася ўсяго «нацыянальнага». Да іх належалі: са старэйшых – пісьменьнік Букчын, а з маладзейшых – Дзьмітры Зільбер зь Сяргеем Носавым.

У далейшым усе яны зрабіліся таемнымі альбо яўнымі ворагамі нацыянальнага руху. Напрыклад, Д. Зільбер паспрабаваў зрабіць на «беларускім фашызьме» імя ў Ізраілі, надрукаваўшы расейскамоўны артыкул аб уціску габрэяў беларускімі нацыяналістамі на гістфаку БДУ. Артыкул, праз знаёмую С. Носава Натальлю Мальгіну, патрапіў на гістфак і выклікаў абурэньне выкладчыкаў і студэнтаў. Дарэчы, пэўныя яго выразы вельмі нагадваюць выразы артыкулу С. Носава, зьмешчанага ў адным з нумароў «АRCHE».

Цікава і тое, што сярод «беларускіх фашыстаў» Зільбер згадвае і Зьмітра Левіта. Апошні, яшчэ з часоў «Альтэрнатывы», прадстаўляўся «беларускім жыдом», гаварыў выключна па-беларуску і выступаў пад бел-чырвона-белым сьцягам.

РЭПРЭСІІ

Ці былі ў 1988–1991 гадох палітычныя рэпрэсіі?

Сёньня большасьць журналістаў спрабуе давесьці іх існаваньне і нават уключыць сябе ў лік рэпрэсаваных. Ці ўсё было так страшна?

Сапраўды, кіраўнікоў і актывістаў нефармальных аб’яднаньняў выклікалі на допыты ў пракуратуру, затрымлівалі на акцыях. Але штрафаў і турэмных прысудаў практычна не было. Пасьля некалькіх гадзінаў затрыманых адпускалі дамоў, склаўшы пратаколы. Калі-нікалі адбіралі незалежныя газэты і літаратуру.

Выдатна памятаю, як пасьля мітынгу ў Вільні мяне і яшчэ некалькіх альтэрнатыўнікаў проста на вакзале арыштавалі і даставілі ў рэспубліканскую пракуратуру. На працягу амаль пяці гадзінаў у нас бралі тлумачэньні, пераконвалі ў «фашысцкім» паходжаньні бел-чырвона-белага сьцягу і пагражалі распачаць крымінальную справу па некалькіх артыкулах тагачаснага крымінальнага кодэксу. Але… пасьля ўсіх допытаў нас адпусьцілі і нават вярнулі сьцяг і газэты «Саюдзісу».

Асабліва бясьпечна адчувалі сябе студэнты. Так, прэзыдэнт менскай «Талакі» Сяржук Вітушка спакойна вучыўся на гістфаку БДУ, а ў Тэхналягічным інстытуце – Алесь Гуркоў; вучыліся ў асьпірантуры Караліна Мацкевіч і Алесь Бяляцкі. Нават адзін з ідэолягаў «Талакі» Ігар Лапша, які марыў пра кар’еру палітыка, у 1990 годзе паступіў у асьпірантуру на спэцыяльнасьць… «гісторыя КПСС». У рэжымных установах працавалі Алесь і Сьвятлана Жынкіны… Мая былая жонка спакойна скончыла той самы гістфак БДУ з «чырвоным дыплёмам», дарма што яе прозьвішча значылася ў рэдкалегіі «Беларускай Трыбуны» ў 1989–1991 гадох, а ў верасьні 1989 году яна пакінула шэрагі ЛКСМБ…

Разам з тым, са словаў студэнтаў, некаторыя выкладчыкі-такі заніжалі адзнакі беларускім актывістам, калі тыя нядбала рыхтаваліся да іспытаў. Узгадваю паседжаньне «Талакі», калі студэнтаў-удзельнікаў абавязалі дасканала рыхтавацца і нават ня ўдзельнічаць у талакоўскіх акцыях падчас сэсіі. Але ці можна лічыць уласнае нядбайства ў навучаньні палітычнымі рэпрэсіямі?

Наагул, адзіным выпадкам, калі ўдзельніка беларускага руху судзіў крымінальны суд (рашэньні аб штрафах выносіліся адміністрацыйнымі камісіямі, а адміністрацыйныя суды вызначаліся прысутнасьцю аднаго судзьдзі) і вынес карны прысуд, была справа мастака Алеся Пушкіна. Але і ў гэтым выпадку абышлося ўмоўным прысудам, і ён застаўся студэнтам.

Крыху іншая справа была з тымі, хто працаваў… Сапраўды, некаторых, асабліва настаўнікаў і выкладчыкаў, калі-нікалі вымушалі пісаць заявы пра звальненьне «на ўласнае жаданьне» альбо знаходзілі падставы накшталт «скарачэньня штату». Але такіх было відавочна няшмат. Напрыклад, працаваў выкладчыкам БДУ і ня быў звольнены правы радыкал Анатоль Астапенка. Акурат у школах працавала і большасьць талакоўскіх дзяўчат, але пра іх звальненьні з палітычных падставаў я ня памятаю. Досыць спакойна працавала ў навуковых установах і пераважная большасьць аргкамітэту БНФ.

Такім чынам, ці былі тады рэпрэсіі, кожны мае вырашыць сам адпаведна ўласнаму сумленьню.

КАНЕЦ, ЯКІ СТАЎ ПАЧАТКАМ

Пераломнай кропкай у найноўшай гісторыі Беларусі стаўся артыкул З. Пазьняка «Курапаты – дарога сьмерці», надрукаваны ў «ЛіМе», ды стварэньне арганізацыйнага камітэту «Мартыралёгу Беларусі». У канцы лета зьявіўся і арганізаваны цэнтар беларускага руху, які меў праграму і мэту. Кожная суполка, кожны сьвядомы беларус мусілі ўзгадняць свае дзеяньні з агульным цэнтрам. Гэта быў добраахвотны выбар, і ніхто з нас пра гэта не шкадаваў.

Адначасна адбывалася палярызацыя і нефармальных аб’яднаньняў. Беларускія суполкі ўзялі курс на кансалідацыю і пачалі падрыхтоўку да 2-га Вальнага сойму, выпрацоўку статуту канфэдэрацыі, іншыя, напрыклад, «Сучасьнік», засталіся па-за агульным працэсам. Заставалася некалькі месяцаў да ўтварэньня аргкамітэту БНФ.

Але гэта ўжо іншая старонка нашай гісторыі…

ГАРАЧЫЯ ДНІ
(ВОСЕНЬ–ВЯСНА 1988–1989 ГАДОЎ)


Лета 1988 году паказала, што ў Беларусі існуе досыць моцны і арганізаваны беларускі нацыянальны рух. Час ад часу зьяўлялася інфармацыя аб стварэньні нейкіх «аргкамітэтаў Народнага Фронту». Усе чакалі ПАДЗЕІ, але, здавалася, нічога не адбываецца.

Менавіта здавалася, бо насамрэч ішлі актыўныя перамовы розных беларускіх суполак і групаў аб утварэньні адзінай арганізацыі. Пераважная большасьць суполак выступала за скліканьне 2-га Вальнага сойму і ўтварэньне Канфэдэрацыі беларускіх суполак, але частка беларускай інтэлігенцыі сьвядома тармазіла гэты працэс, спадзеючыся найперш утварыць сваю агульнабеларускую структуру.

Тут, на маё меркаваньне, нараджаўся канфлікт беларускай моладзі і больш сталага пакаленьня.

Сябры беларускіх суполак выступалі з радыкальных пазыцыяў, іхным прыкладам былі прыбалтыйскія рухі. Ужо тады гаварылі аб незалежнай Беларусі, вяртаньні нацыянальных сымбаляў, дзяржаўнасьці беларускай мовы, забароне камуністычнай партыі…

Здавалася, старэйшае пакаленьне беларускай інтэлігенцыі мусіла падтрымліваць падобныя лёзунгі. Але… Пераважная большасьць творчай інтэлігенцыі лічыла іх вельмі радыкальнымі і нясвоечасовымі. Памятаю, як на чарговых раскопках Верхняга гораду ў Менску З. Пазьняк казаў прыкладна так: «Хлопцы, я з вамі згодны, але шырокія колы беларускай грамадзкасьці падобныя лёзунгі не падтрымаюць». Дзіўна было нам, гатовым выйсьці на барыкады, што сьвядомыя беларускія патрыёты старэйшага пакаленьня (асабліва пісьменьнікі і працаўнікі навуковых інстытутаў) не рабілі аніякіх захадаў, каб выйсьці з шэрагаў КПСС.

Працягам канфлікту былі дыскусіі вакол складу аргкамітэту БНФ, што адбываліся ў жніўні-кастрычніку 1988 году. Кіраўнікі беларускіх моладзевых суполак – а менавіта гэтыя суполкі складалі тады найбольш актыўную і шматлікую групу беларускага адраджэнскага руху – настойвалі, каб у склад аргамітэту ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх існуючых суполак альбо – па адным з вобласьці. Але хворая на кланавасьць творчая інтэлігенцыя не пагаджалася і, на жаль, перамагла. Беларускую моладзь прадстаўлялі толькі В. Вячорка і А. Бяляцкі.

Падзеі 30 кастрычніка 1988 году (Дзяды) радыкалізавалі беларускае грамадзтва. На паседжаньні менскай «Талакі» пачалі прыходзіць сотні людзей, выйшаў зварот аргкамітэту БНФ, і пачалося ўтварэньне групаў падтрымкі.

Я меў магчымасьць амаль месяц (зь лістападу па сьнежань 1988-га) дзяжурыць у Доме літаратараў, дзе знаходзіўся аргкамітэт БНФ, і прымаць заявы ад асобных людзей і групаў падтрымкі. Сёньня мяне пытаюць: хто першы падтрымаў БНФ?

Першая, найбольш шматлікая група – гэта людзі, што прагнулі зьменаў. Але зьменаў найперш эканамічных. Яны не задаваліся пытаньнем мовы альбо гісторыі, іх цікавіла магчымасьць нармальнай працы. Менавіта яны ўпершыню пачалі ўздымаць пытаньне эканамічнай праграмы, фінансаваньня дзейнасьці БНФ. І, што мяне тады вельмі зьдзівіла, ніхто з кіраўнікоў аргкамітэту падобнай лягічнай праграмы ня меў.

Другая паводле колькасьці група – пакрыўджаныя. Іх пакрыўдзілі на працы, у судох і г. д. Яны спадзяваліся знайсьці праўду з дапамогай БНФ. На жаль, аргкамітэт мог іх толькі выслухаць. Некаторыя зь іх уключаліся ў барацьбу, але большая частка паступова сыходзіла.

Нарэшце, найбольш цікавая група – беларускія патрыёты, якія доўгі час ня ведалі, дзе знайсьці аднадумцаў. Менавіта на іх прыкладзе я пераканаўся, наколькі каставае і замкнёнае кола творчай інтэлігенцыі. Інжынэры, настаўнікі, простыя рабочыя… Яны любілі Беларусь і жадалі працаваць дзеля яе дабра, але доўгі час перабывалі ў культурным вакуўме, без надзеі знайсьці аднадумцаў.

Стварэньне аргакамітэту БНФ паставіла перад кіраўнікамі беларускіх моладзевых суполак пытаньне аб неабходнасьці 2-га Вальнага сойму. Частка сяброў суполак казала аб немэтазгоднасьці правядзеньня Сойму і ўтварэньня КБС, бо ўтварэньне БНФ робіць падобную арганізацыю непатрэбнай. Іншая, больш радыкальная частка, выступала за правядзеньне Сойму. Найбольш актыўнымі прыхільнікамі ўтварэньня КБС былі Вадзім Александровіч, Караліна Мацкевіч, Віктар Івашкевіч, Уладак Сьвянціцкі…

Усе мы лічылі – як выявілася ў далейшым, небеспадстаўна, – што БНФ ня будзе беларускай нацыянальнай арганізацыяй. У яго шэрагі ўступала ўсё больш і больш «агульных дэмакратаў», а асоба Пазьняка згасала сярод «дэмакратычных камуністаў». У шэрагах фронту павялічвалася група «лібэралаў» (сучасная АГП), што лічыла пытаньне нацыянальнага адраджэньня другасным. Менавіта гэтую групу Л. Крывіцкі ахрысьціў «Другой Альтэрнатывай»… Паўставала рэальная пагроза пераўтварэньня БНФ у лібэральна-дэмакратычны рух, дзе нацыянальнае будзе толькі афарбоўкай. Не задавальняў беларускіх нацыяналістаў і склад аргкамітэту, занадта вялікай была доля сяброў КПСС, выхаванцаў розных партшколаў.

Але і кіраўнікі аргакамітэту выдатна разумелі: вастрынёю БНФ, найбольш актыўнай ягонай часткай, ёсьць сябры беларускіх суполак. Сыход апошніх у іншую арганізацыю быў бы крытычны для Фронту. Больш за тое, створаная моладзьдзю арганізацыя можа зрабіцца рэальнай альтэрнатывай аргкамітэту БНФ. Менавіта таму, на маю думку, чыніўся ціхі супраціў правядзеньню 2-га Вальнага сойму з боку пэўных колаў у аргкамітэце БНФ.

Прыхільнікі правядзеньня Сойму адчувалі ціск і з боку уладаў. Так, нягледзячы на шматлікія захады, мы не знайшлі памяшканьня для правядзеньня Сойму ня толькі ў Менску, але і ў Беларусі. Толькі Вільня выказала гатовасьць прыняць Сойм.

БЕЛАРУСКІ НЕЗАЛЕЖНЫ ДРУК

У тыя ж зімовыя дні 1988 году пачалі выходзіць беларускія незалежныя газэты. Іх пік прыпадзе на лета 1990-га, а тады зьявіліся толькі першыя ластаўкі. Як ні парадаксальна, іх пачалі рабіць людзі, далёкія ад журналістыкі.

Так, першы нумар сваёй вэрсіі «Беларускай Трыбуны» я рабіў практычна сам. Таксама самастойна рабіў першыя нумары «Студэнцкай Думкі» Алесь Гуркоў, а Вадзім Александровіч і Караліна Мацкевіч – «Супольнасьць». Газэты друкаваліся ў Вільні і перавозіліся ў Менск цягніком. Цікава, але затрыманьня накладаў газэтаў альбо распаўсюднікаў практычна не бывала. Яны пачаліся пазьней, у 1990 годзе, калі незалежную прэсу пачалі распаўсюджваць проста на вуліцах.

Ці давалі першыя незалежныя газэты прыбытак? Сёньня шмат хто зьвязвае першы беларускі бізнэс з друкам, але гэта далёка ня так. Сапраўды, людзі, што выпускалі газэты, зь цягам часу вымушаны былі кінуць дзяржаўную працу, бо занадта шмат часу займала падрыхтоўка выданьня, перавозка і распаўсюд. Але асабістыя «заробкі» заставаліся параўнальна невялікімі, на ўзроўні 150–200 савецкіх рублёў. Гэта потым, пасьля пераменаў жніўня 1991-га, прадпрымальніцкая дзейнасьць у галіне беларускага друку стала мець пэўны фінансавы сэнс. А тады, у 1988–1991 гадах, распачаць выпуск выданьня было вельмі рызыкоўным эканамічна крокам – ты, апрача ўсяго іншага, заставаўся без гарантаванага заробку.

У канцы 1988-га – пачатку 1989-га году Алесь Суша і Алесь Гуркоў прапанавалі стварыць беларускі выдавецкі цэнтар, каб зарабляць грошы. На пачатку 1989 году была распрацаваная канцэпцыя супрацоўніцтва і дасягненьня фінансавай самастойнасьці. Але супраць гэтай ідэі рашуча выступіў З. Пазьняк, абвінаваціўшы яе ініцыятараў у спробе «зарабіць грошы на беларускай справе», і ідэя не была рэалізаваная. (У далейшым падобны цэнтар быў створаны як выдавецкі аддзел БНФ. Натуральна, у ім рыхтаваліся толькі падцэнзурныя асабіста З. Пазьняку выданьні.)

На працягу вясны 1989-га – лета 1991-га году адбывалася разьвіцьцё беларускага незалежнага друку. Практычна кожныя два-тры месяцы зьяўлялася новае выданьне. Нават у невялікіх гарадох выпускалі свае газэты. Напрыклад, у Маладэчне А. Капуцкі, У. Сьвянціцкі і М. Казлоўскі распачалі выпуск газэты «Раніца»…

Амаль усе выдаўцы былі знаёмыя міжсобку. Сярод выданьняў практычна не было канкурэнцыі ў прамым сэнсе гэтага слова, усе дапамагалі адно аднаму з матэрыяламі, друкам, распаўсюдам…

Нельга абысьці факт шматлікіх спробаў кіраўніцтва БНФ (спачатку – аргкамітэту) узяць пад цэнзурны кантроль незалежныя беларускамоўныя пэрыёдыкі. Адбывалася гэта рознымі спосабамі: ад ідэйнай апрацоўкі выдаўцоў да абвінавачаньняў іх у антыбеларускай дзейнасьці. І гэта ім практычна ўдалося. На старонках незалежнае прэсы таго часу практычна нельга знайсьці крытычнага аналізу дзейнасьці БНФ і ягоных структураў. Ці была падобная пазыцыя слушнай? Пакідаю гэтае пытаньне без адказу…

Паралельна зь беларускамоўным паўстаў і расейскамоўны незалежны друк. Такім прыкладам могуць быць расейскамоўныя выпускі «Беларускай трыбуны», газэты «Факт» і «Гражданин». Але гэтыя выданьні распаўсюджваліся па-за нацыянальным асяродкам. І калі мой – беларускамоўны – варыянт «БТ» яшчэ нёс беларускую ідэю (большая частка накладу распаўсюджвалася ў Прыбалтыцы), то іншыя рэпрэзэнтавалі расейскамоўны дэмакратычны спэктар. Асаблівасьцю расейскамоўнага самвыдаву былі шчыльныя сувязі з расейскімі дэмакратамі. Нават хадзілі чуткі пра іх фінансаваньне з Масквы. Мабыць, падобныя сьцьверджаньні небеспадстаўныя.

Актыўнасьць незалежнага друку назіралася ня толькі ў Беларусі. Гэта была супольная зьява, прынамсі, для прыбалтыйскіх рэспублік, Беларусі, Украіны і Расеі. Ужо да лета 1989 году адчувалася патрэба ў абмене інфармацыяй, тэхналёгіямі і практычнымі навыкамі. Першымі гэта адчулі незалежныя выдаўцы і журналісты Прыбалтыкі. Менавіта таму і першыя сустрэчы (зьезды) незалежнае журналістыкі адбыліся ў Вільні. Там жа ўсталёўваліся першыя кантакты з буйнымі заходнімі інфармацыйнымі агенцыямі…

2-ГІ ВАЛЬНЫ СОЙМ

Як я ўжо пісаў раней, падрыхтоўка да 2-га Вальнага сойму беларускіх суполак трывала зь лета 1988 году, але пік яе прыпаў на другую палову сьнежня – студзень 1989 году. Менавіта тады яскрава праявіліся два абсалютна розныя падыходы да будучай Канфэдэрацыі беларускіх суполак.

Першы, прэзэнтаваны В. Вячоркам, А. Бяляцкім і В. Івашкевічам, прадугледжваў пераўтварэньне суполак у групы падтрымкі БНФ. Падобны падыход адпавядаў тагачаснай мэце БНФ як мага хутчэй стварыць разгалінаваную структуру. Сяброў суполак меркавалася рэкрутаваць на ролю агітатараў і дробных партыйных функцыянэраў. Асаблівая ўвага надавалася суполкам у абласных і раённых цэнтрах Беларусі, тамтэйшым кіраўнікам абяцалі пасады абласных (раёных) кіраўнікоў БНФаўскай герархіі.

Чаму перамог падобны падыход да будучага КБС? На маю думку, найперш з жаданьня яе прыхільнікаў займацца палітыкай прафэсійна.

Другі падыход – культурніцкі. Прыхільнікі падобнага падыходу (С. Вітушка, В. Якімовіч, М. Казлоўскі) лічылі, што культурніцкая беларуская праца суполак нясе значна больш карысьці беларускаму руху. Поўная інкарпарацыя сяброў суполак у БНФ зьнішчыць культурніцкую працу, або іх пераважная большасьць папросту распусьціцца ў агульнай масе БНФ.

Наша прапанова была наступная: захаваць суполкі як профільныя культурна-палітычныя арганізацыі і працаваць з тымі, хто ідзе ў беларускі рух ня толькі з палітычных, але і з нацыянальна-культурных перакананьняў.

На жаль, да пачатку Сойму прыйсьці да паразуменьня не ўдалося…

Яшчэ адно пытаньне, што актыўна дыскутавалася, – якую арганізацыю лічыць «беларускай суполкай». Частка людзей спрабавала вызначыць цьвёрдыя крытэры: праграма, мэты, мова… Напрыклад: ці лічыць «беларускай суполкай» групу падтрымкі БНФ альбо палітычную арганізацыю, што ёсьць беларускай выключна паводле тэрытарыяльнай прыкметы? Але і гэта не было вызначана…

Няпэўнасьць мэтаў, прыезд на Сойм прадстаўнікоў арганізацыяў, далёкіх ад беларускага адраджэньня, нявызначанасьць з прапарцыйным прадстаўніцтвам пры галасаваньні – усё гэта ператварыла 2-гі Вальны сойм у шараговую беларускую тусоўку. Луналі сьцягі, гучалі прыгожыя заклікі, але мэтаскіраванае працы не адбылося.

Рэальная барацьба пачалася ўвечары першага дня, калі З. Пазьняк паставіў жорсткае пытаньне аб пераўтварэньні КБС у калектыўную групу падтрымкі БНФ. Пагражаючы палітычнай паразай усяго беларускага руху, ён уласным аўтарытэтам прымусіў кіраўнічы склад КБС (В. Вячорка, А. Суша і А. Бяляцкі) прыняць свой пункт гледжаньня. Словы Вадзіма Александровіча аб тым, што падобная акцыя робіць немэтазгодным само ўтварэньне КБС (бо пераважная большасьць сяброў беларускіх суполак і так былі членамі групаў падтрымкі БНФ) і што КБС у стане выконваць значна больш пэрспэктыўныя задачы беларускага адраджэньня і г. д., былі адкінуты на карысьць вырашэньня бягучых задачаў БНФ. (Але нават пасьля выступу З. Пазьняка галасаваньне па пытаньні далучэньня КБС да БНФ у якасьці групы падтрымкі не было адзінагалосным.)

Наступныя падзеі паказалі, наколькі падобнае палітычнае рашэньне было згубнае для беларускага культурніцкага руху. Ужо да восені 1990 году практычна зьнікла менская «Талака», іншыя дзейныя культурніцкія аб’яднаньня. Даўжэй за ўсіх мужна трымаліся на энтузіязьме Валянціны Якімовіч талакоўскія «сьпеўкі».

У далейшым неабходнасьць у беларускай культурніцкай працы зразумеў прафэсар Юры Хадыка (праект Народнага ўнівэрсытэту). З усіх існых беларускіх аб’яднаньняў здолела выжыць Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, але і яно практычна страціла сувязь паміж пакаленьнямі…

Аналізуючы падзеі мінулага, я вылучаю адну прычыну ліквідацыі КБС шляхам падпарадкаваньня БНФ. Ёй была фактычная канкурэнцыя, якую складалі суполкі КБС новым БНФаўскім структурам. Гэтыя суполкі былі добра арганізаваныя, ідэйна маналітныя і мелі разгорнутую структуру практычна па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Амаль кожная зь іх выдавала друкаваныя матэрыялы, удзельнічала ў акцыях. Моладзі не было чаго губляць, яна яшчэ не набыла ўплывовых пасадаў, не зрабілася сябрамі разнастайных творчых саюзаў і партыйна-прафсаюзных адміністрацыяў. І, на маю думку, акурат гэтая незалежнасьць, радыкальнасьць і бескампраміснасьць вельмі палохалі «старэйшых таварышаў» з аргкамітэту БНФ.

РАСЕЙСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ

Першыя знаёмствы з расейскімі дэмакратамі адбыліся ў мяне ў 1988 годзе на паседжаньнях клюбу «Сучасьнік». Яшчэ тады я заўважыў цікавую рэч: калі мае знаёмыя з Украіны, Літвы і Армэніі гаварылі пра культурнае, эканамічнае супрацоўніцтва з пункту гледжаньня сваіх нацыяў (як найменей падкрэсьліваліся сувязі Ўкраіна–Беларусь, Літва–Беларусь і г. д.), расейцы ўсе заганы Савецкага Саюзу прыпісвалі кіраўніцтву КПСС, асобным палітыкам і падзеям, але ні ў якім разе не імпэрскай сутнасьці Расеі (СССР). Прыкладна тое самае адбывалася падчас прыезду расейскіх дэмакратаў на «Менскі гайдпарк» – сквэр Янкі Купалы – улетку таго ж 1988-га.

Разам з тым, эпізадычныя кантакты 1988 году не маглі скласьці цэльнага малюнку стаўленьня расейскіх дэмакратаў да Беларусі.

Пэўнае ўражаньне пра адносіны расейскага «дэмакратычнага» руху да нацыянальнага адраджэньня (ня толькі беларускага, але й наагул усіх нацыянальных ускраін імпэрыі), мы атрымалі ўвесну 1989 году, калі разам з Вадзімам Александровічам патрапілі на «Зьезд паняволеных народаў СССР», што адбываўся ў Вільні.

Ня буду падрабязна апавядаць аб усіх дыскусіях, што гучалі на зьезьдзе. Адзначу толькі: беларусы знайшлі паразуменьне з усімі. Усімі, апроч расейцаў.

Дыскусія пачалася з дакладу аднаго з дарадцаў акадэміка Сахарава пра ягонае бачаньне «новага саюзу». Ён прыгадаў барацьбу РВА генэрала Ўласава, шасьцідзясятнікаў і г. д., і зрабіў такую выснову: у новым саюзе ўсё будзе добра, а паасобку мы згінем. І калі незалежнасьць краін Прыбалтыкі расейскія дэмакраты са скрыпам, але ж прымалі, то незалежнасьці Ўкраіны, а тым больш Беларусі, не ўспрымалі наагул. Тут ішлі ў ход стандартныя тэзы «славянскага адзінства», «трыадзінства рускага народу» і г. д. Натуральна, што падобны падыход сустрэў ваяўнічы адпор украінскай (Ляўко Лук’яненка, Алесь Шаўчэнка, Пятро Прыходзька) і беларускай (Вадзім Александровіч і я) групаў.

Нягледзячы на вострую ідэйна-палітычную канфрантацыю, нашы імёны запомніліся расейскім дэмакратам і неўзабаве мы атрымалі запрашэньне на палітычныя форумы ў Маскву і Пецярбург. Яны запомніліся антыкамуністычнай скіраванасьцю і адчувальнай настальгіяй аб Расейскай імпэрыі (ці, прынамсі, рэспубліцы Керанскага).

Пра Маскоўскі форум і яго дыскусіі хачу апавесьці асобна, бо менавіта на гэтым форуме я ўпершыню сутыкнуўся асабіста з акадэмікам Сахаравым.

Ягоны даклад быў прысьвечаны перабудове і бачаньню «новага саюзу». Нават аддзяленьне Літвы, Латвіі і Эстоніі, якое тады ўжо было амаль зьдзейсьненым фактам, успрымалася акадэмікам як «фатальная памылка» гэтых народаў. Але больш за ўсё мяне ўразіла атаесамленьне нацыянальнага патрыятызму з фашызмам: нацыянальныя рухі ўспрымаліся ім выключна ў адмоўным сэнсе. Нават патрабаваньне дзяржаўнасьці ўкраінскай (пра беларускую гаворкі ўвогуле не вялося) мовы на Ўкраіне падавалася як крайні нацыяналізм.

Мы з адным украінцам спрабавалі ўзяць слова, але да мікрафону пусьцілі толькі мяне (пэўна, спадзеючыся на памяркоўнасьць і дэнацыяналізаванасьць беларусаў).

У кароткім выступе я толькі ў агульных рысах акрэсьліў стаўленьне беларускага нацыянальнага руху да праблемы расейска-беларускай гісторыі, прагу беларусаў да незалежнасьці. Да майго выступу далучыліся і ўкраінцы. Але заля сустрэла нашу пазыцыю крайне варожа. Абвінавачаньні ў «фашызьме» і «нацыяналізьме» гучалі амаль з усіх бакоў.

Акурат з гэтага моманту я зразумеў: ніколі расейскія дэмакраты не пагодзяцца з існаваньнем незалежнай беларускай дзяржавы, якія б цудоўныя словы яны нам ні казалі.

«Другі прыход» расейскай дэмакратыі ў Беларусь распачаўся ўвесну 1990 году. Досыць нечакана ў Менск пачалі наведвацца прадстаўнікі разнастайных дэмакратычных расейскіх рухаў і, што асабліва дзіўна, для сустрэчы зь імі ўлады давалі памяшканьні. Зноў атрымаў трывалае памяшканьне й «Сучасьнік» Крывіцкага. Збольшага менавіта на яго базе і адбываліся выступы сустрэчы з «расейскімі дэмакратамі». Агульным матывам, бясспрэчна, было захаваньне саюзу, расейская мова і культура як аб’яднальны фактар. Расейцы пачалі актыўна залучаць «Крывіцкага і К» у стварэньне філіяў расейскіх арганізацыяў на тэрыторыі Беларусі. Спачатку – у якасьці карэспандэнцкіх пунктаў «незалежных» СМІ, потым – палітычных структураў. З словаў былой супрацоўніцы НІСЭПД Натальлі Мальгіной, адным з падобных «карэспандэнтаў» быў у той час і Сяргей Носаў.

Досыць хутка зрабілася відавочна, што ўлады ў асобе Крывіцкага і ягонага «Сучасьніка» рыхтуюць падмурак беларускага «інтэрфронту». Так, Вадзім Александровіч даведаўся, што ўлетку мае быць абвешчана нейкая «дэмакратычная ініцыятыва». Збор яе камітэту мусіў праходзіць у кінатэтры «Піянэр». Цікава, але адной зь сілаў, што была тады гатовая далучыцца да гэтай «ініцыятывы», былі «дэмакратычныя камуністы» на чале зь Міхасём Пліскам.

Менавіта ў гэты пэрыяд узмацніўся ціск уладаў на беларускія нацыянальныя арганізацыі і незалежны друк. Як мне потым апавядаў Дзіма Левіт і іншыя распаўсюднікі незалежнай прэсы, іх затрымлівалі і адбіралі беларускія выданьні, а распаўсюднікі расейскай «дэмакратычнай» прэсы працавалі вольна. У шапіках РПЦ прадавалася манархічная, антыбеларуская, антысэміцкая літаратура, а супраць Алеся Пушкіна і ягоных сяброў была разгорнута афіцыйная кампанія. І гэта была мэтаскіраваная палітыка антыбеларускай камуністычнай улады.

Магчыма, што задума тагачасных уладаў і зьдзейсьнілася б, але перашкодзілі дзьве рэчы: гатовасьць далучыцца да «дэмакратычнай ініцыятывы» такіх адыёзных асобаў, як сумнавядомы Бягун, і рашучае супрацьдзеяньне нацыянальнае моладзі. Улады зразумелі – створаны камітэт ня знойдзе падтрымкі ў масах. Аўтарытэт БНФ, дзякуючы праўдзе аб Курапатах, ЧАЭС і г. д., быў тады вельмі высокі. Тым ня менш, менавіта ўлетку 1990 году зьявіўся і досыць хутка пашырыўся цікавы тэрмін – «расейскамоўны дэмакратычны беларус». Апошняе слова ў ім вызначала выключна месца пражываньня.

Але, нягледзячы на спыненьне ўладнай падтрымкі, расейскія «дэмакраты» здолелі стварыць у Беларусі шэраг аддзелаў сваіх арганізацыяў. У будучыні, ужо пасьля 1991 году, большасьць зь іх перацякла ў шэрагі АГП.

  нарадзіўся ў Менску ў 1964 годзе. За адукацыяй – інжынэр-энэргетык. Рэдагаваў газэту «Беларуская трыбуна» (1988–1991), уваходзіў у рэдкалегію часопісу «Унія», узначальваў праект «Рэлігія і грамадзтва» НІСЭПД (1992–1994). З 1994 году – на эміграцыі.
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/12