A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (39) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
С’ЮЗАН УОТКІНЗ | ||||
Еўропу хістае
І раней бывалі правалы ратыфікацыі еўрапейскіх дамоў, аднак сёлета непрадбачаны выбух масавай незадаволенасці ўнутранымі працэсамі ў Еўрапейскім Саюзе быў беспрэцэдэнтны. Адхіленне канстытуцыйнай дамовы ЕС на французскім і нідэрландскім рэферэндумах 2005 г. не суправажалася тым спалучэннем апатыі і знеахвочанасці, з якім ірландцы ў 2001 г. прагаласавалі супраць дамовы ў Ніцы, а датчане ў 2000 г. – супраць еўра. І ў Нідэрландах, і ў Францыі назіралася высокая яўка выбарнікаў: 63 і амаль 70 % адпаведна. У абедзвюх краінах адносна маргінальныя сілы нефармальнага левага руху адыгралі цэнтральную ролю ў агітацыі супраць дамовы. І тут, і там галасаванне мела выразны класавы характар: большасць нізкааплатных работнікаў, прыхільнікаў лейбарыстаў і сацыялістаў прагаласавалі «супраць» насуперак пазіцыі партыйнага кіраўніцтва. Моладзь таксама стала ў выразную апазіцыю да дамовы.
У развіцці падзей у ЕС рэдка прасочваецца адзіная логіка: шматлікія сутыкненні паміж канкурэнтнымі дзяржаўнымі інтарэсамі, палітычнымі капіталамі, размаітымі эканомікамі і вонкавымі сіламі робяць Еўрасаюз зонай дзеяння закона непрадбачаных наступстваў. Вынікі сёлетняга правалу для будучага функцыянавання і пашырэння ЕС, што ўключае 25 дзяржаў, наўрад ці будуць выключэннем з яго. Тым не менш, першая рэакцыя на вынікі галасавання з боку лідэраў ЕС была дастаткова прадказальная: чым менш галасоў «за», тым больш гандлю. Але праблема, як «прадаць» іх мадэль Еўропы, застаецца. Заснаваны ў паваенную эру сацыяльнай і хрысціянскай дэмакратыі, ЕС значна змяніўся і развіўся ў іншы інстытут эпохі ліберальнай гегемоніі. Рэферэндумы 2005 г. выявілі новы палітычны ландшафт кантынента лепш, чым любое апытанне «Еўрабарометра». Яны агалілі не толькі прорву паміж электаратам і элітамі, што далёка не навіна, але і праблему выпрацоўкі палітыкі, альтэрнатыўнай «неаліберальнаму парадку».
ЛАГЕР «ЗА» На першы погляд, афіцыйная кампанія за канстытуцыйную дамову здавалася прывабнай і даволі пераканаўчай і мела падтрымку пераважнай большасці палітычнага і медыйнага істэблішменту. Як сцвярджалася1, дамова, хаця і «не абсалютна дасканалая», яна зробіць ЕС больш дэмакратычным, эфектыўным, мадэрнізаваным, празрыстым. Еўрапейскі парламент набудзе больш паўнамоцтваў, права вета асобна ўзятай дзяржавы па ключавых пытаннях будзе абмежавана, і будзе закладзены падмурак супольнай замежнай і абарончай палітыкі. Вынікам будзе мацнейшая Еўропа, здольная стрымліваць імперскія амбіцыі Злучаных Штатаў. Без гэтага, папярэджваў чытачоў «Le Monde» Тымаці Гартан Эш напярэдадні галасавання, амерыканская супердзяржава ізноў будзе «стаяць перад спакусай заставацца такой у поўнай адзіноце».
|
С’юзан Катс Уоткінз (Susan Cotts Watkins, нар. 26 кастрычніка 1938-га) – сацыёляг. Выкладае ўва ўнівэрсытэце Пэнсыльваніі. У сфэры яе навуковых зацікаўленьняў ляжыць дэмаграфія, гістарычная і кампаратыўная сацыялёгія, сацыяльная трансфармацыя і мадэрнізацыя. Аўтарка кніжак «Feminism for Beginners» (Cambridge: Icon Books, 1993) і «1968: Marching in the Streets» (New York: WH Freeman and Company, 1998). |
У Францыі кампанія «за» была распачата пампезнай дэманстрацыяй аднагалосся ў Версалі 28 лютага 2005 г., калі сенатары і дэпутаты сабраліся на спецыяльную сесію Нацыянальнага сходу, каб ратыфікаваць дамову. СМІ, у поўнай боегатоўнасці, уключыліся ў кампанію. Серж Алімі апісаў, як на канале «Францыя Інтэр» «Стэфан Паолі падтрымае Бернарда Гета, які падтрымае П’ера Ле Марка, а той падтрымае Жана-Марка Сільвестра»2 без аніводнага голасу «супраць». Падчас узорнай мабілізацыйнай кампаніі, якую Перы Андэрсан назваў «саладжавым хаўрусам»3 , у тэлестудыях збіраліся разам прэзідэнт Францыі, лідэры «Саюза за народны рух» і Сацыялістычнай партыі, журналісты «Figaro», «L’Express», «Le Monde», «Libération», «Le Nouvel Observateur», вядучыя праграм навін і ток-шоў, якія ў кампаніі з плеядамі знаканамітасцяў, ад кіназорак і да футбалістаў, дэманстравалі сваю гатоўнасць галасаваць «за». Прэм’ер-міністр Іспаніі, прэзідэнт Польшчы, канцлер Германіі адмыслова прыляталі ў Францыю, каб выказаць Шыраку сваю падтрымку. Інфармацыйны буклет, выдадзены і разасланы выбарнікам за дзяржаўныя грошы, быў не нейтральны, а змяшчаў просталінейную прапаганду за дамову, як і спецыяльныя брашуры для школьнікаў, разасланыя міністэрствам адукацыі. Інвестыцыйны фонд «Caisse d’épargne» заявіў, што «дзякуючы Еўропе» ён павышае працэнтную стаўку для ўкладнікаў.
|
1 У «Le Monde», «Libération», «nrc Handelsblad» і «Volkskrant», таксама як і ў «El Pais», «Corriere della Sera», «Frankfurter Allgemeine Zeitung», «Guardian», «Independent» і «Financial Times», не гаворачы пра «New York Times» ды «Washington Post». Да гонару «Economist’а», ён не адмовіўся ад свайго ультраліберальнага скептыцызму, што да канстытуцыйнай дамовы, на працягу ўсёй кампаніі. |
Калі, нягледзячы на ўсё гэта, апытанні пачалі выяўляць рост выбарнікаў, схільных галасаваць «супраць», тон стаў больш пагрозлівым. Праціўнікаў дамовы называлі ксенафобамі, расістамі, прыхільнікамі антытурэцкіх, антыпольскіх, антыеўрапейскіх поглядаў. Старонкі ліберальнай прэсы поўніліся заклікамі з абодвух берагоў Атлантыкі, у якіх падкрэслівалася важнасць галасавання «за» для пабудовы «еўрапейскай альтэрнатывы» амерыканскай звышмагутнасці. У «Le Monde» з’явіўся зварот да «нашых сяброў-французаў», яго падпісалі Вольф Бірман, Юрген Габермас, Аляксандр Клюге, Гюнтэр Грас і іншыя. Яны сцвярджалі, што галасаванне «супраць» загоніць Францыю ў «фатальную ізаляцыю» з «катастрафічнымі наступствамі» для цэнтральнаеўрапейскіх краін і для адносін са Злучанымі Штатамі. Галасаванне «за» было маральным абавязкам: «Мы маем яго перад мільёнамі і мільёнамі ахвяр нашых бессэнсоўных войнаў і злачынных дыктатур»4. У піку ўсёй гэтай істэрыі 2 траўня дамова была адхіленая 55 % галасоў «супраць» на 45 % «за».
У Нідэрландах механізмы гегемоніі набылі менш вытанчаную форму. Прэса, лідэры палітычных партый, цэрквы, кіраўнікі прафсаюзаў, асацыяцый наймальнікаў, нават клуб турыстаў заклікалі галасаваць «за». Нідэрландскі парламент, які першапачаткова заклікаў правесці рэферэндум, зацвердзіў канстытуцыйную дамову 85 % галасамі «за». Ізноў жа афіцыйная рыторыка станавілася ўсё больш апакаліптычнай, як толькі замаячыла параза. Прэм’ер-міністра Балкенэндэ трывожыў прывід Асвенціма, міністр эканомікі гаварыў аб «згаслым святле ў канцы тунеля», міністр юстыцыі – аб «балканізацыі» і вайне. Галасаванне 1 чэрвеня дало наступныя вынікі: 62 % супраць дамовы, 38% – «за».
ЧЫТАЮЧЫ ДАМОВУ У абедзвюх краінах ключавым фактарам першапачатковай мабілізацыі для галасавання «супраць» стала сама дамова. Нідэрландская мабілізацыйная кампанія вялася 40 тысячамі валанцёраў Сацыялістычнай партыі5, на постэрах якой красаваўся памідор, які атакаваў адначасова бюракратызм і палітыку свабоднага рынку. У Нідэрландах Сацыялістычная партыя пакрэслівала, што 85 % тых, хто «добра азнаёміўся» з дамовай, мерыліся галасаваць супраць яе. Французскія дэбаты суправаджаліся інтэнсіўнай адукацыйнай кампаніяй, якая перамяніла першапачатковы спагадны настрой большасці на процілеглы. Пасланне істэблішменту – больш дэмакратычная, эфектыўная, празрыстая Еўропа, здольная лепей сфармаваць альтэрнатыву ЗША – знаходзілася ў рэзкай супярэчнасці з самім тэкстам.
|
2 Halimi Serge. Médias en tenue de campagne européenne // Le Monde diplomatique. 2005. May. 3 Anderson Р. Union Sucrée // London Review of Books. 2004. 23 September. 4 A nos amis français // Le Monde. 2005. 2 May.
|
Дамова захоўвала ў нязменным выглядзе неверагодна вычварную і недэмакратычную будову ЕС, якая стваралася пачынаючы з 1957 г. Наднацыянальная камісія, маючы манаполію на заканадаўчую ініцыятыву, мелася па-ранейшаму прызначацца шляхам дыпламатычнага гандлю паміж урадамі дзяржаў-членаў; як і даўней, еўрапейскія выбарнікі былі пазбаўленыя права вызначаць склад выканаўчага органа ЕС. Павелічэнне ролі самітаў кіраўнікоў урадаў для Еўрапейскай рады, Еўрапейскі суд, які разглядае пераважна гаспадарчыя справы, Цэнтральны банк і міжурадавая Рада міністраў былі іншымі складнікамі гэтага неафеадальнага інстытуцыйнага ландшафту6. Еўрапейскі парламент мусіў застацца збольшага кансультацыйным органам, які не меў бы дастатковай улады, каб заблакаваць або ініцыяваць заканадаўчыя акты, хаця і надзяляўся правам уносіць папраўкі, якія Камісія магла прыняць або адкінуць, калі палічыць гэта патрэбным (і гэта была «найбольш дэмакратычная» норма дакумента). Навацыі таксама закранулі парадак размеркавання колькасці галасоў розных краін у Радзе міністраў: за кошт Францыі мусіў павялічыцца ўплыў Германіі, колькасць галасоў Іспаніі і Польшчы мусіла знізіцца ў прапорцыі, зацверджанай у 2000 г. Акрамя перайменавання пасады Хаўера Саланы («міністр замежных справаў» замест «вярхоўны прадстаўнік»), падтрыманай дыпламатычным корпусам, і ператварэння пасады ранейшага прэм’ер-міністра з тэрмінам паўнамоцтваў у шэсць месяцаў у пасаду старшыні Рады міністраў з тэрмінам паўнамоцтваў у трыццаць месяцаў канстытуцыйная дамова змяшчала мала новага.
Яна не была «фундаментальным палітычным актам», як некалі спадзяваўся Юрген Габермас7. Не была яна і канстытуцыяй, у сэнсе прававой базы, у рамках якой могуць абмяркоўвацца і прымацца розныя палітычныя акты; замест гэтага дамова ў падрабязнасцях распісвала, якімі яны павінны быць, аж да мікрааперацый, звязаных са свабодным гандлем таварамі і паслугамі. Камісія, Еўрапейскі суд і Цэнтральны банк былі пакліканыя праводзіць у жыццё неаліберальную праграму. І блізка не заклаўшы падмурку незалежнай замежнай і абарончай палітыкі, здольнай стаць альтэрнатывай палітыцы ЗША, дамова прызнавала лідэрства НАТО ва ўсіх пытаннях бяспекі і захоўвала права адной асобна ўзятай краіны накладаць вета на рашэнні ў галіне замежнай палітыкі; Вялікабрытанія або Латвія маглі б «заваліць» любую стратэгію, непрыязную да Вашынгтона. Калі б дамова была прынятая, гэта фактычна пахавала б дэмакратычную канстытуцыю Еўропы, федэральную або якую-небудзь яшчэ. Яна, бадай, наноў скадыфікавала б усю эвалюцыю ЕС пасля халоднай вайны: паўз Маастрыхт і Амстэрдам да Ніцы – рух у кірунку да стварэння валютнага саюза, ужыванне заканадаўства ЕС для прасоўвання ідэалогіі вольнага рынку, практычную выпрацоўку «супольнай замежнай палітыкі» ў часе войнаў у Югаславіі, Афганістане, Іраку, экспансію на ўсход і перагляд адносін Еўропы з Вашынгтонам пасля распаду Савецкага Саюза. Галасаванне «за» насамрэч мусіла стаць рэтраспектыўнай ратыфікацыяй усіх гэтых працэсаў, якія дамова спрабавала «канстытуцыялізаваць».
ДВАНАЦЦАТКА
З 1989 г. геапалітычная сітуацыя ў Еўропе несупынна мянялася. Па-першае, на парадку дня з’явілася пякучае пытанне аб’яднанай Германіі: як трэцяя велічынёй эканоміка свету, яна магла дамінаваць у «Mitteleuropa» і, тэарэтычна, на сваіх умовах дамаўляцца з Масквой. Па-другое, паколькі савецкія танкі паехалі назад на Урал, больш не было пераканаўчых аргументаў на карысць прысутнасці НАТО ў Еўропе. Нарэшце, пасля калапсу Рады эканамічнай узаемадапамогі і Варшаўскага пакта цэлы пояс дзяржаў звярнуўся да Захаду па эканамічную дапамогу і гарантыі бяспекі. Для Злучаных Штатаў, перад якімі стаяла задача ў новых формах навязаць свой парадак на тэрыторыях, праз якія праходзілі раздзяляльныя лініі халоднай вайны – у Цэнтральнай Еўропе, на Блізкім Усходзе, у Сярэдняй Азіі, на Карэйскім паўвостраве – непасрэдным прыярытэтам у Еўропе было (1) не дапусціць любога далейшага збліжэння паміж Бонам і Масквой шляхам шчыльнейшага прывязвання Германіі да яе заходніх саюзнікаў, (2) заблакаваць любыя сур’ёзныя крокі ў кірунку выпрацоўкі незалежнай еўрапейскай абарончай палітыкі, (3) прымусіць ЕС выканаць (і прафінансаваць) працу для трансфармацыі цэнтральнаеўрапейскіх эканомік у адкрытыя, капіталістычныя эканомікі рынкавага тыпу, як гэта ўжо было паспяхова зроблена пад патранажам ЕС у міжземнаморскіх краінах. «Прасоўванне палітычных і эканамічных рэформаў на Усходзе з’яўляецца «натуральным пакліканнем» ЕС», – заяўляў Джэймс Бэкер еўрапейскім лідэрам . ЗША маглі падаваць сябе ў якасці найлепшага саюзніка цэнтральнаеўрапейскіх краін, падтрымліваючы іх намер уступіць у ЕС, бо ім гэта нічога не каштавала. Больш за тое, пашырэнне на ўсход перашкаджала палітычнай інтэграцыі, а значыць, і ператварэнню ЕС у незалежную геапалітычную сілу, падточваючы яго слабыя федэратыўныя структуры і закідаючы за яго муры цэлы табун «траянскіх коней». Канцлер ФРГ Гельмут Коль быў гатовы дорага заплаціць за згоду дыпламатый іншых цэнтраў сілы на неадкладнае аб’яднанне Германіі, і адмова ад дойчмаркі была не найдаражэйшай платай. Аб’яднаная Германія выражала гатоўнасць звязаць сябе сталёвымі тросамі валютнага і палітычнага саюза ў імя ўсеагульнай карысці, каб яе магутнасць была «выгаднай для ўсіх». У снежні 1989 г. дэлораўская камісія кіраўнікоў цэнтральных банкаў прапанавала план і графік Еўрапейскага валютнага саюза, у які цягам наступных двух гадоў былі ўнесеныя папраўкі, каб закласці аснову для Маастрыхсцкай дамовы. Логіка здавалася бездакорнай: валютны саюз перарасце ў палітычны саюз, якому будзе ўласцівая большая ступень адказнасці. Камісія падрыхтавала праекты дамоў аб замежнай палітыцы і ўнутраных справах – «стаўпах» будучага Еўрапейскага Саюза.
МААСТРЫХТ І САРАЕВА
Першыя крокі Еўропы да «супольнай замежнай палітыкі» выглядалі надзвычай правінцыйна на фоне насаджэння Вашынгтонам «новага сусветнага парадку» на ўсім свеце. У студзені 1991 г. Брытанія і Францыя паслухмяна далучыліся да аперацыі «Бура ў пустыні», як толькі амерыканцы прадэманстравалі сваю агнявую магутнасць у Персідскай затоцы. У Югаславіі шокавая тэрапія, праведзеная федэральным урадам па ўказцы Сусветнага банку, выклікала у 1989 г. скарачэнне з працы паўмільёна чалавек, што забяспечыла на чарговых выбарах перамогу нацыяналістаў ва ўсіх рэспубліках федэрацыі. Германія і Аўстрыя, імкнучыся заваяваць прыхільнасць каталіцкіх дзяржаў-кліентаў на Балканах, падахвоцілі Харватыю і Славенію выйсці з федэрацыі, хаця было зразумела, што меншасці ў поліэтнічных рэспубліках процістаяцьмуць яе развалу. Калі ў жніўні 1991 г. пачаліся цяжкія баі паміж харватамі і Югаслаўскай народнай арміяй, а таксама паміж харвацкімі сіламі і сербамі з Краіны, Коль і Геншэр настойвалі на неадкладным прызнанні Харватыі краінамі Еўрапейскай супольнасці, замест таго, каб заклікаць да ўсёахопнага палітычнага ўрэгулявання ў Югаславіі, якое гарантавала б правы меншасцей. Падчас начнога саміту перад Маастрыхтам у снежні 1991 г. Колю ўдалося дабіцца брытанскай падтрымкі незалежнасці Харватыі, наўзамен за дадзены ўраду Мэйджара дазвол не далучацца да Еўрапейскага валютнага саюза і Сацыяльнай хартыі. Аналагічным чынам даўняя ідэя Францыі стварыць незалежны ад НАТО Еўракорпус з кантынгентам 30–35 тысяч чалавек на гэтым этапе атрымала германскую падтрымку8.
|
5 Заснаваная ў 1972 г. на базе мааісцкага і камуністычнага руху Галандыі, Сацыялістычная партыя ў 1991 г. перайшла на пазіцыі левых сацыял-дэмакратаў, арганізуючы пазапарламенцкія кампаніі вакол праблем працоўнага класа і ўтрымліваючы ўласную службу аховы здароўя і «групы хуткага рэагавання на экалалагічныя праблемы» («environmental alarm team»). 6 Ален Сюпіё апісаў Камісію як «сінадрыён тэхнакратаў, духоўнікаў і прапаведнікаў адзіна вернага рынкавага закону». Рада, на яго думку, грае ролю Генеральных штатаў пры «Старым рэжыме» (ancien regime) – забяспечвае колькасную рэпрэзентацыю (згодна з вагой дзяржаў-членаў), а не якасную, бо не абіраецца народамі Еўропы на ўсеагульным галасаванні. Адпаведна і канстытуцыйная дамова прагалашалася ад імя яго вялікасці караля Бельгіі, прэзідэнта Чэшскай рэспублікі, яе вялікасці каралевы Даніі і кіраўнікоў іншых 25 краін ЕС, а не ад імя народа. 7 Habermas J. Why Europe Needs a Constitution // New Left Review. 2001. September–-October.
|
ЗША хуценька зрабілі ўсё для таго, каб ідэя пра незалежны Еўракорпус была забытая. У снежні 1992 г. яны вырвалі з Францыі і Германіі пагадненне, што любой такой сілай на практыцы будзе камандаваць НАТО. Да таго ж заахвочванне Еўрапейскай супольнасцю першых крокаў да распаду Югаславіі развязала рукі адміністрацыі Клінтана, якая распачала маштабную дыпламатычную кампанію за прызнанне незалежнасці Босніі, наконт якой вагаліся нават Коль і Геншэр9. Харвацкая вайна за незалежнасць мела вынікам блізу 200 тысяч уцекачоў, 350 тысяч дэпартаваных і 20 тысяч забітых. Падчас вайны ў Босніі 1992–1994 гг. амаль 2 мільёны чалавек сталі ўцекачамі або былі дэпартаваныя, а загінула, паводле найсціплейшых падлікаў, 70 тысяч чалавек10. Ідэалагічна падзеі ў былой Югаславіі азначалі крах самазванай місіі Еўрапейскай супольнасці: пакласці канец войнам на старым кантыненце. Стратэгічна жахлівае маштабам праліццё крыві прадэманстравала бяссільнасць еўрапейскіх лідэраў. У часе аблогі Сараева французскія, брытанскія, германскія і італьянскія лібералы заклікалі да амерыканскай інтэрвенцыі. Толькі натаўская ваенная магутнасць, сцвярджалі яны, можа неяк працверазіць канфліктуючыя бакі. Олбрайт з’яднала харвацкія і баснійскія ўзброеныя сілы, умацаваўшы іх авіяцыяй НАТО, у барацьбе супраць баснійскіх сербаў. У Канстытуцыю Германіі была ўнесеная папраўка, каб дазволіць пілотам Люфтвафэ пад камандаваннем ЗША патруляваць забароненую для палётаў сербскай авіяцыі зону. У красавіку 1993 г. Парыж і Бон заявілі, што нягледзячы на знікненне савецкай пагрозы еўрапейская замежная і абарончая палітыка застанецца пад кантролем НАТО.
ЕЎРАВАЛЮТА
«Неймавернай лакунай у Маастрыхцкай праграме было тое, што яна прадугледжвала заснаванне і функцыяванне незалежнага Цэнтральнага банка, аднак не прадугледжвала з’яўлення цэнтральнага ўрада (у тэрмінах еўрапейскай супольнасці). Вось жа, без гэтай інстытуцыі Еўрапейскі валютны саюз будзе перашкаджаць эфектыўнаму функцыяванню асобных краін і нічога не дасць ім узамен», – пісаў Годлі11.
|
8 Woodward S. Balkan Tragedy. Chaos and Dissolution after the Cold War. – Washington, 1995. p. 184, 464. 9 Паводле дзяржасакратара Лоўрэнса Іглбергера, Вашынгтон дбаў пра тое, каб Германія не «перабегла дарогу ЗША». Гл.: Woodward, Balkan Tragedy, p. 196. 10 Woodward, Balkan Tragedy... Р. 464, 283.
|
Сапраўды, замест палітычнай федэрацыі еўрапейскія эліты выбралі малаўцямны палітычны саюз. Жорсткія фіскальныя патрабаванні і курсы абмену валют, маастрыхцкія «крытэры канвергенцыі» і Пакт аб стабільнасці выключалі такія эканамічныя інструменты, як дэвальвацыя валюты або фінансаванне бюджэтнага дэфіцыту, пакідаючы дванаццаці маласумяшчальным эканомікам еўразоны ў якасці адзінага механізму прыстасавання да цыклічных і іншых зменаў яшчэ большую эксплуатацыю працоўнай сілы. Урэшце найбольшыя эканомікі еўразоны, нямецкая, французская і італьянская, былі вымушаны раўняцца на англасаксонскую мадэль з яе нізкімі заробкамі, слаба абароненымі наёмнымі работнікамі і суцэльна камерцыялізаванымі паслугамі. Нават у часы рэцэсій стаўкі Еўрапейскага цэнтральнага банка ўтрымліваліся на «антыінфляцыйным» узроўні, і адзіным тлумачэннем такіх захадаў было, здаецца, жаданне дабіць да ручкі ўсё яшчэ жыццяздольную рэйнскую мадэль*. У Германіі ўнутраны попыт заставаўся нізкім, беспрацоўе – высокім, а рост эканомікі – павольным. Увядзенне новай валюты ў студзені 2002 г. суправаджалася далейшым пагаршэннем сітуацыі ў эканоміцы.
У такой сітуацыі французскія і нідэрландскія рэферэндумы выявілі вострыя класавыя падзелы вакол «неаліберальнай дамовы». У Нідэрландах 58 % з тых, хто галасаваў за лейбарыстаў, не прыслухалася да кіраўніцтва сваёй партыі. Калі браць пад улік крытэр адукаванасці, 71 % выбарнікаў з «нізкай» і 64 % з «сярэдняй» кваліфікацыяй прагаласавалі «супраць», сярод жа «высокакваліфікаваных» выбарнікаў – 52 %. У лейбарысцкіх урадах Вім Кока ў 1990-я гг. і пры ўрадзе Балкенэндэ з 2002 г. Нідэрланды сталі больш «англасаксонскай» краінай, чым Вялікабрытанія, дзякуючы махінацыям з нерухомасцю, пераводу ў акцыі ашчаджэнняў хатніх гаспадарак і выцясненням працоўных вакансій у прамысловасці і ў дзяржаўным сектары вакансіямі ў нізкааплатнай сферы паслуг. Вынікам стала павелічэнне разрыву паміж багатымі і беднымі і рост сацыяльнай напружанасці. У багатых анклавах Хемстэдэ і Блумендал суадносіны галасоў дыяметральна адрозніваліся ад агульнанацыянальных: 57 і 61 % прагаласавалі за дамову. У Францыі «супраць» прагаласавалі 56 % прыхільнікаў Сацыялістычнай партыі, а гэтаксама 79 % рабочых і 71 % беспрацоўных. У найбяднейшых кварталах Марселя і шахцёрскіх раёнах Поўначы Па-дэ-Кале доля тых, хто прагаласаваў супраць, сягнула 78 і 84 %. У сем’ях з даходам, ніжэйшым за 1500 еўра ў месяц, супраць дамовы прагаласавалі 66 %. Большасць праціўнікаў дамовы – 52 % – у якасці галоўнай прычыны свайго выбару назвалі «нязгоду з цяперашняй эканамічнай і сацыяльнай сітуацыяй у Францыі» (35 % у якасці такой прычыны назвалі нежаданне бачыць Турцыю ў складзе ЕС)12. Паняцце «французскай сацыяльнай мадэлі» можа ўвесці ў зман. Жаспен і яго міністры фінансаў Строс-Кан і Фаб’юс прыватызавалі папулярныя дзяржаўныя актывы, зменшылі верхнюю стаўку падаходнага падатку і іншых збораў з бізнесу і трымалі на нізкім узроўні дзяржаўныя выдаткі. Рафарэн працягваў у тым жа духу. Хаця ў Францыі вышэйшы ўзровень прававой абароны працоўных, членаў прафсаюзаў там значна менш, чым у Вялікабрытаніі, пры тым што простыя замежныя інвестыцыі і прадукцыйнасць працы ў Францыі значна вышэйшыя. Акрамя таго, высокі ўзровень беспрацоўя цесна звязаны са скіраваным супраць рабочых праектам эканамічнай палітыкі ЕС, які найбольш балюча ўдарыў па нізкааплатных наёмных работніках і па моладзі. У адрозненне ад іх, вышэйшы слой сярэдняга класа ў Францыі вельмі добра прыстасаваўся да неалібералізму: у цэнтральных парыжскіх кварталах, дзе цэны на нерухомасць узляцелі да нябёсаў, «за» прагаласавалі 66 %. Сярод тых, хто зарабляе больш за 4500 еўра ў месяц, за дамову выказаліся 74 %, а ў фешэнебельным Нёйі іх колькасць дасягнула 82,5 %.
|
11 Godley W. The Hole in the Treaty // Perry Anderson and Peter Gowan, eds. The Question of Europe. London, 1997. P. 174–175. Годлі працягвае: «Мне сімпатычная пазіцыя тых… хто, прадбачачы страту суверэнітэту, хоча ўвогуле выйсці з лакаматыва Еўрапейскага валютнага саюза. Мне таксама сімпатычныя тыя, хто імкнецца да інтэграцыі пад юрысдыкцыяй нейкай федэральнай канстытуцыі і з федэральным бюджэтам, значна большым, чым цяперашні бюджэт супольнасці. Аднак я абсалютна не разумею пазіцыі тых, хто жадае атрымаць эканамічны і валютны саюз без стварэння новых палітычных інстытуцый, акрамя новага цэнтральнага банка». * «Рэйнская», альбо нямецкая мадэль гаспадарання паўстала ў канцы XIX ст. Яе вызначальнай рысай з’яўляецца дасягненне пагаднення паміж прадстаўнікамі наймальнікаў і наёмных работнікаў пры пасярэдніцтве дзяржавы. – Заўв. перакл.
|
ЕЎРОПЫ 2003 г.
Напярэдадні Ніцы тры галоўныя дзяржавы Саюза акрэслілі свае пазіцыі. Падчас выступу ўва універсітэце Гумбальдта ў траўні 2000 г. Фішэр заклікаў да дэмакратычнай федэрацыі еўрапейскіх нацыянальных дзяржаў, агульнаеўрапейскага парламента з «рэальнымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі» і з другой палатай, складзенай з выбраных членаў нацыянальных парламентаў, да федэральнага ўрада і прэзідэнта, надзеленага выканаўчымі паўнамоцтвамі, а таксама да прыняцця канстытуцыі. Шырак адрэагаваў у чэрвені, выступіўшы перад Бундэстагам. Ён выказаўся супраць федэральнага ўрада, за мацнейшы саюз нацыянальных дзяржаў, дзе прыняцце рашэнняў ажыццяўлялася б простай большасцю галасоў. Заклік да канстытуцыі ён, аднак, падтрымаў. Яе мог выпрацаваць Канвент, – орган, падобны да таго, які ў той час распрацоўваў Хартыю фундаментальных правоў ЕС (гэта было спробай палепшыць імідж Бруселя пасля таго, як камісія ў поўным складзе з Жакам Сантэрам на чале мусіла сысці ў адстаўку ў 1999 г. пасля абвінавачванняў у карупцыі). Блэр, жадаючы выступіць з гэткага ж сімвалічнага «подыюма», як Фішэр і Шырак, разразіўся прамовай у Варшаўскай фондавай біржы. На думку Вялікабрытаніі, дэбаты аб канстытуцыі не абавязкова павінны завяршыцца яе прыняццем: кодэкс дамоў (a treaty of treaties) можа быць не менш эфектыўны. Больш важна, што надзеленая правам вета Еўрапейская рада мусіць вызначаць палітычны курс ЕС. У снежні 2000 г. канферэнцыя ў Ніцы ўстанавіла квоты галасоў 25 членаў Саюза і вызначыла 2004 г. як крайні тэрмін для прыняцця канчатковай дамовы, якая «абдорыць Еўропу канстытуцыяй». Да таго часу далучыцца да ЕС мусілі тры балтыйскія рэспублікі, Польшча, Венгрыя, Чэшская рэспубліка, Славакія, Славенія, Мальта і Кіпр. Падагрэты амбіцыямі прэм’ер-міністраў дробных дзяржавак, Канвент аб будучыні Еўропы сабраўся ў будынку Еўрапарламента ў Бруселі ў лютым 2002 г. Калі маастрыхцкія перамовы адбываліся пад акампанемент войнаў у Персідскай затоцы і на Балканах, то дыскусіі Жыскар д’Эстэна і яго калегаў ішлі на фоне бамбардаванняў і акупацыі Афганістана і Ірака. Пакуль прадстаўнікі моладзі і грамадзянскай супольнасці выступалі на нарадзе, «Герніка» была ўжо зачахлёная, легенда пра зброю масавага знішчэння створаная, а ваенны флот перасякаў Міжземнае мора. Больш за мільён чалавек у Лондане, два мільёны ў Мадрыдзе, тры мільёны ў Рыме выйшлі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць уварвання ў Ірак, але кіраўнікі еўрапейскіх краін – Азнар у Іспаніі, Берлусконі ў Італіі, Бароса ў Партугаліі, Блэр у Вялікабрытаніі, Расмусен у Даніі, Мед’ешы ў Венгрыі, Мілер у Польшчы і Гавал у Чэхіі – выказалі сваю падтрымку ваеннай інтэрвенцыі, падпісаўшы супольную заяву, апублікаваную ў «Wall Street Journal».
|
12 Le Sondage sorti des urnes // www.ipsos.fr. |
Для Юргена Габермаса і Жака Дэрыды гэта стала нагодай звярнуцца да «сутнасці Еўропы»13. Згадаўшы «маральна агідныя» прыгатаванні ваеннай машыны і «цывілізаванае варварства» халаднакроўна запланаваных забойстваў і знішчэнняў «мноства жылых раёнаў і бальніц, дамоў, музеяў і рынкаў…», два філосафы патлумачылі, што «вайна прымусіла еўрапейцаў усвядоміць правал іхняй супольнай замежнай палітыкі». Міжнародныя дэбаты аб законнасці амерыканскага ўварвання паглыбілі, паводле Габермаса і Дэрыды, разрыў паміж «англа-амерыканскімі краінамі» – краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – і «Старой Еўропай». Каб перашкодзіць развалу ЕС, краінам яго гуманітарнага «ядра» трэба выкарыстоўваць механізмы «паглыбленай кааперацыі», зацверджаныя ў Амстэрдаме, і яшчэ раз стаць лакаматывам ЕС, праводзячы такую еўрапейскую замежную палітыку, якая б грунтавалася на нормах міжнароднага права.
Вядома, краіны ядра ЕС сапраўды ўжо раскрылі свае карты. Пашырэнне, якое прайшло пад іх апекай (на далучэнне новых краін была дадзена фармальная згода ў кастрычніку 2002 г., за месяц да з’яўлення рэзалюцыі Рады бяспекі ААН № 1441), надоўга змяніла баланс сілаў унутры ЕС. Гучныя пратэсты Дэ Вільпэна ў Радзе бяспекі суправаджаліся заявамі французскага пасла ў Вашынгтоне, што другая рэзалюцыя ААН была зусім непатрэбная, і дазволам Шырака на свабоднае перасячэнне амерыканскімі бамбардыроўшчыкамі паветранай прасторы Францыі14. Наступнай вясной, у 200-годдзе дэкларацыі Тусен-Луверцюра аб гаіцянскай незалежнасці, Шырак і Дэ Вільпэн замацавалі сваё прымірэнне з Бушам і Паўэлам, здзейсніўшы сумесную інтэрвенцыю ў Порт-о-Прэнс. Пакуль Канвент у Бруселі заяўляў, што забеспячэнне міру ў Еўропе з’яўляецца мэтай нумар адзін, Шродэр мерыўся зрабіць нямецкі вайсковы кантынгент другой велічынёй сілай у акупаваным НАТО Афганістане, напічканым амерыканскімі турмамі.
|
13 Habermas Jürgen and Derrida Jacques. February 15, or, What Binds Europeans Together: Plea for a Common Foreign Policy, Beginning in Core Europe // Levy et al, eds. Old Europe, New Europe, Core Europe. – London, 2005.
|
БЛЭР І ШЫРАК
Тым часам дэталі здзелкі па далучэнні да ЕС былі ўзгодненыя з усімі бакамі. Новыя дзяржавы-члены атрымлівалі другарадны статус: простыя датацыі згодна з умовамі Супольнай сельскагаспадарчай палітыкі складалі для іх 25 % ад заходніх паказчыкаў, мабільнасць рабочай сілы была абмежаваная, а памер датацый са Структурнага фонду не сягаў і паловы таго, што належала Грэцыі, Іспаніі, Партугаліі і Ірландыі. Перамовы аб долях галасоў у органах ЕС доўга буксавалі, паколькі двое з васьмі прадажнікаў (huits mercenaries), Іспанія і Польшча, адмаўляліся пераглядаць дасягнутыя ў Ніцы дамоўленасці. Аднак тэракт на вакзале Аточа і эксплуатацыя яго Азнарам прывялі да ўлады ў сакавіку 2004 г. сацыялістычны ўрад Сапатэры. Адным з першых дзеянняў Сапатэры была згода на зніжэнне долі галасоў Іспаніі. У гэтую пару Блэр, напалоханы брытанскай жоўтай прэсай, абвясціў, што вынясе канстытуцыйную дамову на рэферэндум (пасля брытанскіх выбараў 2005 г.), а Шырак вырашыў, што настаў момант выканаць абяцанне, дадзенае ў 2002 г. Маастрыхцкую дамову ледзьве ўдалося прапіхнуць на апошнім французскім рэферэндуме, праведзеным па «еўрапейскім пытанні». Аднак тады, у пачатку 1990-х гг., французскі істэблішмент быў расколаты, існавала моцная апазіцыя да дамовы з боку правых галістаў на чале з Сягенам. Цяпер жа здавалася, што галісты гатовыя былі праглынуць англа-французскую страву, прывезеную Жыскар Д’эстэнам з Бруселя. На пачатку апытанні давалі дадатны вынік для прыхільнікаў дамовы. Разлік Шырака выглядаў досыць пэўна. Але пасля Маастрыхта прамінула дзесяцігоддзе. За гэты час гнеў народны супраць усяго, што ён прынёс, і ўсяго, што навязвалася краіне рознымі ўрадамі «ў імя Маастрыхта», паступова нарастаў – аж да таго, што нават канфармісты з кіраўніцтва Сацыялістычнай партыі выйшлі з-пад кантролю. Калі Фаб’юс, учуўшы настрой «знізу» і спадзеючыся заваліць свайго суперніка па партыі, вырашыў раскрытыкаваць дамову, «кансенсус» у асяроддзі палітычных эліт быў падарваны. Мабілізацыя АТТАС* і яе саюзнікаў, незвычайная маштабам і вынаходлівасцю, давяршыла справу.
|
14 Адмова турэцкага парламента аддаць Пентагону тэрыторыю краіны для наземнай атакі на Паўночны Ірак мела куды большае значэнне для ходу баявых дзеянняў. 15 Norman P. The Accidental Constitution, 2nd ed. Brussels, 2005. P. 32–33. Пратэжэ М. Тэтчэр Артур Кокфілд распрацаваў Адзіны Еўрапейскі акт, а Леон Брытан – Капенгагенскія крытэры 1993 г. для прыёму дзяржаў у члены ЕС.
|
ВАРВАРЫ Ў БРАМЕ
Паводле англамоўных каментатараў, віна ляжала перадусім на Шыраку і французскім палітычным кіраўніцтве. Справа была не толькі ў тым, што яго эканамічныя рэформы выбіліся з графіка – урэшце, рэформы Берлусконі зацягнуліся яшчэ даўжэй. Ключавы закід палягаў у тым, што французскае кіраўніцтва не здолела прышчапіць свайму электарату перакананне, што альтэрнатывы няма. Але для цвердалобых неалібералаў настаў зорны час. Французскія левацэнтрысты апынуліся ў крызісе: пазіцыю большасці кіраўніцтва Сацыялістычнай партыі не толькі не падтрымала большасць яе выбарнікаў, але 4 чэрвеня Франсуа Оланд і Дамінік Строс-Кан паглыбілі раскол у ёй, выключыўшы Фаб’юса і яго прыхільнікаў з выканаўчага камітэта партыі. Правацэнтрысцкі «Саюз за народны рух» перажывае не менш востры крызіс, чым Сацпартыя. Калі ўлічыць, што падтрымліваны Вашынгтонам на выбарах кандыдат Нікаля Сарказі здольны паслаць у адстаўку «ўрад кульгавых качак» Шырака і Дэ Вільпэна, а на змену Шродэру, нягледзячы на ўсе яго заслугі ў галіне рэформаў, у Германіі прыйдзе Хрысціянска-дэмакратычны саюз, то ў 2007 г. лідэрства ў Еўропе можа пераняць больш надзейнае праамерыканскае трыо ў Парыжы, Лондане і Берліне. Спакайнейшы перыяд у трансатлантычных адносінах будзе забяспечаны. Наколькі паслухмяным акажацца ўрад Меркель або Сарказі? Параза сацыял-дэмакратаў у Паўночным Рэйне-Вестфаліі ў траўні 2005 г. была абумоўлена як няяўкай на выбары сацыял-дэмакратычных выбарнікаў, расчараваных шродэраўскім зніжэннем падаткаў для бізнесу і скарачэннем дапамогі беспрацоўным, так і пераходам галасоў да ХДС. Меркель – большая атлантыстка, чым Шродэр, але ейны блок цесна звязаны з сярэднім нямецкім бізнесам, зацікаўленым у далейшым існаванні «рэйнскай мадэлі». Калі Сарказі выйграе ў 2007 г., яму давядзецца вырашаць праблему з французскім электаратам, які апошнія два дзесяцігоддзі караў кожны ўрад, які праводзіў прыватызацыю і абмяжоўваў дзяржаўнае рэгуляванне, выражэннем недаверу яму пасля першай жа яго кадэнцыі. Травень 2005 г. паказаў новае пакаленне французскай моладзі, што набыла сваю палітычную адукацыю ў кавярнях, на вуліцах і мітынгах. Выгнаць варвараў з горада можа аказацца не так проста. Сапраўдны страх, з якім мы сутыкнуліся, як пракаментаваў Славой Жыжак:
гэта страх, што да выбару «супраць» падштурхнула сама новая еўрапейская палітычная эліта. Гэта страх, што народ больш нельга будзе так лёгка дурыць яе «постпалітыкай». А для ўсіх іншых выбар «супраць» – гэта пасланне і выражэнне спадзеву. Гэта надзея, што палітыка яшчэ жывая і магчымая… У галасаванні «супраць» быў пазітыўны выбар: выбар самога выбару, адмова шантажу з боку новай эліты, якая навязвае нам адзіны выбар: зацвярджаць вывады ейных экспертаў або выяўляць «ірацыянальную» няспеласць16.
|
* «Асацыяцыя за падаткаабкладанне фінансавых аперацый дзеля дабрабыту грамадзян» – буйная антыглабалісцкая структура з аддзяленнямі ў розных краінах. – Заўв. перакл.
|
ПАХІСНУТАЯ ГЕГЕМОНІЯ
У яго выніку яна прыняла амерыканскае сусветнае лідэрства на ўмовах, прадыктаваных Вашынгтонам. Развой ЕС, пачынаючы з 1989 г., адбываўся пераважна паводле англа-амерыканскіх прадпісанняў. Лібералізацыя і пашырэнне ператварылі ЕС у рыхлую, бесхрыбетную супольнасць, якая ўважліва прыслухоўваецца да амерыканскага карпаратыўнага лобі ў Бруселі, але бязлітасна ігнаруе пажаданні грамадзян. «Шматхуткасны» ЕС, які паўстаў у апошнія 15 гадоў – з еўразонай «дванаццаткі», групай НАТО з дзевятнаццаці краін, з адмысловым статусам дзяржаў, якія далучыліся да Саюза ў 2004 г. – сведчыць аб правале еўрапейскай інтэграцыі. Да таго ж гэта дае Вашынгтону шырокае поле манеўру ў выбары партнёраў па кааліцыях. Цяпер «вялікая тройка» ЕС, Вялікабрытанія, Францыя і Германія, спрабуюць прымусіць Іран адмовіцца ад атамнай праграмы, хоць яна – дзяціная забаўка ў параўнанні з ядзерным арсеналам Ізраіля, які яны так старанна аберагаюць. У гандлёвых войнах ЕС можа адказаць ударам на ўдар, адбіваючыся ад амерыканскіх аэробусаў або кітайскіх маек. Але ў плане геапалітычнай магутнасці па заканчэнні халоднай вайны Еўрасаюзу была адведзеная падпарадкаваная роля ў сістэме амерыканскай гегемоніі. Адной з яго функцый стала аказанне паслуг па зачыстцы і «пераўладкаванні» рэжымаў на Балканах, на Каўказе, ва Усходняй Еўропе і ў Малой Азіі, часта пасля амерыканскіх уварванняў або ўнутраных канфліктаў. Як правіла, пры такіх аперацыях у абыход прадстаўнічых структур у найважнейшыя міністэрствы прызначаюцца ключавыя дарадцы, а фінансаваныя з-за мяжы НДА падмяняюць выбарныя органы мясцовай або цэнтральнай улады. За апошняе дзесяцігоддзе вымалявалася «натуральнае пакліканне» ЕС да сацыяльнай інжынерыі: дысцыплінавання працоўнай сілы, апрацоўкі эліт, адкрыцця рынкаў для амерыканскага і еўрапейскага капіталаў, асабліва сярод шырокай паласы краін яго перыферыі: «суседскі імперыялізм», у фармулёўцы Роберта Купера17. Так, спадзеў на ўступленне ў ЕС адыграў цэнтральную ролю ў пераконванні турэцкіх рабочых згадзіцца павысіць свой пенсійны ўзрост, а палякаў – урэзаць свае пенсіі.
|
16 Žižek Slavoj. The constitution is dead. Long live proper polities’ // Guardian. 2005. 4 June.
|
Ці можна лічыць няздольнасць ЕС навязаць сваю гегемонію ў асяродку Саюза знакам аслаблення ягонай ролі як клуба, які прывучае жыць і кіраваць па правілах рынкавай эканомікі? Адзін з высокіх функцыянераў ЕС з трывогай адзначыў энтузіязм, з якім вынікі еўрарэферэндуму былі сустрэтыя ў Бялградзе, і ўзніклае там пачуццё, што сербы больш не маюць прычыны «бяздумна выконваць кожнае патрабаванне Еўропы»18. Дарэчы будзе сказаць, што ў той самы тыдзень, калі французы і нідэрландцы адхілілі канстытуцыйную дамову, у Багдад прыбыла група спецыялістаў ЕС, каб узяць удзел у напісанні аналагічнага дакумента для акупаванага Ірака. Трэба спадзявацца, што іракцы пашлюць гэтую хартыю і тых, на чыіх штыхах яна трымаецца, туды, куды была адпраўлена яе брусельская папярэдніца.
|
17 Cooper R. The Next Empire // Prospect. 2001. October.
|
Народнае адхіленне Канстытуцыі ЕС дае падставы меркаваць, што дзеянне палітычнага наркозу, уведзенага Бруселем, заканчваецца. ЕС як сіла, што навучае сацыяльнай дысцыпліне, больш не можа жывіцца ідэалагічным капіталам эры Дэлора, даўно растрачаным на насаджэнне рынку, рэструктурызацыі і войны. Тэлеалогія сацыяльнага прагрэсу не працуе: як можна ўявіць сабе лепшую будучыню, калі няма альтэрнатывы? Лічылася, што ўзніклую нішу запоўняць мас-медыі, спажывецкая ідэалогія і абыякавасць. «Гэта ж ЕС даў вам мабільныя тэлефоны і танныя авіябілеты», – заявіў Сарказі маладым французам на сустрэчы ў траўні. Іх галасы «супраць» нагадалі манеткі, кінутыя ў адхіленых ад улады італьянскіх палітыкаў з нагоды скандалу «Тангентопалі». Не трэба перабольшваць размаху бунту: у Брытаніі, Польшчы, Ірландыі, Даніі выбарнікі пакорліва пагадзіліся скасаваць рэферэндумы. Аднак прорва паміж еўрапейскім электаратам і неаліберальнымі элітамі яшчэ ніколі не была такой вялікай; у траўні 2005 г. Блэр заваяваў толькі 21 % галасоў брытанскіх выбарнікаў. Скіраванае перадусім супраць «эканамічных і сацыяльных» аспектаў ілжывай еўрасаюзаўскай рыторыкі, галасаванне «супраць» у каторы раз выявіла крызіс рэпрэзентацыі левых сілаў. Лідэры лейбарыстаў і Сацпартыі апынуліся ў стане процістаяння з большасцю сваіх выбарнікаў, пакінуўшы левае поле маргінальным сілам. Дзякуючы гэтаму выявілася, як далёка мы знаходзімся ад стварэння ўсёахопнай праграмы, альтэрнатыўнай неаліберальнаму праекту. Аднак, хаця сёлетнія бліскавіцы выявілі адсутнасць такой праграмы, яны на момант асвятлілі і будучы гарызонт, пры якім яна магла б існаваць.
Пераклаў з амерыканскай В. Р. паводле: Watkins Susan. Continental Tremors // New Left Review. No 33. May–June 2005. P. 5–21. |
18 Bildt C. Europe must keep its «soft power» // Financial Times. 2005. 1 June.
|
|