A R C H E П а ч а т а к № 5 (39) - 2005
Пачатак  Цалкам 


5-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ЛУКАН ЭЛАН ЎЭЙ

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны малюнак Эндзі Ўорхала «Мао»

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)
   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Лукан Элан Ўэй
Рэвалюцыя і крах Кучмавага аўтарытарызму


Большасьць аналізаў памаранчавае рэвалюцыі ўва Ўкраіне была прысьвечана са- праўды незабыўным масавым акцыям пратэсту, якія адбыліся пасьля сфальсыфікаванага другога туру прэзыдэнцкіх выбараў 21 лістапада 2004 г. Аднак існуе іншы аспэкт памаранчавае рэвалюцыі, якому было нададзена нашмат менш увагі. Канчатковая перамога апазыцыйнага кандыдата Віктара Юшчанкі сталася вынікам жудаснай слабасьці старога рэжыму і няздольнасьці яго кіраўніцтва кантраляваць сваіх хаўрусьнікаў. Разброд на самым версе сьпярша прывёў да аслабленьня аўтарытарных дзяржаўных інстытутаў, а пасьля і да краху рэжыму Леаніда Кучмы. Украіна пры прэзыдэнту Кучму была ўзорам «канкурэнтнага аўтарытарызму» – цывільнага недэмакратычнага рэжыму, пры якім рэгулярна праводзяцца канкурэнтныя, але надзвычай несправядлівыя выбары. Пры такіх рэжымах існуюць дэмакратычныя інстытуты, якія лічацца асноўным сродкам атрыманьня і ажыцьцяўленьня палітычнае ўлады, аднак палітычная адміністрацыя так часта парушае гэтыя правілы, што рэжым перастае адпавядаць мінімальным дэмакратычным стандартам. Улады рэгулярна перасьледуюць апазыцыйных лідэраў, цэнзуруюць СМІ й фальсыфікуюць вынікі выбараў. Тым ня менш выбары праводзяцца рэгулярна і маюць канкурэнтны характар, а апазыцыйныя кандыдаты могуць і часам выйграюць іх1.

Рэдка дзе сустрэнеш нагэтулькі адкрыты да канкурэнцыі рэжым з такім недэмакратычным урадам, як ува Ўкраіне часоў Кучмы. Спалучэньне абсалютна недэмакратычных захадаў з сапраўднай палітычнай канкурэнцыяй было асабліва прыкметнае ў стаўленьні ўладаў да апазыцыі падчас выбараў. У адрозьненьне ад такіх цалкам аўтарытарных рэжымаў, як беларускі, апазыцыйных кандыдатаў не саджалі ў турму і не здымалі з выбарчае дыстанцыі, а паддавалі надзвычай брутальнаму перасьледу. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2004 г. адбыліся ня менш за два замахі на Юшчанку; асабліва сур’ёзныя наступствы мела яго атручваньне дыяксінам, якое так зьнявечыла ягоны твар незадоўга да выбараў.

Падобнае спалучэньне злоўжываньняў і канкурэнтнасьці працягвалася і ў сам дзень галасаваньня. Пры чыста аўтарытарных рэжымах маштабная падтасоўка галасоў забясьпечвае перамогу кандыдата ад улады незалежна ад стану яго рэальнае падтрымкі. У адрозьненьне ад гэтага, пры канкурэнтных аўтарытарных рэжымах існуе пэўнае абмежаваньне колькасьці і адсотка галасоў выбарнікаў, якія беспакарана могуць украсьці ўлады. Напрыклад, падчас парлямэнцкіх выбараў 2002 г. Кучма забясьпечыў абсалютную падтрымку «сваіх» кандыдатаў на закрытых выбарчых участках – у турмах, бальніцах і на вайсковых базах, аднак ня здолеў перашкодзіць апазыцыйнай кааліцыі «Наша Ўкраіна» здабыць больш месцаў у Вярхоўнай радзе, чым любая іншая партыя. На прэзыдэнцкіх выбарах 2004 г., нягледзячы на звышнамаганьні ўладаў па падмене бюлетэняў, колькасьць падтасаваных галасоў не перавысіла 10 адсоткаў.

Канкурэнтныя аўтарытарныя рэжымы таксама адрозьніваюцца сваім стаўленьнем да СМІ. Чыста аўтарытарныя рэжымы практычна цалкам выціскаюць апазыцыю з тых СМІ, якія маюць выхад на шырокую аўдыторыю, і дазваляюць крытыкаваць улады толькі на старонках малатыражных выданьняў ды ў інтэрнэце. У адрозьненьне ад гэтага, пры канкурэнтных аўтарытарных рэжымах апазыцыйных журналістаў сувора перасьледуюць, але часам ім удаецца ўнікаць рэпрэсіяў і выходзіць на шырокую аўдыторыю. У 1990-х гг. Кучма пачаў узмацняць кантроль над мэдыямі, але яму так і не ўдалося прымусіць замаўчаць крытыкаў яго рэжыму.

Нягледзячы на фармальную прыватызацыю большасьці электронных СМІ ў 1995–1996 гг., урад працягваў утрымліваць нефармальны кантроль практычна над усімі найбуйнейшымі тэлевізійнымі каналамі. Напрыканцы 1990-х два найвялікшыя тэлеканалы – «Інтер» і «1+1», якія займаюць каля 50 % тэлевізійнага рынку краіны, перайшлі пад кантроль Аляксандра Зінчанкі й Віктара Медведчука з праўрадавае Сацыял-дэмакратычнае партыі Ўкраіны (Аб’яднанае) (СДПУ(а). Акрамя таго, зяць Кучмы Віктар Пінчук пераняў кантроль за «Новым каналам», ICTВ і СТВ, якія разам займаюць яшчэ ад 15 да 25 % тэлерынку навінаў.

У выніку, у апошнія гады існаваньня рэжыму Кучмы пачала ажыцьцяўляцца мэтавая, шырокамаштабная і прыдзірлівая цэнзура зьместу праграмаў навінаў. Напачатку 2002 г. прэзыдэнцкая адміністрацыя распачала рассылаць «тэмнікі» (ад слова «тэма») – падрабязныя інструкцыі, як трэба асьвятляць пэўныя навіны, і якія падзеі трэба ігнараваць. Напрыклад, тэмнікі раілі падкрэсьліваць унутраную грызьню паміж лідэрамі апазыцыі і падаваць іх як прыхільнікаў этнічнага экстрэмізму. Некаторых асобаў, такіх як апазыцыйная лідэрка Юлія Цімашэнка, рэкамэндавалася ўвогуле ня згадваць. Улады выразалі цэлыя фрагмэнты ток-шоў у жывым этэры, а таксама абмяжоўвалі шэраг іх удзельнікаў да вузкае групы людзей, якім давярала прэзыдэнцкая адміністрацыя.

У той жа час апазыцыя надалей мела доступ да высокатыражных газэтаў накшталт «Сільські Вісті» Сацыялістычнай партыі. І што важней, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыя кантралявала «5 канал», які пры канцы 2004 г. займаў 5 % ад нацыянальнага інфармацыйнага рынку і добра прымаўся ў шматлікіх гарадох ува ўсёй Украіне. Акрамя гэтага, апазыцыя выкарыстоўвала інтэрнэт як форум для палітычных дыскусіяў. Карацей кажучы, дарма што апазыцыя знаходзілася ў нашмат горшых умовах у параўнаньні з уладамі, яны былі ня ў стане прымусіць яе маўчаць.

Спалучэньне аўтарытарных практык і рэальнай канкурэнцыі таксама пераважала ўва ўзаемаадносінах паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам. У шмат якіх ключавых сфэрах прэзыдэнт меў нашмат больш улады (як дэ-юрэ, так і дэ-факта), чым Вярхоўная Рада. Кучма меў права самастойна прызначаць прэм’ер-міністра і ўсіх чальцоў кабінэту міністраў, а таксама сваіх прадстаўнікоў у абласьцях ды раёнах. Аднак, у параўнаньні з чыста аўтарытарнымі рэжымамі, украінскі парлямэнт ніколі не рабіўся марыянэткай у руках прэзыдэнта. Ён адмаўляўся зацьвердзіць шматлікія прапановы Кучмы па эканамічных рэформах у 1990-х і 2000–2001 гг., а таксама пасьпяхова заблякаваў спробу Кучмы ўзмацніць прэзыдэнцкую ўладу ў краіне.

На працягу ўсяго постсавецкага часу ўкраінскі парлямэнт быў асноўным пляцдармам для дзейнасьці апазыцыі, даючы дэпутатам адносна лёгкі доступ у СМІ, а таксама імунітэт ад перасьледу. Паводле закону, дэпутат можа быць аддадзены пад суд толькі ў выпадку, калі парлямэнт пастановіць зьняць зь яго недатыкальнасьць, што здаралася надзвычай рэдка. Хоць такі імунітэт прывабліваў шматлікіх карумпаваных бізнэсоўцаў, ён быў сапраўдным паратункам для апазыцыйных лідэраў. Таму, хоць парлямэнт часьцяком меў меншую ўладу, чым іншыя органы ўлады, ён забясьпечваў абаронены праўны статус дэпутатаў і даваў трыбуну для выражэньня апазыцыйных і пратэстных настрояў. У лістападзе 2000 г. лідэр Сацыялістычнае партыі Аляксандар Мароз выкарыстаў парлямэнцкую залю, каб публічна абвінаваціць Кучму ў тым, што той загадаў забіць апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзэ. Гэтая падзея спарадзіла першы буйны крызіс рэжыму Кучмы.

ПАДВАЛІНЫ РЭЖЫМУ


Каб зразумець, наколькі была абмежавана дэмакратыя ўва Ўкраіне, а таксама прычыны нескансалідаванасьці Кучмавага аўтарытарызму, неабходна разгледзець інстытуцыйныя ды палітычныя падваліны яго рэжыму. Канкурэнтны аўтарытарызм Кучмы грунтаваўся на двух стаўпах: па-першае, шырокім наборы надзвычай нефармальных аўтарытарных інстытутаў ды працэдураў для перасьледу апазыцыянэраў ды фальсыфікацыі вынікаў выбараў; і па-другое, кааліцыі алігархічных сілаў у парлямэнце і прэзыдэнцкай адміністрацыі, якая забясьпечвала падтрымку Кучмы, змагаючыся за ягоны патранаж.

Большасьць акадэмічных дасьледзінаў, прысьвечаных пераходу да дэмакратыі, засяроджваюцца выключна на фармальных законах ды канстытуцыях. На жаль, гэткі фокус часта не дазваляе ўбачыць аўтарытарныя рысы рэжымаў, якія пасьля заканчэньня «халоднае вайны» фактычна не атрымалі падрабязнага апісаньня і разгляду. Эканамічнае панаваньне Захаду і міжнароднае прызнаньне дэмакратыі схілілі шматлікія рэжымы да прыняцьця «дэмакратычных» канстытуцыяў, хаця ў той жа самы час яны шырока ўжывалі нефармальныя правілы для захаваньня аўтарытарызму.

Кучмаў аўтарытарызм трымаўся на шырокім шэразе нефармальных інстытутаў, заахвочваньняў і пакараньняў, ужываных для нэўтралізацыі апазыцыі і стымуляцыі выбарчых фальсыфікацыяў падчас галасаваньняў. Дзяржаўныя ўстановы, такія як падатковыя інспэкцыі, міліцыя, школы і бальніцы, акрамя сваіх фармальных функцыяў (зьбіраньне падаткаў, барацьба з злачыннасьцю, забесьпячэньне адукацыі й мэдычных паслуг) выконвалі шэраг нефармальных абавязкаў, зьвязаных з утрыманьнем існуючага рэжыму пры ўладзе. Напрыклад, падатковыя інспэкцыі ды іншыя кантрольныя органы часам выкарыстоўваліся для барацьбы зь бізнэс-структурамі і асобамі, якія падтрымлівалі апазыцыю. Паводле словаў былога кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) Яўгена Марчука, «калі [ваша фірма] ляяльная ўладам, яны праігнаруюць або не заўважаць любыя правапарушэньні. Калі ж вы неляяльныя, ці вы, ці ваш бізнэс адразу зазнае ўціск»2. Бізнэс-структуры, якія дапамагалі апазыцыі, часьцяком рабіліся ахвярамі перасьледу з боку падатковых інспэкцыяў, пракуратуры ды іншых дзяржаўных органаў.

ТВОРЧАЯ ПАДТАСОЎКА ГАЛАСОЎ


  прафэсар паліталёгіі Храмавага ўнівэрсытэту (Temple University), што ў Філадэльфіі, у 2004–2005 гг. – стажэр Гарвардзкае акадэміі міжнародных і рэгіянальных дасьледаваньняў. З кастрычніка па сьнежань 2004 г.у быў незалежным назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах ува Ўкраіне. У сфэру яго навуковых інтарэсаў уваходзіць тыпалёгія і шляхі трансфармацыі недэмакратычных рэжымаў, а таксама палітычныя працэсы ў посткамуністычных краінах. Апошняя публікацыя – «The Sources and Dynamics of Competitive Authoritarianism in Ukraine» (Journal of Communist Studies and Transition Politics, Vol. 20, No. 1, March 2004, p. 143–161).

1 Пачынаючы з 1989 г. канкурэнтныя аўтарытарныя рэжымы існавалі як мінімум у 37 краінах – Усходняй Азіі (Камбоджа, Малайзія, Тайвань), Амэрыкі (Дамініканская Рэспубліка, Гаяна, Гаіці, Нікарагуа, Мэксыка, Пэру), Цэнтральнай Эўропы (Альбанія, Харватыя, Македонія, Румынія, Сэрбія, Славаччына), былога Савецкага Саюзу (Армэнія, Беларусь, Грузія, Расея, Украіна) і Афрыкі (Камэрун, Кот-д’Івуар, Гана, Кенія, Мадагаскар, Мазамбік, Сэнэгал, Танзанія, Замбія, Зымбабвэ).

   
Падчас выбараў такія дзяржаўныя ўстановы, як бальніцы, школы і вайсковыя базы, станавіліся ключавымі інструмэнтамі ў фальсыфікацыі рэжымам вынікаў галасаваньня. Кіраўніцтву гэтых установаў ставілася задача забясьпечыць высокую яўку выбарнікаў на ўчасткі для галасаваньня і высокі адсотак падтрымкі кандыдатаў ад улады. На выбарах у 2004 г. адна чвэрць кіраўнікоў мясцовых выбарчых штабоў Януковіча складалася з рэктараў унівэрсытэтаў, дырэктараў школаў, галоўных лекараў бальніцаў, якія забясьпечвалі «падтрымку» кандыдата ад улады вельмі творчымі мэтадамі. Напрыклад, назіральнік у адной з бальніцаў Днепрапятроўску паведаміў, што галоўны лекар бальніцы падаў ува ўчастковую камісію сьпіс з удвая завышанай колькасьцю пацыентаў, а пасьля прывёў прыхільнікаў Януковіча, каб яны прагаласавалі замест віртуальных пацыентаў.

Выбарчыя фальсыфікацыі й запалохваньні пры Кучму мелі паўсюдны, мэтаскіраваны ды добра арганізаваны характар. Нядаўна апублікаваныя прызнаньні актывістаў выбарчае кампаніі Януковіча паказваюць, што ўлады распрацавалі вельмі дэталёвыя пляны перамогі з адрывам каля 3 адсоткаў. Гэты адрыў быў дастаткова буйны, каб выглядаць салідным і пераканаўчым, і дастаткова мінімальны, каб паказаць, што выбары сапраўды былі канкурэнтнымі. Дзеля ажыцьцяўленьня гэтага пляну ўлады стварылі разгалінаваную сакрэтную каардынацыйную структуру. Раённыя і гарадзкія адміністрацыі атрымалі распараджэньні, колькі адсоткаў мае быць «за» Януковіча з надзвычай падрабязнымі інструкцыямі, як і дзе скрасьці галасы.

У горадзе Умань украінская моладзевая НДА «Знаю!» выявіла афіцыйную дырэктыву, у якой былі пералічаныя розныя тэхналёгіі маніпуляцыяў з галасамі выбарнікаў (закіданьне «левых» бюлетэняў у скрыні для галасаваньня, подкуп выбарнікаў і да т. п.), прызначананыя для ўжываньня падчас другога туру прэзыдэнцкіх выбараў 21 лістапада 2004 г. У гэтым дакумэнце канкрэтызавалася колькасьць «левых» галасоў, якія трэба было забясьпечыць пры дапамозе гэтых тэхналёгіяў на кожным выбарчым участку. У іншых выпадках дырэктывы заклікалі запалохваць выбарнікаў. Напрыклад, у Запароскай вобласьці шматлікія выбарчыя ўчасткі атрымалі іншую інструкцыю – яна была надрукаваная на паперы з троху іншым адценьнем зялёнага колеру, чымся аналягічны дакумэнт, зацьверджаны пры ўдзеле міжнароднай супольнасьці, – у якой пазначалася, што выбарнікі павінны падпісаць свой бюлетэнь, што выключала таямніцу галасаваньня. Іншыя чальцы выбарчых камісіяў паведамлялі, што ім загадалі дапусьціць да галасаваньня іншагародніх з адмацавальнымі талёнамі, якіх прывозілі цэлымі аўтобусамі. Урэшце, калі б гэтыя захады не далі патрэбных вынікаў, улады мелі запасны варыянт: загадзя, яшчэ да выбараў, падпісаныя ды паштампаваныя пратаколы галасаваньня з выбарчых участкаў.

Кучма стварыў усёабдымную сыстэму заахвочваньняў і пакараньняў, каб забясьпечыць выкананьне ўрадавых дырэктываў старшынямі выбарчых камісіяў. Ён выкарыстоўваў падатковыя інспэкцыі, міліцыю ды іншыя дзяржаўныя органы, каб прымусіць бізнэсоўцаў, палітыкаў і ўрадоўцаў падтрымаць рэжым падчас выбараў. Кейт Дардэн сьцьвярджала, што Кучма часта заахвочваў карупцыю, бо адпаведны кампрамат можна было выкарыстаць для шантажаваньня тых, на каго абапіраўся рэжым. Сакрэтныя запісы размоваў Кучмы, зробленыя ў 2000–2001 гг., паказваюць, як ён выкарыстоўваў шантаж для забесьпячэньня падтрымкі свае кандыдатуры ў сельскай мясцовасьці падчас пасьпяховай кампаніі свайго пераабраньня ў 1999 г. На адной з стужак ён гаворыць кіраўніку Дзяржаўнай падатковай адміністрацыі:

Трэба, каб кожны падатковы інспэктар пайшоў да кіраўнікоў калгасаў у кожнай вёсцы і сказаў: «Любачка! Ты цудоўна разумееш, колькі мы маем на цябе матэрыялаў, каб хоць заўтра засадзіць цябе за краты... На кожнага старшыню калгасу больш чым дастаткова матэрыялаў. Так ці не? Пэўна, так. Вось чаму міліцыя... то бок падаткавікі... усе павінны ўзяцца [за справу] і правесьці сур’ёзныя размовы з усімі кіраўнікамі калгасаў3.

  2 Цытуецца паводле аналітычнае справаздачы Цэнтру Разумкова «Сыстэма дэмакратычнага грамадзкага кантролю над праваахоўнымі органамі: яе эфэктыўнасьць і недахопы» (Нацыянальная бясьпека і абарона. Кіеў, 04.2004).

   
Сёй-той выконваў урадавыя дырэктывы дзеля боязі згубіць сваю працу. Пасьля першага туру галасаваньня ў 2004 гг. 14 дзяржаўных кіраўнікоў раённых адміністрацыяў былі звольненыя з сваіх пасадаў у тых рэгіёнах, дзе Януковіч прайграў.

Шматлікія прадстаўнікі выбарчых камісіяў атрымалі салідныя грашовыя прэміі за выкананьне ўрадавых дырэктываў. На выбарах у 2004 г. старшыня адной выбарчай камісіі ў Запароскай вобласьці, дзе, паводле большасьці ацэнак, узровень фальсыфікацыяў быў найменшы, паведаміла, што сябры ўчастковых камісіяў атрымоўвалі прэміі ў залежнасьці ад таго, колькі галасоў было аддадзена за Януковіча і колькі было ўжыта спосабаў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Паводле яе словаў, пасьля першага туру галасаваньня кожная ўчастковая камісія атрымала каля 5000 даляраў ЗША. Іншыя крыніцы гавораць, што фігуравалі большыя сумы4. Ніхто дакладна ня ведае, наколькі пашыраным быў такі подкуп, але, калі б толькі палова з 33 000 участковых выбарчых камісіяў ува ўсёй Украіне атрымала такую суму, гэта азначае, што ўладам давялося выдзеліць на гэта больш за 80 мільёнаў даляраў.

  3 Keith Darden, «Blackmail as a Tool of State Domination».

   
На выпадак краху ўсіх гэтых мясцовых мэтадаў фальсыфікацыі існаваў мэханізм «карэктаваньня» вынікаў падліку галасоў на самым версе. Канчатковы падлік галасоў кантраляваўся прэзыдэнцкай адміністрацыяй праз кампутарную сыстэму, якая «адфільтроўвала» вынікі галасаваньня ў рэгіёнах пры дапамозе сакрэтнага кампутарнага сэрвэру да таго, як яны паступалі ў Цэнтральную выбарчую камісію, орган, які афіцыйна займаецца канчатковым падвядзеньнем вынікаў галасаваньня на выбарах.

УСЯЎЛАДЗЬДЗЕ АЛІГАРХАЎ


Вышэйпамянёныя нефармальныя аўтарытарныя інстытуты ды працэдуры дапаўняліся рыхлай кааліцыяй алігархаў – багатых і палітычна ўплывовых людзей, – якія арганізоўвалі палітычную падтрымку прэзыдэнту. Панаваньне алігархаў у Кучмавай Украіне адлюстроўвала адмысловую ўзаемасувязь паміж эканамічнай і палітычнай уладай, вельмі падобную той, што склалася падчас прэзыдэнцтва Ельцына ў Расеі ды Пятра Лучынскага ў Малдове. У большасьці краінаў палітычныя лідэры разьлічваюць на падтрымку бізнэсу, але толькі ў алігархічных сыстэмах бізнэсоўцы самі займаюць месцы ў парлямэнце ці іншыя афіцыйныя пасады. Гэтыя алігархі часта зарабляюць свае капіталы дзякуючы доступу да таннай прыватызацыі, дзяржаўных манаполіяў ці бюджэтных рэсурсаў, і шмат хто зь іх ідзе ў парлямэнт, каб атрымаць дэпутацкую недатыкальнасьць ці пралабіраваць уласныя эканамічныя інтарэсы.

Як і ў Расеі, колькасьць і багацьце алігархаў ува Ўкраіне рэзка павялічылася ў 1990-я гг. У 2000 г., паводле інфармацыі дзяржаўнае падатковае адміністрацыі, 386 з 450 дэпутатаў Вярхоўнае рады былі заснавальнікамі 3954 бізнэс-структураў, якія кантралявалі 25 % нацыянальнага імпарту і 10 % экспарту. Некаторыя зь іх, такія як лідэр СДПУ(а) Віктар Медвядчук і лідэр партыі «Батьківщина» Юлія Цімашэнка (цяперашні прэм’ер-міністар Украіны), выкарыстоўвалі кантакты ўва ўрадзе, каб атрымаць доступ да высокадаходных энэргетычных рэсурсаў. Шмат іх абвінавачвалі ў выкарыстаньні сувязяў ува ўрадзе на карысьць розных бізнэс-структураў і прамысловых прадпрыемстваў.

Часткова ў абмен на доступ да дзяржаўных рэсурсаў алігархі дапамаглі Кучму мабілізаваць палітычную падтрымку напрыканцы 1990-х і напачатку 2000-х, часьцяком наўпрост выкарыстоўваючы свае фірмы. Як і Ельцын, Кучма сур’ёзна залежаў ад кантраляваных алігархамі тэлевізійных каналаў і газэтаў. Тэлевізійны магнат Віктар Медвядчук з СДПУ(а) быў ініцыятарам распаўсюду тэмнікаў, якія вызначалі зьмест тэлевізійных навінаў. Алігархі зь іншых галінаў эканомікі таксама прыцягвалі свае рабочыя калектывы на падтрымку Кучмы. Паводле шматлікіх зьвестак, падчас выбараў 2004 г. рабочых аўтамабілебудаўнічых, сталеліцейных, вуглездабывальных, энэргетычных ды іншых прадпрыемстваў, якія належалі пракучмаўскім алігархам, змушалі ўдзельнічаць у дэманстрацыях, галасаваць за Януковіча і нават у адным дужа дзіўным выпадку абвясьціць «страйк», каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці на «небясьпеку», якая зыходзіць ад дзейнасьці апазыцыі. Падобныя мэханізмы палітычнае мабілізацыі былі асабліва важныя з прычыны адсутнасьці ў краіне моцных палітычных партыяў.

Замест таго каб стварыць адзіную прапрэзыдэнцкую партыю, Кучма, падобна Барысу Ельцыну, разьлічваў на падтрымку шэрагу дробных партыяў, якімі кіравалі варагуючыя міжсобку алігархі. Замест таго каб зьліцца з адной палітычнай групай, ён разьмяркоўваў палітычныя й эканамічныя рэсурсы паміж шматлікімі й канкурэнтнымі фракцыямі, спадзеючыся тым самым перашкодзіць таму, каб нейкая зь іх стала занадта моцнай і пачала ўяўляць небясьпеку ягонаму рэжыму. У выніку ягоная падтрымка ў парлямэнце і ўва ўласнай адміністрацыі залежала выключна ад кароткатэрміновага эканамічнага эгаізму вялікага і блытанага мноства дробных фракцыяў і нефармальных груповак. Напачатку 2000 г. забесьпячэньне падтрымкі Кучмы ў парлямэнце было ўскладзенае на лідэра СДПУ(а) Віктара Медведчука, лідэрку партыі «Батьківщина» Юлію Цімашэнку і навасьпечаную Партыю Рэгіёнаў, створаную кіраўніком Дзяржаўнае падатковае адміністрацыі Міколам Азаравым і пазьней узначаленую Віктарам Януковічам. Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2002 г. адбылася кароткатэрміновая спроба стварэньня прапрэзыдэнцкае партыі пад назвай «За адзіную Ўкраіну» на ўзор пуцінскае «Адзінае Расеі». Кіраваць новым палітычным аб’яднаньнем паставілі былога кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Кучмы Ўладзімера Літвіна. Аднак неўзабаве пасьля парлямэнцкіх выбараў гэтая палітычная група распалася на колькі паасобных фракцыяў.

СЫСТЭМА ДАЕ ЗБОЙ


Пэўны час спалучэньне дзяржаўных аўтарытарных структураў з панаваньнем алігархаў дапамагала ўзурпаваць выканаўчую ўладу. Аднак у гэтую сыстэму быў закладзены самаразбуральны пачатак. У адрозьненьне ад апаратчыкаў Камуністычнае партыі ці кіраўніцтва СБУ, алігархі забясьпечвалі слабую базу падтрымкі: яны не выконвалі безь пярэчаньняў загадаў, паводле свае натуры былі неверагодна апартуністычныя й мелі слабое пачуцьцё ляяльнасьці. Калі пад Кучмам пахіснулася глеба, яны ўраз адвярнуліся ад яго. Гэта прывяло да распаду дзяржаўных аўтарытарных структураў, выклікала ўрэшце крызіс рэжыму падчас выбараў у 2004 г. і сыход Кучмы.

Алігархічная сыстэма стварыла ключавыя перадумовы для ўзьнікненьня апазыцыйных сілаў. Перш за ўсё, уцёкі капіталу, хоць яны і блага ўплывалі на разьвіцьцё ўкраінскай эканомікі, сталіся важнай крыніцай сілы для апазыцыйнага руху. Дарма што дзяржаўная падатковая служба магла перасьледаваць апазыцыйны бізнэс аж да яго поўнае ліквідацыі, яна была ня ў стане канфіскаваць грошы, вывезеныя за мяжу. Сакрэтныя запісы, зробленыя ў 2000 г., сьведчаць, што тагачасны міністар унутраных справаў Краўчанка скардзіўся Кучму, што ўладам надзвычай цяжка забраць вывезеныя за мяжу грошы. Вывезшы агромністыя сумы грошай за мяжу, алігархі стваралі сур’ёзныя пагрозы Кучму нават тады, калі ён зачыняў іх бізнэс ува Ўкраіне.

Іншай крыніцай палітычнай незалежнасьці быў статус дэпутацкай недатыкальнасьці, які забараняў крымінальны перасьлед дэпутатаў Вярхоўнае рады падчас дзеяньня іх паўнамоцтваў. Гэтая недатыкальнасьць абараняла як дэпутатаў-крымінальнікаў, так і лідэраў апазыцыі. Адпаведна, падчас выбарчае кампаніі 2004 г. практычна ўсе яны, уключна зь Юшчанкам, былі дэпутатамі парлямэнту – апазыцыянэры маглі не баяцца, што ўлады зьняволяць іх ці будуць цягаць на допыты.

Апазыцыя таксама карысталася з імкненьня алігархаў шырока разьмеркаваць свае рэсурсы паміж усімі патэнцыйнымі групамі ўплыву. У выніку, у 2002–2003 гг., пасьля таго, як Юшчанка стаў паўсюдна разглядацца ў якасьці фаварыта прэзыдэнцкіх выбараў 2004 году, ён атрымаў тайныя ахвяраваньні ад шматлікіх бізнэсоўцаў. Асноўны спонсар Юшчанкі Давід Жванія хваліўся ў сакавіку 2004 г.: «Я ня ведаю фінансавае групы ўва Ўкраіне ці нават у Расеі, якая б не хацела, каб Юшчанка стаў прэзыдэнтам. У Юшчанкі няма праблемаў з грашыма»5. Паведамлялася, што нават алігарх з усходняе Ўкраіны Рынат Ахметаў, які ўрэшце перайшоў на бок Януковіча, пры канцы 2003 г. зрабіў ахвяраваньні на карысьць выбарчае кампаніі Юшчанкі.

  4 Пошта Запоріжжя. 2004. 14 грудня; Українська правда. 2004. 16 листопада.

   
Напасьледак, разьмеркаваньне рэсурсаў Кучмам сярод канкурэнтных груповак павялічвала верагоднасьць таго, што гэтыя рэсурсы патрапяць у «дрэнныя» рукі. Сакрэтныя запісы, зробленыя ў 2000 г., выкрываюць Віктара Януковіча, тагачаснага губэрнатара Данецкае вобласьці, які скардзіўся Кучму, што, даючы бюджэтныя сродкі тагачаснаму прэм’ер-міністру Віктару Юшчанку, Кучма «даваў грошы ворагу... Зразумела? Вы ўзмацняеце іх!»6. Неўзабаве стала ясна, што Януковіч меў рацыю.

Гэтыя магчымасьці для незалежнай дзейнасьці, уласьцівыя алігархічнай сыстэме, пры канцы 2000 г. дазволілі нанесьці ёй вырашальны ўдар, калі былы целаахоўнік Кучмы Мікола Мельнічэнка абнародаваў аўдыёзапісы, якія намякалі, што прэзыдэнт загадаў забіць апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзэ, а таксама выяўлялі велічэзны ўзровень карупцыі й злоўжываньня ўладай. Абнародаваньне гуказапісаў падарвала рэпутацыю Кучмы як ўва Ўкраіне, так і за мяжой. Упершыню з моманту свайго абраньня на пасаду прэзыдэнта ў 1994 г. ён апынуўся на мяжы адстаўкі. Адначасова Юшчанка, якога Кучма пры канцы 1999 г. прызначыў прэм’ер-міністрам, стаў найпапулярнейшым палітыкам Украіны. На Кучмаву бяду, жыцьцяздатная альтэрнатыва ягонаму рэжыму зьявілася акурат у той самы момант, калі ўзровень ягонай папулярнасьці проста абрынуўся.

КРЫШТАЛІЗАЦЫЯ АПАЗЫЦЫІ


  5 Українська правда. 2004. 7 березня.

   
Хаця Кучма вытрымаў першыя заклікі сысьці ў адстаўку, агучаныя пасьля абнародваньня аўдыёзапісаў, крызіс абумовіў паступовы развал ягонае кіруючае кааліцыі. За колькімі істотнымі выняткамі, кіраўніцтва праюшчанкаўскага руху было вельмі цесна зьвязана з Кучмам – большасьць працавала на рэжым за некалькі гадоў і нават за пару месяцаў да лістападаўскіх падзеяў7. Сам Юшчанка аднойчы нават заявіў, што Кучма быў яму як «бацька». Лідэр радыкальнага крыла праюшчанкаўскага руху Юлія Цімашэнка ўзначальвала пракучмаўскую парлямэнцкую фракцыю з 1998-га па 2000-га г. Дарадца і фінансавы дырэктар Юшчанкі, а таксама кіраўнік адзінага праюшчанкаўскага тэлеканалу Пятро Парашэнка пачынаў сваю палітычную кар’еру ў СДПУ(а) і быў адным з заснавальнікаў «Партыі рэгіёнаў» Януковіча. Кіраўнік выбарчае кампаніі Юшчанкі Аляксандар Зінчанка да пачатку 2003 г. быў лідэрам СДПУ(а) і ўзначальваў р’яна прапрэзыдэнцкі тэлеканал «Інтер».

  6 Мельниченко М. Кто есть кто на диване президента Кучмы. Киев, 2002. с. 116.
   
Выжываньне рэжыму Кучмы апынулася яшчэ пад большай пагрозай, калі за некалькі месяцаў да выбараў шматлікія чальцы ягонага ўраду і праўрадавае большасьці ў Вярхоўнай радзе пачалі перабягаць на бок апазыцыі. У сярэдзіне верасьня 2004 г. сьпікер Вярхоўнае рады Ўладзімер Літвін, які пэўны час кіраваў прапрэзыдэнцкай фракцыяй у парлямэнце й якога лічылі адным з найбліжэйшых паплечнікаў Кучмы, публічна парваў з Кучмам, пацягнуўшы за сабой прыкладна 40 іншых дэпутатаў. Менавіта пад кіраўніцтвам сьпікера Літвіна парлямэнт стаўся першым дзяржаўным органам ува Ўкраіне, што падтрымаў дэманстрантаў, калі празь пяць дзён пасьля пачатку акцыяў пратэсту Вярхоўная рада абвясьціла вынікі другога туру галасаваньня несапраўднымі й запатрабавала правесьці паўторна другі тур выбараў 26 сьнежня 2005 г. Такім чынам, акурат старыя паплечнікі Кучмы стварылі першасную базу для апазыцыі ў цэнтральных органах улады.

Цімашэнка, Парашэнка і Зінчанка, якіх часам называлі тэмпэрамэнтам, гаманцом і розумам юшчанкаўскага руху, забясьпечылі ключавую фінансавую і арганізацыйную падтрымку, якая дапамагла скіраваць у патрэбнае рэчышча неверагодны людзкі пратэст з-за фальсыфікаваных вынікаў выбараў, зрабіўшы рэвалюцыю магчымай. Паколькі апазыцыя зазнала сур’ёзны прэсінг з боку ўладаў і фактычна была пазбаўлена доступу да большасьці СМІ, асабліва значную ролю падчас дэманстрацыяў адыграў рэзка праюшчанкаўскі «5 канал» Парашэнкі. З раньняга рана 22 лістапада, як толькі стала вядома, што ўлады сфальсыфікавалі вынікі другога туру выбараў, «5 канал» стаў для апазыцыі асноўным мабілізацыйным інструмэнтам, паказваючы кадры з моладзьдзю, якая размахвала юшчанкаўскімі памаранчавымі сьцягамі й заклікала людзей прыйсьці на Майдан Незалежнасьці, каб «абараніць свае канстытуцыйныя правы». Цягам усёй рэвалюцыі «5 канал» трансьляваўся на агромністым тэлевізійным экране на Майдане ў Кіеве, а таксама ўва ўсёй Украіне.

У дадатак да арганізацыйнае дапамогі, перакінчыкі з табару Кучмы забясьпечвалі неацэнныя фінансавыя рэсурсы. Апазыцыйны рух вельмі залежаў ад ахвяраваньняў мясцовых бізнэсоўцаў. Каля траціны чальцоў Камітэту нацыянальнага паратунку, якім кіраваў юшчанкаўскі рух, складалі бізнэсоўцы. Паводле інфармацыйных крыніцаў у апазыцыі, да сярэдзіны сьнежня 2004 г. рух здолеў прыцягнуць як найменш 100 мільёнаў даляраў ЗША. Аўтар нядаўняе публікацыі ў «Nation» выказаў меркаваньне, што ЗША дырыжавалі падзеямі ўва Ўкраіне, фінансуючы грамадзянскую супольнасьць ды іншыя групы8, хоць ясна, што апазыцыя мела мноства ўнутраных фінансавых рэсурсаў і была практычна незалежнай ад замежных грошай.

  7 Як мінімум дзьве траціны Камітэту нацыянальнага паратунку, які ўзначаліў праюшчанкаўскі рух, складалі былыя паплечнікі Кучмы.

   
Украінскія грошы дапамаглі прафінансаваць і выбарчую кампанію Юшчанкі, і саму рэвалюцыю. Акурат зь іх была аплачана арэнда памяшканьняў мясцовых выбарчых штабоў ува ўсёй краіне, рэклямная кампанія, абсталяваньне для мітынгаў-рок-канцэртаў, а таксама ўсюдыісныя памаранчавыя шалікі й сьцягі. Дзякуючы ахвяраваньням украінцаў у дзень выбараў былі пакрытыя транспартныя выдаткі назіральнікаў, а таксама былі набытыя тысячы відэакамэраў, коштам па 300 даляраў ЗША за штуку, для фіксацыі парушэньняў выбарчага заканадаўства. Падчас рэвалюцыі гэтыя сродкі былі выкарыстаныя на намёты, мабільныя кухні, пенастырольныя дыванкі, абагравальнікі, харчаваньне, а таксама на кампэнсацыю выдаткаў за праезд чыгункай ці аўтобусам для тысячаў дэманстрантаў.

ШТО НЕ АТРЫМАЛАСЯ Ў ДЗЕНЬ ГАЛАСАВАНЬНЯ?


Разлад на самым версе ў спалучэньні з сур’ёзнымі рэгіянальнымі адрозьненьнямі паміж усходняй і заходняй часткай Украіны спрычыніў частковы паралюш дзяржаўных аўтарытарных структураў падчас і адразу па заканчэньні другога туру галасаваньня 21 лістапада. Першы правал адбыўся ў дзень галасаваньня. Улады, відавочна, прадбачылі, што выбары могуць быць прызнаныя несапраўднымі, але яны таксама спадзяваліся, што паміж часткамі апазыцыі й заходнімі ўрадамі ўзьнікнуць супярэчнасьці нашталт той, ці сапраўды выбары былі сфальсыфікаваныя. Такі сцэнар значна зьмякчыў бы рэакцыю Захаду і зьнізіў бы матывацыю дэманстрантаў выходзіць на вуліцы.

Найбуйнейшы правал з забесьпячэньнем галасоў на карысьць Януковіча здарыўся ў заходніх рэгіёнах Украіны, якія прынцыпова падтрымлівалі Юшчанку і разглядалі выбарчую кампанію Януковіча як частку намаганьняў Расеі «калянізаваць» Украіну. Напрыклад, у Львоўскай вобласьці міліцыя і падатковыя інспэкцыі адмовіліся распаўсюджваць адмацавальныя талёны, якія, відавочна, былі прызначаныя для фальсыфікацыі галасаваньня. У некаторых выпадках мясцовыя ўлады нават дапускалі невялікія фальсыфікацыі на карысьць Юшчанкі9.

  8 Steele J. Ukraine’s Untold Story // Nation. 2004. 2 December.

   
Паралюш аўтарытарных структураў не абмяжоўваўся рэгіёнамі, якія былі апірышчам Юшчанкі. Аўдыёзапісы, зробленыя ў дзень выбараў, сьведчаць, што кіраўнікі выбарчае кампаніі Януковіча былі зьдзіўленыя і заклапочаныя вынікамі галасаваньня ў Харкаўскай ды іншых паўночна-ўсходніх абласьцях Украіны, якія лічыліся «вотчынай» Януковіча. У некаторых выпадках высьвятлялася, што падтасоўка галасоў не ўдалася дзякуючы прынцыповай пазыцыі мясцовага кіраўніцтва. Напрыклад, быўшы назіральнікам у Запарожжы я бачыў, што шмат супрацоўнікаў выбарчых камісіяў не зьвярталі ўвагі ці спраўлялі памылкі ў сьпісах выбарнікаў, прызначаных не дапусьціць выдачы бюлетэняў магчымым прыхільнікам Юшчанкі. Як сказаў мне адзін чалец выбарчае камісіі, «няма сэнсу выключаць зь сьпісу гэтых людзей. Я іх ведаю. Яны мае суседзі».

У іншых выпадках адмова некаторых адказных асобаў спрыяць падтасоўцы галасоў тлумачылася іх боязьзю юрыдычных наступстваў за гэты ўчынак. Заканадаўства Ўкраіны вызначае вялікія тэрміны турэмнага зьняволеньня за некаторыя віды выбарчых маніпуляцыяў. Адна сяброўка ўчастковае выбарчае камісіі прызналася, што шмат яе калегаў баяліся ўдзельнічаць у працэсе фальсыфікацыяў, бо «нават калі добра заплацілі... хто хоча сесьці ў турму, калі пераможа іншы кандыдат?»10.

  9 Паведамлялася, што некалькім жыхаром Украіны было дазволена прагаласаваць за сваіх сваякоў, якія пастаянна жывуць за мяжой.

   
Як вынік, выпадкі выбарчых фальсыфікацыяў, якія можна груба вызначыць, параўнаўшы вынікі вельмі бруднага галасаваньня 21 лістапада з адносна чыстым галасаваньнем 26 сьнежня, былі даволі спарадычнымі. У Закарпацкай, Сумской і Кіраваградзкай абласьцях значная доля падстасоўкі галасоў пацьвярджаецца больш як дзесяціадсоткавай розьніцай на карысьць Юшчанкі, а ў Данецкай вобласьці – істотным зьмяншэньнем яўкі. Аднак у большасьці іншых абласьцей адзначаецца надзіва малая колькасьць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў 21 лістапада11. Правал або слабасьць спробаў фальсыфікацыі ў шэрагу абласьцей тлумачыліся ашаламляльнай падтрымкай Юшчанкі ў заходніх рэгіёнах Украіны, а таксама даволі вялікім адсоткам аддадзеных галасоў за ягоную кандыдатуру ў шматлікіх шчыльна населеных усходніх і паўднёвых абласьцях краіны (напрыклад, 24 % галасоў у Харкаўскай і Запароскай абласьцях).

  10 Пошта Запоріжжя. 2004. 14 грудня.

   
Немагчымасьць скрасьці заплянаваную колькасьць галасоў у большасьці абласьцей краіны прымусіла ўлады павялічыць свае намаганьні ў падкантрольных рэгіёнах, асабліва на роднай для Януковіча Данеччыне, што тым самым рабіла фальсыфікацыі яўнымі ўкраінскай грамадзкасьці й міжнароднай супольнасьці. На наступную раніцу пасьля дня галасаваньня ўлады павялічылі афіцыйны лічбу яўкі выбарнікаў з 78,7 % да 80,7 %. Каб Юшчанка быў пераможаны на заплянаваныя 3 %, улады былі вымушаны павялічыць яўку ў адным толькі Данецку да неверагодных 96 %, што на 18 % перавышала колькасьць выбарнікаў, якія прыйшлі на ўчасткі ў гэтым горадзе падчас першага туру.

Паводле розных ацэнак, у самім Данецку і вобласьці на карысьць Януковіча было сфальсыфікавана ад адной чвэрці да адной траціны ўсіх галасоў. Назіральнікі паведамлялі, што ў гэтым рэгіёне шматлікія чальцы выбарчых камісіяў адкрыта ўкідвалі бюлетэні ў скрыні для галасаваньня, нават не намагаючыся схаваць падтасоўкі. Падобныя дзеяньні зрабілі крадзеж галасоў відавочным для ўсіх, акрамя найбольш гарачых прыхільнікаў Януковіча. Неаспрэчныя доказы яўных фальсыфікацыяў у Данецкай, Кіраваградзкай ды іншых абласьцях Украіны мелі важнае значэньне для практычна адзінадушнага і рэзкага асуджэньня выбараў міжнароднай супольнасьцю.

РЭВАЛЮЦЫЯ


Збой каардынаванага кантролю ў дні, насталыя пасьля падтасаваных выбараў 21 лістапада, зьвёў на нішто высілкі па прэсінгу дэманстрантаў. Наступным ранкам, калі дэманстранты пачалі зьбірацца на Майдане Незалежнасьці, шмат хто меркаваў, што ўлады перакрыюць уезд у Кіеў. Улады былі, пэўна, гатовы да нейкага роду акцыяў пратэсту (хоць ніхто ня мог уявіць, наколькі вялікія маштабы яны набудуць). Нават пры адсутнасьці стымулу, якім былі падтасаваныя вынікі выбараў, апазыцыя здолела вывесьці больш за 50 000 людзей на несанкцыянаваную дэманстрацыю ў Кіеве на пачатку лістапада 2004 г. Перад другім турам галасаваньня Кучма выступіў у тэлевізіі з папярэджаньнем: «Мы не дапусьцім рэвалюцыі!», а міністар унутраных справаў Мікола Білаконь запэўніў тэлегледачоў, што, у адрозьненьне ад Грузіі, украінская міліцыя будзе абараняць «канстытуцыйны лад». У Кіраваградзкай вобласьці, дзе мне давялося назіраць за ходам другога туру галасаваньня, на дзьвярах шматлікіх выбарчых камісіяў быў зьмешчаны зварот Білаконя да выбарнікаў, у якім ён заклікаў грамадзянаў устрымацца ад «неканстытуцыйных дзеяньняў» пасьля выбараў.

Аднак на працягу крытычных 48 гадзінаў пасьля другога туру намаганьні ўладаў заблякаваць прыезд пераважна заходніх украінцаў у Кіеў аказаліся зусім марнымі. Міліцэйскае камандаваньне ў гэтыя гадзіны было вельмі слабое. Едучы з Кіраваграда ў Кіеў уначы 22 лістапада, я бачыў, як міліцыя ў некаторых абласьцях (Кіраваградзкай, Жытомірскай, Мікалаеўскай) актыўна супрацьдзейнічала руху ў кірунку да Кіева. У той жа час міліцыя ў іншых рэгіёнах (у Львоўскай, Тэрнопальскай, Чаркаскай абласьцях і горадзе Кіеве) рабіла гэта даволі спарадычна, а ў Львоўскай вобласьці нават дапамагала дабрацца да Кіева ахвочым узяць удзел у акцыях пратэсту. Паводле словаў апазыцыйных актывістаў, дэпутаты парлямэнту, ужываючы свой статус, прымушалі міліцыю здымаць блёк-пасты з дарог. Да 23 лістапада аўтобусы і машыны з дэманстрантамі маглі бесьперашкодна прыбыць у сталіцу.

Таксама было важна, што дзяржаўная чыгунка падыгрывала прыхільнікам і Януковіча, і Юшчанкі, забясьпечваючы дастаўку прыхільнікаў рэжыму з усходняе Ўкраіны для ўдзелу ў падтасоўцы галасоў, а таксама дазваляючы набываць калектыўныя квіткі для транспартаваньня пратэстоўцаў у Кіеў. Міністар транспарту Георгі Кірпа дорага паплаціўся за сваю няздатнасьць перашкодзіць апазыцыі. Кажуць, што Януковіч выбіў яму два зубы. Таксама выявілася, што ў шэрагу выпадкаў мясцовыя ўлады дапамагалі тым, хто хацеў патрапіць у сталіцу. Мітынгоўцы з Тэрнопальскае вобласьці паведамілі мне, што дэканы некаторых дзяржаўных унівэрсытэтаў і кіраўніцтва гарадзкой адміністрацыі дапамагалі арганізаваць прыезд у сталіцу.

Больш узгодненыя і скаардынаваныя намаганьні ўладаў заблякаваць уезд дэманстрантаў у сталіцу маглі б істотна зашкодзіць акцыям пратэсту. Дарма што ўкраінскія дэманстранты былі вельмі разгневаныя і рашучыя, яны не былі так добра зарганізаваныя, як, напрыклад, іхныя сэрбскія калегі ў кастрычніку 2000 г. Тамтэйшыя ўдзельнікі акцыі грамадзкага пратэсту прыехалі ў Бялград з зброяй і на бульдозэрах, каб прадухіліць любы супраціў з боку паліцыі. У адрозьненьне ад іх, украінскія пратэстоўцы ня мелі выбару, як стаць на ўзбочыне, калі дарожная міліцыя загадвала ім спыніць аўтамабіль для праверкі.

Найбольш важны збой цэнтральная ўлада дала ў самой сталіцы. Мэр Кіева, гарадзкая міліцыя, адміністрацыя і вялікая колькасьць жыхароў адкрыта падтрымалі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту. Гарадзкое кіраўніцтва дазволіла дэманстрантам начаваць на першым паверсе будынку Кіеўскае адміністрацыі і ўзяла на сябе іхнае матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне. Як патлумачыў адзін з арганізатараў акцыі пратэсту, «усе пытаньні забесьпячэньня харчаваньнем, вадой, біятуалетамі, а таксама прыбіраньня тэрыторыі былі вырашаныя дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву арганізатараў дэманстрацыі з Кіеўскай гарадзкой адміністрацыяй... Кожную раніцу ад дзесяці да дванаццаці спэцыяльных машынаў вывозілі сьмецьце з Кіева!»12.

  11 У большасьці рэгіёнаў падтрымка Юшчанкі была ўсяго на 2–5 % вышэйшая падчас паўторнага другога туру 26 сьнежня, чым падчас другога туру выбараў 21 лістапада.

   
Урэшце, Тарас Кузё заўважыў, што з прычыны яўна падтасаваных вынікаў другога туру шматлікія групы міліцыянтаў, вайскоўцаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў адкрыта перайшлі на бок апазыцыі. Многія кіраўнікі дзяржаўных ведамстваў публічна выражалі сваю апазыцыйнасьць да рэжыму на «5 канале» і з трыбуны, устаноўленай на Майдане Незалежнасьці. У першыя дні дэманстрацыяў спэцслужбы забясьпечылі апазыцыю запісамі тэлефонных размоваў памочнікаў Януковіча, якія пацьвярджалі простую датычнасьць гэтага кандыдата да спробаў фальсыфікацыі выбараў.

Адначасова многія супрацоўнікі спэцслужбаў пачалі адкрыта запярэчваць легітымнасьць улады Кучмы. Кузё цытуе аднога супрацоўніка службы бясьпекі з будынку Адміністрацыі прэзыдэнта: «Я ня ведаю, хто цяпер прэзыдэнт – Кучма ці Юшчанка»13. Паведамлялася, што 28 лістапада Кучма адмовіўся ўжыць сілу супраць дэманстрантаў. На той момант такі крок быў бы вельмі рызыкоўным. Вельмі верагодна, што шматлікія супрацоўнікі сілаў бясьпекі адмовіліся б выконваць загады па разгоне дэманстрацыяў і да таго ж, падобныя загады маглі б справакаваць сілавы канфлікт паміж рознымі галінамі ўлады14.

  12 Пошта Запоріжжя. 2004. 11–17 грудня.

   
Неспадзявана масавыя дэманстрацыі налякалі многіх блізкіх паплечнікаў Януковіча, і яны пачалі пакідаць тонучы карабель. Празь некалькі дзён з пачатку дэманстрацыяў два асноўныя публічныя рэпрэзэнтанты Януковіча – кіраўнік ягонае выбарчае кампаніі ды ягоны прадстаўнік у Вярхоўнай радзе – адышлі ад свайго кандыдата. Адначасова вялікая колькасьць ранейшых прыхільнікаў Януковіча ў парлямэнце з розных прарэжымных фракцыяў перабегла да апазыцыі. Мікола Таменка, лідэр лягеру Юшчанкі, заўважыў, што большасьць з гэтых перакінчыкаў складалі бізнэсоўцы, якія не хацелі заставацца на баку пераможаных. Да сярэдзіны сьнежня большасьці назіральнікаў стала зразумела, што падтрымліваць Януковіча беспэрспэктыўна. Згубіўшы падтрымку бізнэсу (і ўладаў), шматлікія рэгіянальныя штабы Януковіча былі вымушаныя пераехаць зь вялікіх офісаў у цэнтры гарадоў у больш сьціплыя памяшканьні. Засталіся толькі шчырыя і перакананыя актывісты. Р’яны прыхільнік Януковіча Нестар Шуфрыч так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю: «Пацукі пераплываюць ад аднога [боку] да другога»15.

  13 Kuzio T. Security Forces Begin to Defect to Viktor Yushchenko // Jamestown Foundation Eurasian Daily Monitor. 2004. 1 December.

14 Іван Лазавы паведамляе, што Кучма, магчыма, сапраўды 27 лістапада выдаў загад «выкарыстаць сілу супраць апазыцыйных дэманстрантаў, але міліцыя адмовілася яго выконваць і потым зусім перастала падпарадкоўвацца». (Ukraine Insider. 2004. December.)

   
Падчас паўторнага другога туру галасаваньня 26 сьнежня сваю падтрымку Юшчанку актыўна прапаноўваў бізнэс. На адным выбарчым участку ў Мікалаеўскай вобласьці, які я наведаў, супрацоўнік аўтатранспартнага прадпрыемства з Кіева апавёў мне, што ягоны начальнік накіраваў яго і сорак ягоных калегаў, каб памагчы прадстаўляць Юшчанку на выбарчых участках па ўсёй краіне. На іншым участку для галасаваньня ў той самай вобласьці кіраўнік сельскагаспадарчае фірмы з Тэрнопалю паведаміў, што даслаў два аўтобусы ягоных работнікаў, каб тыя забясьпечылі назіраньне на выбарах ад імя штабу Юшчанкі. Усяго разнастайныя бізнэс-структуры даслалі 6000 назіральнікаў ува ўсходнюю Ўкраіну на паўторны другі тур выбараў.

Юшчанка Падсумоўваючы, многія аналізы Памаранчавае рэвалюцыі былі засяроджаныя на сапраўды велічных і незабыўных масавых пратэстах ідэалістычнае моладзі, якая сьмела выйшла на халодныя вуліцы Кіева пасьля сфальсыфікаванага другога туру выбараў 21 лістапада. Аднак каб цалкам зразумець украінскую рэвалюцыю, неабходна пільна прыгледзецца да падвалінаў рэжыму Кучмы. Крах канкурэнтнага аўтарытарнага рэжыму Кучмы быў спрычынены ягонай унутранай слабасьцю і ўзьніклым у верхніх эшалёнах улады расколам. Алігархічны рэжым Кучмы зруйнавала вельмі шырокае разьмеркаваньне яго рэсурсаў сярод занадта вялікай колькасьці людзей, якіх прэзыдэнт быў ня ў стане кантраляваць. У выніку рэжым Кучмы быў разбураны рукамі яго былых паплечнікаў. Толькі час пакажа, ці прывялі шанцы, узьніклыя дзякуючы сыходу Кучмы, да станаўленьня новага дэмакратычнага ладу на руінах старога рэжыму.

З амэрыканскай мовы пераклаў Андрусь Клікуноў
паводле: Journal of Democracy., Vol. 16. No 2. April 2005

  15 Українська правда. 2004. 1 грудня; Тамсама. 2004. 15 грудня.

   
Пачатак  Цалкам 

№ 5 (39) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/25