A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АНДЭРС ОСЛУНД | ||||
Акцыі Пуціна падаюць. Чым адкажа Амэрыка?
Нядаўна я пазнаёміўся з адным вельмі багатым расійцам. На маё пытанне, што чуваць у Расіі, ён са смехам адказаў: «Сітуацыя цалкам прадказальная. Усё ідзе за найгоршым сцэнаром». І пачаў апавядаць пра свае інвестыцыі ва ўкраінскую эканоміку – цяпер багатыя расійцы літаральна носяцца з гэтай ідэяй.
У гэтым нявер’і ў Расію нават сярод заможных і ўплывовых людзей выяўляецца яскравы кантраст паміж першым і другім прэзідэнцкімі тэрмінамі Уладзіміра Пуціна. Сітуацыя пагоршылася не ў выніку няўдалага збегу абставін. Цягам першага тэрміну Пуцін дамогся поспеху, бо, умацоўваючы сваю ўладу, імкнуўся адпавядаць чаканням шырокіх колаў грамадства, балансаваў уплыў розных уладных груповак. Але на другі тэрмін Пуцін паставіў сабе за мэту зліквідаваць усе ўладныя групоўкі, апроч уласнай. І цяпер пуцінскі рэжым дэманструе поўную недзеяздольнасць, бо праз звышцэнтралізацыю ўлады і татальную сакрэтнасць рашэнні прымае завузкае кола дрэнна інфармаваных чыноўнікаў. Пытанне цяпер ужо не ў тым, ці застанецца прэзідэнт Пуцін ля стырна ўлады па заканчэнні свайго другога тэрміну ў 2008 г., а ў тым, ці не страціць ён сваёй пасады яшчэ раней. Сумежная праблема – у тым, што ў час праўлення Пуціна, згодна з класіфікацыяй аўтарытэтнай арганізацыі «Freedom House», Расія ператварылася з часткова свабоднай краіны ў несвабодную. Фактычна гэта адзіная краіна свету, што скацілася да аўтарытарызму за часы прэзідэнцтва Джорджа У. Буша. Між тым, як адзначыў Буш у сваёй ключавой прамове аб дэмакратыі (Рыга, 7 траўня), «пашырэнне свабоды – найвялікшая падзея нашай эпохі». Калі Злучаныя Штаты сур’ёзна ставяцца да пабудовы дэмакратыі, ім нельга не зважаць на тое, што адбываецца ў Расіі і ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Заможнасцю гэтыя краіны прыкладна роўныя Лацінскай Амерыцы, а тэмпы эканамічнага росту ў іх значна вышэйшыя. Але калі Лацінская Амерыка – рэгіён пераважна дэмакратычны, Расія і іншыя новыя дзяржавы Еўразіі збольшага схільныя да аўтарытарызму. Адсутнасць дэмакратыі – асабліва ў адносна заможнай, шматнацыянальнай і дынамічнай Расіі – анамалія, якая, відаць, доўга не пратрывае. Адмова ад дэмакратыі ў самой Расіі непазбежна паўплывала на яе замежную палітыку. У Рызе прэзідэнт Буш прамовіў: «Мы пераканаліся, што ўрад, падкантрольны сваім грамадзянам, выяўляе міралюбнасць, а дыктатуры, каб схаваць уласныя паразы, спараджаюць злобу і нянавісць». Сапраўды, у той самы час прэзідэнт Пуцін бліскуча праілюстраваў думку Буша, ухваліўшы адыёзны Пакт Молатава–Рыбентропа 1939 г., які вырак балтыйскія дзяржавы на савецкую акупацыю – факт, якога Крэмль не прызнае. У лістападзе 2004 г. Пуцін выступіў з адкрыта антыамерыканскімі заявамі ў сувязі з дэмакратычнымі пераменамі ва Украіне. Час зразумець, што сістэма ўлады ў Расіі за прэзідэнтам Пуціным карэнным чынам змянілася. Калі Злучаныя Штаты сур’ёзна ставяцца да дэмакратызацыі, ім трэба засяродзіць больш энергіі і рэсурсаў на тым, каб падтрымаць дэмакратычны патэнцыял у дзяржавах былога Савецкага Саюза. Урэшце, мірныя рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне і Кыргызстане, паказалі: людзі прагнуць дэмакратыі. Нас не могуць не абыходзіць пытанні дэмакратыі, і таму Расія аўтарытарная не павінна быць настолькі ж блізкім партнёрам Злучаных Штатаў, як нядаўна – Расія дэмакратычная. Тым не менш, яна застаецца ўплывовай дзяржавай, а значыць, падштурхоўваючы яе да змены палітычнага курсу, ЗША мусяць пры гэтым рабіць усё магчымае, каб супрацоўнічаць з Расіяй у асобных найважнейшых сферах супольных інтарэсаў.
Пуцін з’явіўся на палітычнай сцэне з ніадкуль і цягам першага прэзідэнцкага тэрміну дасягнуў вялікіх поспехаў, паступова засяродзіўшы дзяржаўную ўладу ў сваіх руках. Ён паставіў задачу за дзесяцігоддзе падвоіць расійскі ВУП – што азначала штогадовы рост эканомікі на 7–8 % – і распачаў шырокамаштабныя рынкавыя эканамічныя рэформы. Юрыст паводле адукацыі, ён адстойваў вяршэнства закону і энергічна праводзіў усебаковую рэформу судовай сістэмы. Дзякуючы ягонай рэалістычнай замежнай палітыцы адразу ўзрос аўтарытэт Расіі на міжнароднай арэне. Расійская Дзярждума ўхваліла значныя эканамічныя і заканадаўчыя рэформы. У прыватнасці, у новым Падатковым кодэксе ўводзілася адзіная стаўка падаходнага падатку – 13 %, а новы Зямельны кодэкс узаконіў прыватную уласнасць на зямлю. Краіна жыла ў палітычнай і эканамічнай стабільнасці, а тэмпы росту расійскай эканомікі трывала складалі 6,5 % за год. Уважліва вывучаючы вынікі сацыялагічных апытанняў, Пуцін нейкім аднаму яму вядомым спосабам імкнуўся «быць усім для ўсіх» сваіх выбарнікаў. Дзякуючы шматлікім палітычным поспехам Пуцін набыў сапраўдную папулярнасць, што дазволіла яму ўмацаваць асабістую ўладу. На парламенцкіх выбарах у снежні 2003 г. яго партыя «Адзіная Расія» атрымала дзве траціны месцаў у Думе. У сакавіку 2004 г. ён выйграў прэзідэнцкую гонку, набраўшы 71 % галасоў на выбарах. АБСЕ прызнала іх свабоднымі, але несправядлівымі. Тым не менш, без чорных плямаў у першы тэрмін не абышлося. Пуцін прыйшоў да ўлады на хвалі бязлітаснай вайны ў Чачні, якая справакавала яшчэ больш жорсткія тэракты. Урад Пуціна ня мог даць ім рады. Іншай адмоўнай тэндэнцыяй сталася павольнае, але няўхільнае абмежаванне грамадзянскіх свабод. Людзі Пуціна дзе зацуглялі незалежныя СМІ, а дзе захапілі іх у сваю ўласнасць. Вынікі рэгіянальных выбараў усё часцей фальсіфікаваліся, адбывалася ўсё большая цэнтралізацыя дзяржаўнай улады. Асноўная мэта прэзідэнта Пуціна – засяродзіць усе механізмы палітычнага кантролю ў сваіх руках – супярэчыла іншым ягоным задачам. Але канцэнтрацыя ўлады праходзіла гэтак паступова, што здавалася, нібы паміж несумяшчальнымі мэтамі існуе разумны баланс. У 2000–2003 гг. алігархі ельцынскай эпохі супрацьстаялі ўзнесеным да вяршыняў улады сябрам Пуціна па ленінградскім КГБ. У выніку надзвычай істотным уплывам карысталася невялічкая група рэфарматараў-лібералаў – асабліва міністр эканомікі Герман Грэф і міністр фінансаў Аляксей Кудрын, хоць яны і не абапіраліся на ніякую самастойную ўладную сілу. Пуцін выступаў у ролі кіраўніка-дабрадзея, дасланага Расіі шчаслівым лёсам.
На жаль, з таго часу, як прэзідэнт Пуцін засяродзіў у сваіх руках усю паўнату ўлады, яму ўдалося зрабіць мала чаго добрага. У яго няўдачах няма выпадковасьці: яны адлюстроўваюць неадпаведнасць збудаванай ім сістэмы. З агульнага шэрагу асабліва вылучаюцца чатыры правалы: справа «Юкаса», Беслан, выбары ва Украіне і рэформа сістэмы сацыяльных ільгот. 25 кастрычніка 2003 г. арыштаваны Міхаіл Хадаркоўскі, найбагацейшы у Расіі чалавек і кіраўнік нафтавай кампаніі «Юкас». Адмаўляючы сваё дачыненне да арышту, Пуцін, аднак, патлумачыў яго неабходнасць: маўляў, Хадаркоўскі аказваў фінансавы ўплыў на расійскую палітыку. У арышце найбольш палітычна актыўнага алігарха Пуцін перадусім кіраваўся жаданнем узмацніць свой кантроль над палітычным жыццём, а некаторыя яго памочнікі папросту хацелі завалодаць актывамі «Юкаса». Арышт Хадаркоўскага змяніў расклад сілаў у расійскай палітычнай сістэме. Іншыя алігархі прыслухаліся да папярэджання і адышлі ад палітыкі. Такім чынам, парушыўся баланс паміж буйным бізнэсам і КГБ, Пуцін больш не можа сцвярджаць, што рэпрэзентуе большасць насельніцтва: апірышча ягонай улады звузілася да купкі піцерскіх афіцэраў КГБ. У справе «Юкаса» праваахоўныя органы Расіі няспынна парушалі ўсе юрыдычныя нормы, кідаючы выклік усёабсяжнай судовай рэформе, распачатай Пуціным. Выглядае, што «Юкас» удала скарыстоўваў пралазы ў правілах падаткаабкладання, але, падобна, не выходзіў за межы закону. Але небесстароннія падатковыя службы і суды ўсё роўна наклалі на кампанію дадатковых падаткаў і штрафаў на неверагодную суму – 28 мільярдаў долараў, што прывяло яе да банкруцтва. У выніку некалі шматабяцальная падатковая рэформа ператварылася ў фарс. Нягледзячы на публічна паўтараныя абяцанні, Пуцін праз адвольнае прызначэнне падаткаў і з дапамогай кішэннага правасуддзя дазволіў сканфіскаваць «Юкас». З характэрнай для яго ўпартасцю ён не пайшоў ні на якія саступкі. Наступнай вялікай паразай Пуціна сталася бесланская трагедыя. 1 верасня 2004 г. група тэрарыстаў захапіла школу ў Паўночнай Асеціі. Праз некалькі гадзін туды накіравалі найлепшыя сілы расійскіх спецслужбаў, але яны не мелі ні плану аперацыі, ні аператыўнага камандавання, ні боепрыпасаў, ні бронекамізэлек. Школу нават належным чынам не ачапілі. Старшыня Федэральнай службы бяспекі Мікалай Патрушаў і міністр унутраных справаў Рашыд Нургаліеў – абодва набліжаныя да Пуціна афіцэры КГБ – прыбылі ў Беслан неўзабаве пасля пачатку блакады. Аднак яны проста хаваліся, унікаючы ўсялякіх публічных захадаў. Кіраўнікі Паўночнай Асеціі і суседняй Інгушэціі, абодва незадоўга да таго прызначаныя Пуціным, хаця фармальна выбраныя народам, адмовіліся нават прыехаць у Беслан. Федэральны ўрад папросту праігнараваў крызіс – адно рэзка абмежаваў яго асвятленне ў навінах. На трэці дзень адважныя асецінцы вынялі аўтаматы Калашнікава і самі пайшлі на штурм школы, незнарок застрэліўшы пры гэтым некалькі салдат спецвойскаў, якія бяздзейнічалі. Загінула не менш як 330 закладнікаў. Расійцы прызвычаіліся да празмернай жорсткасці праваахоўнікаў. Так, у час маскоўскай трагедыі ўвосень 2002 г. у музычным тэатры ад атрутнага газу, пушчанага расійскімі спецслужбамі, загінула 129 закладнікаў. Але ў Беслане расійская дзяржава папросту дэзертавала. Урад не меў патрэбнай інфармацыі. Афіцэры міліцыі за хабар прапускалі тэрарыстаў, праваахоўныя органы не ўмешваліся, а Пуцін не прызнаў адказнасці за катастрофу. Замест таго, каб зняць з пасад хоць каго з вінаватых, ён звольніў галоўнага рэдактара прыватнай газеты «Известия», усё «злачынства» якога зводзілася да паведамлення праўдзівай інфармацыі пра падзеі. Трэцяй нядаўняй палітычнай памылкай Пуціна было непрыхаванае ўмяшанне Расіі ў прэзідэнцкія выбары ва Украіне. Гэтаму пытанню надавалася такая значнасць, што займаліся ім у Крамлі, а кіраваў працэсам не хто іншы, як сам прэзідэнт Пуцін і галава ягонай адміністрацыі. У канцы ліпеня 2004 г. яны ўдвох вырашылі падтрымаць прэм’ер-міністра Віктара Януковіча, пагадзіўшыся з выбарам прэзідэнта Леаніда Кучмы і галавы ягонай адміністрацыі. Як паведамляў штаб дэмакратычнага кандыдата Віктара Юшчанкі, Пуцін паабяцаў, што расійскі бізнес укладзе ў кампанію Януковіча не менш як 300 мільёнаў долараў. Расійскае тэлебачанне, якое глядзяць многія грамадзяне Украіны, усхваляла Януковіча і ўсяляк ганіла Юшчанку. Каб забяспечыць перамогу Януковіча, ва Украіну прыбылі дзесяткі расійскіх паліттэхнолагаў, аплачаных Крамлём. У апошні месяц перад выбарамі Пуцін сам двойчы наведаў Украіну і агітаваў за Януковіча. Выбар Пуціна засведчыў ягоную дрэнную інфармаванасць і недэмакратычнасць. Выявілася, што Пуцін – неэфектыўны палітык, настроены супраць Захаду. Адным гэтым ходам ён здолеў аб’яднаць супраць сябе Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Саюз, паставіў крыж на шмат якіх сваіх дасягненнях у замежнай палітыцы. Дарма што пуцінскі рэжым выявіў ва Украіне свае благія намеры – палітыка Пуціна занадта неадэкватная, каб несці ў сабе рэальную пагрозу неаімперыялізму. Чацвёртай буйной палітычнай паразай Пуціна сталася нядаўняя рэформа сістэмы сацыяльных ільгот. У Расіі захавалася плойма старых ільгот, асабліва для прывілеяваных. Шмат якія льготы існавалі толькі на паперы – насамрэч імі ніхто ніколі не карыстаўся. Трэба было ўпарадкаваць сістэму, каб ільготы атрымлівалі сапраўды сацыяльна неабароненыя. Аднак праводзілася рэформа зусім не прадумана. Яна падавалася як манетызацыя некаторых натуральных ільгот, а ў рэчаіснасці многія з іх папросту скасавалі. За льготы абяцалі поўную кампенсацыю, але напачатку скампенсавалі толькі каля траціны ад агульнага кошту. Належных разлікаў не зрабілі, а федэральныя і рэгіянальныя ўлады не маглі дамовіцца, хто за што меўся плаціць. Рэформа сістэмы сацыяльных ільгот закранала каля 40 мільёнаў чалавек, аднак людзям не растлумачылі яе зместу. Ды яшчэ, нібы на здзек, у пяць разоў паднялі заробак 35 тысячам вышэйшых службовых асоб, у т. л. і прэзідэнту, хаця іхных велізарных ільгот ніхто не адымаў. Выглядала, што рэформа сістэмы сацыяльных ільгот скіроўвалася супраць бедных. Праводзілася яна ў разгар расійскага нафтавага буму, калі прырост бюджэту сягаў 5 % ВУП. Як ні дзіўна, супраць рэформы пракацілася хваля масавых акцый пратэсту, і ўпершыню пад градам крытыкі апынуўся сам Пуцін. Каб спыніць пратэсты, урад мусіў адмяніць шмат якія свае захады і значна падвысіць пенсіі.
Гэтыя чатыры палітычныя правалы – не выпадковасць, а заканамернасць. Яны выявілі, як рэальна працуе новая сістэма кіравання ў Расіі. Прэзідэнт змяніў не толькі стратэгічны кірунак, але і палітычны рэжым у Расіі, і ягоная недзеяздольнасць можа прывесці да таго, што Пуцін страціць уладу. Па-першае, Пуцін неабачліва сканцэнтраваў у сваіх руках значна больш улады, чым яму па сілах. Усім наўздзіў, ён прызначыў прэм’ер-міністрам Міхаіла Фрадкова, вядомага тым, што ён ніколі не прымае ніякіх рашэнняў. У выніку ўрад нібыта скамянеў. Замест таго каб стварыць моцную вертыкаль улады, Пуцін сваім імкненнем кіраваць кожнай дробяззю паралізаваў уласны ўрад. Ён сам ператварыў сябе з палітстратэга ў пажарніка, які марна спрабуе адзін тушыць лясныя пажары. Прэзідэнт удушае незалежныя СМІ – і ўсё больш дазваляе дэзінфармаваць сябе чыноўнікам з уласнага апарату. Сапраўдны спецслужбовец, Пуцін надае вялікую ўвагу сакрэтнасці і тэорыям змовы: здаецца, ён больш давярае меркаванню супрацоўнікаў КГБ з уласнага старога кола, чым рэальным фактам. Калі французскі журналіст задаў яму вострае пытанне пра арышт Хадаркоўскага, Пуцін намякнуў, што гэта Хадаркоўскі падкупіў журналіста: «Мы ведаем, куды трацяцца грошы [алігархаў], на якіх адвакатаў, на якія піяр-кампаніі, на якіх палітыкаў. Ведаем, што аплачваюцца і такія пытанні, як вашае». Сістэма стрымак і проціваг у цяперашняй Расіі амаль не працуе. Пазбавіўшы парламент, кабінет міністраў і губернатараў у рэгіёнах ільвінай долі іхных паўнамоцтваў, Пуцін тым самым пазбавіў гэтыя афіцыйныя інстытуты рэальнага зместу. Паралельна ён стварае неафіцыйныя дарадчыя інстытуты, такія, як Дзяржаўны савет і Грамадская палата, – іх рашэнні зусім ці амаль зусім ні да чаго не абавязваюць. Таму, калі ўлада Пуціна пахіснецца, ніводны інстытут не зможа надаць ёй легітымнасці. Адзіная крыніца легітымнасці Пуціна – ягоная асабістая папулярнасць, а яе ўзровень імкліва падае. Паводле апытанняў расійскага фонду «Грамадская думка», у траўні 2004 г. 68 % выбарнікаў прагаласавалі б на прэзідэнцкіх выбарах за Пуціна. Годам пазней гэтая доля скарацілася да 42 %, г. зн. больш чым на траціну. Яшчэ адзін крызіс – і яго рэйтынг можа апынуцца ў свабодным падзенні. Змяняецца рэжым – змяняюцца і ягоныя інтарэсы. Сябры Пуціна па КГБ ужо ўзначальваюць дзяржаўную адміністрацыю і буйныя дзяржпрадпрыемствы, што мусілі б стаць аб’ектам рэфармавання. Аднак рэформы насуперак інтарэсам кіроўнай эліты праводзіцца ніколі не будуць. Нават на працягу першага прэзідэнцкага тэрміну Пуціна фінансаванне дзяржапарату, праваахоўных органаў і войска расло коштам скарачэння долі сацыяльных выдаткаў. Моцны бок пуцінскага рэжыму – ва ўменні маніпуляваць элітай, сродкамі масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасцю. Аднак калі яго прапагандысцкая машына адарвецца задалёка ад рэчаіснасці, рана ці позна ўлада страціць давер і аўтарытэт у масах. Магчыма, гэты парог ужо і пяройдзены. Рэжым Пуціна занадта нягнуткі і цэнтралізаваны – ён не можа даваць рады непазбежным крызісам. Таму яго наўрад ці можна лічыць стабільным. Аналітыкі і палітыкі, што займаюцца Расіяй, мусяць звярнуць увагу на тое, як гэты рэжым можа абваліцца. Парадаксальна, але расійская эканоміка развіваецца вельмі добра: у 2004 г. прырост ВУП склаў 7 %. Узровень жыцця расце яшчэ хутчэй. Гэты рост стымулюецца не толькі высокімі цэнамі на паліва, але і шырокамаштабнымі рынкавымі рэформамі, праведзенымі за першы тэрмін Пуціна. Вядома, ніякіх новых рэформаў не прадбачыцца, і справа «Юкаса» істотна падарвала рэформу падатковай і судовай сістэм. Але, паколькі ўладныя структуры ахапіў паралюш, яны, прынамсі, не адменяць раней прынятых рашэнняў. Тым не менш, суседняя Украіна толькі што перажыла народную рэвалюцыю, дарма што яе эканамічны рост у 2004 г. склаў 12 %, а рэальныя заробкі раслі яшчэ ўдвая хутчэй. Адсюль вынікае, што рост жыццёвага ўзроўню не гарантуе стабільнасці.
Да нядаўняга часу ў Маскве актыўна абмяркоўвалася пытанне, ці то сапраўды любімы народам Пуцін сыдзе, калі ў 2008 г. скончыцца яго другі тэрмін, ці то ён зменіць Канстытуцыю або перадасць больш паўнамоцтваў прэм’ер-міністру, каб потым заняць гэтую пасаду. Аднак палітычная сістэма Расіі цяпер настолькі недзеяздольная, што Пуціну вельмі пашанцуе, калі ён утрымае ўладу да 2008 г. Ранейшы пазітыўны status quo, хутчэй за ўсё, не вярнуць. Пуцін атрымаў тое, чаго хацеў, і даказаў, што ён занадта ўпарты, каб вучыцца на сваіх памылках – прынамсі, пакуль. Да таго ж у цяперашняй расійскай палітычнай сітуацыі Пуцін не зможа выставіць непапулярных алігархаў магутнай сілай, супраць якой можна было б павесці шырокую кампанію. У той жа час, для пуцінскага рэжыму няма ніякай відочнай палітычнай пагрозы, і вялікае пытанне, адкуль яна магла б з’явіцца. Цяпер расійская эканоміка ідзе ўгору дзякуючы даходам ад продажу нафты. Краіна забяспечыла сабе значнае станоўчае сальда ў знешнім гандлі і назапасіла вялізныя валютныя рэзервы. Пры тым, што кошт нафты перавышае 27 долараў за барэль, 90 % даходаў паступаюць у дзяржаўную скарбонку. Пакуль будуць трымацца высокія цэны на паліва, рэжым зможа кідаць грошы на рашэнне разнастайных праблем. Аднак прыбыткі ад продажу нафты таксама жывяць карупцыю. Паспрыялі яны і прыпыненню рэформаў. Алігархаў Пуціну няма чаго баяцца. Яны валодаюць большымі, чым калі раней, капіталамі, але пры гэтым разумеюць сваю безабароннасць. Алігархі спадзяюцца, што і надалей змогуць нарошчваць сваё багацце, калі будуць трымацца ўбаку ад палітыкі і плаціць уладам па іх запатрабаванні. Ліберальная апазіцыя занадта здэмаралізаваная і дэзарганізаваная, каб самастойна ўзняцца на ногі. Наколькі пуцінскаму рэжыму не ўдаецца палітычная стратэгія, настолькі ўдаюцца палітычныя хітрыкі. Ён кіруе інтэлігенцыяй, сярэднім класам, НДА і медыямі праз складаныя механізмы палітычнага кантролю. Эліта і афіцыйныя арганізацыі або ўлучаныя ў сістэму ўлады, або запалоханыя, або ператвораныя ў марыянетак. Многія выданні служаць проста для таго, каб незадаволеным было дзе выпусціць пару. Пільнае вока ФСБ сочыць за ўсім і ўсімі. Таму вельмі малаверагодна, каб у цяперашняй Расіі якому-кольвек сістэмнаму, планамернаму апазіцыйнаму руху спрыяў поспех. Назіральнікі-песімісты ў Расіі і найлепшы сябар Пуціна на Захадзе канцлер ФРГ Герхард Шродэр папярэджваюць аб пагрозе Пуціну з боку нацыянал-патрыётаў. Аднак Пуціну выгадна ўнушаць міжнароднай супольнасці гэтую думку. Зрэшты, усе крамлёўскія правадыры, пачынаючы з Іосіфа Сталіна, пужалі размовамі пра прыхільнікаў яшчэ больш «жорсткай лініі». Усё ж падобна, што галоўная небяспека ўладзе Пуціна будзе зыходзіць або з самых «вярхоў», або з самых «нізоў» грамадства, г. зн. ад ягоных лепшых сяброў-кагэбістаў або ад «простага народу». Што прэзідэнцтва Пуціна ператвараецца ў суцэльнае няшчасце, мабыць, пачынаюць заўважаць і некаторыя выхадцы з КГБ. Адзін былы высокапастаўлены расійскі чыноўнік нядаўна мне сказаў, што самі кагэбісты не лічаць Пуціна за лідэра. Урэшце, у КГБ яго адсунулі на другасныя ролі, і ў званні ён не ўзняўся вышэй за падпалкоўніка. Значныя фігуры з пуцінскага атачэння могуць арганізаваць супраць яго путч. Адразу згадваецца антыгарбачоўскі путч у жніўні 1991 г. Аднак яго сумныя наступствы для змоўнікаў – прыхільнікаў «цвёрдай рукі» – хутчэй, могуць паслужыць папярэджаннем, чым даць узор для пераймання. Іншы варыянт развіцця падзей – перарастанне стыхійных акцый пратэсту ў народнае паўстанне. Пуцінскі стыль кіравання міжволі нагадвае пра тое, што адбылося ў Польшчы ў 70-я гг. ХХ ст., калі камуністычнаму лідэру Эдварду Герэку напачатку спрыяў поспех, але завершылася ягонае праўленне стыхійнымі страйкамі ў буйных індустрыяльных гарадах на перыферыі і стварэннем прафсаюза «Салідарнасць». Са студзеня, калі прайшлі масавыя выступленні пенсіянераў супраць непрадуманай рэформы сацыяльных ільгот, па ўсёй краіне – ад Башкартастану на Урале да Інгушэціі на паўночным Каўказе – адбываюцца дэманстрацыі супраць мясцовых уладаў, няздольных вырашыць канкрэтныя праблемы сваіх рэгіёнаў. Відавочна, што абурэнне расійскага грамадства дасягнула незвычайнага накалу. Да таго ж людзей натхняе поспех нядаўніх рэвалюцый ва Украіне і ў Кыргызстане. Перспектыва шырокага народнага пратэсту раптам набыла рэальныя абрысы. Калі ўздымецца даволі моцная хваля пратэстаў, магчыма, наважацца дзейнічаць і іншыя сілы. Патэнцыйна сфармаваць касцяк пратэстнага руху маглі б расчараваныя губернатары. Да іх далучыўся б і шмат хто з буйных бізнесоўцаў. У Расіі жыве багата заможных маладых людзей, якія дасягнулі ўсяго самі і хацелі б парваць повязь карупцыі паміж Крамлём і алігархамі. Гэтаксама адным з рухавікоў украінскай памаранчавай рэвалюцыі стала апазіцыя мультымільянераў да ўлады мільярдэраў. У Расіі няма відавочнага лідэра такой апазіцыі, але, зрэшты, гэта не галоўнае. Пакуль з тых імёнаў, што на слыху, найбольшую палітычную вагу мае былы прэм’ер-міністр Міхаіл Касьянаў. Ва ўсім посткамуністычным свеце народ больш за ўсё наракае на карупцыю, а ўсе дасьведчаныя людзі ў Расіі ў адзін голас гавораць, што сённяшні Крэмль наскрозь скарумпаваны, як ніколі раней. Амаль усе вышэйшыя пасады прадаюцца прэзідэнцкай адміністрацыяй. Напрыклад, за крэсла губернатара называюцца велізарныя сумы – 10 мільёнаў долараў і шматкроць больш. Аднак што канкрэтна магло б выклікаць пратэсты, здольныя зрынуць рэжым – прадбачыць цяжка. Адная з найвастрэйшых канфліктных сітуацый палягае ў тым, што міністэрства абароны хоча скасаваць адтэрміноўку студэнтам (як правіла, дзецям з сем’яў сярэдняга класу) і прымусіць іх два гады служыць у войску. Нядаўнія дэмакратычныя рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне і Кіргізіі паказалі, што выбары – ключавы фактар змены рэжыму. Але ў Расіі выбары наўрад ці можна лічыць неабходнай умовай перамен, бо, каб справакаваць путч ці рух пратэсту, выбары неабавязковыя. Большасць нядаўніх грамадскіх выступленняў не былі звязаныя з выбарамі. У расійскай сітуацыі няма нічога унікальнага. Наадварот, яна тыповая для «недаспелых» дзяржаў з сярэднім узроўнем дабрабыту. Напрошваюцца паралелі паміж Уладзімірам Пуціным і Альберта Фухіморы ў Перу, Карласам Менэмам у Аргентыне. Здаецца, што, як і яны, Пуцін хутчэй напаткае сваю палітычную смерць, чым знойдзе выхад з тупіка, у які сам сябе завёў. Праблема Расіі – у недастаткова адладжанай і моцнай сістэме стрымак і проціваг, якая не дала б Пуціну нашкодзіць самому сабе. Крах пуцінскага рэжыму азначаў бы балючы ўдар па веры ў піначэтаўскую мадэль аўтарытарных рэформаў.
З рэзкіх збояў у функцыянаванні расійскага дзяржаўнага механізму ЗША павінны зрабіць сур’ёзныя высновы. Нельга надалей цешыцца ілюзіяй, нібыта Злучаныя Штаты і Расія падзяляюць супольныя дэмакратычныя каштоўнасці. Няспынныя няўдачы Пуціна сведчаць, што праз аўтарытарныя тэндэнцыі яго рэжым траціць эфектыўнасць. На далёкую паліцу пакладзеныя ключавыя рэформы, напрыклад, вайсковая. Гэта таксама азначае, што Расія для Злучаных Штатаў робіцца менш дзейсным партнёрам. Галоўнай задачай ЗША ў Расіі і новых незалежных дзяржавах Еўразіі мусіць стаць падтрымка дэмакратызацыі. Як зазначыў прэзідэнт Буш у Рызе: «Ад пашырэння дэмакратыі выйграюць і ўсе сумежныя з Расіяй дзяржавы, і сама Расія. Стабільныя, квітнеючыя дэмакратыі – добрыя суседзі: яны вядуць свабодны гандаль і нікому не пагражаюць». Гэтыя словы мусяць стаць стрыжнем амерыканскай палітыкі ў дачыненні да Расіі, і ЗША ў дапамозе Расіі павінны засяродзіцца на прасоўванні дэмакратыі. Злучаныя Штаты выдаткоўваюць значныя сродкі на пабудову дэмакратыі, назіранне за выбарамі, падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці ў іншых еўразійскіх дзяржавах, але не ў Расіі. Вось шэраг канкрэтных палітычных рэкамендацый: – улічваючы, што нядаўнія дэмакратычныя прарывы ў Расіі былі звязаныя з выбарамі, галоўным звяном амерыканскай дапамогі мусіць быць назіранне за выбарамі, а найлепшымі назіральнікамі выявіліся няўрадавыя арганізацыі. Сур’ёзную заклапочанасць выклікае тое, што з боку Крамля няма скаргаў на захады ЗША ў гэтым кірунку: гэта азначае, што нічога істотнага не робіцца. Між тым у Расіі ўвесь час адбываюцца выбары самых розных узроўняў, і за іх ходам трэба назіраць; – новы расійскі Закон аб выбарах не дазваляе незалежнага назірання, што супярэчыць нормам АБСЕ. А Расія, ратыфікаваўшы канвенцыі АБСЕ, абавязаная іх выконваць. Натуральна, Злучаным Штатам варта выкарыстаць трыбуну АБСЕ, каб выказаць пратэст супраць такой заганнай практыкі ў галіне заканадаўства; – Злучаным Штатам трэба таксама настойваць на арганізацыі дзейснага міжнароднага назірання; – Злучаныя Штаты могуць дапамагчы ў арганізацыі незалежных экзіт-полаў падчас галасавання; – найбольш эфектыўныя акцыі пратэсту ў рэгіёне ладзілі студэнцкія і моладзевыя арганізацыі: «Отпор» у Сербіі, «Кхмара» ў Грузіі, «Зубр» у Беларусі і «Пора» ва Украіне. Іх метады працы добра вядомыя; іх можна і трэба распаўсюдзіць у Расіі. Паводзіны прэзідэнта Пуціна ва Украіне яскрава засведчылі, што ён аддае перавагу наяўным аўтарытарным лідэрам перад дэмакратычнымі прынцыпамі. Расійская палітыка ў дзяржавах былога СССР, здаецца, звялася да рэфлекторнай рэакцыі на любыя дэмакратычныя тэндэнцыі і любыя дзеянні Захаду. Злучаным Штатам нельга спакойна з гэтым згаджацца. Калі народы гэтых краін паўстаюць супраць дыктатараў, Злучаныя Штаты павінны цвёрда выступіць на баку дэмакратыі супраць Пуціна. Аднак, хоць Расія і кіруецца благімі намерамі, наўрад ці ёсць падставы баяцца расійскага неаімперыялізму, беручы пад увагу, наколькі бездапаможнай стала палітыка Расіі ў міжнародных адносінах і вайсковай сферы. Сярод многіх супольных інтарэсаў Злучаных Штатаў і Расіі, якімі нельга ахвяраваць, найвялікшы і самы важны – нераспаўсюд зброі масавага знішчэння як на сусветным узроўні, так і ў крызісных краінах (Іран, Паўночная Карэя). У гэтай галіне глыбінныя інтарэсы Расіі і Злучаных Штатаў супадаюць, і расійская падтрымка можа быць жыццёва важнай для ЗША – асабліва ў дачыненнях з Іранам. Незалежна ад ходу палітычных падзей у Расіі, Злучаныя Штаты трывала зацікаўленыя ў спрыянні яе эканамічнай інтэграцыі ў сусветную эканоміку і, такім чынам, у міжнародную сістэму. ЗША справядліва прызналі Расію краінай з рынкавай эканомікай, што істотна ў плане антыдэмпінгавых захадаў. Амерыцы варта таксама падтрымаць уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю: тады Расія павінна будзе выконваць шматлікія міжнародныя нормы, што дапаможа ёй прывесці сваё гандлёвае заканадаўства ў адпаведнасць з заходнім. Да Расіі неўзабаве пяройдзе старшынства ў «васьмёрцы», і гэта азначае, што Захад, верагодна, прад’явіць да яе большыя патрабаванні, і, адпаведна, у Пуціна будуць грунтоўныя падставы з імі пагадзіцца. Захаду гэтаксама варта заахвочваць Расію да супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі. Большасць вялікіх заходніх энергетычных кампаній уклалі ў Расію немалыя інвестыцыі, але падобна, што магчымасці для супрацоўніцтва ўсё звужаюцца, бо сябры Пуціна па КГБ перанялі кантроль над расійскімі дзяржаўнымі энергетычнымі кампаніямі і спрабуюць карыстацца іх актывамі без умяшання звонку. Узмацненне дзяржаўнай манаполіі на транспартаванне нафты замінае будаўніцтву прыватных нафтаправодаў. Аднак неўзабаве прастора для міжнароднага супрацоўніцтва можа зноў пашырыцца. Расійскія прыватныя нафтаздабывальныя кампаніі з году ў год значна нарошчвалі вытворчасць, але цяпер праз умяшанне дзяржавы тэмпы росту запавольваюцца, і хутка ўзровень здабычы можа пачаць падаць. Тады Расіі, без сумневу, спатрэбіцца супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, што можна толькі вітаць, улічваючы павелічэнне дэфіцыту нафты ў сусветным маштабе.
Пераклаў з амерыканскай У. Паўловіч паводле: Еslund Anders. Putin’s Decline and America’s Response //Carnegie Policy Brief. 2005. August.
|
дырэктар Расейскай і Эўразійскай праграмы Фонду Карнэгі (Вашынгтон). Сусьветна прызнаны спэцыяліст па эканоміцы посткамуністычных краінаў, асабліва Расеі і Ўкраіны. Прафэсар-ад’юнкт Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту, Ослунд працаваў эканамічным дарадцам пры ўрадах Расеі, Украіны і Кіргізіі, выкладаў у Стакгольмскай Вышэйшай эканамічнай школе і быў на дыпляматычнай службе ў Кувэйце, Жэнэве, Маскве. Доктарскую дысэртацыю абараніў у Оксфардзкім унівэрсытэце. Яго апошняя кніга – «Building Capitalism: The Transformation of the Former Soviet Bloc» (Cambridge University Press, 2002). Шмат друкуецца ў пэрыядычных выданьнях, у т. л. «Foreign Affairs», «New York Times», «Washington Post», «Financial Times». |
|