A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЮРЫ ДРАКАХРУСТ | ||||
Сэанс чорнай магіі і яе выкрыцьцё
– Вось, паважаныя грамадзяне, адзін з выпадкаў выкрыцьця, якога гэтак назольна дамагаўся Аркадзь Апалонавіч! М. Булгакаў. «Майстар і Маргарыта»
Як памятаюць чытачы булгакаўскага раману, менавіта старшыня акустычнай камісіі маскоўскіх тэатраў Аркадзь Семпляяраў падчас маскоўскай імпрэзы мэсіра Воланда гучней за ўсіх патрабаваў выкрыцьця. Тое, чаго ён гэтак дамагаўся, і насамрэч адбылося, але зусім ня так, як уяўлялася Аркадзю Апалонавічу.
У артыкуле «Міты беларускай сацыялёгіі», надрукаваным у мінулым нумары «ARCHE», ягоны аўтар Мікола Кацук абвінаваціў калегаў-сацыёлягаў у некампэтэнтнасьці. Адным з прыкладаў такой некампэтэнтнасьці ён назваў сувязь, выяўленую ў шэрагу дасьледаваньняў паміж полам і стаўленьнем да кіраўніка дзяржавы – жанчыны больш схільныя давяраць Аляксандру Лукашэнку, галасаваць за яго і г. д. Варта сказаць, што асэнсаваньнем гэтай карэляцыі, вывадам зь яе пэўных высноваў (памылковых ці не) займаліся ў асноўным адмыслоўцы іншых галінаў гуманітарнай веды, а не сацыёлягі. Але тут прыйшоў Кацук. Прыйшоў і абвясьціў, што з пункту гледжаньня навукі думка, паводле якой жанчыны галасуюць за Лукашэнку, – гэта міт. Каб абвергнуць міт, наш паважаны апанэнт збудаваў мадэль дыскрымінантнага аналізу, у якой у якасьці залежнай пераменнай, якая падлягае тлумачэньню, выступаў давер/недавер да прэзыдэнта, а ў якасьці незалежных – рэгіён, узрост, адукацыя і інтэнсіўнасьць спажываньня розных крыніцаў інфармацыі. Пол у мадэлі Кацука выявіўся статыстычна нязначным. «Сувязі полу са стаўленьнем да прэзыдэнта ня варта надаваць значэньня», – зрабіў ён выснову. Прыйсьці да яе можна, «калі ўмець» – такімі словамі скончыў сацыёляг свой артыкул. Сапраўды, калі ўмець, можна шмат чаго дасягнуць, але чаго менавіта дасягнуць, залежыць ад таго, што менавіта ўмець. Калі ўмець карыстацца стандартнай кампутарнай праграмай апрацоўкі статыстычных зьвестак, можна на «выдатна» здаць унівэрсытэцкі іспыт. Для таго, каб дасягнуць нечага большага, трэба і ўмець крыху іншае – напрыклад, разумець сэнс ужываных мэтадаў. Цікава, што ў сваім артыкуле спадар Кацук сам жа і прадэманстраваў, што з апошнім мае пэўныя праблемы. Каб паказаць сваю перавагу над недасьведчанымі «чыстымі» гуманітарыямі, ён прывёў хрэстаматыйны прыклад «ілжывай карэляцыі» (spurious correlation): пры вялікай колькасьці пажарных пажар робіць большую шкоду. Насамрэч прычына такой абсурднай сувязі палягае ў тым, што шмат пажарных выкарыстоўваецца на вялікіх пажарах, якія, зразумела ж, робяць большыя разбурэньні. Паўшчуваўшы такім чынам прафанаў, Мікола Кацук вяртаецца да разгляду праблемы з даверам да прэзыдэнта і піша: «Уплыў полу на галасаваньне ажыцьцяўляецца апасродкавана». Вось – расьпісаўся і пячатку паставіў. Рэч у тым, што наш паважаны апанэнт, павучаючы іншых пра парадак прычынных сувязяў, сам жа ў ім і заблытаўся. У прыкладзе пра пажары трэці фактар – маштаб пажару – абумоўлівае адначасна і маштабы разбурэньняў, і колькасьць пажарных, якая выкарыстоўваецца для барацьбы са стыхіяй. Трэці, дадатковы чыньнік абумоўлівае абодва першапачатковыя (anteceding case). У той жа час сытуацыя з полам і даверам да прэзыдэнта зусім іншая. Мікола Кацук – дастаткова дарослы мужчына, і мог бы ўжо ведаць, што пол – характарыстыка, не абумоўленая ні адукацыяй, ні ўзростам, ні месцам жыхарства. У ягонай мадэлі кірунак прычыннай сувязі паміж полам, даверам да прэзыдэнта і іншымі ўжыванымі пераменнымі пасьлядоўны: ад полу на гэтых пераменных і да даверу (intervening case). Фактар полу выяўляецца зьвязаным з даверам праз узрост. Але ж менавіта зьвязаным. І сам аўтар гэта, здаецца, выдатна разумее – і тады, калі піша пра «апасродкаваную сувязь», і тады, калі заўважае, што «сярод людзей сталага веку жанчыны пераважаюць». Дарэчы, цытаваная Міколам Кацуком Альміра Ўсманава, тэзу якой ён спрабуе абвергнуць, таксама прыводзіць фактар-пасярэднік, празь які, на яе думку, пол зьвязаны з даверам да прэзыдэнта, калі піша: «Чаму жанчыны галасуюць за Лукашэнку? Яны галасуюць ня столькі за яго, колькі за ідэю сацыяльнай дзяржавы і за ўласную стабільнасьць і спакой». Калі перавесьці тлумачэньне спадарыні Ўсманавай на больш фармалізаваную мову, існуе характарыстыка-пасярэднік: «імкненьне да ўласнай стабільнасьці і спакою», якая ў сярэднім уласьцівая жанчынам больш, чым моцнаму полу. А паколькі гэтае імкненьне спараджае і большы давер да прэзыдэнта, то атрымліваецца, што жанчыны больш давяраюць Аляксандру Лукашэнку. А які ж вынік даюць матэматычныя цуды, яўленыя спадаром Кацуком? Існуе набор характарыстык-пасярэднікаў, напрыклад, узрост, празь якія пол зьвязаны з даверам да прэзыдэнта. Вось і ўся розьніца. Калі б Мікола Кацук абмежаваўся сьціплым апісаньнем мэханізму сувязі, ягоныя высілкі можна было б толькі ўхваліць. У любым разе ня варта было стамляць чытача раскручваньнем гэтага лягічнага ланцужка. Але гэта патрэбна, каб паказаць усю недарэчнасьць высновы, якую з такім імпэтам абвяшчае наш майстра дыскрымінацыйнага аналізу: «сувязь паміж полам і даверам да прэзыдэнта – гэта міт». Які ж міт, калі сам выкрывальнік даказвае яе наяўнасьць, прычым разважаючы дакладна гэтаксама, як і ягоны апанэнт, меркаваньне якога ён нібыта абвяргае. Тут, хутчэй, не выкрыцьцё міту, а стварэньне новага – пра веліч новай зоркі айчыннай сацыялёгіі. Калі вельмі карціць заняць пэўнае месца ў гэтым жыцьці, а за плячыма адно вывучаны падручнік матстатыстыкі, то варта карыстацца хоць ім, каб, расьпіхваючы іншых, гэтае месца заняць, балазе мала хто той падручнік чытаў. На няшчасьце зоркі, некаторыя чыталі. Але куды больш красамоўным выглядае ня тое, што ў артыкуле Міколы Кацука ёсьць, а тое, чаго ў ім няма. Крытыкуючы НІСЭПД і The Gallup-organization/Baltic Surveys, ён прыводзіць лічбавыя вынікі дасьледаваньняў гэтых цэнтраў, узятыя з адкрытага друку. Але, распавядаючы пра сваю мадэль дыскрымінантнага аналізу даверу да прэзыдэнта, Мікола Кацук кажа пра каэфіцыенты кананічнай дыскрымінантнай функцыі, пра адсотак правільнасьці паўторнай клясыфікацыі, пра многія іншыя тонкасьці, зразумелыя адно адмыслоўцам, ня кажа толькі пра вельмі простую рэч, зразумелую і, упэўнены, значна больш цікавую чытачам «ARCHE», чым уся матэматычная эзатэрыя – а які ж, паводле зьвестак спадара Кацука, гэты самы давер да Аляксандра Лукашэнкі? Гэта тым больш цікава, што, у адрозьненьне ад зьвестак НІСЭПД і The Gallup organization/Baltic Surveys, гэтых дадзеных Інстытуту сацыялёгіі НАН РБ ня знойдзеш у газэтах ці часопісах. Дык чаму б не прывесьці іх, чаму б, дарэчы, пры іх дапамозе канчаткова ня выкрыць міты няправільных сацыёлягаў? Не дае адказу наш паважаны апанэнт. Дакладней, дае, калі разважае пра неабходнасьць аддзяленьня поля навукі ад поля палітыкі. Аднак акенцы акадэмічнай «вежы са слановай косткі», празь якія Мікола Кацук накіроўвае свае крытычныя стрэлы, разьмешчаныя неяк аднабакова. Какетнічаць матэматычнымі фокусамі – справа бясьпечная, а вось паведаміць, наколькі ж беларусы давяраюць Аляксандру Лукашэнку, параўнаць свае зьвесткі зь пераможнымі рэляцыямі дзяржаўнай прапаганды – за гэта і па галаве можна атрымаць. Дарэчы, тыя, хто на гэта асьмельваецца, па галаве якраз і атрымліваюць. Ад улады. А тут ёй і Кацук на дапамогу. Між тым тое, што «вострыя» вынікі апытаньняў Інстытуту сацыялёгіі НАН РБ і са сьвечкаю не знайсьці, не выклікае ў нашага паважанага апанэнта, які там працуе, аніякай крытыкі – пра гэта ж аўтары падручнікаў па матстатыстыцы і нават улюбёны спадаром Кацуком П’ер Бурд’ё нічога не пісалі, а іншых кніг ён, відаць, не чытаў праз адсутнасьць патрэбы. Хаця, калі начальства нечага не дазваляе, дык таленавіты чалавек і без Бурд’ё ўсё разумее. Гэта нават не ў папрок, як той казаў, ня мы такія – жыцьцё такое, але ў падобнай сытуацыі варта, відаць, выконваць ролю прапаведніка і ўзору высокіх каштоўнасьцяў менш натхнёна. «Аб’ектываваць суб’екта, які аб’ектывуе», да чаго сьледам за Бурд’ё заклікае Мікола Кацук, місія сапраўды надзвычай важная. Аднак разам з гэтай задачай была б, магчыма, карыснай і справа куды больш простая: датрымліваць прафэсійную і грамадзянскую годнасьць. Але гэта, перафразуючы апошні сказ з артыкулу Міколы Кацука, калі мець. |
(нар. 20 чэрвеня 1960 году ў Хабараўску) – публіцыст, палітычны аналітык, супрацоўнік беларускай службы радыё «Свабода». У «ARCHE» выступае з палемікай. |
|