A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ДЖОН ГРЭЙ | ||||
Зямля – круглая
У ідэі, што мы сталіся сьведкамі глябалізацыі, якая карэнным чынам зьмяняе жыцьцё чалавецтва, няма нічога новага. У 1848 г. яе выказалі Maркс і Энгельс у сапраўды знакамітым пасажы з «Камуністычнага маніфэсту»:
Усе трывалыя, закасьцянелыя адносiны разам са спадарожнымі iм старавечнымi ўяўленьнямi і паглядамi занепадаюць, усё навастворанае старэе, не пасьпяваючы застыгнуць. Усё станавае i сталае шчэзла, усё сьвятое ўгнюшана, i людзi нарэшце вымушаны кiнуць цьвярозы позiрк на сваё жыцьцёвае становiшча, на свае ўзаемадачыненьнi. Патрэба ва ўсё большых рынках збыту гоніць буржуазію па ўсёй зямлі. Усюды яна павінна ўкараніцца, усюды атайбавацца, усюды ўсталяваць сувязі. Эксплюатуючы сусьветны рынак, буржуазія касмапалітызавала вытворчасьць і спажываньне ва ўсіх краінах. Яна навязвае ўсім народам пад пагрозай гібелі буржуазны спосаб вытворчасьці, навязвае ім так званую цывілізацыю, г. зн. навязвае буржуазны лад. Карацей, яна стварае сьвет паводле ўласнага вобразу і падабенства.
Maркс і Энгельс не сумняваліся, што ў іх на вачох паўставаў сусьветны рынак – глябальная сыстэма вытворчасьці і спажываньня, якая не зважае на нацыянальныя й культурныя межы. Яны віталі гэтую тэндэнцыю, і ня толькі таму, што яна спрыяе прырошчваньню багацьця, але і таму, што, на іх думку, гэта дазволіла б чалавецтву пераадолець яго ранейшую разьяднанасьць. Маўляў, ува ўмовах сусьветнага рынку нацыяналізму ды рэлігіі наканавана заняпасьці. Перш чым цьвёрда ўсталюецца камуністычны лад, сьвет зьведае шмат узрушэньняў – войнаў, рэвалюцыяў і контрарэвалюцыяў. Але калі глябальны капіталізм зробіць сваю справу, у гісторыі чалавецтва распачнецца новая эра. Амаль паўсюдна развалілася сыстэма цэнтралізаванай плянавай эканомікі, збудаваная на ўзор камуністычных ідэяў Маркса. Зьніклі і масавыя палітычныя рухі, што некалі спарадзіў і натхняў марксізм. Аднак па-ранейшаму жыве марксісцкі погляд на глябалізацыю – жыве і як ніколі квітнее ў працах Томаса Фрыдмана. Усьлед за Maрксам Фрыдман перакананы, што да глябалізацыі ўрэшце стасуецца толькі адна эканамічная сыстэма. Усьлед за Марксам ён верыць, што тая дазволіць чалавецтву выбавіцца ад войнаў, тыраніі і галечы. Да гонару Фрыдмана трэба сказаць, што ён прызнае паралелі паміж ягонымі поглядамі і Марксавымі. Ён згадвае вельмі плённую і карысную дыскусію ў Гарвардзе, калі палітоляг Майкл Сэндэл, які займаецца праблемамі супольнасьцяў, зьвярнуў увагу, што Маркс першы зразумеў: Зямля робіцца «пляскатай», як піша ў сваёй новай кнізе Фрыдман. Ён прыводзіць ёмістыя цытаты з «Камуністычнага маніфэсту» – у тым ліку і вышэйзгаданы абзац – і высока ацэньвае Марксаву здольнасьць прадбачыць будучыню. Добра, што аўтар прызнае паралелі паміж сваім разуменьнем глябалізацыі і Марксавай тэорыяй гісторыі. Фрыдман выявіў сябе адным з найбольш уплывовых сучасных прапагандыстаў нэалібэральнае ідэі. Нэалібэралам уласьцівы шырокі спэктар поглядаў на сацыяльна-палітычныя праблемы – ад надзвычайнага кансэрватызму Фрыдрыха Гаека да хутчэй пасьлядоўна лібэртарыянскай пазыцыі Мілтана Фрыдмана. Але ўсе яны аднадушныя ў перакананьні, што вольны рынак – першакрыніца чалавечае свабоды. Дарма што ў некаторых сваіх працах Томас Фрыдман выказвае занепакоенасьць заганамі нерэгуляванага рынку – усё роўна ён застаецца палкім місіянэрам, які ў сваіх кнігах і калёнках у «New York Times» нястомна абвяшчае нэалібэральную веру. У ягоным разуменьні вольны рынак нясе з сабой ці ня ўсё неабходнае для існаваньня вольнага грамадзтва, дзе чалавек здольны цалкам раскрыць свой патэнцыял. Фрыдман – фігура надзвычай уплывовая: яго погляды фармавалі мысьленьне прэзыдэнтаў, па цэлым шэрагу пытаньняў прасьвятлялі амэрыканскую палітычную эліту. Таму было б карысна выявіць, у чым ён усьлед за Марксам «блукае ў цемры». Часьцяком мяркуюць, што нэалібэралізм і марксізм – цалкам супрацьлеглыя сыстэмы ідэяў, бо за часам халоднае вайны яны знаходзіліся па розныя бакі фронту. Насамрэч яны належаць да аднаго і таго ж стылю мысьленьня і маюць багата супольных заганаў. І марксісты, і нэалібэралы перакананыя, што эканамічнае разьвіцьцё сілкуецца тэхналягічным прагрэсам, а грамадзтва вызначаюць эканамічныя сілы. Палітыка і культура – зьявы другасныя, часам яны запавольваюць разьвіцьцё чалавецтва, але ўрэшце ня змогуць выстаяць перад наступам новых тэхналёгіяў і ростам прадукцыйнасьці вытворчасьці. Фрыдман адназначна падтрымлівае гэткую спрошчаную філязофію. Ён піша, што ў яго часьцяком пытаюцца, а ці ён не тэхналягічны дэтэрмініст. І з наіўнай апантанасьцю, што так прываблівае ў ягоным стылі, Фрыдман на ўвесь голас заяўляе: «Пытаньне цалкам слушнае, таму адкажу проста: я – тэхналягічны дэтэрмініст! Прызнаю сваю віну!» (вылучана Фрыдманам). У тэхналягічным дэтэрмінізьме мо’ і ёсьць зерне ісьціны, але ён вядзе да небясьпечна спрошчанага бачаньня гісторыі. Яно добра відаць хоць бы з таго, як Фрыдман аналізуе распад Савецкага Саюзу. Ён прызнае, што «адзінай прычыны не было» і працягвае:
У пэўнай меры падмурак Савецкага Саюзу, і так аслабленага ўнутранымі супярэчнасьцямі і неэфэктыўнасьцю самой сыстэмы, паеў шашаль. У пэўнай меры нарошчваньне вайсковай прысутнасьці ў Эўропе адміністрацыяй Рэйгана давяло Крэмль да банкруцтва, бо ён ня вытрымаў росту выдаткаў на ракеты. У пэўнай меры да канца камунізму спрычыніліся марныя высілкі Міхаіла Гарбачова рэфармаваць тое, што не падлягала рэфармаваньню. Але калі б мяне папрасілі назваць першы сярод роўных чыньнік, гэта, вядома, інфармацыйная рэвалюцыя, што разгарнулася ў пачатку-сярэдзіне 80-х гг. ХХ ст. Існаваньне таталітарных сыстэмаў залежыць ад манаполіі на інфармацыю і сілу, а праз жалезную заслону дзякуючы факсам, тэлефонам і іншым сучасным сродкам камунікацыі стала праточвацца зашмат інфармацыі.
Найбольш зьдзіўляе ў гэтым звычайным ува ўсім астатнім пераліку тое, што прапушчана. Няма ані згадкі пра ролю «Салідарнасьці» і Каталіцкае царквы ў тым, што Польшча сталася першай посткамуністычнай краінай. Ані слова не сказана пра магутныя незалежніцкія рухі, што ўзьняліся ў 80-я гг. ХХ ст. у балтыйскіх рэспубліках. І – што самае дзіўнае – няма згадкі пра вайну ў Аўганістане. Агульнавядома, што стратэгічная параза, нанесеная СССР узброенымі Захадам ісламістамі гэтай краіны (некаторыя зь іх уваходзілі ў арганізацыю, зь якой потым узьнікла «Аль-Каіда»), адыграла вырашальную ролю ў аслабленьні савецкай улады. Відаць, Фрыдман абмінае ўвагай гэтыя падзеі, бо яны сьведчаць пра нязьменны ўплыў рэлігіі і нацыяналізму – сілаў, якія, паводле ягонага простага, дэтэрмінісцкага сьветапогляду, павінны ўжо зьмізарнець і шчэзнуць. Іронія гісторыі ў тым, што некаторыя найвялікшыя заганы «скрыўленага» сьветаўспрыманьня пасьля крушэньня камунізму ўспадкавалі самі пераможцы ў халоднай вайне. Нэалібэралы тыпу Фрыдмана перанялі самыя слабыя месцы ў тэорыі Маркса: пасьлядоўную недаацэнку нацыянальных і рэлігійных рухаў ды просталінейны погляд на гісторыю. Але яны не засвоілі, што Маркс угледзеў у капіталізьме анархічную, самаразбуральную стыхію. Ён уважаў нічым не абмежаваны рынак за рэвалюцыйную сілу, разумеў, што яго распаўсюд па сьвеце неаддзельны ад разбурэньня і гвалту. Капіталізм пераварочвае дагары нагамі грамадзтва, нішчыць цэлыя галіны прамысловасьці, лад жыцьця ды палітычную ўладу. Цяжка разьлічваць, каб гэты працэс быў мірны, і сапраўды, ён заўсёдна суправаджаецца вялікімі канфліктамі ды сацыяльнымі ўзрушэньнямі. Экспансія эўрапейскага капіталізму ў ХІХ ст. спрычынілася да «опійных войнаў», генацыду ў бэльгійскім Конга, «вялікай гульні» ў Сярэдняй Азіі і шматлікіх іншых імпэрскіх праяваў заваёўніцтва і суперніцтва. Трыюмф (а ці трыюмф?) глябальнага капіталізму напрыканцы ХХ ст. стаўся вынікам дзьвюх сусьветных войнаў, халоднай вайны і жорсткіх нэакаляніяльных канфліктаў. Цягам апошніх двухсот гадоў распаўсюджаньне капіталізму і індустрылізацыя былі неадрыўныя ад войнаў і рэвалюцыяў. Маркса гэта не зьдзівіла б. Дык чаму Фрыдман ды іншыя нэалібэралы мяркуюць, што ў ХХІ ст. усё будзе іначай? Адказ часткова крыецца ў неадназначнасьці ідэі глябалізацыі. Цяпер, гаворачы пра глябалізацыю, зазвычай аб’ядноўваюць два адрозныя паняткі: па-першае, што мы жывём у час імклівага і няспыннага тэхналягічнага прагрэсу, і ў выніку ўсё ў сьвеце зьвязваецца, пераплятаецца між сабой яшчэ хутчэй і шчыльней; і па-другое, што гэты працэс вядзе да стварэньня адзінай эканамічнай сыстэмы. Першае – абсалютна праўдзівае эмпірычнае цьверджаньне, другое ж – беспадстаўная ідэалягічная заява. Як і Маркс, Фрыдман абыходзіць маўчаньнем гэтае раздваеньне панятку.
У кнізе «Зямля – пляскатая» Фрыдман даводзіць, што глябалізацыя адбываецца за тры этапы. Першы – з 1492 да прыблізна 1800 г., калі краіны і ўлады Эўропы распачалі гандаль з Новым Сьветам. Першы этап рухалі вайсковая экспансія ды конскія сілы й энэргія ветру. Другі этап – з 1800 да 2000 г., калі глябальную інтэграцыю пасоўвалі наперад транснацыянальныя кампаніі і паравы рухавік з чыгункай. Трэці этап – ад 2000 г., калі рухальнай сілай глябалізацыі выступае асоба, а аснаватворнай тэхналёгіяй – усясьветная оптавалокнавае сеціва. Фрыдман кажа, што на кожным з гэтых этапаў галоўную ролю адыгрывала тэхналёгія: глябалізацыя – дадатковы прадукт разьвіцьця тэхналёгіяў. Тут Фрыдман адхіляецца ад стандартнага погляду сучасных эканамістаў на глябалізацыю як на перадусім вынік адмовы ад рэгуляваньня рынку. У гэтым ён набліжаецца да Маркса – і да гістарычнай рэальнасьці. У шырэйшай пэрспэктыве сёньня мы назіраем усяго толькі найноўшую стадыю ўсясьветнай індустрыялізацыі. У ХІХ ст. сьвет сьціснуўся дзякуючы зьяўленьню тэлеграфу; сёньня ён зноў сьціскаецца ў выніку разьвіцьця Інтэрнэту. Аднак, што б ні казаў Фрыдман, павелічэньне магчымасьцяў камунікацыі яшчэ не азначае якасных зьменаў у ладзе жыцьця. Выкарыстаньне нафты і электрычнасьці зьмяніла чалавечае жыцьцё глыбей, чым усе новыя інфармацыйныя тэхналёгіі. Але і гэта не паклала канца войнам і тыраніі і не запачаткавала новай эры міру і дабрабыту. Як і іншыя тэхналягічныя навінкі, яны выкарыстоўваліся дзеля самых розных мэтаў і спрычыніліся да звычайных у чалавечай гісторыі канфліктаў. Неабходна выразна адрозьніваць глябалізацыю – няспынны працэс усясьветнае індустрыялізацыі – і розныя эканамічныя сыстэмы, у якіх гэты працэс адбываецца. Глябалізацыя не спынілася, калі да ўлады ў Расеі прыйшоў Ленін. Яна працягвалася – і актыўна прысьпешвалася сталінскай палітыкай калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Ніяк не запаволілі глябалізацыі дырыжысцкія рэжымы ў Азіі – сьпярша ў Японіі, у эпоху Мэйдзі, і пазьней у мілітарысцкі пэрыяд, а пасьля Другой сусьветнай вайны ў Карэі і на Тайвані. Глябалізацыя выкарыстоўвала іх, каб працягваць свой рух наперад. Усясьветная індустрыялізацыя не спынілася, калі пасьля Першай сусьветнай вайны распаўся лібэральны міжнародны эканамічны парадак, і яна ня спыніцца, калі ў сваю чаргу разваліцца і той сусьветны эканамічны рэжым, што паўстаў пасьля падзеньня камунізму. Паміж глябалізацыяй і вольным рынкам няма сыстэмнае сувязі. Лібэральны капіталізм спрыяе ёй, па сутнасьці, ня больш, чым цэнтралізаваная плянавая эканоміка ці ўсходнеазіяцкі дырыжызм. Глябалізацыю рухаюць наперад тэхналягічныя зьмены, што адбываюцца пры шмат якіх рэжымах. Таму яна магутнейшая за любы зь іх. Фрыдман, як шчыры тэхналягічны дэтэрмініст, мусіў бы ахвотна пагадзіцца з гэтай ісьцінай. І калі ён так ня робіць, дык таму, што адсюль відаць, наколькі беспадстаўныя ўтапічныя спадзяваньні, якія ён зьвязвае з багатым на канфлікты ды супярэчнасьці працэсам. Глябалізацыя зрабіла сьвет меншым. Яна можа зрабіць яго – альбо пэўныя ягоныя часткі – заможнейшымі. Але глябалізацыя ня зробіць сьвету больш мірным альбо лібэральным. І тым больш яна ня робіць Зямлю пляскатай. Славутае Фрыдманава адкрыцьцё, што Зямля – пляскатая, адбылося падчас размовы з Нанданам Нілекані, выканаўчым дырэктарам адной зь вядучых індыйскіх кампаніяў у галіне высокіх тэхналёгіяў «Infosys Technologies», у ягонай штаб-кватэры ў Бангалоры. Індыйскі прадпрымальнік патлумачыў Фрыдману: «Toм, поле гульні цяпер выроўніваецца». Гэтае банальнае назіраньне сталася для Фрыдмана сапраўдным Адкрыцьцём: «Нандан кажа, разважаў я, што поле гульні выроўніваецца, робіцца пляскатым... Пляскатым? Роўным? Божа, ён кажа мне, што Зямля – пляскатая!» Пяцьсот гадоў таму Калюмб «прыплыў назад, каб канчаткова давесьці, што Зямля – круглая». Дарэчы, гэта заслуга не Калюмба, а партугальскага мараплыўца Фэрдынанда Магеляна: ягоны карабель за тры гады – з 1519 па 1522 г. – абплыў вакол сьвету. Але гэта неістотна – Фрыдман бачыць сябе Калюмбам нашых дзён, які адкрыў, што Зямля ўжо ня круглая: «Я накрэмзаў у нататніку два словы: Зямля – роўная». Мэтафара «пляскатае зямлі» бязьлітасна эксплюатуецца ад пачатку і да канца таўшчэзнай кнігі, але найбольш дратуе не яе няспыннае паўтарэньне. Дратуе, што Фрыдман не прызнае: у шмат якіх праявах – некаторыя зь іх зусім навідавоку – сьвет стаецца выразна менш пляскатым. Прызнаючы існаваньне «няроўнага» сьвету, дзе людзям недасяжныя выгоды новых тэхналёгіяў, ён ніколі ня зьвязвае росту гэтага «цёмнага царства» галечы з посьпехамі глябалізацыі. Часам гэтая сьлепата даходзіць да сьмешнага. Згадваючы візыт у «Infosys», Фрыдман піша:
Да гарадка «Infosys» трэба ехаць па выбітай дарозе, дзе паміж нашых машынаў соўгаюцца сьвятарныя каровы, вазы, запрэжаныя коньмі, ды рыкшы на матацыклетках. Але ўвайшоўшы ў браму «Infosys», вы імгненна апынецеся ў іншым сьвеце. Вось велізарны плавальны басэйн, як на курорце, сярод валуноў і філігранна падстрыжаных газонаў, побач зь велізарнай пляцоўкай для гульні ў гольф, мноства рэстаранаў і проста казачны спортклюб.
Фрыдман мімаходзь згадвае, што гарадок «Infosys» сілкуецца электраэнэргіяй ад уласнае падстанцыі. Ён не пераймаецца пытаньнем, чаму ўзьнікла такая неабходнасьць, і не заўважае, што гэта сьведчыць пра паглыбленьне разрыву ўва ўзроўні жыцьця ў рэгіёне. «Infosys» здольны эфэктыўна канкураваць на сусьветным рынку, толькі адарваўшыся ад мясцовага атачэньня. Прыклад «Infosys» паказвае, што глябалізацыя сапраўды скасоўвае пэўныя няроўнасьці на сусьветным рынку, аднак сваім посьпехам кампанія абавязаная доступу да паслуг і інфраструктуры, якімі ня можа карыстацца грамадзтва навокал. Скасоўваючы адныя праявы няроўнасьці, глябалізацыя паглыбляе іншыя. Фрыдман кажа, што ён за так званую «пляскатасьць са спачуваньнем» – відаць, маецца на ўвазе шэраг захадаў цэнтрысцкага альбо сацыял-дэмакратычнага характару, каб павялічыць мабільнасьць працоўнай сілы пры захаваньні некаторых сацыяльных гарантыяў, напрыклад, асабістых пэнсіяў. Для Амэрыкі гэта, мабыць, карысныя прапановы, толькі дзіўна, што датычна краінаў, якія на сабе адчуваюць найбольш разбуральныя наступствы глябалізацыі, Фрыдман схільны падтрымліваць самы махровы нэалібэралізм. Падзеньне Бэрлінскае сьцяны ён уважае за «падзею, што зрабіла Зямлю больш пляскатай», і як прыклад краіны, што найбольш выйграла ад зьяўленьня «пляскатага новага сьвету», згадвае Расею. Бясспрэчна, падзеньне Саветаў азначала пашырэньне свабоды. Аднак з тае пары ў Расеі вырасьлі паказьнікі абсалютнае беднасьці ды значна паглыбілася маёмасная няроўнасьць. Відавочна, што спрычынілася да гэтых працэсаў эканамічная «шокавая тэрапія», праведзеная па распадзе камуністычнае сыстэмы паводле рэкамэндацыяў з Захаду. Праз скасаваньне кантролю над цэнамі пайшлі дымам невялікія сямейныя ашчаджэньні, а паколькі доступ да прыватызацыі дзяржаўнай прамысловасьці атрымала толькі невялікая купка «сваіх», адбылася рэзкая канцэнтрацыя капіталу. У выніку значная частка расейскага насельніцтва засталася адрэзанай ад выгодаў сусьветнага рынку. Магчыма, іншая палітыка дазволіла б пазьбегнуць гэтых цяжкасьцяў ці прынамсі іх зьмякчыць1.
|
прафэсар лёнданскай Школы эканомікі і паліталёгіі. У сфэру яго навуковых зацікаўленьняў уваходзіць брытанская і эўрапейская палітыка, інтэлектуальная гісторыя, палітычная філязофія і мысьленьне. Яго апошняя кніга «Al Qaeda and What It Means to Be Modern» выйшла сёлета ў жніўні. |
Калі браць пад увагу, якая спадчына засталася Расеі з савецкіх часоў, варта было разьлічваць, што працэс пераходу будзе працяглым і складаным. Спробы ажыцьцявіць яго за некалькі гадоў удавалі на скрайнюю безразважлівасьць. Шокавая тэрапія прывяла да зьбядненьня мільёнаў людзей. Апроч таго, яна падкінула дроваў у агонь антызаходніцкіх настрояў. Сацыяльна-эканамічныя зьмены такога маштабу ў посткамуністычнай Расеі заканамерна вялі да палітычнага шоку, і ў зьяўленьні Ўладзімера Пуціна бачыцца міжвольны вынік пераходу да свабоднага рынку з падачы Захаду. У пэўных галінах вольны рынак захоўваецца і надалей, але Пуцін узяў пад жорсткі палітычны кантроль эканоміку ў цэлым, утаймаваў палітычную дзейнасьць алігархаў і прадэманстраваў пэўную незалежнасьць ад Захаду. У выніку яго квазіаўтарытарны рэжым, гледзячы па ўсім, мае народную падтрымку, якой бракавала Ельцыну, затое цяпер у Расеі няма ані знаку «дэмакратычнага капіталізму» на заходні капыл.
Нельга сьцьвярджаць, нібы глябалізацыя паводле сваёй сутнасьці спрыяе разьвіцьцю вольнага рынку і лібэральнай дэмакратыі. Не абвяшчае яна і канца нацыяналізму ці суперніцтва паміж вялікімі дзяржавамі. Апісваючы доўгую гутарку з выканаўчым дырэктарам невялікай індыйскай кампаніі па вытворчасьці гульняў у Бангалоры, Фрыдман распавядае, як той на астачу сказаў: «Індыя стане звышдзяржавай, і мы будзем валадарыць». «Валадарыць над кім?» – запытаўся Фрыдман. Ён меў на ўвазе, што на цяперашнім этапе глябалізацыя робіць неістотным дысбалянс сілаў паміж дзяржавамі. Але насамрэч глябалізацыя вядзе да зьяўленьня новых вялікіх дзяржаваў. Кітай і Індыя прынялі глябалізацыю не ў апошнюю чаргу і з гэтай прычыны. На думку нэалібэралаў, рухальная сіла глябалізацыі – імкненьне да большае прадукцыйнасьці вытворчасьці. Яны бачаць у нацыяналізьме праяву культурнай адсталасьці, што толькі замаруджвае працэс. Але эканамічны ўздым і ў Ангельшчыне, і ў ЗША адбыўся на фоне ўсплёску нацыянальных пачуцьцяў, а ў Японіі эпохі Мэйдзі нацыяналістычны супраціў уладзе Захаду стаўся магутным стымулам эканамічнага разьвіцьця. У ХІХ – пачатку ХХ стст. імклівы рост капіталізму сілкаваўся нацыяналізмам. Цяпер тое ж самае назіраецца ў Кітаі ды Індыі. У абедзьвюх краінах глябалізацыю прымаюць ня толькі таму, што яна стварае магчымасьці для росту дабрабыту, але і таму, што яна дае шанец кінуць выклік гегемоніі Захаду. Як толькі Кітай ды Індыя стануць вялікімі дзяржавамі, яны запатрабуюць прызнаньня сваіх адметных культураў ды каштоўнасьцяў. Давядзецца перабудаваць міжнародныя інстытуцыі, каб яны адлюстроўвалі шматварыянтнасьць эканамічных і палітычных мадэляў. У гэты момант прэтэнзіі Злучаных Штатаў і іншых заходніх дзяржаваў на сусьветнае лідэрства натыкнуцца на рашучы супраціў, а глябальны балянс сілаў зрушыцца.
|
1 Аналіз няўдачаў і сацыяльных выдаткаў падтрыманай Захадам «рынкавай рэформы» ў посткамуністычнай Расеі, а таксама разгляд альтэрнатыўных варыянтаў палітыкі падаецца ў: Reddaway Peter and Glinski Dmitri. The Tragedy of Russia’s Reforms: Market Bolshevism Against Democracy. — United States Institute of Peace Press, 2001. |
У кнізе «Лексус і аліўкавае дрэва»* (The Lexus and the Olive Tree, 1999) Фрыдман засяроджвае ўвагу на супрацьстаяньні паміж «Лексусам» (сіламі глябальнай эканамічнай інтэграцыі) і «аліўкавым дрэвам» (культурнай адметнасьцю). «Зямля – пляскатая» распавядае, як пасьля 11 верасьня Фрыдман шмат вандраваў па арабскім і ісламскім сьвеце, дый зьбіўся з тропу глябалізацыі. Але насамрэч ён страціў з поля зроку не глябалізацыю, а сілы нацыянальнай, культурнай і рэлігійнай саматоеснасьці, што яе стваралі. Фрыдман піша, што нацыянальная дзяржава – «найвялікшая крыніца напружанасьці» на сусьветным рынку. Аднак на самай справе нацыяналізм супраціўляецца глябалізацыі значна больш у такіх прасунутых краінах, як Францыя, Галяндыя і ЗША, чым у новаразьвіваных эканоміках. І самога Фрыдмана хвалюе, як прыцягненьне замежнікаў адаб’ецца на стане амэрыканскага рынку працы. А адміністрацыя Буша ў гандлёвай палітыцы пасьлядоўна схіляецца ў бок усё большага пратэкцыянізму. Магчыма, гэта амэрыканскі нацыяналізм тармозіць глябалізацыю. А ў краінах Азіі, дзе цяпер адбываецца імклівая індустрыялізацыя, нацыяналізм выступае рухальнай сілай глябалізацыі.
Уздым нацыяналізму неад’емны ад глябалізацыі, роўна як і абвастрэньне геапалітычнага суперніцтва. Як і падчас «вялікай гульні», што вялася некалькі дзесяцігодзьдзяў перад Першай сусьветнай вайной, сёньняшняя індустрыялізацыя спараджае барацьбу за прыродныя рэсурсы. ЗША, Расея, Кітай, Індыя, Японі і Эўразьвяз – усе імкнуцца гарантаваць сабе энэргетычную бясьпеку, і таму змагаюцца за ўплыў на абсягу ад Цэнтральнай Азіі праз Пэрсыдзкую затоку да Афрыкі і часткова Лацінскай Амэрыкі. Магчыма, наступнае стагодзьдзе пройдзе пад знакам пэрыядычных войнаў за кантроль над рэсурсамі, бо вялікія дзяржавы схопяцца паміж сабой за крыніцы вуглевадароднага паліва. Больш за тое, усясьветная індустрыялізацыя, відаць, паступова сутыкаецца з сур’ёзнымі экалягічнымі перашкодамі. Усё больш дасьведчаных экспэртаў мяркуе, што сусьветныя запасы нафты заканчваюцца, а мэтэаролягі аднадушна сьцьвярджаюць, што ўсясьветны пераход да энэргаінтэнсіўнага індустрыяльнага ладу жыцьця спрычыніўся да глябальнага пацяпленьня. Калі гэтыя страхі небеспадстаўныя, дык на наступным этапе глябалізацыі мы можам стаць сьведкамі ўзрушэньняў ня меншых, чым зазнала ХХ ст. Ня варта думаць, што Фрыдман не зважае на гэтыя небясьпекі. У адным зь цікавых адступленьняў ён піша:
Icлама-ленінізм паўстаў у вялікай ступені на той жа самай гістарычнай глебе, што і эўрапейскія радыкальныя ідэалёгіі ХІХ і ХХ ст. Фашызм і марксізм-ленінізм узрасьлі на фоне імклівай індустрыялізацыі ды мадэрнізацыі ў Нямеччыне і Цэнтральнай Эўропе, калі раптоўна былі зьнішчаныя традыцыйныя супольнасьці, што жылі згуртаванымі вёскамі або вялікімі сямейнымі кланамі.
Зноў жа, Фрыдман прызнае, што шмат якія навацыі цяперашняга этапу глябалізацыі ўзяла на ўзбраеньне «Аль-Каіда». За апошнія два дзесяцігодзьдзі некаторыя найбольш прасунутыя сусьветныя карпарацыі ператварыліся з залішне забюракратызаваных структураў у скаардынаваныя сеткі прадпрымальнікаў і капіталістаў. «Аль-Каіда» пераняла гэтя зьмены і дзейнічае як сетка самастойных ячэек, а не як ранейшыя зацэнтралізаваныя рэвалюцыйныя партыі. Мабыць, самае цікавае ў тым, што Фрыдман прызнае: залежнасьць Амэрыкі ад імпарту нафты ставіць яе пад пагрозу, і заклікае забясьпечыць энэргетычную незалежнасьць ЗША:
Калі б прэзыдэнт Буш зрабіў сваёй найвышэйшай мэтай, сваім «палётам на Месяц» дасягненьне энэргетычнай незалежнасьці, ён адным ударам перакрыў бы тэрарыстам крыніцу даходаў і прымусіў бы Іран, Расею, Вэнэсуэлу і Саудаўскую Арабію пайсьці шляхам рэформаў (а пры цане нафты 50 даляраў за барэль гэтага ніколі ня будзе), умацаваў бы даляр і палепшыў бы ўласны імідж у Эўропе, зрабіўшы нешта значнае, каб абмежаваць глябальнае пацяпленьне.
Тое, што Фрыдман адстойвае ідэю энэргетычнае незалежнасьці, сьведчыць пра памылковасьць просталінейнага бачаньня гісторыі. Так, у палітыцы самазабесьпячэньня энэргарэсурсамі ёсьць рацыя, але гэта азначае адыход ад глябалізацыі. «Лексус і аліўкавае дрэва» абвяшчаў прыйсьце гарманічна інтэграванага сьвету. З тае пары ЗША перажылі тэракты 11 верасьня і загразьлі ў Іраку, ня ў змозе адолець тамтэйшы рух супраціву. На гэтым фоне вельмі прывабна пачынае выглядаць ідэя парваць адзін з ключавых ланцугоў залежнасьці, што прывязвае ЗША да астатняга сьвету праз пастаўку энэрганосьбітаў. Як і ў папярэдняй кнізе, Фрыдман выказаў настроі, што ўсё мацней ахопліваюць грамадзтва, і з гэтага пункту гледжаньня кніга «Зямля – пляскатая» можа перадвызначыць амэрыканскую палітыку ў будучыні. Так, сапраўды павелічэньне энэргетычнай незалежнасьці адпавядае нацыянальным інтарэсам ЗША. Але думаць, што гэта прымусіць краіны-«неслухі» пайсьці шляхам нэалібэральных рэформаў – значыць прымаць жаданае за рэчаіснае. Значнае падзеньне кошту нафты, бясспрэчна, дэстабілізуе залежныя ад яе эканомікі – ад Пэрсыдзкай затокі і Сярэдняй Азіі да Саудаўскай Арабіі і Туркмэністану, а ў некаторых краінах можа сапраўды прывесьці да дэмакратыі. Аднак у шэрагу выпадкаў ад гэтага выйграюць перадусім фундамэнталісты. Няўжо Фрыдман сапраўды верыць, што дэмакратыя ў Саудаўскай Арабіі абернецца стварэньнем лібэральнага празаходняга рэжыму? У гэтай і іншых краінах энэргетычная незалежнасьць ЗША можа лёгка падштурхнуць да ўздыму радыкальнага ісламізму. Як і раней, глябалізацыя сёньня ставіць перад намі невырашальныя праблемы. Але адсюль не вынікае, што ім немагчыма больш-менш разумна даваць рады. Аднак дзеля гэтага трэба нешта супрацьлеглае ўтапічным летуценьням. Зрабіўшы дзіўны віраж, утапізм перавандраваў зь левага на правы флянг і зь цішы навуковых кабінэтаў у кнігарні аэрапортаў. Што новыя тэхналёгіі збудуюць новы сьвет, у ХІХ ст. запэўнівалі палітычныя змагары і радыкальныя тэарэтыкі, кшталту Маркса. Сёньня падобную ідэю сьцьвярджаюць некаторыя бізнэс-гуру. Ёсьць ужо нямала кніжак, што абвяшчаюць глябальныя эканамічныя трансфармацыі і кажуць, што сыстэму ўлады можна рэарганізаваць так, каб яна дастасоўвалася да гэтае трансфармацыі на ўзор прыватных бізнэс-карпарацыяў. Кніга «Зямля – пляскатая» – выдатны прыклад гэтага жанру. На жаль, праблемы глябалізацыі вырашыць цяжэй, чым праблемы арганізацыі бізнэсу. Дзяржавы немагчыма ліквідаваць, як фірмы-банкруты, а пераразьмеркаваньне эканамічнае і палітычнае магутнасьці ў сьвеце зазвычай суправаджаецца жорсткім супрацівам. Глябалізацыя нясе ў сабе рэвалюцыйныя зьмены, але яна не скасоўвае мінулых канфліктаў. У некаторых важных аспэктах яна сапраўды выроўнівае поле гульні, як слушна адзначыў індыйскі суразмоўца Фрыдмана, і ў гэтым пляне яна спрыяе прагрэсу чалавецтва. Але разам з тым яна распальвае нацыяналістычныя і рэлігійныя жарсьці, абвастрае барацьбу за прыродныя рэсурсы. Фрыдман зь ягоным спрымітывізавана-марксісцкім нэалібэральным сьветапоглядам бачыць у гэтых канфліктах толькі прыкрыя перашкоды – такія сабе палкі ў колах машыны, якую ўсё адно нічым не спыніць. Аднак насамрэч яны неад’емная частка глябалізацыі, і немагчыма ведаць наперад, як яна пойдзе далей. Лепей прыняць гэты факт і зрабіць усё магчымае, каб даць яму рады.
Пераклаў з амэрыканскай Сяргей Богдан |
* Lexus — брэндмарка, якой карыстаецца карпарацыя «Таёта Мотарз» для вытворчасьці шыкоўных аўтамабіляў. Адны мяркуюць, што імя паходзіць ад спалучэньня словаў «luxury» ды «elegance», іншыя ж выводзяць яго ад скарачэння выразу «luxury exports to the US». — Заўв. перакл. |
|