A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЗІНАІДА ГІМПЕЛЕВІЧ | ||||
Дзвесце гадоў імперскай фанабэрыі
Не нами неправда сталась, не нами и кончится. Бадай што, не знайсці іншага твора А. Салжаніцына, які б выклікаў такі шквал супрацьлеглых рэакцый, як яго двухтомны эпас «Дзвесце гадоў разам» – спроба напісаць эпічную хроніку складаных адносін паміж расійцамі і расійскімі габрэямі. У той час як пераважная большасць рэцэнзентаў выказвае павагу магутнаму інтэлекту пісьменніка, які хутка адзначыць 90 гадоў з дня нараджэння, многія адзначаюць суб’ектыўнасць, дагматызм, недагаворкі, а часам і прадузятасць яго апавядання. Адносіны крытыкаў можна падзяліць на тры групы: меншая частка называе Салжаніцына юдафілам, большая адзначае розную ступень юдафобства, а іншыя бачаць у ім тыповага расійскага нацыяналіста. Усе названыя і неназваныя групы крытыкаў шырока прадстаўлены ў друку і ў Інтэрнэце. Неспалучальнасць іх супярэчлівых выказванняў працягвае хваляваць чытача. Відаць, што кожная з групаў мае сваю праўду, таму што ў паліфаніі двух тамоў чытач бачыць Салжаніцына ў розных іпастасях: які з даверам падае руку габрэям; які глядзіць недаверліва і нядобра, гатовы калі не пакараць фізічна, то ўсенародна ды маральна, і нарэшце які не адрозніваецца ад тыповага вузкалобага расійскага нацыяналіста. Відаць, гэтыя формы ўспрыняцця звязаны як з характарам апавядальніка, так і з характарам чытача. «Характер Солженицина – глубоко противоречив. Он стремится к объективности и в то же время страстно субъективен», – сцвярджае г. Памяранец на падставе і асабістых сустрэч і разважанняў. Неаб’ектыўны Салжаніцын і ў адносінах да беларускай нацыі. Р. Пайпс у сваім аглядзе 1 часткі кнігі «Дзвесце гадоў разам» тлумачыць неаб’ектыўнасць Салжаніцына яго нацыяналістычнымі прыхільнасцямі:
Яму складана таму, што ён нацыяналіст; нацыяналізм увогуле, а расійскі нацыяналізм у прыватнасці, цяжка спалучаецца з цярпімасцю ў адносінах да габрэяў не ў апошнюю чаргу дзеля таго, што яны адмаўляюцца бясследна знікнуць у нацыянальнай супольнасці тых, сярод каго яны жывуць.
Адносіны Салжаніцына да іншых народаў, у прыватнасці да беларусаў, ненашмат адрозніваюцца ад яго пазіцыі да расійскіх габрэяў. Ён пачынае сваю гісторыю амаль што ў вакууме. У досыць павярхоўнай і схематычнай прадмове да першага тома ён прыводзіць некаторыя звесткі пра беларускіх габрэяў. Але яны падаюцца ў поўнай ізаляцыі ад беларусаў і іх традыцый, і ў той самы час не зважаючы на гістарычныя факты: першыя паселішчы габрэяў на беларускіх тэрыторыях узнікаюць з XI–XII стcт., а беларусы з габрэямі масава жылі разам з XIV ст. (I, 36–43). Беларусы, у параўнанні з іншымі славянскімі нацыямі, якія ў розныя часы ўваходзілі ў расійскую або савецкую імперыю, маюць адметную гісторыю адносін з габрэямі. Гэта гісторыя захавала мала слядоў непрыязнасці, заснаванай на розным стылі жыцця. Салжаніцын, які вельмі неахвотна згадвае разам беларусаў з габрэямі, некалькі разоў адзначае антыпатыю і часам адкрытую непрымірымасць беларускага насельніцтва да дзеянняў нацыстаў у адносінах да габрэяў. У Беларусь часта даводзілася завозіць забойцаў з іншых тэрыторый: мясцовае насельніцтва наадрэз адмаўлялася прымаць удзел у фашысцкіх акцыях. Вяртаючыся да нацыяналізму Салжаніцына, трэба адзначыць нацыяналістычныя настроі і пастулаты, якія вылучаюцца ў яго эсэ 1990 г. «Як нам уладкаваць Расію». Яны выклікалі абурэнне, а асабліва моцнымі былі галасы беларусаў і ўкраінцаў – адзіных дзвюх нацый, якія Салжаніцын, хай з некаторымі абмежаваннямі, бачыў у складзе сваёй «уладкаванай Расіі». Тая ж тэндэнцыя, што і ў эсэ, а менавіта змяшчаць Беларусь і Украіну ў склад расійскай дзяржавы, назіраецца ў «Дзвесце гадоў разам». Яшчэ ў эсэ ён звяртаецца да двух народаў:
Сам я – едва не наполовину украинец и в ранние годы рос при звуках украинской речи. А в скорбной Белоруссии я провел большую часть своих фронтовых лет и до пронзительности полюбил ее печальную скудность и ее кроткий народ. К тем и другим я обращаюсь не извне, а как свой.
Гэты сентыментальны ўступ (гістарычныя факты пацвярджаюць, што Беларусь стала «скорбной» і «печально-скудной» не без агрэсіі з боку Маскоўскага княства) працягваецца поўнай гістарычнай дэзінфармацыяй: «Да, народ наш разделялся на три ветви лишь по грозной беде монгольского нашествия и польской колонизации». Гэтыя радкі толькі ўмацоўваць расійскі імперскі міф і ў той жа самы час узнімаюць пытанні аб гістарычнай дасведчанасці аўтара. Напрыклад, ці чуў ён аб існаванні дванаццаці ўсходнеславянскіх плямён, іх розным паходжанні, розных звычаях і далёка не мірнай гісторыі, аб заняпадзе Вялікага Княства Літоўскага альбо падзеле Рэчы Паспалітай, якія адбыліся з-за знясільваючых пастаянных войнаў з Масквой? І што Маскоўскае княства ўзбагацілася вялікімі матэрыяльнымі і культурнымі каштоўнасцямі, забранымі ў заможных беларускіх і габрэйскіх купцоў, рамеснікаў, дасведчаных рабочых і ўмелых земляробаў: лепшыя з іх былі ўзяты ў палон або знішчаны. Беларусь так і не змагла адысці ад гэтай непапраўнай страты, за якой распачаліся адразу новыя агрэсіі, а пасля і шматвекавая імперская каланізацыя. Факт, што палонныя прынеслі з сабой і ў сабе багатую культуру: літаратуру (беларускую, на іўрыце і перакладную), музычную, духоўную і вытворчую – пастаянна замоўчваўся і царскай, і савецкай гістарыяграфіяй. Гэта пацвярджаецца гістарычнай пазіцыяй, тыповай для расійскага нацыяналізму, так выяўна адлюстраванай Салжаніцынавым эсэ:
В Литве и Польше белорусы и малоросы сознавали себя русскими и боролись против ополяченья и окатоличенья. Возврат этих земель в Россию был всеми тогда осознаваем как Воссоединение (выдзелена Салжаніцыным. – З. г.).
Тую ж сентэнцыю знаходзім у Салжаніцына ў першым томе яго опуса. Як бачым, устаноўка пісьменніка да гісторыі Беларусі не змянілася за 12 гадоў. Толькі яго пагардлівае і недасведчанае стаўленне да Беларусі (тыповае для расійскага нацыяналіста) узмацніліся і замацаваліся ў «Дзвесце гадоў разам». Так, ён капіюе Гесэна, які паведамляе аб габрэйскай эміграцыі ў Польшчу ў ХІ ст., не ўпамінаючы пра такую ж, нават калі не больш значную, у Літву і ўвогуле проста ігнаруючы Беларусь такім жа чынам, як імперскія ідэолагі рабілі гэта на працягу стагоддзяў. У гэтых адносінах паказальная канцоўка яго эсэ, дзе ўвесь яго зварот «Да Украінцаў і Беларусаў» абмяжоўваецца ўкраінцамі, а беларусы чуюць толькі паспешнае: «Все сказанное полностью относится и к Белоруссии, кроме того, что там не распаляли безоглядного сепаратизма». Масціты пісьменнік у сваёй напаўлітаратурнай, напаўгістарычнай працы не толькі адмовіў беларусам у патрыятызме – любові да радзімы, але не заўважыў галоўнага: гісторыя іх адносін з габрэямі ў некалькі разоў і якасна, і колькасна перавышае габрэйска-расійскую. Значная эміграцыя габрэяў на тэрыторыі, дзе жылі ліцвіны (сучасныя беларусы), адзначаецца ўжо ў ХІ–ХІІ стст. Яна дасягнула свайго першага піку ў ХIV, а другога – у XVI ст. Беларусь, вядомая тады як Вялікае Княства Літоўскае, была ў тыя часы палітычна, эканамічна і культурна квітнеючай дзяржавай з развітай і вядомай у Еўропе пісьменнасцю на дзяржаўнай беларускай мове. Адна з прычын стабільнасці Вялікай Літвы палягала ў тым, што яе не кранула татара-мангольскае ярмо, якое загамавала развіццё Маскоўскага і саюзных яму княстваў (Растова-Суздальскага і інш.). Габрэі, якія пражывалі ў Вялікім Княстве Літоўскім, спакон вякоў вядомыя як літвакі. Інтэлектуальна-кніжныя ліцвінска-літвацкія (беларуска-габрэйскія) адносіны былі шматбаковымі і прадуктыўнымі. Так, Віленскія Кодэксы № 52 і № 262 (пераклад з іўрыта на старабеларускую мову) з’явіліся яшчэ ў першай палове XVI ст. Адна з першых публікацый Францішка Скарыны – гэта пераклад з іўрыта на беларускую мову кнігі Іова. Сымон Будны не толькі настойліва запрашаў габрэяў у Заслаўе, але і садзейнічаў іх уладкаванню, а самае галоўнае – умацоўваў узаемную цікавасць да граматы. Залатыя часы беларускай літаратуры – XV–XVII стст. – ішлі рука ў руку з развіццём ліцвінска-літвацкіх літаратурна-культурных адносін, што знайшло адлюстраванне і ў літаратуры на іўрыце, і ў беларускай мове. Пасля інкарпарацыі Беларусі ў Расійскую імперыю (цікава, што Салжаніцын, які адзначыў забарону ўкраінскай мовы, апусціў такую ж акцыю ў адносінах да польскай і беларускай моваў), беларускія габрэі, эканамічна, сацыяльна і палітычна бяспраўныя ў той жа ступені, што і беларусы хрысціянскіх і іншых веравызнанняў, працягвалі карыстацца іўрытам у рэлігійным абыходку і ідыш у быце. Іўрыт заставаўся выключна кніжнай мовай 1600 гадоў. Рабін Элізар Бэн Іегуда (1857–1922), які нарадзіўся ў Беларусі, удыхнуў у яго жыццё і ператварыў яго зноўку ў размоўную мову, тую, якой карыстаюцца цяпер у Ізраілі. Улічваючы наяўнасць беларускай фанетыкі ў сучасным іўрыце, няцяжка здагадацца і пра яго вытокі. Дзеля гістарычных прычын, абумоўленых становішчам паміж дзвюма палітычна і культурна даміноўнымі з пачатку XVIII ст. сіламі (Расіяй і Польшчай), беларуская літаратура больш стагоддзя знаходзілася ў паўсне, прачнуўшыся толькі ў канцы ХІХ ст. Яе развіццё ішло разам з росквітам габрэйскай літаратуры на ідыш і на беларускай мове (тут добрым прыкладам з’яўляюцца амаль братнія адносіны Максіма Багдановіча (1891–1917) і Змітрака Бядулі (Самуіл Плаўнік; 1886–1941). У той час, як з сярэдзіны 1870-х габрэйскія пісьменнікі з карэннай Расіі дарэмна імкнуліся «перакласці» сябе расійскаму чытачу, новаму пакаленню беларусаў і беларускіх габрэяў, якія нарадзіліся пасля 1880-х, не трэба было растлумачваць сябе беларускаму чытачу любога веравызнання: яны стагоддзямі жылі ў адной рэальнасці. Васіль Быкаў, якога ў свеце глыбока паважаюць як узор высокай гуманнасці і маралі, ведаў габрэяў сваёй краіны з нараджэння. Ён жыў разам, вучыўся, дзяліў хлеб, радасці і беды. У яго творах сустракаецца столькі ж габрэйскіх імён, як і ў Салжаніцына. У Быкава, праўда, няма характэрнай для апошняга, асабліва ў яго эпапеі «Дзвесце гадоў разам», прадузятай тыпалагізацыі: ён з прыроджанай уважлівасцю не толькі таленавітага псіхолага, а патрыёта сваёй зямлі ніколі не ставіўся да беларускіх габрэяў як да чужаземцаў. Быкаў ведаў габрэяў сваёй краіны так, як сваю сям’ю: хадзіў у школу ў мястэчка, дзе 60 % вучняў складалі габрэйскія дзеці, пасля разам з імі, ужо дарослымі, ваяваў. Першым творам, які бацька даў прачытаць Быкаву па-беларуску, было апавяданне М. Лынькова «Гой». Салжаніцын, нягледзячы на яўнае імкненне да супрацьлеглага, падышоў да пытання аб расійскіх габрэях збольшага прадузята. Быкаў жа неаднаразова сцвярджаў, што калі б не нацыяналізм і расізм царызму, савецкай пары і гітлерызму, Беларусь працягвала б гуманістычную пазіцыю сваёй славутай культурнай мінуўшчыны што да нацыянальных меншасцяў. З аднаго боку, Салжаніцын прыпісвае расійскую імперскую фанабэрыстасць і нацыяналізм толькі бальшавікам, тады як яго асновы безумоўна належаць царызму. З другога боку, Салжаніцын любіць паўтараць, што любіць беларусаў, але любоў гэтая на самай справе зводзіцца да запэўніванняў, што беларусы – гэта малодшыя браты расійцаў. Калі так нехта гаворыць, беларусы не павінны мець ніякіх ілюзій наконт таго, што ён наш сябар. Мы супраць таго, каб нашу гісторыю перакладвалі на імперскі лад. Нядаўна ў Канадзе была дзяўчынка з Беслана, якую спыталіся, ці мае якое пасланне да канадыйцаў. Яна казала: «Ніколі не дзяліце людзей на добрых і злых, старайцеся любіць, паважаць, а галоўнае – быць талерантнымі да ўсіх». Надзея 14-гадовай дзяўчынкі была ў тым, што нягледзячы на пачатак прыказкі, якой карыстаецца Салжаніцын, «Не нами неправда сталась, не нами и кончится» людзі змогуць пакласці канец няпраўдзе. І не будзе нічога дзіўнага, калі Расіі некалі давядзецца пераняць адпаведны досвед у Беларусі, у якой не 200, а больш за 700 гадоў пражывання разам з габрэямі. |
прафэсарка катэдры славянскіх і германскіх дасьледаваньняў унівэрсытэту Ватэрлоо (Антарыё, Канада), намесьніца старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сустаршыня Канадыйскай асацыяцыі славістаў. У сфэру яе навуковых зацікаўленьняў уваходзяць расейская і беларуская мовы, літаратуры і інтэлігенцыя. Аўтарка трох кніг, а таксама шматлікіх навуковых артыкулаў. У сёлетнім верасьні ў выдавецтве «McGill-Queen’s University Press» выйшла яе кніжка «Vasil Bykau. His Life and Works». Артыкул падрыхтаваны на аснове спавешчаньня, прачытанага ў чэрвені 2005 на IV Міжнародным кангрэсе беларусістаў. |
|