A R C H E П а ч а т а к № 6 (40) - 2005
Пачатак  Цалкам 


6-2005
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  АНДРЭЙ КАТЛЯРЧУК

Вокладка «Arche» №6, 2005

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Катлярчук
Вікінгі, Русь і загадкавая адсутнасьць Полацку


Duczko Wіadysіaw. Viking Rus. Studies on the Presence of Scandinavians in Eastern Europe. – Leiden-Boston: Brill, 2004. – 290 p.


У 2004 г. у прэстыжнай сэрыі «Паўночная Эўропа і Балтыка каля 400–1700 гг. Народы, эканомікі і культуры» выйшла кніга швэдзкага археоляга польскага паходжаньня Ўладзіслава Дучка. У 1986 г. ён абараніў доктарскую дысэртацыю ўва ўнівэрсытэце Ўпсолы і з таго часу працуе то ў Швэцыі, то ў Польшчы. Мэту сваёй доўгагадовай працы аўтар вызначыў як падсумаваньне і аналіз вядомай на сёньня спадчыны вікінгаў на Русі. Задача слушная, бо падобнага сынтэзу па-ангельску яшчэ не было.

Але зацікаўленага беларускага чытача чакае расчараваньне. Скандынаўскія аспэкты гісторыі краіны, што захавала ў сваёй назьве той самы корань «Русь», не атрымалі належнага разгляду. Тым ня менш, уважліва паставіцца да зьместу кнігі варта зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, праца, на маю думку, адлюстроўвае тыповыя межы ведаў заходняга дасьледчыка пра старажытную Беларусь. Па-другое, кошт кнігі (165 даляраў) дазваляе меркаваць, што гэтае выданьне ня дойдзе да паліцаў Нацыянальнай бібліятэкі РБ ды застанецца недаступным шырокаму колу беларускіх навукоўцаў і студэнтаў.

Аўтар адназначна залічае сябе да прыхільнікаў нарманскай тэорыі скандынаўскага паходжаньня старажытных русаў ды заўважае, што антынарманская тэорыя мела за царскім ды савецкім часам ідэалягічны, а не навуковы грунт. У СССР нарманіст-дасьледчык пачуваўся дысыдэнтам. Не ў апошнюю чаргу таму, што апантаным аматарам нарманізму быў Адольф Гітлер, які прысьвяціў варагам адну з сваіх прамоваў. Дучка піша, што першым, хто асьмеліўся ў СССР пісаць пра варагаў праўду, быў ленінградзкі археоляг Леў Клейн. На жаль, імя каляжанкі Клейна Фрыды Гурэвіч – нястомнай дасьледчыцы старажытнага Панямоньня – у кнізе няма. Між тым, яшчэ за савецкім часам Гурэвіч заўсёды сьмела вызначала скандынаўскае паходжаньне знойдзеных ёй артэфактаў. Яна ж надрукавала ў 1990 г. у эстонскім «Скандинавском сборнике» клясычны артыкул «Скандинавские находки на территории Белоруссии» з мапай знаходак скандынаўскіх артэфактаў у Беларусі. Дзіва, але ў бібліяграфіі аўтара гэты шырока вядомы артыкул адсутнічае.

Немагчыма пераказаць зьмест кнігі, якая разглядае ўсю рукапісную і археалягічную спадчыну вікінгаў на абшарах Расеі (Ладага, Гнёздава, Паволжа), Украіны (Кіеў, Чарнігаў і Прыдняпроўе), былой Бізантыі (Маравіі і Славакіі) і мусульманскага Ўсходу. Шэраг фрагмэнтаў малавядомы беларускім вучоным. Напрыклад, аўтар паведамляе пра знойдзены ў 1890-х гг. у сынагозе Каіру ліст XI ст. ад юдэяў-хазараў Кіева, дзе гэтае места называецца па-хазарску «Sambatas». Малавядомай старонцы – экспансіі русаў-варагаў у бок Касьпію – прысьвечана трэцяя частка працы. Дучка падкрэсьлівае, што скандынаўскае паходжаньне старажытных русаў было выдатна вядомае ўжо іх сучасьнікам. Пра гэта пісаў ісламскі аўтар Масудзі. А біскуп італьянскага гораду Крэмона Люіпранд, які ў сярэдзіне X ст. адведаў Царград, дзе спаткаўся з кіеўскімі русамі, у сваіх занатоўках зазначыў: «Гэтыя русы ёсьць насамрэч нарманамі, але з тых, што жывуць на Ўсходзе» (с. 122).

Адным з найбольш цікавых момантаў кнігі зьяўляецца аналіз вядомага паведамленьня «Берцінскіх аналаў» 839 г., як зь Бізантыі ад імпэратара «Ўсходу» Тэафіла да імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Людвіка прыбылі паслы невядомага народу «Русь», якія насамрэч, як высьветлілі германцы, былі этнічнымі швэдамі. Дучка – адзін зь першых, хто здолеў прааналізаваць гэтае кароткае паведамленьне ў шырокім кантэксьце (с. 10–19). А менавіта: што адбывалася на той час у Бізантыі? Што хацелі русы-швэды ад імпэратара «Захаду»?

Высьвятляецца, русы ехалі зь місіяй бізантыйскага кіраўніцтва да данаў – братоў па мове і культуры. На загад патрыкаса Тэадосіюса русы мусілі пераканаць данаў падпісаць саюз зь Бізантыяй і дапамагчы сваім флётам спыніць мусульманскую экспансію. Тры пячаткі зь лістоў патрыкаса Тэадосіюса знойдзены археолягамі ў Даніі. Свайго князя русы называлі «каганам». Дучка заўважае, што гэты спэцыфічны неславянскі тытул, якім князя кіеўскага звалі таксама ў Царградзе і на мусульманскім Усходзе, быў добра вядомы ў Кіеве. Напрыклад, мітрапаліт Іларыён у «Слове аб законе і дабрадаці» называе князя Ўладзімера «вялікім каганам нашай зямлі». На сьцяне кіеўскай Сафіі нехта з русаў накрэмзаў: «Спасі Госпадзе кагана нашага».

Што важна: археалягічныя крыніцы старажытнай Русі параўноўваюцца ў кнізе Дучкі з малавядомымі ў Беларусі швэдзкімі і дацкімі артэфактамі. Напрыклад, на думку Дучкі (с. 179), знаходкі Гнёздава паказваюць, што ўладальнікамі рэчаў былі ня проста варагі, а прадстаўнікі паўночнай эліты. Аўтар даказвае, што варагі-русы жылі ў сваіх паселішчах сем’ямі з жонкамі і дзецьмі, што яны першымі прынялі хрысьціянства (факты, зрэшты, вядомыя навуцы). Аўтар адзначае таксама (с. 77–80) вялікую колькасьць скандынаўскіх знаходак ля Дунаю і слушна паказвае, што падобныя знаходкі добра пасуюць да вядомых зь летапісаў эканамічных і палітычных інтарэсаў вікінгаў у Бізантыі.

  гісторык. Апошняя кніжка – «Швэды ў гісторыі і культуры Беларусі» (Менск, 2002). 5 кастрычніка сёлета выступіў на навуковай канфэрэнцыі Гронінскага ўнівэрсытэту з спавешчаньнем «Народзіны Ўкраіны: дыпляматычныя адносіны паміж Швэцыяй і Казацкай дзяржавай у 1648–1660 гадох».
   
Беларусь згадваецца ў кнізе толькі два разы ў сувязі са знаходкамі скандынаўскіх рэчаў, Тураў – аднойчы, Полацак – пяць разоў. На с. 113–114 коратка падкрэсьліваецца існаваньне ў Полацку асобнай ад Рурыкавічаў дынастыі Рангвальда. На с. 126–127 тэза гэтая ўдакладняецца вядомымі цытатамі з «Аповесьці мінулых гадоў». Але аўтар сам спыняе ход сваёй думкі тым, што, маўляў, ня хоча займацца спэкуляцыямі там, дзе не хапае крыніцаў. Дазвольце: але ўся вядомая нам гісторыя часу вікінгаў пабудавана на такіх вось суб’ектыўных спэкуляцыях дасьледчыкаў. Між іншым, паведамленьне летапісу ў параўнаньні зь іншымі – у тым ліку старашвэдзкімі – крыніцамі дазволіла, напрыклад, аўтару гэтай рэцэнзіі сьледам за дацкім вучоным Адольфам Стэндэр-Пэтэрсэнам абгрунтаваць існаваньне асобнай ад Кіева і Ноўгараду дынастыі ўладароў Полацку1. Не згадаў аўтар таксама вядомага ў Швэцыі рунічнага каменя з Уплянд-Вэсьбі, што ля Стакгольму, пастаўленага Рангвальдам-Рагвалодам у X ст. («які быў вялікім гетманам на Ўсходзе ў Грэцыі») у гонар сваёй маці-хрысьціянкі. З улікам таго, што альтэрнатыўны шлях з Швэцыі ў Бізантыю, згодна з сагай Гута, пралягаў праз Полацак, што бізантыйскія імпэратары часоў Рагвалода, згодна з «Апавяданьнем пра Торвальда Вандроўніка», мелі сталую сувязь з Полацкам і ўплыў на полацкіх князёў2, што вайсковая кар’ера ў Бізантыі была папулярная сярод полацкіх Рагвалодавічаў, верагодна, што швэдзкі і полацкі Рангвальд-Рагвалод X ст. – адна і тая асоба.

У кнізе з 78 ілюстрацый вараскіх знаходак няма ніводнай з абшараў сучаснай Беларусі. Гэта дарма што ў 2002 г. быў надрукаваны дзьвюхмоўны (ангельска-беларускі) каталёг менскай выставы «Вікінгі на Ўсходзе», сумесна падрыхтаваны, дарэчы, беларускімі і швэдзкімі археолягамі. Гэты каталёг выйшаў пад лягатыпам Нацыянальнага гістарычнага музэю Швэцыі і зьмяшчае фатаздымкі і вопіс 59 вараскіх знаходак, знойдзеных пасьля ІІ сусьветнай вайны, якія засталіся ў музэйных фондах БССР3. Аўтар згадвае толькі дзьве скандынаўскія знаходкі з абшараў сучаснай Беларусі. Па-першае, гэта зашчапка «выразна нарвэскага тыпу» з Гарадзілава ля Бярэзіны (с. 226). Па-другое, дырхем, знойдзены ля вёскі Пагарэльшчына з выбітымі на ім сымбалямі Рурыкавічаў: двузубцам і харугвай (с. 230). Усе беларускія назвы аўтар падае ў расейскай традыцыі.

Сп. Дучка прызнаецца, што гісторыяграфічны падмурак ягонай кнігі склалі швэдзкая, расейская і ўкраінская навука. Аналіз зьмястоўнай бібліяграфіі (дробным шрыфтам на 20 старонак) паказвае, што аўтар сьвядома ці несьвядома цалкам праігнараваў беларускую праблематыку тэмы. Праігнараваныя працы – агульнавядомы здабытак беларускай археалёгіі і гістарыяграфіі. Гэта кнігі і артыкулы Канстанціна Тышкевіча, Яўгена Раманава, Гэнрыка Татура, Пятра Харламповіча, Фрыды Гурэвіч, Георгія Штыхава, Сяргея Тарасава, Людмілы Дучыц, Генадзя Семенчука, Алега Латышонка, Леаніда Аляксеева, Якава Рыера, Сяргея Дзярновіча, Сяргея Піваварчыка ды іншых. Ня ведае аўтар і пра існаваньне карыснага для яго беларускага часопісу «Гісторыка-археалягічны зборнік», які выходзіў у Менску ў 1920-х гг. і быў адноўлены ў 1990-х. Але тут можна спаслацца на агульную ізаляцыю беларускіх спэцыялістаў ад заходняга сьвету ды на моўную маладаступнасьць іх працаў.

Невядомыя Дучку і працы царскіх часоў – такія, як пранарманская кніга Я. Шчэпкіна4 ці антынарманская праца Ф. Сьвістуна5. Ня ведае швэдзкі гісторык таксама апошняй сэнсацыйнай кнігі пецярбурскай дасьледчыцы с. Санкінай, у якой на падставе чарапоў скандынаўскага тыпу даводзіцца масавая прысутнасьць нарманаў на поўначы Расеі6. Але гэтыя прабелы можна патлумачыць паходжаньнем гісторыка.

Затое цікава, як наш аўтар здолеў не заўважыць даступных у бібліятэках Швэцыі працаў скандынаўскіх спэцыялістаў, прысьвечаных старажытнаму Полацку і Беларусі?7

Даходзіць да абсурду. Напрыклад, у бібліяграфіі ёсьць артыкул сучаснага швэдзкага археоляга Рунэ Эдбэрга. Між тым, кніга Эдбэрга, прысьвечаная экспэдыцыі ў Полацак, і першы ягоны артыкул па-швэдзку на гэтую тэму Дучка праігнараваў8.

На с. 155 аўтар прызнае, што згодна з сагамі Русь мела тры цэнтры, адным зь якіх быў Полацак ці «Pallteskia» па-скандынаўску. Чаму адной з трох сталіцаў Русі аўтар не прысьвяціў ніводнай старонкі сваёй у цэлым грунтоўнай працы – загадка без адказу. Бо містычная адсутнасьць Полацку ніяк не агаворваецца ў прадмове і ня можа быць дараваная аўтару кнігі з падобнай назвай.

Пасьля прачытаньня гэтага цікава напісанага дасьледаваньня нават апошні антынарманіст пяройдзе ў варожы лягер. Сумневу няма – цывілізацыя Русі была запачаткаваная паўночнымі ваярамі і купцамі. У высновах аўтар падкрэсьлівае, што пэрыяд актыўнасьці вікінгаў на землях Русі быў адносна кароткім гістарычным эпізодам, які, аднак, меў вялікія гістарычныя наступствы. Такім чынам, карысная для агульнай праблематыкі вараскага пытаньня кніга Ўладыслава Дучкі не дае нічога ў пытаньнях беларусістыкі.

Гэта падкрэсьлівае ўжо выказаную мною раней на старонках «ARCHE» думку: беларускім гісторыкам час самім ствараць якасныя працы і друкаваць іх на заходніх мовах. За вас, шаноўныя калегі, гэтага ніхто ня зробіць.

  1 Stender-Petersen A. Varangica. – Aarhus, 1953; Катлярчук А. Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў. – Менск, 2002.

2 Згодна з гэтай сагай, у 985 г. ісьляндзкі вікінг-місіянэр Торвальд прыяжджае празь Ерусалім у Царград. Тут ён сустракаецца з імпэратарам Васілём II на мянушку Забойца баўгараў і патрыярхам Мікалаем II. На просьбу Торвальда імпэратар выдае грамату, паводле якой Торвальд прызначаецца «паўнамоцным прадстаўніком Бізантыі ў рускіх князёў у краінах Усходняй Балтыкі». Князі (меўся на ўвазе Рагвалод Полацкі і Ўладзімер-Вальдэмар-Володымір Ноўгарадзкі), згодна грамаце, мусілі выконваць парады Торвальда. Зазначу, што за часамі Васіля II Бізантыя дасягнула зэніту сваёй магутнасьці. Пад кантроль імпэрыі трапілі Баўгарыя, Армэнія, Грузія, паўднёвая Італія і Кіеўская Русь. У 988 г. вялікі князь кіеўскі Ўладзімер прызнаў сябе васалам імпэратара, прыняў хрост, духоўную ўладу грэцкага мітрапаліта і ажаніўся зь сястрой Васіля II. Такім чынам, выдача Торвальду граматы да Рагвалода выглядае цалкам лягічна. У 986 г. Торвальд прыбывае ў Полацак разам з памочнікам Стэўнірам Таргельсанам. Тутэйшы князь (Рагвалод?), паводле словаў Торвальда, прыхільна ставіўся да хрысьціянства. Місія была настолькі пасьпяховай, што Торвальд вырашыў ня рухацца далей і застацца ў Полацку. Тут быў пабудаваны храм і манастыр Сьв. Яна Прадцечы «недалёка ад места пад гарой пад назваю Дрофн». Памёр Торвальд у Полацку каля 1000 г. (ці не забіты пры штурме места Ўладзімерам?).

3 Вікінгі на Усходзе: Каталог / Скл. с. Дзярновіч, М. Казанцава. – Мінск, 2002. – 15 с.

4 Щепкин Е. Варяжская вира. – Одесса, 1915.

5 Свистун Ф. Спор о варягах и начале Руси: Историческо-критическое исследование. – Львов, 1887.

6 Санкина с. Этническая история средневекового населения новгородской земли по данным антропологии. – Санкт-Петербург, 2000.

7 Vasmer R. Ein im Dorfe Staryi Dedin in Weissrussland gemachter Fund kufischer Münzen. – Stockholm: Kungl. Vitterhets-, historie- och antikvitetsakademien, 1929. – 45 s.; Stender-Petersen A. Varangica. – Aarhus, 1953; Edberg R. Vikingaresan till Palteskiuborg // Populär arkeologi. No. 3 (19). 2001. S. 36–37; Edberg R. Vägen till Palteskiuborg. Sigtuna, 2001.

8 Edberg R. Vägen till Palteskiuborg…; Edberg R. Vikingaresan till Palteskiuborg… S. 36–37.

   
Пачатак  Цалкам 

№ 6 (40) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/25