A R C H E П а ч а т а к № 6 (40) - 2005
Пачатак  Цалкам 


6-2005
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ЮРАСЬ ПАЦЮПА

Вокладка «Arche» №6, 2005

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юрась Пацюпа
Элегіі



    * * *


    Дзікія хмары рыкаюць з голаду,
    шукаюць пашы ў палёх разьежджаных,
    месяць нагамі гліну з травой,
    што ўся прагоркла і пачарнела.

    Няма дзе воку ў імглістай далечы
    спачыць, лагоды досыць напіўшыся.
    Душа зайшлася ад болю ўшчэрць,
    бо не знайшла ўжо гнязда у сэрцы.

    Пайду за хмарай з жабрацкай торбаю,
    мо’ дзе спаткаю, цябе, каханую,
    за сінім лесам, дзе сьпіць мой дом
    з патэльняй звонкай, гаркавым дымам.

    Спрытна і лёгка засланкай бразгаеш,
    бліноў духмяных складаеш горачку
    і верашчаку на стол нясеш,
    сьцеліш абрусы, пацёркі мовіш.

    Злыя барэі, чакай, мо’ сьцішацца,
    нашто ім марна енчыць за сьценамі,
    калі каханьня агонь гарыць
    і асьвятляе мае пэнаты.

    9.01.2005 г.

    * * *


    Ціха лісты мігцяць золатам пад вадой,
    быццам бы зоры там дом нарэшце знайшлі.
    Толькі дому нідзе я не знаходжу сам,
    гнаны ветрам, нібы восенныя лісты.

    Моўчкі прыйдуць зубры з рук маіх зьлізваць соль
    сьлёз нявыплаканых – мора наскай бяды.
    Струнамі дрэў вятры правяць хаўтурны сьпеў
    пад акампанэмэнт жудаснае дуды.

    Спрэс нявіднае зло вылілася ў прасьцяг,
    сочаць тут кожны крок сьлюзлым вокам смаўжы,
    а па зямлі наўсьцяж радасна цівуны,
    поўнячы дзікі бзік, дрэвы сякуць, сякуць...

    Тут можна добра ўрваць... Бізнэс? Гандлюй душой!
    Краю мой, гэта твой сымбаль апошніх дзён.
    Моды апошні крык... Жалю астатні енк...
    Гэй, Эўропа, сьпяшай – ёсьцека што звучыць!

    ...Жадныя дні сьвятла. Лямпы падкруцім кнот –
    кожны запаліць свой, дзедаў ’шчэ, каганец,
    сядзем урэшце ўсе за свой калядны стол
    так, як было даўней, так, як і будзе век.

    9.01.2005 г.

ЯК ПЕРАДАВАЦЬ АНТЫЧНЫЯ ЛЯГАЭДЫ?

1. У беларускай паэзіі традыцыя імітацыі антычных лягаэдаў параўнальна невялікая. Да гэтае пары мы ня маем арыгінальных узораў страфы Алькея, Алькмана. Праўда, страфу Сапфо імітаваў яшчэ Сімяон Полацкі, яе можна спаткаць у Ўладзімера Дубоўкі, Андрэя Хадановіча, а ўзоры вершу Асклепіяда — у Максіма Багдановіча і, зноў жа, у Хадановіча. Усе пералічаныя аўтары, апрача Сімяона Полацкага, у той ці іншай меры абапіраліся на расейскую традыцыю і яе багаты досьвед трансфармацыі антычнасьці. Аднак прынятыя ў расейскай літаратуры спосабы моцна прасякнутыя літаралізмам. Я б сказаў, такія вершы не для слыху, і нават — не для вока.

У рытмалягічным трактаце «Страла Зэнона» я выказаўся рэзка адмоўна наконт плённасьці лягаэдаў, асабліва ступовых, маўляў, гэта штучная і нікому не патрэбная празаізацыя вершаў. Асноўны аргумэнт супраць лягаэдаў такі:

Парушэньні рытмавага працэсу ў абсягах рытмэмы нельга кампэнсаваць рэгулярным паўтарэньнем гэтага парушэньня.

Рэзкія зьмены рытмавых чаканьняў прыводзяць да празаізацыі вершаў. Ці, у лепшым разе, лягаэды вымагаюць такой напружанай рэцытацыі, якая разбурае цэласнасьць эстэтычнага ўспрыняцьця. Аднак сылябічныя памеры, асабліва няцотныя, адзінацца­ціскладовік, трынаццаціскладовік, якраз становяць нешта сярэдняе паміж лягаэдам і дольнікам. Яны задаюць нязмушаную пульсацыю рытму, дзе дактыль абяртаецца ямбам, пэон першы — амфібрахам, а манатонія нібы ўвесь час адкладваецца «на потым».

Думаю, што ў будучыні сылябіка дазволіць рабіць перайманьні з антычнага больш вольныя, гнуткія, якія будуць сьледаваць духу, а ня літары першаўзораў. Вышэй я прапанаваў дзьве элегіі, у першай зь іх імітуецца страфа Алькея, а ў другой — памер Аскле­піяда. Аднак, перш чым прасачыць лёгіку трансфармацыі, пункцірна пакажам, выхо­дзячы з пэўных пастулятаў, традыцыі беларускага страфаваньня.

Пастуляты: Рытм вершу вынікае з раўнамернага чаргаваньня націсьненых ды ненацісьненых складоў і вымяраецца мэтрам. Від мэтру задае інварыянт рытму, адхіленьні ад мэтру даюць варыянты рытму. Націсьненыя склады, якія задаюць рытм, называюцца іктамі. Ікты, якія адпавядаюць інварыянту (ці расьпеву), складаюць кантрольны шэраг. Адхіленьне іктаў ад кантрольнага шэрагу стварае пульсацыю рытму. Інварыянтавы парадак іктаў у радку ці паўрадку становіць рытмэму. Рытмэмы разьдзяляюцца цэзурамі і міжрадковымі паўзамі. Радок зь некалькіх рытмэмаў становіць супрарытмэму. Спалучэньне рытмэмаў паводле законаў сымэтрыі ўтварае страфэму. Страфэма становіць сабою інварыянт страфы. (Вершавы абзац, які яднаецца вылучна адною сэмантыкай, а ня рытмавай сымэтрыяй, называецца страфоідам.)

Эксплікацыя: Кожная літара абазначае склад. Малая літара (о) — ненацісьнены склад, вялікая літара (О) — слаба націсьнены ікт, вялікая тоўстая літара (О) — моцна націсьнены апорны ікт. Парадкавыя тоўстыя літары абазначаюць ікты з рымамі (А; Б; В). Месца пульсацыі іктаў перадаецца курсівам (ОО). Дзьве касыя рысачкі (//) абазначаюць цэзуру, адна касая рысачка (/) — слабую або імаверную цэзуру, роўная рысачка (|) разьдзяляе ступы (толькі ў антычных вершах). Роўны шэраг літараў перадае інварыянты: рытмэму (ОоОо) або супрарытмэму (ОоОо//ОоОо).

2. Уяўленьні аб прыродзе страфы да гэтае пары досыць цьмяныя і супярэчлівыя. Пашыраная думка, маўляў, асноўным будаўнічым матэрыялам строфаў служаць рымы (Гаспараў), дзей радкі ў страфе яднае супольная думка (Квяткоўскі), і вельмі рэдка ўспамінаецца пра тое, што «асноўнае ў страфе — гэта рытмічная цэласнасьць» (Рагойша). Насамрэч сэмантычная завершанасьць страфы — зьява спадарожная, страфа вершу адпавядае абзацу прозы не нашмат больш, чым радок адпавядае сказу. Гістарычна страфа разьвівалася разам з рытмам. Тым часам рымы толькі адцянялі рытмавыя хады. Расейская паэзія пераняла строфы з эўрапейскіх літаратур ужо ў завершаным выглядзе і таму не дае матэрыялу для паўнавартае карціны. Сыляба-танічная страфа бляклая і нецікавая. Запраўдны росквіт страфаваньня можна назіраць у сылябіцы.

Найстарэйшы беларускі памер — чатырнаццаціскладовік. Яго мы спаткаем яшчэ ў Францішка Скарыны, калі слушна запішам ведамыя хрэстаматыйныя радкі:

Богу ў тройцы ядынаму // ка чці і ка славе,

Мацеры яго прачыстай // Марыі к пахвале...

Ён складаецца з васьмі- і шасьціскладовых паўрадкоў. У выніку дыхатаміі чатырнаццаціскладовы двуверш разьвіўся ў чатырохрадкоўе каламыйкавага вершу, які, сваім парадкам, перажываў разнастайныя мадыфікацыі. Асноўны мэханізм разьвіцьця строфаў — гэта дзяленьне і складваньне рытмэмаў, а дадатковыя — вар’яваньне кляўзулаў і гульня рымаў. Асабліва багатая на строфы літаратура барока. Усяго некалькі вершаў Дамініка Рудніцкага, цудам захаваных, даюць матэрыялу часамі больш, чым цэлыя літаратурныя эпохі. Ніжэй разгледзім арыгінальныя страфэмы Дамініка Рудніцкага, Яна Баршчэўскага ды Каруся Каганца, узьніклыя на базе чатырнаццаціскладовіка.

Таксама разгледзім некалькі страфэмаў, утвораных на базе г. зв. «кальцоўскага» вершу. Лічыцца, быццам гэты верш заўжды белы, але гэта ня так. Асноўная ж адметнасьць «кальцоўскага» вершу ў тым, што яго канстанта прыпадае не на канец, а на сярэдзіну радка. Сам жа верш можа прачытвацца як анапэст і харэй. Задоўга да Кальцова яго тарнаваў расейскі паэт Мікалай Львоў. Беларускі паэт Адам Гурыновіч зарымаваў «кальцоўскі» верш і ўвёў такое чаргаваньне канчароў, што дало нутраны альтэрнанс. Адам Бабарэка прылучыў да агульнае схемы два радкі чыстага анапэсту, утварыўшы тым самым унікальную страфу-лягаэд, дзе не парушаецца расьпеў.

Страфэма чатырнаццаціскладовага двувершу:

ОоОо/ОоОо//ОоОоОо

ОоОо/ОоОо//ОоОоОо

Страфэма каламыйкавага чатырохрадкоўя:

Оо/Оо//Оо/Оо

 ОоОоОо

Оо/Оо//Оо/Оо

 ОоОоОо

Мадыфікацыя страфэмы каламыйкавага чатырохрадкоўя:

ОоО//ОоО

 ОоОоОо

ОоО//ОоО

 ОоОоОо

Страфэма Каганца:

ОоА//ОоА

 ОоОоБо

ОоВ//ОоВ

 ОоОоБо

Страфэма Гурыновіча:

ОоАоо

  ОоБоо

ОоАоо

  ОоБоо

Страфэма Бабарэкі:

ОоАоо

  ОоБоо

ОоАоо

  ОоБоо

ооОооВ

ооОооВ

Страфэма Рудніцкага першая:

ОоАо/ОоАо//ОоОоБо

ОоВо/ОоВо//ОоОоБо

ОоОоОоО//ОоОоГо

ОоОоОоО//ОоОоГо

Страфэма Рудніцкага другая (варыянт А):

ОоОоОоО//ОоОоАо

ОоОоОоО//ОоОоАо

ОоОоОоБ//ОоОоОоБ

ОоОоВо//ОоОоВо

Страфэма Рудніцкага другая (варыянт В):

ОоОоОоО//ОоОоАо

ОоОоОоО//ОоОоАо

  ОоОоОоБ

  ОоОоОоБ

ОоОоВо

ОоОоВо

Страфэма Баршчэўскага:

ОоОоОоОоо//ОоОоА

ОоОоОоОоо//ОоОоА

ОоОоОоБ

ОоОоОоБ

  ОоОоОо

Правілы канструяваньня строфаў:

1. У абсягах рытмэмы нельга парушаць расьпеву.

2. У страфе можна вар’яваць ня больш як дзьве рытмэмы.

3. Пры вар’яваньні рытмэмаў не дапушчаецца альтэрнанс.

4. Пры вар’яваньні рытмэмаў нельга зьмяняць канчара цэзуры.

3. Сыляба-танічныя лягаэды розьняцца ад сваіх прататыпаў тым, што наагул не ствараюць паэтычнага рытму. Гэта, як у дзіцячай гульні, чарапок умоўна называецца талеркаю, камячок гліны — піражком, трэска — лыжкаю, крывы сучок — тэлефоннай трубкаю. Хоць насамрэч усе ведаюць, што чарапок застаецца чарапком, гліна — глінаю, трэска — трэскаю, а сучок — сучком. Каб імітаваць лягаэды, як ні дзіўна, трэба адмовіцца ад іх самых і замяніць іх адэкватнымі тутэйшымі памерамі з мадыфікацыямі. Такую замену некалі зрабілі сылябісты, абярнуўшы страфу Сапфо сылябічным адзінаццаціскладовікам з абсечанаю ў канцы рытмэмаю. Балазе, інварыянт першага паўрадка супаў з апошнім кароткім радком Сапфо. Вось адзін з такіх узораў, які належыць нейкаму Н. і быў надрукаваны ў заходнебеларускім часопісе «Да злучэньня»:

Сьвяты Ігнацы, // Ойча даражэнькі,

Адважны рыцар // пры войску Хрыстовым,

Мы твае дзеці, // слабыя, маленькі —

Пад сьцягам новым!

Страфа Сапфо (антычны варыянт):

ОоООО||ооОоОО

ОоООО||ооОоОО

ОоООО||ооОоОО

ОооОО

Страфэма Сапфо (у сылябіцы):

ОооОо//ОоОоОо

ОооОо//ОоОоОо

ОооОо//ОоОоОо

ОооОо

Страфа Сапфо (сылябічны варыянт):

ООоОо//ОООоОо

ООоОо//ОООоОо

ООоОо//ОООоОо

ООоОо

Такую самую апэрацыю можна зрабіць з страфою Алькея. Амаль усе радкі страфы маюць дзесяць і больш складоў (першы і другі — 11, трэці — 9 і чацьверты — 10), значыць — верш мусіць мець цэзуру. Праз увесь верш яе трэба правесьці так, каб не парушыць адзінства рытмавага працэсу. Балазе, першыя два радкі антычнага варыянту цэзуру маюць. Далей трэба трапна скасаваць лішнія ікты. Пры скасаваньні лішніх іктаў варта помніць, што два ікты, хочам мы таго ці ня хочам, усё роўна ня могуць стаяць упрытык — адзін зь іх будзе замінаць другому. У выніку трансфармацыі Алькеева страфа набывае выгляд белага сылябічнага дзесяціскладовіка з рознымі кляўзуламі: сьлізкаю (1; 2); тупою (3) і простаю (4). Ад расейскіх імітацыяў яна розьніцца перш-наперш трэцім радком, які не парушае расьпеву, а таксама нязмушанаю пульсацыяй іктаў.

Страфа

Алькея (антычны варыянт):

ОООО||Ооо|ОоО

ОООО||Ооо|ОоО

ООООО

Ооо|Ооо|Оо|ОО

Трансфармацыя страфы Алькея (прамежкавы варыянт):

ООоОО//ОооОоО

ООоОО//ОооОоО

ООоОО//ОоОО

ОооОо//оОоОО

Страфэма Алькея (у сылябіцы):

ОооОо//ОооОоо

ОооОо//ОооОоо

ОооОо//ОооО

ОооОо//ОооОо

Страфа Алькея (сылябічны варыянт):

ООоОо//ООоОоо

ООоОо//ООоОоо

ООоОо//ООоО

ООоОо//ООоОо

Верш Асклепіяда ў нашай мове сам сабою, незалежна ад нашага жаданьня, утварае дзьве рытмэмы пэнтону, разьдзеленыя цэзураю. Сярэдні націск у паўрадку можа быць, а можа й ня быць, бо не становіць сабою ікту. Калі ж ён ёсьць, дык для рытму малаістотна, куды ён бліжэй зьмяшчаецца, управа ці ўлева. Дарэчы, паэты, відаць, адчуваюць гэта інтуіцыйна, бо, як прызнаўся мне ў вуснай гутарцы Андрэй Хадановіч, ён, пішучы Асклепіядавым вершам, менш за ўсё зважаў на сярэдні націск. Затое вельмі важныя першы і апошні націскі ў кожным паўрадку, яны зьяўляюць ікты пэнтону. А зь іх найважнейшы — апошні, які, як ведама, становіць сабою канстанту.

Вэрс Асклепіяда (антычны варыянт):

Оо|Ооо|О||Ооо|Оо|О

Супрарытмэма Асклепіяда (у сылябіцы):

ОооооО//ОооооО

Вэрс Асклепіяда (сылябічны варыянт):

ОоООоО//ОоООоО

У выніку ў мяне выйшла пяць рэалізацыяў рытмэмы: 1) восенныя лісты; 2) моўчкі прыйдуць зубры; 3) ціха лісты мігцяць; 4) пад акампанэмэнт; 5) сьлёз нявыплаканых. Калі першая зь іх ісьніць сылябічны інварыянт, другая і трэцяя сьледуюць антычнаму канону і не супярэчаць сылябічнаму, чацьвертая парушае антычны канон, але не супярэчыць сылябіцы і сыляба-тоніцы, дык пятая для мяне самога сталася нечаканасьцю. Канстанта ў пятай рытмэме захоўваецца за кошт рытмавае інэрцыі і дыясталы, якая тут узьнікае. Падобныя варыянты цікава разнастаяць верш, але зь імі трэба быць асабліва пільным, каб не разбурыць рытмавага цэлага.

  паэт, мовазнаўца. Сталы аўтар «ARCHE».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 6 (40) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/25