A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЗЬМІЦЕР СЕРАБРАКОЎ | ||||
Дванаццаты год Лукашэнкіяны З мазаічна-псыхапатычнага пано складваецца цэльная карціна
Дзесяцігодзьдзе знаходжаньня ва ўладзе прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў справе памнажэньня багацьця беларускай літаратуры новымі жанрамі і новымі творамі плённасьцю і разнастайнасьцю няма з чым параўнаць. У савецкія гады ў Беларусі амаль не было такой распаўсюджанай у дысыдэнцкіх колах практыкі антыўрадавага самвыдаву. Лукашэнкаўскае кіраваньне дало беларускай інтэлігенцыі шанец «дагнаць страчаны час» – прайсьці ўсе этапы фармаваньня дысыдэнта як спажыўца палітычнай сатыры. За гэтыя гады выйшла больш за паўтара дзясятка кніг, мноства часопісных і газэтных публікацыяў, распаўсюдзілася інтэрнэт-літаратура, зьява, якая і ня сьнілася тым вальнадумцам, якія псавалі вочы над блядымі ксэра- і нават гектаграфічнымі копіямі «Архіпэлягу ГУЛАГу».
Зьмяніліся жанр і стыль «твораў на зададзеную тэму», якія зрабіліся глебай для цікавых, амаль літаратуразнаўчых досьледаў. У адным з нумароў «БДГ» у артыкуле «Герой нашага часу» (9/2002) была дадзеная спроба тыпалягізацыі антылукашэнкаўскага самвыдаву. Пераломным як для прэзыдэнта, які з казачным адрывам ад канкурэнтаў выйграў свае другія выбары, так і для апазыцыі і яе стратэгіі палітычнай і ідэалягічнай барацьбы ва ўсiм сьвеце стаў «год блiзьнятаў». Пачатак 1990-х гадоў і пачатак кіраваньня прэзыдэнта Лукашэнкі праходзіў усё яшчэ ў рэчышчы наіўнай кабалістыкі і веры ў моц друкаванага слова. Савецкія дысыдэнты 1980-х усур’ёз лічылі, што саўдэпіі прынёс сьмерць ксэракс, то бок мэханізмы для свабоднага распаўсюджваньня і множаньня інфармацыі. У 1990-я разам з крушэньнем бэрлінскага муру парушылася манаполія ўлады на інфармацыю. Абрынулася цэлая сыстэма каардынатаў, а паводле правілаў лёгікі – з супярэчных выказваньняў можа быць выведзенае любое, якое заўгодна выказваньне, «усё магчыма», anything go.
Першыя крокі Аляксандар Лукашэнка зрабіў не на эканамічным, матэрыяльным полі, а ў сфэры ідэяў – адмяніў прынятыя папярэднікамі дзяржаўныя сымбалі і ўтрываліў у сваіх правох паноўную мову Савецкага Саюзу. Таму і першасная рэакцыя супраціўнікаў прэзыдэнта адбылася на полі філялёгіі і наіўнай літаратурнай варажбы – фэльетон Анатоля Стрэлянага «Сашка» і ананімная паэма «Лука Мудзішчаў» закляймілі выскачку «агнём сатыры», як калісьці мастакi-карыкатурысты ў савецкіх выданьнях кшталту «Крокодила» або «Вожыка». Паколькi першасная рэакцыя заўсёды найбольш шчырая i амаль пазбаўленая палiтычнай i спажывецкай каньюнктуры, гэтыя творы, бадай, найлепшыя, прынамсi ў мастацкiм сэнсе. У паэме прасочваюцца традыцыi ананiмнай народнай паэзii, бурлеску, хрэстаматыйных «Тараса» i «Энэiды». Фэльетон Анатоля Стрэлянага, журналiста расейскай службы радыё «Свабода», знаходзiцца ў рэчышчы брэхтаўскай «кар’еры Артура Ўi» («першая думка, якую, прачнуўшыся прэзыдэнтам, адчуў Сашка, гэта тое, што нiкога больш над iм ня будзе…»), кар’еры маленькага чалавечка, на якога зьнянацку звалiўся вялiкi кавалак нiчым не абмежаванай улады. Збольшага гэткая карнавалiзацыя была працягам перабудовачнай свабоды слова, калi здавалася немагчымым, каб iдал дзяржаўнай улады, дэсакралiзаванай на пачатку 1990-х гадоў, пачаў узыходжаньне на паганскi Алiмп. Значэньне твора Славаміра Адамовіча «Забі прэзыдэнта» ўжо на першы погляд знаходзiцца зь iншага боку лiтаратуры i мастацтва: верш больш правакацыйны, палiтызаваны. Групе лiтаратурных экспэртаў на судзе лёгка ўдалося давесьцi, што зь лiтаратурнага гледзiшча верш ня мае асаблiвай вартасьцi, акрамя таго, у ім няма згадак пра канкрэтную асобу, зьнявага якой вартая пазбаўленьня волi. Тым ня менш, усё атрымалася так, як, здаецца, паэт i плянаваў: правакацыя выклiкала рэпрэсiю, рэпрэсiя выклiкала цiкавасьць адпаведных колаў да асобы паэта-бунтара... У вынiку паэт апынуўся ў эмiграцыi, што азначае iзаляцыю i адарванасьць ад глебы большую, чым зьняволеньне на нарах Валадаркi. «Забi прэзыдэнта» – анархiчны тэкст пра ўладу ўвогуле. «Прэзыдэнт» увасабляе пэрсанiфiкаваны прынцып легiтымiзаванага гвалту падпарадкаваньня Майстру, Гаспадару, Генсеку, Фараону i г. д. Валянцiн Акудовiч пазначыў гэты твор як удалае спалучэньне «эстэтыкi плястыкавай бомбы» i адраджэнскай ахвярнасьцi («Разбурыць Парыж»). Бомба, скажам, такая ж папяровая, як i тая, якой сам Акудовiч зьбiраўся бамбардаваць Элiзэйскiя палi, iнакш тэрарыста Адамовiча не пусьцiлi б на эмiграцыю ў Нарвэгiю – там такiх «эстэтаў» ня дужа шануюць.
Гэтыя аўтары спрабавалi разглядаць беларускую праблему празь мiстычна-мэтафiзычныя акуляры, мода на якiя таксама пачалася задоўга да перабудовачных часоў. Выбух мас-мэдыяў i дазвол на тое, што раней было забаронена, непазьбежна выклiкаў цiкавасьць да бiблейскiх (як у Быкава) i эзатэрычных сюжэтаў, зьвязаных зь пераменамі ў сьветапоглядзе. Мэтафара выбранага народу, якога выводзяць зь няволi ў зямлю абяцаную, часта гучала ў дачыненьні да посттаталітарнага грамадзтва, якому, на думку аналітыкаў, патрэбная была зьмена пакаленьняў, каб перажыць заганны мэнталітэт, замест якога павінен быў прыйсьці аптымістычны рай рынкавай эканомікі і адкрытага грамадзтва. Вінаваты ва ўсім, канечне, той, хто стаiць на шляху да «прагрэсу», «росквiту», «мадэрну» цi нават «постмадэрну» i iншых зьвязаных зь «люстпрынцыпам» канатацыяў. Кайфалом, якi не дае як трэба пазабаўляцца, трапiць у нiрвану сьветлай будучынi. Трэба ўсё ж дадаць, што на наркотык прыўкраснага заўтра падсаджвалi ўсё ж бальшавiкi. Чаму так прагне атрымаць «вiзу ў ХХІ век» аўтар кнiгi, якi самастойна авалодаў мудрасьцямi эзатэрычных навук таварыства Рэрыхаў i Блавацкай i прагне падзялiцца з чытачамi?
Из некоторых источников, от людей, знающих куда более, чем автор, есть информация, что дело мы имеем с воплощенной в человеческое тело Лукашенко монадой Гитлера… специфика рождения, председатель колхоза – ефрейтор, стремительный вход во власть, референдумы и прочие методы действий... (Іван Статысячны, «Віза ў 21 век»)
Зь iншага боку, ёсьць паведамленьне пра пэўнае эзатэрычнае таварыства, якое запрашала прэзыдэнта РБ ачолiць рух духоўнага аднаўленьня ўсёй плянэты, пачаўшы зь Беларусi (Ізяслаў Адліванкін, «Нашэсьце. У атачэньні сэктаў і акультызму»). Пошукi мэтафiзычных абгрунтаваньняў апрыёры заганнага стану рэчаў атрымлiваюцца пошукамi канфуцыянскага чорнага ката ў чорным пакоi. Абвясьцiць дзейнага прэзыдэнта манадай Чынгiсхана, цi заявiць пра сакрэтную амбуляторную карту псыхiчна хворага, цi запусьціць журналiсцкую качку пра таямнiчага цыгана ў радаводзе «шклоўскага бастарда» – рэчы з арсэналу махляроў-барзапiсцаў, якія разьлічваюць на посьпех кічу. Падголаўская «Куля для прэзыдэнта» – своеасаблівы раман-калямбур, назва якога ўгрунтаваная ў гульню сэнсаў-сымбаляў слова куля: куля – гэта і назва кія для кульгавых інвалідаў, і геамэтрычная фігура, да якой падобная наша плянэта, ну і ўласна куля, якую прагне паслаць у вантробы дыктатара-Цэзара гіпатэтычны Брут. Казачны сюжэт, натхнёны літаратурнымі алюзіямі з караткевічаўскай «Ладзьдзі роспачы», пазытыўны пэрсанаж сымбалізуе віталістычна-гуманістычныя ідэалы, нэгатыў абрысаваны ў эстэтыцы сьмерці і распаду. Маніхейскі дуалізм, між тым, як відаць няўзброеным вокам, карэніцца ў савецка-мадэрновым прагрэсізьме і веры ў сьветлую будучыню, казачны рай, шлях да якога перагарадзіла агідная пачвара.
У рызыкоўным творы вядомага паэта-песеньніка Ўладзімера Някляева – гісторыя душы рэстараннага музыканта, «лабуха». Узыходжаньне ад паўнаты матэрыяльнага быцьця ў плерому абсалюту разгортваеца на тле знаёмых дэкарацыяў беларускага аўтарытарнага рэжыму. Містычны падтэкст прачытваеца лёгка, ключавое слова «дао» і развагі пра кітайскую філязофію дазваляюць не засяроджвацца на адцягваючых увагу добрасумленна прапісаных парнаграфічных эпізодах раману, а выстройваць ланцужкі паняткаў: сэкс = гвалт; улада = сэкс. Прэзыдэнт зьяўляецца першарухавіком у працэсе пасьлядоўнага траху, вяршыняй піраміды, ля падножжа якой знаходзяцца самыя прыніжаныя і зьнядоленыя. Па-за гэтым сьветам – «нішто», дао, ня-дзеяньне і ўвадначас творчая аснова сусьвету. Дзеяньне бязь дзеяньняў, калі ў двух словах. Найвышэйшы і наймудрэйшы стан усяго існага і няіснага. Чалавек трымаецца зямлі, зямля трымаецца неба, неба трымаецца дао, а дао – самога сябе. Дао настолькі ўва ўсім прысутнічае, што і адсутнічае ўва ўсім. Слова «раманчык» тут мае некалькі значэньняў: па-першае, так зваць галоўнага героя «Лабуха» – Раман Канстанцінавіч, далей – гэта літаратурны жанр і назва лёгкай амурнай прыгоды без асаблівых абавязкаў, нарэшце, «раманчыкам» герой называе свайго скуранога сябрука, безь якога, зразумела, ніякія раманчыкі ўвогуле немагчымыя. Пра што гэтая кніга? Скандальны літаратурны твор, у якім на першых ста пяцідзесяці старонках падрабязна апісваюцца: палавы акт з маладой дзяўчынай, палавы акт са здаравеннай жанчынай (прафэсаркай) з рубэнсаўскімі формамі, успаміны пра вясковага прыдурка-заафіла, згадкі пра гомасэксуалістаў, жанчына, муж якой філёзаф-кітаіст – імпатэнт, таму яна займаецца сэксам з догам, палавы акт з пажылой жанчынай, успаміны пра сэкс у самалёце, сэкс на могілках з удзелам прывіда Амэліі, фантазіі на тэму сэксу з гераіняй карціны нямецкага мастака эпохі барока «Шакалядніца»... і шмат, шмат іншага, не хапае хіба толькі гумовай лялькі, але і яна зьяўляецца – і ўрэшце ў чытача ёсьць шанец дайсьці да палітычнай інтрыгі. Лабуха зьбіраюцца выкарыстаць улады. Шантажуюць забойствам, якога той не зьдзяйсьняў, каб Раманчык выступіў спачатку супраць кандыдата ад улады, пайшоў у апазыцыю, а пасьля выйшаў з апазыцыі і выступіў па тэлевізіі з сэнсацыйнымі выкрываньнямі апазыцыйных махінацыяў. Але ўсё канчаецца хэпі-эндам ува ўсходнім стылі. Хэпі-энд для героя-амараліста – гэта стан нірваны, атрыманьне дао, боскага прынцыпу, які ня мае формы і зьместу. Гэнры Мілер лічыў, што ўсё чалавецтва павінна прайсьці праз Тропік Рака – містычную кропку поўнага надзіру, пасьля якой павінна пачацца ўзыходжаньне чалавецтва да нечага лепшага. У рамане Някляева таксама прысутнічае пэўны «тропік рака», так з дапамогай непрыстойнай сэксуальнай мэтафары аўтар сымбалізуе гвалтоўны характар улады ўвогуле і лякальнай у прыватнасьці:
Я трахаў Лі-Лі, паставіўшы ракам, мяне ў задніцу драў Патапейка, Патапейку – сябра ягоны Пятро Зіноўевіч, Пятра Зіноўевіча – Красевіч, Красевіча – падпалкоўнік Панок, падпалкоўніка Панка – Шыгуцкі... і ў гэтым трахальным карагодзе, стоячы адзін за адным, дралі адзін аднаго яшчэ сотні і сотні, тысячы і тысячы людзей... брат-міліцыянт і Росьцік, бамжы і Амед, палатны доктар Іосіф Данілавіч і нябожчык Адам Захаравіч, Поль і Алік, Максім Аркадзевіч і прафэсар Румас, Фэлікс і хто там яшчэ – не пазнаць, і колькі яшчэ – не зьлічыць... і ўсіх скрозь усіх, і мяне скрозь задніцы Шыгуцкага, Панка, Красевіча, Патапейкі, і Лі-Лі скрозь мяне трахаў прэзыдэнт – гэткі ў яго быў ялдак! Мы ўсе былі нанізаныя на ім, як на шампуры, апошняя круцілася на канцы ягоным Лі-Лі, і невыносна патыхала сырым мясам з экскрэмэнтамі, і дзеці Амеда бегалі, пасыпаючы ўсіх прыправамі: «Спэцый, спэцый трэба не шкадаваць!..» «А ты думаў сасьлізнуць!.. – вочы закочваючы і бліскаючы бялкамі, крычаў прэзыдэнт Фэліксу. – Давай пасыпай яго, татарва! А то сьмярдзіць па-амэрыканску!..» Ён так кайфаваў, што мае ўсіх праз кожнага ў адну дзірку – у яго рот перакошваўся, і сьліні цяклі ад кайфу... Фэлікс быццам сон мой бачыў... «І ведаеш, што ён адказаў?.. Што ў яго канец такі здаровы?..» – «Не... Што ён прэзыдэнт, а таму можа трахаць каго хоча і як хоча... І, калі дамовімся, я таксама трахаць буду, каго захачу... Апроч Яго».
Такiм чынам, сацыяльная роля першай асобы краiны зьлiваецца з сэксуальнай, быццам гаворка iдзе не пра дзяржаўную асобу i дзяржаву, а пра статак шымпанзэ. Шукальнiкi «кампраматаў» таксам недалёка адышлi ад дамарослых парнографаў. «Беларуска» мiтычнай Марты Пiньскай – гэта не гiсторыя жыцьця прэзыдэнта, а хутчэй гiсторыя пра жыцьцё пры прэзыдэнту. «Беларуска» ўвасабляе «здаровыя» сэксуальныя сiлы краiны, якiя зьдзяйсьняюць нейкi незразумелы нэафiтам сэксуальны рытуал, глыбiнны сэнс якога можна лепш растлумачыць на прыкладзе ўзгаданага калектыву шымпанзэ.
Працягвае тэму «беларускага Казановы» кнiга, пазначаная прозьвiшчам, якое нагадвае пра апальнага шэфа дзяржаўнай бясьпекi. Тут ужо ня толькi журналiсцкае расьсьледаваньне – тут кампрамат з «архiваў сакрэтнай палiцыi», што, безумоўна, павiнна выклiкаць пачуцьцё баязьлiвай павагi ў легкаверных чытачоў. «Сакрэтная амбуляторная карта» шклоўскага маньяка дэманструе публiцы сапраўднага маральнага i псыхiчнага монстра зь неўраўнаважанай псыхiкай, пазбаўленага маральных прынцыпаў, схiльнага да дробнай хлусьнi i крадзяжу.
Из показаний горничной гостиницы «Октябрьская»: Я женщина одинокая, ребенка одна ращу. А тут народный депутат, обходительный такой, простой наш мужик. Обещал картошки привезти, помочь деньгами… После всего, что было – противно говорить. Поимел и бросил, как у нас девки говорят. Ни картошки, ни денег. Сволочь, извращенец. Белье мое спрятал. Говорит, на память. («Нашэсьце»)
Зрэшты тэма «права на шчасьце» намэнклятурнага работнiка абмяркоўвалася ў той самай знакамiтай савецкай кiнастужцы «Любоў зямная», дзе задужа шчадралюбны старшыня калгасу заблытаўся ў сваiх амурах. Чаму, аднак, прэзыдэнту не дазволена тое, што дазваляюць сабе супрацоўнiцы беларускай службы радыё «Свабода» ў рамане «Беларуска», немагчыма растлумачыць нiякай лёгiкай. Вiдавочная падвойная бухгальтэрыя: калi ў адных пэўнае дзеяньне разглядаецца як жыцьцёвы парыў сэксуальнага рэвалюцыянэра ў змаганьнi з дыктатурай шэрасьцi, то ў другiм выпадку блудлiвыя прыгоды маюць прычынай нэгатыўны ўплыў нячыстых генаў расава непаўнацэннага прэзыдэнта. Мiт пра «цыганскае паходжаньне» палiтычнага апанэнта, безумоўна, не ўпрыгожвае «чорных пiяршчыкаў», бо ён не зьяўляецца палiткарэктным, а само такое паходжаньне ніколі не было злачынствам. Любоўныя авантуры маладога дэпутата, якiя бляднеюць на тле скандалаў заакiянскiх калегаў, ды фiнансавыя махiнацыi прэзыдэнцкай каманды, апiсаныя ў «Нашэсьці», выглядаюць непераканаўча. «Выпадковы прэзыдэнт» Калiнкiнай i Шарамета – безумоўны скок у бок большай аб’ектыўнасьцi: «этыка журналiстаў» (калі яна яшчэ iснуе) не дазваляе абсмоктваць акалiчнасьцi «таямніцы паходжаньня» кiраўнiка дзяржавы, тым больш акцэнтаваць нібыта сэмiцкiя каранi прэзыдэнта. Замест незвычайных сэксуальных здольнасьцяў, якiя ў традыцыйных дзiкiх плямёнах i ў архетыпах масавай сьвядомасьцi зьяўляюцца неабходным атрыбутам правадыра статку, аўтары «Выпадковага прэзыдэнта» прыпiсалi лiдэру нацыi іншы мiстычны сымбаль улады i магутнасьцi – грошы. Дзесяць мiльярдаў даляраў на сакрэтных рахунках у швайцарскiх банках, што перавышае даходы расейскiх алiгархаў. У нашай невялiкай краiне алiгарх можа быць толькi адзiн. Адзiн з удалых эпiзодаў кнiжкi – гiсторыя эканамiчнага генiя дэпутата Лукашэнкi, якi раіў Гарбачову не прымаць праграмы «500 дзён». Дакумэнтальныя кадры паказваюць чалавечка з чырвоным тварам за эсэсэсэраўскай трыбунай, якi, мiтусьлiва ўсьмiхаючыся, нешта гаворыць прэзыдэнту СССР… Прэзыдэнцкае славаблудзьдзе таксама на сёньня не загана – дзе, скажэце, цяпер Гарбачоў, а дзе Ён?
Андрэй Клiмаў адбыў шасьцiгадовы тэрмiн пакараньня за эканамiчныя злачынствы, так бы мовiць, «нi за што». Тут дарэчы будзе згадаць показку сталiнскiх часоў «нi за што дзесяць гадоў даюць». Зь месцаў зьняволеньня былы пажарны, дэпутат, банкiр, газэтны алiгарх i г. д. выйшаў поўны аптымiзму i веры ва ўласную будучыню: ён правёў некалькi прэс-канфэрэнцыяў, выдаў некалькi кнiжак, засьвяцiўся ў бамондзе, словам, зрабіў усё неабходнае, каб стаць вялікім палітыкам там, дзе яму трэба. Там, але ня тут. «Тутэйшае» тэлебачаньне альбо цалкам праігнаравала апазыцыйнага палітыка, альбо паказала ў абсалютна непрыдатным для грамадзкага дзеяча кантэксьце: фільм «Дарога ў нікуды» зрабіў зь вязьня замку на Валадарцы поўнага ідыёта з маніяй велічы, які разважае пра лёс айчыны то з Напалеонам, то з Альфрэдам Нобэлем… Насамрэч, увесь час знаходзіцца ў пэрманэнтным маналёгу з самім сабой, а журналіст Яўген Агурцоў толькі фіксуе палёт думкі былога майстра тушэньня пажараў. Куды цікавейшы апошні твор Андрэя Клімава – «Паўстаньне 2005», дзе Клімаў абвясьціў дзень 25 сакавіка пачаткам рэвалюцыі, пасьля якой павінны пачацца сапраўдныя перамены. Перамены, дарэчы, адбыліся, але толькі ў лёсе аўтара бэстсэлеру, які зноў трапіў за краты – неблагі вынік, якім улады прызналі адносную псыхічную прытомнасьць літаратурнага экстрэмала. Славамір Адамовіч і Павал Севярынец таксама вылучыліся публікацыяй «турэмных дзёньнікаў», чым унесьлі свой творчы даробак у літаратуру турэмных мэмуараў, а Адамовіч цяпер яшчэ працуе ў жанры «лістоў з выгнаньня».
Карты і картачныя гульні заўсёды зьвязваліся зь містыкай і таямніцай. «Пікавая дама», «Клюб самагубцаў», «Аліса» і «Новыя прыгоды ката ў ботах»… У свой час картачныя столікі нават былі месцам містычнага пераразьмеркаваньня вялікіх грашовых сумаў і нерухомасьці. У дваццатым стагодзьдзі карты сталі фішкай у палітычных гульнях. Матронкі і карты з тварамі палітыкаў – гэта даўно ўжо не біном Ньютана. Апошняя творчая акцыя – вядомая калода картаў, надрукаваных для амэрыканскага экспэдыцыйнага корпусу ў Іраку, каб джы-ай маглі апазнаць ворага дэмакратыі (варта адзначыць, што карты са здымкамі адміністрацыі амэрыканскіх прэзыдэнтаў таксама час ад часу друкуюцца). Нарэшце зазірнула сонца і ў наша аконца. Добразычлівыя жартаўнікі выпусьцілі цэлую прэфэрансавую калоду на 54 карты з джокерамі. Галоўны Джокер Рэспублікі – вядомы нам лыжнік з Карла Маркса, 38. Рэшта – прэзыдэнцкая каманда. Іншыя вядомыя і невядомыя палітыкі. Нас цікавіць, аднак, крытэр адбору – чаму гэты, а ня іншы? Партнэрам галоўнага Джокера краіны стаў прем’ер краіны Анатоль Тозік, генэралы, міністры, судзьдзі – каралямі, валетамі і іншай драбязой, тэлепіскуны Зімоўскі, Шынкар і Новікаў – вядома ж, шасьцёркі. Ярмошына і Ермакова – дамы. А вось і дама пік Тамара Віньнікава. Але ў калодзе яна чырвовая дама! Чаму? Такая яркая брунэтка... Яе прыналежнасьць да клану ўлады несумнеўная – былая старшыня Нацбанку, якая на ўсялякі выпадак уцякла за мяжу, што дало прэзыдэнту падставу гаварыць, што, маўляў, астатнія зьніклыя палітыкі таксама недзе ўсплывуць. Вось што піша пра Віньнікаву Андрэй Клімаў («Плошча Незалежнасьці»): «Яна мне падабалася – прыгожая, разумная, але – сьцерва! Баба, што ні кажы, з мазгамі і абаяньнем. Небясьпечная мешаніна. Загубіла яе тое, што і яна хацела выкарыстоўваць Аляксандра Рыгоравіча...» Дарэчы, акрамя таго, што дзейны прэзыдэнт краіны любіць коўзацца на лыжах і зьбіраецца кіраваць да канца жыцьця, нічога больш не сказана. Затое пра больш дробных пэрсанажаў Вялікай гульні коратка і безапэляцыйна: «Прыстасаванец!» Гэта Чыкін. Старшыня райвыканкаму Клімавіцкага раёну Канавалаў злоўлены на спробе вывезьці з тэрыторыі флягману лікёра-гарэлачнай вытворчасьці пяць скрыняў гарэлкі… Як гэта разумець у сьвятле славутай дырэктывы № 1? Калі п’е, а ня летам у хакей на лыжах гуляе – дык, можа, ён апазыцыянэр? «Тормаз ува ўсіх сэнсах гэтага слова» – Анатоль Малафееў. І шмат, шмат (54, як мы казалі) іншых. Але дзе ж... Урал Рамдракавіч? Дзе Латыпаў?! А рэдактар «Саўбелкі» Павал Якубовіч! Забыліся (хоць журналістку флягману ўрадавай прэсы Людмілу Масьлюкову намалявалі званковай дамай за тое, што яна пакінула шчыльныя рады змагароў за дэмакратыю і ўцякла ў лягер праціўніка)! А Філарэт! Таксама ўлада! Што за неахайнасьць! І яго няма! Судзьдзя Вера Тупік, якая, дарэчы, асудзіла таго ж Клімава на шэсьць гадоў за фінансавыя махінацыі, ня трапіла ў дамы – ёй дасталася жалудовая дзявятка. І гэта адзіная жанчына, якой не хапіла статусу дамы. А Ніна Чайка дзе? Радыёпраграмы «Размова па сутнасьці» не саступаюць і па сутнасьці вячэрнім разважаньням Шынкара і Зімоўскага, пра якога, дарэчы, напісалі, што ягоныя «тэлепэрлы» каштавалі краіне 2000 даляраў штомесяц. Кампазытар Эдуард Ханок з гармонікам. Ён напісаў песьню «Таварыш прэзыдэнт». А дзе пісьменьнікі, дзе паэты? Ёсьць рэжысэр Азаронак. Але ці ён адзін такі? Якой этыкай, якой сыстэмай каардынат карысталіся складальнікі калоды? Незразумела. Але, зь іншага боку, мэта аўтараў дасягнутая. Сумныя, трэба сказаць, вынікі, спадары гусары. Такіх картаў можна было б намаляваць і сто, і тысячу. У чэхаўскіх чыноўнікаў, прынамсі, была сыстэма – картачную масьць чыноўнікаў аднаго дэпартамэнту немагчыма зблытаць зь іншай. А тут – нават дэмакратычны дэпутат У. Навасяд (бо ўжо не такі дэмакратычны) трапіў у калоду пад знакам 7 чырваў. Усе там будуць. Шкада толькі, што карты гэтыя немагчыма выкарыстаць паводле прызначэньня – кароткія занатоўкі аўтары здагадаліся зьмясьціць на адваротным баку, там, дзе павінна быць аднолькавая для ўсіх кашуля. Увесь сэнс любой гульні губляецца. Ну які можа быць кінг, якая тысяча, які віст, калі ўсе ведаюць прыкуп? А шкада – уявіце сабе, што можна было б пачуць: «А, ты зь Янчэўскага пайшоў! А мы яго Гайдукевічам! А на табе казырную Ярмошыну!..» Такім чынам, крытыка палітычнай апазыцыі зрабіла вялікі эвалюцыйны крок ад нападаў на асобу палітычнага лідэра да крытыкі і аналізу цэлай сыстэмы. Чыя віна ў тым, што ў нас так, а не інакш, чаму Беларусь пасоўваецца наперад не такімі хуткімі тэмпамі, як краіны Балтыі?
У дадатку да невялічкай зьместам і аб’ёмам кніжачкі зьмешчаныя сьпісы «прыхвасьняў Лукашэнкі» і «беларускай эліты». Гульня ў «раздачу сланоў» дужа нагадвала б славуты «Саюз мяча і арала» – аўтар рэвалюцыйнага бэстсэлеру сумленна перапісаў сьпісы «пяцёркі плюс» і сваім знаёмым раздаў крэслы міністраў, а малазнаёмым кандыдатам за тое, што яны добрыя людзі, проста месцы ў палаце прадстаўнікоў. У сьпіс патрапіў і зьняважаны ў згаданай вышэй калодзе Навасяд, і іншыя кандыдаты ад апазыцыі, якія пра аўтара дагэтуль толькі чулі… Акцыю, між тым, можна лічыць удалай: ня толькі заўважылі, але нават зноў пасадзілі. У размовах з шэксьпірамі і казановамі Клімаў відавочна засвоіў, што адзіны бясьпечны спосаб казаць, што думаеш, у краіне, дзе няма свабоды слова – гэта прыкінуцца клінічным блазнам, як прынц Гамлет, дэкан Сўіфт і многія іншыя культурныя героі.
Сам Фядута прызнаецца, што кніга была напісаная пасьля таго, як яму прыпісалі аўтарства «Нашэсьця», зь якім ён катэгарычна нязгодны. Нядзіўна: кніга, якую напісаў Фядута, павінна рэабілітаваць ня столькі збэшчанага чорнымі піяршчыкамі прэзыдэнта, колькі самога аўтара, каб зьняць падазрэньні ў неляяльнасьці. Калі «Нашэсьце» – твор ананімны, то ў Фядуты, як, зрэшты, і ў Андрэя Клімава, ярка выражанае ўласнае «Я»: Я і Лукашэнка. Ужо на першых старонках аўтар з замілаваньнем згадвае першую сустрэчу з кандыдатам у прэзыдэнты: «Саша» – прадставіўся кандыдат. «Не, гэта я Саша! А вы – Аляксандар Рыгоравіч, наш будучы прэзыдэнт», – запратэставаў камсамольскі важак. А празь дзьве старонкі апісваецца эпізод з жыцьця дырэктара саўгасу, які па дарозе ў Маскву бегаў па гарбатку для свайго «куратара», а пасьля славутых кансультацыяў з Гарбачовым («Правільна я гавару, Міхаіл Сяргеевіч?» «Так, так», – ківаў Гарбачоў») адчуў цудадзейную сілу ўлады і сам пачаў карыстацца паслугамі падхалімаў і шасьцёрак, якім нядаўна быў і аўтар яго «палітычнай біяграфіі», «кішэнны апазыцыянэр», як той пэрсанаж зь фільму «Случай з пацаном», якому сіплы барытон загадаў перад выбарамі «бацьку крыцікаваць».
«Случай з пацаном» быў зьняты з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Паводле сцэнара павінна было здарыцца менавіта тое, што здарылася. За гэта многія змагары за дэмакратычныя ідэалы папракалі стваральнікаў фільму ў дэкадэнцтве, пэсымізьме і нават у нейкім вычварна зразуметым калябарацыянізьме. Тым ня менш фільм атрымаў высокія ацэнкі крытыкаў, якія хвалілі яго за страчаны за апошнія дзесяць гадоў патас, волю да супраціву і палітычнага дзеяньня. «Рок на барыкадах» 1991 году выклікае настальгію толькі ў страчанага пакаленьня 1980-х. Моладзь XXI стагодзьдзя, якая пабачыла ўзьлёт і заняпад Аранжавай рэвалюцыі, ставіцца да яго зь вялікай доляй скептыцызму. Тым ня менш у незрэалізаванасьці нашых памкненьняў прысутнічае нейкая «пакуль-яшчэ-непрададзенасьць», і пакуль Беларусь яшчэ не зрабіла свой крок да «свабоды», свабода парадаксальным чынам яшчэ жыве ў якасьці ідэалу. Песьні «Ляпіса», «Нэўра Дзюбэля», «N.R.M.», «Deviation» пакуль яшчэ знаходзяцца ў полі забароненага, а таму і цікавыя і жывыя.
Час, безумоўна, зрабіў свае карэктывы ў галіне – у павуціньні Інтэрнэту можна знайсьці тое, што і ня сьнілася шэксьпіраўскім мудрацам. Пра існаваньне анімацыйных флэшак, дзе галоўным героем выступае дзейны прэзыдэнт краіны, многія грамадзяне Беларусі даведаліся са старонак дзяржаўнай газэты, дзе пісалася пра тое, як зачынілі крамольныя сайты. А ёсьць яшчэ безьліч рэсурсаў, дзе можна знайсьці самыя разнастайныя матэрыялы на зададзеную тэму ад вышэйзгаданых літаратурных твораў (на поўнае асьвятленьне якіх сёньня ня можа прэтэндаваць ніводны сумленны дасьледчык) да анэкдотаў, карыкатураў і г. д. Карцінку з Лукашэнкам-тэрмінатарам можна згрузіць для свайго мабільнага тэлефона, таксама як і прамоўленыя знаёмым сіплым голасам словы «ідзіот самы настаяшчы». Але, відавочна, усе гэтыя элемэнты маскульту бяскрыўдныя і малаэфэктыўныя, як асьліныя вушы ў спробе засланіць сонечнае сьвятло.
Улада не сьпяшаецца на кожную культурную атаку апазыцыянэраў адказваць на тым самым культурным полі – выпрабаваныя паліцэйскія сродкі ўціску і прыгнёту замяняюць артэфакты буйных жанраў – кіно, літаратуры і тэатру. Газэты і тэлебачаньне, аднак, знаходзячыся ў руках ураду, паводзяць сябе, як тое анэкдатычнае армянскае радыё, якое на пытаньне амэрыканскага «Колькі зарабляе савецкі інжынэр?» адказала: «А ў вас нэграў лінчуюць». Зусім нядаўна (13 верасьня 2005 году) у праграме «Правы чалавека» вялікі сябра таго самага Чалавека, чые правы бароніць, Яўген Новікаў супрацьпаставіў «прафэсійных удоў апазыцыянэраў» страшылкам зь лёнданскага дна, дзе адэпты людажэрскіх сэктаў сотнямі крадуць чарнаскурых хлопчыкаў для драпежных рытуалаў (што само па сабе зьяўляецца знакавым – ці не жадае параўнаць тэлевядучы Лукашэнку з Бакасам раённага маштабу?). Не адрозьніваецца ад банальных наездаў вузкалобых камэнтатараў «Міжнароднай панарамы» часоў халоднай вайны нядаўняе надта недыпляматычнае выступленьне прэзыдэнта ў ААН. Антыглябалісты, аднак, могуць у ладкі папляскаць: у адрозьненьне ад зласьлівага НТВ, на дзяржаўным расейскім канале РТР Лукашэнка выказаў тое, што кожны з прысутных употайкі марыў пачуць ад іншых. Выступленьне беларускага лідэра было нават аздоблена рэдзенькімі аплядысмэнтамі, якія, зразумела, не ідуць ні ў якое параўнаньне з авацыямі, якія зрываў «вэрмонцкі пустэльнік» Салжаніцын (а ён выступаў амаль з тымі ж прэтэнзіямі да ЗША), альбо парыскі прафэсар Жан Бадрыяр, які штогод чытае амэрыканцам лекцыі пра тое, якія яны дрэнныя. Як казалі старажытныя, quod licet Jovi… А кажуць яшчэ, што наша прапаганда кіруецца прынцыпам Гёбэльса «чым пачварнейшая хлусьня, тым ахвотней у яе вераць». Няпраўда, яна навучылася хлусіць больш сьціпла. Гёбэльса, аднак, можна згадаць зь іншай нагоды – 29 сакавіка на РТР ішоў фільм «Кукрыніксы супраць Гёбэльса». На пачатку былі кадры з прапагандысцкіх фільмаў Трэцяга Райху пра «вялікага сябра расейскага народу Адольфа Гітлера» і пра тое, як «нямецкі салдат абяцае ўкраінскім сялянам, што, вызваленыя з-пад прыгнёту жыдоўскіх камісараў, яны зажывуць, як нямецкія баўэры». Пасьля «Гёбэльса» быў сюрпрыз – праграма «Экспэрт», незаяўленая ў праграме. «Экспэрт» – гэта прапагандысцкі ролік беларускага тэлебачаньня, які нашыя байцы ідэалягічнага фронту падсоўваюць замест сумнеўнай якасьці прадукцыі расейскіх калегаў. У «Экспэрце» чыталі «Советскую Россию», пра тое, як нам тут на РБ жыць добра. Кожнае паасобку інфармацыйнае пасланьне ня выклікала б столькі радасьці, душэўнага ўздыму і пачуцьця гонару (вось толькі пытаньне – за каго?), чым спалучаныя разам фільмы пра добрага Гітлера і з цытатамі з «Саўрасіі». Правакацыя гэта ці, можа, дурасьць? Няважна. Кемлівы аналітык заўсёды патрапіць скласьці цэльную карціну з мазаічна-псыхапатычнага пано.
Найважнейшым з мастацтваў, вядома ж, зьяўляецца кіно, таму ў актыве ідэалягічных апанэнтаў разрозьненай апазыцыі кіно «пра апазыцыю» перажыло істотныя перамены: калі ў «Дзецях ілжы» рэжысэра Азаронка партрэт дэмакрата Статкевіча паказаны побач з кадрамі пра паліцаяў, а ў «Шляху ў нікуды» міксуюцца кадры зь фільму «Супрацьстаяньне» пра здрадніка Кротава, то ў новым шэдэўры беларускіх кінэматаграфістаў «Памылка рэзыдэнта» ўжо яўныя алюзіі на часы пасьляваенныя – пэрыяд халоднай вайны, а значыць, мірнага часу. І апазыцыянэраў не параўноўваюць з прыхвасьнямі-паліцаямі, а абзываюць «служкамі дзярждэпартамэнту ЗША». А гэта ўжо нешта, вам скажу. Тут ёсьць некалькі момантаў. Па-першае, дыктары сказалі, што ў нас няма глебы для існаваньня апазыцыі. Бо «ўзровень жыцьця расьце», зарплата, пэнсія, стыпэндыі асьпіранцкія і студэнцкія… і г. д. І тут паказваюць «карцінку» – печыва на апазыцыйных сэмінарах, мілыя сэрцу любога апазыцыянэра «хэрбатнічкі». Відавочна, аўтары фільму вучыліся ў Эйзэнштэйна, аўтара славутых кадраў з «Браняносца Пацёмкіна», дзе гнілое мяса ядуць злыя чарвякі, а сярдзітыя матросы круцяць галовы сытым «благародзіям». Кадры пра апазыцыйны сэмінар павінны таксама закружыць галаву галодным і раздражнёным гледачам. Але дазвольце, з тым узроўнем жыцьця, які нам абяцаюць відэаказачнікі, кожны беларус можа сам сабе купіць пернік і не ўладкоўвацца ў сумнеўны дэпартамэнт ЗША… А зь іншага боку, хай нашы апазыцыянэры дояць амэрыканскую карову, ня нашу ж родную рагулю ім даіць! Хай абажруць капіталістаў – нам жа патрэбная апазыцыя, як прэзыдэнту патрэбны праціўнік, каб гуляць у хакей. Не ў сваю ж браму яму кідаць шайбу! Ня бегаць жа яму ўвесь час на лыжах, трэба ж, каб было цікава нашаму прэзыдэнту, каб нехта варушыўся пад ім… але канструктыўна! А ня так, як некаторыя… Адным словам, паціху кіно пра апазыцыю эвалюцыянуе да «Чырвонай сьпякоты»: прыяжджае, скажам, Шварц зь Нью-Ёрку ў Менск, каб з нашымі кадэбістамі разам апазыцыянэраў мачыць, а яны яму кажуць: мы на заданьні, мы працуем апазыцыянэрамі, каб у прэзыдэнта міжнародны прэстыж падтрымаць…
чем планировал Батька… Дзьмітры Чаркасаў, «Беларускі набат» Расейскі палітычны дэтэктыў ня мог абмінуць Беларусь: сфэру стратэгічных эканамічных і ідэалягічных інтарэсаў, імпэрскай настальгіі і каляніяльнага гонару вялікаросаў. Шматмільённая армія чытачоў «Саўраскі» зь ліку падманутых укладчыкаў гатовая верыць, падобна героям горкаўскага бамжатніку, што ёсьць яшчэ на зямлі месца, незакранутае буржуйскімі рэформамі, дзе можна вярнуцца ў савецкае дзяцінства і зьесьці піражок за пяць капеек, а кіруе краінай мудры і кемлівы гаспадар ад сахі і ад касы. Казка для дарослых! Безумоўна, зьдзейсьніць сваіх грандыёзных плянаў ён ня можа, бо знаходзіцца ў варожым атачэньні, ён можа адно толькі перашкодзіць людажэрскім і драпежніцкім плянам супастатаў. Знаёмая паранаідальная лёгіка сталінізму павінна была знайсьці сваё ўвасабленьне ў літаратуры жанру шпіёнскага раману, дзе ідэалягічна вытрыманы Супэрмэн з інтэлектуальнай сілай Штырліца, ліцэнзіяй на забойства Бонда і шармам паручніка Ржэўскага разблытвае такі гадзючы клубок, як «беларускае пытаньне». У Расеі пісаньне дэтэктываў даўно ўжо пастаўлена на канвэер. У аўтара, які падпісвае свае творы як Аляксандар Бушкоў, Беларусі прысьвечаны другі раман з пэнталёгіі «На тое і ваўкі». «Дзьмітры Чаркасаў», «аўтар» двух дзясяткаў кніг самага рознага жанру, ад камэнтароў да Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РСФСР да раманаў-баевікоў і перакладаў японскай самурайскай лірыкі, на беларускую тэму стварыў цэлы сэрыял: некалькі выпускаў пад назвай «Апошні салдат прэзыдэнта» і найбольш цікавы «Беларускі набат». Калі Бушкоў яшчэ трымаецца ў рамках жанру савецкай літаратуры са сваімі эстэтычнымі і этычнымі табу і абмежаваньнямі, то брэнд «Чаркасаў» дэманструе абсалютную адсутнасьць тармазоў, творачы гібрыд баявікоў Джэймза Бонда і дэмбэльскага альбому. Сюжэт просты: у Беларусь зьніадкуль з шэфскай дапамогай прыяжджае супэрчалавек, шукальнік прыгодаў і карны меч правасудзьдзя, каб перашкодзіць ворагам зьдзейсьніць замах на супэрпрэзыдэнта. У Бушкова снайпэра дастаткова проста абясшкодзяць, Чаркасаў прапануе інтрыгу крыху больш складаную. Розьніца, аднак, палягае на іншым: паранаідальнасьць «Набату» можа даць адказ на некаторыя пытаньні, датычныя фэномэну ўлады. Супэргерой дзейнічае ў абсалютнай адзіноце сярод варожага атачэньня.
Куда ж я влез? – огорчился Рокотов. – Какое-то осиное гнездо. Каждый норовит сделать Луке какую-нибудь пакость. То ракеты, то дерьмом в газетах обливают, то травануть собираются… Да-а, повезло ему с республикой, ничего не скажешь…
Нават памочнікі прэзыдэнта выконваюць ролю адмоўных пэрсанажаў – дробных паскуднікаў, чый бруд стварае станоўчы кантраст, каб адцяніць бездакорную бель мундура гаспадара краіны.
Глава Администрации… Миша Требухович был и оставался подонком. …С аппаратом, мягко говоря, Батьке не повезло. Подлец Требухович, педрила-комсомольчик Жучок, засевший на должности пресс-секретаря, замглавы Администрации Пушкевич, баптист и скрытый педофил, премьер Снегирь, распихавший на хлебные должности в министерствах своих родственников и знакомых. И сотни таких же чиновников помельче. В этом болоте вязли любые распоряжения Первого Лица. Лишь благодаря крутому нраву Президента и его бешеной работоспособности ситуация не выходила из-под контроля.
Калі гэта адміністрацыя прэзыдэнта, то што можна сказаць пра ягоных ворагаў? Кніжка можа зацікавіць клінічных псыхапатолягаў. Калі б ня пэўныя брудныя інсынуацыі, зробленыя для кампрамэтацыі палітычных апанэнтаў рэжыму, якія злачынна ня дбаюць пра свой імідж і ўвогуле занядбалі ўсе правілы піяру, апошнія маглі б нават выказаць удзячнасьць аўтару, які згадаў іх імя ў жоўтай бульварнай макулятуры:
Очкарик сделал шаг вперед и гордо заявил: – Я – Вячорка! И я требую… – Да хоть ночнушка! – отмахнулся невежливый биолог, который совершенно не разбирался в запутанной иерархии оппозиционного движения, да и недосуг ему было вести пустые разговоры. – Дайте пройти, и я вас не трону.
Замах ня ўдаўся. Пляны ворагаў праваліліся. У фінале сустракаюцца прэзыдэнт і Ягоны салдат – і зьліваюцца ў экстазе.
Взгляд Батьки зацепился за маленькую, выбивающуюся из общей картины фигурку. Человек неподвижно стоял на углу дальнего переулочка и спокойно созерцал поле брани. Лицо с такого расстояния было не разобрать, но Президент вдруг каким-то шестым чувством ощутил, что этот человек имеет самое прямое отношение к произошедшему. Глава Государства приоткрыл рот, хотел что-то сказать, но передумал. Неизвестный не был врагом. Скорее наоборот – солдатом, которому не нужны награды и который по каким-то собственным соображениям старается держаться в тени.
Салдат і прэзыдэнт – два ў адным, сымбаль і істота мадэрновай міталягемы «татальнай мабілізацыі» (паводле Э. Юнгера). Ваяўнічаму прэзыдэнту, аточанаму з усіх бакоў ворагамі (у «Беларускім набаце» нават Расея забруджана глябальнай карупцыяй капіталізму), як найлепш адпавядае вобраз рэйнджара бяз страху і папроку, вобраз, даўно ўжо выкарыстаны і перапарадыраваны галівудзкай фабрыкай мрояў, прадуктам злоўжываньня якой сталі рэальныя прэзыдэнты, якія паводзяць сябе ў рэальным сьвеце, як падпітыя каўбоі, толькі з ракетамі замест рэвальвэраў.
Прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі пачалося ў эпоху вялікіх скандалаў у Белым доме і буйных узрушэньняў у Амэрыцы – і тое, і другое цягнецца да нашых дзён. Скандалы з Монікай Левінскі і вайна ў затоцы перакрываюць маштабамі нараканьні пакаёўкі з гасьцініцы «Кастрычніцкая», а здарэньне «9.11» нават адцягнула ўвагу ўсяго сьвету ад махінацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Фільм Майка Мура «911 паводле Фарэнгейта» паказваюць па тэлевізіі, бліскучы мульцік зь лялькамі Трэя Паркера «Каманда Амэрыка» вольна прадаецца ў шапіках, а «Случай з пацаном» і «Выпадковы прэзыдэнт» застаюцца галасамі тых, хто гукае ў пустэльні. Буша-юніёра неаднаразова адкрыта абвінавачвалі ў дэбілізьме, а «дапаможнік падарожнікаў па Англіі», дзе прэзыдэнт супэрдзяржавы выстаўлены поўным ідыётам, перадрукоўваўся ў жоўтых газэтах ува ўсім сьвеце. Містычная «амбуляторная карта мазаічнага псыхапата», пра якую ўпотайкі чытаюць зласьлівыя апазыцыянэры, не выглядае ўжо так пераканаўча. Аднак тое, што ў адным выпадку выглядае як сьведчаньне маральнай няўстойлівасьці палітычнага лідэра, у другім – дэманструе высокі ўзровень свабоды слова і дэмакратычных каштоўнасьцяў, пра якія ў нашых краёх зноў увайшло ў моду пісаць у двукосьсі. І ня толькі ў нашых – заходнія інтэлектуалы абмяркоўваюць пытаньне «ці вартая дэмакратыя таго, каб яе бараніць» (Крыстофэр Лэш), а псыхааналітыкі амаль легітымізавалі «фалічнага прэзыдэнта» (Лёйд Дэмоз) як праекцыю масавай падсьвядомасьці на «ідэалёгію як аб’ект жаданьня» (Славой Жыжак). У «цудоўным новым сьвеце», які як ніколі нагадвае Рымскую імпэрыю пары заняпаду (Жан Бадрыяр), ужываньне кампрамату на калігулу ці якога барбарскага князька апісваецца ў разьдзеле сьвецкай хронікі. |
філёзаф. Выпускнік факультэту філязофіі Люблінскага Каталіцкага ўнівэрсытэту. Літаратурны аглядальнік газэтаў «Згода» і «Навінкі». Жыве і працуе ў Бабруйску. |
|