A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЭНДРУ ЎІЛСАН | ||||
Шанцы «адзінага» на выбарах-2006
У аб’яднанай апазыцыі цяпер ёсьць адзіны кандыдат. Сапраўды ёсьць? Як выглядаюць ягоныя пэрспэктывы на 2006 г.? Па-першае, трэба адкрыта прызнаць пэўныя істотныя слабасьці. Беларуская апазыцыя знаходзіцца пад уплывам эфэкту дэманстрацыі*, створанага Памаранчавай рэвалюцыяй ува Ўкраіне, але яе зыходныя пэрспэктывы выглядаюць значна горш. Aляксандар Мілінкевіч – гэта вам не папулярны экс-прэм’ер, як Віктар Юшчанка. Поруч зь ім няма і свайго адпаведніка Цімашэнкі. «Нацыянальна-дэмакратычная» апазыцыя, што падтрымлівае Мілінкевіча ў Беларусі, не прайшла таго доўгага працэсу перабудовы, які так пасьпяхова ўдалося правесьці Юшчанку ў 2001–2004 гг. (настолькі пасьпяхова, што ён пакінуў сваіх паплечнікаў ззаду). Найбольш нечаканым посьпехам Юшчанкі стала трансфармацыя рэгіянальнай прыроды ўкраінскае палітыкі праз стварэньне альянсу паміж заходняй і цэнтральнай Украінай. Дадайце сюды прыцягненьне значнай колькасьці выбарнікаў з разьвітым пачуцьцём грамадзянскага абавязку на ўсходзе і поўдні – тых, хто галасаваў супраць карупцыі старога рэжыму. У Беларусі такой перабудовы не было – апазыцыя па-ранейшаму хіліцца на адзін бок, абапіраючыся збольшага на «ўдарныя групы» менскіх радыкалаў. Любы рух пратэсту супраць падтасаваных выбараў у Менску ў 2006 г. не атрымае тае падтрымкі ў правінцыі, якую меў такі рух у Кіеве ў 2004 г.
Ёсьць яшчэ адно ключавое адрозьненьне: ува Ўкраіне ў 2004 г. існавала моцнае ядро бізнэсоўцаў, якія ўжо амаль не залежалі ад уладаў на пачатку 2000-х гг. і засталіся зь Юшчанкам, калі ўлада пачала ўціскаць іх інтарэсы пасьля таго, як яны ў 2002 г. упершыню падтрымалі Юшчанку. У Беларусі няма сваіх Давыда Жваніі, Яўгена Чэрваненкі і Пятра Парашэнкі. Не было і нічога падобнага да ўраду Юшчанкі, які ў 1999–2001 гг. стварыў гэтых людзей (Жванія), альбо да «справы Гангадзэ», што падштурхнула іншых зь іх да ўцёкаў з Кучмавага карабля (Парашэнка). Варта нагадаць, што вырашальным чыньнікам у першай перамозе Лукашэнкі ў 1994 г. была значная падтрымка з боку бізнэсоўцаў (Міхаіл Чыгір і «Белаграпрамбанк», Aляксандар Саманкоў дый нават Aляксандар Пупейка і «Пушэ» – усіх іх напаткаў сумны лёс). Беларусь не сутыкалася і з унутраным эфэктам дэманстрацыі, адпаведным посьпеху «Нашай Украіны» на выбарах у Вярхоўную раду ў 2002 г., і кампаніі «Ўкраіна бяз Кучмы» ў 2001 г. Цяперашні стан Беларусі хутчэй нагадвае сытуацыю ўва Ўкраіне ўзімку 2000–2001 гг. Тады апазыцыя была здэмаралізаваная неафіцыйным абяцаньнем Кучмы ўсталяваць пасьля свайго пераабраньня ў 1999 г. «максымальна жорсткі парадак» і ня здолела мабілізаваць сваіх сілаў, калі выбухнуў скандал зь зьнікненьнем Гангадзэ. «Адміністрацыйныя» ж умовы ў Беларусі цяпер відавочна больш жорсткія, чым падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 г. У 2004 г. парлямэнцкія выбары праз драконаўскія захады яшчэ на этапе рэгістрацыі кандыдатаў скончыліся, не пасьпеўшы пачацца. Нават калі прэзыдэнцкія выбары 2006 г. будуць праходзіць паводле крыху вальнейшых правілаў, усё роўна яны застануцца далёка не супастаўнымі з украінскімі ў 2004 г., калі ключавым чыньнікам адноснае свабоды была звышупэўненасьць уладаў у перамозе. Магчыма, Лукашэнка ўжо вырашыў, зь якой перавагай ён выйграе ў 2006 г., і, хутчэй за ўсё, ён даб’ецца свайго – адрозна ад Януковіча, які ў 2004 г. не забясьпечыў сабе падтрымкі мясцовых уладаў. Агулам кажучы, няясна нават, ці сапраўды апазыцыя можа з упэўненасьцю разьлічваць на тое, што стартуе з тымі 15,4 % галасоў, якія заваяваў Уладзімер Ганчарык у 2001 г. Aмэрыка можа паспрабаваць узяць пад сваю апеку слабы бок, адыграўшы ў Беларусі ў 2006 г. тую ролю, якую ў 2004 г. ёй памылкова прыпісвалі ўва Ўкраіне многія крытыкі на Захадзе. У красавіку 2005 г. Кандаліза Райс заявіла, што Беларусь «застаецца апошняй сапраўднай дыктатурай у сэрцы Эўропы», і заклікала да «дэмакратычнага разьвіцьця… Там ёсьць арганізацыі і групы грамадзянскае супольнасьці, што просяць астатні сьвет прызнаць іх і даць ім месца, каб збудаваць свой дом». З гэтых сьцьверджаньняў вынікае, што Амэрыка наперад упэўненая ў выніках галасаваньня і хоча, каб Лукашэнка сышоў, незалежна ад таго, пераможа ён на выбарах ці не. Але Лукашэнка не дапусьціць падтрымкі мясцовых НДА з Захаду, і таму Вашынгтон ня зможа сьцьвярджаць, як у 2004 г. ува Ўкраіне, што, маўляў, яго галоўная мэта – каб усё было ў рамках закону. Таму памеры прыхаванага фінансаваньня апазыцыі, відаць, перавысяць сродкі, выдаткаваныя ўва Ўкраіне. Магчыма, Вашынгтон, каб ператварыць адносную большасьць галасоў у пераважную бальшыню, таксама пойдзе на падтрымку пратэстаў супраць выкарыстаньня Лукашэнкам адміністрацыйнага рэсурсу. Гэта сапраўды махлярства, але яго выкрыцьцё ня будзе мець тае маральнае сілы, як магчымасьць абвясьціць, што твой кандыдат сапраўды перамог. Акурат відавочная перамога Юшчанкі ў лістападзе 2004 г. дый відавочнасьць нахабных, у апошні момант учыненых падтасовак вывелі на вуліцы натоўпы людзей і ператварылі дэманстрацыі з паасобных акцыяў пратэсту ў сапраўдную народную рэвалюцыю. Да таго ж нішто не змушае Лукашэнку прымаць місію новых Квасьнеўскіх і Адамкусаў. У Беларусі інтэнсіўнае ўмяшаньне пад кіраўніцтвам ЗША можа лёгка і нечакана прывесьці да адваротных вынікаў, бо падкіне ў рукі Лукашэнкі яшчэ адну казырную карту дый дасьць яшчэ адну падставу пляжыць апазыцыю. Асаблівасьць Беларусі і ў тым, што тут рэальная палітыка ў значнай ступені чыніцца ў іншых месцах. Лукашэнка гуляе паводле прынцыпу «падзяляй і ўладар» ня столькі зь мясцовай апазыцыяй, як зь мясцовай намэнклятурай. Бюракратам тут ніколі не дазваляецца замацавацца пры ўтульных сынэкурах. Ягор Рыбакоў, былы кіраўнік Беларускага тэлебачаньня, у лютым асуджаны за крадзеж у асабліва буйных памерах на адзінаццаць гадоў; Галіна Жураўкова, былая кіраўнічка Ўпраўленьня справамі Адміністрацыі прэзыдэнта, атрымала ў 2004 г. чатыры гады. Нацкоўваюцца адна на адну і ўстановы: Міністэрства ўнутраных справаў супраць КДБ, КДБ супраць уласнай службы бясьпекі Лукашэнкі. Кімітака Мацузата па-майстэрску прадэманстраваў, як Лукашэнка тасуе рэгіянальных кіраўнікоў, каб прадухіліць стварэньне мясцовых камандаў, падобных украінскім. Гэта, у сваю чаргу, не дае паўтарыць яшчэ аднаго дасягненьня Юшчанкі-апазыцыянэра – той здолеў навесьці масты з пэўнымі элемэнтамі Кучмавага рэжыму. Іх хапіла, каб забясьпечыць выкананьне прынятага 8 сьнежня 2004 г. у выніку перамоваў рашэньня, хаця, як бачым, Юшчанка мусіў пайсьці на зашмат кампрамісаў з старой гвардыяй. Урэшце, акурат праз увесьчасныя ператасоўкі, сыстэма, збудаваная Лукашэнкам, можа аказацца больш крохкай: здольнай утрымліваць уладу, але няздольнай эвалюцыянаваць. Праўда, гэта ўжо іншае пытаньне. Пакуль што мы бачылі няшмат прыкметаў унутранага расколу беларускага рэжыму. Аднак хутка могуць зьявіцца расколы ў апазыцыйным лягеры, рэальныя альбо штучныя. Беларускі рэжым, відаць, можа зьвярнуцца да адміністрацыйных тэхналёгіяў, каб забясьпечыць патрэбныя вынікі выбараў 2006 г., і да традыцыйных аўтарытарных мэтадаў, каб загадзя запужаць насельніцтва. Аднак звычайная выбарчая арытмэтыка адкрывае зручную магчымасьць для іншых мэтадаў з галіны паліттэхналёгіяў. Лукашэнка зазвычай зьбірае ад 40 да 50 % галасоў, традыцыйная ж апазыцыя – ня больш за 15 %, а значыць, застаецца яшчэ вялікі абсяг для «трэцяй сілы». Як правіла, «трэція сілы» робяцца аб’ектамі маніпуляцыяў з боку паліттэхнолягаў па адной зь дзьвюх прычынаў. Паводле першага сцэнара (як то ў Расеі ў 1996 г. ці ўва Ўкраіне ў 1999-м), кандыдат ад улады не карыстаецца папулярнасьцю, і ягоныя тэхнолягі імкнуцца да канфрантацыі зь яшчэ больш непапулярным апанэнтам (у абодвух выпадках гэта быў камуністычны лідэр). Каб забясьпечыць штучную палярызацыю выбараў, трэба было аслабіць патэнцыйную «трэцюю сілу» (Яўлінскі–Фёдараў у 1996 г., Аляксандар Мароз у 1999 г.). У Беларусі ў 2001 г. улада кіравалася цалкам адваротнай стратэгіяй. Лукашэнка быў сапраўдным абраньнікам адноснае, калі не пераважнае, большасьці выбарцаў. Ён хацеў пазьбегнуць палярызацыі, якая падштурхнула б усіх патэнцыйных выбарцаў-антылукашэнкаўцаў аб’яднацца вакол адзінага полюсу. Таму, каб ня даць Ганчарыку набраць больш за 15,4 % галасоў, падтрымлівалася штучная «трэцяя сіла» – Гайдукевіч. У 2006 г. папулярнасьць Лукашэнкі будзе ўжо ніжэйшая, як у 2001 г. Аднак ён па-ранейшаму далёка апярэджвае апазыцыю. Паводле зьвестак НІСЭПД, папулярнасьць Лукашэнкі ў чэрвені 2005 г. зьнізілася да 41,7 %, а рэйтынг Мілінкевіча быў на ўзроўні ўсяго 0,8 %. Таму, відаць, любы праект «трэцяй сілы» ў 2006 г. будзе больш нагадваць ня першы, а другі сцэнар. Цяпер гэтую ролю выконвае Аляксандар Казулін, колішні рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які вельмі нагадвае чыйсьці «праект». Казулін засяроджвае агонь сваёй крытыкі ў асноўным на іншых прадстаўнікох апазыцыі, таму падобна, што ён у адной зьвязцы з Лукашэнкам; а ягонае падкрэсьленае русафільства наводзіць на думку пра крамлёўскую падтрымку. Сяргей Гайдукевіч знаходзіцца ў рэзэрве, каб адыграць ролю Жырыноўскага – палітычнага блазна і зьнішчальніка супольных супернікаў. Магчыма, перайменаваньнем праспэкту Машэрава Лукашэнка хацеў папярэдзіць, што гэтаксама хутка з далягляду можа зьнікнуць і ягоная дачка. Але нельга ўжо зусім выключаць магчымасьці, што яе зноў прымусяць паслужыць, хаця ізноў гэтым, верагодна, зоймецца Расея. Прынамсі, няцяжка дапусьціць, што кампаніяй будуць займацца расейскія паліттэхнолягі, для якіх няма занадта цынічных праектаў. Аднак перашкодай для Расеі можа стаць абмежаванасьць яе ўплыву, бо ў Беларусі «незалежным» паліттэхнолягам, бадай, няма дзе разгарнуцца. Расеі патрэбныя правільныя праваднікі ейных інтарэсаў – пра гэта сьведчыць няўдача атакі з двух флянгаў на камуністаў Уладзімера Вароніна (46 %) падчас выбараў у Малдове ў лютым сёлета. Пакуль ня факт, што нават Казулін будзе тым самым правільным інструмэнтам. Магчыма, улады паспрабуюць дабіцца, каб выбары не ператварыліся ў небясьпечна палярызаваны рэфэрэндум аб даверы Лукашэнку і пры дапамозе маніпуляцыяў з «драматургіяй» выбараў. Адзін з урокаў украінскай кампаніі 2004 г. у тым, што паліттэхнолягі Януковіча не патрапілі эфэктна разыграць карту «пудзіла». Не было створана вобразу відавочнага ўнутранага ці вонкавага «ворага», які б падштурхнуў выбарцаў галасаваць за Януковіча як за «меншае ліха». (Вобраз-пудзіла «ўкраінскіх нацыяналістаў» выглядаў занадта ненатуральна.) Сапраўды, Сяргей Маркаў адкрыта шкадаваў, што перад другім турам Януковіч не пусьціў у ход «польскай карты»: «Я казаў ім [камандзе Януковіча] выкарыстаць антыпольскую рыторыку»1. Лукашэнка ўзяўся даць рады з гэтай задачай. Здаецца, што насамрэч у сваіх нядаўніх антыпольскіх захадах улады кіраваліся разьлікам на тое, што галоўным апазыцыйным кандыдатам стане Мілінкевіч. Мілінкевіч паходзіць ня проста з заходняй Беларусі, а з самое Горадні – там месьціцца штаб-кватэра Саюзу палякаў, які сутыкнуўся зь перасьледам з боку ўладаў. Тое, што ён належыць да традыцыйна праваслаўнай сям’і, верагодна, ня спыніць спробаў Лукашэнкавага лягеру выставіць яго марыянэткай Польшчы і Ватыкану.
|
(нар. у 1961) – брытанскі палітоляг, выкладчык украіназнаўства ў Школе славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Лёнданскага ўнівэрсытэту. Вялікі сябар Беларусі. Ягоная апошняя кніжка «Virtual Politics. Faking Democracy in the Post-Soviet World» разглядаецца ў гэтым жа нумары «ARCHE». Уілсан – прафэсійны дасьледнік украінскага нацыяналізму, вывучэньню якога ён прысьвяціў манаграфіі «The Ukrainians: Unexpected Nation» (Yale University Press, 2000), «Ukrainian Nationalism in the 1990s: A Minority Faith» (Cambridge University Press, 1997), «Nation-Building in the Post-Soviet Borderlands: The Politics of National Identities» (Cambridge University Press, 1998, у суаўтарстве), «Ukraine: Perestroika to Independence» (Macmillan, 1994, у суаўтарстве). У сфэру ягоных навуковых інтарэсаў уваходзіць таксама ўкраінская палітыка і гісторыя, праблемы постсавецкай дэмакратызацыі, ідэнтычнасьці ў постсавецкіх дзяржавах. Зьмешчаны тэкст быў напісаны адмыслова на замову «ARCHE».
|
Зь іншага боку, у апазыцыі ёсьць і некаторыя падставы для аптымізму. Памаранчавая іскра яшчэ можа распаліць агонь. Зьмяніўся міжнародны кантэкст. Здаецца, Расея асуджаная падтрымліваць Лукашэнку, пакуль ня зьявіцца відавочная яму альтэрнатыва – а Лукашэнка не пашкадаваў намаганьняў, каб прадухіліць яе зьяўленьне. Але расейская падтрымка будзе адносна млявай. Лукашэнку ўжо не гарантаванае нават крытычнае (ужо ня кажучы пра некрытычнае, як у 2001 г.) асьвятленьне ягонай кампаніі ў расейскіх СМІ. Зьмянілася і стаўленьне Захаду да беларускіх выбараў. У 2001 г. няўдалымі намаганьнямі аб’яднаць апазыцыйныя сілы кіравала Амэрыка, але гэта была недарэчная спроба ўзнавіць умовы, пры якіх у 2000 г. удалося скінуць Слабадана Мілошавіча. У 2006 г. ЗША могуць зноў пераацаніць сілу апазыцыі, але гэтым разам да іх далучыцца Эўразьвяз, перадусім яго новыя чальцы, якія з большым прагматызмам вызначаюць рэалістычныя мэты.
Ня выключана, што апазыцыя мае больш магчымасьцяў, чым ёй здаецца. Аб’яднаная апазыцыя – гэта добра. Але зусім не абавязкова адзіны кандыдат – гэтак жа добра. Адзіны апазыцыйны кандыдат рызыкуе быць загнаным у традыцыйнае гета перакананых прыхільнікаў апазыцыі, тады як другі кандыдат у тандэме мог бы паспрабаваць выйсьці на шырэйшыя колы электарату. Мабыць, апазыцыі варта было б узяць на ўзбраеньне адзін з хітрыкаў расейскіх паліттэхнолягаў дый завесьці сабе «дублёра», які пазьней перадасьць сваю долю электарату Мілінкевічу – ці наадварот. І нават калі апазыцыя ня можа разьлічваць на перамогу, яна можа спадзявацца зьмяніць сам агульны настрой. Калі палітыка – гэта «мастацтва магчымага», дык выбарчая кампанія, якая падвысіць узровень грамадзянскай актыўнасьці, перавызначыць практычныя рамкі, у якіх дзейнічае Лукашэнка. Ён, не вагаючыся, пры неабходнасьці зьвяртаецца да «традыцыйных» аўтарытарных мэтадаў: запалохвае насельніцтва, зьнявольвае апанэнтаў і мадэлюе вынікі выбараў. Але Беларусь – не Ўзбэкістан. Лукашэнка мо й хутчэй ідзе на рызыку, чым Кучма, але ён аддасьць перавагу перамозе, здабытай (калі гэта магчыма) недарагой цаной. Апазыцыя можа таксама паспрыяць паступоваму ператварэньню Лукашэнкі ў своеасаблівага эклектычнага «беларускага савецкага» нацыяналіста, і нават прагматычнага палітыка, што ўсьведамляе асаблівасьці становішча Беларусі пасьля 2004 г. як краіны, што мяжуе з «Новай Эўропай» – пашыраным Эўразьвязам. Таму на выбарах 2006 г. шмат што будзе пастаўлена на карту.
Пераклаў з ангельскай Сяргей Богдан |
1 Выказваньне, якое цытуе Мэр’ё Франчэска: Mereu Francesca. Spin Doctors Blame Yanukovych // The Moscow Times. 2004. 30 November.
|
|