A R C H E | П а ч а т а к | № 1,2 (41,42) - 2006 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | ||||
Гутарка пад Вострай Брамай У «Бібліятэцы Свабоды» друкуюцца выбраныя перадачы Беларускай службы радыё «Свабода». Словы, якія прамаўляліся ў этэры, цяпер набываюць застылыя формы. На маю думку, гэты праект павінен быў увасобіцца ў сэрыю аўдыёкніг, але, на вялікі жаль, беларускае мастацкае і публіцыстычнае слова пакуль прыходзіць да сваёй аўдыторыі традыцыйным шляхам – праз друкарню1 . Выключэньне складае хіба што літаратурны часопіс «Тэксты», адзіны нумар якога выйшаў у 2004 годзе, – яго можна набыць і на кампакт-дыску. Слухач радыё «Свабода», узяўшыся чытаць кнігу «Вострая Брама», у якую ўвайшлі выбраныя скрыпты з аднайменнай перадачы гэтага радыё, міжволі пачуе голас Сяргея Дубаўца, уловіць ягоныя інтанацыі. Хоць «Вострая Брама» ствараецца, як правіла, калектыўнымі намаганьнямі, яна была і застаецца – ужо дзявяты год – «маратонам аднаго аўтара», як зазначыў у прадмове да кнігі Аляксандар Лукашук. Дубавец адкрывае і закрывае «Вострую Браму», абірае тэмы, фармулюе пытаньні, кіруе гутаркай, робіць высновы. У ліку нямногіх Дубавец стварае ідэалягічны прадукт – (у тым сэнсе, у якім ідэалёгію разумеў Ралян Барт, які ў «Асновах сэміялёгіі» вызначыў ідэалёгію як няспынны пошук каштоўнасьцяў і іх тэматызацыю), таму яго сьветабачаньне, комплекс ведаў і перакананьняў сёньня нельга ня ўлічваць, калі аналізуеш сацыяльна-культурнае жыцьцё краіны. Многія перадачы «Вострай Брамы» прысьвечаны «эстэтычнай рэчаіснасьці» – літаратуры, як і пілётны выпуск пад назвай «Вострая Брама і Курган Славы» (этэр ад 10.12.1997). Гэтым скрыптам пачынаецца кніга. Асноўная думка – у беларускай літаратуры існуе этычны і эстэтычны канфлікт паміж Вострай Брамай і Курганам Славы як хрысьціянскай і паганскай сьвятынямі (праз такую прызму беларускую літаратуру не разглядаў ніхто), і гэтую палярызацыю можна пашырыць на ўсе грамадзка-палітычныя і культурныя працэсы. Дубавец імкнецца ўплываць на хаду літаратурнага працэсу: «...я спрабую паставіць эстэтычную задачу – убачыць верш, у якім бы апяваліся Вострая Брама і Курган Славы адначасова». Калі сымбалі не паяднаюцца, калі між імі ня будзе пастаўлены злучнік «і», адзін зь іх мусіць канчаткова зьнікнуць, а значыцца, кансалідацыі нацыі не адбудзецца. «Вострая Брама і Курган Славы» – вельмі складаны ідэалягічны тэкст, але яго пабудова – лёгка-празрыстая, акварэльная. Ён пазбаўлены складаных моўных канструкцыяў, строгіх навуковых дэфініцыяў, скрупулёзнага аналізу, бо напісаны прафэсійным журналістам з вобразным мысьленьнем і тонкай інтуіцыяй, які хоча быць пачуты масавай аўдыторыяй. Гэта дазваляе параўнаць Сяргея Дубаўца з Алесем Адамовічам.
|
крытык літаратуры. Рэгулярна друкуецца ў часопісе «ARCHE».
1 У той жа час у суседняй Расеі аўдыёкнігі карыстаюцца добрым попытам, у многім дзякуючы таму, што ў іх стварэньні ўдзельнічаюць папулярныя акторы тэатру і кіно, тэлезоркі. Так, напрыканцы 2005 году зьявілася аўдыёвэрсія новага раману культавага пісьменьніка Віктара Пялевіна «Шалом жаху», які агучвалі Леанід Валадарскі, Марыя Галубкіна, Ціна Кандэлакі, Юлія Рутберг, Мікалай Фаменка, Аляксандр Ф. Скляр. Беларусам жа даводзіцца замаўляць гэтыя кнігі на знаёмай, але чужой мове праз распаўсюднікаў друкаванай прадукцыі.
|
Падобна Адамовічу, якога ў кансэрватыўных акадэмічных колах ніколі не лічылі сапраўдным навукоўцам, Дубавец-крытык выклікаў і выклікае альбо гнеўныя абурэньні, альбо паблажлівыя ўсьмешкі з боку афіцыйнай навукі2. І сапраўды, ці могуць у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы сур’ёзна разглядаць артыкул Дубаўца «Загадка Караткевіча», у якім аўтар вылучае гіпотэзу аб тым, што ў сваім вершы «Багдановічу» Караткевіч пад ізумрудам разумеў Вільню, альбо прыслухацца да яго прапановы аб напісаньні грунтоўнай «Гісторыі таталітарызму ў Беларусі», адзін з разьдзелаў якой быў бы прысьвечаны беларускай савецкай літаратуры («Ружовы туман»)? Ці здольныя акадэмікі застацца абыякавымі, пачуўшы, як Дубавец параўноўвае старшыняў беларускага Саюзу пісьменьнікаў з босамі мафіі («Нацыя паэтаў і яе хросныя бацькі»)? Ці могуць яны бяз кпінаў слухаць яго развагі пра тое, што Арсеньнева закахалася ў Гарэцкага і таму пачала пісаць вершы па-беларуску («Натальля Арсеньнева. Таямніцы творчасьці»)? Ці дазволілі б Дубаўцу ў навуковым выданьні напісаць пра таго ж Алеся Адамовіча, што «ён парушаў лінію кола, намаляванага вакол савецкага пісьменьніка, выходзіць за якую было непажадана, падазрона, злачынна»?
Адказ на ўсе пытаньні – «не». У вачах большасьці навукоўцаў Дубавец – журналіст са скандальнай рэпутацыяй, які вырашыў зрабіць імя на літаратуры і які «задзіраецца, выпендрываецца, выскаляецца», «бессаромна танчыць на магілах, драмах і трагедыях блізкага і няблізкага мінулага» (А. Лойка). Паміж імі – сьцяна... Пэўныя паралелі ў формах і спосабах падачы матэрыялу, узьдзеяньня на аўдыторыю можна правесьці паміж Дубаўцом і… тэлевізійнымі вядоўцамі. Ён умела актывізуе ўяўленьне, фантазію сваіх чытачоў і гледачоў, выклікае ў іхных сэрцах гарачае суперажываньне, прыводзіць у своеасаблівы транс, каб аўдыторыя адчула сутнасьць памкненьняў і ўчынкаў гістарычных пэрсанажаў, іх эмоцыі, пачуцьці, стала сьведкай тых падзеяў. Так, на пачатку перадачы «Тодар Кляшторны» Дубавец прапаноўвае слухачам «уявіць сабе (вылучана мною. – П. А.) веснавы дзянёк пачатку 1950-х і Якуба Коласа на падворку ягонага менскага асабняка». Ствараючы запамінальны вобраз Якуба Коласа, які «даглядае азіміну ў сваім агародзе на лапіку зямлі», Дубавец жадае даведацца, пра што думае ў гэты момант Колас, ці адчувае ён, якая страшэнная пустэча ўтварылася ў літаратурным жыцьці Беларусі пасьля гвалтоўнай сьмерці дзясяткаў пісьменьнікаў, ці баліць яму, ці шкадуе ён іх і саму літаратуру? Пытаньні слушныя і, як гэта нярэдка адбываецца ў беларускай гісторыі, своечасова несфармуляваныя, незададзеныя. «Дзядзька Якуб на падворку мружыць вочы. Дасаджаюць хваробы, і хочацца ў лес... Быццам нічога й не адбылося за ягонай сьпінай. Проста зь літаратурнага працэсу выпала пакаленьне, а сам працэс на пакаленьне выпаў з часу...» Мы, хто вучыў айчынную літаратуру па сухіх, як кара дрэваў, падручніках, у якіх кожны беларускі літаратар разглядаўся ізалявана ад іншых, у асобным параграфе-склепе, меў белыя плямы ў біяграфіі, быццам на час зьнікаў зь Беларусі, мы нават не задумваліся, якія таямніцы, які боль хавалі ў сваіх сэрцах нашыя пісьменьнікі. Што ім прыйшлося перажыць і пабачыць. А Тодар Кляшторны? Вось глядзіце, ён уваходзіць у «Вострую Браму» і пераўтвараецца – дзякуючы ўспамінам сваіх сучасьнікаў і зьвесткам, знойдзеным навукоўцамі, якія зьнітаваў між сабою Дубавец, – з напаўзабытага нябожчыка ў жывога чалавека. (Сьведчыць пісьменьніца Вольга Таполя: «Ён рэдка сьмяяўся, і ягоная ўсьмешка таксама была заўсёды сумнай. І яшчэ ён быў ціхі, спакойны, ураўнаважаны, ніхто ніколі ня чуў і ня бачыў, каб ён злаваўся...») Бачыце клетку з канарэйкай, якую Кляшторны, апрануты ў абдрыпаныя нагавіцы, нясе з сабою па Менску? Вось, чуеце, рабочыя-муляры са сьмехам пытаюцца ў яго, як сьпявае канарэйка? «Не сьпявае, а плача ў клетцы канарэйка», – адказвае паэт... Высновы зь перадачы «Тодар Кляшторны»: «Прыпёртыя да сьцяны, яны проста не маглі ўцяміць, каму і навошта іх спатрэбілася забіваць. З-за іхнай паэзіі? Яны, ня маршавыя зусім людзі, былі акрасаю гэтага манатоннага і нуднаватага сьвету, адзінай у ім разнастайнасьцю – са сваёй вечнай прагай пісаць пра васількі, пра чыстую красу. Але... Той сьвет вырашыў пазбавіцца ад іх. І ад усіх такіх, як яны». Ня ведаю, ці будуць у Дубаўца вучні, пасьлядоўнікі, а вось папярэднікі ў яго дакладна ёсьць. Адзін зь іх – Вацлаў Ластоўскі, уключаў у нацыянальны літаратурны кантэкст творы польска- і расейскамоўных пісьменьнікаў, што нарадзіліся ў Беларусі (нэкралёг «Эліза Ажэшка», крытычна-біяграфічны нарыс «Людвік Кандратовіч», эсэ «Тодар Дастаеўскі і Адам Міцкевіч – сыны крывіцкага народнага генія» і інш.). Частка перадачаў «Вострая Брама» таксама прысьвечана замежным дзеячам культуры, якія мелі беларускія карані3. Дубавец, як і Ластоўскі, ставіць мэтаю акрэсьліць «нашу прысутнасьць у культурнай прасторы сьвету» («100 гадоў Натальлі Сарот»), не абмінаючы ўвагай чыста асьветніцкай задачы («...А бабруйскія дзеткі ганарыліся б, што яны землякі сусьветна вядомай пісьменьніцы»). Родніць Дубаўца і Ластоўскага цьвёрдае перакананьне: для замежжа нашыя культурныя дзеячы – адно, а для саміх беларусаў – другое. Параўнайце, да прыкладу: «У той час, калі шляхта на Беларусі зачытвалася творамі Кандратовіча, калі тут кожнае слова знаходзіла адгалосак, кожны абраз – адбіцьцё ў душах чытачоў, польская крытыка сурова судзіла яго творы. Гэтак польскі крытык Барташэвіч пісаў, што Кандратовіч дае «ніжэйшага шэрагу творчасьць, а зьмест ягоных твораў убогі і прастацкі...» (Ластоўскі) і «Для літоўцаў Кухта – прадпрымальнік, які спрыяў нацыянальнаму руху, для беларусаў жа – культурны герой на ўсе часы» (Дубавец).
|
2 «Артыкул гэты («Тры паэзіі» с. Дубаўца. – П. А.) – і ўзор беспадстаўнай глярыфікацыі маладых сёньняшніх беларускіх пісьменьнікаў, і ўзор безапэляцыйнага крытыканства ў адносінах да беларускай літаратуры ўвогуле»: Лойка А. // Літаратура і мастацтва. 1990. 22 чэрвеня; «С. Дубавец сьцьвярджае, што сапраўдная проза – у мужчын, сапраўдная паэзія – у жанчын. Катэгарычна і адназначна. І напісана гэта ня ў дзень жаночага сьвята»: Дзюбайла П. Час, літаратура, крытыка. Мінск, 1992. с. 25.
|
Акрамя таго, Ластоўскі і Дубавец вельмі падобныя адзін да аднаго шчырай вераю ў тое, што лёс літаратуры, як і гісторыі, могуць вырашаць адзінкі, асобы. «Адзін геніяльны твор, напісаны па-беларуску (вылучана мною. – П. А.), – пісаў Ластоўскі ў эсэ «Па сваім шляху!» (1914), – можа даць славу і пашану нашаму народу». Праз 87 гадоў Дубавец яшчэ не губляе надзеі, што такі твор, створаны абавязкова на роднай мове, зьявіцца ў нашай літаратуры і рэабілітуе краіну ў вачах замежнай грамадзкасьці, якая ведае толькі наша благое («Восень патрыярха»). Як напісаць такі шэдэўр і атрымаць посьпех у сусьветнага чытача, Ластоўскі і Дубавец ня кажуць, што надае іх развагам сумную ўтапічнасьць.
Ластоўскі ўпершыню ў беларускай крытыцы пачаў апэраваць паняцьцем «краса» (эсэ «Сплачвайце доўг», 1913). Дубавец у сваёй публіцыстыцы шырока ўжывае паняцьце «праўда». «У беларускай традыцыі – у літаратуры і гісторыі – слову «праўда» ніколі не супрацьстаіць слова «хлусьня», але «крыўда» («Аляксандар Салжаніцын. Жыць без ілжы»). Дубавец мае амбіцыю запачаткаваць новую традыцыю, калі на месца «крыўды» ставіцца «хлусьня»: «Нас так вучылі, што ўсе маладыя савецкія паэты былі нібы на адзін твар – як лётчыкі ў фільмах пра Чкалава. (...) Насамрэч гэта ўсё хлусьня» («Тодар Кляшторны»). У другім месцы кнігі «Вострая Брама» сустракаем іншае, але таксама правільнае «выпраўленьне», а менавіта – пару антонімаў «праўда» (у значэньні «тое, што адпавядае рэчаіснасьці») – «вымысел»: «У гэтым міжслоўі нашмат болей праўды і амаль не застаецца месца вымыслу» («100 гадоў Натальлі Сарот»). Пакуль дзяржава будзе ўмешвацца ў справы літаратуры, літаратура пакідае за сабою права ўмешвацца ў справы дзяржавы. Гэтая думка Іосіфа Бродзкага, агучаная ім у Нобэлеўскай лекцыі, ілюструе і сутнасьць сёньняшняй літаратурнай сытуацыі ў Беларусі. Палітызацыя літаратуры (і крытыкі), пэрманэнтны канфлікт апошняй з уладамі, злоўжываньне ёю публіцыстычнымі прыёмамі маюць месца з часоў Францішка Багушэвіча, бо народ так і ня стаў нацыяй, і частка літаратараў і крытыкаў па-ранейшаму лічыць, што на іх ускладзена асаблівая нацыянальная місія. Дубавец, з аднаго боку, лічыць, што беларускі пісьменьнік нарэшце «перастаў быць палітыкам» і таму можа належным чынам выконваць свае прафэсійныя абавязкі, а з другога, заклікае беларускую літаратуру да стварэньня «магутнага раману пра дыктатара» («Восень патрыярха»). Але ці не супярэчыць ён сам сабе? З артыкулу «Восень патрыярха» мне не зусім зразумела, да стварэньня якога паводле формы і зьместу раману заклікае Дубавец. Падобнага да твораў Маркеса і Астурыяса? Але ж у сусьветнай літаратуры ўжо прамоўлены галоўныя словы пра сутнасьць тыраніі, у тым ліку беларусамі Адамовічам і Быкавым. Ці, можа, Дубаўцу трэба, каб «праўда жыцьця пераўтварылася ў праўду мастацтва», як калісьці жадала сабе ілжыва-бадзёрая савецкая літаратура, і ён хоча, каб той твор меў усе прыкметы нашай сумнай гнятлівай рэчаіснасьці, праўдзіва-натуралістычна схопленыя пісьменьнікам N.? Невясёлае атрымаецца чытво, як на мой погляд. Актуальнае сёньня і нікому не цікавае заўтра, тым больш замежнаму чытачу, на ўвагу якога спадзяецца Дубавец. Затое ён піша, хто мусіць быць галоўным пэрсанажам гэтага гіпатэтычнага раману. Дыктатар. Бр-р-р! Ці ж нам замала кнігі Фядуты? Асабіста я жадаю, каб гэты твор – раман пра сучасную Беларусь, які вельмі карціць пабачыць і пачытаць, бо ён, перакананы, надасьць усім нам упэўненасьці ў сваёй краіне і сваіх сілах, – быў бы пра немагчымасьць зьнішчэньня думкі, сумленьня, каханьня, сьмеху з пошлай тыраніі. Каб у цэнтры такога раману была альбо сям’я, як у Міхала Вівэга (раман «Цудоўныя гады сабаку пад хвост»), альбо каханкі, як у Мілана Кундэры (раман «Невыносная лёгкасьць быцьця»), альбо прафэсар, які вучыўся ў школе разам з будучым дыктатарам і валіў яго падножкай, як ва Ўладзімера Набокава (раман «Bend Sinister»). Каб гэта была сюжэтная проза і адначасова – інтэлектуальна-філязофская рэч, цікавая яшчэ і сваёй формай. Вівэг, Кундэра, Набокаў здолелі спалучыць усё гэта ў адно. І нашыя пісьменьнікі, якія маюць багаты досьвед жыцьця пад дыктатурай, здолеюць. Літаратурным крытыкам трэба толькі пачакаць, не прысьпешваючы творцаў сваімі воклічамі. |
3 Справа пашырэньня межаў нацыянальнага мастацтва, адшуканьня «сваіх» у чужых культурах набыла такія маштабы, што сёньня гэта ўжо ня можа не выклікаць усьмешкі – так, Дубавец іранізуе, што габрэйскі сьлед Элвіса Прэсьлі «...няйначай, прывёў бы прасьцяком у Бабруйск, як тое было ўжо не з адной сусьветнай знакамітасьцю» («Элвіс Прэсьлі»). |
|