A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

   

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

«Як ты адзін – ты больш за аднаго»


Выступленьне таленавітага пісьменьніка ў газэце – гэта дужа цікава і важна, асабліва сёньня, калі многія з сумам згадваюць, як у апошняй чвэрці XX стагодзьдзя на ніве палітычнай журналістыкі працавалі беларускія пісьменьнікі і які розгалас мелі іх публікацыі. Узяць, да прыкладу, Алеся Адамовіча ці Сяргея Дубаўца. А пачатак мінулага стагодзьдзя? Кожны сучасны выдавец і галоўны рэдактар без сумневу марыць пра славу такіх публіцыстаў, такіх калюмністаў, як Янка Лучына, Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Янка Купала. У апошняга чытаем: «Самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецьця – гэта мы самі. І калі ня хочам загінуць, калі ня хочам быць вечнымі рабамі, – павінны пакінуць мы благую звычку думаць, што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі. (...) Час праявіць нам і свае сілы ў будаваньні новага жыцьця для сваёй бацькаўшчыны...» («Больш самачыннасьці», 1919). Якое гарачае жаданьне кансалідаваць грамадзтва! З такімі ўладарамі думак ня страшна было б сустрэць сакавік 2006 году...

Сучасныя пісьменьнікі, якія рэгулярна друкуюцца ў газэтах, пазьбягаюць вострапалітычных тэмаў. Як, прыкладам, аўтары «Нашай Нівы» – Адам Глёбус, Уладзімер Арлоў ці Ўладзімер Някляеў. Але ад гэтага іх чытаць ня менш цікава. Упэўнены, што і «СУчасьнікаў» Глёбуса, і падарожную прозу Арлова, і «Знакі прыпынку» Някляева «нашаніўскі» чытач не абмінае ўвагай – гэта патрэбныя суразмоўцы, і яны (кажу бязь ценю іроніі) многаму могуць навучыць.

Аднак я быў непрыемна ўражаны, калі ў «Знаках прыпынку» (Наша Ніва. № 41. 2005) мяне разам з паплечнікамі па «ARCHE» назвалі «архараўцам» (іншымі словамі, «буянам», «галаварэзам») і абвінавацілі ў непавазе, варожым стаўленьні да супрацоўнікаў часопісу «Дзеяслоў». «Нашы «архэўцы» (ледзь не напісаў «архараўцы» – тыя, хто групуецца пры часопісе «Arche»), – піша Някляеў, – ня надта ладзячы паміж сабою, яшчэ больш ня ладзяць зь «дзеяслоўцамі», у якіх да «архэўцаў» гэткія ж моцныя зваротныя пачуцьці». Гэтыя абвінавачаньні абсурдныя: паводле лёгікі Някляева, я не ў ладах... з сабою, злую і крыўджу самога сябе, бо я, сталы аўтар «ARCHE», друкуюся таксама і ў «Дзеяслове». І гэтак жа злуюцца на саміх сябе, атрымліваецца ў аўтара «Знакаў прыпынку», іншыя літаратары альбо крытыкі, якія адначасова супрацоўнічаюць з гэтымі двума часопісамі. Вось дык галаварэзы – самі сябе рэжуць!

Сэнс нататкі Някляева затуманены: з аднаго боку, ён кажа, што ў беларускіх літаратурных колах «кожны крыўдуе на кожнага», зь іншага, адзначае, што падобная сытуацыя назіралася заўсёды й ня толькі ў нас («так яно між намі сёньня можа быць, як было яно заўсёды і між усімі»). Калі гэта так, і дадзенае пытаньне – вечнае і невырашальнае, як спробы ліквідаваць сацыяльную несправядлівасьць у грамадзтве, навошта тады яго ўздымаць? Тым больш што аўтар не прапануе ні новага бачаньня праблемы, ні сродкаў яе вырашэньня. Уладзімер Някляеў забываецца, што ён піша для газэты, што ягоныя словы балюча адгукаюцца ў сэрцах многіх чытачоў, паглыбляючы іх разгубленасьць, зьняверанасьць у сабе і іншых (у тым ліку ў айчынных інтэлектуалах). Ластоўскі альбо Адамовіч такой неабачлівасьці сабе дазволіць не маглі. А працавалі яны ў тых жа варунках, што і Вы, спадар Някляеў, а менавіта ўва ўмовах, калі Беларусь ня мела палітычнай і эканамічнай свабоды, і незалежнасьць была недасяжнаю мараю, за якую трэба было змагацца. Змагацца разам.

Да таго ж гэтая савецкая звычка не называць ніякіх імёнаў! «Калі размаўляеш з тым ці іншым літаратарам (зь любой групоўкі) паасобку...» – назавіце прозьвішчы, калі ласка! Ваш «сусед» па газэтнай паласе, Адам Глёбус, прозьвішчамі так і сыпле ў сваіх фацэцыях і нататках! Можа быць, у яго Вам трэба павучыцца шчырасьці, уменьню называць рэчы сваімі імёнамі, не ганяцца за абагульненьнямі?

Далібог, я не крыўдую на аўтара «Знакаў прыпынку», ні ў чым яго не абвінавачваю. Я толькі спрабую зразумець, чаму менавіта цяпер і менавіта ў такой форме знаны беларускі паэт і празаік Уладзімер Някляеў ставіць (дакладней, спрабуе паставіць) гэтае пытаньне. Чаму ён, аўтар бліскучага вершу «Як ты адзін» (Крыніца. 1994. № 8), гэтак няўмела і павярхоўна піша сёньня пра варожыя лягеры (праблема, асабіста для мяне, падкрэсьлю, – няісная):

      Чужы чужым – яны знайшлі свайго,
      Ня свой сваім – яны пайшлі з чужымі,
      Ня тузайся ні з тымі, ні з другімі.
      Як ты адзін – ты больш за аднаго.

      У высі птушка,
      Рыба ў глыбіні,
      Вандроўнік на фантомным небакраі,
      Як ты адзін – ты не змарнуеш дні
      На тое, каб спазнаць законы зграі. (…)

У гэтым вершы падкрэсьліваецца, што сапраўдны творца не павінен губляць сябе ў «тузаньні» з рэчаіснасьцю. Сапраўдная паэзія і гармонія – яны з тымі, хто аддаў перавагу не «чужым-сваім», а адзіноце, хто пасябраваў з сабою. Можа быць, Някляеву ў «Знаках прыпынку» трэба было нагадаць беларускім літаратарам свой верш «Як ты адзін» і толькі? Вынік, упэўнены, быў бы больш пазытыўны. Аднак, не. Някляеў-паэт збочыў, каб Някляеў-публіцыст выйшаў наперад. І сказаў... не, ня глупства, а трывіяльнасьць, якой ад былога галоўнага рэдактара легендарнага часопісу «Крыніца», а сёньня – новаабранага старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру і аўтара паважанага тыднёвіка «Наша Ніва» мы зусім не чакалі.

Павал Абрамовіч,
літаратурны крытык

   
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/18