A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ЁЖЭФ БЁРАЧ

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Ёжэф Бёрач¹, Магуа Саркар
Што такое Еўрапейскі Звяз?


НЕ ДЗЯРЖАВА

Гісторыя заходнееўрапейскай інтэграцыі бачыла шмат прыкладаў раз’яднанасці, фанабэрлівасці і дробязнага гандлю. Аднак паспяховае ўвядзенне супольнай валюты – еўра – здаецца, адсунула на задні план раней даволі распаўсюджанае меркаванне, што ЕЗ – гэта проста мытны саюз або міжурадавая арганізацыя. Так, чуваць галасы, што «дзяржавы-ўдзельніцы ЕЗ наўздзіў паспяхова бароняць пазіцыі гаспадароў сваёй эканомікі», або што ў ЕЗ існуе «супярэчлівы дуалізм паміж наднацыянальным еўрапейскім заканадаўствам і міжурадавай еўрапейскай палітыкай». Але паступова сярод даследчыкаў запанаваў вобраз ЕЗ як згуртаванай, адзінай супольнасці, вельмі падобнай да дзяржавы. Гэты вобраз увайшоў ва ўжытак нягледзячы нават на тое, што нядаўна Філіп Шмітэр2 давёў: дзяржаўнасць – толькі адзіны з лагічна магчымых вынікаў палітычнай інтэграцыі ў Заходняй Еўропе. Вядома, існуе шмат разыходжанняў наконт таго, якога кшталту (квазі-)дзяржавай ёсць або мог бы стаць ЕЗ – федэратыўнай наднацыянальнай або канфедэратыўнай міжурадавай, уніфікаванай аднаўзроўневай або шматузроўневай, цэнтралізаванай або дэцэнтралізаванай і г. д. Вядзецца нават спрэчка, ці можа ЕЗ як адзінка ўвогуле ўяўляць змястоўны аб’ект для аналізу (мы звернемся да гэтага пытання далей). Зразумела, дзяржавы – не адзіныя, а магчыма, цяпер ужо і не галоўныя дзейныя суб’екты рэгіянальнай (ц)і міжнароднай сістэмы. Тым не менш, агляд літаратуры па ЕЗ, аналіз яе канцэптуальных паняткаў і расстаноўкі акцэнтаў выяўляе, прынамсі, пакрыёмую схільнасць аўтараў бачыць ЕЗ праз акуляры «заходнееўрапейскай дзяржавы». Сюды дадаецца (і, на нашу думку, часткова тлумачыць такі погляд) ці не супольная для ўсіх тэндэнцыя абмінаць увагай вонкавыя аспекты дзейнасці структур ЕЗ. А яны маглі б дапамагчы кінуць святло на спецыфіку Еўразвяза як геапалітычнай адзінкі.

На першы погляд, аналогія з дзяржавай спрацоўвае даволі добра. У ЕЗ ладзяцца рэгулярныя выбары, Еўрапарламент адзін за адным выдае «законы» і «пастановы» – усё як у дзяржаве. ЕЗ мае магутную бюракратычную – у Веберавым сэнсе слова – машыну і нават грунтоўна распрацаваныя інстытуцыйная наратывы накшталт «афіцыйная палітыка ЕЗ» (напрыклад, гандлёвая, фінансавая палітыка і г. д.). Велізарны аб’ём нарматыўнай дакументацыі ЕЗ – г. зв. «Acquis communautaire» – збольшага распаўсюджваецца як на дзяржавы ЕЗ, так і вонкі. ЕЗ мае цэнтральны орган кіравання – Еўракамісію: яна складаецца з дырэкцый (Directorates-Général), што атрымліваюць заданні, вельмі падобныя да заданняў міністэрстваў ва ўрадзе любой сучаснай дзяржавы. Нядаўні старшыня Еўракамісіі Рамана Продзі неаднойчы настойваў на гэтай аналогіі, называючы Камісію проста «ўрадам ЕЗ». Еўразвяз мае таксама Раду – калектыўны орган кіравання, Суд, Цэнтральны банк, што сочыць за стабільнасцю адзінай валюты. Ад пачатку 2002 г. яна сталася адзіным плацежным сродкам у найбагацейшых і наймагутнейшых дзяржавах ЕЗ: на сярэдзіну 2004 г. да зоны еўра далучыліся 12 дзяржаў з 25, што ўваходзяць у Еўразвяз. У ЕЗ няма нормаў наконт выключэння з арганізацыі, і нават пытанне пра прыпыненне членства паўстала толькі ў кантэксце «пашырэння на Усход» – на Амстэрдамскім саміце 1997 г. Інстытуцыйны палітычны механізм, што дзее ў маштабе ЕЗ, нядаўна выпрацаваў юрыдычны дакумент пад назвай «Канстытуцыя» – цяпер яго мусяць ратыфікаваць дзяржавы-ўдзельніцы. Апрача ўсяго, ЕЗ мае за мяжой пасольствы і стала падпісвае дамовы з асобнымі дзяржавамі. Нарэшце – магчыма, гэта самае важнае – ЕЗ набыў пэўную палітычную вагу, што выяўляецца і ва ўздзеянні на бліжэйшых суседзяў, і ў пашырэнні свайго ўплыву ў астатнім свеце. (Тут з Еўразвязам могуць параўнацца адно некалькі суб’ектаў сусветнай палітычнай сцэны, прычым усе яны – дзяржавы.) Калі браць пад увагу названыя рысы, ЕЗ смела можна назваць нейкай уладнай структурай, што ў некаторых важных аспектах нагадвае дзяржаву.

  ад’юнкт-прафэсар сацыялёгіі і кіраўнік вугорскіх cтудыяў ува ўнівэрсытэце Ратгерса, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Вугорскай акадэміі навук. Апошнія кнігі «Empire’s New Clothes: Unveiling EU-Enlargement» (Holly Cottage, UK, 2001), «Leisure Migration: A Sociological Study on Tourism» (Oxford, UK, Elsevier Science, 1996).


МАГУА САРКАР

дацэнт катэдры сацыялёгіі ўнівэрсытэту Бінгхэмптону SUNY, што ў Нью-Ёрку. У поле яе навуковых інтарэсаў уваходзіць тэорыя фэмінізму і посткаляніялізму, гістарычная сацыялёгія, палітычная эканомія. Апошнія публікацыі – артыкулы «Looking for Feminism» («Gender & History», 2004, August), «Community and Nation: Groping for Alternative Narratives» («Economic and Political Weekly», 2003, 27 December).

1 Частка гэтага праекта была выканана – а ранейшая версія артыкула напісана, – калі Ёжэф Бёрач праходзіў стажыроўку ў кёльнскім Інстытуце аналізу грамадстваў імя Макса Планка.

2 Schmitter, Philippe. Examining the Present Euro-Polity with the Help of ast Theories // Marks, Gary, Scharpf, Fritz W., Schmitter, Philippe C. and Streeck, Wolfgang, eds. Governance in the European Union. – London: Sage, 1996.

   
Аднак у арганізацыі ЕЗ ёсць адметнасць, якая істотна адрознівае яго ад дзяржавы ў агульнапрынятым значэнні слова: у ЕЗ няма выканаўчага апарату. Можна называць Камісію «ўрадам ЕЗ», але пакуль у ЕЗ няма ўласных выканаўчых інстытутаў3 на ніжэйшым за дырэкцыі ўзроўні, гэты назоў застаецца проста метафарай. Паводле вызначэння, прынятага з часоў Макса Вебера, дзяржава – гэта арганізацыя, што мае манаполію на законнае ўжыванне гвалту на пэўнай тэрыторыі. ЕЗ такой манаполіі не мае. Насамрэч, у яго практычна няма ўласных сілаў бяспекі, за выняткам нядаўна заснаваных, але не зусім дзейных Сілаў хуткага рэагавання (іх камандныя структуры і задачы пакуль належным чынам не вызначаныя). Варта згадаць, як у 2000 г. Еўразвяз зайшоў у палітычны тупік, калі да ўлады ў Аўстрыі прыйшоў ультраправы кааліцыйны ўрад, які іншыя дзяржавы ЕЗ палічылі ідэалагічна недэмакратычным і тым самым палітычна непрымальным. Тады яскрава выявілася, што ў ЕЗ не прапісаная працэдура выключэння, што арганізацыя, бадай, не мае інстытуцыйных сродкаў, каб выхоўваць і караць дзяржавы-ўдзельніцы за наўмысныя неналежныя дзеянні4. Еўразвяз не можа самастойна ўздзейнічаць на суб’ектаў палітычнага жыцця як на сваёй уласнай тэрыторыі, так і па-за ейнымі межамі. На нашу думку, улічваючы гэтую адсутнасць дзеяздольнай выканаўчай улады, ЕЗ папросту нельга лічыць дзяржавай у агульнапрынятым сэнсе.

Нехта, вядома, запярэчыць, што існуюць дзяржавы – напрыклад, у посткаланіяльным або постсацыялістычным трэцім свеце, – у якіх апарат кіравання настолькі падарваны разнастайнымі палітычнымі і эканамічнымі крызісамі, што сама дзяржава фактычна не ў стане выконваць дзяржаўных функцый. Аднак ЕЗ не належыць да некіраваных дзяржаў з разбураным або бездапаможным перад абліччам вонкавых сілаў выканаўчым апаратам. У нашым разуменні ЕЗ адрозніваецца тым, што ён ніколі не меў і нават не спрабаваў развіць ніякага выканаўчага апарату, а тым не менш, даволі эфектыўна дзейнічае і набыў значны ўплыў у свеце.

УЛАДНАЯ СТРУКТУРА БЕЗ АПАРАТУ: АЖЫЦЦЯЎЛЕННЕ РАШЭННЯЎ ПРАЗ КАНАЛЫ ЗАЛЕЖНАСЦІ

Як жа тады ЕЗ з поспехам дамагаецца выканання Acquis і ў межах арганізацыі, і па-за імі? І што яшчэ больш істотна: калі Еўразвяз – не дзяржава, якім чынам ён выконвае найважнейшую геапалітычную задачу – змяняе сабе на карысць сваё атачэнне, што ўтвараецца з дзяржаў? Іншымі словамі, як можа дзейнічаць уладная структура без манаполіі на сродкі прымусу?

Пры бліжэйшым разглядзе адкрываецца разгалінаваная сістэма з чатырох галоўных механізмаў, праз якія ЕЗ дабіваецца выканання Acquis і распаўсюджвае свой уплыў вонкі. Яе складнікі – апараты дзяржаў-удзельніц, міжурадавыя арганізацыі, працэс «пашырэння на Усход» і, нарэшце, транснацыянальныя карпарацыі. Далей мы больш падрабязна засяродзімся на кожным з гэтых чатырох механізмаў дзейнасці Еўразвязу.

Апарат дзяржаў-удзельніц ЕЗ

Па-першае, ЕЗ забяспечвае выкананне Acquis і прасоўвае свае геапалітычныя інтарэсы праз апараты дзяржаў-удзельніц. Паўнапраўны ўдзел у ЕЗ вымагае, каб дзяржава трымалася нормаў Acquis нароўні з уласным заканадаўствам. Безумоўна, гэта стварае пэўныя палітычныя цяжкасці, бо сістэма легітымнай улады дзяржаў у складзе ЕЗ радыкальна розніцца ад ягоных шматлікіх заканадаўчых і кіраўнічых органаў. У гэтым сэнсе добра вядомая элегантная афіцыйная фармулёўка, паводле якой ЕЗ – гэта арганізацыя, якая «падзяляе з дзяржавамі-ўдзельніцамі і яднае іх суверэнітэт»5. Гэта фраза апісвае дагаворныя сувязі, праз якія ЕЗ «едзе верхам» на дзяржавах-удзельніцах і ў выніку робіцца метадзяржавай.

  3 Адзінае выключэнне з правіла – баснійскі горад Мостар, кіраваны непасрэдна ЕЗ.

4 У пачатку 2000 г., калі ультраправая, ксенафобская партыя атрымала больш як палову месцаў у аўстрыйскім парламенце на першых выбарах пасля ўступлення Аўстрыі ў ЕЗ, усе дзяржавы ЕЗ прыпынілі свае двухбаковыя сувязі з Аўстрыяй, прыняўшы 14 актаў байкоту. Тым часам старшыня Еўракамісіі Продзі даслаў звычайную віншавальную тэлеграму новаму аўстрыйскаму канцлеру, у якой выказаў «упэўненасць», што апошні будзе прытрымлівацца «супольных еўрапейскіх каштоўнасцяў – свабоды, дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і асноўных свабод і вяршэнства закону». Продзі запэўніў канцлера, што «спадзяецца на канструктыўныя працоўныя адносіны» з Аўстрыяй (афіцыйны дакумент ЕЗ, IP/00/123). Прысутнасць крайне правых (ц)і ксенафобскіх партый у розных урадах іншых дзяржаў ЕЗ не выклікала нават гэткай рэакцыі з боку Еўракамісіі.

   
Аднак метадзяржава не тое самае, што дзяржава. У дзяржаве выканаўчая ўлада абавязкова абапіраецца на сувязь заканадаўчых органаў з супольнасцю грамадзян як носьбітаў законнае ўлады. Без свайго выканаўчага апарату ЕЗ заўсёды стаіць на крок далей ад крыніцы легітымнасці. Гэтак узнікае глыбокі, часта непераадольны разрыў у надзвычай складаных і далікатных стасунках паміж грамадзянамі і заканадаўчым ды выканаўчым апаратам «іх» дзяржавы. Заходнееўрапейцы стала выяўляюць меншую актыўнасць на выбарах у Еўрапарламент, чым у заканадаўчыя органы сваіх краін. Разрыў складае ў сярэднім 24,4 % галасоў, прычым вагаецца6 ад 2,9 % у Ірландыі і 10,4 % у Літве да 53,4 % у Славакіі і 42,5 % у Швецыі. І гэта толькі адно сведчанне, наколькі хісткая легітымнасць ЕЗ як метадзяржавы. Калі сёння ў Заходняй Еўропе гучаць рэзкія выступленні супраць Еўразвяза (як правіла, з боку скрайне правых), то ў іх пераважна падкрэсліваецца гэты разрыў, які сур’ёзна непакоіць грамадзян цяперашніх дзяржаў ЕЗ. Апроч таго, ён дадае падстаў абвінавачваць ЕЗ у недэмакратычнасці.

Міжурадавыя арганізацыі

Другі, і нават цікавейшы механізм, праз які Еўразвяз ажыццяўляе свой немалы ўплыў, асабліва па-за межамі ЕЗ, – адначасовая прыналежнасць дзяржаў ЕЗ да міжурадавых арганізацый і стратэгічных альянсаў: СГА, МВФ, ЕБРР, ЗЕЗ, АБСЕ, ААН з усімі яе спецыялізаванымі ўстановамі і НАТО. Ваенная моц застаецца адным з найістотнейшых дзяржаўных атрыбутаў і, відавочна, мае першачарговае значэнне ва ўздзеянні вялікіх дзяржаў на міжнароднае становішча. Таму, каб зразумець прыроду ўладнай структуры, трэба перш за ўсё разгледзець, як арганізаваная яе абарона.

Высвятляецца, што глабальная, стратэгічная абарона ЕЗ забяспечваецца сіламі НАТО – праз шэраг насамрэч значна буйнейшых інстытуцыйных механізмаў, зусім не падобных да простага «падзялення і яднання» ваеннага комплексу дзяржаў-удзельніц. Фактычнае забеспячэнне абароны ЕЗ сіламі НАТО стала магчымае (але не лагічна абавязковае) таму, што шмат якія дзяржавы ЕЗ таксама ўваходзяць у НАТО. Хутчэй, гэтае пагадненне каранямі сягае часоў халоднай вайны і вельмі яскрава даказвае, што гісторыя Еўразвяза бярэ пачатак з гэтага 45-гадовага геапалітычнага супрацьстаяння. Такім чынам, ЕЗ паспяхова перадае НАТО, хай і праз дзяржавы ў яе складзе, адзін з ключавых атрыбутаў дзяржаўнасці – абарону. Так бы мовіць, ЕЗ наймае НАТО субпадрадчыкам. Пагадненне сапраўды адметнае: вонкавая абарона Еўразвяза забяспечваецца (і ў пэўнай ступені аплачваецца) арганізацыяй, якую не кантралююць ні сам ЕЗ, ні яго дзяржавы-ўдзельніцы. Гэта сведчыць пра існаванне ў сучасным свеце асабліва моцных геапалітычных сувязяў паміж паўночнаамерыканскім і заходнееўрапейскім цэнтрамі эканамічных і палітычных інтарэсаў. Але да іх мы яшчэ неўзабаве вернемся.

«Пашырэнне на Усход»

Трэці важны механізм, праз які ЕЗ дасягае выканання Acquis, – праект «пашырэння на Усход», калі ўлада Еўразвяза распаўсюджваецца на дзяржавы ўздоўж яго ўсходніх і паўднёва-ўсходніх межаў. Найважнейшая перадумова, каб падаць заяўку на паўнапраўны ўдзел у ЕЗ, і адзін з вызначальных крытэраў, паводле якога ўвесь час ацэньваюцца дзяржавы-прэтэндэнты, – прыняцце і выкананне Acquis. Дзяржавы-прэтэндэнты пагаджаюцца наўпрост падпарадкоўвацца заканадаўству Еўразвяза і часткова саступіць суверэнітэт на карысць замежнага ўладнага органа – і наўзамен атрымліваюць права на асацыяваны ўдзел у ЕЗ і няпэўнае абяцанне паўнапраўнага ўдзелу калі-небудзь у будучыні. Шмат хто прызнае, што такая сітуацыя непараўнальна больш выгадная Еўразвязу як у эканамічным, так і ў геапалітычным плане.

Тут вельмі важна разрозніваць «пашырэнне на Усход» і «далучэнне». Апошняе азначае, што дзяржава-прэтэндэнт афіцыйна прызнаецца паўнапраўнай удзельніцай ЕЗ і атрымлівае належную колькасць месцаў у Еўракамісіі, Радзе, Еўрапарламенце і іншых органах. «Пашырэнне на Усход» можа і не завершыцца далучэннем – гэта нядаўна на сабе адчулі Румынія, Балгарыя і Турцыя. У сярэдзіне 1990-х гг. іх запрасілі паўдзельнічаць у працэсе «пашырэння на Усход» разам з іншымі дзесяццю кандыдатамі, але ў 2004 г. іх у ЕЗ не прынялі. Далей, далучэнне трэба адрозніваць ад поўнага ўлучэння, калі на ўсіх грамадзян дзяржаў ЕЗ распаўсюджваюцца роўныя правы. Афіцыйнае далучэнне не абавязкова тоеснае «поўнаму ўлучэнню». Большасць «старых» дзяржаў ЕЗ зусім не жадалі пусціць на свой рынак працоўную сілу з Усходняй Еўропы7. Таму поўны спектр правоў, гарантаваных грамадзянам ЕЗ (у т. л. права на свабодны рух, выбар месца жыхарства і працы), грамадзяне краін, што ўступілі ў Еўразвяз у 2004 г., набудуць толькі праз яшчэ сем гадоў. Само сабою зразумела, што на рух працоўнай сілы або капіталаў са «старых» у «новыя» краіны ЕЗ ніякіх падобных забаронаў няма. Прадугледжваюцца, праўда, пэўныя абмежаванні на непасрэднае набыццё сельскагаспадарчых зямель ва Усходняй Еўропе аграпрадпрыемствамі «старога» ЕЗ.

  5 Гэтая фраза ўсюдыісная ў афіцыйных дыскурсах ЕЗ. Некаторыя нядаўнія спасылкі: Томас Клестыль (прэзідэнт Аўстрыйскай Рэспублікі); Крыс Патэн (да 2004 г. камісар ЕЗ па замежных справах); Рамана Продзі (да 2004 г. старшыня Еўракамісіі); Джэк Стро (брытанскі міністр замежных справаў). Усе спасылкі даюцца па стане на 5 снежня 2003 г.

6 Бельгія і Люксембург у гэтым параўнанні не ўлічваліся, таму што іх выбарчае заканадаўства прадугледжвае абавязковы ўдзел выбарцаў у галасаванні, г. зн. удзел у галасаванні ў гэтых краінах нельга расцэньваць як сведчанне цікавасці грамадзян да тых ці іншых выбараў.

   
Каб лічыцца сур’ёзным прэтэндэнтам на ўваходжанне ў ЕЗ пры «пашырэнні на Усход», неабходна спачатку ўвесці ў дзеянне Acquis. Гэта азначае, што прыняцце заканадаўчых нормаў ЕЗ «паводле змоўчання» на некалькі гадоў папярэднічае далучэнню. То бок дзяржавы-прэтэндэнты вымушаныя браць на сябе ўсе істотныя абавязкі паўнапраўных удзельнікаў, асабліва што датычыць адкрыцця граніц для капіталу ЕЗ. Між тым, прэтэндэнты не маюць ніякіх правоў, якімі карыстаюцца дзяржавы ў складзе ЕЗ. Так, покуль прэтэндэнты не далучацца да Еўразвяза, яны вызваленыя ад абавязку сплачваць унёскі. Аднак мяркуецца, што патокі субсідый і надзвычай патрэбныя ўкладанні ў інфраструктуру ад разнастайных фондаў развіцця ЕЗ шматкроць перавысяць суму ўнёскаў. Выходзіць, што чым даўжэйшы перыяд паміж уцягваннем краіны ў працэс «пашырэння на Усход» і яе поўным улучэннем у ЕЗ, тым больш верагодна, што спадарожныя «пераходнаму перыяду» цяжкасці краіны-прэтэндэнта зробяцца хранічнымі, уеўшыся ў структуру яе грамадства – асабліва з улікам таго, што гэтыя цяжкасці сталі таўром усходнееўрапейскага капіталізму.

Падпарадкаванне законам і пастановам іншаземных уладных структур прыпадабняе становішча ўсходнееўрапейскіх дзяржаў-прэтэндэнтаў да «залежных краін», «пратэктаратаў». А кантроль над дзяржаўнай уладай звонку нагадвае «ўскоснае кіраванне» з гісторыі каланіяльных імперый. У дачыненнях паміж ЕЗ і Усходняй Еўропай уздзеянне звонку асабліва адчуваецца ў сферы эканамічнай палітыкі. Для тых краін, што далучыліся да ЕЗ у 2004 г. і атрымаюць поўныя правы ў 2011 г., стан квазіпратэктаратаў расцягнецца на 18 гадоў. А для Румыніі, Балгарыі, Турцыі, якія ўступяць у ЕЗ у наступным раўндзе, калі арыентавацца на «аптымістычны» сцэнар з усяго пяцігадовай адтэрміноўкай, ён можа скласці блізу 23 гадоў.

Транснацыянальныя карпарацыі

Калі ахарактарызаваць вельмі складаную сетку ўзаемадачыненняў проста, ЕЗ, без сумневу, быў і застаецца супольным праектам часткі кіроўнай эліты ў Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы. З нядаўняга часу некаторыя даследчыкі нават гавораць пра «трансатлантычную ўладу» як асобны, пэўна акрэслены інстытут сучаснай глабальнай эканомікі. Адна няўрадавая арганізацыя, якая адсочвае працэсы вакол ЕЗ, нядаўна папярэдзіла8, што ЕЗ і ЗША пад уплывам лобі шматнацыянальных карпарацый, якія дзейнічаюць на абодвух кантынентах, пачалі маштабныя перамовы наконт стварэння Паўночнаатлантычнай зоны свабоднага гандлю і мытнага саюза. Наколькі моцнае гэтае лобі, сведчыць той факт, што на адной з апошніх сесій перад выбарамі 2004 г. Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, што заклікае да «ажыццяўлення 10-гадовага Плану дзеянняў па паглыбленні і пашырэнні трансатлантычнага рынку, а таксама трансатлантычнага эканамічнага і фінансавага супрацоўніцтва, з тым каб стварыць трансатлантычны рынак без усялякіх бар’ераў да 2015 г.»9.

  7 З 15 «старых» дзяржаў ЕЗ толькі Вялікабрытанія і Ірландыя – дзве найбольшай адлеглыя ад Усходняй Еўропы краіны – адкрылі свае рынкі працы для грамадзян тых дзяржаў, якія ўступілі ў ЕЗ у 2004 г.

   
ЕЗ уяўляе сабою «пакт эліт», заключаны паміж некаторымі наймагутнейшымі сусветнымі кампаніямі – транснацыянальнымі карпарацыямі (ТНК), што маюць штаб-кватэры (ц)і працуюць у Заходняй Еўропе, – і групай, якую часам называюць «палітычнымі прадпрымальнікамі» з брусельскага цэнтру. Згодна з умовамі пакта, ЕЗ дае ТНК, што базуюцца ў краінах Еўразвяза, пэўны кантроль над эканамічнай прасторай і іншыя параўнальныя перавагі. Наўзамен нормы Acquis Еўразвяза і яго ўплыў распаўсюджваюцца яшчэ далей, часткова праз дзейнасць заходнееўрапейскіх ТНК на сусветным рынку. ТНК адыгрываюць немалую ролю ў эканамічным падпарадкаванні асобных дзяржаў, у тым ліку навязванні тэхналагічнай, фінансавай і гандлёвай залежнасці, а таксама ў трансфармацыі структур уласнасці і авалоданні імі.

Асабліва добра відаць, як утвараецца падобная залежнасць, на прыкладзе нядаўніх эканамічных трансфармацый у былых сацыялістычных краінах – суседзях ЕЗ. Да яе прыводзяць не толькі простыя замежныя інвестыцыі, гандаль і запазычанне тэхналогій, але і навязванне правілаў, сістэматычнае ўздзеянне на эканамічную палітыку, на заканадаўства ў вайсковай і памежнай сферах, у адукацыі, ахове здароўя і іншых сацыяльных пытаннях, прычым неістотна, уваходзяць яны ў кампетэнцыю ЕЗ ці не.

У апошні перыяд дзяржаўнага сацыялізму грамадствы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы жылі ва ўмовах унікальнай сістэмы вонкавых сувязяў, якую можна назваць «двайная залежнасць». Яна ўзнікла ў выніку ўвядзення рынкавых элементаў у эканамічную сістэму «заходніх» сацыялістычных дзяржаў ад канца 1960-х і да сярэдзіны 1970-х гг. і ўвядзення дзяржаўных датацый на тавары не першай неабходнасці. Нарэшце, да стварэння гэтай залежнасці спрычыніліся і цяжкасці, з якімі сутыкнуліся моцна залежныя ад энерганосьбітаў краіны Усходняй Еўропы праз скачок цэнаў на іх. Масква, як цэнтр сацыялістычнага свету, захоўвала ўладу над Цэнтральнай і Усходняй Еўропай у геапалітычным плане. Аднак тамтэйшае грамадства ўсё больш трапляла ў своеасаблівую залежнасць, характэрную для позняй фазы дзяржаўнага сацыялізму, і ад заходняга капіталу. Перш за ўсё яна выявілася ў імклівым росце вонкавай запазычанасці. Калі ў канцы 1980-х гг. адбыўся калапс дзяржаўнага сацыялізму, Савецкі Саюз паступова, «дысцыплінавана» здаў свае геапалітычныя пазіцыі ва Усходняй Еўропе. Такім чынам знік адзін з падважнікаў «двайной залежнасці», а з ім сышлі і рэшткі механізму ўсёахопнай сацыяльнай абароны – спадчына дзяржаўнага сацыялізму. Часткова таму, што ўжо склалася залежнасць ад размешчанага ў Заходняй Еўропе транснацыянальнага капіталу, а часткова ў адпаведнасці з геапалітычнай логікай паглыблення заходнееўрапейскай інтэграцыі грамадствы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы неўзабаве трапілі ў новую, жорсткую залежнасць ужо ад аднаго Еўразвяза. Безумоўна, ладная частка гісторыі Усходняй Еўропы Новага часу – гэта гісторыя залежнасці ад заходнееўрапейскіх дзяржаў. У гэтым сэнсе постсацыялістычная залежнасць мае толькі дзве асаблівасці. Па-першае, яна носіць надзвычай глыбокі характар. Па-другое, Заходняя Еўропа, з’яднаная, як ніколі раней, фактычна падпарадкавала краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адзінаму суб’екту – гегемону на еўрапейскай палітычнай арэне, чаго ніколі раней гісторыя не ведала.

Даўгавая залежнасць часу позняга дзяржсацыялізму хутка перарасла ў гандлёвую і інвестыцыйную. І на той час, як дзяржавы-прэтэндэнты наблізіліся да ўступлення ў Еўразвяз, яны ўжо кардынальна трансфармаваліся ў экспартна арыентаваныя рэгіёны спажывання другасных паслуг і прадукцыі. Разбураная дзяржаўна-сацыялістычная прамысловасць аднаўлялася амаль выключна замежным капіталам, які атрымліваў велізарныя падатковыя льготы, каб вырабляць прадукцыю перадусім для рынку ЕЗ. Да першага раўнду афіцыйнага далучэння ўсходнееўрапейскіх дзяржаў да ЕЗ у 2004 г. заходнееўрапейскія вытворчыя ТНК разам з фінансавым капіталам узялі ў свае рукі кантроль над пераацэнкай рэсурсаў у былых краінах дзяржаўнага сацыялізму ўздоўж усходніх межаў ЕЗ.

Першапачаткова панятак вонкавай эканамічнай залежнасці стаў ужывацца ў эканамічнай і сацыяльна-палітычнай гісторыі Лацінскай Амерыкі ў 1960-х – 1970-х гг. Аднак аналогія паміж Лацінскай Амерыкай і Усходняй Еўропай не працуе, паколькі галоўная рэгіянальная метраполія Лацінскай Амерыкі, ЗША, – гэта дзяржава ў Веберавым сэнсе слова, магчыма, наймагутнейшая дзяржава – эканамічны гегемон пасля Другой сусветнай вайны; ЕЗ – метраполія Усходняй Еўропы – не дзяржава, а ўладная структура, якая паўстае і развіваецца, шмат у якіх аспектах застаецца неаформленай, расплывістай. Эканамічная і геапалітычная магутнасць Еўразвяза сувымерная з амерыканскай, але ЕЗ не мае непасрэдных сродкаў гвалту, а функцыянуе праз шэраг вельмі складаных, але гнуткіх, апасродкаваных механізмаў, акрэсленых намі раней. У заключнай частцы артыкула мы звернемся да аналізу гнуткіх вонкавых дачыненняў ЕЗ і разгледзім, што з гэтага можа вынікаць.

АСНАВАТВАРНАЯ РОЛЯ ВОНКАВЫХ ДАЧЫНЕННЯЎ

У літаратуры аб Еўразвязе, асабліва ў дыскусіях палітолагаў наконт «федэратыўнай» альбо «канфедэратыўнай» сутнасці ЕЗ, заўважаецца моцная тэндэнцыя засяроджвацца толькі на ўнутраных аспектах. У гэтых спрэчках выяўляюцца тыя ж самыя слабыя месцы, што і ў формуле: «ЕЗ падзяляе з дзяржавамі-ўдзельніцамі і яднае іх суверэнітэт», пра якую мы ўжо гаварылі. ЕЗ тады ўяўляецца папросту нейкай сумай сваіх частак. І тыя, хто зыходзіць з гэтага, толькі агучваюць канкрэтныя інстытуцыйныя і заканадаўчыя палажэнні, якія замацоўваюць падобнае ўяўленне.

Аднак, на нашу думку, неабходна ўлучыць ЕЗ у шырэйшы, глабальны кантэкст. Вышэй мы назвалі чатыры інстытуцыйныя механізмы, праз якія Еўразвяз забяспечвае выкананне Acquis і дасягае ўнутранай і вонкавай стабільнасці, каб еўрапейская эканоміка магла і надалей расці і прыносіць высокія прыбыткі, спецыялізуючыся на сферы паслуг і высокіх тэхналогій. Вось жа, тры з чатырох названых механізмаў непасрэдна залежаць ад суб’ектаў, працэсаў, структурных умоў па-за ЕЗ і ўплываюць на сітуацыю вонкі ЕЗ. У тым, што ЕЗ абапіраецца на вонкавыя суб’екты, працэсы і структуры, няма выпадковасці. Хутчэй, яны нагадваюць стаўпы, на якіх трымаецца Еўразвяз.

Ёсць, мабыць, нават больш пераканаўчыя, глыбока гістарычныя прычыны, чаму ЕЗ неабходна разглядаць у глабальным кантэксце. У дыскусіях пра ЕЗ, бадай, надта рэдка закранаецца роля дзяржаў у яго складзе і іх папярэднікаў ва ўтварэнні такіх падставовых рэалій, як сусветная эканоміка і сучасная міждзяржаўная сістэма. Краіны, што ўваходзілі ў ЕЗ на мяжы XX–XXI стст., усяго два-тры пакаленні назад былі імперыямі, што валодалі амаль паловай населенай часткі сушы па-за межамі Еўропы. На пачатку 1930-х гг. іх калоніі сягалі трох чвэрцяў усіх замежных тэрытарыяльных уладанняў і ахоплівалі амаль палову населеных земляў вонках Еўропы (гл. Табліцу 1).

Табліца 1. Замежныя ўладанні дзяржаў ЕЗ
(па стане на 2002 г.) у 1878, 1913–1914, 1933 і 1939 гг.
  1878 (a) 1913 (a) 1914 (б) 1933 (a) 1939 (б)
Каланіяльныя ўладанні папярэднікаў дзяржаў ЕЗ (тыс. км²)  38 627   57 196   55 392   57 533   36 206 
Каланіяльныя ўладанні папярэднікаў дзяржаў ЕЗ адносна населеных земляў па-за межамі Еўропы (в) 31,1% 46,1% 44,6% 46,3% 29,2%
Землі, якімі валодалі папярэднікі дзяржаў ЕЗ, адносна агульнай плошчы калоній і залежных тэрыторый у свеце (г) 57,8 % 73,4 %   73,6 %  

a) Падлічана паводле: Grover, Clark. The Balance Sheet of Imperialism: Facts and Figures on Colonies. – Morningside Heights, NY: Columbia University Press, 1936, 23–4, Табліца I праз падсумаванне плошчы «мандатаў», «залежных тэрыторый» і «самакіраваных тэрыторый» Аб’яднанага Каралеўства, Францыі, Італіі, Бельгіі, Даніі, Германіі, Нідэрландаў, Партугаліі і Іспаніі.

б) Падлічана паводле: Ansprenger, Franz. The Dissolution of the Colonial Empires. – London and New York: Routledge, 1998, які цытуе звесткі Вайта (Veit, Valentin. Kolonialgeschichte der Neuzeit. – Tubingen, 1915), датычныя 1914 г.

в) Агульная плошча сушы ў свеце складае 148 941 000 км². Ад гэтай лічбы мы аднімаем плошчу неабжытай Антарктыкі (14 235 000 км²) і Еўропы (10 507 630 км²). Рэшта – 124 198 370 км² населенай тэрыторыі па-за межамі Еўропы. Крыніца: Hammond Universal World Atlas. – Maplewood, NJ: Hammond, 1913.

г) Падлічана паводле : Grover, Clark. The Balance Sheet of Imperialism: Facts and Figures on Colonies. – Morningside Heights, NY: Columbia University Press, 1936, 32 шляхам аднімання ад плошчы «заходніх уладанняў» «уладанняў Злучаных Штатаў» і «міжнародных рэгіёнаў».

Гэтая простая табліца падводзіць да вельмі істотных высноў. Перш за ўсё яна нагадвае, што ЕЗ – гістарычны спадкаемца тых дзяржаў, якія стагоддзямі літаральна рэзалі астатні свет на кавалкі. Як адзначае Мішэль Фушэ, «па-за Еўропай прыкладна 60 % межаў на сучасных мапах свету навязаныя звонку, а не вызначаныя самімі дзяржавамі». Толькі Вялікабрытанія і Францыя правялі прыкладна 40 % гэтых межаў. Тое ж датычылася і самой Еўропы: практычна ўсе сучасныя межы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе накрэсленыя заходнееўрапейскімі імперскімі дзяржавамі падчас распаду і пераўтварэння імперый у Еўропе.

Гісторыя мадэрных заходнееўрапейскіх імперый і каланіялізму (то бок фактычна гісторыя капіталізму і мадэрнай дзяржаўнасці ва ўсім свеце) – не што іншае, як доўгая гісторыя эксплуатацыі нееўрапейскіх грамадстваў у імперскіх мэтах купкай заходнееўрапейскіх дзяржаў і намеснікаў, якія дзейнічалі ад іх імя. Такім чынам, сённяшняя стаўка ЕЗ на вонкавыя суб’екты палітыкі, працэсы і структуры мае глыбокія гістарычныя карані: імперскія дзяржавы Заходняй Еўропы падпарадкоўвалі і эксплуатавалі суб’ектаў, працэсы і структуры па-за яе межамі. Імперская мінуўшчына даецца ў знакі цэлым наборам сацыякультурных схемаў, шаблонаў мыслення і паводзін датычна «Еўропы», астатняга свету і самога адрознення паміж імі. Гістарычная спадчына імперыялізму абмяжоўвае суб’ектаў у выбары новых шляхоў развіцця і служыць інстытуцыйным складнікам сусветнай гегемоніі. Калі разглядаць ЕЗ як арганізацыю, якая «падзяляе з дзяржавамі-ўдзельніцамі і яднае іх суверэнітэт», тады трэба прызнаць, што ЕЗ таксама падзяляе і яднае іх гісторыю, у т. л. імперыялізму і каланіялізму.

Гісторыя імперыялізму і каланіялізму па-ранейшаму аказвае велізарны эканамічны, палітычны, культурны, маральны і геапалітычны ўплыў на сучаснасць. Акурат праз імперска-каланіяльныя сувязі некаторыя заходнееўрапейскія дзяржавы рана пачалі адыгрываць ролю сусветных гегемонаў. Самае відавочнае наступства каланіяльнай гісторыі – надзвычай выгаднае становішча Заходняй Еўропы ў сучаснай сусветнай эканоміцы. А эканамічная перавага і магутнасць на міжнароднай арэне, у сваю чаргу, вызначае сённяшні стан Еўразвяза і выступае галоўнай прычынай прывабнасці ЕЗ для прэтэндэнтаў на паўнапраўны ўдзел. Еўразвяз падзяляе з дзяржавамі-ўдзельніцамі і яднае нарабаванае ў каланіяльных зваяваннях, а прэтэндэнты на ўваходжанне цяпер просяць сваю долю.

Стварэнне Еўразвяза супала не толькі з пачаткам халоднай вайны, але і з крахам заходнееўрапейскіх каланіяльных імперый. Як відаць з планаў Францыі часоў заснавання ЕЗ у 1950-я гг., працяг эксплуатацыі калоній разумеўся тады як неад’емны, стрыжнёвы фактар паглыблення заходнееўрапейскай інтэграцыі. Напрыклад, чакалася, што Францыя, уступіўшы ў ЕЗ, безумоўна захавае «асаблівыя адносіны» з вялікай часткай нееўрапейскага свету праз Union Française, г. зн. французскую каланіяльную імперыю. Эме Сезер прадбачыў гэткую схему яшчэ ў 1950 г., у сваёй фундаментальнай працы «Дыскурс каланіялізму». Яна стала ў пэўнай ступені адказам на планы заснаваць усёахопную заходнееўрапейскую інтэграцыйную структуру, у якой Заходняя Еўропа бачыла дабрадайную мадэль інтэграцыі «пасля нацызму».

Антыкаланіяльныя вызваленчыя рухі прывялі да распаду сусветнай каланіяльнай сістэмы. Таму не ўдалося стварыць заходнееўрапейскай метаімперыі, якая з’яднала б самыя магутныя імперскія дзяржавы ўключна з іх калоніямі ў адзіны заходнееўрапейскі каланіяльны маналіт. Тым не менш, было б наіўна сцвярджаць, што цяперашняе становішча ЕЗ можна зразумець без уліку імперскай гістарычнай спадчыны. І разнастайныя посткаланіяльныя «садружнасці» – канкрэтны напамін пра гістарычна вельмі працяглыя, няроўныя, неакаланіяльныя адносіны. Значная частка посткаланіяльнага «трэцяга свету» дасюль прыкаваная да сваіх былых гаспадароў у Еўропе ўсё новымі і новымі ланцугамі залежнасці. У гэтым сэнсе Еўразвяз падзяляе з дзяржавамі-ўдзельніцамі і яднае іх неакаланіяльныя праекты, у т. л. і іх выразна асіметрычныя сувязі з былымі калоніямі – большай часткай цяперашняга «трэцяга свету».

У дыскусіях пра будучыню Еўразвяза абмяркоўваецца толькі адзін аспект гэтай посткаланіяльнай залежнасці – чалавечы паток, які імкнецца ў Еўропу. Яго прычына – згаданыя асіметрычныя сувязі, а таксама ўдзел найбагацейшых заходнееўрапейскіх дзяржаў у аказанні дапамогі сваім былым калоніям. Каб не ствараць няёмкасці, збольшага замоўчваецца працяглае, велізарных маштабаў перапампаванне эканамічнага багацця з калоній у цэнтр, наступствы шырока ўжыванага палітычнага гвалту, імперыялістычных войнаў і генацыду, няспынны распаўсюд стратэгічнае вайсковае моцы праз «сферы ўплыву», разбурэнне культурных, палітычных, маральных і рэлігійных адметнасцяў былых калоній. Стаўшы цяпер фармальна незалежнымі грамадствамі, яны атрымалі толькі каліва ўласных рэсурсаў ці нічога ўвогуле. Калі былыя каланіяльныя повязі, безумоўна, бяруцца пад увагу ў іміграцыйнай палітыцы, то на іх неабходна зважаць і ва ўсіх іншых сферах – магчыма, найперш у пошуках адказу на пытанне, што такое Еўразвяз.

Дэкаланізацыя не завершаная і сёння. У электронным атласе свету10 пералічваюцца 58 «залежных тэрыторый» у сучасным свеце. З іх 15 усё яшчэ «брытанскія», 9 – «французскія», дзве «належаць» Даніі, і яшчэ дзве – Нідэрландам. Агулам 30 – больш за палову – фактычных калоній у свеце знаходзяцца пад простым кантролем каланіяльных дзяржаў у складзе ЕЗ. Паколькі ўдзельнікі Еўразвяза захавалі кантроль над некаторымі калоніямі, нельга адмаўляць, што ЕЗ вядзе каланіяльны бізнэс у тым самым сэнсе слова, які не змяніўся за 400 гадоў. Любая дакладная мапа ЕЗ мусіла б уключаць, напрыклад, Віргінскія астравы і Фалькленды, Мартыніку і Рэюньён, Грэнландыю і Арубу. Калі ўлічваць каланіяльную мінуўшчыну дзяржаў ЕЗ, няма чаго здзіўляцца, што нядаўна Камісарам ЕЗ па міжнародных адносінах11 стаў не хто іншы, як апошні брытанскі губернатар калоніі Ганконг. Калі Еўразвяз «падзяляе з дзяржавамі-ўдзельніцамі і яднае іх суверэнітэт», ён падзяляе і рэшту іх імперскіх праектаў, ужо не кажучы пра спадчыну ранейшых «подзвігаў».

  8 па стане на 21 ліпеня 2004 г.

9 са спасылкай на «Параграф 17 Рэзалюцыі Еўрапарламента аб стане трансатлантычнага партнёрства напярэдадні саміта ЕЗ–ЗША ў Дубліне, 25–26 чэрвеня 2004 г.».

   
Наўрад ці можна адмаўляць, што існуюць механізмы перадачы калектыўнага досведу, ведаў, менталітэту – карацей кажучы, культуры – з пакалення ў пакаленне. Таму каланіяльная мінуўшчына цяперашніх дзяржаў ЕЗ і роля імперый у стварэнні іх сучаснага багацця, магутнасці, прывілеяванага становішча і прэтэнзій на культурную перавагу істотна адбіваецца на калектыўнай свядомасці Заходняй Еўропы. Згодна з Табліцай 1, у 2003 г. 90 % насельнікаў ЕЗ былі грамадзянамі каланіяльных дзяржаў. Такім чынам, ЕЗ – вельмі важны цэнтр, які няспынна стварае і распаўсюджвае культуру каланіялізму і імперскасці.

Нарэшце, ёсць яшчэ адна імперская традыцыя, уласцівая сучасным краінам ЕЗ: гістарычная спадчына кантынентальных, сумежных імперый у Цэнтральнай Еўропе. Гісторыя сусветнай сістэмы Новага часу – гэта гісторыя каланіяльных імперый. Але гэта і гісторыя надзвычай складанай стратэгічнай гульні, якую вялі «кантынентальныя» імперыі: наступалі і адступалі, ладзілі падзелы і перадзелы слабейшых (ц)і меншых дзяржаў, каб набыць землі, людскія і іншыя стратэгічныя рэсурсы. Гэтыя працэсы адбываліся па ўсёй тэрыторыі Еўропы, у т. л. і ў яе цэнтральнай і ўсходняй частках. Чатырма галоўнымі дзейнымі асобамі ў імперскай гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы сталіся імперыя Габсбургаў, а таксама Асманская, Пруская і Расійская імперыі. Па распадзе Асманскай імперыі на яе месцы ўзнікла свецкая дзяржава – Турцыя, цяпер прэтэндэнтка на ўступленне ў Еўразвяз, якую не надта збіраюцца туды прымаць. Расійская імперыя аднавілася ў форме СССР – імперыі зусім іншага кшталту; яго наступніцай стала Расійская Федэрацыя. Расія – адна з вядучых дзяржаў свету, фармальна амаль не ўлучаная наўпрост у еўрапейскія справы – хіба толькі забяспечвае Цэнтральную і Заходнюю Еўропу энерганосьбітамі і сыравінай ды стварае буферную зону бяспекі на ўсходзе. Дзве дзяржавы – спадкаеміцы астатніх імперый, Германія і Аўстрыя, уваходзяць у ЕЗ. А былыя сацыялістычныя краіны з ліку нядаўніх прэтэндэнтаў на ўступленне ў ЕЗ: Албанія, Балгарыя, Харватыя, Чэшская Рэспубліка, Эстонія, Венгрыя, Румынія, Славакія і Славенія – спрэс дзяржавы, у XIX–XX стст. збудаваныя на аскепках гэтых імперый. У набыцці Еўразвязам свайго цяперашняга ўплыву ў рэгіёне немагчыма пераацаніць непасрэдную ролю «кантынентальных» імперый.

ШТО Ж ТАКОЕ ЕЗ?

З улікам усяго вышэйсказанага, у якім ракурсе варта разглядаць Еўразвяз? Што сведчыць гэтая эмпірычная з’ява пра сутнасць уладных структур і ўлады ўвогуле?

Калі ацэньваць ЕЗ толькі праз прызму агульнапрынятага Веберавага крытэру манаполіі на законнае ўжыванне гвалту, то давядзецца адмовіцца ад думкі, што ЕЗ – дзяржава. Як мы бачылі, ён не мае выканаўчага апарату, а значыць, і ўласных сродкаў прымусу. Аднак ЕЗ мае выдатна распрацаваную, складаную сістэму залежнасцяў, якая стварае дадатковую адлегласць паміж структурамі Еўразвяза і грамадствам і ператварае ЕЗ у метадзяржаву. Таму каб зразумець, што такое ЕЗ, недастаткова засяродзіцца, як гэта звычайна робіцца, на «Бруселі», г. зн. на найвышэйшым для Еўразвяза ўзроўні палітычных і заканадаўчых працэсаў. Замест гэтага варта прааналізаваць узаемадачыненні ўсіх бакоў: дзяржаў ЕЗ, еўрапейскіх ТНК, трансатлантычных кіроўных эліт з іх інтарэсамі. Неабходна таксама разгледзець сацыяльную, культурную, палітычную і эканамічную дынаміку ўсяго агульнаеўрапейскага грамадства. Усе гэтыя ўзаемадзеянні мусілі б вывучацца ў дадатак да «Бруселя» – як адзіны складаны суплёт дачыненняў з супольнымі геапалітычнымі інтарэсамі. У цэнтры гэтага суплёту апынаецца Еўразвяз – уладная структура, праз свае ўнутраныя й вонкавыя залежнасці на крок адсунутая ад механізмаў гвалту (паводле Вебера, вызначальнай рысы дзяржавы).

Гэтая дыстанцыя, што захоўваецца праз метасувязі з дзяржавамі-ўдзельніцамі, дазваляе ЕЗ заставацца «чыстым» там, дзе міжволі запэцкаюцца дзяржавы. Пераклаўшы цяжар стратэгічнай абароны на НАТО, ЕЗ можа элегантна трымацца на зручнай адлегласці ад ужывання гвалту – і пры гэтым не ставіць пад пагрозу сваю сістэму бяспекі. У «пашырэнні на Усход» значная частка «бруднай» працы дзеля рэфармавання эканомікі ўсходніх і паўднёваўсходніх суседзяў ЕЗ робіцца дзяржаўным апаратам і палітычнымі элітамі саміх гэтых краін. Транснацыянальныя кампаніі са штаб-кватэрамі ў дзяржавах Еўразвяза самі ажыццяўляюць на ўсім свеце гвалт у галінах эканомікі, экалогіі, у сацыяльнай і заканадаўчай сферах. У самога ЕЗ нават не ўзнікае патрэбы звяртацца да звычайных механізмаў дзяржаўнага гвалту. Захаваныя каланіяльныя сувязі, новыя ўзаемаадносіны з гістарычна залежнымі ад Прускай і Аўстрыйскай імперый дзяржавамі, неаслабныя неакаланіяльныя залежнасці бадай з усім «былым другім» і «трэцім» светам дазваляюць ЕЗ забяспечваць сябе сыравінай, энерганосьбітамі, працоўнай сілай, капіталамі і паслугамі. Усе гэтыя дачыненні стымулююць назапашванне багацця Еўразвязам. Але самому ЕЗ нават не трэба ўцягвацца ў брудную справу гвалту над грамадствам і прыродай – справу, неад’емную ад здабывання прыбытку. У вялікай ступені акурат дзякуючы дыстанцыяванасці ад інстытутаў гвалту ЕЗ пераважна паўстае ў вобразе «выспы дабра» ў сённяшняй сусветнай палітыцы*. Вядома, гэта ўзмацняе шматвекавую еўрацэнтрысцкую ідэалогію вышэйшасці. Рэкламуючы ідэю «добрай Еўропы», прыхільнікі палітычнага працэсу стварэння еўрапейскай ідэнтычнасці спрабуюць «зарыць як найглыбей» шкілет каланіялізму, але, безумоўна, працягваюць карыстацца ягонай матэрыяльнай спадчынай.

  10 Крыніца (старонка наведана 3 траўня 2002 г.).

11 Крыс Патэн уваходзіў у Еўракамісію, калі ёю кіраваў Продзі. Тэрмін Продзі скончыўся ў 2004 г., і імя Патэна некаторы час фігуравала сярод галоўных кандыдатаў на пасаду новага старшыні Еўракамісіі.

   
Гвалт – ключавы кампанент дзяржаўнасці, бо ён дазваляе падтрымліваць парадак. Тым не менш, сучасныя дзяржавы, маючы манаполію на законнае ўжыванне гвалту, вымушаныя несці адказнасць перад сваім грамадствам – адрозна ад іншых структур гвалту. У ЕЗ няма выканаўчага апарату і, адпаведна, інстытуцыйнага падмурку для простага гвалту – але гэта азначае, што няма і жорсткай сістэмы падкантрольнасці – не толькі грамадзянам ЕЗ, але і астатняму свету. Такім чынам, грамадствам, якія закранае палітыка Еўразвяза, цяжка прыцягнуць да адказнасці заканадаўчыя органы ЕЗ, а таксама эканамічныя і палітычныя кааліцыі, што за ім стаяць.

Вытанчаная сістэма размеркавання і перадаручэння функцый улады і гвалту, адсутнасць зваротнай сувязі і падкантрольнасці дазваляюць параўнаць ЕЗ з сучаснымі глабальнымі эканамічнымі вытворчымі карпарацыямі, якія таксама часта абапіраюцца на складаныя, шматступенныя сістэмы субпадраду і дэлегавання функцый. Зазначым, што даволі часта тое, што робіць ЕЗ, перагукаецца з вынікамі нядаўніх макракампаратыўных доследаў па гандлёвых сетках. Асабліва яскравае падабенства прасочваецца з «арыентаванай на пакупніка» мадэллю («buyer-driven type»). Яе сутнасць у тым, што ўладальнік камерцыйнага капіталу на адлегласці арганізуе вытворчы працэс у нейкім моцна дыверсіфікаваным сектары эканомікі з вельмі рухомай структурай попыту, падзяляе яго паміж шэрагам падрадчыкаў, злучаных у складанае, разгалінаванае сеціва ўзаемасувязяў глабальнага ўзроўню. ТНК удаецца захоўваць надзвычай нізкія заробкі для наёмных працаўнікоў і пры гэтым пазбягаць абвінавачанняў у несправядлівым выкарыстанні працоўнай сілы дзякуючы разгалінаванай сістэме субпадраду. Гэтаксама ЕЗ удаецца заставацца па-за кантролем і не адказваць за ўсталяванне залежнасці і ўціск у выніку дзейнасці суб’ектаў, што працуюць ад імя ЕЗ і ў яго інтарэсах.

Такім чынам, Еўразвяз – выдатная прылада, увасабленне галоўнай мары мадэрнага заходнееўрапейскага лібералізму: ён забяспечвае прыбытак і выйгрышныя сацыяльныя змены, але дазваляе фармальна заставацца ўбаку ад брудных працэсаў, што за гэтым стаяць. Здаецца, «нябачная рука» ахоплівае ўжо не толькі рынак, а і палітычную сферу. У краінах ЕЗ жыве прыкладна 6 % насельнікаў планеты, аднак, згодна са звесткамі на канец 2003 г., у ЕЗ вырабляецца ад чвэрці да траціны сусветнага ВУП12. Практычна не паварушыўшы пальцам, Еўразвяз здолеў забяспечыць паслухмянасць амаль усіх постсацыялістычных дзяржаў па сваім перыметры, трансфармаваўшы рэгіён паводле даўняй заходнееўрапейскай геапалітычнай мары пра буферную зону і надзейную крыніцу прыродных і сацыяльных рэсурсаў. Еўразвяз валодае больш чым паловай калоній у свеце, ён абцяжараны гісторыяй прыгнёту, расізму і сістэматычнага палітычнага гвалту – але пры гэтым пераважна паўстае ў вобразе сілы «найвышэйшага палітычнага дабра». Карыстаючыся падтрымкай адзінай вайсковай звышдзяржавы ў НАТО, вайскова-стратэгічнай арганізацыі, краіны якой – у іх пражывае прыкладна адна дзесятая насельніцтва Зямлі – супольна валодаюць больш чым паловай сусветнага ВУП, Еўразвяз можа ствараць імідж нейтральнай, міралюбнай і добразычлівай да ўсяго свету супольнасці.

  * Параўн. меркаванне беларускага палітолага: «Еўрапейскі Звяз – гэта саюз роўных дзяржаў і адзін з нешматлікіх у сённяшнім свеце астравоў міру і дабрабыту» (Лагвінец А. Еўрапейскі вектар развіцця // Сайт «Еўрабеларусь» Шуманаўскага таварыства). – Заўв. перакл.

   
Калі сацыёлагі імкнуцца зразумець ЕЗ і ўвогуле феномен пазбягання адказнасці перад светам як грамадскія рэаліі, ім неабходна выйсці за межы агульнапрынятых тэарэтычных фармулёвак «дзяржаўнасці». Новая рэчаіснасць ужо настала, і спасцігнуць яе – нялегкая задача навукоўцаў.

Пераклаў з амерыканскай з нязначнымі скарачэннямі і са згоды абаіх аўтараў Вольф Рубінчык паводле: Böröcz József and Sarkar Mahua. What is the EU? // International Sociology. June 2005, Vol. 20 (2). P. 153–173.

  12 Вылічана паводле цяперашняга курсу абмену валют на падставе звестак МБРР (2002 г.).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/05