A R C H E | П а ч а т а к | № 1,2 (41,42) - 2006 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ | ||||
Уладзімер Караткевіч і філязофскі камень
Неяк мне здарылася браць удзел у міжнароднай літаратурнай імпрэзе. Аднаму зь яе галоўных герояў, майму ўкраінскаму раўналетку Сяргію Жадану, задалі пытаньне пра тое, ці былі ў яго калісьці сапраўдныя чытацкія ўзрушэньні. Жадан узяўся апавядаць пра адну са сваіх, як ён выразіўся, наймацнейшых дзіцячых фрустрацыяў. Калі найцудоўнейшай падзеяй яго дзяцінства стаў выхад на расейскай мове першага тому «Валадара пярсьцёнкаў» Толкіена, то найвялікшым «абломам», адпаведна, – адсутнасьць другога й трэцяга тамоў, якія не былі тады ў Савецкім Саюзе перакладзеныя й выдадзеныя. Такім чынам, цэлы «дзівосны новы сьвет», у які толькі ўступаў украінскі падлетак, ізноў быў для яго зачынены. Прайшлі гады, працяг, канечне, зьявіўся – але гэта была ўжо іншая эпоха дый іншы Жадан, а таму й зусім іншая кніга. Другі раз цуду не адбылося.
А я задумаўся, ці змог бы апавесьці аналягічную ці, прынамсі, у нечым падобную гісторыю, і зразумеў, што змог бы. Больш за тое, у маім выпадку яна мела значна шчасьлівейшы фінал, і цуд у ёй здараўся двойчы. Ішоў 1989 год. Мне было 16. Я разгарнуў толькі што надрукаваны чацьверты том васьмітомніка Ўладзімера Караткевіча зь першай часткаю раману «Каласы пад сярпом тваім». Уражаньне было неймавернае. Я страціў пачуцьцё часу й апрытомнеў адно цалкам праглынуўшы томік. Але тут усё й скончылася. Пятага тому з працягам гісторыі трэ было яшчэ чакаць і чакаць. Я не даўмеўся тады знайсьці іншае выданьне Караткевіча, а таму некалькі месяцаў жыў у прадчуваньні сьвята. Якое пэўнага дня й напаткала мяне ў менскай кнігарні на вуліцы Енісейскай, цалкам узнагародзіўшы за чаканьне… Мабыць, з такой нецярплівасьцю сёньняшнія дзеткі чакаюць чарговых кніжак пра Гары Потэра, а таксама іх экранізацыяў. А вось у маім жыцьці такіх чаканьняў цуду больш, на жаль, не здаралася ніколі¹. Паспрабую вытлумачыць асацыяцыю Караткевіч–Толкіен. Гаворка пра стварэньне новых мастацкіх сусьветаў. Жыцьцяздольных сусьветаў, якія ў выніку робяцца нечым большым, чым проста літаратурнай фікцыяй, ушчэнт абвяргаючы тэзу Арыстотэля пра мастацтва, якое ёсьць толькі мімэзісам, толькі перайманьнем прыроды. Некалі Францішак Багушэвіч прыдумаў Беларусь, своечасова выдудзеў яе ў сваю магічную дудку. Выклікаў Беларусь да жыцьця, адгадаўшы яе імя й назваўшы па імені. Намацаўшы сутнасныя характарыстыкі беларускага героя. Такім гэты герой, відаць, быў – і такім застаўся ў нашым пісьменстве вось ужо на стагодзьдзе: панам сахі і касы; дурным, як варона; з крыўдаю на руках у крыві, на нагах у лапцёх… Нездарма дзеткі, дагэтуль вывучаючы ўсё гэта ў школе на памяць, ня хочуць быць такімі беларусамі й жыць у такой краіне.
|
чалавек шырокай натуры. Паэт, перакладчык (з францускай, украінскай, польскай), літаратуразнаўца. Першая кніжка яго паэзіі («Листи з-під ковдри» (Київ: Факт, 2002) пабачыла сьвет не ў арыгінале, а ва ўкраінскім перакладзе. Цікава, што і апошняя на сёньня паэтычная кніга Хадановіча, гэтым разам ужо на беларускай мове, таксама выйшла ў Кіеве пад назваю «From Belarus with Love» (Факт, 2005). |
Але існуе й суцэльна іншая Беларусь. Віртуальная краіна, якой, найхутчэй, ніколі й не існавала. Але гэта краіна, у якой хочацца пажыць, грамадзянства ў якой хочацца дамагчыся. Ідэальная Беларусь Уладзімера Караткевіча, населеная шляхетнымі рыцарамі, сымпатычнымі прайдзісьветамі, выпівахамі й вылівахамі, мужнымі патрыётамі, нацыянальна сьвядомымі арыстакратамі з паэтычнымі здольнасьцямі… Няма чаго дзівіцца, што ўжо чарговае пакаленьне маладых беларусаў займае чаргу па візу ў гэтую краіну.
Краіну, якая стала радзімай такога ж віртуальнага народу, як, скажам, эльфы альбо, хутчэй, хобіты – ізноў паралель з Толкіенам абсалютна дарэчная. Народу, што, як і хобіты, вынік з рамантычнай веры ў чалавека, з наіўнага й мудрага перакананьня аўтара ў тым, што якім бы вялікім і трагічным ні выглядаў сусьвет, якімі б малымі й бездапаможнымі ні выглядалі мы ў ім, аднак ад нас усё адно шмат чаго залежыць. Нават ад хобітаў. Нават ад беларусаў. Ня варта зьдзіўляцца, што я параўноўваю рэальную нацыю з плёнам пісьменьніцкай фантазіі, а пачынальніка жанру фэнтэзі – з, здавалася б, аўтарам гістарычных раманаў. Фантазіі маюць уласьцівасьць зьдзяйсьняцца – нездарма ж, калі верыць показкам, вялікая колькасьць «талкіенутых» на пытаньне пра нацыянальнасьць адказвае «эльф». Што ж да беларускага фэнтэзі, то дыскусіі пра неабходнасьць яго стварэньня значна прыпазьніліся. Беларускае фэнтэзі даўно існуе. Яго стваральнік – Уладзімер Караткевіч. З адным вельмі важным удакладненьнем. Сутнасная розьніца паміж Караткевічам і яго ангельскім калегам ёсьць. Шчыры хрысьціянін, Толкіен сьціпла ўхіліўся ад спаборніцтва з Творцам на зямлі, прыдумаўшы паралельную тэрыторыю са сваімі мапамі й сваімі мовамі – туды цяпер масава ўцякаюць навасьпечаныя «эльфы», аматары так званых ролевых гульняў. Караткевіч жа дзёрзка й блюзьнерча паставіў магічны экспэрымэнт проста ў краіне, якую меў пад рукой, – і экспэрымэнт аказаўся пасьпяховым. Зямля «пад белымі крыламі» караткевічаўскай магіі нарэшце зьявілася на палітычнай мапе сьвету, а мова чым далей, тым болей пачала нагадваць фэнтэзійна-эльфійскую: сярод яе носьбітаў усё меней беларусаў Багушэвіча і ўсё болей гарадзкіх інтэлектуалаў, якія на дзіва падобныя да герояў Караткевіча. Я ведаў і ведаю рафінаваных снобаў, якія цярпець не маглі й ня могуць тэкстаў Караткевіча, называючы іх то плягіятам, то безгустоўшчынай. Напраўду, нескладана заўважыць, дзе наш аўтар «пакарыстаўся» творчасьцю папярэднікаў. Скажам, верш «Калі паміраюць…» падазрона нагадвае Веліміра Хлебнікава, колькі сцэнаў з «Каласоў…» занадта блізка перагукаюцца з талстоўскімі, Балотныя Яліны раз-пораз так і цягне назваць Баскервіль-Холам, а прагляд фільму Бэргмана «Сёмая пячатка» са знакамітаю шахматнай партыяй са Сьмерцю можа падпсаваць настрой не аднаму аматару «Ладзьдзі Роспачы». Але ўвесь фокус у тым, што ў швэдзкага рэжысэра чалавек, як яму й належыць, прайграе, тады як у Караткевіча здараецца немагчымае, здараецца цуд, здараецца яўнае махлярства – і перамога. А пераможцаў, як вядома, ня судзяць – і чытачы ў захапленьні. Так і з караткевічаўскім плягіятам. Абвінавачаньне ў безгустоўшчыне, на першы погляд, не такое й беспадстаўнае. Бо эпоха сур’ёзнай мітатворчасьці й выкліканьня да жыцьця цэлых краінаў і нацыяў, здавалася б, мінула разам з В. Скотам і г. Сянкевічам. Таму й мастацкі арсэнал рамантыкаў і пазытывістаў XIX ст. выглядае крыху анахранічна. Лякалізаваўшы сваё «Міжзем’е» на тэрыторыі рэальнай Беларусі, Караткевіч апынуўся на самай мяжы літаратурнага кічу, на якой удала балянсуе, але часам і зрываецца: «Гэта наляцела, як навала, і слабы чалавек ня вытрымаў. Усё зьлілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль…» – такое ў ХХ ст. можа належаць адно масавай літаратуры, папяровым сэрыялам – альбо постмадэрнісцкай іроніі. Што ўжо казаць пра тое, як лёгка сапсаваць Караткевіча ў перакладзе, кампрамэтуючы «нашае ўсё» ў вачах замежнікаў. «Дубовый язык!» – ня вытрымаў «Дзікага паляваньня…» па-расейску мой знаёмы, пажылы габрэй, выхаваны на Джойсу, Музылю й Борхэсу. Яшчэ безнадзейней выглядаюць справы з экранізацыямі. Нядаўняя спроба паказаць фільм Рубінчыка, які за савецкім часам меў рэпутацыю «вострасюжэтнага» й ледзь ня «фільму жахаў», у дзіцячым летніку навучэнцам старэйшых клясаў добрых, дарэчы, гомельскіх школ скончылася тым, што да канца са 150 чалавек даседзелі два. Адным зь іх быў я. (Лішне казаць, што «Валадар пярсьцёнкаў» дэманстраваўся ў гэтым летніку з аншлягам.) Чаму церпяць фіяска ўсе гэтыя экранізацыі, перайманьні, насьледаваньні? У чым прычына таго, што немагчыма паўтарыць караткевічаўскага цуду ў ім самім зададзенай сыстэме мастацкіх каардынатаў? У самой сыстэме каардынатаў, якая парадаксальным чынам не пасуе нікому, апроч Караткевіча. Яшчэ раз нагадаю розьніцу паміж ім і Толкіенам: легендарны Прафэсар, прыдумляючы свой сьвет, не канкураваў з Творцам на Ягонай тэрыторыі. Што да Караткевіча, зьвярніце ўвагу, зь якой лёгкасьцю ён парушае запаведзь і марна згадвае Божае імя. То павешаныя 1864 г. ім параўноўваюцца са сьцягам волі, «якога й Богу нельга зьняць», то ў яго «на Беларусі Бог жыве», то «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», то сам лірычны герой аказваецца літаральна ўкрыжаваным «за ўсіх двуногіх». Перад намі чыста рамантычны комплекс творцы-дэміюрга, які, да таго ж, не задаволены роляй «намесьніка» й «пасярэдніка», а проста займае месца Творцы – у створаным самім сабою сьвеце. Аднак жа жыцьцяздольнасьць прыдуманага творцам сусьвету наўпрост прапарцыйная яго любові да свайго твору. І тут ужо – альбо звышчалавечая мера любові, альбо ўся сыстэма развальваецца, як картачны дамок. Што й казаць, сытуацыя амаль безнадзейная, але хто ведае, можа, мы й атрымаем новую вэрсію міту пра Пігмаліёна, толькі ў якасьці канчаткова ажылай Галятэі выступіць цэлая ідэалізаваная краіна, ня кажучы ўжо пра яе мову й літаратуру. Прынамсі, літаратурная ноч, што заканамерна прыйшла на зьмену ўсім «прыцемкам» эўрапейскай культуры, яшчэ доўга не пагражае нам, запарукаю чаму апісаная тут шчасьлівая здольнасьць беларускага альхіміка ўсё, да чаго ён зь любоўю дакранаўся, ператвараць у золата. У блакіт і золата дня. |
¹ Праўда, двойчы за апошні год, пасьля вялікага перапынку, я адчуў нешта аддалена падобнае: мне захацелася прысьпешыць зьяўленьне працягу. Гаворка пра два найнавейшыя раманы Людмілы Рублеўскай, адзін зь якіх па частках друкаваўся, а другі цяпер друкуецца ў часопісе «Дзеяслоў». Што ж, нарэшце караткевічаўскія традыцыі ў рамане працягваюцца ня толькі фармальна, але й сутнасна. |
|