A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • эсэістыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АНДРЭЙ КАТЛЯРЧУК

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Андрэй Катлярчук
Падарожжа ў сэрца Літвы


20 кастрычніка 2005 г. надышлі 350-я ўгодкі Кейданскай уніі ВКЛ з Швэцыяй, вывучэньню якой я аддаў пяць гадоў свайго жыцьця. На жаль, мае спробы арганізаваць чытаньні з гэтай нагоды ў Менску скончыліся нічым. Літоўскія калегі, наадварот, адгукнуліся на маю прапанову. 18 лістапада я прыехаў у Кейданы (Kėdainiai), дзе ў рамках гарадзкога сьвята, прысьвечанага уніі з Швэцыяй, мусіла адбыцца канфэрэнцыя «Літва: Ад Кейданскай да Эўрапейскай уніі». Места знаходзіцца далёка ад мяжы Беларусі, у самым цэнтры сучаснай Літвы (за 7 км ад Кейданаў стаіць знак геаграфічнага цэнтру краіны).

Як і з большасьцю нашых мястэчкаў, «залаты век» Кейданаў даўно мінуў. Сёньня гэта правінцыйны цэнтар раёну з насельніцтвам 34 тысячы чалавек. Але калісьці Кейданы гулі на ўсё Княства. Росквіт Кейданаў наўпрост зьвязаны з імёнамі Крыштафа II ды ягонага сына, ваяводы віленскага і гетмана вялікага Януша Радзівіла (1611–1655). Радзівілы вырашылі зрабіць з Кейданаў пратэстанцкую сталіцу Жамойці (тое самае ў Беларусі яны спрабавалі зрабіць з Слуцкам). Каб «падняць» мястэчка ды злучыць яго зь міжнародным рынкам, быў зьдзейсьнены кардынальны крок: у Кейданы запрасілі шкотаў-кальвіністаў, якія ў той час масава ўцякалі зь Вялікабрытаніі.

Адным з такіх шкотаў быў будучы прафэсар Лейдэнскага ўнівэрсытэту і апякун беларускіх студэнтаў-пратэстантаў у гэтай навучальнай установе Джон Джонстан. У 1633 г. у Амстэрдаме ён выдаў працу «Thaumatographia naturalis», якая да XVIII ст. лічылася найлепшым эўрапейскім падручнікам з натуральных навук. Кніга была прысьвечана фундатарам выданьня Багуславу і Янушу Радзівілам.

Шкоты пабудавалі ў Кейданах цэнтар места, рынкі, паставілі шыкоўныя палацы і два кальвінскія зборы. Але галоўнае: шкоты зьвязалі Кейданы з рынкамі Караляўца, Стакгольму і Гамбургу. Як вынік, літаральна за 25 гадоў Кейданы зь мястэчка пераўтварыліся ў заможны горад з 5 тысячамі насельніцтва і шасьцю рынкамі, у якім працавала каля 300 цэхавых рамесьнікаў. У 1653 г. Януш Радзівіл надаў Кейданам магдэбурскае права. Сябрамі магістрату мелі права абірацца прадстаўнікі ўсіх шасьці (!) этнічных групаў: літоўцы, шкоты, палякі, русіны-беларусы, жыды і немцы.

Адкуль узялася ў Кейданах беларуская калёнія? Гісторыя прысутнасьці нашых продкаў у глыбі Жамойці наўпрост зьвязана з шлюбам у 1645 г. Януша Радзівіла з дачкой гаспадара Малдовы праваслаўнай прынцэсай Марыяй Лупу. Гэты шлюб зрабіў Януша Радзівіла (дарэчы, унука Канстанціна II Астроскага) галоўным пратэктарам праваслаўнай беларускай царквы. У 1-й палове XVII ст. кальвіністы Януш і Багуслаў Радзівілы зрабілі каля 50 фундацыяў на карысьць праваслаўнай царквы, і гэта ў самыя цяжкія часы яе барацьбы з уніяй. Пасьля шлюбу да кейданскага двара Марыі і Януша Радзівілаў пацягнулася праваслаўная беларуская шляхта. За ёю – купцы і манахі. Як вынік, на 1654 г. у горадзе былі дзьве праваслаўныя царквы і манастыр.

Сёньня прысутнасьць беларусаў у гарадзкім ляндшафце незаўважная. На месцы манастыра стаіць каменная расейская царква ХІХ ст. Драўляную беларускую царкву XVII ст. разабралі ды завезьлі ў скансэн, дзе яна дагэтуль ляжыць занядбаная.

З вуліцаў сучасных Кейданаў зьнікла разнастайнасьць моваў на карысьць адной літоўскай. Але зьніклыя народы пакінулі свой сьлед у гарадзкіх краявідах. На цэнтральнай плошчы стаяць цудоўныя палацы ў амстэрдамскім стылі. Акурат Галяндыя была культурнай Мэкай кальвіністаў усёй Эўропы ад гугенотаў Францыі да эвангелікаў Беларусі. Насупраць палацаў кальвінскі збор, пабудаваны ў 1652 г., – самы вялікі храм гэтага тыпу ўва ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Побач вялікія дамы прапаведнікаў. Тутэйшыя кальвіністы моцна спрачаліся ў XVII–XVIII стст. наконт чаргі ў парадку службаў, бо кожны дзень набажэнства ішло на трох мовах: ангельскай, літоўскай і польскай. Падобная сытуацыя існавала ў нашым Слуцку, дзе кальвінская служба гучала па-польску, па-беларуску і па-ангельску (для калёніі тамтэйшых шкотаў). Дарэчы, які сюжэт для пісьменьнікаў: шкоты ў ВКЛ ды ангельская мова ў нашых храмах.

(11K) Лютэранскі Збор у Кейданах Кальвінскі збор Кейданаў уражвае сваёй веліччу, цішынёй, захаванасьцю інвэнтара. Цяжка ўявіць, што за савецкім часам у храме была баскетбольная заля. Акурат тут рыхтавалі чэмпіёнаў. Але падчас адной з трэніровак падлога збору абрынулася, шмат моладзі пакалечылася. Пад падлогай адкрыліся забытыя ўсімі саркафагі Радзівілаў. Большасьць касьцей павыкідалі, але найбольш багатыя труны пакінулі турыстам. Сёньня фамільны маўзалей кальвінскай галіны Радзівілаў у сутарэньнях збору адкрыты. У каштоўных дамавінах ляжаць Януш Радзівіл, ягоны бацька Крыштаф II, іх жонкі і дзеці. Хоць пратэстанты ВКЛ выпрацавалі адрозны ад каталіцкага вонкавы дэкор з расьлінным арнамэнтам, дамавіна Януша Радзівіла зроблена ў стылі «каталіцкага барока» і аналягічная труне караля Ўладзіслава IV Вазы, якая знаходзіцца на Вавэлі ў Кракаве. Лічыцца, што яе замовіў нехта з каталіцкіх суродзічаў першай жонкі Януша. Як вядома, Януш Радзівіл нечакана памёр у навагоднюю ноч 1655/56 гг. у сваім замку Тыкоцін. Ён належаў Радзівілам і быў выспай ВКЛ на землях Польшчы. Сьмерць гетмана паставіла крыж на уніі Швэцыі з ВКЛ.

Швэдзкія сэнатары лічылі, што Януша атруцілі езуіты. Тое самае напісаў у сваім дзёньніку менскі кальвініст Ян Цадроўскі, які ў той год хаваўся ад расейцаў на абшарах швэдзкай зоны акупацыі Літвы. Згодна Цадроўскаму, на скуры нябожчыка-гетмана выступілі плямы, што былі першай прыкметай атруты. У 1656 г. падчас сумеснага з швэдамі наступу на Берасьце Багуслаў Радзівіл перавёз цела свайго дзядзькі ў Сялец. Мала хто ведае, што гэтае палескае мястэчка (сёньня вёска ў Бярозаўскім раёне) было значным цэнтрам Рэфармацыі. Тутэйшы кальвінскі збор зачыніла царская ўлада ў 1839 г., калі разам з уніятамі ўрад перавёў у маскоўскае праваслаўе рэшту беларусаў-пратэстантаў.

Толькі ў 1675 г. труна зь Янушам Радзівілам была перавезеная зь Сялецкага збору на ягоную бацькаўшчыну – у Кейданы. Стоячы ля труны Януша Радзівіла, я падумаў пра тое, дзе ляжаць іншыя нашы героі. Дзе магілы Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Яна Хадкевіча? Рытарычнае пытаньне, на якое сярэднестатыстычны беларус, пазяхаючы, адкажа: «Час не пашкадаваў помнікаў!» Але нацыя, што ня ведае магілаў сваіх герояў, ня годная павагі.

(25K) Швэдзкі звон, адліты для кейданскіх лютэранаў
Гэтую тэму аднойчы мы абмяркоўвалі зь Міколам Нікалаевым. Той зазначыў, што ягонае найбольшае ўражаньне ад Японіі – гэта магілы яе імпэратараў. Японцы захавалі ўсе магілы ўсіх сваіх каралёў, пачынаючы з VI ст. Чамусьці адразу прыгадаўся лёс Багуслава Радзівіла – аднаго з самых вялікіх дзеячаў нашай гісторыі, не ацэненага нашчадкамі. Акурат Багуслаў зрабіў з правінцыйнага Слуцку квітнеючае места з 7000 насельніцтва, надаў гораду магдэбурскае права, заахвоціў пасяліцца шкотаў. Пабудаваў у горадзе будынак першакляснай рэфармацкай гімназіі, што дзейнічала да 1914 г., бібліятэку, дзе захоўваўся Радзівілаўскі летапіс, друкарню, два кальвінскія і адзін лютаранскі зборы, уфундаваў праваслаўны шпіталь і манастыр. У 1654 г., напярэдадні маскоўскай навалы, шкот Вільям Патэрсан пабудаваў вакол слуцкага замку галяндзкія бастыёны. У выніку Слуцак стаўся адзіным горадам Беларусі, які ў часе войнаў сярэдзіны XVII ст. не захапіла ніводнае чужынскае войска. Горад даў паратунак шматлікім шляхецкім сем’ям з Рэчыцкага і Мазырскага паветаў, жыдом з Усходняй Беларусі. Невыпадкова ў канцы XVII ст. Слуцак пераўтварыўся ў найбуйнейшы культурны цэнтар Беларусі – пратэстанцкую сталіцу, другі пасьля Магілёва цэнтар праваслаўя, сталіцу габрэйскага Ваада Літвы. А пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Слуцак разглядаўся расейцамі як магчымы будучы адміністрацыйны цэнтар Беларусі.

Праз супрацоўніцтва з Швэцыяй Багуслаў Радзівіл скончыў сваё жыцьцё на чужыне. Памёр ён у 1669 г., будучы губэрнатарам Прусіі, і пахаваны ў Караляўцы. Ягоная магіла была зьнішчаная ў 1945 г. падчас штурму Кёнігсбэргу савецкімі войскамі. Каштоўны Радзівілаўскі летапіс яшчэ раней, у 1767 г., падчас сямігадовай вайны, быў вывезены расейцамі ў Пецярбург. Але Слуцак захаваў свой беларускі дух. Пратэстанцтва і беларуская традыцыя праваслаўя спрыялі ўмацаваньню нацыянальнай сьвядомасьці яго жыхароў. Няма досьледаў аб ролі ў беларускім адраджэньні выхаванцаў Слуцкай гімназіі, як і наагул пратэстантаў, але вядома, што гэтую гімназію скончылі Альгерд Абуховіч і «айцец БССР» Язэп Дыла. Зусім не выпадкова ў 1920 г. акурат Слуцак стаў цэнтрам збройнага чыну. Цяпер пабудаванае калісьці Радзівілам места страціла свае зборы і замкі, таму каб уявіць сабе старажытны Слуцак, трэба ехаць у Кейданы.

Габрэйскі квартал Кейданаў упрыгожваюць дзьве сынагогі – «белая» і «жоўтая». Яны стаяць адна каля другой, бо кошт зямлі ў цэнтры места быў шалёны. Калісьці паміж мурамі сынагог была арка зь вялікім сонечным гадзіньнікам і лічбамі па-габрэйску. Зроблена было для таго, каб толькі жыды маглі кантраляваць вымярэньне часу. Няма сёньня ў Кейданах габрэяў, іх смачнай ежы і сакавітай гаворкі. Галакост зрабіў сваю страшную справу. Але будынкі сынагог адрэстаўраваныя ў незалежнай Літве і выкарыстоўваюцца пад канфэрэнц-залю. Направа ад сынагог на гары я адведаў лютаранскі збор XVII ст., пастар якога Арвідас Маліна вольна гаворыць па-ангельску.

Сучасная Літва адбудавала рэфармацкую гімназію, блізьнячку слуцкай. Тут з 1625 да 1824 г. вучыліся студэнты-пратэстанты з этнічна літоўскай часткі ВКЛ. У адрозьненьне ад езуіцкіх калегіюмаў, дзе націск рабіўся на лацінскую мову, літаратуру і тэалёгію, дзьве пратэстанцкія гімназіі давалі на той час, так бы мовіць, «сучасную адукацыю». У праграме навучаньня штодзень стаяла нямецкая мова, якая дазваляла студэнтам з ВКЛ працягваць навучаньне ў найлепшых унівэрсытэтах Заходняй Эўропы. Вывучаліся таксама ангельская і француская мовы, гісторыя, права. Кейданская гімназія была зачынена царскімі ўладамі ў 1824 г. за тайнае студэнцкае таварыства.

Адноўленая літоўская дзяржава ўклала ў рэканструкцыю 2,5 млн даляраў. Адчыняў школу сам прэзыдэнт Валдас Адамкус. Вялікі гімназійны будынак нагадаў мне старажытны корпус Віленскага ўнівэрсытэту – такі самы ўнутраны дворык, рэшты каналізацыйнай сыстэмы XVII ст., сутарэньні, дзе сёньня пакоі выкладчыкаў.

Думаю, што для працьверазеньня Кейданы абавязкова мусяць адведаць прыхільнікі аматарскай канцэпцыі Міколы Ермаловіча – «беларускай дзяржавы ВКЛ». Для іх будзе карысна агледзець у музэі кнігі, друкаваныя ў XVII ст. у Кейданах «на літоўскай мове», мясцовыя земскія акты на гэтай жа мове. Пагартаць панэгірык, што надрукаваў на літоўскай мове Янушу Радзівілу ў 1653 г. тутэйшы бурмістар кальвініст Сьцяпонас Цялега. Гэты заможны купец быў таксама знаным вучоным, выхаванцам Кёнігсбэрскага ўнівэрсытэту. У сваім панэгірыку Цялега дзякуе Радзівілу за ягоную падтрымку друку «на роднай літоўскай мове». Так, панове, ня жмудзкай, а літоўскай. Вядома, што Януш Радзівіл валодаў літоўскай мовай. Падчас вайны ва Ўкраіне супраць казакаў ён на гэтай мове, як індзейцы Наваха на службе выведкі ЗША, пісаў свае загады войску ВКЛ.

Удасканаляць Кейданы і веды гістарычнай геаграфіі. Горад месьціцца не ў Жамойці, як лічыцца беларускімі гісторыкамі, а падзяляецца ракой Нявежай на гістарычныя літоўскую і жамойцкую часткі. Да таго ж межы гістарычнага Жамойцкага староства не супадаюць зь межамі жамойцкага дыялекту, які пачынаецца далёка на поўнач ад Кейданаў. Гэта значыць, што ў Кейданах гавораць «па-літоўску», таксама як і ў іншых паветах гістарычнай і этнічнай Літвы (Коўна, Вількамір, Упіты, Панявежыс, Паўночная Віленшчына). Тым ня менш, у ваколіцах Кейданаў па шляхецкіх засьценках і вёсках шмат вякоў гаварылі па-польску. Кажуць, што літоўскія ўраднікі ў 1920-х гг. езьдзілі па вёсках толькі зь перакладчыкам, бо былі мясьціны, дзе яны зусім не разумелі літоўскай мовы. У адным з такіх засьценкаў Шатэняй пад самымі Кейданамі нарадзіўся ў 1911 г. нобэлеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш, які пісаў па-польску і слаба гаварыў па-літоўску. Сёньня на яго радзіме – сядзіба-музэй. Цікава, на якой мове пісаў бы Мілаш, калі б ён нарадзіўся на дзесяць гадоў пазьней?

Шмат цікавага можна ўбачыць у ваколіцах Кейданаў. Да прыкладу, самы высокі ў Літве татарскі мінарэт, мэблю з палацу Забелаў, цалкам зробленую з рагоў дзікіх жывёлаў. Палац Сьвірскіх (тых самых князёў зь беларускага Сьвіра) ды палац Шылінгаў зь сьценамі, дэкараванымі мядзяным посудам.

Чытаньні, прысьвечаныя Кейданскай уніі 1655 г., прайшлі. Было цікава пачуць Гокана Норманда з Швэцыі, які давёў, што швэдзкія гісторыкі XVII ст. лічылі жамойтаў (samogоter) сваімі суродзічамі – нашчадкамі готаў. Гэты факт быў скарыстаны ў часе вайны 1655–1660 гг. у швэдзкай прапагандзе з мэтай абгрунтаваньня свайго права на Жамойць. Найбольш цікавай тэмай дыскусіі сталі гіпатэтычныя варыянты разьвіцьця ВКЛ у складзе Швэдзкай імпэрыі. Было адзначана, што толькі дзякуючы Кейданскай уніі ВКЛ захавалася на мапе Эўропы і ня зьнікла, як Украінскі гетманат, ужо ў сярэдзіне XVII ст.

Нашы суседзі латышы ўсяго 80 гадоў (1629–1710) былі ў складзе швэдзкай дзяржавы. Але за гэты час швэдзкі ўрад правёў аграрную рэформу, якая палепшыла стан сялянаў, заснаваў унівэрсытэт, заклаў сыстэму народнай адукацыі, спрыяў разьвіцьцю латыскай літаратуры, надрукаваў вялікім накладам Біблію на латыскай мове, праз выхаваньне настаўнікаў і пастараў стварыў першую ў гісторыі латыскую эліту. Як вынік – спынілася германізацыя латыскага этнасу, быў закладзены падмурак для посьпеху мадэрнага нацыянальнага руху. Магчыма, каб Беларусь і Літва зазналі ў XVII ст. швэдзкі пэрыяд, мадэрныя нацыянальныя рухі абодвух народаў былога ВКЛ не сутыкнуліся б з такой цяжкай праблемай, як суцэльная асыміляцыя (палянізацыя/русіфікацыя) адукаванай эліты ў XVIII–XIX стст.

(19K) Помнік Янушу Радзівілу Скончылася кейданскае сьвята адкрыцьцём помніка Янушу Радзівілу. Раніцай чакала дарога назад у «крывіцкую Мэку» празь мястэчка зь вялікай мураванай царквой. Гэта быў Вэвіс-Еўе – мястэчка, дзе колісь пад патранатам Агінскіх квітнела праваслаўнае брацтва і працавала наша друкарня.

Нядзельная Вільня сустрэла абсалютнай цішынёй, «на двары ні машын, ні людзей», як сьпяваў некалі гурт «Сябры». Каралеўскі палац амаль што ўжо адбудаваны коштам дзяржавы. У лютаранскім зборы ішла кальвінская служба. Пастар Шарнаш у інваліднай калясцы выявіўся знаным змагаром за незалежнасьць сваёй краіны. У 1991 г. ён быў адным з тых літоўскіх памежнікаў, якія ўсталёўвалі літоўскія пасты на адміністрацыйнай мяжы Літвы з СССР/БССР. У адказ байцы рыскага АМАПу ў ліпеньскую ноч 1991 г. стрэламі ў голаў забілі сямёх зь іх. Восьмы цудам выжыў і стаў служыць Богу.

У малюсенькім Віленскім аэрапорце было ажно тры вечаровыя рэйсы на Капэнгаген і два на Стакгольм. Гэтая частка ВКЛ ужо ў Эўропе.

  шматгадовы аўтар «ARCHE». Супрацоўнік стакгольмскага ўнівэрсытэту Södertörn.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/12