A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ФРАНЦІШАК КОРЗУН

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Францішак Корзун
Скразная лёгіка бабкоўскага будызму


Бабкоў, Ігар. Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[i]наў. – Менск: Логвінаў, 2005. – 142 с.

«Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[і]наў» – новая кніга Ігара Бабкова. Дарма што ўсе тэксты ў ёй ужо публікаваныя ў беларускай пэрыёдыцы (у тым ліку і ў «ARCHE»), некаторыя яшчэ на пачатку дзевяностых, яна сапраўды новая. Бо сабраныя пад адной вокладкай бабкоўскія тэксты дапаўняюць адзін аднаго, але не зьліваюцца разам, застаючыся асобнымі фрагмэнтамі аўтарскай думкі (што, у прынцыпе, лягічна для колішняга рэдактара часопісу пад назвай «Фрагмэнты»). Калі правесьці аналёгію з музыкай, то «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньні ру[і]наў» – гэта не сымфонія, дзе кожная частка зьяўляецца працягам папярэдняй, а, хутчэй, сюіта, фрагмэнты якой, будучы аб’яднаныя супольнай ідэяй ці настроем, захоўваюць сваю аўтаномнасьць. Адсюль інтанацыйная няроўнасьць кнігі: у тканіну ціхіх сузіраньняў і блуканьняў нечакана рэзка ўрываюцца вострапалемічныя «Лісты пра сучасную літаратуру» і «Пра адраджэньне», а культуралягічная аналітыка другога разьдзелу кнігі («Украіна – Беларусь: падарожжа на край», «Сярэдняя Эўропа: новая мадэрнасьць», «Этыка памежжа: транскультурнасьць як беларускі досьвед» і інш.) урэшце рассыпаецца на апошніх старонках эсэістычнымі фрагмэнтамі «Катакомбаў cogito» і «Цывілізацыі заходняга будызму».

Сабраныя пад адной вокладкай, тэксты «Вытлумачэньняў…» дазваляюць прасачыць скразную лёгіку, што знутры аб’ядноўвае бабкоўскія фрагмэнты, і яскрава выяўляюць характар аўтарскага філязафаваньня, які захоўваецца нават у палемічных артыкулах. Ён не акадэмічны філёзаф і ня любіць тых, хто адчувае сябе «ў сытуацыі канторы (…), дзе яны пасьпяхова імітуюць працэс мысьленьня, складаючы плянавыя тэмы ды хаваючы іх у сэйфы пасьля зацьверджаньня» (с. 37–38). Але дыстанцыяваньне ад філязофскае «канторы» не перашкаджае яму быць прафэсіяналам высокае клясы, які валодае філязофскім рамяством у такой ступені, што можа тварыць паводле правілаў, ня думаючы аб правілах (У. Эка), умее працаваць з усёй эўрапейскай філязофскай традыцыяй ад Плятона да посткаляніяльных стратэгіяў, сплаўляючы пад адной вокладкай Беларусь і Космас і ведучы дыялёг то з Борхэсам, то зь Мінкіным.

Не адносіцца ён і да шоўмэнаў накшталт некаторых «левых крытычных інтэлектуалаў», якія робяць зь філязофіі бізнэс, нажываючы такім чынам сымбалічны і фінансавы капітал. Гэта не перашкаджае яму быць аўтарам некалькіх пасьпяховых інтэлектуальных праектаў.

У пэўным сэнсе Бабкоў зьяўляецца спадкаемцам таго тыпу эўрапейскага кантынэнтальнага філёзафа, які выпрацавала першая палова XX ст.: сацыяльна актыўны інтэлектуал, якога можна ўбачыць і на ўнівэрсытэцкім сэмінары, і на палітычным мітынгу, які ў перапынках паміж палемічнымі артыкуламі на актуальныя тэмы можа выдаць раман ці зборнік вершаў, потым зноў кідаецца ў бой, а пасьля раптам паглыбляецца ў мэтафізыку і піша эсэістычныя «Urfragen», «Journal Métaphysique» або «Поющее сердце». Тыя інтэлектуалы былі, як правіла, палітычна ангажаваныя, але сёньня тая ангажаванасьць канчаткова сышла ў партыйную палітыку, пакінуўшы філязофскае поле, або ў той жа квазіфілязофскі шоў-бізнэс, ператварыўшыся ў самаімітацыю. Філязофіі ў спадчыну ад тых інтэлектуалаў засталася здольнасьць спалучаць мэтафізычны досьвед з актуальнасьцю «тут-і-цяпер» (альбо, як сказаў бы Карл Барт, «Сьвятое Пісаньне зь сьвежай газэтай»). Бабкоў бярэ на ўзбраеньне гэтую здольнасьць, адмаўляючыся пры гэтым ад волі да ўлады (ці трэба нагадваць, што атрымалася з заклікаў Маркса перарабіць сацыяльны сьвет паводле філязофскіх схемаў, або з памкненьняў Гайдэгера рэалізаваць філязофскую праграму ў якасьці палітычнай?). Ён становіцца самотным сузіральнікам, які «мэлянхалічна блукае сярод аскепкаў, фрагмэнтаў і руінаў, шукаючы ў іх тое, што яны самі ўжо даўно ня памятаюць – безуладзьдзе».

Гэтае сузіральніцтва сам Бабкоў называе будызмам, але гэта, зразумела, толькі мэтафара (сам жа прызнаецца: «Пра будызм я нічога ня ведаю» (с. 137). Пад такім «будызмам» можа падпісацца і хрысьціянін.

* * *

Вынесеныя ў загаловак кнігі «руіны» – галоўная канцэптуальная мэтафара. Руіны – гэта вынік фрагмэнтацыі культурнай прасторы пасьля шматлікіх культурных разрываў і катастрофаў:

Тая культурная прастора, сярод якой мы фатальна сябе знаходзім, нагадвае паверхню-палімпсэст, на якой пэрыядычна пакідае свае сьведчаньні Ўлада.

Улада падвойваецца і патройваецца, разнастайныя ўлады сутыкаюцца на прасторы культуры, спрабуючы прыўлашчыць паверхню, руйнуючы, перапісваючы, пакідаючы сьляды сваёй чыннасьці.

Назавём посткаляніяльным той складаны культурны ляндшафт, што ўтвараецца на скрыжаваньні чыннасьці разнастайнай улады ды знаходзіць сябе ў форме фрагмэнтаў альбо руінаў (с. 8–9).

І так, стан беларускае культурнае прасторы ў сёньняшнім «тут-і-цяпер» – гэта руіны.

Руіны не патрабуюць ні крытыкі, ні апалягетыкі. Яны патрабуюць прачытаньня і асэнсаваньня. Праз вытлумачэньне руінаў ажыцьцяўляецца набыцьцё традыцыі.

Інструмэнтаром для вытлумачэньня становіцца мэтадалягічны апарат посткаляніяльных штудыяў. У адрозьненьне ад каляніялізму і антыкаляніялізму, посткаляніялізм ня ставіць сваёй мэтай ні культурную гамагенізацыю і дамінацыю, ні супраціў. Ён арыентаваны на пошук мэтамовы, з дапамогай якой можна было б шукаць шляхі рэальнага набыцьця ўласнай культурнай традыцыі, выкарыстоўваючы, у тым ліку, і каляніяльную спадчыну.

«РУІНЫ: НАМ ЛЁС ПАДАРЫЎ ГЭТЫ ДОСЬВЕД, І МЫ МУСІМ СПРАЎДЗІЦЬ ЯГО ДАРЭШТЫ. САМАЕ НЯЎДЗЯЧНАЕ – НАРАКАЦЬ. НА БЕЛАРУСІ, НА ГЭТАЙ САКРАЛЬНАЙ ПРАСТОРЫ, МЫ МУСІМ ГЛЯДЗЕЦЬ У ВОЧЫ РУІНАМ – САМІМ САБЕ» (с. 22).

* * *

Такім чынам Бабкоў у другой частцы кнігі «Партызаны і мэнэджары» пераходзіць ад мэтафары руінаў да ўласна канцэптаў, што характарызуюць сучасную беларускую культурную сытуацыю: Сярэдняя Эўропа, памежжа, транскультурнасьць.

Сярэдняя Эўропа знаходзiць сябе ў палоне, у разрыве мiж цэнтраiмклiвымi й цэнтрабежнымi тэндэнцыямi: г. зн., мiж магутнымi дыскурсамi нармалiзацыi (вэстэрнiзацыi) i памкненьнем да ўнiкальнай, анiякiм унiвэрсалiзмам не абгрунтаванай аўтэнтычнасьцi. Сама культурная топiка й культурная рытмiка пэрыфэрыi вызначаецца гэтым разрывам (с. 90).

Таму Беларусь (як і ўся Сярэдняя Эўропа) увесь час вызначае і асэнсоўвае сябе праз адсылку да Іншых, пад уплывамі якіх знаходзіцца (паміж Расеяй і Захадам, паміж праваслаўем і каталіцтвам, паміж індывідуалісцкай і калектывісцкай традыцыямі і г. д.).

…памежжа – гэта прастора, прылеглая да мяжы, злучаная і зьнітаваная мяжой, прастора, для якой менавіта мяжа ёсьць арганізуючым прынцыпам, сутнасьцю і цэнтрам прыцягненьня. Памежжа разьлягаецца паабапал мяжы, і ягоны тапалягічны статус парадаксальны: памежжа набывае пэўную цэльнасьць праз факт уласнай падзеленасьці, г. зн. праз дынамічную падзею разьмежаваньня, сустрэчы і пераходу Свайго і Чужога, альбо Аднаго і Іншага (с. 110).

Адсюль сам працэс фармаваньня культурнай ідэнтычнасьці задаецца і вызначаецца дынамікай гэтых сутыкненьняў, выключаючы магчымасьць канструяваньня статычнай ідэнтычнасьці паводле гамагенізатарскай формулы «Я = Я» (якая, дарэчы, не была зьдзейсьненая рэальна нідзе і ніколі). Адсюль панятак транскультурнасьці.

У дачыненьні да культуры гэта можа значыць безьліч усялякіх рэчаў: функцыянаваньне знакаў, паўсталых у адной культуры, – у іншай культурнай прасторы, размаітыя практыкі пераходу культурных межаў, шматполюсную ідэнтычнасьць, якая апэлюе да розных культурных традыцыяў, самі традыцыі, якія складаюцца з гетэрагенных, а часам і ўзаемавыключальных элемэнтаў і г. д. (с. 114).

Транскультурная традыцыя – гэта традыцыя, якая складаецца з фрагмэнтаў, народжаных у розных этнічных, моўных, мэнтальных, рэлігійных, палітычных кантэкстах, належыць адначасова да некалькіх нацыянальных традыцыяў. Такая традыцыя можа быць зразуметая толькі ўва ўласнай гетэрагеннасьці.

* * *

«Каб убачыць, ці высока ўздымаюцца вежы ў горадзе, трэба выйсьці з гораду» (Ніцшэ). Каб «схапіць» гетэрагенную Беларусь у яе цэльнасьці, трэба выйсьці за межы звыклых інтэлектуальных схемаў, асабістых густаў і групавых інтарэсаў (прынамсі, настолькі, наколькі гэта магчыма). Адсюль вынікае пазыцыя аўтара, пра якую ўжо крыху гаварылася вышэй: не заканадаўца ідэяў, а сузіральнік, зьбіральнік, каталягізатар і інтэрпрэтатар культурнай рэальнасьці. Альбо, як ён сам сябе называе, скрыптар.

Скрыптар – гэта цела, якое піша. Гэта месьцішча ўнікалітэту, канкрэтнага «Я», душы, фантазмаў, сьвядомасьці і неўсьвядомленага (с. 78).

Гэтым абумоўленыя своеасаблівыя дачыненьні аўтара з сфэраю палітыкі.

«Усё ў сучасным сьвеце ёсьць палітыкай». На працягу апошніх ста гадоў гэтую тэзу ў розных варыяцыях паўтаралі многія палітычна ангажаваныя інтэлектуалы – ад Шпэнглера справа да Сартра і Альцюсэра зьлева. У гэтым праяўляецца той супольны для сучаснасьці дух волі да ўлады, пра які пісаў яшчэ Ніцшэ.

Палітыка не зьяўляецца прадметам разваг Бабкова. Але ў посткаляніяльнай краіне з дыктатарскім рэжымам, якая да таго ж знаходзіцца пад моцным уплывам былой мэтраполіі, культура не свабодная ад уладных дачыненьняў.

Гэта значыць, што за любымі франтальнымі зьменамі культурнай прасторы, як бы натуральна гэтыя зьмены ні выглядалі, стаіць фэномэн улады (с. 120).

Бабкоў дае нам гэта зразумець, але далей тэму палітыкі не разьвівае. Бо разважаньні неангажаванага інтэлектуала пра палітыку самім палітыкам нецікавыя. Ім патрэбны ідэолягі, а ня тыя, хто «адважваецца запытацца аб праўдзе» (с. 103). Апошнім застаецца партызанка.

Партызан вонкава нябачны. Пра яго ніхто ніколі нічога дакладна ня ведае. Ён дасканала карыстаецца мімікрыяй (посткаляніяльнай стратэгіяй аўтарства Гомі Бгабгі), што дазваляе яму адаптавацца ня толькі да традыцыйнага вясковага ляндшафту, існаваць у густых бэтонных пушчах беларускай мадэрнасьці, але й выжываць у прасторы сучаснай спажывецкай постмадэрнасьці (с. 72).

А цікава было б прааналізаваць палітыку ў транскультурнай краіне з пазыцыі самотнага скрыптара. Асабліва, калі ўлічыць, што апазыцыя, адмовіўшыся ад вычарпанага ў сучасных умовах гамагенізатарскага праекту «Нацыянальная ідэя», ніякага іншага ня мае ўвогуле. Затое той вычарпаны праект узяла на ўзбраеньне ўлада, элегантна ператварыўшы «нацыянальную ідэю» ў «идеологию белорусской государственности».

Але гэта, магчыма, зробіць хтосьці іншы.

«Усю каву мы вып’ем самі й дапішам прозу Ігара Бабкова» (Алег Дзярновіч).

  нарадзіўся ў 1974 годзе ў Менску. Скончыў факультэт філязофіі ЭГУ (аддзяленьне культуралёгіі). Вучыцца ў магістратуры ЭГУ ў Вільні. У кола яго навуковых інтарэсаў уваходзяць таталітарная культура, культурфілязофія і праблематыка самавызначэньня інтэлектуала ў кантэксьце таталітарызму (на прыкладзе Марціна Гайдэгера і Карла Яспэрса). Стваральнік сайту, прысьвечанага Освальду Шпэнглеру.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/29