A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ІВАН КРАСЦЕЎ

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Іван Красцеў
Імперская Расія рыхтуе рэванш


«Палітычная сутнасць савецкай улады на сённяшні дзень, – пісаў Джордж Кенан у славутым пасланні «X», датаваным лютым 1946 г., – з’яўляецца прадуктам ідэалогіі і абставін». Палітычная сутнасць расійскай улады цяпер, у кастрычніку 2005 г., з’яўляецца прадуктам адсутнасці ідэалогіі і… зноў жа абставін. Д’ябал тоіцца якраз у абставінах. «Аранжавая эйфарыя» на Захадзе, якой суправаджаліся змены рэжыму ў Грузіі і ва Украіне, настолькі моцная, што яе носьбіты лічаць незваротным заняпад расійскага ўплыву на постсавецкай прасторы. Гэтыя «заўзятары дэмакратычнага трыумфу» цяпер ідуць у заклад, колькі яшчэ тыдняў працягне ўлада Аляксандра Лукашэнкі і дзе адбудзецца наступная «каляровая рэвалюцыя».

На мой пагляд, аднамерны «заўзятарскі» падыход прэзентуе пажаданае як сапраўднае. Ягоныя прыхільнікі недаацэньваюць уразлівасць найноўшых дэмакратый і ігнаруюць стратэгічную прагу Расіі да ператварэння з дзяржавы, якая імкнецца да простага падтрымання статус-кво, у аплот рэваншызму на тэрыторыі СНД. Ці не выйдзе так, што пуцінская Расія атрымае з каляровых рэвалюцый найбольш карысці, а «новая Еўропа» ў сярэднетэрміновым перыядзе акажацца найслабейшым гульцом у гульні? Мы маем пераканаўчыя сведчанні таго, што Расія цяпер ужывае «дэмакратызацыйны» падыход, інвестуючы ў развіццё інфраструктуры НДА і спадзеючыся скарыстаць іх у якасці найважнейшых інструментаў для дэстабілізацыі празаходніх урадаў і аднаўлення свайго ўплыву ў такіх краях, як Украіна.

Тры фактары спрыяюць развою істотна новай сітуацыі на постсавецкай прасторы:

1. Высокая цана на паліва, перадусім на нафту.

2. Крызіс мадэлі «мяккай улады» ў Еўрапейскім Саюзе, які выбухнуў, калі французы і галандцы адкінулі еўрапейскую Канстытуцыю.

3. Непасрэдны ўплыў украінскай Памаранчавай рэвалюцыі на расійскае палітычнае мысленне.

Разгледзім іх больш дэталёва.

Па-першае, сучасны энергетычны крызіс дае Расіі цудоўную магчымасць адысці ад мадэлі недарэчнай вайсковай звышдзяржавы і трансфармавацца ў новую звышмагутнасць, гэтым разам энергетычную. Спрыяльныя для Масквы цэны на паліва прынеслі расійскаму ўраду фінансавыя рэсурсы і міжнародны ўплыў, дастатковы, каб весці актыўную вонкавую палітыку ў блізкім замежжы. Па-другое, няцяжка прадказаць, якімі будуць вынікі канстытуцыйнага крызісу ў ЕС для суседзяў Еўрасаюза. Паўстанне «новага ЕС», які дэ-факта згарнуў курс на пашырэнне, зачыніўшы дзверы для Украіны, Грузіі, Малдовы і Беларусі, пакінула прастору для «мяккай улады» Расіі і знізіла прыцягальнасць выбару «еўрапеізатараў». Па-трэцяе, Аранжавая рэвалюцыя ва Украіне была для Расіі амаль тым, чым для ЗША сталася 11 верасня 2001 г.: яна прывяла да рэвалюцыйнага перагляду расійскага замежнапалітычнага мыслення. Да гэтай рэвалюцыі Расія схілялася да разгляду Еўрапейскага Саюза ў якасці добрасумленнага суперніка і стратэгічнага партнёра ва ўласным памкненні да «шматпалярнага свету». Цяпер расійскія эліты бачаць у ЕС галоўную небяспеку. Рэзкую змену настрою лёгка вытлумачыць. ЕС – адзіная звышсіла ў свеце, якая не мае вызначаных межаў. Што нават больш істотна, ЕС – які ў Маскве раней лічылі інструментам для рэалізацыі замежнапалітычных візій восі Парыж–Берлін (і значыць, сродкам абмежавання гегеманічнай прысутнасці Злучаных Штатаў на еўрапейскім кантыненце) – цяпер трактуецца як інструмент ажыццяўлення амбіцый Вашынгтона і Варшавы.

Зыходзячы з вышэйсказанага, не дзіўна, што галоўнай мэтай новай расійскай палітыкі будзе маргіналізацыя ЕС як суб’екта замежнай палітыкі і зніжэнне статусу «новай» Еўропы. Расія будзе засяроджвацца на двухбаковых адносінах з ключавымі еўрапейскімі дзяржавамі – Францыяй, Германіяй, Італіяй і Вялікабрытаніяй – і пастараецца зрабіць усё магчымае для таго, каб на постсавецкай прасторы не вялося ніякай супольнай «еўрапейскай палітыкі».

ІМПЕРЫЯ ПАЛІТТЭХНОЛАГАЎ

Парадокс гісторыі палягае ў тым, што палітычныя тэхнолагі, а менавіта Глеб Паўлоўскі і ягонае кола – людзі, якія «праляцелі» ва Украіне – з’яўляюцца найбольшымі бенефіцыянтамі новых «постаранжавых» настрояў у Маскве. «Страта Кіева» вынесла гэтых палітычных тэхнолагаў на камандныя вышыні, далучыла іх да працэсу прыняцця рашэнняў у сферы расійскай замежнай палітыкі.

У сакавіку 2005 г. прэзідэнт Пуцін стварыў у сваёй адміністрацыі спецыяльны дэпартамент дзеля прасоўвання расійскага ўплыву на постсавецкай прасторы. Кіраўніком новага дэпартаменту быў прызначаны Мадэст Колераў, знакаміты паліттэхнолаг, які да нядаўняга часу працаваў намеснікам Паўлоўскага ў Фондзе эфектыўнай палітыкі (ФЭП). Насуперак усім прадказанням, групоўка Колерава набыла нечуваны ўплыў у фармаванні палітыкі Пуціна адносна блізкага замежжа. Голас гэтых людзей чуваць найбольш і ў цяперашнім публічным абмеркаванні, «што Расіі рабіць цяпер».

Цяперашні ўплыў палітычных тэхнолагаў на замежную палітыку Расіі ў блізкім замежжы параўнальны толькі з уплывам неакансерватараў на амерыканскую вонкавую палітыку адразу пасля 11 верасня 2001 г. Паўлоўскага і ягоных памочнікаў ненавідзяць і высмейваюць у маскоўскіх ліберальных асяродках, але яны маюць ідэі – і іхнія ідэі добра кладуцца на цяперашні «постаранжавы» кансенсус у Расіі.

Калі ідзецца пра палітыку Захада ў дачыненні да Расіі, палітычных тэхнолагаў неабходна прымаць усур’ёз. У крамлёўскіх кабінетах, апанаваных пасрэднымі апаратчыкамі, афіцэрамі КГБ, кагэбістамі ў цывільным і бязлітаснымі палітычнымі прадпрымальнікамі з цёмным мінулым, палітычныя тэхнолагі здаюцца людзьмі з іншай планеты. Яны паходзяць з інтэлектуальнага асяроддзя і свету альтэрнатыўнай культуры, чытаюць кнігі і нават іх пішуць. Яны крайне цынічныя, але таксама вельмі вынаходлівыя (Глеб Паўлоўскі адыграў галоўную ролю ва ўвядзенні Інтэрнету ў расійскую палітычную сферу). Яны – антызаходнія заходнікі, экс-лібералы, антыкамуністы, ліберальныя імперыялісты. Гэтыя людзі, верагодна, насамрэч вераць у выгоды і стабільнасць «кіраванай дэмакратыі», вызначанай як умелае спалучэнне мяккіх рэпрэсій і масавага маніпулявання.

Большасць палітычных тэхнолагаў у пэўнай ступені паддаваліся заходняму ўплыву і ў сваёй цяперашняй працы выкарыстоўваюць многія сродкі, якім былі навучаны на Захадзе. Іх бачанне палітычнай сферы – абсалютна элітысцкае. Яно ўяўляе з сябе дзіўную сумесь французскага постмадэрнізму, дысідэнцкай манернасці, кагэбісцкага інструменталізму і постсавецкага цынізму. Да гэтага дадаюцца памкненні да эканамічнай эфектыўнасці і традыцыйная расійская патэтыка. Так, яны вераць у дэмакратыю, аднак іх сапраўдным крэда з’яўляецца не прадстаўнічая, а маніпуляцыйная дэмакратыя. Яны – новае пакаленне будаўнікоў імперыі.

Многія аналітыкі феномену палітычных тэхнолагаў фактычна недаацэньваюць іх ролю. Паліттэхнолагаў малююць або цынічнымі палітычнымі дарадцамі, што ўжываюць брудныя выбарчыя трукі, або бессаромнымі прапагандыстамі ўрадавай палітыкі (вельмі пранікнёны аналіз феномену можна знайсці ў кнізе Эндру Уілсана – Virtual Politics: Faking Democracy in the Post-Soviet World (Yale University Press, 2005).

Па сутнасці, гэтая інтэрпрэтацыя памылковая. «Палітычныя тэхналогіі» складаюцца з людзей, ідэй і інфраструктуры («фабрыкі думкі», інфармацыйныя агенцтвы, медыявыпускі), якія найбольш яўна фармулююць новую палітыку, вызначаную для расійскага ўрада прынамсі да 2008 г. Палітычныя тэхнолагі – не проста інструмент пуцінскай палітыкі; яны – крыніца гэтай палітыкі. Менавіта іх уваходжанне ў сферы, дзе прымаюцца рашэнні, накладае новы адбітак на палітыку Расіі ў блізкім замежжы.

ПРАЕКТ ПАЛІТЫЧНЫХ ТЭХНОЛАГАЎ

У 2003 г. Анатоль Чубайс – колішні лідэр расійскага ліберальнага лагеру (менавіта лібералаў, а не кола прыхільнікаў Паўлоўскага) – абвясціў, што толькі расійская «ліберальная імперыя» выратуе рынкавыя і дэмакратычныя рэформы ў СНД. Уплыў гэтай імперыі мусіў распасцірацца перадусім на Украіну, Беларусь, Казахстан і Малдову, і ў меншай ступені на каўказскія ды цэнтральнаазіяцкія рэспублікі. Імперыя мусіла быць адбудавана ў інстытуцыйных рамках СНД. Меркавалася, што вядучая роля Расіі абумовіцца не так вайсковай магутнасцю, як энергетычнай залежнасцю краін СНД, а таксама прысутнасцю ў іх расійскіх бізнесоўцаў, рэшткамі настальгіі па СССР, расійскім культурным уплывам і панаваннем расійскай мовы. Аўтар праекту асабліва не хаваў таго, што чакае падтрымкі ад заходніх краін. Чубайс прапаноўваў Захаду гешэфт – Захад прызнае краіны СНД сферай расійскага ўплыву, а ўзамен атрымае вольны рынак і дэмакратыю (або прынамсі стабільнасць) у Расіі і ў расійскім наваколлі. На той выпадак, калі б праект «ліберальная імперыя» выклікаў істэрыку ў суседзяў Расіі, Чубайс меў гатовы «ліберальны» адказ: «ад істэрыкі найлепш дапамагае шок, а я маю рэпутацыю «шокавага тэрапеўта».

Аранжавая рэвалюцыя разбурыла гэты праект. Замест яго паўстала стратэгія адбудовы імперыі, дзе Расія спрабуе ператварыцца з дзяржавы, якая падтрымлівае статус-кво, у магутнасць, якая экспартуе змены на постсавецкую прастору (у ЗША аналагічная трансфармацыя блізкаўсходняй палітыкі адбылася пасля 11 верасня 2001 г.).

Паводле апісанай візіі, Расія перастае быць закладніцай сваіх лаяльных або напаўлаяльных кліентаў, накшталт Эдуарда Шэварднадзе і Леаніда Кучмы. Новая палітыка, натхнёная палітычнымі тэхнолагамі, пазбаўляе Крэмль залежнасці ад мясцовых постсавецкіх эліт. Такім чынам, Масква аказваецца вольнай у кансалідацыі ўласных групаў уплыву. Сярод вагароў кансалідацыі – мабілізацыя этнічных расійцаў, эканамічная прысутнасць Расіі і яе роля як працадаўцы, «апошняй надзеі» для жыхароў еўразійскіх грамадстваў.

Стабільнасць і захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці постсавецкіх дзяржаў больш не з’яўляецца першаснай мэтай у замежнай палітыцы Масквы. Расійская новая стратэгія, якая, зрэшты, яшчэ фармуецца, заключаецца ў экспартаванні ўласнай версіі дэмакратыі і адбудове прарасійскіх груповак у постсавецкіх грамадствах. Пры гэтым у перакручаным выглядзе скарыстоўваюцца прыёмы «негвалтоўнага супраціву» – мадэлі, вынайдзенай моладзевымі рухамі ў суседніх заходніх і паўднёвых краінах. Галоўная мэта новай расійскай палітыкі – развіццё эфектыўнай інфраструктуры, ідэй, інстытуцый, сетак і сродкаў масавай інфармацыі, з дапамогай якіх можна будзе выкарыстаць прадказальны крызіс «аранжавых» рэжымаў для заваёвы ўплыву не проста на ўзроўні ўлады, а і на ўзроўні грамадства. Расія не будзе змагацца супраць дэмакратыі ў гэтых грамадствах. Расія будзе змагацца за дэмакратыю – за свой тып дэмакратыі.

Палітыка Масквы ставіць грамадзянскую супольнасць у цэнтр стратэгічных захадаў па «вяртанні» краін постсавецкай прасторы. Паводле аднаго з вядучых паліттэхнолагаў, Сяргея Маркава, рэвалюцыі XXI ст. будуць «рэвалюцыямі грамадскіх арганізацый». Такім рухам не патрэбны ні каардынацыйны цэнтр, ні адзіная ідэалогія; яны плануюцца і распачынаюцца найбольш адкрытым шляхам.

«Рэвалюцыі НДА» – натуральная з’ява ў эпоху глабалізацыі і інфарматызацыі. Бессэнсоўна пратэставаць супраць гэтай рэальнасці», – піша Маркаў. Ён дадае: «Кожны, хто хоча браць удзел у палітыцы ў XXI ст. мусіць ствараць уласнае сеціва НДА, прыдаўшы ім ідэалогію, грошы і людзей».

Насамрэч, стварэнне структур НДА, дамінаваных Расіяй – фабрык думкі, СМІ, навуковых цэнтраў, – выходзіць на першы план у новай расійскай палітыцы на постсавецкай прасторы. Расія пазіцыянуе сябе як «экспарцёр дэмакратыі». Маскоўскія полісімейкеры запэўніваюць сябе, што наступная рэвалюцыя – скіраваная супраць Віктара Юшчанкі або Міхаіла Саакашвілі – будзе афарбавана ў расійскія колеры, і іх спадзяванні не выглядаюць утапічнымі.

Атрыманне пуцінскай Расіяй найбольшых выгад ад хвалі антырасійскіх каляровых рэвалюцый у Тбілісі і Кіеве – не фантастычны прагноз. Гэта – новая рэальнасць.

Пераклаў з англійскай Уладзімір Паўловіч паводле: www.opendemocracy.net з ласкавай згоды гэтага рэсурсу

  кіраўнік Цэнтру лібэральных стратэгіяў у Сафіі. Ён працаваў выканаўчым дырэктарам Міжнароднай камісіі па праблемах Балканаў.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/02/26