A R C H E | П а ч а т а к | № 1,2 (41,42) - 2006 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ЮРЫ ПАЦЮПА | ||||
Куды вядзе лёгіка балцкага аўтахтанізму?
Здавён лічыў сябе прыхільнікам канцэпцыі балцкага субстрату і ніколі ня думаў, не гадаў, што мне давядзецца выказваць запярэчаньні на даную тэму. На жаль, Аляксей Дзермант ды Сяргей Санько так старанна даводзілі балцкае паходжаньне беларусаў, што ўпершыню прымусілі мяне засумнявацца ў слушнасьці гэтае ідэі. Зрэшты, яны не пахіснулі маіх ранейшых паглядаў, а хутчэй прымусілі задумацца над абсягамі тарнаваньня данае тэорыі. Мала таго, я нават не прэтэндую на тое, каб аспрэчваць іхныя меркаваньні, бо не лічу сябе досыць кампэтэнтным для падобнае крытыкі. Мае запярэчаньні – гэта сумневы чалавека збоку, які абапіраецца не на адумысныя дасьледаваньні ў данай галіне, а толькі на лёгіку здаровага розуму.
Яшчэ ня так даўно, за маёю памяцьцю, усякі напамін пра балцкі субстрат запраўды ўспрымаўся як крамола. Рэакцыя на яго была чыста іррацыянальная, часамі проста дзікая. Да гэтае пары не магу забыцца карцінкі, якую мне давялося назіраць у 1990 годзе на нейкай канфэрэнцыі ў Інстытуце этнаграфіі і фальклёру АН БССР. Выступоўца апавядаў пра блізкасьць матываў у беларускім і літоўскім фальклёрах. Які ж вэрхал усчаўся пасьля таго дакладу! Адна «навуковая» дама крычала з прэзыдыюму: «Я беларуска! І не хачу, каб мяне залічвалі да балтаў!» Гэты лямант мяне ўразіў тым, што гучаў у нетрах Акадэміі – бажніцы розуму і развагі. Відаць, тая дама апрыёры ставіла знак роўнасьці паміж беларускасьцю і славянскасьцю. Тады хацелася ўстаць і сказаць ёй: «Пытаньне ня ў тым, беларуска вы ці не, а ў тым, кім ёсьць беларус насамрэч! Дый ці мае для навукі які сэнс ваша асабістае жаданьне!» З тае пары шмат вады ўцякло, шмат што зьмянілася. Але нашыя жаданьні ўсё яшчэ псуюць чысьціню навуковых выракаў. Таму хочацца запытацца: а ці не захапіліся шанаваныя мною аўтары ўласнымі тэарэтычнымі канструктамі, страціўшы лучнасьць з рэчаіснасьцю? У навуцы такое здараецца! Пагляд збоку, калі да яго ставіцца ўсур’ёз, заўжды карысны. Непаразуменьне з боку публікі – гэта толькі падстава, каб удакладніць прапанаваную тэорыю: зьясьніць цьмяныя мясьціны, дагаварыць недагаворанае, прыбраць узьніклыя супярэчнасьці – праўда, не за кошт грувашчаньня новых тэорыяў! Мушу зацеміць, у пляне мэтадалёгіі дужа карыснае цьверджаньне аўтараў: «Тэорыя тым жыцьцяздольнейшая, чым большую колькасьць фактаў яна можа тлумачыць, засноўваючыся на мінімуме зыходных прыпушчэньняў». Аднак, ці ўсе факты тлумачыць тэорыя, прапанаваная Дзермантам і Саньком? І ці няма ў гэтай тэорыі дамешку ідэалёгіі, жаданьня на гвалт менавацца балтамі, як тая дама мусова хацела быць славянкаю?
1. «Беларусы – гэта славянамоўныя балты». Так фармулююць сваю тэорыю «аўтахтанізму» Дзермант ды Санько. Мне ж падаецца, што прапанаваная «формула» зручная як слоган для ідэалёгіі, а для навукі яна занадта «гумовая». Пад гэты вырак можна падагнаць якія заўгодна факты і якія заўгодна высновы. Галоўнае ж у ёй тое, што акцэнт ставіцца на балтах. Як ні дзіўна, нешта падобнае пісаў Мікола Ермаловіч, якога наўрад ці можна назваць «балтафілам»: «Беларусы хутчэй за ўсё зьяўляюцца не збалтызаванымі славянамі, а аславяненымі балтамі». Усё ўдае на тое, што аўтара «Старажытнае Беларусі» падвяла падступная гульня слоў, бо яго развагі цалком супярэчаць вышэй прыточанаму выраку. «Падкрэсьліваючы значэньне балцкага элемэнту ў фармаваньні беларусаў, мы адначасова не павінны і пераацэньваць яго», – папярэджвае Ермаловіч. «Формула», як бачым, нічога ня значыць, для навукі куды важнейшае яе рэальнае напаўненьне. Далей я ня буду спрачацца наконт «формулы», а толькі працягну цытату зь Ермаловіча, бо ў яго ёміста выказана тое, што дагэтуль ня страціла актуальнасьці і што праціўляецца тэорыі Санька–Дзерманта:
Роля балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў меншая, чым, напрыклад, угра-фінаў у этнагенэзе велікарусаў. Зьдзіўляе таксама і малая колькасьць балтыйскіх запазычаньняў у беларускай мове, хоць, на першы погляд, іх павінна б быць значна болей, асабліва ўлічваючы вялікую колькасьць балцкіх гідронімаў у Беларусі. І гэта ня дзіўна. Як мы ўжо бачылі, Беларусь у сілу яе геаграфічнага становішча была месцам, дзе асабліва канцэнтраваўся славянскі элемэнт, і таму ён мог значна перамагаць балцкі. Нельга забываць і пра слабую заселенасьць паасобных месцаў у балцкую эпоху.
Гэтыя словы не адпрэчваюць ідэі балцкага субстрату, але ўводзяць яе ў разумныя рамы.
2. Цяпер зьвернемся да зьместу канцэпцыі этнагенэзу, якую Дзермант і Санько называюць «аўтахтанісцкай». Яе ідэя палягае ў тым, што нашыя продкі – балты – спрадвеку жылі на гэтай зямлі і ніадкуль не прыходзілі. У якасьці доваду аўтары зьвяртаюцца да фальклёру, маўляў, «беларусы захавалі ўласны этнагенэтычны міт з арыгінальнай аранжыроўкай вельмі архаічных матываў». Ня буду й на гэты конт пярэчыць. Можа, так яно й было. Але чаму аўтары аўтахтанічнае тэорыі ўпэўненыя, што гэнымі продкамі былі акурат балты, а не славяне? На сёньняшні дзень у навуцы існуюць дзьве больш-менш імаверныя тэорыі прарадзімы славянаў. Паводле адной зь іх, славяне адпачатку жылі ў міжрэччы Віслы і Одэра, а паводле другой – прарадзімай славянаў было міжрэчча Дняпра і Бугу. Дык калі паводзіцца другой канцэпцыяй, выходзіць, што аўтахтанічная тэорыя працуе не на балтаў, а на славянаў? Зрэшты, я не прыхільнік ні дняпроўска-бускае тэорыі, ні аўтахтанізму Дзерманта–Санька, мяне хвалюе зусім іншае: ці не занадта яны зьлегкаважваюць ролю славянскае міграцыі? Высновы, да якіх вядзе разгляданая тэорыя, выклікаюць, мякка кажучы, трывогу, вельмі ж яны заблытваюць праблему глётагенэзу. І тут я ўжо ня стану прыбядняцца, бо маю ў данай галіне сякі-такі досьвед, пэўна што, абмежаваны, каб прэтэндаваць на самастойную канцэпцыю, але дастатковы, каб рабіць выракі, разважаць над моўнымі фактамі, праўда, да гэтага мы вернемся ў канцы тэксту. Цяпер жа паспрабуем разгледзець, у чым заганнасьць тэорыі Дзерманта–Санька, урэшце, якую небясьпеку яна ў сабе хавае. Мо’ дарма я хвалююся?
3. Аўтары запярэчваюць супраць «мэтадалягічна неправамернага зьмешваньня этна-, глёта- і культур-генэтычных праблематык». Гэтае цьверджаньне само празь сябе, калі браць яго абстрактна, цалком праўдзівае. Аднак давайце падыдзем да яго зь іншага боку: ці слушна этнагенэз разглядаць ізалявана ад глётагенэзу? Або, урэшце, ці можа этнагенэз супярэчыць глётагенэзу? Думаю, на абодва пытаньні адказ будзе адмоўны. Дык вось! Падобна на тое, што шаноўныя аўтары сваім «несупярэчлівым» разьвязаньнем праблемы этнагенэзу заганяць праблему паходжаньня беларускае мовы ў беспрасьветны тупік. Бо як яшчэ можна схарактарызаваць тое, што яны пішуць: «Асыміляцыя мясцовых балцкіх плямёнаў магла (...) адбывацца толькі ў умовах славянамоўнага гораду, які дамінаваў над вясковай акругай». Хочацца запытацца: якога гораду? Калі адбывалася тая асыміляцыя? Адказ, які прапануецца, нельга нават уважаць за адказ. Гэта нейкая цьмяная, размытая адгаворка і больш нічога. «Найістотнейшую ролю ў пашырэньні славянскай мовы адыгралі мэтаэтнічныя вайскова-гандлярскія карпарацыі «русі», сярод якіх пераважалі выхадцы з Скандынавіі», – на поўным сур’ёзе заяўляюць аўтары. Насамрэч, гэта голае дапушчэньне, якое працуе на карысьць «аўтахтанісцкае» тэорыі, але не пацьвярджаецца жадным моўным фактам. Далей яшчэ горш: «Апрача «адміністрацыйнага», важным чыньнікам асыміляцыі быў, бясспрэчна, і рэлігійны, калі хрост балтаў у «рускую» (праваслаўную) веру ўрэшце прыводзіў да іх мэнтальнай і моўнай рутэнізацыі». Ага! З гэтае заявы нарэшце высьвятляецца, што тая «клятая» рутэнізацыя абывалася ў XI–XII стагодзьдзях, прынамсі, не раней за другую палову X стагодзьдзя. І тут усё сыплецца... Падобныя заявы можна рабіць толькі цалком абстрагаваўшыся ад фактаў гісторыі беларускае мовы. І паверыць ім можа адно той, хто нічога пра гэтыя факты ня чуў. Рэч у тым, што мовай царквы ў даны пэрыяд была мова царкоўнаславянская, якая становіць сабой штучнае ўтварэньне, узьніклае на грунце паўднёваславянскага салунскага дыялекту. Тым часам беларуская мова, калі браць яе народную аснову, ня ўтрымвае, і даўней ніколі ня ўтрымвала, жадных паўднёваславянскіх элемэнтаў. Царкоўнаславянізмаў паддастаткам у расейскай мове, ёсьць нават падстава расейскую літаратурную мову ўважаць неаўтэнтычнай, узьніклай на кніжнай аснове (прычыны гэтай зьявы даўно ведамыя і добра апісаныя). Што да беларускай мовы, дык царкоўнаславянізмаў, як сабака блох, яна набралася якраз у савецкі пэрыяд. Ведама, у некаторых даўнейшых тэкстах назіраецца гэткі кніжны «налёт», але ён лёгка аддзяляецца ад тутэйшае асновы, нібыта тлушч ад вады. А тое, што мова царквы ніяк не паўплывала на беларускія гаворкі, пацьвярджае якраз адваротнае: даволі ўстойлівую славянскую аснову. Нават расейскі глётагенэз недарэчна абмяжоўваць царкоўным уплывам, а наш – і пагатоў. Дзіўна думаць, быццам тагачасны горад за скрайне сьціслы тэрмін здолеў перастрававаць кансэрватыўную вёску. Таксама цікава было б даведацца, чаму гэты самы горад ня даў рады засыміляваць жмудзі ды аўкштоты на абшарах Вялікага Княства Літоўскага? Пытаньні паўстаюць адно за адным: адкуль тыя «выхадцы з Скандынавіі» несьлі славянскі элемэнт? як разьмяркоўваліся сьвецкія і царкоўныя ўплывы? як гэтыя ўплывы дачыняліся да іншых «рускіх» земляў? наколькі былі ўстойлівыя зьявы «славянізацыі»? Пад напорам новых і новых пытаньняў прапанаваная канцэпцыя сыплецца як карткавы дамок. Яна нават больш хісткая, чым тэорыя раптоўнага ўзьнікненьня і раптоўнага ж распаду «старажытнарускае» моўнае еднасьці.
4. Ня менш, калі ня больш, заганная тэорыя Дзерманта–Санька і з ідэалягічнага боку. Я рады абмыліцца, але, баюся, бяда аўтараў у тым, што яны ўпэўненыя, быццам сваёй канцэпцыяй робяць вялікую паслугу беларускай культуры. Нездарма ж яны папікаюць Зянона Пазьняка за «славянафільства». Іх упэўненасьць падмацоўваюць расейскія ідэолягі, у якіх канцэпцыя аўтахтанізму выклікала страх. Але шаноўныя аўтары хіба што мала задумваюцца, што за цудоўную цацку яны даюць у рукі г. зв. «расейскамоўных» беларусаў. Калі беларуская мова – гэта ўсяго толькі «наслаеньне» (выпадковае? непажаданае? прыкрае?) на целе цалком балцкага беларускага народу, дык якая зь яе наўда? Ці ня ўсё роўна, на якой славянскай (польскай, расейскай, беларускай – усё роўна ж чужой!) мове мы гаворым? Раз мы лёгка страцілі балцкую мову, чаму ня страціць славянскую? А калі дадаць сюды тое, што частка расейцаў – таксама балты, дык няхай жыве заходнерусізм! Паспрабуем далей разважаць у рэчышчы, прапанаваным Саньком і Дзермантам. Хай сабе беларусы не славяне, а толькі «славянафоны», тады ўзьнікае пытаньне, а хто з славянаў праўдзівыя славяне? Ці мо’ славянаў наагул няма? Пойдзем далей: хто з германцаў праўдзівыя германцы? А хто зь фіна-вугорцаў праўдзівыя?.. А грэкі ці ня ёсьць грэцкамоўнымі туркамі?.. Само сабой, для навукі ўсе гэтыя пытаньні яйка выедзенага ня вартыя, затое ў ідэалёгіі ёсьць толькі два шляхі: або не правакаваць падобных пытаньняў або адказваць на ўсе адразу. Між іншым, менавіта для ідэалёгіі, а дакладней для «беларускае ідэі» пытаньне «мовы» куды важнейшае за пытаньне «крыві» ці пытаньне «веры». Як бы гэта парадаксальна ні дачынялася да запраўднасьці – усё ж беларуская культура – мовацэнтрычная, і ўсякі падкоп пад мову ёсьць «ідэалягічнай дывэрсіяй».
5. У якасьці замкненьня да сваіх пярэчаньняў мушу, як і абяцаў, даць некалькі заўваг аб беларускім глётагенэзе. Пачну з цытаты:
Што ся дзеіць па вярэмянем – то атыдзець па вярэмянем. Прыказана будзець добрым людзям: а люба граматаю ўцьвердзяць, как то будзець усем ведама, ілі хто пасьля жывы астанецца. Таго лета, калі Альбрахт, уладыка рыскі ўмёр – уздумаў князь смаленскі, Мсьціслаў Давыдаў сын, прыслаў у Рыгу сваёга луччага папа Ерамея і зь нім вумна мужа Панцялея із сваёга горада Смаленска. Та была паслыма ў Рызе. Із Рыгі ехалі на Гоцкі бераг – тама цьвердзіці мір. Уцьвердзілі мір, што было нямірна праміж Смаленска і Рыгі, і Гоцкім берагам – усім купцом. Пра сей мір трудзіліся добрыя людзі: Ральф із Кашэля дваранін, Тумаш-смалянін, аж-бы мір быў – і да века. Урадзілі пак мір, как было люба Русі і ўсяму лацінскаму языку, хто-то ў Рызе гасьціць. На том міру, аж-бы мір цьвёрды быў – так было князю люба, і рыжанам усем, усёму лацінскаму языку, і ўсем цем, хто-та на ўсток мора ходзіць, – аж-бы налезл праўду, то напісаці, как то дзяржаці русі з лацінскім языком і лацінскаму языку з русьсю-то дзяржаці. Аж быхам што-тако ўчынілі – таго Бог ня дай! – аж-бы праміж намі бой быў, а люба чалавека ўб’юць да сьмерці. Как чалавека-то адплаціці, аж-бы мір не разрушан быў. Так плаціці, как то бы абоім люба было. Зьдзе пачынаецца праўда.
Гэта ўрывак з даўнейшае граматы, дамовы смаленскага князя Мсьціслава 1229 году з Рыгаю і Гоцкім берагам. Зробленая мною адаптацыя граматы да сучаснага правапісу не прэтэндуе на навуковую дакладнасьць, але яна не нашмат менш навуковая, чым адаптацыя «Мужыцкае праўды» Кастуся Каліноўскага да сучаснага правапісу, чым адаптацыя «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча, чым замена ў тэкстах пісьменьнікаў-нашаніўцаў склонавых формаў: на палёх, даць братом – формамі на палях, даць братам. Затое мая адаптацыя – зробленая «з нагоды», насьпех – упершыню дазваляе шырокаму чытачу далучыцца да тэксту XIII стагодзьдзя. Хто заявіць, што перад намі не беларуская мова?! Кажуць, быццам ісьляндзкая мова за цэлы час так мала мянялася, што яе носьбіты разумеюць тэксты XII стагодзьдзя. А ці патрэбныя асаблівыя намаганьні, каб мы зразумелі свой тэкст XIII стагодзьдзя? Што з сказанага вынікае? Тое, што дыялекты, якія леглі ў аснову сучаснае беларускае мовы, як зазначае Віктар Мартынаў, ужо на момант станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці мала чым розьніліся ад сучасных гаворак. Ведама, у іх разьвіцьці важную ролю адыгрываў як балцкі, так і славянскі элемэнт. Да літаратурнае мовы тут было яшчэ далёка, але гэта ні ў якім разе ня нейкае выпадковае, насьпех засвоенае кайнэ. Тым больш царква тут ні пры чым. Царкоўнаславянская ж мова, як ні дзіўна яно гучыць, самая «неславянская» з усіх славянскіх моў (як і расейцы, паводле расейскага філёзафа Канстанціна Лявонцьева, самы неславянскі народ з усіх славянаў). Царкоўнаславянскіх элемэнтаў у прыточаным урыўку пад мікраскопам цяжка знайсьці. А што да «вайсковае адміністрацыі» тых «выхадцаў з Скандынавіі», дык наагул дзіўна, як гэта яны, самыя ня будучы славянамі, ды пры тагачасных камунікацыях, асымілююць тых бедных «балтаў»? У XI – XIII стагодзьдзях на ўсіх землях, менаваных «рускімі» ці «ўсходнеславянскімі», склалася моўная сытуацыя, якую называюць дыглясія. Пры дыглясіі дзьве розныя мовы суіснуюць як два розныя стылі: функцыянальна разьмежавана. Адна зь іх, царкоўнаславянская, служыць для літаратурнае камунікацыі, а другая – дыялектная – абслугоўвае патрэбы камунікацыі вуснае. Пры дыглясіі на кніжнай мове не гавораць, а на гутарковай – ня пішуць. Менавіта з гэтае прычыны мясцовыя гаворкі атрымваюць толькі фрагмэнтарную пісьмовую фіксацыю. І менавіта з гэтае прычыны кніжную мову ня могуць засвоіць шырокія масы. Аднак у часы Вялікага Княства Літоўскага дыглясія пераходзіць у дзьвюхмоўе: паралельна з царкоўнаславянскай узьнікае беларуская літаратурная мова. Тым часам у расейцаў амаль да канца XVIII стагодзьдзя праіснавала дыглясія. Беларуская мова (як даўнейшая, так і сучасная) разьвілася не на кніжнай, а на народнай аснове. Паміж старабеларускай і сучаснай беларускай мовамі няма такога разрыву, які ёсьць паміж расейскай старажытнай і расейскай сучаснай. Да таго ж, наша літаратурная мова на некалькі стагодзьдзяў апераджае расейскую літаратурную. Мова Статуту – гэта сучасная мова з дамешкам архаізмаў. Беларускі паэт XVIII стагодзьдзя Дамінік Рудніцкі на 35 гадоў старэйшы за Міхайлу Ламаносава, а яго мова нам больш зразумелая, чым мова Ламаносава яго супляменьнікам. Праўда, беларуская мова супраць расейскае куды менш унармаваная, але гэта ўжо іншая рэч. На гэтай глебе часамі ўзьнікаюць хістаньні, то на Ўсход, то на Захад. Аднак сыстэмны выбар моўных сродкаў лёгка рэглямэнтуецца пільна прааналізаванай і добра зразуметай гісторыяй мовы. Часамі пытаюцца, якая мова стаіць бліжэй да беларускае – расейская ці польская? Само пастаноўка пытаньня абмыльная: у якім сэнсе бліжэй? Рэч у тым, што ёсьць дачыненьні сямейныя і хаўрусныя. З расейцамі нас зьвязваюць вытокі, базавыя элемэнты мовы, з палякамі – культура, кніжныя пласты мовы. Калі ў расейцаў маркерамі кніжнага стылю служаць памянёныя царкоўнаславянізмы, дык у беларусаў гэткую ролю выконваюць палянізмы. Я даўно спрабую давесьці, што на абсягах колішняе Рэчы Паспалітае склаўся балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус, у склад якога ўходзілі палякі, беларусы, украінцы і літоўцы. Пры выбары моўных сродкаў, беручы пад увагу ідэю моўнага хаўрусу, шкодна замыкацца як на ідэі абсалютнага пурызму, так і на і ўсходнеславянскасьці. Апошняе, паводле жорсткае «недыялектычнае» схемы (эўрапейскае – славянскае – усходнеславянскае – беларускае) некалі сьцьвярджаў Іван Чарота. Да нейкага «перакуленага» пурызму вядзе нас «балцкі аўтахтанізм»... Аднак... падобна, што мае разважаньні пачалі адхіляцца ад тэмы. Ці не паставіць на гэтым кропку? Спадзяюся, беларускую мову я адбараніў! |
паэт, крытык літаратуры. Жыве ў мястэчку Азёры пад Горадняй, выкладае ў Гарадзенскім унівэрсытэце. |
|