A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ГАРАЛД ПІНТЭР

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Гаралд Пінтэр
Каханак



ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ
Рычард.
Сара.
Джон.



Лета. Дом паблізу ад Віндзору.
Сцэна падзеленая на дзьве часткі. Справа – гасьцёўня з маленькім холам, у цэнтры – уваходныя дзьверы. Зьлева – спачывальня з бальконам. Да дзьвярэй у спачывальню вядзе невысокая лесьвіца на адзін пралёт. У глыбіні сцэны справа ад гасьцёўні – кухня. Каля левай сьцяны, па цэнтры сцэны – стол з аксамітным абрусам, які дастае да падлогі. У холе – убудаваная шафа. Мэбля ўтульная і зручная, падабраная з густам.
Раніца. У гасьцёўні Сара выкідае попел з папяльнічак, сьцірае зь іх пыл. На ёй сьвежая сьціплая сукенка. Зьлева, з купальні, у спачывальні зьяўляецца Рычард, ідзе ў хол, бярэ з шафы кейс, падыходзіць да Сары, цалуе яе ў шчаку. Нейкае імгненьне з усьмешкай глядзіць на жонку. Яна ўсьміхаецца ў адказ.

Рычард (добразычліва, па-сяброўску). А твой каханак сёньня прыйдзе?
Сара. Э-э-м-м.
Рычард. А каторай гадзіне?
Сара. А трэцяй.
Рычард. Вы пойдзеце куды-небудзь… ці… застаняцеся тут?
Сара. Мабыць, пабудзем тут.
Рычард. А я думаў, ты хацела схадзіць на выставу…
Сара. Так… але сёньня мы зь ім лепей пасядзім дома.
Рычард. Э-э-м-м. Ну, я пайшоў.

Ідзе ў хол, апранае капялюш.

Рычард. Як ты думаеш, ён сёньня надоўга?
Сара. Э-э-м-м…
Рычард. Значыць, недзе да… шостай?
Сара. Так.
Рычард. Ну, жадаю прыемна пабавіць час.
Сара. Э-э-м-м.
Рычард. Пакуль.
Сара. Пакуль.

Ён адчыняе дзьверы і выходзіць. Яна працягвае сьціраць пыл. Згасае сьвятло.
Раньні вечар. Сара з кухні зьяўляецца ў гасьцёўні. На ёй тая ж самая сукенка, але гэтым разам яна ў туфлях на шпільцы. Налівае сабе келіх, сядае ў шэзьлёнг, гартае часопіс. Гадзіньнік б’е шостую. У дзьверы заходзіць Рычард. Ён апрануты ў той жа строгі гарнітур, што і раніцай. Ставіць у холе кейс, ідзе ў гасьцёўню. Сара ўсьміхаецца яму і налівае віскі.

Сара. Прывітаньне.
Рычард. Прывітаньне.

Ён цалуе яе ў шчаку, бярэ келіх, падае ёй газэту і сядае зьлева ад яе. Яна сядзіць у шэзьлёнгу з газэтай у руках.

Рычард. Дзякуй.
Выпівае віскі, адкідваецца на сьпінку і задаволена ўздыхае.
Рычард. А-а-а-х.
Сара. Стаміўся?
Рычард. Крыху.
Сара. Складана было ехаць?
Рычард. Не, у прынцыпе, даехаў нармальна. Нават добра.
Сара. Файна.
Рычард. Дарога вельмі добрая.
Паўза.

Сара. Мне падалося, ты крышачку прыпазьніўся.
Рычард. Праўда?
Сара. Зусім крышачку.
Рычард. На мосьце трапіў у невялічкі затор.

Сара падымаецца, ідзе да століка з напоямі, бярэ свой келіх і зноў уладкоўваецца ў шэзьлёнгу.

Рычард. Ну, а ты як правяла дзень? Прыемна?
Сара. Э-э-м-м. Зранку зьезьдзіла за горад.
Рычард. Вось як? Сустрэла каго-небудзь?
Сара. Ды не. Проста паабедала.
Рычард. За горадам?
Сара. Так.
Рычард. І як там кормяць?
Сара. Даволі прыстойна.
Рычард. Ну, а пасьля абеду? Добра бавіла час?
Сара. О, проста цудоўна.
Рычард. Прыходзіў твой каханак, так?
Сара. Э-э-м-м. Так.
Рычард. Ты паказвала яму новыя ружы?

Лёгкая паўза.

Сара. Ружы?
Рычард. Так.
Сара. Не, не паказвала.
Рычард. А-а-а…
Сара. А што, трэба было?
Рычард. Ды не, проста, па-мойму, ты неяк казала, ён цікавіцца садоўніцтвам.
Сара. Э-э-м-м… Так.

Паўза.

Сара. Ну, ня тое каб надта…
Рычард. А-а-а…

Паўза.

Рычард. І вы ўвесь час былі дома ці куды-небудзь схадзілі?
Сара. Не, мы былі дома.
Рычард. Вось як. (Глядзіць на жалюзі.) Жалюзі неяк ня так навешаныя.
Сара. Але, трошкі крывавата.

Паўза.

Рычард. Сонца на дарозе моцна сьвяціла. Не, калі я выехаў, яно ўжо, вядома, пачало хавацца. Але, мабыць, удзень тут было вельмі цёпла. У Сіці стаяла сьпёка.
Сара. Праўда?
Рычард. Дыхаць немагчыма. Трэба думаць, усюды прыпякала.
Сара. Так, па-мойму, тэмпэратура даволі высокая.
Рычард. Гэта па радыё перадавалі?
Сара. Здаецца, так.

Лёгкая паўза.

Рычард. Яшчэ па адным перад вячэрай?
Сара. М-м-м…

Рычард налівае па кілішку сабе і Сары.

Рычард. Вы, бачу, апусьцілі жалюзі?
Сара. Так.
Рычард. Сонца сьвяціла неймаверна.
Сара. Проста жудасьць.
Рычард. Так, адно ў гэтым пакоі кепска: у сонечны дзень трапляе зашмат сьвятла. Вы не перайшлі ў іншы пакой?
Сара. Не, мы былі тут.
Рычард. Мусіць, пякло, як у пекле.
Сара. Таму мы і апусьцілі жалюзі.

Паўза.

Рычард. А як апусьціш жалюзі – адразу робіцца так горача.
Сара. Табе здаецца?
Рычард. А можа, і не. Можа, проста кроў кіпіць.
Сара. Так, хутчэй за ўсё.

Паўза.

Сара. А ты чым сёньня займаўся?
Рычард. Ды так, сустрэча… Размаўлялі доўга, але нічога канкрэтнага ня вырашылі.
Сара. Сёньня будзе халодная вячэра. Ты ня супраць?
Рычард. Не, ніколечкі.
Сара. Зусім ня мела часу гатаваць.

Ідзе на кухню.

Рычард. Дарэчы… Хацеў у цябе спытацца…
Сара. Я слухаю.
Рычард. Ты калі-небудзь задумляесься, што покуль ты мне здраджваеш, я сяджу за працоўным сталом, зьвяраю балянс, карпею над графікамі?
Сара. Дзіўнае пытаньне.
Рычард. Не, мне проста цікава.
Сара. Ты ніколі раней не пытаўся.
Рычард. Мне заўсёды хацелася ведаць.


Лёгкая паўза.

Сара. Ну, зразумела, у мяня зьяўляюцца такія думкі.
Рычард. Праўда?
Сара. Э-э-м-м…


Лёгкая паўза.

Рычард. І як табе гэта?
Сара. Надае яшчэ больш пікантнасьці.
Рычард. Сапраўды?
Сара. Вядома.
Рычард. То бок, ты хочаш сказаць, што калі ты зь ім… ты ўяўляеш мяне, як я сяджу за сталом, карпею над балянсам?
Сара. Толькі ў… пэўныя моманты.
Рычард. Зразумела.
Сара. Ня ўвесь час.
Рычард. Натуральна.
Сара. У асобныя хвіліны.
Рычард. Э-э-м-м… Але, прынамсі, ты не зусім мяне выкідаеш з памяці?
Сара. Ніякім чынам.
Рычард. Дзякуй табе вялікі.

Паўза.

Сара. Як жа я магу на цябе забыцца?
Рычард. Па-мойму, даволі лёгка.
Сара. Але ж я ў тваім доме.
Рычард. Зь іншым.
Сара. Але кахаю я цябе.
Рычард. Прабач, што ты сказала?
Сара. Але ўсё ж кахаю я цябе.

Паўза. Ён глядзіць на жонку, працягвае ёй келіх.

Рычард. Давай яшчэ крыху вып’ем.

Яна ідзе да століка. Ён адымае келіх, глядзіць на ейныя туфлі.

Рычард. Што гэта за туфлі?
Сара. Э-э-м-м?
Рычард. Туфлі. Я ніколі раней іх ня бачыў. Вельмі высокі абцас, праўда?
Сара (ледзь ня шэптам). Я памылілася. Даруй.
Рычард (не пачуўшы). Што-што? Прабач, што ты сказала?
Сара. Я… іх здыму.
Рычард. Па-мойму, ня самы зручны абутак, каб сядзець у ім увечары дома.

Сара ідзе ў хол, адчыняе шафу, ставіць туды туфлі на шпільцы, абувае туфлікі зь нізкім абцасам. Рычард падыходзіць да століка з напоямі, налівае сабе віскі. Сара спыняецца каля стала, запальвае цыгарэту.

Рычард. Значыць, сёньня ўдзень у цябе перад вачыма стаяў я? У офісе, за працоўным сталом?
Сара. Так, але вобраз быў нейкі расплывісты, ня надта пераканаўчы.
Рычард. А чаму?
Сара. Бо я ведала, што ты ня ў офісе, а са сваёй каханкай.

Паўза.

Рычард. Праўда?

Кароткая паўза.

Сара. Ты не згаладаўся?
Рычард. Я добра паабедаў.
Сара. Праўда?

Рычард падыходзіць да акна, спыняецца.

Рычард. Які прыхожы заход.
Сара. Хіба ты быў не ў яе?
Рычард (паварочваецца і сьмяецца). Якая яшчэ каханка?
Сара. Ах, Рычард
Рычард. Не-не, проста слова такое… састарэлае.
Сара. Няўжо?


Лёгкая паўза.

Сара. Я кажу табе ўсю праўду. Чаму ты ня хочаш быць са мной шчырым?
Рычард. У мяне няма каханкі. Я вельмі добра ведаю адну шлюху, але яна мне зусім не каханка. Гэта абсалютна розныя рэчы.
Сара. Шлюху?
Рычард (бярэ аліўку). Але. Звычайная сучка, такіх хоць гаць гаці. Няма чаго пра яе і згадваць. Пакуль чакаеш электрычкі, і гэтая сыдзе.
Сара. Ты езьдзіш не на электрычцы, а на машыне.
Рычард. Так, праўда. Ну, замест какавы ў кавярні на запраўцы, пакуль мэханік праверыць аліва і тасол.

Паўза.

Сара. Паслухаць цябе, дык ты ёю страшэнна занудзіўся.
Рычард. Не, чаму ж…

Паўза.

Сара. Па праўдзе, я ніколі ня думала, што ты так лёгка прызнаесься.
Рычард. А што? Проста ты ніколі раней не казала пра гэта адкрыта. Шчырасьць любой цаной. Аснова здаровай сям’і, праўда?
Сара. Вядома.
Рычард. Ты згодная?
Сара. Абсалютна.
Рычард. То бок, ты са мною цалкам шчырая, так?
Сара. Дарэшты.
Рычард. Наконт свайго каханка. І я мушу адказваць табе тым жа.
Сара. Дзякуй.

Паўза.

Сара. Я штосьці такое падазравала.
Рычард. Праўда?
Сара. Э-э-м-м…
Рычард. Якая чуйнасьць.
Сара. Але, па шырасьці, нешта мне ня верыцца, быццам яна такая… як ты сказаў.
Рычард. Чаму?
Сара. Ну, гэта проста немагчыма. У цябе вельмі добры густ. Ты зьвяртаеш увагу на жанчын шляхетных, вытанчаных…
Рычард. І дасьціпных.
Сара. Так, і дасьціпных.
Рычард. Досьціп, з гледзішча мужчыны, – рэч надзвычай важная.
Сара. Яна дасьціпная?
Рычард (сьмяецца). Ну як можна падыходзіць да яе з такою меркай? Разваж сама: нельга ўсур’ёз пытацца пра шлюху, ці яна дасьціпная. Якая розьніца? Гэта проста шлюха, абслуга, якая або прыносіць табе прыемнасьць, або не.
Сара. І табе зь ёю… прыемна?
Рычард. Сёньня – прыемна, а заўтра… Хто ведае?

Ён ідзе да дзьвярэй у спачывальню і здымае пінжак.

Сара. Трэба сказаць, мяне пачынае трывожыць тваё стаўленьне да жанчын.
Рычард. Чаму? Я не шукаў другой такой, як ты. Я не шукаў жанчыны, якую мог бы паважаць, як цябе, пялегаваць і кахаць, як цябе. Я ўсяго толькі шукаў… як бы гэта сказаць?.. нейкую істоту, увасабленьне жаданьня і спаталеньне жаданьня. І толькі.

Ён ідзе ў спачывальню, вешае ў шафу пінжак і абувае тапці.
Сара ў гасьцёўні ставіць на столік келіх і, крыху павагаўшыся, ідзе за мужам.

Сара. Мне цябе шкада – такі зусім не шляхетны раман…
Рычард. Для шляхетнасьці ў мяне ёсьць сям’я.
Сара. І без высокіх пачуцьцяў.
Рычард. І для высокіх пачуцьцяў таксама. Я ня гэтага шукаў. Дзеля гэтага ў мяне ёсьць ты.
Сара. Навошта ты тады ўвогуле кагосьці шукаў?


Лёгкая паўза.

Рычард. Што ты сказала?
Сара. Навошта ўвогуле… шукаць… на баку?
Рычард. Ну, дарагая мая… Ты ж шукала. Чаму мне нельга?

Паўза.

Сара. А хто першы пачаў?
Рычард. Ты.
Сара. Па-мойму, не.
Рычард. Тады хто?

Яна глядзіць на яго зь лёгкай усьмешкай.
Ноч. Балькон, заліты месяцовым сьвятлом.
Рычард у піжаме заходзіць у спачывальню. Бярэ кнігу, праглядае. З купальні ў начной сарочцы зьяўляецца Сара. Пасярод спачывальні – ложак на дваіх. Сара сядае за туалетны столік, расчэсвае валасы.

Сара. Рычард!
Рычард. Э-э-м-м…
Сара. А ты ніколі ня думаеш пра мяне… калі ты зь ёю?
Рычард. Здараецца. Зрэдчас.

Паўза.

Рычард. Мы размаўляем пра цябе.
Сара. Ты размаўляеш пра мяне зь ёю?
Рычард. Калі-нікалі. Гэта яе забаўляе.
Сара. Забаўляе?
Рычард (выбірае кнігу). Э-э-м-м…
Сара. І як жа вы… пра мяне размаўляеце?
Рычард. Далікатна. Як заводзяць старую музычную скарбонку. Можна паставіць, калі пажадаеш. Так прыемна ўзбуджае.

Паўза.

Сара. Ня буду прыкідвацца, нібыта гэтая карціна прыносіць мне вялікую асалоду.
Рычард. А яна на гэта і не разьлічаная. Асалоду атрымліваю я.
Сара. Так, вядома. Зразумела.
Рычард (сядаючы на ложак). Пэўна, табе хапае ўласных паабедзенных радасьцяў. Няўжо табе трэба яшчэ і маіх?
Сара. Не-не, што ты!
Рычард. Тады нашто ўсе гэтыя пытаньні?
Сара. Ты сам пачаў… Так падрабязна распытваць пра… мяне зь ім. Гэта да цябе не падобна.
Рычард. З чыстай цікаўнасьці.

Дакранаецца да яе пляча.

Рычард. Ты ж ня хочаш сказаць, што я раўную?
Сара ўсьміхаецца, гладзіць яго па руцэ.
Сара. Мілы, я ведаю, што ты ніколі гэтак нізка не ўпадзеш.
Рычард. О Божа, зразумела, не.

Сьціскае яе плячо.

Рычард. А ты? Ты не раўнуеш?
Сара. Не. Мяркуючы па тым, што ты пра яе кажаш, я нашмат лепш за цябе баўлю час.
Рычард. Магчыма.

Рычард шырока расчыняе вокны, глядзіць на сад.

Рычард. Якая ціша. Хадзі сюды, паглядзі.

Сара падыходзіць да мужа. Яны моўчкі стаяць ля акна.

Рычард. Цікава, а што было б, калі б я аднойчы рана вярнуўся дадому?

Паўза.

Сара. Цікава, а што было б, калі б я аднойчы прасачыла за табою?

Паўза.

Рычард. Можа, як-небудзь пасядзім усе разам за горадам, гарбаты пап’ём?
Сара. Чаму за горадам? Чаму ня тут?
Рычард. Тут? Дзіўная прапанова.

Паўза.

Рычард. А твой каханак ніколі не глядзеў з гэтага акна ўначы?
Сара. Не, на жаль, ён мусіць сыходзіць да заходу сонца.
Рычард. І яму не надакучваюць гэтыя бясконцыя полудні? Я б звар’яцеў. Імбрык і малочнік – як нязьменны вобраз жарсьці. Напэўна, забівае ўсялякае жаданьне.
Сара. Ён вельмі лёгка да ўсяго прыстасоўваецца. І да таго ж калі апусьціць жалюзі, здаецца, што ўжо вечар.
Рычард. Так, праўда.

Паўза.

Рычард. А што ён думае пра твайго мужа?


Лёгкая паўза.

Сара. Ён цябе паважае.

Паўза.

Рычард. Дзіўна: я нават прыемна ўражаны. Здаецца, разумею, чым ён так табе падабаецца.
Сара. Ён вельмі-вельмі мілы.
Рычард. Э-э-м-м…
Сара. Не, вядома, і ён часам бывае не ў гуморы.
Рычард. З кім не здараецца?
Сара. Але, ведаеш, ён вельмі мяне кахае. Усё цела так і праменіць каханьнем.
Рычард. Аж млосна.
Сара. Не.
Рычард. Але ён хоць, спадзяюся, сапраўдны мужчына?
Сара. На ўсе сто.
Рычард. Ну і нудоцьце.
Сара. Няпраўда.

Паўза.

Сара. У яго выдатнае пачуцьцё гумару.
Рычард. Што ж, я рады. Значыць, вы часта сьмеяцеся? Толькі глядзіце, каб суседзі не пачулі. Плёткі нам зусім не патрэбныя.

Паўза.

Сара. Добра, што мы жывём адны, далёка ад дарогі, лічы, як самотнікі.
Рычард. Так, чыстая праўда.

Яны вяртаюцца ў спачывальню. Кладуцца ў ложак. Рычард бярэ кнігу, спрабуе чытаць, закрывае і адсоўвае.

Рычард. Абы-што нейкае.

Рычард выключае лямпу са свайго боку ложка, Сара – са свайго. Сьвеціць месяц.

Рычард. Ён жанаты, так?
Сара. Э-э-м-м…
Рычард. І шлюб шчасьлівы?
Сара. Э-э-м-м…

Паўза.

Сара. А ты шчасьлівы? Ты ж не раўнуеш мяне, праўда?
Рычард. Не, не раўную.
Сара. Выдатна. Па-мойму, Рычард, усё цудоўна складваецца.

Згасае сьвятло.
Раніца. Сара ў спачывальні апранае пэньюар, бярэцца засьцілаць ложак.

Сара. Мілы!

Паўза.

Сара. А садовыя нажніцы сёньня будуць гатовыя?
Рычард (з купальні). Што?
Сара. Нажніцы.
Рычард. Не, ня сёньня.

Апрануты ў гарнітур, Рычард заходзіць у спачывальню. Цалуе Сару ў шчаку.

Рычард. Пачакай да пятніцы.

Ён выходзіць у хол, бярэ капялюш і кейс.

Сара. Рычард.

Ён паварочваецца.

Сара. Ты сёньня ня надта рана вернесься, праўда?
Рычард. Ты хочаш сказаць, што ён і сёньня прыйдзе? О Божа! Ён жа быў учора. Сёньня зноў?
Сара. Так.
Рычард. А, ну тады я ня буду сьпяшацца дамоў. Зайду ў Нацыянальную галерэю.
Сара. Добра.
Рычард. Пакуль.
Сара. Пакуль.

Згасае сьвятло.
Дзень. У гасьцёўні зьяўляецца Сара. На ёй вузкая чорная сукенка з глыбокім выразам. Яна пасьпешліва аглядае сябе ў люстэрку. Раптам заўважае, што ў яе на нагах – туфлі на нізкім абцасе. Хуценька ідзе да шафы, пераабуваецца ў туфлі на шпільцы. Зноў глядзіцца ў люстэрка, разгладжвае на клубох сукенку. Ідзе да акна, апускае жалюзі, закрывае іх так, што ў пакой трапляе толькі вузенькая палоска сьвятла. Гадзіньнік б’е трэцюю. Яна глядзіць на гадзіньнік на руцэ, падыходзіць да стала – на ім стаяць кветкі. Званок у дзьверы. Яна адчыняе. Гэта Джон, малочнік.

Джон. Вяршкоў не жадаеце?
Сара. Вы вельмі позна.
Джон. Вяршкоў не жадаеце?
Сара. Не, дзякуй.
Джон. Чаму?
Сара. У нас яшчэ ёсьць. Колькі зь мяне?
Джон. Місіс Оўэн узяла тры збаночкі. Згушчаных.
Сара. Колькі зь мяне?
Джон. Яшчэ не субота.
Сара (бярэ малако). Дзякуй.
Джон. Можа, возьмеце вяршкоў? Місіс Оўэн узяла тры збаночкі.
Сара. Не, дзякуй.

Яна зачыняе дзьверы. Заносіць у кухню малако. Вяртаецца са сподам, на якім стаяць імбрык і кубачкі. Хуценька папраўляе кветкі на стале, сядае ў шэзьлёнг, закідае адну нагу на другую, здымае яе, кладзе ногі на шэзьлёнг, разгладжвае пад сукенкай панчохі. Званок у дзьверы. Папраўляючы падол сукенкі, Сара ідзе адчыняць.

Сара. Прывітаньне,
Макс!

Заходзіць Рычард. Ён у замшавым пінжаку і бяз гальштука.
Ідзе ў гасьцёўню, спыняецца. Яна зачыняе за ім дзьверы. Павольна праходзіць паўзь яго, сядае ў шэзьлёнг, закідвае нагу на нагу.

Паўза.

Ён павольна падыходзіць ззаду да сьпінкі шэзьлёнга, спыняецца блізка-блізка ад Сары. Яна выгінае сьпіну, здымае нагу і пасоўваецца на нізкі зэдлік зьлева ад шэзьлёнга.

Паўза.

Ён глядзіць на яе, ідзе да шафы ў холе, вымае барабан бонга, нясе яго ў гасьцёўню, ставіць на шэзьлёнг. Падымаецца.

Паўза.

Яна ўстае, ідзе паўзь яго ў бок холу, паварочваецца, глядзіць на яго. Яны сядаюць паабапал шэзьлёнга. Ён пачынае лёгенька стукаць пальцамі па барабане, яе паказальны палец паўзе па барабане да ягонай далоні. Востры пазногаць драпае тыльны бок ягонай далоні. Яна імкліва адымае руку. Пачынае перабіраць пальцамі па барабане, паціхеньку пасоўваючыся да ягонай рукі, і спыняецца. Спачатку паказальным, потым усімі пальцамі драпае яму костачкі на руцэ. У яго напружваюцца ногі. Ён хапае ейную руку ў сваю. Пераплеценыя пальцы апантана б’юць па барабане.
Усё замірае.
Яна падымаецца і ідзе да століка з напоямі. Запальвае цыгарэту, падыходзіць да акна. Ён ставіць барабан на зэдлік справа, бярэ цыгарэту, набліжаецца да яе.


Макс. Выбачайце.

Яна кідае на яго вокам і адводзіць погляд.


Макс. Выбачайце, агеньчыку ня знойдзецца?

Яна не адказвае.


Макс. Я кажу, агеньчыку ня знойдзецца?
Сара. Вы б не маглі пакінуць мяне ў спакоі?

Макс. Чаму?

Паўза.


Макс. Я проста спытаўся, ці не дасьцё вы мне запаліць.

Яна адыходзіць ад яго падалей і азірае пакой. Ён ідзе за ёю, спыняецца ў яе за плячыма. Яна паварочваецца.

Сара. Выбачайце.

Ідзе паўзь яго. Ён – за ёю, не адстае ні на крок.
Яна спыняецца.

Сара. Мне не падабаецца, калі за мною нехта ідзе.

Макс. Дайце мне запаліць – і я пакіну вас у спакоі. Агеньчыку – і ўсё.
Сара (скрозь зубы). Калі ласка, сыдзіце. Зараз прыйдзе мой муж.

Макс. Хто?
Сара. Мой муж.

Макс. Ты чаго саромеесься? Га? Дзе запальнічка?

Ён мацае яе. У Сары займае дыханьне.


Макс. Тут?

Паўза.


Макс. Дзе запальнічка?

Ён мацае яе. Яна ўскрыквае.


Макс. Тут?

Яна вырываецца. Ён заганяе яе ў кут.

Сара (сыкае). Ды што вы робіце?

Макс. Паліць хочацца жудасьць як!
Сара. Зараз прыйдзе мой муж!

Макс. Дай жа мне запаліць!

Яны моўчкі змагаюцца.
Яна адскоквае да сьцяны.
Ціша.
Ён падыходзіць да яе.


Макс. Міс, з вамі ўсё добра? Я прагнаў гэтага… джэнтэльмэна. Ён вас не пакрыўдзіў?
Сара. О, як гэта міла з вашага боку. Не-не, я ў парадку. Дзякуй вам.

Макс. Вам пашанцавала, што я праходзіў побач. Паверыць немагчыма, што падобнае магло здарыцца ў гэткім прыгожым парку.
Сара. Сапраўды, немагчыма паверыць.

Макс. Але добра, што ўсё абышлося.
Сара. Словаў няма, як я вам удзячная. Дзякуй вялікі.

Макс. Можа, вы б прыселі на хвілінку, супакоіліся б?
Сара. Я спакойная, але… дзякуй. Які вы спагадлівы. Дзе нам прысесьці?

Макс. Тут – няварта: ідзе дождж. Можа, у хатцы садоўніка?
Сара. Вы так думаеце? А садоўнік?

Макс. Садоўнік – гэта я.

Яны сядаюць у шэзьлёнг.

Сара. Я і не ўяўляла, што магу сустрэць гэткага добрага чалавека.

Макс. Так паводзіцца з прыгожай маладой жанчынай – проста злачынства.
Сара (уважліва глядзіць на яго). Вы такі ўважлівы, такі… чулы.

Макс. Як жа іначай?
Сара. Такі ласкавы. Таму… мабыць, усё да лепшага.

Макс. Што вы хочаце сказаць?
Сара. Што мы сустрэліся. Спаткаліся. Вы і я.

Яна праводзіць пальцам па ягонай назе. Ён глядзіць на яе руку, затым здымае яе.


Макс. Я вас не зусім разумею.
Сара. Няўжо?

Яна праводзіць пальцамі па ягонай назе. Ён глядзіць на яе руку, затым здымае яе.


Макс. Выбачайце, калі ласка. У мяне ёсьць жонка.

Яна бярэ ягоную руку, кладзе сабе на калена.

Сара. Ты такі мілы. Не хвалюйся.

Макс (вырывае руку). Не, праўда. Мяне чакае жонка.
Сара. І вы нават не размаўляеце зь незнаёмымі дзяўчатамі?

Макс. Так.
Сара. Ах, як вы мне надакучылі! Халодны, як рыба!

Макс. Даруйце.
Сара. Усе мужчыны аднолькавыя. Дайце мне цыгарэту.

Макс. Хвігу табе, а не цыгарэту.
Сара. Што-што вы сказалі?

Макс. Хадзі да мяне, Далорэс!
Сара. Э, не, дзякуй. Толькі ня я. Апёкшыся на малацэ, на ваду будзеш дзьмуць. (Падымаецца.) Бывайце.

Макс. Мілачка, табе адсюль ня выйсьці. Хатка зачыненая. Мы адны. Ты ў пастцы.
Сара. У пастцы! Як вы можаце! Я замужняя жанчына.

Макс (падыходзіць да яе). Час палуднаваць. Мэры, пастаў, калі ласка, гарбату.

Яна лёгкімі крокамі ідзе да стала. Стаіць каля яго сьпінай да сьцяны. Ён падыходзіць да другога края стала, падцягвае штаны, згінаецца і паўзе пад стол, да яе.
Ён зьнікае пад аксамітным абрусам. Моўчкі. Яна глядзіць пад стол. Ейных ног не відаць. Яго рука – на ейнай назе. Яна азіраецца, твар скажае грымаса, яна скрыгоча зубамі, ловіць ротам паветра, павольна апускаецца і зьнікае пад сталом.
Доўгая ціша.

Голас Сары:
Макс!

Згасае сьвятло.


Макс сядзіць на зэдліку зьлева.
Сара налівае гарбату.

Сара.
Макс.

Макс. Што?
Сара (пяшчотна). Любы мой.


Лёгкая паўза.

Сара. Што здарылася? Чаго ты такі задуменны?

Макс. Ды не, табе падалося.
Сара. Я ж бачу.

Паўза.


Макс. А дзе твой муж?

Паўза.

Сара. Муж? Ты выдатна ведаеш.

Макс. І дзе ж ён?
Сара. На працы.

Макс. Вось небарака! Працуе з ранку да вечара.

Паўза.


Макс. Цікава, які ён.
Сара (са сьмяшынкай). М-а-а-к-с!

Макс. Цікава, ці мы б зь ім паразумеліся… Ці адчулі б… як гэта сказаць?.. родную душу?
Сара. Наўрад ці.

Макс. Чаму?
Сара. У вас вельмі мала супольнага.

Макс. Няўжо? Ён, пэўна, вельмі добра да ўсяго прыстасоўваецца. То бок, ён выдатна ведае, чым мы з табою займаемся, так?
Сара. А як жа!

Макс. Шмат гадоў ведае.


Лёгкая паўза.


Макс. Чаму ён гэта трывае?
Сара. Што ты раптам загаварыў пра яго? Дзеля чаго? Гэта да цябе не падобна.

Макс. Чаму ён гэта трывае?
Сара. Кінь!

Макс. Я задаў табе пытаньне.

Паўза.

Сара. Ён не пярэчыць.

Макс. Праўда?


Лёгкая паўза.


Макс. Я неўзабаве пачну пярэчыць.

Паўза.

Сара. Што ты сказаў?

Макс. Я неўзабаве пачну пярэчыць.


Лёгкая паўза.


Макс. Трэба спыняцца. Так далей працягвацца ня можа.
Сара. Ты сур’ёзна?

Маўчаньне.


Макс. Так ня можа працягвацца.
Сара. Ты жартуеш.

Макс. Не.
Сара. Чаму? Праз майго мужа? Спадзяюся, хоць не празь яго. Ты ўжо хапіў бы лішку.

Макс. Не, твой муж тут ні пры чым. Гэта праз маю жонку.

Паўза.

Сара. Праз тваю жонку?

Макс. Я не магу яе больш падманваць.
Сара.
Макс

Макс. Я гадамі падманваў. Я больш не магу. Гэта невыносна.
Сара. Любы, паслухай…

Макс. Не дакранайся да мяне.

Паўза.

Сара. Што ты сказаў?

Макс. Ты чула.

Паўза.

Сара. Але твая жонка… ведае. Хіба не? Ты ёй усё распавёў… пра нас. Яна заўжды ведала.

Макс. Не, ня ведае. Яна думае, я сустракаюся са шлюхай, вось і ўсё. Нейкая шлюха, як выдасца хвіліна вольнага часу – і нічога больш.
Сара. Так, але разваж сам… любы мой… Яна ня супраць, праўда?

Макс. Была б супраць, калі б ведала праўду.
Сара. Якую праўду? Пра што ты гаворыш?

Макс. Яна была б супраць, калі б ведала, што насамрэч… у мяне ёсьць каханка, да якой я прыходжу разы два-тры на тыдзень, жанчына шляхетная, вытанчаная, дасьціпная, з багатым уяўленьнем…
Сара. Так, так…

Макс. І што наш раман цягнецца ўжо шмат гадоў…
Сара. Але яна ня супраць, яна не была б супраць: яна шчасьлівая, шчасьлівая – і ўсё…

Паўза.

Сара. До’ табе казаць пустое.

Бярэ спод з кубкамі і ідзе ў бок кухні.

Сара. Ты ўсё робіш, каб сапсаваць дзень.

Яна адносіць спод на кухню. Вяртаецца, глядзіць на
Макс а, падыходзіць да яго.

Сара. Мілы, няўжо ты думаеш, што з жонкай можаш мець усё тое самае, што і са мной? Вось, напрыклад, мой муж – ён цалкам разумее, што я…

Макс. Твой муж! Як ён гэта трывае? Няўжо ён не адчувае майго паху, калі вяртаецца ўвечары дадому? Што ён кажа? Ён, мусіць, з глузду зьехаў! Колькі часу? Палова на пятую? Ён цяпер сядзіць у сябе ў офісе і ведае, чым мы тут з табой займаемся. Што ён пры гэтым адчувае? Як ён вытрымлівае?
Сара.
Макс

Макс. Як?
Сара. Ён радуецца за мяне. Разумее. Ён цэніць мяне такой, якая я ёсьць.

Макс. Мабыць, варта было б зь ім пазнаёміцца, пагутарыць.
Сара. Ты п’яны?

Макс. Бадай, так і зробім. Урэшце, ён таксама мужчына, як і я. Мы абодва мужчыны. А ты толькі жанчына, сучка.

Ён грукае кулаком па стале.

Сара. Кінь! Што з табой? Што на цябе найшло? (Ціха.) Кінь, ну калі ласка, кінь. Што ты робіш? Гэта гульня?

Макс. Гульня? Я не гуляюся ў гульні.
Сара. Няўжо? Гуляесься, гуляесься, яшчэ як. Звычайна мне падабаецца.

Макс. Я сваё адгуляў.
Сара. Чаму?


Лёгкая паўза.


Макс. Дзеці.

Паўза.

Сара. Што?

Макс. Дзеці. Я мушу думаць пра дзяцей.
Сара. Якіх дзяцей?

Макс. Сваіх. Жончыных. Яны з дня на дзень прыедуць са школы. Я павінен пра іх думаць.

Яна сядае бліжэй да яго.

Сара. Я хачу табе нешта шапнуць на вушка. Паслухай. Можна, я табе нешта шапну? М-м? Можна? Ну, калі ласка. Цяпер час шаптацца. Быў час палуднаваць, а цяпер час шаптацца, праўда?

Паўза.

Сара. Табе падабаецца, калі я шапчу табе на вушка. Табе падабаецца, што я кахаю цябе, і што я нашэптваю табе пра каханьне. Паслухай, ня трэба пераймацца наконт… жонак, мужоў, усяго астатняга. Гэта глупства. Сапраўды глупства. Галоўнае – гэта ты, ты, тут, цяпер, і ты са мною, і мы разам. Толькі гэта істотна, праўда? Ты шэпчасься са мною, п’еш са мною гарбату, і гэта ты, гэта мы, і мы такія… Кахай мяне, калі ласка.

Ён падымаецца.


Макс. Ты такая кашчавая.

Ідзе прэч.


Макс. Вось у чым бяда. З усім астатнім я мог бы зьмірыцца, але гэта… Ты такая кашчавая.
Сара. Я? Кашчавая? Не сьмяшы людзей!

Макс. І не зьбіраюся.
Сара. Як ты можаш казаць, што я кашчавая?

Макс. Пры кожным руху мяне колюць твае косткі. Яны мне абрыдлі.
Сара. Ды што ты кажаш?

Макс. Ты надта кашчавая.
Сара. Я ж тоўстая! Паглядзі на мяне. Ну, прынамсі, пульхная. Ты заўсёды казаў, што я пульхная.

Макс. Калісьці была пульхная. Цяпер – не.
Сара. Паглядзі на мяне.

Ён глядзіць.


Макс. Ты зусім ня пульхная. Табе да пульхнай далёка. Ты ж ведаеш мой густ. Мне падабаюцца вялізныя жанчыны. Падабаецца зад, набрынялы, як вымя. Велізарны – не ахапіць – зад, як вымя.
Сара. Ты пра кароваў?

Макс. Не, я не пра кароваў. Я пра вялізны, поўны жаночы зад, як вымя. Калісьці, даўным-даўна, ты крыху яго нагадвала.
Сара. Дзякуй.

Макс. Але цяпер, шчыра кажучы, у параўнаньні з маім ідэалам… у цябе адна скура ды косткі…

Яны глядзяць адно на аднаго.
Ён надзявае пінжак.

Сара. Ты добра пажартаваў.

Макс. Гэта ня жарт.

Ён выходзіць. Яна глядзіць яму ў сьлед. Вяртаецца, павольна падыходзіць да барабана бонга, бярэ яго ў рукі, адносіць у шафу. Вяртаецца ў гасьцёўню, глядзіць на шэзьлёнг, павольна ідзе ў спачывальню і сядае на край ложка.
Згасае сьвятло.
Надвячорак. Гадзіньнік б’е шостую. У дзьвярох зьяўляецца Рычард. На ім звычайны строгі гарнітур. Ён ставіць у шафу кейс, вешае капялюш, азірае пакой, налівае сабе віскі. Сара заходзіць з купальні ў спачывальню. Яна апранутая ў сьціплую сукенку. Некалькі сэкундаў абое стаяць у розных пакоях, ня рухаючыся. Сара ідзе на балькон, глядзіць у сад.
Рычард заходзіць у спачывальню.

Рычард. Прывітаньне.

Паўза.

Сара. Прывітаньне.
Рычард. Глядзіш на заход?

Бярэ пляшку.

Рычард. Наліць табе?
Сара. Дзякуй, нешта ня хочацца.
Рычард. Вох, якое нуднае пасяджэньне. Зацягнулася на ўвесь дзень. Стаміўся страшэнна. Але, здаецца, добра папрацавалі. Прагрэс ёсьць. Даруй, што спазьніўся. Давялося затрымацца, прапусьціць кілішак з двума-трыма калегамі з аддзелу замежнага гандлю. Добрыя хлопцы.
Сядае.
Рычард. А ты як?
Сара. Добра.
Рычард. Тады файна.

Маўчаньне.

Рычард. Здаецца, ты нешта не ў гуморы. Што здарылася?
Сара. Нічога.
Рычард. Як прайшоў дзень?
Сара. Няблага.
Рычард. Але і нядобра?

Паўза.

Сара. Сярэдне.
Рычард. Спачуваю.

Паўза.

Рычард. Як добра вярнуцца дамоў! Ты не ўяўляеш, якая гэта палёгка.

Паўза.

Рычард. Прыходзіў твой каханак?

Яна не адказвае.

Рычард. Сара!
Сара. Што? Выбачай. Я была задумалася.
Рычард. Прыходзіў твой каханак?
Сара. Так. Прыходзіў.
Рычард. У добрай форме?
Сара. Ведаеш, мне разбалелася галава.
Рычард. Ён быў ня ў форме?

Паўза.

Сара. У кожнага здараюцца ненайлепшыя дні.
Рычард. І ў яго таксама? Я думаў, што ўвесь сэнс працы каханка – у тым, каб іх ня мець. То бок, калі б мне прапанавалі зьдзяйсьняць функцыю каханка і я быў бы схільны, скажам так, прыняць адпаведную прапанову, я б лепей адмовіўся, чым выявіў сваю няздольнасьць належным чынам выконваць абавязкі, якія адсюль вынікаюць.
Сара. Ты кажаш занадта мудрагелістымі словамі.
Рычард. Табе больш даспадобы простыя, як бот?
Сара. Не-не.

Паўза.

Рычард. Але я табе спачуваю – у цябе атрымаўся ня самы ўдалы дзень.
Сара. Нічога.
Рычард. Можа, усё зьменіцца на лепшае?
Сара. Можа.

Паўза.

Сара. Я спадзяюся.

Яна выходзіць са спачывальні ў гасьцёўню, запальвае цыгарэту, сядае. Ён ідзе за ёю.

Рычард. Як бы там ні было, але мне здаецца, ты вельмі прыгожая.
Сара. Дзякуй.
Рычард. Так, вельмі. І я кожны раз страшэнна ганаруся, калі мяне бачаць разам з табою. На абедзе або ў тэатры.
Сара. Я ўсьцешаная.
Рычард. Або на балі.
Сара. Так, на балі.
Рычард. Мяне перапаўняе гонар, калі я зьяўляюся дзе-небудзь пад руку са сваёю жонкай. Калі бачу, як ты ўсьміхаесься, сьмяесься, рухаесься, размаўляеш, схіляесься, стаіш нерухома. Калі я чую, як ты ўстаўляеш у размову сучасныя слоўцы, як выкшталцона ўжываеш найноўшыя выразы, заўсёды трапна і далікатна. Я адчуваю, як мне зайздросьцяць іншыя, бачу, як яны дабіваюцца тваёй прыхільнасьці, ні перад чым не спыняючыся – так уражвае іх твая простая грацыя. І адна думка, што ты – мая жонка, прыносіць мне ні з чым не параўнальнае задавальненьне.

Паўза.

Рычард. Што на вячэру?
Сара. Я пра яе не падумала.
Рычард. Чаму гэта?
Сара. Мне ад адной думкі пра вячэру млосна робіцца. Лепей пра яе ня згадваць.
Рычард. Якая прыкрасьць. Я згаладаўся.


Лёгкая паўза.

Рычард. Ты ж не разьлічваеш, што я буду брацца гатаваць вячэру пасьля таго, як цэлы дзень працаваў, займаўся ў Сіці важнымі фінансавымі справамі?

Яна сьмяецца.

Рычард. Некаторыя сказалі б, што ты занядбала свае абавязкі жонкі.
Сара. О Божа!
Рычард. Мушу сказаць, я падазраваў, што раней ці пазьней нешта падобнае здарыцца.

Паўза.

Сара. Як твая шлюха?
Рычард. Шыкоўна.
Сара. Яна худнее ці таўсьцее?
Рычард. Выбачай, я не зразумеў, што ты сказала?
Сара. Яна худнее ці таўсьцее?
Рычард. З кожным днём худнее.
Сара. Напэўна, табе гэта непрыемна.
Рычард. Наадварот, мне падабаюцца хударлявыя жанчыны.
Сара. Я думала іначай.
Рычард. Праўда? Чаму?

Паўза.

Рычард. Вядома, твая няздатнасьць згатаваць вячэру ў вызначаны час абумоўленая тым ладам жыцьця, які ты вядзеш.
Сара. Ты так думаеш?
Рычард. Несумненна.


Лёгкая паўза.

Рычард. Мабыць, я жорстка з табою абыходжуся. Я жорсткі?
Сара (глядзіць на яго). Ня ведаю.
Рычард. Так, жорсткі. Сёньня ў заторы на мосьце я, бачыш, прыняў рашэньне.

Паўза.

Сара. Так? Якое?
Рычард. Гэта мусіць спыніцца.
Сара. Што – гэта?
Рычард. Твая распуста.

Паўза.

Рычард. Тваё грахоўнае жыцьцё. Тое, што ты ідзеш супрацьзаконнай сьцяжынай пажадлівасьці.
Сара. Ты гэта сур’ёзна?
Рычард. Так. Я прыняў рашэньне – і ад яго не адступлюся.

Яна ўстае.

Сара. Хочаш халоднай вяндліны?
Рычард. Ты мяне зразумела?
Сара. Ніколечкі. У лядоўні ёсьць халодная вяндліна.
Рычард. Пэўна, занадта халодная. Факт застаецца фактам: гэта мой дом. Пачынаючы зь сёньняшняга дня я забараняю табе прымаць свайго каханка на гэтым абсягу. Забарона дзейнічае дваццаць чатыры гадзіны на дзень. Я зразумела выказваю сваю думку?
Сара. Я зрабіла табе салату.
Рычард. Вып’еш?
Сара. Так, налі мне кілішак.
Рычард. Што ты будзеш?
Сара. Ты ведаеш, што я п’ю. Мы дзесяць гадоў жанатыя.
Рычард. Але, слушна.

Ён налівае.

Рычард. Дзіўна, праўда, што мне спатрэбілася столькі часу, каб усьвядоміць усю ганебнасьць свайго становішча.
Сара. Я знайшла каханка ня дзесяць гадоў таму. Не падчас мядовага месяца.
Рычард. Гэта неістотна. Факт застаецца фактам: я – муж, які ласкава трымае дзьверы адчыненымі для каханка сваёй жонкі. Кожны дзень, калі ёй тое будзе заўгодна. Я праяўляў залішнюю дабрыню. Хіба не?
Сара. Вядома, ты вельмі добры.
Рычард. Ты б не магла перадаць яму мае найлепшыя зычэньні – у пісьмовай форме, калі хочаш – і папрасіць яго спыніць свае візыты (глядзіць на каляндар)… з дванаццатага чысла бягучага месяца.

Працяглая цішыня.

Сара. Як ты можаш такое казаць?

Паўза.

Сара. Чаму сёньня? Так зьнянацку…

Паўза.

Сара. М-м?

Яна падыходзіць блізка да яго.

Сара. У цябе выдаўся цяжкі дзень… на працы… Калегі з аддзелу замежнага гандлю. Ты стаміўся. Гэта глупства, гэта ж проста глупства – такое казаць. Я тут. З табою. І ты заўжды разумеў… як шмат для мяне азначаюць… гэтыя некалькі гадзінаў. Заўсёды разумеў.

Яна прыціскаецца шчакою да ягонай шчакі.

Сара. Разуменьне – рэч такая каштоўная, такая рэдкая.
Рычард. Думаеш, прыемна ведаць, што твая жонка здраджвае табе два-тры разы на тыдзень, з зайздроснай рэгулярнасьцю?
Сара. Рычард
Рычард. Гэта невыносна. Болей невыносна. Я не зьбіраюся з гэтым надалей мірыцца.
Сара. Рычард… Мілы… Калі ласка…
Рычард. Што – «калі ласка»?

Яна адхіляецца ад яго.

Рычард. Сказаць, што я вам прапаную? Завядзі яго куды-небудзь у поле. Знайдзіце канаву. Ці гурбу шлаку. Сьметнік. Чым кепская ідэя?

Яна ня рухаецца.

Рычард. Купіце човен і адшукайце якую-небудзь гнілую сажалку. Што заўгодна. Дзе заўгодна. Але не ў маёй гасьцёўні.
Сара. На жаль, гэта немагчыма.
Рычард. Чаму?
Сара. Я сказала: гэта немагчыма.
Рычард. Але калі табе так патрэбны твой каханак, хіба гэткае выйсьце не напрошваецца само сабою? Раз яму забаронены ўваход у гэты дом… Мілая, я хачу табе дапамагчы, бо я цябе кахаю. Ты ж бачыш. Калі засьпею яго ў сваім доме – усе зубы яму павыбіваю.
Сара. Ты звар’яцеў.

Ён не адрываючыся глядзіць на яе.

Рычард. Галаву праламлю.

Паўза.

Сара. А як жа твая чортава шлюха?
Рычард. Я даў ёй адстаўку.
Сара. Праўда? Чаму?
Рычард. Яна занадта кашчавая.


Лёгкая паўза.

Сара. Але ж табе падабалася… ты казаў, табе падабаюцца… Рычард… ты ж кахаеш мяне…
Рычард. Вядома.
Сара. Так… ты мяне кахаеш… ты нічога ня маеш супраць яго… ты яго разумееш… праўда?.. То бок, ты сам лепш за мяне ведаеш… любы… усё добра… усё добра… і ўвечары… і ўдзень… разумееш? Паслухай, я пажартавала. Вячэра гатовая. Ялавічына па-бургундзку. А заўтра будзе запечаная кура. Хочаш?

Яны глядзяць адно на аднаго.

Рычард (ціха). Любадзейка.
Сара. Нельга так казаць, гэта нясцерпна, ты ж ведаеш – так нельга. Што ж ты робіш?

Яшчэ сэкунду ён глядзіць на яе, затым ідзе ў хол.
Адчыняе шафу і вымае барабан бонга.
Яна сочыць за ім вачыма.
Ён вяртаецца.

Рычард. Што гэта значыць? Я знайшоў яго колькі часу таму. Што гэта?

Паўза.

Рычард. Што гэта?
Сара. Ты ня маеш права да яго дакранацца.
Рычард. Але гэта мой дом. Адсюль вынікае, што гэты прадмет належыць альбо мне, альбо табе, альбо трэцяй асобе.
Сара. Звычайная рэч. Купіла на дабрачынным кірмашы. Нічога такога. А ты што думаў? Пакладзі на месца.
Рычард. Нічога такога? Барабан у маёй шафе?
Сара. Пакладзі на месца!
Рычард. А ён часам ня мае дачыненьня да тваіх распусных дзённых забаваў?
Сара. Ніякага. З чаго ты ўзяў?
Рычард. Вы ім карыстаецеся. Карыстаецеся, так? Я здагадаўся.
Сара. Нічога ты не здагадаўся. Аддай яго мне.
Рычард. Што ён зь ім робіць? Што вы зь ім робіце? Граеце на барабане, пакуль я на працы?

Яна спрабуе забраць барабан. Ён не аддае. Стаяць, удваіх трымаючыся за барабан.

Рычард. Дзеля чаго прызначаны барабан? Гэта ня проста аздоба, я так разумею. Што вы зь ім робіце?
Сара (з пакутай у голасе). Ты ня маеш права мяне дапытваць. Ніякага. Мы так дамаўляліся. Не задавай гэткіх пытаньняў. Калі ласка. Ня трэба. Мы ж дамовіліся.
Рычард. Я хачу ведаць.

Яна заплюшчвае вочы.

Сара. Спыніся.
Рычард. Вы абое на ім граеце? Га? Разам?

Яна шпарка ідзе прэч, тады спыняецца, паварочваецца да яго.

Сара (сыкае). Ты ідыёт!.. (Яна халодна глядзіць на яго.) Думаеш, да мяне прыходзіць толькі ён адзін? Так? Думаеш, ён адзіны, каго я прымаю? Ня будзь дурнем. Да мяне зьяўляецца шмат гасьцей, увесь час, і я заўсёды іх прымаю. У іншыя дні, увесь час. Калі вы ня ведаеце – ні ты, ні ён. Я частую іх суніцамі. Зь вяршкамі. Незнаёмых людзей. Абсалютна чужых. Але мне яны не чужыя – пакуль яны тут. Прыходзяць паглядзець на ружы. І застаюцца палуднаваць. Усе да адзінага.
Рычард. Гэта праўда?

Ён набліжаецца да яе, ціхенька пастукваючы па барабане. Глядзіць ёй у твар, не перастаючы стукаць, тады хапае яе руку і драпае ёю па барабане.

Сара. Што ты робіш?
Рычард. Вы зь ім гэтым займаецеся?

Яна адскоквае далей, за далёкі край стала.

Рычард. Вось так?

Паўза.

Рычард. Ну і забава!

Ён рэзка драпае па барабане і ставіць яго на зэдлік.

Рычард. Агеньчыку ня знойдзецца?

Паўза.

Рычард. Агеньчыку ня знойдзецца?

Яна адступае за стол, апынаецца зь яго далёкага края.

Рычард. Ну кінь, ня псуй мне задавальненьня. Твой муж ня будзе супраць, калі ты падзелісься са мной агеньчыкам. Нешта ты бледная. Адкуль гэтая бледнасьць? Такая прыгожанькая паненка.
Сара. Не кажы так.
Рычард. Ты ў пастцы. Мы адны. Я зачыніў дзьверы.
Сара. Як ты можаш?!
Рычард. Ён ня будзе супраць.

Пачынае набліжацца да стала.

Рычард. Ніхто больш ня ведае.

Паўза.

Рычард. Ніхто нас не пачуе. Ніхто ня ведае, што мы тут.

Паўза.

Рычард. Ну, давай. Падзяліся агеньчыкам.

Паўза.

Рычард. Табе, мілая, адсюль ня выйсьці. Ты ў пастцы.

Яны праз стол глядзяць адно на аднаго.
Раптам у яе вырываецца сьмяшок.
Маўчаньне.

Сара. Я ў пастцы.

Паўза.

Сара. Што скажа мой муж?

Паўза.

Сара. Ён чакае мяне. Зачакаўся. Мне ня выбрацца. Я ў пастцы. Вы ня маеце права так абыходзіцца з замужняй жанчынай. Хіба ня так? Задумайцеся, прашу вас, задумайцеся, што вы робіце!

Яна глядзіць на яго, схіляецца і паўзе пад сталом да яго. Вылазіць з-пад стала і кленчыць каля ягоных ног, глядзіць на яго зьнізу ўверх. Ейная рука паўзе па яго назе. Ён згары азірае яе.

Сара. Ты вельмі напорлівы. Сапраўды. Вельмі. Але мой муж зразумее. Ён усё разумее. Хадзі сюды. Хадзі сюды, да мяне. Я патлумачу. Урэшце, падумай пра маю сям’ю. Муж мяне багоміць. Хадзі сюды, я нешта нашапчу табе на вушка. Нашапчу. Цяпер час шаптацца, праўда?

Яна бярэ ягоныя далоні ў свае. Ён апускаецца на калені разам зь ёю. Яны вельмі блізка. Сара гладзіць ягоны твар.

Сара. Мы сёньня вельмі позна палуднуем. Але мне падабаецца. Які ты мілы. Ніколі раней ня бачыла цябе пасьля заходу сонца. Муж затрымліваецца – канфэрэнцыя зацягнулася. Так, ты выглядаеш зусім іначай. Чаму на табе гэты дзіўны гарнітур? І гальштук? Звычайна ты ня так апранаесься, праўда? Здымі пінжак. М-м? Хочаш, я пераапрануся? Хочаш? Дзеля цябе, любы. Хочаш? Ты гэтага хочаш?

Маўчаньне. Яна вельмі блізка да яго.

Рычард. Так.

Паўза.

Рычард. Пераапраніся.

Паўза.

Рычард. Пераапраніся.

Паўза.

Рычард. Пераапраніся.

Паўза.

Рычард. Ах ты шлюха, мая цудоўная шлюха…

Яны стаяць на каленях. Яна схілілася над ім.

Заслона.

Пераклала з ангельскай V.K.

  брытанскі драматург, публіцыст. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 2005 году.
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/12