A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


палеміка

  ДЗМІТРЫ ПЛАКС

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Дзмітры Плакс
Пра «Дойчэ Вэле», хаос дэмакратыі і парадак смерці


Сітуацыя вакол мовы вяшчання «Нямецкай хвалі» падаецца мне вельмі цікавай. Дакладней кажучы, не сама сітуацыя, а тыя дэбаты, тое «жыццё», якое разгарнулася ў інфармацыйнай прасторы і якое цалкам пачалося з маленькай навіны аб тым, што еўрапейская радыёстанцыя пашырае тэматыку сваіх расійскамоўных праграм.

Адразу скажу, што крытыкаваць калегаў не буду. Прэрагатыву падзяляць журналістаў на «чэсных» і «нячэсных» я пакідаю за іншымі людзьмі. Магу толькі шчыра павіншаваць кіраўніцтва і журналістаў «Нямецкай хвалі» – каб мне магло ўвогуле прыйсці да галавы, што найлепшая рэклама для праграмы, якая закранае беларускую праблематыку – гэта расійская мова вяшчання, дык беларуская праграма «Радыё Швецыя» ўжо год як не сыходзіла б з вуснаў нацыянальна свядомай інтэлігенцыі.

Але я чалавек ад натуры тупаваты і таму спачатку біўся за тую новую для «Радыё Швецыя» мову, а цяпер на гэтай самай мове і працую. І вось вынік – год з гакам даволі плённай працы – і ні табе дэбатаў, ні пікетаў, ні абмеркаванняў, ніякай, словам, увагі. Так, прыйдзе калі-нікалі ліст, у якім ляніва вылаюць за наркамаўку, агульную млявасць або русізмы ці вымаўленне, а ўсе астатнія водгукі – суцэльныя падзякі ды пажаданні. Сумна.

Зразумела, што змест праграм «Радыё Швецыя» на беларускай мове карэнным чынам адрозніваецца ад зместу вяшчання «Нямецкае хвалі» на расійскай. Шведскае радыё расказвае менавіта пра Швецыю, а беларуская тэматыка абмяжоўваецца амаль выключна шведска-беларускімі дачыненнямі ды не надта бліскучым жыццём нешматлікай дыяспары.

А калі так, то якая ж можа быць палеміка? Ну, споўнілася Пэпі Доўгаяпанчоха шэсцьдзесят гадоў, ну і дзякуй Богу, праз пяць гадоў шэсцьдзесят пяць споўніцца... Пра што тут спрачацца?

А пра што спрачаюцца прыхільнікі і праціўнікі новай праграмы «Нямецкай хвалі»? Хіба наконт зместу дыскутуюць?..

Магу адзначыць, што мне, як старому канцэптуалісту, уся гэтая дыскусія – проста бальзам на душу. Які там змест, даражэнькія мае, – форма, вось што галоўнае! Каго хвалюе, што яны там бухцяць, калі яны, перш за ўсё, бухцяць не так. Форма робіцца зместам, і мова нашмат важнейшая за тое, што на самай справе гучыць у эфіры...

Шчыра кажучы, у выпадку з «Радыё Швецыя» моўнага пытання як бы і не было з самага пачатку. Часткова менавіта таму, чаму такое пытанне ёсць у дачыненні да «Нямецкай хвалі», гэта значыць – праз «фармальны змест». Ідэя вяшчання на беларускай мове і была часткай зместу, або, дакладней – сэнсу стварэння новай праграмы. Замежнае вяшчанне Шведскага нацыянальнага радыё пабудаванае не паводле прынцыпу краіны прыёму, а паводле моўнага прынцыпу. Прасцей кажучы, праграма на беларускай мове не тое каб зарыентаваная на Беларусь, хутчэй яна прапануе магчымасць атрымліваць інфармацыю пра Швецыю на гэтай канкрэтнай, дадзенай мове.

Вядома, што беларуская мова – мова лакальная. Калі мы гаворым, напрыклад, пра ангельскую мову, то можна ўпэўнена казаць пра тое, што вяшчанне Шведскага радыё на гэтай мове не разлічанае адно на Англію ці Злучаныя Штаты. З беларускай мовай (як, дарэчы, амаль з усімі з’явамі, падзеямі або рэчамі, для акрэслення якіх можна скарыстаць прыметнік «беларускі») – складаней. Большасць носьбітаў беларускай мовы жывуць, зразумела, у Беларусі. Да таго ж, як ужо гаварылася, жыццё менавіта беларускай дыяспары і дачыненні менавіта з Беларуссю адлюстроўваюцца ў праграме на беларускай мове.

Але падкрэслю яшчэ раз – адной з асноўных прычын пачатку вяшчання на беларускай мове ёсць ідэя, што ў слухача павінна быць магчымасць выбару. У тым ліку – выбару мовы. І тыя лісты, якія Беларуская служба Шведскага радыё атрымлівае з Літвы ці з Украіны, сведчаць пра тое, што і па-за межамі Беларусі ёсць людзі, якія выбіраюць праграмы пра Швецыю на беларускай, а не, напрыклад, на расійскай, нямецкай ці англійскай мове.

Магчымасць выбару – падмурак дэмакратыі. Я ўпэўнены, што і калегі з «Нямецкай хвалі» лічаць дакладна так. Розніца ў тым, што яны наіўна спрабуюць прапанаваць выбар крыніц інфармацыі пра тое, што адбываецца ў самой Беларусі, іншымі словамі – выбар зместу. А беларусам (асабліва прафесійным) гэтага не трэба. Беларусы – нацыя канцэптуалістаў, іх цікавіць канцэпт, форма. Выбіраць жа яны прывыклі пераважна з адной альтэрнатывы. Нават калі ёсць магчымасць выбраць нешта іншае.

Мне падаецца вельмі цікавым і надзвычай сімптаматычным той факт, што пэўная колькасць людзей, якія шчыра лічаць сябе дэмакратычна арыентаванымі, перакананыя і ўпэўненыя ў тым, што яны могуць і павінны забараніць незалежнаму і да таго ж замежнаму радыёканалу вяшчаць на той ці іншай мове. Калі беларускія дэмакраты маюць такія, на маю думку, дзіўныя ўяўленні пра тое, што такое свабода слова і дэмакратычныя каштоўнасці, то ўзнікае пытанне – чаму, уласна кажучы, беларускі ўрад павінен думаць неяк па-іншаму? А ад гэтай думкі ўжо недалёка і да дэбільнай фразы пра тое, што кожны народ мае той урад... ну, зразумела...

Вось, перачытаў я цяпер тое, што дасюль напісаў, і неяк здзьмуўся. Запал астыў. Калі б я сам гэтага не пісаў, а толькі прачытаў дзе, то, напэўна, падумаў бы, што аўтар гэтага эсэ – нейкі нахабны дурань. Дурань гэты не задаволены тым, што ягоную працу не крытыкуюць, бо адзінай адзнакаю ўвагі лічыць скандал. Дурань гэты любіць павучаць, як каму жыць і паводзіцца. Дурань гэты так любіць свой асабісты пункт гледжання на ўсё без выключэння, а асабліва на беларушчыну, што тую беларушчыну гатовы знішчыць, каб толькі ніхто іншы не авалодаў «правам першай ночы», капірайтам на адзіны правільны погляд...

Можа, я сапраўды той самы дурань і ёсць? Можа, каб жыў цяпер у Беларусі, дык ужо крэмзаў бы гнеўныя лісты на «Нямецкую хвалю», хадзіў бы пікетам ля нямецкай амбасады або енчыў бы на плошчы Бангалор і ў любым разе адчуваў бы сябе вельмі абражаным з запляванай да самага краю душой...

Так, відаць, я той самы дурань. Шматгадовае жыццё ў Еўропе нічому мяне не навучыла. Як быў «саўком», які падзяляе ўвесь свет на «нашых» і «немцаў», так і застаўся. Як умеў акрэсліць самога сябе толькі «супраць» чагосьці або кагосьці, так і цяпер толькі тое і ўмею.

Ну, на самай справе, не вучыцца ж талерантнасці вось так, пад старасць... Што мне з таго, што паняцце «дэмакратыя» павінна распаўсюджвацца не толькі на тых, чые погляды аднолькавыя з маімі? Што мне, глядзець на «іншых розных шведаў» з іх дваццаццю пяццю афіцыйна прызнанымі дыялектамі ў маленькай, лакальнай і забруджанай «англіцызмамі» мове?.. Або ўспамінаць варшаўскага прафесара Вечаркевіча, які дэкларатыўна заяўляў, что польскай мовы не існуе і тлумачыў гэта тым, што ёсць толькі «польскія мовы» – у множным ліку, а «польская мова», як і ўсе іншыя «мовы адзіночнага ліку», мова штучная. (Пра Вечаркевіча гаварыў у адной з праграмаў «Радыё Швецыя» вядомы беларускі пісьменнік Сакрат Яновіч. Але яму даверу няма – ён жа з Беласточчыны, з Падляшша...)

І ўвогуле, нашто мне гэты множны лік? Я люблю канцэпты. А канцэпт – гэта нешта адназначнае, цэльнае, стабільнае. Тут не тое што мноству, двум тлумачэнням месца няма. Таму, мабыць, трэба адкінуць гэтае маладушнае інтэлігенцкае нежаданне крытыкаваць калегаў і сказаць як ёсць: мова павінна быць адна, адзіная, сапраўдная і чалавечая... І дарэчы – а дзе тая славутая свабода выбару ў той самай «Нямецкай хвалі»? Калі маё права на выбар формы замест зместу будзе паважацца? Што яны мне прапануюць выбіраць? З расійскай мовы расійскую?.. Хаця там на сайце штосьці ёсць і па-беларуску, ды яны яшчэ, здаецца, абяцалі, няхай часткова, але ўсё ж на беларускую перайсці... Што даволі дзіўна, калі мець на ўвазе, што служба там усё ж такі расійская і пра беларускую праграму, яшчэ менш – службу, гаворкі ніколі і не ішло, толькі пра пашырэнне тэматыкі...

Зусім я заблытаў. Зноў штосьці не тое атрымліваецца. Ёсць гарачае жаданне напісаць артыкул пад назваю «Доколе?!» і надрукаваць яго ў «Советской Белоруссии». Але ж не дазволяць (ці, можа, так?). Няпроста гэта – быць прафесійным беларусам...

А калі ўсё, наадварот, вельмі проста? Мабыць, той самы хаос, які пануе і ў маёй галаве, і ў галовах некаторых маіх суайчыннікаў ды і ўвогуле на прасторы Бацькаўшчыны, і ёсць тым пажыўным асяроддзем, з якога выйдуць і мова, і дзяржаўнасць, і культура, і нацыя, і – даруйце ўжо мне такую занадта аптымістычную думку – дэмакратыя? Хаця б з той, зноў жа, простай прычыны, што хаос, разнастайнасць ёсць жыццём, а вось дакладны, стабільны і цудоўны – ідэальны – парадак амаль непазбежна, так бы мовіць – канцэптуальна, звязаны са смерцю, прынамсі духоўнай.

А што, калі адзінае, што трэба для росквіту і агульнага шчасця, – гэта проста змена канцэпцыі? З несвабоды на свабоду. І тут я маю на ўвазе не тую несвабоду, што звонку, для іншых, а тую, што ўнутры, для сябе. Таму што «не пушчаць» кагосьці, здаецца мне, хочацца толькі тады, калі не можаш дазволіць «пусціць» сябе. Ведаеце, калі думкі рухаюцца ў напрамку «мы тут церпім, а яны што ж, сукі?!».

Дык вось, калі пачаць з сябе і даць волю іншым, дык, можа, і жыццё будзе не такім ужо цяжкім, і той крыж беларушчыны будзе трошачкі лягчэйшы. Хай сабе, каму падабаецца, гавораць на расійскай, няхай вяшчаюць хоць бы і на кітайскай. Хай пішуць лацінкай, наркамаўкай, тарашкевіцай. Хай ужываюць нават трасянку, якая, дарэчы, з лінгвістычнага пункту гледжання даволі цікавы феномен – гэткі каланіяльны дыялект, нешта кшталту крэольскай, а то і цалкам нешта арыгінальнае, як бы яе назваць – дзяржаўная мова дэкласантаў, ці што? («Дэкласантамі» я, дарэчы, не лаюся – сам менавіта такі.) Хай людзі робяць, што хочуць, але ж перш за ўсё – хай штосьці робяць!

Не ведаю, ці здолеў я сказаць хоць нешта разумнае або зразумелае, таму хачу прывесці прыклад. Я бываю ў Беларусі тры-чатыры разы на год. І вось аднаго разу, прыкладна год таму ці трохі меней, калі я ўжо ад’язджаў дадому, у нацыянальным аэрапорце «Менск-2» спатрэбілася мне нейкая даведка, не памятаю дакладна, ці там рэйс спазніўся, ці што. Я, вядома ж, звярнуўся да персаналу. І, зразумела (не ў мары жывём), па-расійску. І вось той чалавек, да якога я звярнуўся, вельмі ветліва, падкрэслю – без усялякай позы, проста ветліва, пацікавіўся ў мяне, ці я гавару па-беларуску. Я здзівіўся, але адказаў, што, маўляў, так, ёсць такі грэх. Тады на найчысцейшай літаратурнай беларускай мове ён адказаў на ўсе мае пытанні і пажадаў мне прыемнага падарожжа.

Што б яшчэ дадаць? А, ну так – выглядаў ён менавіта як службовец аэрапорту, «Жыве Беларусь!» не крычаў, па-змоўніцку мне не падміргваў і ўвогуле паводзіў сябе спакойна і абсалютна звычайна. Ні кроплі канцэптуальнасці заўважыць у ім было немагчыма. Тады я падумаў, што ці не ўпершыню бачу не прафесійнага беларуса, а проста беларуса.

На жаль, больш я яго ў тым аэрапорце не бачыў.

Стакгольм, 6 лістапада 2005

  драматург, паэт, мастак і журналіст. Да выезду зь Беларусі працаваў у галерэі «VITA NOVA», у газэце «Имя». Прадусэр беларускай службы «Радыё Швэцыя». Ягоная п’еса «Барух-Эмануэль» ідзе на Малой сцэне Купалаўскага тэатру. Нядаўна ягоныя вершы былі апублікаваныя ў зборніку «Знаки препинания», які выйшаў у сэрыі «Минская школа» выдавецтва «Новые мехи».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/18