A R C H E | П а ч а т а к | № 1,2 (41,42) - 2006 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
СЯРГЕЙ ПРОЗАРАЎ | ||||
Расійскі кансерватызм за Пуціным: пашырэнне гегеманісцкага дыскурсу*
Мішэль Фуко
У гэтым артыкуле мы паспрабуем вызначыць месца новапаўсталага дыскурсіў- нага поля «кансерватызму» ў кантэксце перафармавання палітычнай прасторы за прэзідэнтам Пуціным. Паколькі цяпер прэзідэнт засяродзіў у сваіх руках вярхоўную палітычную ўладу, на парадак дня выйшла пытанне вызначэння ў расійскай палітыцы вядучай ідэалогіі. Падчас першай кадэнцыі Пуціна яна паступова артыкулявалася вакол стрыжнявога панятку «кансерватызм». Як спосаб палітычнага самавызначэння кансерватызм мае на мэце зняць бінарныя апазіцыі, характэрныя для расійскай палітыкі ў канцы 1980-х – 1990-х гг.: «дэмакраты» – «камуністы», «лібералы» – «патрыёты». Такім чынам, ідэалагічны гегеманізм шчыльна злучаны са скасаваннем палітычнай палярызацыі, якая пазначала ранні этап посткамунізму ў Расіі. Ён атаясамлівае сябе са стабілізацыяй і кансалідацыяй – паводле пашыранага меркавання, галоўнымі рысамі прэзідэнцтва Пуціна. Але разам з тым, кансерватыўны дыскурс нясе ў сабе і выклік прэзідэнцкай уладзе, бо схіляе яе да яснага палітычнага самавызначэння – а не абранага Пуціным тэхнакратычнага, дэпалітызаванага дыскурсу. Выбары 2003–2004 гг. прыцягнулі ўвагу да праблематыкі кансерватызму, бо абодва пераможцы парламенцкіх выбараў: прапрэзідэнцкая партыя «Единая Россия» і новы рух «Родина» – падкрэслівалі, што пераадолелі супрацьстаянне «левыя» – «правыя», і называлі сябе «кансерватарамі». У паразе традыцыйных «левых» і «правых» палітычных сілаў (КПРФ, СПС, партыі «Яблоко») аналітыкі з радасцю заўважылі расчышчэнне прасторы для новага дыскурсу ў расійскай палітыцы. Такім чынам, «кансерватызм» стаў вызначальнай рысай паноўнага дыскурсу, адзнакай паўсталай за Пуціным ідэалагічнай гегемоніі. Пры гэтым дыскурсіўная прастора кансерватызму ёсць «прасторай пашырэння» – у поўнай адпаведнасці з азначэньнем дыскурсу, прапанаваным Мішэлем Фуко. Наш дослед дыскурсу расійскага кансерватызму засведчыць, што гэтая прастора падзяляецца на дзве антаганістычныя часткі: ліберальны і левы кансерватызм, як вызначаюць іх самі носьбіты. Больш за тое, гэтая лінія падзелу фактычна раскрывае асноватворную апазіцыю ў сучаснай расійскай палітычнай прасторы. Таму, калі разумець дыскурс як шэраг паслядоўных, узаемазвязаных пастулатаў, ідэалагічную або нарматыўную сістэму, немажліва гаварыць пра адзіны «кансерватыўны дыскурс» у Расіі. Насамрэч у гэтай дыскурсіўнай прасторы найбольш звяртае на сябе ўвагу выразная несупастаўнасць паміж рознымі складнікамі, аб’яднанымі пад рубрыкай «кансерватызм». Аднак лініі падзелу ўнутры гэтай прасторы пашырэння неад’емна ўласцівыя расійскаму кансерватызму: яны паўсталі ў рамках самога дыскурсу, і таму ў іх выяўляецца неадрыўная рыса новай гегемоніі, а не сведчанне яго супярэчлівасці, непаслядоўнасці або нясталасці. Адрозна ад іншых нешматлікіх даследаванняў кансерватызму ў Расіі, у гэтым артыкуле не робіцца спробы супаставіць расійскі дыскурс з нейкім гатовым вызначэннем кансерватызму, каб выявіць, чаго бракуе кансерватызму расійскаму. Мы разгледзім «расійскі кансерватызм» як спосаб дыскурсіўнага самавызначэння яго носьбітаў. Такім чынам, нас цікавіць не тое, наколькі адпавядае расійскі кансерватыўны дыскурс нейкаму ўсталяванаму панятку, а тое, як пераствараецца сам панятак у кантэксце расійскага посткамунізму. Гэта азначае, што кансерватызм будзе разглядацца як панятак, што акрэслівае шэраг адлеглых дыскурсіўных практык, носьбіты якіх, аднак, называюць сябе кансерватарамі з розных, часам абсалютна несумяшчальных прычын. Зыходзячы з гэтай метадалагічнай перадумовы, мы зусім не ставім сабе спрошчанай задачы вымераць сучасны расійскі кансерватызм паводле нейкай меркі, вызначанай заходняй або расійскай інтэлектуальнай традыцыяй. Мы паспрабуем аддаць належнае паўсталаму кансерватыўнаму дыскурсу, падкрэсліваючы шмат якія ягоныя новыя праявы. Вядома, выступаючы супраць наперад вызначаных катэгорый, мы адстойваем пазіцыю, супрацьлеглую самазадаволенаму традыцыяналізму, які знаходзіць суцяшэнне ў зацяганым радку Фёдара Цютчава: «Умом Россию не понять». «На жаль, шмат хто ў тлумачэннях спасылаецца на выключнасць Расіі, яе асаблівыя традыцыі, культуру, рэлігію і г. д. Такім чынам, развагі пра «выключнасць Расіі» застаюцца абстрактнымі, тэарэтычнымі і ў канчатковым выніку аўтарытарнымі»1.
|
палітоляг, супрацоўнік катэдры міжнародных дачыненьняў Петразаводзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аляксандра Неўскага. Ступень доктара сацыяльных навук атрымаў ува унівэрсытэце фінскага гораду Тампэрэ. * Друкуецца ў скароце. |
Гэты артыкул зыходзіць якраз з імкнення «умом Россию понимать». Мы лічым, што падобную задачу лепш за ўсё вырашыць, разглядаючы новаўзніклыя практыкі ў іхнай адметнасці. Неабходна акрэсліць іх неад’емную (і таму своеасаблівую) рацыянальнасць, не зводзячы яе да аднамернага квазіуніверсалісцкага разумення даследчыка: «Калі спрабуеш нешта рацыянальна абгрунтаваць, галоўная праблема не ў тым, каб высветліць, ці стасуецца гэта з прынцыпамі рацыянальнага, а ў тым, каб высветліць, якая канкрэтна рацыянальная логіка тут задзейнічаная»2. Замест таго, каб прыпісваць расійскай палітыцы хімерную «культурную выключнасць», мы сцвярджаем выключнасць посткамунізму як падзеі. Каб яе зразумець, трэба развітацца з гатовым паняткавым апаратам і пераасэнсаваць тыя падставовыя працэсы, што дзеяліся ў «новапаўсталай» расійскай палітыцы ў 1990-х гг. Да гэтых працэсаў спрабуюць прыстасавацца ўсе складнікі кансерватыўнага дыскурсу, пра якія пойдзе гаворка. Таму апірышчам у нашым аналізе сучаснага дыскурсу расійскага кансерватызму служыць не трывалы мысліцельны канструкт «расійскай традыцыі» (імперскай ці савецкай), а наадварот, глыбокі разрыў з гістарычнай традыцыяй, з якога і паўстала посткамуністычная Расія.
|
1 Магун, Артемий. Опыт и понятие революции // Новое литературное обозрение. № 64, 2003. Курсіў наш. |
«ПРАВЫ ПАВАРОТ» І ПУЦІНСКІ ПРАЕКТ Папулярнасць кансерватызму як спосабу палітычнага самавызначэння значна вырасла падчас прэзідэнцтва Пуціна. Аднак сам панятак фігураваў у расійскім палітычным дыскурсе з 1991 г. Праўда, тады кансерватызм хутчэй мроіўся, як здань: існавала вялікая неадпаведнасць паміж няўлоўным ідэалам кансерватызму і яго эмпірычным увасабленнем, якое заўсёды несла расчараванне. Гэтую ідэю выкарыстоўвалі ў сваіх афіцыйных назвах некаторыя палітычныя партыі-прывіды рознай арыентацыі: Кансерватыўная партыя Лява Убожкі, Кансерватыўны рух «Новая сіла» Сяргея Кірыенкі і іншыя. Называлі сябе «кансерватарамі» і вядомыя палітычныя аглядальнікі (напрыклад, Андранік Мігранян, Віталь Найшул), каб адрознівацца і ад пераважлівай «ліберальна-дэмакратычнай» палітычнай плыні, і ад апазіцыйных рухаў, якія згуртаваліся ў 1990-я гг. вакол «левапатрыятычнай» платформы КПРФ. Упершыню кансерватыўны дыскурс набыў выразныя абрысы падчас выбараў 1999–2000 гг. Часткова на фоне аслаблення палярызаваных «левых» і «правых» сілаў ён быў пазначаны з’яўленнем фігуры Пуціна, які супрацьстаяў і нацыянал-патрыётам «злева», і заходнікам «справа». Папулярнасць прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна хутка расла, і таму паўставала пытанне наконт яго палітычнай платформы. Многія лічылі яе неадназначнай, г. зн. яна не ўкладалася ў дамінантную бінарную схему. Найбольш яскрава гэтая няпэўнасць выявілася ў крылатай фразе «Хто такі містэр Пуцін?». Сур’ёзную спробу адказаць на пытанне зрабіў Леанід Палякоў у артыкуле «Ліберальны кансерватар». На думку Палякова, пуцінская праграма сацыяльна-эканамічных рэформаў па сутнасці ліберальная, і таму працягвае асноўны курс прэзідэнцтва Ельцына. Аднак сітуацыйна і стылёва яна кансерватыўная, таму і ствараецца ўражанне адрознасці паміж Пуціным і Ельцыным. У такім разуменні, якое нагадвае развагі Самуэля Гантынгтана, кансерватызм як «ідэалагічная» арыентацыя не мае ўласнага сутнаснага ядра (адрозна ад, напрыклад, лібералізму ці сацыялізму). Ён складаецца з шэрагу стылёвых рысаў, супрацьпастаўленых гэткім жа сітуацыйным арыентацыям, як, напрыклад, «рэвалюцыйнасць». Больш за тое, як давёў Гантынгтан, гэтыя стылёвыя рысы могуць выступаць на абарону любога ідэалагічнага зместу або інстытуцыйнага парадку, калі той ужо не бароняць ягоныя ўласныя сродкі. У кантэксце пуцінскага праекту гэтыя стылёвыя рысы ўключаюць у сябе рыторыку кансалідацыі і нармалізацыі жыцця пасля ўсіх закалотаў і супрацьстаяння ў 1990-х гг.; адмову ад вернасці палітычнаму дактрынёрству на карысць «прагматызму»; спыненне суцэльнага ганьбавання савецкай гісторыі; вяртанне да незалежнай міжнароднай палітыкі і г. д. Палітычны маніфест Пуціна 1999 г. «Расія на мяжы тысячагоддзяў» адкрыта прапануе «прыстасаваць» асноўныя прынцыпы ліберальнай ідэалогіі да расійскай глебы, каб дасягнуць «арганічнага сінтэзу» (тыповая рыса кансерватызму): «Мы можам разлічваць на годную будучыню, адно калі здолеем універсальныя прынцыпы рынкавай эканомікі і дэмакратыі арганічна спалучыць з рэальнасцямі Расіі»3. Больш канкрэтна гэтыя ідэі ўвасобіліся ў пуцінскім праекце «пераўладкавання» вертыкалі і гарызанталі дзяржаўнай улады. Ён меў на мэце вызваліць дзяржаву як суверэнны суб’ект улады ад уплыву, адпаведна, рэгіянальных і бізнесовых эліт, якія на працягу 1990-х гг. вялі рэй у прасторы дзяржаўнасці, ставячы пад пытанне саму суб’ектнасць дзяржавы. Уведзены Паляковым панятак «сітуацыйны кансерватызм» дазваляе танчэй зразумець «пуцінізм», чым гэта звычайна робяць тыя, хто бачыць у ім толькі «адкат назад» або «рэакцыю» ў параўнанні з ліберальна-дэмакратычным кірункам Ельцына. За Ельцыным антыкамуністычная рэвалюцыя падштурхнула да разлому. Далей былі спробы ўвесці элементы ліберальнага ладу пры ўсячасным палітычным супрацьстаянні ды рэзкім аслабленні дзяржаўнасці. За Пуціным відавочна адбываецца спроба звузіць і прыстасаваць да расійскай глебы нічым не абмежаванае палітычнае поле праз увядзенне інфраструктуры ліберальнага ладу і яго стабілізацыю – у адпаведнасці з «логікай нармальнага жыцця», як сказаў прэзідэнт.
|
2 Foucault, Michel. Politics and Reason // Kritzman, Lawrence D., Ed. Michel Foucault: Politics, Philosophy, Culture. Interviews and Other Writings 1977–1984. London: Routledge, 1988. P. 59. Курсіў наш.
|
На думку Ягора Гайдара, прэзідэнцтва Пуціна адкрывае магчымасць для эвалюцыйнай хады ліберальных рэформаў, якія будуць набіраць сілу ў агульнай сацыяльна-палітычнай стабілізацыі і кансалідацыі.
Дрэйф ліберальнага дыскурсу ў бок кансерватызму падрабязна абгрунтаваны ў праграмным артыкуле аднаго з лідэраў СПС Аляксея Улюкаева «Правы паварот». Заклікаючы да «правага павароту», аўтар зыходзіў з неабходнасці скасаваць тыя бінарныя апазіцыі ў расійскім палітычным дыскурсе, якія прывялі да заняпаду і дыскрэдытацыі ліберальных сілаў на працягу 1990-х гг.: «рэформы» – «стабільнасць», «лібералізм» – «этатызм», «заходніцтва» – «патрыятызм». Улюкаеў мяркуе, што «правыя сілы» (альтэрнатыўная назва замест дыскрэдытаваных «лібералы» і «дэмакраты») здольныя прапанаваць стратэгію, якая ўключала б дадатныя вартасці абодвух лагераў, спалучала б рэформы і сацыяльную стабільнасць, моцную дзяржаву і свабодную эканоміку, сусветную інтэграцыю і патрыятычныя каштоўнасці. Стратэгія Улюкаева палягала ў спалучэнні тыпова неаліберальнай універсалізацыі эканамічнай рацыянальнасці з адкрытым услаўленнем моцнай дзяржаўнасці. Дзяржава, на ягоную думку, і не «начны ахоўнік», і не Левіяфан, які мяшаецца ва ўсе справы, а «служба ратавання». Для Улюкаева расійская вайсковая аперацыя ў Чачэнскай рэспубліцы была ключавым звяном ліберальнага кансерватызму, бо яна сцвярджала найвышэйшую ўладу расійскай дзяржавы насуперак неканстытуцыйнаму сепаратысцкаму рэжыму, нутраная палітыка якога выразна супярэчыла якой бы там ні было версіі лібералізму.
Калі ў 2002–2003 гг. СПС пасунуўся «ўлева», кансерватыўны дыскурс страціў сваё інстытуцыйнае апірышча і расцярушыўся паміж рознымі платформамі. З гэтых дыскурсіўных групаў найбольш ідэалагічна цэльным выглядае «Серафімаўскі клуб», заснаваны ў студзені 2003 г. трыма тэлевядучымі публіцыстычнай праграмы «Однако» на расійскім Першым канале: Міхаілам Лявонцьевым, Максімам Сакаловым і Аляксандрам Прывалавым. Да іх далучыўся галоўны рэдактар часопіса для бізнесоўцаў «Эксперт» Валеры Фадзееў. Мемарандум «Серафімаўскага клуба» (2003 г.) зыходзіў з таго, што немагчыма дасягнуць трывалага эканамічнага росту без адпаведнага «скачка» ў «ідэйным плане». «Ідэйны скачок» мусіць скасаваць бясплённыя палітычныя апазіцыі і запачаткаваць новы ідэалагічны дыскурс. Аўтары мемарандума лічаць асноўнай перашкодай для такога «скачка» псіхалагічную адчужанасць посткамуністычнай эліты ад новага сацыяльна-палітычнага ладу: «Спароджаная катастрофай эліта здольная адно адтвараць сітуацыю катастрофы. Галоўная бяда расійскай эліты – упэўненасць у тым, што карабель тоне. Наша млявая эліта скінула краіну з рахункаў». Гэты паразніцкі настрой эліты, на думку аўтараў, не дае заўважыць ужо дасягнутых поспехаў ліберальна-дэмакратычных рэфармаў. Сапраўды, «Серафімаўскі клуб» бачыць асноўную рысу ліберальнага кансерватызму ў тым, што ён разглядае 1990-я гг. як перыяд важных дасягненняў у палітычнай і эканамічнай трансфармацыі грамадства – цяпер іх трэба ўпарадкаваць, замацаваць і захаваць як падмурак новага ладу. Дыскурс «Серафімаўскага клуба» ўважае ўмовай стабілізацыі і замацавання рэформаў развіццё «новага патрыятызму» як «арганічны сінтэз Расіі і Свабоды». Ён набывае канкрэтныя абрысы ў сцвярджэнні ліберальнымі кансерватарамі прынцыпу вяршэнства дзяржаўнай улады як умовы палітычнай суб’ектнасці Расіі. Абарона дзяржавы як палітычнага суб’екта перад наступам глабалізацыі, бадай, цэнтральнае звяно ў (сама)вызначэнні ліберальных кансерватараў. Барыс Мяжуеў зазначыў, што кансерватар не столькі ўсхваляе мінуўшчыну, колькі супрацьстаіць дамінантнаму вобразу будучыні, які ў цяперашнім кантэксце сімвалізуецца паняткам «глабалізацыя»:
Сучасны кансерватызм можа быць толькі «антыглабалісцкім». Нацыянальны суверэнітэт – гэта свабода нацыі быць сабой. Што такое «быць сабой», вырашаецца ў залежнасці ад сітуацыі: гэтае бытаванне дапускае выбар манархічнай формы праўлення, практыку смяротнай кары і г. д. Я супраць таго, каб звязваць нацыянальную ідэнтычнасць з нейкім канкрэтным грамадскім інстытутам. Яна папросту складаецца са свабоды. А гэтая свабода ў наш час знікае.
Такім чынам, свабода разумеецца не столькі як уласцівасць асобы, колькі як характарыстыка палітычнай супольнасці, увасобленай у нацыянальнай дзяржаве. Падобна, што ліберальны кансерватызм, выкладзены ў праекце Пуціна, праграмах лібералаў «правага крыла» і тэкстах «Серафімаўскага клуба», пачынае прэтэндаваць на статус гегеманісцкага дыскурсу. Як сказаў палітычны дарадца Пуціна Глеб Паўлоўскі, у абсягу ліберальнага кансерватызму Пуціну «папросту няма роўных». Вынікам такога гегеманісцкага насаджэння новага ладу стаў глыбокі разрыў з савецкім мінулым. На думку Глеба Паўлоўскага, «для Расіі СССР больш не з’яўляецца важным аб’ектам суаднясення. Расія адмаўляецца быць постсавецкай (або антысавецкай) дзяржавай. Расія – проста Расія, дзяржава, з якой трэба лічыцца». «Дэпраблематызацыя» савецкага камуністычнага мінулага яскрава выяўляецца ў прынятым у 2000 г. Законе аб дзяржаўнай сімволіцы, які зацвердзіў адначасова імперскі герб, рэспубліканскі трыкалор і савецкі гімн з новымі, знарочыста нейтральнымі словамі. Такім чынам, можна разглядаць пуцінскі гегеманічны праект як постпосткамуністычны, бо ён самаакрэсліваецца ў параўнанні не з савецкай гісторыяй, а з рэвалюцыйнай калатнечай 1990-х гг.
НОВЫ КАНСЕРВАТЫЗМ: ПЕРААСЭНСАВАННЕ ПАНЯТКУ Ёсць пэўная іронія ў тым, што альтэрнатыўны кансерватыўны дыскурс пачаў з праблематызацыі акурат тых праяў, якія ліберальныя кансерватары лічаць найбольшым дасягненнем Пуціна: кансалідацыі, упарадкавання і дэпалітызацыі грамадскага жыцця. На працягу 2003 г. гэты дыскурс набыў палітычную вагу і ўвасобіўся ў палітычным руху «Родина», заснаваным Сяргеем Глазьевым і Дзмітрыем Рагозіным. У выпадку з ліберальным кансерватызмам адносна лёгка вызначыць аб’ект «кансервавання» – дасягненні рэформаў 1990-х гг. На першы погляд, цяжка зразумець поўнае іх непрыманне, напрыклад, рухам «Родина», які ўважае сябе кансерватыўным. Таму першаснай задачай «новага кансерватыўнага» дыскурсу стала самавызначэнне і самалегітымацыя як кансерватараў. У выніку адбылося інтэлектуальна выбітнае пераасэнсаванне самога панятку «кансерватызм», стрыжнем якога сталі перадусім працы палітычнага філосафа Міхаіла Рэмізава. Рэмізаў пачынае з эпістэмалагічнай рэканструкцыі панятку «кансерватызм» як «падкрэсленага партыкулярызму». Згадваючы класічнае вызначэнне кансерватызму, дадзенае Эдмундам Бэркам, – перавага прыватнага над усеагульным і звычаяў ды традыцый над рацыянальнымі схемамі, – Рэмізаў супастаўляе яго з іншым падыходам, які адстойвае вяршэнства прыватнага і кантэкстуальнага, – з прапанаванай левымі «крытыкай ідэалогіі». Яна выкрывае фактычную абумоўленасць канкрэтнымі прыватнымі інтарэсамі, што стаіць за прэтэнзіямі ідэалогіі на універсальнасць. Між тым кансерватызм эстэтызуе прыватнасці, выяўляе і цэніць іх як такія, у іхных уласных праявах. Такім чынам, кансерватызм эпістэмалагічна вызначаецца як апалогія традыцыі, што прымае неадменны плюралізм усіх культур і спосабаў мыслення, апроч тых, якія прэтэндуюць на універсальнасць, пазакантэкставасць і шматкультурнасць. Другая рыса кансерватызму – абавязкова супярэчлівы статус ягонага аб’екта. «Кансерватызм уяўляе сабой інтэлектуальную і эстэтычную рэканструкцыю страчанай суцэльнасці жыцця»4. Адрозна ад прапанаванага Паляковым сітуацыйнага разумення кансерватызму як замацавання status quo, Рэмізаў бачыць кансерватызм як экзістэнцыйна трагічнае ўсведамленне, што аб’екта кансервавання няма.
|
3 Путин Владимир. Россия на рубеже тысячелетий // Независимая газета. № 230. 1999.
|
Рэмізаў разрознівае чатыры «антрапалагічныя» тыпы кансерватызму, прычым два з іх разглядаюцца як нядзейсныя, апалітычныя «псеўдамарфозы». Першы, «рэалістычны», тып кансерватызму (не блытаць з традыцыяй палітычнага рэалізму) прымае прагрэсісцкую тэлеалогію і адводзіць сабе ролю статычнага элемента ў мадэрнісцкім руху да прагрэсу, гэткага «тормазу» ў тэлеалагічным прасоўванні наперад. На расійскім палітычным полі гэтую функцыю выконвала, напрыклад, у 1995–1999 гг. «цэнтрысцкая» партыя «Наш дом – Россия»: яна не супраціўлялася агульнай хадзе ліберальных рэформаў, але крытыкавала спосаб іх вядзення – «шокавую тэрапію» і выступала за больш «памяркоўную», «збалансаваную» і «прагматычную» стратэгію рэформаў.
Другі «антрапалагічны» тып кансерватара, паводле Рэмізава, – «рыцар немагчымага». Гэтая постаць адмаўляецца ад усялякага ўдзелу ў «эвалюцыйным» працэсе і задавальняецца выкрыццём грахоў свету з бяспечнай адлегласці. «Рыцар немагчымага» выступае ў ролі суддзі і ахвяры наяўнага ладу, але, вырваны з прасторы і часу ў сваім амаль камічным чаплянні за рэшткі мінуўшчыны, ён фактычна толькі спрыяе захаванню гэтага ладу. У сучасным кантэксце прыкладам такой пазіцыі могуць служыць артадаксальныя марксісты-ленінцы з «левага крыла» КПРФ. На думку Рэмізава, ці здолее кансерватызм набыць палітычную значнасць, залежыць ад таго, ці зможа ён прапанаваць кардынальнае эпістэмалагічнае пераасэнсаванне «мадэрнага» светапогляду. Выконваючы гэтую задачу, кансерватары не могуць не быць радыкаламі, бо радыкалізм акурат і ёсць уменнем паставіць пад сумнеў самавідавочнае, трансфармаваць базавыя коды рэчаіснасці. У выніку рэалісты зробяцца цынікамі, а «рыцары немагчымага» не прамінуць саслізнуць у экстрэмізм. Цынікі – гэта рэалісты, якія пазбавіліся ўсіх «ідэалаў» ды маральных нормаў і ставяць на першае месца грубую эмпірыку існавання ды выхваляюць найвышэйшую ўладу. Калі кансерватыўны рэалізм увасабляецца ў дэпалітызаванай постаці бюракрата, то цынізм – у фігуры «прыдворнага дарадцы», лаяльнага да любой наяўнай моцнай улады5.
|
4 Ремизов, Михаил. Опыты антропологии консерватизма. Опыт первый: псевдоморфозы // Русский журнал. 2000. (У арыгінале «Консерватизм обретает себя как интеллектуальная и эстетическая реконструкция утраченной «полноты жизни». – Рэд.) Гл. таксама: Ремизов, Михаил. Опыты антропологии консерватизма. Опыт второй: лица нон-грата // Русский журнал. 2000.
|
Адрозна ад цынізму, экстрэмізм застаецца пазіцыяй «вонкавага назіральніка», але ператварае ў палітычную сілу самую сваю «вонкавасць». Экстрэмісцкі кансерватызм адкрыта спрабуе праз акты палітычнай волі, што «зыходзіць зніадкуль», стварыць тое, што ўжо існуе. Такім чынам, новая аб’ектыўная дадзенасць ствараецца чыста суб’ектыўным актам, які ўсведамляе сябе як такі. «Гісторыя пойдзе туды, куды ёй загадаюць, і светы ствараюцца з нічога – ці ж не праўда, у гэтым апафеозе суб’екта кансерватызм становіцца ідэалогіяй свабоды ў глыбейшым і антыліберальным сэнсе?» – піша Рэмізаў.
Расійскі «новы кансерватызм», да якога належыць і Рэмізаў, вагаецца паміж цынічным і экстрэмісцкім полюсамі «радыкальнага кансерватызму». Аднак цынізм з ягоным «апафеозам палітыкі» ў расійскім кантэксце здаецца недзеяздольным, бо, па-першае, «новыя кансерватары» адчужаныя ад новай расійскай дзяржавы, і па-другое, Пуцін у часе свайго прэзідэнцтва імкнецца дэпалітызаваць грамадства.
Першая ключавая рыса «новага кансерватызму» – ягоная непрымірымая апазіцыя да палітычнага рэжыму, што склаўся ў выніку антыкамуністычнай рэвалюцыі ў жніўні 1991 г. «Новыя кансерватары» супраціўляюцца таксама паступовай легітымацыі «алігархічнага капіталізму» як «гістарычнага факта» і прызнанню пострэвалюцыйнага ладу як «новай аб’ектыўнай дадзенасці». На думку Рэмізава, лібералы, якія, на першы погляд, з трыумфам выйшлі з «грамадзянскай вайны» 1991–1993 гг., не здолелі стаць пераможцамі ў гэтай вайне якраз таму, што не ператварылі сваю перамогу ў гегеманісцкі праект, не дэпалітызавалі момант заснавання як падмурак новага ладу і ў выніку не універсалізавалі сваю выразна партыкулярысцкую, нават сектанцкую пазіцыю6. Рэмізаў бачыць у гэтым неадпаведнасць самога панятку «рэвалюцыя» датычна падзей пачатку 1990-х гг. Ён мяркуе, што гэты час трэба называць «калатнечай» («смутой»): «Рэвалюцыя пачынаецца ў той момант, калі прэтэндуючы на панаванне новамабілізаваны (новомобилизованный) суб’ект выходзіць на сцэну. Калатнеча ў гэты самы момант завяршаецца».
|
5 Гл.: Schmitt, Carl. Political Theology: Four Chapters on the Concept of Sovereignty. Cambridge: The MIT Press, 1985. P. 15–16.
|
Калі ўспрымаць падзеі 1991 г. як рэвалюцыю, тады магчыма ўспрымаць сучаснасць у ліберальна-кансерватыўным рэчышчы стабілізацыі і нармалізацыі, крышталізацыі «грамадскай энергіі», вызваленай у рэвалюцыйны перыяд. І наадварот, калі ўяўляць 1990-я гг. як «час калатнечы», то цяпер трэба думаць не пра стабілізацыю, а пра запачаткаванне новай рэвалюцыйнай суб’ектнасці – аднак пуцінскі «прагматызм» зусім не адпавядае гэтай задачы. Гэтак выяўляецца асноўнае разыходжанне паміж ліберальным і новым кансерватызмам: апошні адмаўляе саму легітымнасць новай Расіі – а першы імкнецца замацаваць яе ў якасці суверэннага палітычнага суб’екта. «Новыя кансерватары» бачаць у «жнівеньскай рэвалюцыі» не момант заснавання новай расійскай гісторыі, а яе «чорную дзірку». Падзенне савецкага ладу ўспрымаецца ў чыста негатыўных танах – як катастрофа, з якой распачалася эпоха нігілізму і разбурэння. Таму тэксты прыхільнікаў «новага кансерватызму» ў 2003–2004 гг. адзначаныя горкай трывогай адносна «немагчымай» ліберальна-кансерватыўнай гегемоніі: «Дзесяцігоддзя рэформ хапіла, каб зжыцца з «закінутасцю-ў-рынку» як з чымсьці непазбежным; двух гадоў пуцінскага «кіравання» хапіла, каб спантанна... легітымаваць постсавецкую структурную дэградацыю соцыуму... як адбытую (состоявшуюся) і паўнавартую рэчаіснасць»7.
|
6 Ремизов, Михаил. Предчувствие суверена // Русский журнал. 2003.
|
У 2003 г. «новая кансерватыўная» плынь дыскурсу вызначыла сябе як «левакансерватыўную апазіцыю» ўладзе Пуціна. «Левізна» новага кансерватызму канкрэтна ўвасабляецца ў патрабаванні карэнным чынам перагледзець вынікі прыватызацыі і ў непрыманні алігархічнага рэжыму, які паўстаў у 1990-я гг. Левыя кансерватары нічога не маюць супраць рынкавай эканомікі ў прынцыпе, але падкрэсліваюць неправамоцнасць расійскай прыватызацыі, асабліва ў галіне прыродных рэсурсаў.
Левакансерватыўную апазіцыю найперш адрознівае крытычнае стаўленне да універсалізацыі эканамічнай рацыянальнасці – а ёю наскрозь працяты ўвесь дыскурс прэзідэнцтва Пуціна. Нават уладныя механізмы і захады дзяржавы падпарадкоўваюцца логіцы эканамічнай эфектыўнасці, а доўгачаканая «расійская нацыянальная ідэя» падносіцца ў форме «эфектыўнай дзяржаўнасці». Рэмізаў жа выкрывае эканомікацэнтрычны прагматызм як сродак татальнай дэпалітызацыі:
Рэч не ў тым, зразумела, наколькі згубная эканамічная рацыянальнасць, а ў тым, што згубныя спробы ператварыць яе ва універсальную мадэль грамадскіх адносін і разглядаць рынак як матрыцу самога грамадства. Але акурат гэта, здаецца, і адбываецца, калі прэзідэнт прапануе бачыць у эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці вычарпальнае выражэнне «нашай нацыянальнай ідэі». Прэтэндуючы на заступленне Цэлага, усякая рацыянальнасць выраджаецца ў рацыяналізм.
Крытыка «прагматызму» закранае і шырэйшыя аспекты пуцінскага праекту, асабліва ўключаную ў яго атмасферу нармалізацыі, кансалідацыі і згоды. Рэмізаў бачыць у гэтай «нармалізацыі» ўкараненне скрайняй абыякавасці да палітыкі, калі ў неструктураванай і аморфнай прасторы «пазітыўнай індыферэнтнасці» да прэзідэнта знікае сам змест палітыкі. Як паказваюць апытанні, т. зв. «пуцінскую большасць», або 70 % электарату, аб’ядноўваюць асцярожныя сімпатыі да прэзідэнта: яму давяраюць значна менш, чым сямейнікам, і трохі больш, чым калегам па працы. Апроч таго, левы кансерватызм істотна розніцца ад дактрынёрскай ідэалогіі савецкага камунізму прыманнем і актыўным прасоўваннем палітычнага плюралізму, нават у яго найбольш антаганістычных формах. Плюралізм бачыцца неабходнай умовай, каб разарваць дэпалітызаваны «апатычны кансенсус» у расійскім грамадстве. Акурат таму, што левыя кансерватары не могуць у гэтым пункце заняць дыскурсіўную пазіцыю, блізкую да носьбіта ўлады (і стаць «цынікамі»), яны схіляюцца да экстрэмізму, калі канфлікт вітаецца як «момант Рэальнага» ў падманнай цішы дэпалітызацыі. Для ліберальных кансерватараў пуцінізм – проста лагічнае завяршэнне нігілізму 1990-х гг.: калі Пуцін – патрыёт айчыны, ягоная «айчына» – «новая Расія» дэкадэнцкага геданізму. Левыя ж кансерватары бачаць у ёй жахлівую гістарычную выпадковасць. «Дыягназ» левых кансерватараў пацвердзіла пасланне Пуціна 2004 г. да Федэральнага сходу: у ім расійская нацыянальная ідэя фармулявалася ў выглядзе трыяды «бяспека, свабода і камфорт». Як адзначыў Станіслаў Бялкоўскі, «прамова засведчыла, што Пуцін – апантаны антыкансерватар, г. зн. радыкальны ліберал з галавы да ног», што дало аўтару падставу назваць свой артыкул «Пуцін ператвараецца ў Чубайса»8.
|
7 Ремизов, Михаил. Русские вне себя, или консерватизм против консерватизма. Заметки по следам. |
Такім чынам, левыя кансерватары або застануцца вернымі створанай імі самімі хімеры, або разарвуць наяўны палітычны кансенсус і адмовяцца выказваць пашану да носьбіта ўлады.
Пасля выбараў 2003 гг. часта прапаноўваецца такое бачанне палітычнага спектру, дзе супрацьлеглыя скрайнія пазіцыі акрэсліваюць Дзмітры Рагозін («Родина») і Анатоль Чубайс (СПС), а прэзідэнт Пуцін аднаасобна займае гегеманісцкае цэнтральнае становішча. Відавочна, гэта досыць спрошчаны падыход – палітычны спектр Расіі застаецца моцна фрагментаваны. Але для нас істотна, што ў такім выпадку насоўваецца зусім нечаканая выснова: кансерватыўны дыскурс, пашыраны на «левых» і «правых», цяпер вызначае ўсю палітычную прастору Расіі. Аднак дзве дыскурсіўныя плыні скіраваныя на абсалютна розныя «аб’екты кансервацыі»: для ліберальных кансерватараў гэта паўсталая пасля 1991 г. «новая Расія», а для левакансерватыўнага крыла – футурыстычная «суверэнная Расія», шлях да якой палягае праз «рэстаўрацыю будучыні». Яднае гэтыя адрозныя плыні ў гегеманічны сплаў тое, што абедзве на першае месца ставяць прынцып суверэннай улады, бачаць Расію як незалежны палітычны суб’ект, «саматоеснасць» якога не залежыць ад прызнання звонку. Апроч таго, кансерватары ўсіх кірункаў імкнуцца пераадолець хісткасць і нестабільнасць, уласцівыя расійскай палітыцы ў 1990-я гг. Разам з тым, падыход Фуко да дыскурсу як да сістэмы пашырэння вымагае чуйнасці да тактычнага шматгалосся дыскурсіўных практык, бо яны могуць дзейнічаць у рэжыме як падтрымкі гегеманічнага поля, гэтак і супраціву. Пры цяперашнім раскладзе акурат «экстрэмісцкі» левы кансерватызм спрыяе плюралізацыі палітычнай прасторы і ўвасабляе супраціў пуцінскай гегемоніі. «Рэпалітызацыю» дыскурсу нельга прыраўняць да настальгіі па савецкім часе: у левых кансерватараў з ідэалогіяй савецкага камунізму ёсць толькі адная супольная рыса – стаўленне да развалу СССР як да гістарычнай катастрофы. З пункту гледжання палітолага, адна з найцікавейшых рыс левага кансерватызму – ягоная інтэлектуальная навізна, асабліва выкарыстанне здабыткаў сучаснай заходняй філасофіі постструктуралізму, або «постмадэрнізму», і засваенне філасофскай спадчыны Ніцшэ і Хайдэгера. Дзіўна, але вызначэнне «маладыя кансерватары», як назваў французскіх постструктуралістаў Габермас, абсалютна пасуе да расійскага кантэксту: найбольш плённа ў рэчышчы постструктуралісцкай крытыкі працуюць у «кансерватыўным» палітычным лагеры, і найчасцей маладыя даследчыкі. Мабыць, у некаторай ступені гэта і заканамерна, калі бачыць у постструктуралізме немарксісцкую крытыку лібералізму. Да таго ж у кантэксце пастаянных высілкаў Расіі «дагнаць» Захад або «інтэгравацца» ў яго моцная крытыка Захаду ў заходняй постструктуралісцкай філасофіі сапраўды можа прымусіць задумацца, а ці варта пераймаць заходнія ўзоры. Да гэтай праблемы ўвесь час звяртаюцца левакансерватыўныя крытыкі. Апроч таго, шмат у якіх аспектах левы кансерватызм сам выступае магутнай спробай дэканструкцыі «пуцінізму». Гэтая крытычная пазіцыя левага кансерватызму таксама сведчыць, што адзінай сапраўды апазіцыйнай сілай у сучаснай Расіі застаецца апазіцыя да пуцінскага лібералізму, якая спрыяе пашырэнню плюралізму ў расійскай палітыцы. Прыйсці да ўлады ёй замінае гегеманізм пуцінскай «кіраванай дэмакратыі». На ўзроўні палітычнай анталогіі левы кансерватызм, адрозна ад ліберальных кансерватараў з іх схільнасцю да дэпалітызацыі, вяртае да жыцця прывід палітыкі, выяўляе язвы новага парадку і спрабуе надаць ім палітычнае гучанне. У той жа час, на ўзроўні канкрэтнай праграмы перагляду вынікаў посткамуністычных сацыяльна-эканамічных рэформаў левыя кансерватары раскрываюць уяўнасць рэвалюцыйнай сітуацыі 1990-х гг., адпрэчваюць гэты перыяд як нешта «несапраўднае», «час калатнечы», не варты імя Рэвалюцыі. Наважымся сцвердзіць, што, нягледзячы на іхныя адрозненні, абедзве плыні кансерватыўнага дыскурсу спрабуюць сцерці з памяці перыяд посткамунізму: адна – праз яго дэпалітызацыю, другая – праз дэманізацыю. Гэтая «нявернасць» рэвалюцыі сведчыць пра «траўму» ад сутыкнення з «Рэальным» – у прапанаваным Жыжакам сэнсе. «Рэальным» жа выступае досвед 1990-х гг. як сапраўды рэвалюцыйная Падзея. У эпіграфе мы прывялі выказванне Фуко, з якога вынікае, што рэвалюцыя – гэта хутчэй экзістэнцыйны стан, чым канкрэтныя перамены. Прапанаваны Жыжакам канцэпт рэвалюцыйнай траўмы таксама падкрэслівае: сутнасць рэвалюцыі – не ў яе дадатных набытках, а ў негатыўнасці, якую яна выяўляе ў самай глыбіні грамадскага ладу. Як сцвярджаюць і Шміт, і постструктуралісты, «грамадства» (ці любая іншая форма чалавечай арганізацыі) не можа існаваць, калі пастаянна патанае ў язвах. У расійскім кантэксце «1990-я гады» сталі акурат сімвалам гэтых балячак. Тым не менш, было б залішне лёгка (і банальна як з філасофскага, гэтак і з палітычнага гледзішча) зрабіць адсюль выснову пра няіснасць падзеі заснавання. Замест гэтага мы ўслед за Жыжакам паўторым, што «Рэальнае здараецца», рэвалюцыйная падзея адбываецца, невырашальнае вырашаецца – акурат гэта і немагчыма прыняць. Такім чынам, расійскі кансерватыўны дыскурс у абодвух сваіх варыянтах адзначаны траўмай – усведамленнем немагчымасці таго, што насамрэч адбылося. Як пісаў Арцемі Магун пра адначасовую абмежаванасць і ўсёахопнасць расійскай рэвалюцыі 1991 г., «рэвалюцыйнае адмаўленне не мае ніякага зместу, яно ніяк не вызначана... Рэвалюцыя проста заключаецца ў тым, што нешта зрушылася з мёртвай кропкі, нешта здзеялася». У перыядзе палітызацыі 1990-х гг. можна ўгледзець Падзею, што не зводзіцца да звыклага ладу быцця, радыкальны акт свабоды, які выяўляецца ў адвольным заснаванні «зніадкуль». Таму ён нязручны і для ліберальных, і для левых кансерватараў. Для першых – бо даказвае абсалютна некансерватыўнае паходжанне аб’екта кансервавання. Для другіх – бо сведчыць пра поўную абыякавасць самога прынцыпу палітычнага да зместу канкрэтнага акта заснавання. І тым не менш, варта быць стрыманымі, асуджаючы расійскіх кансерватараў за непрыманне 1990-х гг., хоць бы таму, што сапраўды палітычная палітыка (г. зн. чуйная да «немагчымага», да апорый у сабе) яшчэ чакае свайго ўвасаблення.
З ангельскай мовы пераклаў Вольф Рубінчык паводле: Journal of Political Ideologies. 10 (2). June 2005. P. 121–143. |
8 Belkovsky, Stanislav. Paternalism Abandoned: Putin Becomes Chubais // Moscow Times. 2004. May 27. |
|