A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


гісторыя

   

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Беларусь перажывае бурнае нацыянальнае адраджэнне пад уплывам камуністаў
Акадэмічная канферэнцыя 1926 г. у галасах відавочцаў


Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу, якая была склікана Інстытутам Беларускай Культуры і праходзіла ў Менску 14–21 лістапада 1926 г., на думку яе ўдзельнікаў, «выйшла далёка за межы звычайнага тыпу беларускіх навуковых канферэнцый, набыўшы больш шырокі навуковы... агульна-славістычны характар»1. Гэта было першае беларусазнаўчае мерапрыемства міжнароднага маштабу.

Падзея мела і вялікае палітычна-прапагандысцкае значэнне для бальшавіцкага кіраўніцтва, якое хацела засведчыць поспехі савецкага рэжыму ў культурным будаўніціве ў Савецкай Беларусі: замежныя госці павінны былі пабачыць на ўласныя вочы і расказаць пасля ўсяму свету пра паслядоўную нацыянальна-культурную палітыку; а беларуская эміграцыя – зразумець, што менавіта бальшавіцкі Менск ёсць тым «Беларускім Домам», пра які яны ўвесь час летуцелі. Да таго ж менскі форум быў арганізаваны ў процівагу акцыі «недабітых» рэштак антысавецкай эміграцыі з Літвы, Чэхаславаччыны і Заходняй Беларусі. У. Ігнатоўскі засведчыў, што менская ініцыятыва «палітычна супрацьстаяла арганізоўваемай на Захадзе варожай нам канферэнцыі»2. Партыйнае кіраўніцтва Менска зрабіла ўсё, каб апярэдзіць беларускую эміграцыю ў правядзенні падобнага з’езду.

Увесь ход падрыхтоўкі і правядзення Акадэмічнай канферэнцыі знаходзіўся пад пільнай увагай ЦК ВКП(б). Так, напярэдадні яе беларускія камуністы паведамлялі ў Маскву:

ЦК КП(б)Б выдзеліў палітычную камісію па кіраўніцтве канферэнцыяй, парткіраўніцтва забяспечана. [...] Матэрыялы канферэнцыі набудуць сілу закона, зразумела, пасля абмеркавання пытання ў ЦК КП(б)Б. У сваім дакладзе ЦК КП(б)Б выкладзе асноўныя вывады і прапановы па рэформе правапісу і азбукі беларускай мовы. Мэтазгодна, каб яны былі абмеркаваны і пастаўлены на разрашэнне ў ЦК ВКП(б), паколькі могуць быць моманты, якія выходзяць за межы БССР3.

Спіс запрошаных удзельнікаў узгадняўся з органамі ГПУ4. 12 лістапада, напярэдадні адкрыцця канферэнцыі, пытанне аб яе правядзенні разглядалася на закрытым пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б. Была прынятая пастанова: «Працы канферэнцыі надаць строга акадэмічны характар. У друку (цэнтральным і мясцовым) асвятліць акадэмічную канферэнцыю як вялікага палітычнага значэння факт нацыянальнай палітыкі пралетарыяту, у словах партыйцаў адзначыць лінію партыі». Слова, паводле рашэння бюро, давалася: Ігнатоўскаму ад Інбелкульта, Баліцкаму – ад Наркамасветы, Гельтману ад Камвуза, Пічэту – ад БДУ, ад секцыі навуковых працаўнікоў і сельгасакадэміі. «Тэксты прывітальных слоў узгадніць у паліт. камісіі па канферэнцыі»5. Меркавалася выкарыстаць знаходжанне шэрагу дзеячаў на канферэнцыі «па лініі работы ў беларускім руху за граніцай»6.

 



































1 Працы Акадэмічнае конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (14–21 лістапада 1926 г.). – Менск, 1927.

2 Платонаў Расціслаў. Як у Мінску праходзіў «сусветны контррэвалюцыйны кангрэс беларусаў» // Беларуская мінуўшчына. 1996. № 5. с. 54.










3 НАРБ. Ф. 4. Воп. 1. Спр. 35. Арк. 265.

   
Сюрпрызаў не павінна было быць.

Сталіца БССР у дзень адкрыцця канферэнцыі выглядала па-святочнаму: былі вывешаны сцягі (у тым ліку некалькі бела-чырвона-белых), курсавалі агітацыйныя машыны з плакатамі, прысвечанымі дасягненням беларусізацыі. На прадпрыемствах і ва ўстановах праходзілі ўрачыстыя мітынгі і сходы, на якія запрашаліся ўдзельнікі канферэнцыі. Для замежных гасцей была падрыхтаваная вялікая культурная праграма, выдаткоўваліся сродкі на арганізацыю сустрэч, банкетаў і інш.7. Газеты змяшчалі інфармацыю аб рабоце канферэнцыі, яе ўдзельніках, даклады і некаторыя выступы, прывітальныя тэлеграмы.

Прывітальныя тэлеграмы канфэрэнцыі Бадуэна дэ Куртэнэ (прафэсара Варшаўскага ўнівэрсытэту), Адольфа Чэрнага (прафэсара Праскага ўнівэрсытэту), В. Андэрсана (прафэсара Эстонскага ўнівэрсытэту) // Савецкая Беларусь. 1926 г. 14 лістапада(15K)

(17K) Прывітальныя тэлеграмы Луначарскага і інш. // СБ. 1926. 16 лістапада. На закрыцці канферэнцыі прадстаўнік латышскай дэлегацыі, дацэнт Блесэ сказаў:

Выносячы глыбокую падзяку Інстытуту Беларускае Культуры за яго ласкавае запрашэнне, павінен паўтарыць тое, аб чым я ўжо меў гонар не раз заяўляць, а менавіта: я вельмі абрадаваны тым, што я бачыў тут на Беларусі. Я павінен тут канстатаваць вялікія дасягненні Беларусі ў розных галінах культуры. Праўда, мая праца на Канферэнцыі была, магчыма, не асабліва актыўнай. У гэтым сэнсе, я павінен сказаць тое самае, што і праф. Фасмэр, але я думаю, што і мая прысутнасць тут прынясе мне вялікую карысць. Звярнуўшыся, я, безумоўна, пастараюся растлумачыць і даць весткі аб Беларусі, якія я тут паспеў набраць. Хоць мы і суседзі, але тое, што робіцца на Беларусі, нам было зусім не вядома, і дзеля гэтага погляды некаторых колаў нашае грамадскасці на становішча Беларусі далёка не адпавядалі запраўднасці. Я думаю, што цяпер мне ўдасца растлумачыць маім супляменнікам запраўднае становішча справы, і думаю, што гэта таксама паслужыць справе зносін на карысць абодвух народаў8.

  4 Тамсама. Спр. 35. Арк. 311.

5 Тамсама. Воп. 21. Спр. 108. Арк. 25.

6 Тамсама. Спр. 108. Арк. 25.

7 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 1. – Мн., 1993. с. 78.

   

(27K) Праграма працы Акадэмічнай канфэрэнцыі.

(9K) У апошні дзень працы канферэнцыі ў клубе імя К. Маркса адбыўся канцэрт беларускай музыкі, на пачатку якога аркестр пасля «Інтэрнацыяналу» выканаў «беларускую марсельезу» – «Адвеку мы спалі...», якую спявалі ўсе прысутныя ў зале...

Госці раз’ехаліся па дамах. У хуткім часе нататкі аб паездцы ў Савецкую Беларусь з’явіліся ў некаторых СМІ за межамі БССР. Так, варшаўская газета «Sіowo» ад 12 снежня 1926 г. пісала: «Мяцовыя ўлады савецкія і партыйныя зрабілі ўсё, што толькі было ў іх сілах, для таго, каб даць канферэнцыі палітычную афарбоўку, зразумела, у той ступені, у якой гэта было магчыма ў адносінах да філалагічнай канферэнцыі»9.

  8 Працы Акадэмічнае конфэрэнцыі... с. 400.

   
Але Крэмль ходам правядзення і вынікамі канферэнцыі застаўся незадаволены. У ЦК ВКП(б) ужо ў снежні таго ж года паведамлялася: «Канферэнцыя выявіла нацыяналістычныя захапленні ў некаторых групах беларускай інтэлігенцыі». На карысць гэтага сцверджання сведчылі наступныя факты: вынясенне партрэта Леніна, адсутнасць сцяга СССР, цёплы прыём Ф. Аляхновіча, пытанне аб лацінцы, Баліцкі ў сваім выступленні не выявіў ролі партыі і інш.10.

  9 НАРБ. Ф. 4. Воп. 21. Спр. 108. Арк. 48.

   
Цікава, што пра гэтак званыя «нацыяналістычныя захапленні некаторых груп беларускай інтэлігенцыі» пісалі пасля і прадстаўнікі замежных дэлегацый, «прадстаўнікі заходніх, яшчэ не савецкіх, рэспублік». Вядомы латышскі паэт Ян Райніс на старонках рыжскай газеты «Social-Demokrat» адзначаў: «Нацыянальнае абуджэнне Беларусі нагэтулькі моцнае, што засланяе сабой усе іншыя духоўныя інтарэсы... беларусаў ахапіла цудоўная нацыянальная ўзнёсласць». Мовазнаўца Э. Блесэ змясціў свае ўражанні на старонках газеты «Latvis»:

Хоць Беларусь перажывае бурнае нацыянальнае адраджэнне пад уплывам камуністаў і ў камуністычным духу, але ўсё-ткі нацыяналістычныя элементы мацнейшыя за камуністычныя і не выключана магчымасць, што нацыяналізм перарасце камунізм і прыстасуе яго да сябе11.

  10 Тамсама. Воп. 1. Спр. 35. Арк. 308–319.

   

Апублікаваныя ў замежных газетах і часопісах уражанні ўдзельнікаў менскай акадэмічнай канферэнцыі супрацоўнікі менскага аддзела ГПУ акуратна занатоўвалі, а цікавыя фрагменты перадавалі ў ЦК КПБ. Увогуле, цяпер гэта відавочна: уся праца Менскай акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. праходзіла пад «каўпаком» чэкістаў. Асабліва гэта тычылася кантактаў тутэйшых нацдэмаў з замежнымі гасцямі і з прадстаўнікамі беларускай эміграцыі.

Для апошняй, дарэчы, удзел у канферэнцыі быў нагодай выведаць сітуацыю і адказаць на вельмі важнае пытанне: вяртацца ў савецкі Менск пасля абвешчанай савецкай уладай амністыі ці пачакаць і перасядзець на чужыне. Некаторыя з эмігрантаў (В. Ластоўскі, У. Жылка, Ф. Аляхновіч) купяцца на савецкую прапаганду.

Для гасцей, якія ўзялі ўдзел у канферэнцыі, мела значэнне ўсё: на якой мове шыльды, надпісы на манетах, як працуюць у Беларусі тэатры і музеі, навуковыя ўстановы, як апранаюцца людзі, чаму і як вучаць у школе, што тут адбываецца ўвогуле. В. Ластоўскі ў выдаваным ім у Коўне часопісе «Крывіч»12 апісваў, як ён з заміраннем сэрца баяўся зазірнуць вучням у сшыткі: а раптам яго чакае падман і навучанне ў беларускай школе па-ранейшаму вядзецца на расійскай мове?

  11 Тамсама. Воп. 21. Спр. 108. Арк. 33–35.

   
(23K) Білет удзельніка Акадэмічнай канфэрэнцыі Разам з усім ад Акадэмічнай канференцыі засталіся ўражанні яе гасцей, якія былі пазней надрукаваныя ў незалежнай прэсе. Яны дазваляюць аб’ектыўна паглядзець на тыя працэсы, што адбываліся тады ў Беларусі пад саветамі. Кароткія замалёўкі Э. Блесэ дазваляюць, акрамя таго, адчуць паўсядзённы лад жыцця Менска і Віцебска сярэдзіны 1920-х г., у перыяд «росквіту нэпа і беларусізацыі».

Э. БЛЕСЭ
Уражанні аб Беларусі
13

  12 Перадрук.: Власт (Вацлаў Ластоўскі). Уражанні ад паездкі ў Беларускую Радавую Сацыялістычную Рэспубліку // Маладосць. 1991. № 1. с. 88–107.

   
(...) Канферэнцыя была склікана Інстытутам Беларускай Культуры, які заснаваны ў 1922 годзе для рознабаковага вывучэння беларускай культуры. Пры Інстытуце маецца і секцыя мовы, і канферэнцыя ставіла мэтай таксама ўдакладненне пытанняў беларускай мовы, алфавіту і правапісу. Адно пасяджэнне было прысвечана пытанням беларускай літаратуры. Для больш дэталёвага абмеркавання былі абраны камісіі алфавіту, правапісу і літаратуры, якія старанна працавалі ў апошнія дні канферэнцыі і якія прыйшлі да некаторых агульных высноваў. Напрыклад: для абазначэння беларускіх гукаў дз і дж пастанавілі ўвесці ў беларускі алфавіт спецыяльныя знакі, узятыя з сербскага алфавіту. Пастанавілі ўвесці таксама знак «й», пакідаючы пакуль для змякчэння папярэдняга зычнага гука расійскія знакі «я», «ю», «ё». Ідэалам лічылі перайсці да лацінскага шрыфту, але асабліва з гэтым пераходам [вырашылі] не спяшацца, бо гэта азначала б вельмі моцны разрыў паміж расійскім і беларускім друкамі, да чаго шырокія масы не падрыхтаваныя. Усё ж асобныя артыкулы з лацінскім шрыфтам у хрэстаматыі будуць уведзены. Шырокія спрэчкі разгарнуліся ў камісіі правапісу, і прынятыя рэзалюцыі не маюць адзінства. Літаратурная камісія адзначыла дасягненні ў беларускай літаратуры, яе значэнне, характар і задачы па даследаванні гісторыі літаратуры. Беларускія работнікі да канферэнцыі рыхтаваліся сур’ёзна, і дэбаты, у якіх удзельнічалі як прыехаўшыя іншаземцы, так і прадстаўнікі расійскіх універсітэтаў, праходзілі дзелавіта. У спрэчках бралі ўдзел толькі сапраўдныя члены канферэнцыі, але не публіка, хоць тая і шырока цікавілася канферэнцыяй. Бо зала ў час усіх паседжанняў была перапоўнена слухачамі.

Відаць, што беларускія работнікі ахоплены нацыянальным энтузіязмам. Неабходнасць духоўнага і культурнага адраджэння беларускага народа падкрэсліваецца і камуністамі, якія матывуюць гэта, вядома, сваімі камуністычнымі мэтамі. Таму, нягледзячы на даволі цяжкае эканамічнае становішча, шмат сродкаў адпускаецца на асвету і закладванне фундамента беларускай культуры.

У асноўным асвета праводзіцца праз школу, па законе – з сямігадовым курсам, але першыя чатыры гады якой складае асобны канцэнтр – як бы школа першай ступені. У першую – гэтак званую нулявую групу (класы называюцца групамі) прымаюцца дзеці без усялякай граматы. Першы час заняткі вядуцца прыблізна так, як у нашых школах, але з трэцяга года навучання пераходзяць на гэтак званую комплексную сістэму. Урокаў у нашым сэнсе дзеці ўжо не маюць, але па асобных прадметах атрымліваюць двухтыднёвыя заданні. Школу дзеці наведваюць, але ў свае гадзіны рыхтуюць сваю работу. Настаўнік у класе прысутнічае, але калі дзеці пытанняў не задаюць, спакойна чытае газету. Па кожным прадмеце ў школе дазваляецца працаваць не больш за дзве гадзіны запар. Школу наведваць не абавязкова. Але ўсё ж такі наведванне рэкамендуецца, і частыя пропускі ўрокаў не дазваляюцца. Трагедыя толькі ў тым, што дзеці ўвогуле ставяцца да работы павярхоўна. Напрыклад: у час працы па расійскай і беларускай мове, як мне даводзілася назіраць, яны толькі гарэзяць і да канца тэрміну здаюць работу, якая складаецца з агульных стэрэатыпных фраз з камуністычным зместам, якія яны штодзень чуюць ці пачэрпнутых з газет. Таму такая праца, за малым выключэннем, прыносіць мала карысці, і самі камуністы прызнаюць, што дзеці канчаюць школу без сур’ёзных фактычных ведаў.

Скажу яшчэ, што вельмі многія семігодкі не канчаюць. Самі камуністы – кіраўнікі асветы пакуль прызналі б ідэалам, каб усе дзеці канчалі мінімум чатырохгодку. Але гэта ў жыццё яшчэ не праведзена і, паводле водгукаў саміх жа кіраўнікоў, 5 % гарадскіх і 20 % сельскіх [дзяцей] застаецца без усялякай адукацыі. Вядома, фактычны працэнт будзе большы.

Вучні апрануты даволі дрэнна, асабліва ў сэнсе верхняга. Нікчэмны таксама абутак. Рэдка сустракаецца вучаніца ў капелюшы. Дамінуючая большасць у хустках. Паводле выгляду таксама дзеці не робяць уражання інтэлігентных. Дысцыпліна ў школах, гавораць, палепшылася – аб вучнёўскіх выхадках паведамляецца бацькам, – але ўсё ж такі парушэнне дысцыпліны сустракаецца часта. Праробленую работу ацэньваюць баламі (добра, здавальняюча, сярэдне).

Аб стварэнні вышэйшых культурных каштоўнасцяў асабліва клапоціцца Інстытут Беларускай Культуры. Зараз ён мае ўжо каля 10 членаў, аплачваных у 200 р. штомесяц, якія вядуць работу толькі [ў] інстытуце, выпрацоўваюць праекты культурнай працы і кіруюць даследчыцкай работай беларускай культуры па ўсёй Беларусі. Інстытут Беларускай Культуры стаў ужо кіраўніком культурнай працы, і універсітэт прымушаны з ім лічыцца. У бліжэйшым будучым з найбольш моцных членаў Інстытута створаць беларускую Акадэмію Навук.

Развіваецца археалогія. Кожнае лета праводзяцца раскопкі, і экспанаты ў музеях растуць. Так, напрыклад, у Менску сабраны новыя археалагічны і этнаграфічны музеі, у якіх ужо даволі шмат матэрыялу. Яшчэ багацейшы Віцебскі музей. Тут маюцца таксама знойдзеныя ў кургане (магіле) Лудзі нашыя латышскія старажытнасці. Сэрца маё сціснулася балюча, калі я ўбачыў гэтыя рэчы тут, месца якім было б у Рызе. У сваіх тлумачэннях дырэктар музея расказаў, што наш суродзіч праф. Балог лічыць гэтую культуру латышскай, іншыя прафесары фінскай, і што беларускай яе не лічаць таму, што яе не збіралі беларускія навуковыя працаўнікі. Там жа на сцяне адноўлены жывапіс па ўказаннях праф. Балога, быццам бы прадстаўнікі беларусаў IX–X стагоддзя – мужчына і жанчына са знойдзенымі ў кургане Лудзі ўпрыгожваннямі. Цалкам зразумела, што яны тыпова латышскія, толькі твары напісаны трохі ў сучасным беларускім стылі. Так нашымі старажытнымі каштоўнасцямі хваляцца ў сваім мінулым беларусы. Нейкая іронія лёсу і сімвалічнае ўказанне нашаму народу бачацца ў гэтым факце. Хіба не часта, як у мінулым, так і ў сучаснасці, мы, латышы, дапамагалі іншым народам дабіцца як славы, так і ўлады? Таксама ў Саўнаркоме Беларусі ёсць два камісары ці іх намеснікі латышы – Карклін і Калнін, якія займаюць вельмі адказныя пасады. А што далі нам іншыя народы за гэта?

Знешняе ўражанне аб Беларусі даволі сумнае. Людзі адзеты і абуты бедна. У Менску ўсё ж адзенне і абутак лепшыя, затое ў Віцебску зусім нікчэмныя.

Беларус лічыць зневажальным для сябе гаварыць з кім-небудзь ці сядзець дзе-небудзь без капелюша. Наагул, у паўсядзённым жыцці паўсюль назіраецца даўняя расійская неахайнасць і бруд. І ў гэтых адносінах да сялянскага духу бальшавіцкая культура так сама мала прычынілася, як і культура царызму.

Трэба прызнаць, што гаспадары ў Менску абыходзіліся з намі вельмі дыпламатычна і тактычна, не гаворачы нічога такога, што магло б задзець нашыя «буржуазныя» пачуцці. «Інтэрнацыянал» выслухоўваць не прымушалі. Адкрывалі і закрывалі канферэнцыю беларускім гімнам «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі». Крыху інакш было ў Віцебску, дзе нас запрасілі на нядзелю 21 лістапада на адкрыццё II-га беларускага дзяржаўнага тэатра. На гэтай урачыстасці мясцовыя віцебскія таварышы, жадаючы бліснуць сваім камунізмам перад прадстаўнікамі менскай цэнтральнай улады, віталі нас як «прадстаўнікоў заходніх яшчэ не савецкіх рэспублік». Прамовы тут былі строга вытрыманы ў камуністычным духу і стылі 17–19 г. Вайскоўцы бразгалі зброяй і таксама цалкам залішне прымушалі нас выслухоўваць «Інтэрнацыянал» па некалькі разоў.

Некалькі слоў аб беларускім тэатры. У дадзены момант беларусы маюць 2 дзяржаўныя тэатры. У Менску, які існуе ўжо некалькі гадоў, і другі толькі што адкрыты ў Віцебску. Беларускія артысты нядрэнныя. Артысты Віцебскага тэатра атрымалі адукацыю ў студыі Маскоўскага мастацкага тэатра. Бедны толькі рэпертуар. Усе п’есы напісаны тэндэнцыйна, і ў іх адлюстроўваецца ў празмерна змрочных фарбах ранейшае жыццё беларускага сялянства ці сялянскія паўстанні супраць памешчыкаў. Ва ўсіх п’есах доўгія цытаты аб барацьбе прыгнечанага народа супраць прыгнятальнікаў, аб правах сялян на зямлю і г. д., незалежна ад таго, наколькі гэтыя цытаты адпавядаюць адлюстроўванай эпосе і ідэям. Усё гэта, канечне, змяншае мастацкую каштоўнасць п’ес. Акрамя таго, празмерна шмат знешніх эфектаў – страляніна, паўстанне і г. д. Цікавыя этнаграфічныя элементы сустракаюцца амаль у кожнай п’есе, а таксама і беларускія песні. Слухалі ў гонар нас арганізаваны ўрачысты канцэрт, мастацкае ўражанне аб якім сярэдняе.

Латышы, якія жывуць у Беларусі, як, відавочна, і па ўсёй Расіі, моцна абруселі. Сустрэў чалавека, які, на яго думку, ведае латышскую мову, але зразумець мову якога я не мог. Так як латышская мова газет, якія выдаюцца ў Расіі, наколькі я магу меркаваць паводле аднаго нумару «Латвешу Земнекс», скажоная. З нашымі дыпламатычнымі прадстаўнікамі ў Беларусі латышы ніякіх нацыянальных сувязяў не маюць, а мясцовы ўрад глядзіць скоса на такія сувязі, ужываючы рэпрэсіі ў адносінах да асоб, якія мелі калі-небудзь якія-ніякія справы з нашымі прадстаўнікамі. Яшчэ патрэбна адзначыць, што шмат латышоў у Арміі, асабліва на камандных пасадах. Так, напрыклад, камандзір корпуса, які знаходзіцца ў паўночнай Беларусі, Нэйман, – латыш.

Да Латвіі беларуская інтэлігенцыя праяўляе вядомую цікавасць. Некамуністычная інтэлігенцыя радуецца нашым дасягненням і зайздросціць нам, што можам вольна працаваць на славу сваёй радзіме. Інтэлігенцыя, якая мае больш левыя погляды, адносіцца да нас халадней і відавочна яшчэ верыць, што ў нас можа адбыцца бальшавіцкі пераварот. Матывацыя такая – існуюць жа14 ў нас сацыял-дэмакраты, розніца паміж імі і камуністамі – рэактыўная.

  13 На дакуменце надпіс, зроблены ад рукі: «Зрабіць выпіску даць такі загаловак: Выпіска з «Уражанняў аб Беларусі» дэлегата Беларускай акадэмічнай канферэнцыі ад Латвійскага універсітэта. Пачаць з другога абзаца (са слоў «Канф. была склікана» і г. д. і скончыць да трэцяга абзаца да слоў «У асноўным асвета і г. д.»).

   
Прынялі нас прыветліва, і харчаванне было больш чым дастатковым. Інстытутам Беларускай Культуры быў зладжаны ў гонар удзельнікаў канферэнцыі спецыяльны банкет. Прадстаўнік Маскоўскага Камісарыяту па замежных справах у Менску сп. Казюра запрасіў нас з Райнісам і літоўскім прафесарам Біржышкам на абед. Усе члены канферэнцыі былі запрошаны рэктарам універсітэта Пічэтам на чай. Таксама на чай запрасілі нас у Чырвоны Крыж. Пры развітванні з Менскам мы мелі агульную вячэру з членамі Інстытута Беларускай Культуры. З Менска ў Віцебск нас перавезлі ў II-м класе, а таксама аплацілі ўсе нашыя дарожныя выдаткі. Для нашай універсітэцкай бібліятэкі я набыў некалькі беларускіх навуковых выданняў. За аказаную прыветлівую сустрэчу арганізатарам канферэнцыі – наша глыбокая ўдзячнасць. Не магу не выказаць самай глыбокай удзячнасці працаўнікам нашага Віцебскага Кансулята – консулу спадару Гірчэнсону і яго сакратару спадарыні Акман, якія так сардэчна нас прынялі. Як прыемна адчуваць сябе на чужыне сярод сваіх людзей і ў мілай латвійскай атмасферы.

Агульныя ўражанні такія. Хоць Беларусь перажывае бурнае нацыянальнае адраджэнне пад уплывам камуністаў і ў камуністычным духу, але ўсё-ткі нацыяналістычныя элементы мацнейшыя за камуністычныя, і не выключана магчымасць, што нацыяналізм перарасце камунізм і прыстасуе яго да сябе. Новая культура развіваецца на нацыянальнай глебе з агульначалавечымі прынцыпамі і жаданнем уступаць у сувязі з еўрапейскімі навуковымі работнікамі і прасоўваць сапраўдную навуку наперад настолькі, зразумела, наколькі дазваляюць абставіны. У гэтым новым адраджэнні пакуль шмат захаплення, больш шырыні, чым глыбіні. Усё-ткі пажадана з гэтымі новымі творцамі культуры падтрымліваць сувязі, абменьваючыся навуковымі дасягненнямі, адносячыся, безумоўна, да іх крытычна, паколькі ў палітычных адносінах паміж нашымі дзяржавамі існуе велізарная розніца. Шмат мы, вядома, не набудзем, але і нічога не страцім. Сачыць за тым, што здзяйсняецца на ўсходзе ад нас, неабходна, а то інакш можам дажыць да таго ці іншага сюрпрызу. Гэта зразумелі немцы, якія даслалі на кангрэс аднаго з найлепшых славяназнаўцаў праф. Фасмэра, які з’яўляўся цэнтральнай фігурай сярод іншаземцаў. Гэта зразумелі і літоўцы, якіх прадстаўляў праф. Біржышка. Абодва паны прывезлі Інстытуту Беларускай Культуры падарункі. Праф. Фасмэр – некалькі найноўшых выданняў па славяназнаўстве і праф. Біржышка – найноўшае рэпрадукаванае выданне на цынкографе «Дауктас Постіллас» – XVI стагоддзя. Думаю, што мы, латвійскія дэлегаты, сваёй паездкай аказалі Латвіі маленькую паслугу, прапагандуючы на чужыне нашу радзіму і адцягваючы ад яе тую ці іншую злосную ацэнку з боку беларусаў у выпадку непрыбыцця нашых дэлегатаў.

Сытыя ўсе, затое ў адзенні як мужчыны, так і жанчыны імкнуцца быць больш сціплымі. Знешні выгляд гарадоў даволі сумны. У Менску ўмовы лепшыя, затое ў Віцебску змрочна. Хоць крыху адрамантаваных дамоў у Віцебску сустрэнеш толькі на галоўных вуліцах. Але ўсё ж такі і тут агідныя балконы адваліліся, пакінуўшы за сабой іх заржаўленыя жоўтыя балкі. Як толькі сыдзеш з галоўнай вуліцы, стан дамоў і двароў прадстаўляецца ва ўсёй сваёй непрывабнай рэчаіснасці. Выветраныя фундаменты, прагнілыя ганкі, скрыўленыя, зваленыя платы. Прыйшлі ў непрыгоднасць і некаторыя цэрквы, частка з іх пераўтворана ў казармы, сярод якіх некалькі сінагог. Вулічныя надпісы сустракаюцца рэдка і тое толькі на расійскай мове. Шыльды дзяржустаноў на чатырох мовах: беларускай, расійскай, польскай і яўрэйскай. Аўтамабіляў зусім не відаць. Рамізнікі брудныя і абарваныя. Непрывабныя і іх брычкі.

Пераклад фрагментаў зацемкі Э. Блесэ, якая была надрукавана ў рыжскай газеце «Latvis» № 1547 і 1548 за 1–2.12.1926 г., выяўлены ў НАРБ: Ф. 4. Воп. 21. Спр. 108. Арк. 28–35, 43.

Райніс вярнуўся з Беларусі

(...) У Беларусі выходзяць дзве беларускія газеты і некалькі спецыяльных часопісаў. У Віцебску выходзяць газеты на дзвюх мовах – беларускай і яўрэйскай.

Справа друку (кнігі) і наагул асветы моцна ідзе наперад. У школах і вышэйшых навучальных установах заняткі ідуць на беларускай мове. У вышэйшых навучальных установах толькі некаторым прафесарам пакуль яшчэ дазволена чытаць лекцыі на расійскай мове. Прыбылыя на канферэнцыю госці агледзелі ВНУ, добра прыстасаваныя клінікі, багата пастаўленае заалагічнае сховішча, псіхіятрычную клініку. ВНУ, хоць яшчэ не поўны (удасканалены. – Перакл.)15, усё ж даводзіцца прызнаваць, што добра пастаўлены.

  14 У тэксце – все.

   
Вялікія мясцовыя дзяржаўныя музеі: мастацтва, прыродазнаўства і этнаграфіі. У культурнай галіне больш шырокага развіцця не заўважна, толькі ў жывапісе і ў музыцы.

Існуе тэхнікум жывапісу і музыкі. Праз пару гадоў спадзяюцца адкрыць кансерваторыю, тады магчыма будзе стварыць і беларускую оперу.

Працуюць два дзяржтэатры пад адным упраўленнем у Менску. У адным 600 сядзячых месцаў, яго мяркуецца пашырыць удвая; у другім 500 сядзячых месцаў. Тэатр з 900 сядзячымі месцамі адкрыты 21 лістапада ў гор. Віцебску. Пры пастаноўцы п’ес у вялікіх памерах ужываюць музыку, ствараючы паступовы пераход да оперы. Самастойны Беларускі тэатр існуе ўсяго 5 гадоў, але, ужываючы папярэдні досвед, Беларускі тэатр дасягнуў высокай ступені развіцця. Ставяць не толькі арыгінал-п’есы, але таксама ўвесь рэпертуар Еўропы. У Віцебску тэатр адкрылі з нейкай беларускай арыгінал-п’есай, але ўжо на другі дзень ставілі «Сон у летнюю ноч» Шэкспіра. Артысты Віцебскага тэатра падрыхтоўваліся 4 гады ў студыі Маскоўскага мастацкага тэатра, і ў ігры можна было падмеціць моцна развітую рэалістычную натуральную ігру.

У сталіцы Беларусі ў сучасны час – 120 000, у другім з найбольш буйных гарадоў Віцебску – 110 000 жыхароў.

Тав. Райніс, які быў да вайны ў Беларусі, адзначае, што ўвогуле ўражанне ад таго, што бачыў у Беларусі, калі не лепшае за тое, што было раней, то ва ўсялякім выпадку не горшае. Нацыянальнае абуджэнне Беларусі зараз такое моцнае, што засланяе ўсе астатнія духоўныя інтарэсы.

Пераклад фрагментаў артыкула з рыжскай газеты «Social-Demokrat» № 265 за 24.11.1926, выяўлены ў НАРБ: Ф. 4. Воп. 21. Спр. 108. Арк. 36–37.

Канферэнцыя ў Менску

Надовячы 14 лістапада адбылася ў Менску навуковая канферэнцыя, скліканая Інбелкультам. Апрача менскіх навуковых дзеячоў, ну і зразумела розных чырвоных генералаў, як Чарвякоў, Адамовіч і іншая чырвоная пошкудзь, што кампраметуе Беларускі Адраджэнчы Рух, былі на канферэнцыі прадстаўнікі часткі беларускай эміграцыі: В. Ластоўскі, К. Езавітаў, У. Пігулеўскі і іншыя.

З Заходняй Беларусі прадстаўнікоў не было, бо грамадаўцам улада не дала пашпартоў, а іншыя навуковыя ўстановы, як Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры (які перадусім павінен быў бы, здаецца, быць запрошаным), не атрымалі запрашэння, а атрымалі толькі некалькі асобаў.

Характэрна, што быў урачыста запрошаны бальшавіцка-змена-вехаўскі свісток у Празе «Прамень», у той час як паважаны журнал «Замежная Беларусь», выдаваны пад рэдакцыяй П. Крачэўскага, не атрымаў запрашэння.

Вынікі прац канферэнцыі яшчэ не вядомы.

Беларускае слова. Вільня, 1926. 14 снежня (№ 28).

Дакладная запіска загадчыка менскага клуба імя К. Маркса ў ЦК КП(б)Б за 22.12.1926 г.

УСІМ ЧЛЕНАМ БЮРО ЦК КПБ
Сакратару ЦК КП(б)Б тав. Крыніцкаму

Па Вашай просьбе паведамляю ў пісьмовай форме, як абстаяла справа з упрыгожваннем клуба К. Маркса да адкрыцця Беларускай Акадэмічнай Канферэнцыі і той часткі, сведкам, відавочцам якой я быў.

Па дагаворы з Інбелкультам апошні ўзяў на сябе цалкам упрыгожванне залы і прылягаючых пакояў. Мяркуючы, што маецца поўная палітычная партыйная адказнасць у такой вялікай справе, як скліканне Акадэмічнай Канферэнцыі з удзелам іншаземцаў «нацыяналаў» і г. д., справе, у якой важныя і дробязі, – ні я (загад. партыйнага клуба), ні члены Праўлення не лічылі патрэбным, ды і не мелі права, умешвацца ва ўсю падрыхтоўчую працу па ўпрыгожванні клуба.

Вечарам таго дня, калі Канферэнцыя павінна была адкрыцца (14 лістапада), за некалькі гадзін да адкрыцця я і яшчэ таварышы (з іх я памятаю тав. Кроля) зайшлі ў залу і некалькі былі здзіўлены. Зала патанала ў белых нацыянальных колерах (гэта было прыгожа і стылёва), але вельмі сціпла ці амаль зусім не выдзяляліся колеры і ўсё астатняе, што магло б гаварыць аб тым, што адкрываецца з’езд у сталіцы Савецкай краіны, што працуе ён пад кіраўніцтвам Партыі, Леніна і г. д. Усё гэта стушоўвалася.

Бачачы, што ў асноўным справа непапраўная (праз гадзіну адкрываўся З’езд), я і, калі памяць мне не змяняе, яшчэ таварышы, прасілі тав. Каранеўскага, які знаходзіўся ў гэтай зале, паставіць у зале «хаця б партрэт Леніна». Гэтым, тлумачылі тав., мы паказалі б свой твар, які, на нашу думку, няма на што і непатрэбна хаваць.

На гэта, а таксама на іншыя заўвагі, мы атрымалі адказ, што на гэты раз не трэба, што гэта будзе лішне раздражняць і г. д.

Ні аб якім малым партрэце са мною размовы не было. Можа быць, з другімі таварышамі.

Такі адказ некалькі абурыў, усхваляваў, але адзінае, што мне засталося рабіць – абурацца ў коле сваіх партыйцаў-сяброў, таварышаў, бо прапанаваць я не меў права.

  15 Так у дакуменце.
   
Толькі заўтра пасля размовы з тав. Абрамчуком я ўзяў з сабой работніка АПА ЦК тав. Масевіча, пагаварылі з тав. Каранеўскім і партрэт без пярэчанняў з поўнай яго згодай быў пастаўлены. А на трэці дзень з’явіўся і чырвоны сцяг. Вось усё, што я ведаю і бачыў.

З таварышаў, якія знаходзіліся са мною падчас размовы з тав. Каранеўскім, памятаю толькі т. Кроля Л., які рабіў аналагічныя маім указанні і атрымаў такія ж адказы.

22.12.26 г. (А. Мітлін) чл. ВКП(б) пб. № 460023

Цэнтр. Кам. Клуб ім. К. Маркса.

НАРБ. Ф. 4. Воп. 21. Спр. 108. Арк. 93–94.

Прадмова, падрыхтоўка да друку Ірыны Раманавай*

  *Ірына Раманава – гісторык. Займаецца гісторыяй Беларусі 1920–1930 гадоў, спэцыялізуецца на ўзаемаадносінах грамадзтва і савецкай улады, а таксама гісторыі паўсядзённасьці, вуснай гісторыі. Апошнія публікацыі – артыкулы «Голад 1932–1934 гг. і Беларусь»
(Спадчына. 2003/№ 1)
і «Паўсядзённае жыцьцё Менску ў 1918–1938 гадах» (разам з У. Ляхоўскім: Спадчына. 2003/№ 2).
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/05