A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ПЁТРА РУДКОЎСКІ

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Пётра Рудкоўскі
Ад ідэнтычнасьці да саборнасьці
Пару зацемак з нагоды дыскусіі вакол беларускай тоеснасьці


Ці чалавек Х можа быць увесь час тым самым? Ці два чалавекі – А і Б – могуць быць у нейкім сэнсе тым самым? Ці група людзей Г можа ўтвараць адно цэлае?

Гэта нешта большае, чым проста тэарэтычныя пытаньні. Інтэрпрэтацыя гэтых пытаньняў і адказы на іх маюць далекасяжныя практычныя, у прыватнасьці, грамадзка-палітычныя і эканамічныя наступствы. У свой час адказ жыхароў Паўночнае Амэрыкі на пытаньне, ці зьяўляюцца яны часткай вялікабрытанскае мэтраполіі, ці ўтвараюць нешта адрознае, самастойнае, вельмі паўплываў на ход гісторыі ня толькі ў лякальным, але і глябальным маштабе. І аналягічна дзеецца заўжды тады, калі ідзе працэс пошуку і артыкуляцыі сваёй тоеснасьці. Наступствы такога ці іншага самавызначэньня заўжды будуць мець велізарнае значэньне, хай сабе, можа, і не такое глябальнае, як у выпадку Паўночнае Амэрыкі.

Адсюль, хочацца выразіць вялікую сатысфакцыю з таго факту, што беларускія інтэлектуалы, засяроджаныя вакол інтэрнэт-старонкі belintellectuals, усур’ёз заняліся распрацоўкай філязафічных фундамэнтаў, на якіх будуецца канцэпт тоеснасьці. Маю на ўвазе перш за ўсё дыскусію паміж дац. Вольгай Шпарагай і праф. Рыгорам Мінянковым1. Незалежна ад гэтае дыскусіі на старонках «ARCHE» ўжо доўгі час вядзецца дыскусія вакол «Жэнэўскай канвэнцыі» ды «нацыянальнага праекту», дзе зноў жа праблема тоеснасьці ўвесьчасна паўстае «ўва ўсёй сваёй велічы і павазе».

Так сымбалічна склалася, што ў конадзень Новага году, які лічыцца годам «беларускага выбару», дзьве згаданыя дыскусіі, пачаткова «паралельныя» адна да другой, «перакрыжаваліся», а іх удзельнікі сустрэліся як на старонках «ARCHE», так і на сайце belintellectuals. Зьявіліся спробы вывесьці дыскусію вакол тоеснасьці ў новы гермэнэўтычны кантэкст (напр. прапанова Янава Палескага разглядаць дыскусію паміж беларуска- і расейскамоўнымі водле аналёгіі да дыскусіі паміж камунітарыянамі і лібэраламі2), нарысаваць трансфармацыю канцэпту ідэнтычнасьці ў эўрапейскай філязофіі (Рыгор Мінянкоў) ды паказаць спэцыфіку беларускай тоеснасьці як тоеснасьці «памежжа» (Вольга Шпарага). Варта зазначыць, што сама дыскусія моцна ўплецена ў працэс фармаваньня беларускай тоеснасьці/ідэнтычнасьці, яна выяўляе і сыгніфікуе праблемныя бакі гэтага працэсу, а таксама сьведчыць пра наяўнасьць «месцаў судакрананьня», патэнцыйных пунктаў перасячэньня розных дыскурсаў і ідэалёгіяў.

Заданьнем гэтага артыкулу будзе – згодна з інтэнцыяй, выражанай у падзагалоўку – «зрабіць пару зацемак» на палёх згаданых дыскусіяў, у прыватнасьці, дыскусіі Шпарага – Мінянкоў. Але гэта маюць быць не абы-якія зацемкі, а разбуральныя; іхняй мэтай будзе правесьці дэканструкцыю катэгорыі тоеснасьці/ідэнтычнасьці і падвесьці да прыняцьця іншае катэгорыі – саборнасьці. (Адразу зазначу, што ў гэтым тэксьце словы «тоеснасьць» і «ідэнтычнасьць» будуць сэмантычна раўнаважнымі.) Пры ўсім гэтым роздум гэты застанецца проста «зацемкай на палёх», г. зн. не прэтэндуе на ролю акадэмічнага дасьледаваньня, хоць, можа, і заслужыць на нейкую ўвагу з боку сур’язьнейшых дасьледнікаў.

1.

Пачнем ад панятку тоеснасьці ў наймацнейшым, то бок, лягічным сэнсе слова. Гэтую тоеснасьць схарактарызаваў пры дапамозе кантэкстуальнае дэфініцыі Готфрыд Лейбніц: дзьве рэчы – х і у ідэнтычныя тады і толькі тады, калі кожная прымета х зьяўляецца адначасова прыметаю у.

Такім чынам, два прадметы – каб быць тоеснымі – мусяць быць неадрозьнівальнымі. Філёзафы даўно ўжо заўважылі, што такога тыпу тоеснасьць дэ факта касуе ўсякі плюралізм: няма шанцаў знайсьці ў рэальным (а нават цяжна знайсьці ў ідэальным!) сьвеце два нумарычна розныя прадметы, якія будуць мець тыя ж самыя прыметы. Тоесны ў лейбніцаўскім значэньні можа быць толькі адзін і той жа прадмет, тоесны з самім сабой! Калі х = у, то гэта значыць, што х і у – гэта нумарычна адзін прадмет. (Хоць і тут, бадай, трэба дадаць, што гаворка йдзе пра мамэнтальную тоеснасьць, а ня сталую! Прадмет х у момант t-1 ня мусіць быць тоесны з самім сабой у t-2.)

У ХХ ст. Пітэр Гіч запрапанаваў адмовіцца ад панятку «моцнае» тоеснасьці і пачаць карыстацца паняткам рэлятыўнае тоеснасьці: два прадметы – х і у – тоесныя заўсёды з увагі на... Трохкроп’е ў гэтай формуле адкрывае надзвычай шырокую прастору для нашай творчасьці і вынаходлівасьці. Што рабіць з гэтым трохкроп’ем? З увагі на што будзем акрэсьліваць тоеснасьць беларусаў і проціпастаўляць яе іншым тоеснасьцям?

Заўважма, што пытаньне тут не стаіць: ці магчымы адзіны адказ на гэтае пытаньне (ясна, што немагчымы!), а ці магчымы які-кольвек кансэнсус у справе адказу? Заўважма таксама, што тут таксама гаворка вядзецца зусім не пра вечны кансэнсус, а пра часовы, пра кансэнсус Тут і Цяпер, калі можна пакарыстацца словазлучэньнем В. Шпарагі.

Водле маіх назіраньняў, адзінае, наконт чаго ўдалося паразумецца беларускім мысьлярам і інтэлектуалам, дык гэта наконт памежнага характару беларускай тоеснасьці, яе архіпэлягічнасьці (пар. Акудовічаў «Архіпэляг Беларусь») і неакрэсьленасьці.

«Памежжа – гэта «прастора паміж» (...). Сытуацыя памежжа, у адрозьненьне ад франтыру, пазбаўляе нас ілюзіі схаваньня на сваім баку» – піша спадарыня Шпарага. Мэтафара архіпэлягу, паводле інтэрпрэтацыі аўтаркі, абазначае фрагмэнтарычнасьць, разарванасьць беларускай нацыянальнай культуры, ну а неакрэсьленасьць – гэта лягічная выснова, зробленая на базе дзьвюх першых характарыстык.

Такім чынам, мы дасягнулі кансэнсусу наконт адсутнасьці адказу на пытаньне: «з увагі на што» беларусы павінны самі сябе ідэнтыфікаваць у прасторы і часе? Ці такі кансэнсус можа нас задавальняць? Ці мэтадычнае ўніканьне адказу на пытаньне: хто мы? ня ёсьць занадта цяжкім псыхалягічным выпрабаваньнем?

2.

Можна, аднак, стварыць некалькі гіпатэтычных мадэляў пазытыўнага адказу на гэтае пытаньне: з увагі на што мы тоесныя? Ніжэй я прапаную зь дзясятак такіх мадэляў. Інакш кажучы, на месца шматкроп’я ў фразе «мы тоесныя з увагі на...» можа ўскочыць прынамсі дзесяць «прэтэндэнтаў»:

1) Мова;

2) Рэлігія;

3) Аксіялёгія, г.зн. сыстэма каштоўнасьцяў;

4) Нацыянальныя сымбалі;

5) Звычаі;

6) Тэрыторыя;

7) Дзяржава;

8) Гісторыя;

9) Геапалітычная місія;

10) Назва «Беларусь».

Сьпіс можа быць яшчэ даўжэйшым, але для нашых патрэб пералічаных тут патэнцыйных падмуркаў тоеснасьці будзе дастаткова, каб зрабіць пэўныя высновы.

Калі прасачыць гісторыю нацыябудаваньня розных народаў, дык можна заўважыць, што першыя пяць элемэнтаў традыцыйна ўтваралі галоўную базу-субстрат нацыянальнае тоеснасьці. Яны найчасьцей станавіліся зьместам маральнага звароту нацыябудаўнікоў да люду, а ўсякія адукацыйныя ды асьветніцкія праекты былі часьцяком скіраваны на інтэрыярызацыю гэтых каштоўнасьцяў прадстаўнікамі пэўнае супольнасьці.

У сучаснай Беларусі маем такую сытуацыю: нам дагэтуль не ўдалося здабыць кансэнсусу наконт першых пяці «нацыязлучальных» фактараў. Нам наканавана жыць у сталым напружаньні, напружаньні, да якога мы ўжо нават прывыклі і ўспрымаем як нармальнае. Можна тут указаць на два галоўныя асяродкі напружаньня. Першы: ці патрэбная гамагенізацыя, г.зн. «уаднастайненьне» згаданых першых пяці элемэнтаў: мова х, і толькі яна, рэлігія у, і толькі яна і г.д., ці трэба пакінуць тут плюралізм?

Катэгорыя «памежжа», на жаль, не да канца тлумачыць сутнасьць праблемы. Яна адцягвае ўвагу ад згаданага напружаньня, а можа, дазваляе часткова інтэграваць яго, але, здаецца, не вырашае праблемы. «Быцьцё-паміж», сьвядомасьць «разарванасьці» ўласнае культуры, «фрагмэнтарнасьць» і г.д. – усё гэта фактары дэзарыентацыі, яны вынікуюць стан яшчэ большай разгубленасьці і разрозьненасьці.

І тут паўстае перад намі – разгубленымі і дэзарыентаванымі «памежнікамі» – сілавы інтэгравальны фактар: Дзяржава зь вялікае літары, дзяржава-бог, які і гарантуе «стабільнасьць» і «еднасьць» беларускага «народу». І гэта другі, намнога больш небясьпечны, асяродак напружаньня, спароджаны тым першым асяродкам. На месца амбівалентнай нацыянальнай еднасьці прыходзіць яшчэ больш амбівалентная мэханічная еднасьць. Выходзіць так, што мы, не захацеўшы аб’яднацца вакол мовы, рэлігіі і нацыянальных сымбаляў, дазволілі аб’яднаць самых сябе ў групу падпарадкаваных, падпарадкаваных нейкай вонкавай сіле, якая кіруецца ўласнаю лёгікай, якую не цікавіць ані наш нацыянальны, ані «памежны» характар.

Я ўказаў на гэтыя два «асяродкі напружаньня» як на патэнцыйныя фактары канфлі-кту, якія і цяпер, і пазьней будуць даваць аб сабе знаць. Напружаньне – гэта ненатуральны для чалавека стан, у паасобных выпадках яно можа папросту паралізаваць сілы і замацоўваць «псыхалёгію пешкі», пачуцьцё глябальнай залежнасьці ад вонкавых фактараў (напр., моцнай Дзяржавы). Аднак псыхолягі і паэты ведаюць, што напружаньне можа стацца таксама крыніцай творчасьці. Такім чынам, думаю, калі нам ужо і наканавана застацца ў стане напружаньня на невядомы час, то застаецца толькі папытацца пра шляхі творчага перажываньня гэтага стану.

3.

«Hē tautotēs henotēs tis estin» – тоеснасьць зьяўляецца пэўнаю формай еднасьці, чытаем у «Мэтафізыцы» Арыстотэля. Калі ж гаворка пачынаецца весьціся пра беларускі фэномэн, дык слова «тоеснасьць» пачынае набываць зусім іншае, амаль супрацьлеглае значэньне: беларуская «тоеснасьць» – гэта пэўная форма рознасьці. Паўстае ў зьвязку з гэтым слушнае пытаньне: а ці апраўдана ў такім выпадку само стасаваньне гэтага тэрміну? Ці гэты тэрмін часам не фальшуе нашу сьвядомасьць, павялічваючы тым самым узровень напружаньня і дэзарыентацыі?

«Tauta men hōn mia hē ousia» – тоеснае ж тое, што мае адну і тую ж сутнасьць (субстанцыю) – піша далей Арыстотэль. Беларускі ж фэномэн славіцца якраз ад-сутнасьцю, быцьцём-бяз-сутнасьці, быцьцём, пазбаўленым устойлівага інтэгравальнага ядра; ён славіцца згаданымі ўжо неакрэсьленасьцю, фрагмэнтарнасьцю і архіпэлягічнасьцю. Тое, што мяноўна ў Беларусі – амаль у цэнтры Эўропы! – паўстала стронг-дыктатура, якая характарызуецца небывалай жывучасьцю, падаецца заканамерным: арыентацыя на моцную Дзяржаву – гэта папросту «эфэкт кампэнсацыі». Адсутнасьць унутранай еднасьці спараджае залежнасьць ад вонкавага «яднальніка».

Некаторыя тут схільны акцэнтаваць неабходнасьць разьвіваньня нацыянальнай сьвядомасьці (Дынько, Булгакаў), а іншыя большы акцэнт кладуць на грамадзянскую сьвядомасьць (Мінянкоў). Але і адны, і другія сыходзяцца ў тым, што патрэбна разьвіваньне пачуцьця аўтаноміі ў стасунку да дзяржавы. Украінская рэвалюцыя-04 паказвае, што няма такой моцнай сілы, як прагненьне свабоды, асабістай і сумеснай свабоды. У якасьці «глыбіннай прычыны» Аранжавай рэвалюцыі некаторыя згадваюць пра нацыянальны ўздым, іншыя пра грамадзянскую салідарнасьць, а іншыя ўказваюць на прагматычныя калькуляцыі прадстаўнікоў сьвету бізнэсу (зусім «неідэйны» фактар). Насамрэч жа на Майдане былі і расейскамоўныя, і ўкраінскамоўныя, «ідэалісты» і «прагматыкі», «нацыяналісты» і «лібэралы». Самыя розныя фактары зрабілі магчымым посьпех гэтае рэвалюцыі.

Такім чынам, дыскусія вакол тоеснасьці павінна, на маю думку, быць перападпарадкавана дыскусіі вакол свабоды, свабоды-для-сябе і свабоды-для-іншых. І на гэтым месцы дазволю сабе выразіць паняверку: ці сапраўды дыскурс тоеснасьці здольны арыентаваць нас на дыскурс свабоды?

«Тоеснасьць» неаднойчы ўжо выклікала падазрэньні і крытыку з боку філёзафаў. Экзыстэнцыялісты, прыкладам, настойліва падкрэсьлівалі фундамэнтальную адкрытасьць чалавечае экзыстэнцыі. Нельга, на іх думку, акрэсьліць сутнасьць-натуру чалавека, чалавек ёсьць істотай у станаўленьні, якая мае ўвесь час мае магчымасьць ствараць і пераствараць сябе. Падобная выснова напрошваецца і ў зьвязку з Гайдэгеравым разуменьнем чалавечага тут-быцьця (Dаsein) як «праекту» як нахіленага-да-будучыні. «Тоеснасьць» сталася, як вядома, пастаянным аб’ектам атакі з боку постмадэрністаў, якія ўспрымалі яе як прынцып касаваньня рознасьці і рэпрэсіяў у стасунку да ўсяго, што ня ўпісваецца ў формулу накінутай тоеснасьці.

Вольга Шпарага ў сваім артыкуле (што згадваўся вышэй) абмалявала ўплыў «майстроў падазрэньня» (Маркса, Ніцшэ і Фройда) на разуменьне ідэнтычнасьці. Падагульняючы рэфлексію Шпарагі, можна сказаць, што адбыўся пераход ад безумоўнай тоеснасьці да ўмоўнай, кантэкстуальнай тоеснасьці. «Ідэнтычнасьць – гэта ставаньне сабой, абавязкова патрабуе разгорненага ў часе культурна-гістарычнага апасродкаваньня і фармаваньня супольнасьцяў». На маю думку, нават ідэя ўмоўнай тоеснасьці павінна быць перагледжана.

Я асабіста глыбока перакананы, што праблема беларусаў не ў слабой тоеснасьці, а ў тым, што яны настроены менавіта на моцную тоеснасьць, якая і блякуе згаданы вышэй дыскурс свабоды. Ляяльнасьць значнай часткі беларусаў да кіруючага рэжыму сьведчыць пра тое, наколькі вялікая патрэба ў моцнай, таталітарнай тоеснасьці. Настальгія за моцнай тоеснасьцю назіраецца і ў дыскурсах, апазыцыйных у стасунку да беларускага афіцыйнага дыскурсу. У выніку заўважыць можна шэраг «стратэгіяў элімінацыі»: беларусы няспынна выклінаюць адзін аднаго ў імя жаданай Еднасьці або Аднароднасьці. Дыскурс тоеснасьці і цяпер, і ў будучым будзе схіляцца да Арыстотэлевага ідэалу: знайсьці сутнасьць-субстанцыю, якая настолькі моцна злучыць беларускі народ, што нельга будзе ад гэтага народу «адарвацца».

На маю думку, дыскурс тоеснасьці не спрыяе дыскурсу свабоды. Думаю, што ў выпадку Беларусі (а хто ведае, ці ня трэба гэта зрабіць і ў іншых выпадках?) катэгорыю тоеснасьці трэба закінуць на карысьць катэгорыі саборнасьці. Гэта катэгорыя, як няцяжка здагадацца, запазычана са спэцыфічнага кантэксту: яна выпрацавана расейскімі праваслаўнымі мысьлярамі і абазначае быцьцё-сабраным, быцьцё-скліканым Богам. Можна, аднак, стасаваць гэту катэгорыю і незалежна ад першапачатковага багаслоўскага кантэксту, г.зн. надаць ёй сьвецкую інтэрпрэтацыю. Саборнасьць здымае імпэратыў быць падобным да іншых (ці то ў аспэкце мовы, ці рэлігіі, ці ідэалягічнай ляяльнасьці), кожны мае права быць згодна са сваёй уласнай вольнасьцю. Сутнасьцю саборнасьці ёсьць плерома разнастайнасьці. Няма аб’адноўваючай інстанцыі, ёсьць толькі Дух даверу і ўзаемапавагі.

Пераход ад тоеснасьці да саборнасьці абазначае паслабленьне ідэйнага фактару на карысьць пэрсаналісцкага: кожная канкрэтная асоба заўжды важнейшая за ідэю, нават самую шляхетную. Істотным складнікам саборнага мысьленьня ёсьць тое, што можна назваць прынцыпам этычнай асымэтрыі: прэзумпцыя добрае волі заўжды павінна быць мацнейшая за прэзумпцыю злой волі. Як дагэтуль, то дамінуе адваротнае мысьленьне: дзеяньне прадстаўніка «іншага» лягеру часьцей інтэрпрэтуецца як варожае а прыёры, сілай самога факту, што ён іншы. Такая пазыцыя наглядна бачная ў самых розных «памежных» сытуацыях: пры сутыкненьні беларускамоўныя – расейскамоўныя, праваслаўныя – каталікі, левыя – правыя, апазыцыя – улада. Колькі разоў давала аб сабе знаць гэтая заганная этыка: беларускамоўныя а прыёры станавіліся ў вачах расейскамоўных запозьненымі ў разьвіцьці нацыяналістамі, а расейскамоўныя ў вачах беларускамоўных – а прыёры здраднікамі альбо небясьпечным рэліктам каляніяльнай эпохі. Аналягічныя паставы можна спаткаць і ў іншых сытуацыях, калі беларусы стаюць перад абліччам канфэсійнай, рэлігійнай, сьветапогляднай ці палітычнай рознасьці.

Акцэптацыя саборнага характару беларускай супольнасьці і прыняцьце прынцыпу этычнай асымэтрыі здольныя зьдзейсьніць радыкальную зьмену атмасфэры ўнутры беларускага грамадзтва. Вызваленьне сваёй мэнтальнасьці ад субстанцыяльна-эсэнцыяльнай тоеснасьці дазволіць скіраваць энэргію на дыялёг і ўзаемапазнаваньне, а не на вайну і дабіваньне прадстаўніка іншае культурнай ці палітычнай опцыі. Пытаньне: «а што дэманічнае хаваецца за ягонымі ўяўна шляхетнымі паводзінамі?» павінна быць заменена на «што канструктыўнае хаваецца за дадзенымі паводзінамі».

Беспадстаўны давер мае заўжды вышэйшую этычную вартасьць, чым беспадстаўны недавер – вось сутнасьць прынцыпу этычнай асымэтрыі. Дыскурс тоеснасьці, на маю думку, тоіць у сабе ўстойлівую пагрозу для ажыцьцяўленьня гэтага прынцыпу.

Саборнасьць не абазначае ні ў якім разе сьляпую згоду на ўсё. Дыскусіі і палемікі паміж паасобнымі субкультурамі захоўваюць сваю рэлевантнасьць, аднак здабываюць дзьве новыя якасьці: «нэгатыўную» і «пазытыўную». Пад «нэгатыўнаю» разумею адсутнасьць «стратэгіяў элімінацыі», ачышчэньне ўласнага дыскурсу з такіх словаў і словазваротаў, якія наўпрост ці ўскосна пазбаўляюць права прадстаўнікоў іншай культурнай ці палітычнай опцыі на быцьцё беларусам. (Добрым прыкладам стратэгіі элімінацыі, стасаванай прадстаўніком беларускамоўных, ёсьць словазвароты ў дыскурсе Сяргея Дубаўца, агучаныя 15 лістапада 2005 году на «Радыё Свабода» ў перадачы «Перавагі беларускамоўнасьці»: «Расейскамоўе беларуса – гэта дэ факта саветамоўе. А паколькі мова – гэта таксама і мысьленьне, дык ён таксама і думае па-савецку. (...) Беларускамоўны а прыёры больш разьвіты, чымся ягоны расейскамоўны сусед».)

«Пазытыўная» якасьць у гэтым выпадку абазначае ўстаноўка на «зьбіраньне» (мяноўна гэта і сугеруе этымалёгія: саборны – «зьбіральны») і творчую перапрацоўку ідэяў, узятых з розных дыскурсаў. Толькі гэткім чынам можна зрабіць наша напружаньне, пра якое гаворка была вышэй, крыніцай канструктыўнае творчасьці.

Я веру, што саборнасьць не прывядзе да скасаваньня беларускай спэцыфікі, аднак, цалкам верагодна, што паўстане нечаканая, пакуль што нам невядомая спэцыфіка. Усё гэта нагадвае ў нечым ідэю – што праўда, цяпер ужо застарэлую – «нябачнай рукі» вольнага рынку: у выніку добразычлівага дыялёгу будзе фармавацца нейкая новая спэцыфіка Беларусі і беларусаў.

* * *

Беларусаў прынята называць талерантным і цярплівым народам. На жаль, гэты стэрэатып вельмі павярхоўна апісвае «беларускі характар» (бяру словазлучэньне ў дзьвюхкосьсе, бо гаварыць пра характар калектыўнага суб’екту можна толькі ўмоўна). Часьцяком маем справу з маўклівасьцю, за якой хаваецца фундамэнтальная неталерантнасьць і агрэсія ў стасунку да «іншых». А неталерантнасьць, прыхаваная маўклівасьцю, бярэцца са страху перад рознасьцю і разнастайнасьцю. І тут магчымы дзьве «тэрапіі» гэтага страху: альбо пераадолець гэту рознасьць шляхам уніфікацыі, альбо пазнаць і ўступіць у дыялёг зь іншымі. Першы варыянт бытуе ў дыскурсе тоеснасьці, а другі – у дыскурсе саборнасьці, то бок, дыскурсе свабоды. Я веру ў пэрспэктыўнасьць гэтага другога вырыянту.
  філёзаф, ляўрэат прэміі «ARCHE» «За сумленнае слова» (2005). Яго філязофская асьвета адбывалася спачатку ў арыстотэлева-тамістычнай (Дамініканскі калегіюм), а цяпер, на факультэце філязофіі Ягелёнскага ўнівэрсытэту, у аналітычна-пазытывістычнай (постаналітычна-постпазытывістычнай) атмасфэры. На думку Пятра, гэтыя цалкам розныя кірункі аб’ядноўвае моцная ўстаноўка на эмпірычную рэфэрэнцыйнасьць.



























1 Ольга Шпарага. Поиск идентичности в контексте пограничья: беларуская версия. Григорий Миненков. Концепт идентичности: перспективы определения. Часть І, Часть ІІ // .

2 Янов Полесский. Невозможность симбиоза // Наше мнение 16.08.2005.

   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/05