A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

   

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Шыдлоўскі
Больш, чым горад


Полацк. Фотаальбом / Аўтар-укладальнік Іван Каліноўскі, фота Эрнста Цецярэўскага. – Менск: Беларусь, 2004.

Рэспубліка Беларусь паўстала дзякуючы двум тэкстам: мастацкаму («Шляхціцу Завальні» Яна Баршчэўскага) ды юрыдычнаму – «Дэклярацыі аб Незалежнасьці».

Пераход пасавецкага грамадзтва ад засваеньня гэтай тэкставай прасторы да асвойваньня прыроднага й соцыякультурнага ляндшафту новай незалежнай краіны адбываецца паволі. Як вынік, звыклымі геакультурнымі асацыяцыямі ў нашага суайчыньніка застаюцца наступныя ланцужкі: помнік архітэктуры – Крэмль, вежа – Астанкінская, дрэва – бяроза... Беларус – пан сахі і касы.

Разрыў паміж Беларусьсю, вядомай нам з паэтычна-ўзьнёслай рыторыкі папулярызатараў гісторыі, і Беларусьсю, бачнай за фіранкай экскурсійнага аўтобуса, уражвае. Мы ўжо ўмеем расказваць, але яшчэ не даём рады выгодна паказаць сябе. Беларуская ідэя паўстае ў бляску міталёгіі й нішчымнасьці іканаграфіі. Гэта Беларусь кніжная, Беларусь кніжнікаў.

Заклік «Тутэйшых» у 80-х мінулага стагодзьдзя да стварэньня папулярнага беларускамоўнага чытва сёньня варта было б перафармуляваць: кожнай вёсцы – па ўласнаму фотаальбому. Выдавайма паштоўкі зь беларускімі краявідамі, каб ня ўмёрлі. Візуалізацыя паэтычных нацыянальных сымбаляў, ідэалу незалежнай эўрапейскай краіны – актуальная праграма дзеяньня для айчыннай індустрыі турызму ды маскультуры. Зямля пад белымі крыламі чакае кваліфікаваных у пытаньнях культуры ўласнай краіны вандроўнікаў з фатакамэрамі, балазе сучасная лічбавая тэхніка падобнае паломніцтва дужа спрашчае.

Полацку ў пэўнай ступені тут пашэнціла больш. Сафійскі сабор ды Барысаў камень даўно сталі айчыннымі эквівалентамі Эйфэлевай вежы, прэзэнтуючы ў сьвеце беларускі стыль. Але побытавая культурная прастора гораду засталася ў засені манумэнтаў. Полацку, як сыстэме самабытных лёкусаў, яшчэ належыць у будучыні быць ня толькі асэнсаваным, але й «абжытым» уласнабеларускай навуковай ды мастацкай думкай.

Фотаальбом Івана Каліноўскага й Эрнста Цецярэўскага «Полацак», што выйшаў у выдавецтве «Беларусь» у 2004 годзе накладам 3000 асобнікаў, прадстаўляе новы фармат гэтага старажытнага места.

На фатаздымках паўстае горад-загадка, горад-містэрыя, які шмат бачыў, шмат ведае, але не сьпяшаецца выдаваць свае таямніцы. Горад як інтэлектуальная прыгода, картаграфія якога падначалена ня столькі законам горадабудаўніцтва, колькі інтрыгам і фантазіям гісторыі.

Імпануе ракурс, у якім паўстаюць гарадзкія краявіды, сьцёртыя ад шматлікага тыражаваньня на паштовых марках, значках ды паштоўках і цяпер нібыта рэстаўраваныя фатографам. Падобны эфэкт ствараецца не ў апошнюю чаргу дзякуючы адмысловай падсьветцы на фатаздымках, крыніца якой знаходзіцца долу, нібыта сьвет ідзе з самой зямлі, полацкай зямлі, з глыбіні яе вякоў.

У альбоме не сустрэнеш эпатажу ці экзотыкі – маргінальнага, андэграўнднага Полацку. Гэта парадны партрэт гораду, першай сталіцы беларускай дзяржавы, і дадзены жанр вытрыманы аўтарамі кнігі прафэсійна-бездакорна. Адпаведна, няма на яе старонках і стамляючай эрудыцыі. Горад паказаны ў межах, калі можна так сказаць, школьнай праграмы, яго прэзэнтуюць хрэстаматыйныя аб’екты, якія лёгка апазнаюцца сярэднім абывацелем: гэта культавыя пабудовы, помнікі вялікім землякам… Клясычны стыль места акцэнтаваны зьмешчанымі ў кнізе старымі паштоўкамі з калекцыі Вячкі Целеша.

Сучасныя культурныя актуаліі прадстаўлены факультатыўна – няма выяваў камня ТВЛ, дуба Ластоўскага… Магчыма, тэхналягічныя абмежаваньні выхаду кнігі не дазваляюць пасьпяваць за дынамічнымі тэмпамі зьменаў культурных краявідаў сучаснага Полацку. Цяжка закінуць аўтарам фотаальбому ідэалягічную ці канфэсійную заангажаванасьць – на старонках кнігі прысутнічаюць праваслаўныя, каталіцкія ды ўніяцкія сьвятыні, хрысьціянскія й язычніцкія помнікі, крыжы й камяні.

Упрыгожваюць кнігу панарамныя здымкі. Вока сягае далёка за межы гораду, да ляснога далягляду, усьлед дзьвінскай плыні. І гэта сымбалічна – Полацак заўжды быў больш, чым толькі горад, маркуючы сваім іменем прастору ад Смаленску да Рыгі.

Краязнаўцы з нагоды разбурэньня ў горадзе камяніц сярэдзіны мінулага стагодзьдзя наракаюць, што выгляд Полацку амаль цалкам зьмяняецца на працягу жыцьця аднаго пакаленьня. Мяркую, аўтары фотаальбому ўсё ж патрапілі паказаць тое, што нязьменна ў прыродзе Полацку – яго веліч, узяўшы ў сьведкі непадуладнае руйнаваньню – неба, Дзьвіну, бель сьнегу на стрэхах полацкіх дамкоў.

***

Вы з правінцыі й толькі нядаўна прыехалі ў старажытную крывіцкую сталіцу? Шукаеце правадніка па месцах моцы, пунктаў таго-дзе-адбываецца? Адкладзіце кнігу ўбок. Вамі ніколі не патрапіць у Полацак такім чынам, зрэшты, як і ня ўбачыць Вільні. Чакайце, горад прыйдзе ў вашыя сны – і вы самі станеце тады месцам-дзе-адбываецца-Полацак.

   
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/03/29