A R C H E | П а ч а т а к | № 1,2 (41,42) - 2006 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
СЯРГЕЙ ШЫДЛОЎСКІ | ||||
Беларусь як раман Гісторыю Францыі французы ведаюць па раманах А. Дзюма. На польскую мінуўшчыну палякі глядзяць вачыма г. Сянкевіча. Стваральнікі «лёгкага жанру» ў ХІХ стагодзьдзі зрабіліся архітэктарамі эўрапейскіх нацыяналізмаў. Хіба толькі два народы Эўропы вылучыліся з мэйнстрыму: расейцы, «загадкавасьць» нацыянальнай душы якіх фундуюць раманы Дастаеўскага, дасьледніка этычнага падпольля, ды беларусы, якіх дагэтуль агортвае паэтычная смуга. Яна, смуга, маскуе часам няведаньне прадмета, аб якім вядзецца размова. Беларусь бачыцца на адлегласьці. Прыкладна з ракурсу Яраслаўля. Там яе прымроіў Максім Багдановіч. Калегі з «Нашай Нівы» зладзілі паэту экскурсію па музэйных сховах Вільні. У аб’ёме разгледзеных Багдановічам экспанатаў з калекцыі Івана Луцкевіча беларускi нацыяналiст і ведае сваю Радзіму – элегічную, з налётам музэйнага пылу. Астатняя частка насельніцтва Беларусі да апошняго часу літаратурныя ўражаньні пра сваю краіну чэрпала з грамадзянскай лірыкі расейца Някрасава, нявольнага інсьпіратара лятэнтнага беларускага нацыяналізму. Сэнтымэнтальная паэтычная рэальнасьць мае дзьве крайнасьці: сакральнае, урачыстае, сьвяточнае, якое было рэдукаванае за позьнімі Саветамі да юбілейна-банкетнага моманту, калі ўзроўнем беларускай паэзіі зрабілася вышыня зэдліка, на які паэт заскокваў зь вершыкам «на случай» перад высокім савецкім сходам. Другая крайнасьць – халопскі, калгасны ніз, тое «роднае карэньне», якое вычытваецца зь вершаў Купалы, прозы Гарэцкага, дасьледаваньняў Часлава Пяткевіча. Мы знаходзім сябе недзе пасяродку – паміж беларускім небам і беларускай багнай – у хлудзе чужынскай мас-культуры. Пагражаць небу ці асушаць балоты бессэнсоўна, пакуль ня вымецены з хаты хлуд і не наведзены Парадак, ня створаны культурны канон, што рэглямэнтуе і дух законаў, прыманых у краіне, і форму кухляў у тутэйшых піўніцах. Дубавец, разважаючы пра эўрарамонт у «хрушчоўцы», займаецца выхаваньнем пачуцьцяў і густу айчыннай буржуазіі. Нават тэза пра арыстакратызм беларускай культуры слугуе ўрэшце таксама кшталтаваньню сьветапогляду сярэдняй клясы. Арыстакратызм – прадмет прэтэнзій буржуазіі. Гэтаксама як і нацыяналізм акрамя яе не патрэбны ані арыстакратам, ані пралетарам. Беларусь багатая на песьняроў. Але нацыю фармуе ня песьня, а міт, анэкдот, гістарычная адмена якога і ляжыць у падмурку раману-фэльетону ХІХ ст. Датрымлівацца тэхналёгіяў нацыянальнага будаўніцтва эпохі рамантызму сёньня, вядома, не выпадае. Пасьля Эка прадукаваць раманы ў стылі Дзюма – несамавіта. Жанр «плашча і шпагі» замяніў «культуралягічны дэтэктыў». І тут беларусы не спазьніліся. Мы маем дыхтоўныя тэксты, якія трымаюцца на інтэлектуальнай інтрызе – «Шукаецца клясык» г. Кісялёва, «Загадка Багдановіча» М. Стральцова, творы с. Дубаўца (згадаем, напрыклад, яго эсэ пра таямніцу паходжаньня Максіма Гарэцкага, што справакавала нязвыкла бурлівую палеміку ў айчынным друку). Падобныя кнiгi добра стасуюцца з фарматам сучасных мэдыйных праектаў. Як узор – зборнік Сяргея Дубаўца «Вострая Брама», выбранае з аднайменнага цыклю перадачаў на радыё «Свабода», архіў якога можна знайсьці ў сеціве. Што супольнага ў Дубаўца i Дзюма? Перадусім, мітатворчасьць. Дадам, нацыянальная мітатворчасьць. Па-другое, індустрыйны размах – «Вострая Брама» выходзіць на хвалях «Свабоды» ўжо восьмы год. Гэта інтэрактыўны раман з працягам, галоўнай гераіняй якога ёсьць Беларусь. Дэтэктыўная інтрыга трымаецца на таямніцы яе паходжаньня. Як і ў крымінальна-авантурным аповедзе, у гэтай гісторыі не абыходзіцца без ахвяраў, катаў і герояў. Яна мае містычна-кансьпіралягічны падтэкст, у кулюарах фігуруюць рыцары, масоны, езуіты ды пан Бог. Раман-фэльетон, ускосным наступствам стварэньня якога ў Францыi зьявілася фармаваньне масавай гістарычнай сьвядомасьцi, быў ня толькі новым папулярным жанрам, але і наватарскай мэдыйнай тэхналёгіяй. «Вострая Брама» – таксама экспэрымэнт у імя прарыву да незаангажаванага нацыянальна-культурнай тэматыкай спажыўца, пасярэднік памiж айчыннай гуманiтарнай навукай i масавай сьвядомасьцю. Дубавец адпрэчвае ляўры ідэоляга беларускага нацыяналізму, прэзэнтуючы сябе як літаратара. Але праўдзівы партрэт беларускага нацыяналіста пакаленьня next без дубаўцоўскай «Нашай Нівы» ў руцэ будзе няпоўным. Мы памятаем нашаніўскую публіцыстыку другой паловы 1990-х, якую можна аб’яднаць пад адзіным гаслам – «Ня зломіш!». І цяперашнія тэксты гэтага аўтара заўжды вызначаюцца выразнай інтанацыяй у асьвятленьні сацыяльна-палітычных падзеяў. Беларусь Дубаўца цікавая і небясьпечная. Яе гісторыя – авантурнае чытво, iнтэлектуальная прыгода. Верасовыя пусткі, якія зачароўвалі нас у тэкстах Стывэнсана – тыповы паўночнабеларускі ляндшафт, – асвойваюцца айчыннымі героямі. Кансьпіралягічныя павароты беларускіх сюжэтаў анічым не саступаюць вастрынёй інтрыгам мушкетэрскіх показак Дзюма. Беларусь – гэта чытэльна. Яе насяляюць пэрсанажы, поўныя жарсьці і амбіцыяў, але рухае імі не карысьць, а фаўстаўская цікаўнасьць да сьвету. Беларусь – гэта небанальнае. Разам з апавядальнікам мы выпраўляемся ў вандраваньні – Лёндан, Парыж, Нью-Ёрк – і там знаходзім Беларусь. У суплёце размаітых тэмаў ёсьць у кнізе Дубаўца важная сюжэтная лінія, якую можна назваць «сямейная хроніка». Яна прысьвечана гісторыі моцнай беларускай радзіны на прозьвішча Карлеонэ. Яе шматлікія атожылкі бавяцца лірыкай, дзеляцца на гомельскіх і партызанаў, калекцыянуюць замест скальпаў рукапісы палеглых апанэнтаў. Ня ўсё мы ведаем, многія таямніцы хавае ружовы туман. Такім паўстае на старонках «Вострай Брамы» карціна літаратурнага працэсу ў Беларусі 1920–1970-х гг. Шматгалосьсе ў «Вострай Браме» падтрымліваецца рупнасьцю супрацоўнікаў праекту: Севярынам Квяткоўскім, Сяргеем Харэўскім, Зьмітром Бартосікам, Андранікам Антанянам, а таксама хорам мінакоў на менскіх вулках. Аўтар улучае ў поле беларускай культуры знакавыя падзеі, герояў і ідэі сусьветнай культуры: Сэлінджэр, Кізі, Прэсьлі. Такім чынам ствараецца кантэкст, задаюцца каардынаты нармальнасьці. Выбар пэрсанажаў і твораў абмяжоўваецца збольшага культурнымі іконамі 1970-х. Дубавец застаецца адданы свайму пакаленьню, ягоным эстэтычным густам ды ўпадабаньням. Аўтару даюцца жаночыя вобразы: Арсеньнева, Сарот, Пэгі Лі, Беларусь. Безумоўна, «Вострая Брама» – віленская кніга. Дубавец мае сантымэнт да Літвы. Але яго Вэкаэл – хутчэй антытэза Бээсэсэру, саветчыне – вытвараная сынтэтычным шляхам, а ня колішняя гістарычная рэальнасьць. Так, напачатку, калі адбывалася лёсаваньне гістарычных шанцаў, у Літвы было болей падставаў перамагчы. Але акурат Беларусь сталася тым лятарэйным квітом, на які выпаў для нашага народу супэрпрыз – Незалежнасьць. Беларусь – імя нашага шанцу, і за яго нам трэба трымацца. Чым больш чытаеш выказваньняў пра Беларусь, тым выразьней усьведамляеш, што гаворка ідзе пра розныя краіны. Сама мала іх дзьве. Адна – Беларусь як задача, мэта. Другая Беларусь – дыягназ. Тых, хто спавядаюць першую Беларусь, адрозьнівае тэхналягічнасьць, рацыяналізм. Яны вылучаюць з гісторыі эўрапейскіх нацыяў узоры пасьпяховасьці, каб насьледаваць іх на беларускай глебе і, магчыма, пераўзысьці. Гэта браты Луцкевічы, Багдановіч. Іх адрозьнівае дух спаборнасьці і сацыяльнага аптымізму. Для другіх Беларусь – як радзімая пляма, таўро – назва іхных бядотаў – неразьдзеленае каханьне. Гэта Купала, Гарэцкі, Чорны. Апошніх – большасьць. Дубавец належыць да першых. Ён ведае сакрэт цуду і застаецца верным свайму альхімічнаму праекту. |
(нар. 26.12.1973) – эсэіст, літаратурны крытык. Скончыў гістфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Выкладаў гісторыю культуры ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце. Асьпірант Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклярыстыкі НАН Беларусі. Апошняя публікацыя – «Шляхецкі саслоўны ідэал у творах Яна Баршчэўскага» (Вестник Полоцкого государственного университета. № 7, 2005). Жыве ў Наваполацку. |
|