A R C H E | П а ч а т а к | № 1,2 (41,42) - 2006 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
Scripta manent
Ёмісты том на англійскай мове, прысвечаны Быкаву, не можа не зацікавіць. Але адно – перагартаць, зусім іншае – прачытаць. Кніга спадарыні Гімпелевіч валодае той асаблівасцю, што яе без высілку дачытваеш да апошніх старонак. Гэта тым больш нечакана, што чытача, які занадта даверыцца назве, чакае расчараванне: works прадстаўленыя добра, аднак life займае не настолькі шмат месца, каб прэтэндаваць на месца ў назве. На мой густ, кніга павінна б называцца «Уводзіны ў творчасць Васіля Быкава». У пранізлівым уступе (наймацнейшыя старонкі ў кнізе) аўтарка трапна і пераканаўча характарызуе Быкава як пісьменніка, які стаў голасам пакалення яе бацькоў, пакалення, выцерабленага вайною, людзей, на шмат гадоў пазбаўленых нармальнага жыцця, паўнавартаснай адукацыі, траўмаваных вайною што фізічна, што псіхічна. У наступным раздзеле, грунтуючыся на шырокавядомых у Беларусі ўспамінах пісьменніка, яна апісвае дзяцінства і юнацтва свайго героя, ягоную шматгадовую вайсковую службу. На гэтым біяграфічная лінія перарываецца, каб паўстаць у канцы кнігі ў выглядзе кароткага аповеду пра апошнія гады жыцця пісьменніка, і наперад выступаюць тэксты. Ідучы па старонках шасцітомнага выдання твораў і пазней выдадзеных кніг нават там, дзе выдаўцы не вытрымалі храналогіі, Зіна Гімпелевіч паслядоўна ўводзіць нас у свет герояў Быкава, падобны, але, як мы ведаем, не ідэнтычны (хаця б таму, што ён нашмат вузейшы) свету, у якім пражыў жыццё сам аўтар «Сцюжы» і «Трэцяй ракеты». Задума аўтаркі спачатку не выклікае захаплення. Яна разбірае тэкст за тэкстам, старанна пераказвае сюжэт, сцісла тлумачыць малазнаёмыя заходняму чалавеку савецкія рэаліі. Меркаванні крытыкаў прадстаўляе ў мінімальным аб’ёме, да таго ж абмяжоўваючыся чыста мастацкімі пытаннямі. Грамадскі рэзананс, які для беларускага чытача і сучасніка ёсць неад’емнаю часткаю панятку «кніга Васіля Быкава», застаўся па-за разглядам. Адзіная асабістая рыса пісьменніка, на якой спыняецца спадарыня Гімпелевіч – ягоная беларускасць, якую яна пераканаўча паказвае ад першых апавяданняў да публіцыстычных артыкулаў і прыпавесцяў апошніх гадоў. Адзіная рыса палітычных перакананняў – антысталінізм. Агульныя меркаванні пра творчую манеру пісьменніка, эвалюцыю ягоных поглядаў не ідуць далей за інфармаванне пра ягоную прыналежнасць да «лейтэнанцкае прозы», зацікаўленасць французскім экзістэнцыяналізмам і зварот у познія гады да жанру прыпавесці. Большая частка кніжнай прасторы аддадзеная не асобе мастака слова і ягонаму асяроддзю, але асобам і суплётам лёсу ягоных герояў. Тым не менш, нешта перашкаджае лічыць «Life and Works» дапаможнікам для лянівых студэнтаў-філолагаў, памылкова выдадзеным па-ангельску. Хутчэй за ўсё, гэта глыбокая і шчырая зацікаўленасць аўтаркі, абмежаванні якой паставілі, хочацца думаць, акадэмічныя патрабаванні да ейнае працы. Выклікае станоўчыя пачуцці тое, што спадарыня Гімпелевіч не забылася згадаць пра асаблівасці ролі расійскае мовы ў літаратурным лёсе Быкава і ягоных твораў, пра адрозненні паміж беларускамоўнымі і расійскамоўнымі выданнямі, а таксама ейнае паслядоўнае ўжыванне беларускіх назваў, імёнаў і словаў. Што ж тычыцца ізаляванага разгляду твораў без гістарычнага ды іншага кантэксту, то думаецца, для таго ёсць тлумачэнне. Для далёкага ад былога СССР чытача Быкаў ёсць і, галоўнае, будзе менавіта тым, што ўяўляюць сабою ягоныя творы. Няма сумневу, што сапраўдная біяграфія гэткай яскравай асобы была б цікаваю чытанкаю, дазволіла б чытачу даведацца шмат пра век, час і эпоху, але гэта была б зусім іншая праца. Галоўнае ж –біяграфія, якая магла б у нейкай ступені папулярызаваць асобу, непазбежна б адсунула ў цень творы. У гэткай гіпатэтычнай кнізе было б больш таго Быкава, які быў, але менш – таго, які ёсць і застанецца. Махмуда Газнэві памятаюць з аднае прычыны – гэты валадар не ацаніў, як належала, працу геніяльнага Фірдоўсі, складальніка «Шах-намэ». Кніга спадарыні Гімпелевіч – магчымасць зірнуць на дарагога нам пісьменніка і чалавека вачыма будучыні, калі суцішацца савецка-постсавецкія жарсці і сучасныя палітычныя фігуры і баталіі будуць успрымацца гэткім самым чынам. Дзякуючы ёй мы можам зрабіць гэта сёння: зірнуць і суцешыцца. |
|