A R C H E П а ч а т а к № 1,2 (41,42) - 2006
Пачатак  Цалкам 


1,2-2006
" да Зьместу "

 



аналітыка • крытыка • палеміка • гісторыя • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

Вокладка «Arche» №1,2 2006

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Крытэр дызеля


Апавяданне-2005 / Уклад. А. Бадака. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2005.


Пачаўшы ад красавіка і да канца кастрычніка, я амаль штосуботы сядаю ўранні ў дызель да прыгранічных Брузгоў і еду дваццаць хвілін разам з гурмой гэткіх самых дачнікаў, пераважна за мяне старэйшых, абцяжараных сем’ямі, дзецьмі, унукамі, аматараў (нібы ў творах Ю. Станкевіча) тэлесерыялаў і бульварнай прэсы. У вагоне дызеля я добра пазнаёміўся з жанрам кароткай «балады», якой пэўная катэгорыя гаваркіх пасажыраў цешыць слых менш гаваркіх на працягу сумеснай вандроўкі. Жанр вельмі дэмакратычны. Поспех залежыць у першую чаргу ад смеласці выкладаць сямейныя перыпетыі выпадковым слухачам ды ад узроўню шчырасці. Гэтаксама сціплыя і амбіцыі аўтараў – даволі, каб сплыў незаўважна час, разагналася ранішняя млявасць або сцішылася стомленасць пасля «адпачынку» на градах.

Пераважная частка гісторый ёсць пераказам падзей з кола сваякоў і знаёмых, не абцяжараным ані спробамі захаваць аб’ектыўнасць (якая, аб’ектыўна кажучы, была б і не да месца), ані канцэптуальнасцю ці спробамі інтэрпрэтацыі (бо высновы, калі яны ёсць, звычайна абмежаваныя труізмамі жыццёвай мудрасці, а ў партрэтаванні персанажаў валадараць растыражаваныя тэлевізарам і «Камсамолкай» клішэ). Гэта не заганы, а патрабаванні жанру: інакш як растлумачыць за некалькі хвілін змест сямейнай драмы выпадковаму і не надта зацікаўленаму слухачу?

Пагартаўшы анталогію «Апавяданне-2005», я выпрацаваў крытэр дызеля: вартай разгляду робяць кнігу тэксты, што стаяць вышэй за пачутае ў вагоне. Адказам на творы, адзіным зместам якіх ёсць прымітыўная факталогія жыцця жанчыны-гаротніцы, шаблонныя ўспаміны новага гараджаніна пра падрабязнасці юначага кахання на элегічным вясковым тле і да т. п. можа быць толькі аналагічная гісторыя, расказаная аўтару. А для гэтага трэба сустрэцца з ім на супрацьлеглых лаўках у вагоне дызеля. Тым, хто хоча пазнаёміцца з жанрам, раю «Марусю» Навума Гальпяровіча – коратка, дыхтоўна і з поўным захаваннем канона.

Пасля прасейвання з сарака шасці тэкстаў засталося менш за палову. Прапорцыя не самая прыемная, але каб гаварыць пра апавяданні беларускіх пісьменнікаў, давядзецца адкінуць яшчэ сёе-тое. Ганад Чарказян, перакладзены ўсёведным сп. Барадуліным, прадставіў цікавы твор, але выглядае ў кнізе госцем. «Крыж на хутары» Уладзіміра Мароза належыць хутчэй да жанру нарысаў або мемуараў, і ягонае змяшчэнне не робіць гонару складальнікам.

Застаецца два дзесяткі апавяданняў, дзе выразна прысутнічае намаганне стаць вышэй за простае паведамленне, гісторыяў, пабудаваных з веданнем законаў мастацтва: тэкстаў у высокім значэнні слова. Але нездарма тут слова «намаганне»: А. Глобус і М. Вайцяшонак, Л. Маракоў і г. Багданава, Р. Баравікова і Л. Дранько-Майсюк, У. Сцяпан і У. Міхно, на маю думку, маглі б выглядаць нашмат цікавей, і гэта зноў жа нагода падзівіцца выбару складальнікаў. Баюся, што не адзін з аўтараў, з чыёю творчасцю я знаёмы ў меншай ступені, таксама мае апавяданні, якія характарызавалі б яго з лепшага боку. Альманах не вельмі прыдатны, каб скласці ўражанне пра пісьменнікаў: гаварыць даводзіцца пра канкрэтныя творы.

Г. Багданава з «Белай ружай...» ды А. Крэйдзіч з «Небакраем, за якім нічога няма» прыцягваюць спробамі асэнсаваць постсавецкія зрухі ў грамадстве і свядомасці. На вялікі жаль, творам не хапае канцэптуальнай цэльнасці. Фрагментарнасць аўтарскіх уяўленняў абясцэньвае каляпалітычную «злобу дня», іншы раз да ўзроўню кан’юнктуршчыны. Герой Крэйдзіча кранае сваім адчайна-наіўным пошукам «месца для подзвігу» ў сваім жыцці, але адсутнасць у ягонай горычы хаця каліва ацэнкі падзей мінулага (БАМ, Афганістан) выглядае нават большаю нацяжкаю, чым сумнеўная храналогія. Постаць Сілуяна-Славы з праваслаўнага кляштара, якога Багданава чамусьці называе раз юнаком, іншы – старцам, пададзеная нагэтулькі ўмоўна, што хочацца папросту перагарнуць старонку: але застанецца банальная гісторыя пра нераздзеленае (і хутчэй за ўсё нетрывалае) юнацкае пачуццё.

Тэма кахання, складанасці пошукаў роднаснай душы ў неспазнаным маладым чалавекам свеце паўстае ў «Ясным ранкам у Пінар-дэль-Рыа» А. Бравы. Калі ў ейнай аповесці «Каменданцкі час для ластавак» грамадска-палітычная экзотыка Кубы пераважае, у апавяданні яна толькі ўдала дапаўняе характарыстыку гераіні. Без непрымання агрэсіўнага прымітывізму фідэлеўскага рэжыму, без горкага «Чаму ім не сорамна гэтак жыць?» партрэт маладой ідэалісткі выглядаў бы саладжава і непераканаўча. Пісьменніца даводзіць: адухоўленая асоба не можа заставацца раўнадушнаю да грамадска-палітычных пытанняў, і ў гэткім кантэксце згадка пра ёга-рэвалюцыянера Шры Аўрабінда выглядае не снабісцкім прыбамбасам, якія гэтак любіць сп. Рублеўская, а вынікам працяглых пошукаў ідэалу. Вось гэтага не хапае героям апавядання Багданавай: натуральнай для чалавека з высокім духоўным развіццём увагі да навакольнага свету, памкнення без самацэнзуры асэнсоўваць ягоныя «добра» і «дрэнна».

Але заморскія дзівосы неабавязковыя. г. Каржанеўская ў «Кватаранце» распрацоўвае тэму каштоўнасці для грамадства цэласнае асобы, не выходзячы па-за межы адносін свайго героя з любімай жанчынай ды з гаспадынямі кватэр, якія ён здымае. Будзённымі дробязямі прыватнага жыцця малюецца партрэт сімпатычнага апартуніста, якога інстынкт да падладжвання і хамелеонства вядзе да душэўнае няспеласці, страты дарагога чалавека і жыццёвай беспрытульнасці. Грамадскі кантэкст прысутнічае па-за фокусам, але надае апавяданню моц правакаваць чытача на не абы-якія пытанні: якое ж жыццё могуць пабудаваць для сябе ды іншых гэткія людзі?

«Аніякага жыцця яны не пабудуюць!» – голасна, упэўнена і імпэтна адказвае Ю. Станкевіч («У начы гучней бруяць фантаны»). Ягонай антыўтопіі змушана верыш, нават калі верыць не хочацца, нягледзячы на амаль што да прымітыўнасці сціплыя выяўленчыя сродкі. Змрочны Станкевіч пераконвае цэльнасцю светабачання, наяўнасцю катэхітычна простых адказаў на ўсе пытанні, вераю ва ўласныя словы. Ён не гуляе, а тлумачыць, не стварае дзеля любові да чыстага мастацтва, а перасцерагае. Ягоная вера простая і цвёрдая, як у Морфіюса са слыннай «Матрыцы», і гэткі тэкст не можа не пакінуць следу ў памяці чытача.

Па кантрасце, шэраг апавяданняў можна залічыць да жанру літаратурнай гульні. П. Васючэнка ў «Бэзавай аблачынцы-2» апявае сустрэчу ў рэальным жыцці з гераіняю свайго даўняга апавядання, і трэ’ сказаць, гэтая сустрэча прынясе чытачу больш асалоды, чым «аблачынка» № 1: у апавяданні напоўніцу разгарнуўся іранічна-інтэлігентны талент пісьменніка. Р. Баравікова ў «Лотаці мёртвага пляжа» знаёміцца з тапельцам на пінскім пляжы, але, на жаль, незразумела, чаму гэтую прыгоду a la Брэм Стокер яна палічыла вартай апавядання, бо больш там анічога не адбываецца, а сам тапелец хаця і сімпатычны, але нічым не цікавы, і гісторыя атрымоўваецца пуставатая, аўтарызаваны пераказ старога рамантычнага апавядання. Я. Сіпакоў («Русалка») таксама звяртаецца да старажытнага сюжэта пра дачыненні людзей і русалак, але з вялікім майстэрствам трымае напружанне ад першага да апошняга абзаца. «Апошні ваўкалак» А. Каска працягвае несмяротную тэму кахання і чараўніцтва.

Абысці крытэр дызеля на полі «чыстага рэалізму» ў кароткім апавяданні можна праз якасць: дасканала выштукаванаю мастацкаю формаю, псіхалагізмам, здольнасцю адлюстраваць дух эпохі, выразнасцю ашчадна адабраных дэталяў.

Тут дарэчы будзе сказаць колькі добрых словаў пра псіхалагізм, з якім чытач буйнейшых формаў апошнім часам амаль не сутыкаецца. «Паўночна-каталіцкі», паводле вызначэння «НН», Ф. Сіўко («Бацечка Зэн») прываблівае зваротам да гісторыі, але бліжэйшае знаёмства з апавяданнем крыху расчароўвае: глыбейшы пласт закапаны настолькі глыбока, што яго ці не цалкам даводзіцца дадумваць за аўтара. Апавяданне, аднак, уражвае (сапраўды адчуваецца каталіцкая закваска) прыкладамі някідкай падзеленасці беларускага грамадства, дзе кожны ўпэўнены ў сваёй стоадсоткавай правільнасці ды ў няпоўнай правільнасці іншых – і таму суседа лёгка аддаюць ворагу, кім бы ён ні быў: пошасцю або захопнікам-іншаземцам, а праява салідарнасці выглядае незразумелым выбрыкам.

Адчуваеш сапраўдную асалоду ад «Уцёкаў на край дажджу». А. Бадак праз дробязі і кароткія рэплікі малюе, як паволі адпускае сям’ю напружанне пасля страшэннай аўтакатастрофы, як вяртаецца жыццядайная моц да адвечнага суцяшэння чалавека – пачуцця кахання да блізкіх. Захапляе дакладнасць і далікатнасць, з якой аўтар адсочвае дробныя, але бясконца важныя «падзеі» сямейнага жыцця: асобныя словы, рухі, позіркі, паўзы. Кавалкі нутраных маналогаў гарманічна кладуцца ў агульную плынь дзеяння, словы і думкі персанажаў па-майстэрску індывідуалізаваныя, жыццесцвярджальная пасылка выглядае натуральна і пераканаўча.

Ва унісон гучыць «Кашулька-татулька...» М. Станкевіча. Сюжэт немудрагелісты (парушаную повязь паміж мужам і жонкаю аднаўляе наіўная любоў маленькага сына да бацькі) і лёгка мог бы стацца падставаю для вагоннае навелы. Але гэтак у вагоне не апавядуць. Там, хаця трошкі, будуць смакаваць падвойнае жыццё мужа, не здолеюць перадаць напружання нібыта беззмястоўнай размовы за сямейным сталом, павольнае і складанае выспяванне рашэння, без якога не мае сэнсу марнаваць словы на апісанне эфектоўнага, але павярхоўнага знешняга дзеяння.

Іншым шляхам пайшлі А. Бутэвіч («Вацікаў выбрык»), У. Дамашэвіч («Крайняя авечка»), А. Наварыч («Ліса ў тумане»). Ключавое месца ў іхніх творах займаюць нетыповы ўчынак і ягонае тлумачэнне. Апавяданні пакідаюць уражанне добра расказанай займальнае і павучальнае гісторыі. Важна, што выключнасць падзеі не зводзіцца адзіна да п’янкі (некалькі іншых аўтараў відавочна перакананыя, што дэталёвае апісанне выпіўкі – вычарпальна дастатковая падстава для апавядання). Але нібыта просты прыём раскрыцця і тлумачэння ўдаўся не ўсюды. У «Графіці» А. Федарэнкі ўсё нібыта на месцы. Апавяданне хочацца назваць удалым. Але змест выслізгвае з памяці, постаць галоўнага персанажа расплываецца. Ключавая сцэна – несправядлівае асуджэнне падлетка за бязглузды надпіс на плакаце ў школе – не прапісаная, а пераказаная: яе не бачыш, не ўяўляеш асобаў удзельнікаў, і ўражанне несправядлівасці атрымліваецца недастаткова моцнае, каб паверыць у фатальны ўплыў на далейшы лёс героя. Замест жыццёвых аналагаў гісторыі пачынаюць вышуквацца літаратурныя паралелі, і тэкст, нягледзячы на добры ўзровень, набывае адценне другаснасці.

Пераглядаючы альманах, пачынаеш разумець крыніцы некаторых самаацэнак. Вось старанна адшліфаваная проза Б. Пятровіча ззяе ў атачэнні вагонных гісторыяў што той дыямент. Але згадваецца перамога Баскава над Газманавым: Баскаў выйграе несумненна, музыка застаецца, дзе была. «Фрэскі» ўздымаюцца над сярэднім узроўнем на дзесяць паверхаў, але што гэта за ўзровень і якой вышыні паверхі?

Калі параўноўваць мініяцюры аўтара «Пуціны» (не толькі змешчаныя ў альманаху, але і з тома «Шчасце быць...») з вышэйразгледжанымі апавяданнямі, бачыш розніцу: тыя аўтары змагаюцца і перамагаюць жыццёвы матэрыял, сп. Пятровіч змагаецца (і перамагае) словы і знакі прыпынку. Ягоныя дасягненні, хаця і несумненныя, не выходзяць за межы хараства формы ды прыгажосці фармулёўкі, у той час як іншыя, хай сабе менш кідкія, тэксты прымушаюць зазірнуць у глыбіню падзеі, адчуць рух думкі і пачуцця героя – а не толькі самога пісьменніка.

Можна параўнаць «Фрэскі» і з «Кароткімі былямі» А. Зэкава, дзе кожная карацелька не толькі прыпавесць, але і партрэт ва ўсёй чалавечай непаўторнасці. Два ў адным, як кажа рэклама. Шматаблічная ісціна пераконвае мацней, наяўнасць паўнакроўных герояў выклікае давер да пісьменніцкіх канцэпцый, які немагчыма заваяваць самым бліскучым сілагізмам. Творы Б. Пятровіча ўпрыгожваюць альманах, але, хай даруюць мне яшчэ адну музычную метафару, гэта Сальеры. Добры кампазітар, але Моцарт – лепшы.

Наўрад ці па кнізе, дзе кожны з аўтараў, і не заўсёды ўдала, прадстаўлены адным творам, можна меркаваць, хто ў нас Моцарт. Але падаецца дарэчным паразважаць пра вытокі памылак складальнікаў, за якія, думаецца, неаднойчы будуць іх папракаць пакрыўджаныя аўтары. Перш за ўсё, чаму гэткім прывабным выдаўся дызельны фармат? Падаецца, гады масіраванага наступу маскульту, а дакладней, бескультур’я, не прайшлі дарма. Ціск да зніжэння культурных стандартаў пакінуў след што ў пісьменніцкай, што ў рэдактарскай свядомасці: не самі ж чытачы пішуць, рэдагуюць, выдаюць або пускаюць у эфір бульварныя газеты і pulp fiction, безгустоўныя серыялы і бяздумныя праграмы. Ваяўнічае бескультур’е з рэзервацыі антыўтопіі ўжо даўно выйшла на прастору рэальнага жыцця, з эфіру FM-станцый пратачылася ў тэатральныя залы, з бульварнай прэсы, якую гартаюць у вагонах прыгараднага дызеля, цішком перабіраецца на старонкі выданняў вышэйшага ўзроўню. Працэсы дэградацыі літаратуры адбіваюць логіку грамадскіх пераўтварэнняў.

Цікава і сімптаматычна, што ў альманаху толькі Ю. Станкевіч – і тое ўскосна – закранае гэтую тэму. Іншыя нічога не заўважаюць? Яшчэ не заўважаюць? Ужо не заўважаюць? Ці тыя апавяданні не ўваходзяць у лік «лепшых твораў айчынных пісьменнікаў, напісаных у гэтым жанры за апошнія гады»?

Калі замоўчванне нават важнае тэмы можна зразумець – не можа, урэшце, адзін альманах змясціць усяго, – недахоп патрабавальнасці растлумачыць цяжэй: дзеля гэтага дадатковыя старонкі не патрабуюцца, ды і крытэр тут нескладаны. Мастацкі твор побач з выразным выкладаннем і дакладным малюнкам павінен утрымліваць пэўную ступень канцэптуалізацыі жыццёвага матэрыялу. (Добрым прыкладам тут будуць «Сяброўкі» Л. Рублеўскай, якая выразна кажа, што апісвае пэўны тып людзей.) У выпадку недахопу канцэптуальнасці атрымліваем або невыразную «баладу», або эцюд-замалёўку (хай сабе «Аўдольку і Міхалку» Л. Дранька-Майсюка, выкананую прафесійна). Ніжэй гэтай мяжы апавяданне выраджаецца ў паведамленне, творцу заступае пераказчык.

Калі ж, як у шмат якіх творах Б. Пятровіча або У. Сцяпана (прадстаўленага «Вяртаннем»), якія нібы вартуюць з двух бакоў іншую мяжу, канцэптуалізацыя перамагае жыццёвы матэрыял і пачынае распраўляцца з апошнімі слядамі прыватнага выпадку, атрымліваецца ізноў жа не апавяданне, а нешта іншае. Можа, эсэ, тут патрабуецца распрацаванасць аўтарскае думкі, або прыпавесць, тады неабходная празрыстасць жыццёвае навукі. Тэксты, створаныя на мяжы, пакутуюць на невыразнасць задумы і з цяжкасцю знаходзяць свайго чытача. Тое, што складальнікі «Апавядання-2005» легкадумна паставіліся да «жанравай чысціні», не прынесла карысці ані кнізе, ані прэзентаваным аўтарам.

Няўвага да жанравае прыналежнасці, недастатковая патрабавальнасць да ўзроўню, адсутнасць некаторых імён могуць тлумачыцца хіба што імкненнем складальнікаў альманаха да самазаспакаення. Гэта адчуваецца ўжо ў анатацыі, дзе ўсе прадстаўленыя творы залічаныя да найлепшых за апошнія гады, але найяскравей падкрэсліваецца шэрагам фатаздымкаў парадна-справаздачнага кшталту. У выніку, нягледзячы на наяўнасць моцных твораў, кніжцы наканавана выглядаць непрадстаўніча і, выбачайце, несур’ёзна. І гэта пры тым, што ідэя сабраць пад адной вокладкай найлепшыя апавяданні здольная выклікаць авацыю, і нават з улікам, што сам Саламон, наважыўшыся скласці альманах кароткага апавядання, не пазбегнуў бы памылак.

  крытык літаратуры. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – аналіз «Прымус захапляцца»
(6/2005). На думку Леаніда Дранька-Майсюка і Рыгора Сітніцы, выказаную ў палеміцы «Пісьменьнік і перамога» (Народная Воля. 2005. 20 кастрычніка), Даніла Жукоўскі – «эстэтычна глухі пачатковец ад крытыкі», а само яго «імя нічога істотнага нам не гаворыць, таму яго ня згадваем».
   
Пачатак  Цалкам 

№ 1,2 (41,42) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/01/15