A R C H E П а ч а т а к № 10 (50) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


10-2006
" да Зьместу "

 



крытыка • аналітыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ПАВАЛ АБРАМОВІЧ

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Павал Абрамовіч
Больш, чым сшытак


Літаратурны сшытак // Наша Ніва. 2006. 26 траўня. № 19.
Літаратурны сшытак // Наша Ніва. 2006. 30 чэрвеня. № 24.
Літаратурны сшытак // Наша Ніва. 2006. 21 ліпеня. № 26.
Літаратурны сшытак // Наша Ніва. 2006. 11 жніўня. № 29.

Літаратура – гэта жменька солі, прыхаваная на чорны дзень.

Міларад Павіч

Неяк я набываў пэрыёдыку ў незалежных распаўсюднікаў. У продажы меліся тры апошнія нумары «Нашай Нівы» (№№ 23, 24 і 25). Мне быў патрэбны канкрэтны нумар «НН», 24-ты, і як выявілася, ён застаўся ў адзіным экзэмпляры, у адрозьненьне ад астатніх – іх ляжалі стосы. Што было такога сэнсацыйнага ў тым нумары? Чаму менавіта ён, а не 23-ці ці 25-ты, гэтак хутка разышоўся? На мой погляд, уся справа ў чарговым «Літаратурным сшытку» («ЛС»), які друкавала газэта.

Новы праект «Нашай Нівы», «ЛС», вельмі запатрабаваны, як і яе калядныя нумары (іх мы абавязкова разгледзім асобна). Дарма што нядобразычліўцы кажуць пра нашаніўскія калядныя нумары і нумары з «ЛС» як пра «лёгкія», многія з чытачоў «Нашай Нівы» ад 1991 г. – пачатку выданьня адноўленай вэрсіі газэты – вылучаюць у ёй менавіта літаратурна-мастацкую частку.

Сьвіньні-касманаўты і беларускі паэтычны пэсымізм

Франц Сіўко. «І наша сьвядомасьць цынічна маўчала». Маркотна-засмучоныя дзёньнікавыя запісы віцебскага пісьменьніка пра сучаснае жыцьцё і літаратуру. Трапныя характарыстыкі («Як дыктар ці дыктарка на нашым тэлебачаньні – абавязкова зласьлівы») мяжуюць з мудрымі разважаньнямі («Больш, чым само нават пачуцьце нацыянальнае прыналежнасьці, нармальных людзей можа яднаць факт яго абразы»).

Ня толькі Сіўко, але і іншыя старэйшыя беларускія пісьменьнікі вяртаюць моду часу Івана Шамякіна на «прыжыцьцёвае» друкаваньне ўласных прыватных запісаў. Такое ўражаньне складваецца, калі бачыш, зь якой рэгулярнасьцю і імпэтам зьяўляюцца ў нашых часопісах і газэтах чарговыя часткі дзёньнікаў прызнаных майстроў слова, якія быццам спаборнічаюць між сабою ў «глыбакадумнасьці». Між тым у Расеі фрагмэнты дзёньніка Міхася Прышвіна за 1930 г. былі надрукаваныя толькі ў мінулым годзе (Отечественные записки. 2005. № 5–6), як і Аляксандра Твардоўскага за 1970 г. (Знамя. 2005. № 9–10). Сапраўды, ці варта з гэтым сьпяшацца?

Абсурдысцкае апавяданьне сталага аўтара «Нашай Нівы» Паўла Касьцюкевіча «ССК-1», пра першага беларускага сьвіна-скарбонку-касманаўта, многім прыйдзецца даспадобы: «Ён дасылае поштаю ўсе заробленыя баксы і ў лістах просам просіць сваіх бацькоў ня кідаць у выбарчыя скрыні ўстаўных сківіц. <...> Па гулкіх калідорах касьмічнае станцыі гайнямі бегаюць байструкі Белкі і Стрэлкі. Салянка ў цюбіках даўно скісла». Такі гармідар, такая адзінота!

У «Як дарасьці нам да паўстаньня» крытык Даніла Жукоўскі разглядае раман прэзыдэнцкага стыпэндыята Алеся Наварыча «Літоўскі воўк» (статусны твор, зь якім варта азнаёміцца). Як сьцьвярджае Жукоўскі, вострапалемічная галоўная ідэя раману – «наканаванасьць каляніяльнага лёсу Беларусі» – знайшла адпаведнае мастацкае ўвасабленьне.

Падаецца заканамерным тое, што «Наша Ніва» зьмяшчае ў «ЛС» літаратурна-мастацкую крытыку: апошняя – аніякая не спэцыфічная галіна літаратуразнаўства, навуковая дысцыпліна, а самастойны род творчай дзейнасьці. Згадайце бліскучыя эсэ «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» Алеся Адамовіча ці «Загадку Багдановіча» Міхася Стральцова. Літаратуразнаўчымі працамі іх язык не павернецца назваць.

У першым «ЛС» прыклад такога свабоднага лунаньня думкі – эсэ Аляксандра Фядуты «Два прарокі ў сваёй Айчыне». «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Ўладзімера Караткевіча і «Вершалінскі рай» Аляксея Карпюка: што паміж імі супольнага? Крытык экспрэсіўна апавядае пра сваё бачаньне, успрыняцьце гэтых мастацкіх тэкстаў, заахвочвае чытача да перачытаньня айчыннай клясыкі. Зь Фядутам хочацца спрачацца – асабліва наконт таго, што «простыя людзі», для якіх, на думку крытыка, пісалі згаданыя вышэй аўтары, «кніг не чытаюць», а таму «сьветлае прароцтва Караткевіча і змрочнае прароцтва Карпюка ў роўнай ступені не былі пачутыя». Далібог, я ўвесь час думаў, што кнігі Караткевіча зьвернутыя найперш да інтэлектуалаў, каб яны памяталі: народ ня чуе сваіх прарокаў, але гэта ня значыць, што ім (інтэлектуалам) можна адмаўляцца ад сваёй місіі.

Славуты Готгальд Эфраім Лесінг, дзякуючы высілкам перакладчыка Алеся Яцэвіча, загучаў па-беларуску. Жыцьцесьцьвярджальныя вершы пісалі паэты раней: «Nie skažu, ci daviadziecca / Zaŭtra dzień pražyć. / Tolki ŭsio ž kali pryjdziecca / I butelka padviarniecca - / Budu zaŭtra pić!» Дысанансам гучаць галасы некаторых маладых беларускіх творцаў, чые вершы зьмешчаныя ў гэтым жа нумары «Нашай Нівы». Яны ня тое што жыцьцё, творчасьць адмаўляюць: «Бо пасьля, як усе мы загінем / І згніюць у зямлі карані, / На ўспаміны нашчадкам пакінем / Не паперу – адны камяні (Юрась Нераток. «Без натхненьня») ці «кнігі паміраюць <…> іх рассоўваюць па ўсіх вуглах дому / ператвараючы яго ў вялікі кніжны могільнік / тых чые імёны ўжо нічога ня кажуць / зносяць на паддашак / дзе яны па дваццаць асобнікаў у адной каробцы / як у брацкіх магілах» (Вальжына Морт. «Памяці кнігі»).

Махавік помсты і нобэлеўка для ўсіх нас

Другі «ЛС» (№ 24 «НН») адкрываецца інтэрвію зь пісьменьнікам Адамам Глёбусам пад назвай «У палітыцы трэба, каб тыя, хто прайграў, маглі працягваць гульню». Гэтае інтэрвію ня ўпісваецца ў канцэпцыю «ЛС», бо ў ім ані слоўца пра літаратуру, мастацкую дзейнасьць. Адно што аўтар «сУчасьнікаў» апавядае казку ў адказ на пытаньне пра тое, як дачакацца зьменаў у беларускім грамадзтве. Цікавую, трэба сказаць, казку, я такой раней ня чуў.

Усевалад Гарачка зьмяшчае чарговую нізку сваіх вершаў. Некаторым мо спадабаецца манатонны, як цяжкая будзённая праца, верш «Жыў на сьвеце рабочы…», а я вылучу наступнае трохрадкоўе паэта: «Возера – старасьць. / Гэта рэчка спынілася ўспомніць / Сваё мінулае».

Павал Касьцюкевіч у гэтым «ЛС» выступае як перакладчык з габрэйскае: за магчымасьць прачытаць па-беларуску беззаганнае з усіх бакоў апавяданьне ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта «Адыдасы» – дзякуй яму вялікі. Што вылучае сапраўднага пісьменьніка? Свая гісторыя і здольнасьць яе распавесьці. Керэт, чые апавяданьні друкаваліся ў «НН» у розныя гады, мае і першае, і другое. У «Адыдасах» Керэт ня проста выправіў чытача ў экскурсію лябірынтамі ўразьлівай дзіцячай псыхікі, ён паказаў, што дзеля таго, каб застацца чалавекам, трэба своечасова бурыць махавік нянавісьці і помсты, які раз ад разу запушчаюць у нашых душах чужыя спрактыкаваныя рукі.

Валянцін Тарас у «Беразе даверлівага пляча» апавядае пра сваё сяброўства з паэткай Яўгеніяй Янішчыц. Памяць, гавары! «Калі разьвітваліся, Жэня раптам неяк панікла, твар пастарэў, вялізныя шэра-зялёныя вочы глядзелі журботна». Чым аддзячыць лёс за такія сустрэчы, за такую невымоўную пяшчоту і «блізкасьць без набліжэньня» (радок з аўтографу паэткі аўтару «Берагу…»)? Толькі вось гэтымі ўспамінамі…

Натуралістычны фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча «Як тры дзяды ў лазьню хадзілі», які нагадаў мне творы француза Эміля Заля, чамусьці апынуўся ў «ЛС» (на сайце «Нашай Нівы» прыкрая памылка выпраўленая – фотарэпартаж можна пабачыць у адпаведным разьдзеле). Якасьць фатаздымкаў вельмі нізкая – з-за кепскага друку газэты. Можа, то і добра, бо відовішча, шчыра кажучы, не для ўсіх.

Літаратурна-крытычны тэкст Уладзімера Някляева ёсьць прадмоваю да кнігі выбранага Рыгора Барадуліна «Руны Перуновы», а таксама тыповым узорам «пісьменьніцкай» крытыкі. Паэт-крытык вядзе гаворку ня толькі пра паэзію Барадуліна (пункцірна, па-багдановіцку: «Нязмушанасьць мэтафары, палётная лёгкасьць радка, электрычнай дугой са словам счэпленае слова…»), але і пра літаратуру наагул, і словы яго суворыя, важкія, прапушчаныя праз уласнае сэрца: «Субяседнікі Паэта – Ён і Яна. Бог і Вечнасьць. Больш размаўляць Паэту няма з кім і няма пра што».

Някляеў – нечуваная зьява для беларускай літаратуры – прызнае першынство над сабой іншага паэта. «Роўных яму няма сярод сучасьнікаў», – піша ён пра Барадуліна. Нехта скажа, маючы на ўвазе кампанію ў вылучэньні Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію: «Гэтае прызнаньне – у імя агульнай перамогі». Можа быць. Тым больш што Някляеў адкрыта кажа, што «паэтычнае дойлідзтва» Барадуліна заслугоўвае гэтай высокай узнагароды.

Перачытваньне апавяданьня Міхася Стральцова «Смаленьне вепрука» абуджае ў душы Аляксандра Фядуты ўспаміны пра сваё маленства і родных (эсэ «Недамоўленае»). А я, чытаючы ў «ЛС» пра тое, як дзед Фядуты засмаліў вепрука Ваську, а дзеці адмовіліся яго есьці, згадаў таксама асабістае: як калісьці мой дзядуля зранку закалоў цялятка, што яшчэ ўвечары так сьмешна хавалася за сваю матулю, у хлеўны закуток, і мы, малыя, даведаўшыся пра забойства, плакалі ўголас. І зноў мне стала сумна.

Падчас чытаньня літаратурных твораў і эсэістыкі кожны згадвае сваё, і гэта цалкам натуральна, бо гэта вынікае з спэцыфікі мастацкай дзейнасьці. Дарэчы, бачыць зьнітаванасьць усяго з усім вучыў і сам Стральцоў.

Бесы нашага ТБ і «распад душы»

Аляксандар Апон у фантастычным апавяданьні «Азіятка і кампанія», якім пачынаецца трэці «ЛС» (№ 26 «Нашай Нівы»), стварае неверагодную ў мастацкай пераканальнасьці трагікамічную атмасфэру. Маленькія злыя духі, якія немаведама адкуль узяліся, прымушаюць беларускую сям’ю глядзець «роднае» тэлебачаньне. Пры гэтым яны бесьперастанку брыдкасловяць, лезуць біцца зь людзьмі, наводзяць вэрхал у кватэры, цягнуць прадукты зь лядоўні і жаруць чыпсы на падлозе, гледзячы канцэрт «За бацьку!». Пазбавіцца ад «тэбэшных» д’ябальчыкаў няпроста, але не хвалюйцеся, нашыя перамогуць.

Анджэй Стасюк. Апавяданьне «Васіль Падва» (пераклад Марыі Мартысевіч). Змаганьне чалавека са стыхіямі не прыносіць плёну, а мара зьехаць у далёкую краіну застаецца нязьдзейсьненай. Сапраўды, навошта «быць багатым, мець болей, чым меў дагэтуль»? І ў каго ператвараецца чалавек, які адмаўляе сабе ва ўсім, робіцца закладнікам ідэі і нават на прыроду пачынае глядзець праз прызму грошай («Каменьне мела колер лінялых капэрнікаў, а маленькія стронгі зіхцелі на сонцы, як срэбныя пятакі»)? Правільна, у фанатыка. Аднак грошы гэты польскі літаратар усё ж вельмі прыгожа апісвае: «Сотні, якія мелі колер полымя, пяцідзясяткі, зялёныя, як вада, і дваццаткі, бурыя, як дым». Так і хочацца патрымаць іх у руках.

«Мне няма што сказаць, я маўчу. Ў маім целе / ані кроплі сіл, у душы – распад. / Каб забыцца, нырцую у радыё- й тэле- / акіян. Падкажы мне дарогу назад», – просіць у паэме «Дывэртысмэнт для ІК» Сяргей Прылуцкі. Спачатку, Сяргей, вам трэба выкінуць тэлевізар, як зрабіў гэта герой апавяданьня Апона (гл. вышэй).

Адэпт нонфікшну і паэзія змаганьня

Чацьверты «ЛС» (№ 29 «НН») пачынаецца з апытаньня «Хто народны?». Газэта паспрабавала высьветліць, хто з сучасных беларускіх літаратараў варты званьня Народнага пісьменьніка. Апытаньне і ягоныя вынікі (вартымі гэтага званьня большасьць беларускіх творцаў назвала Алеся Разанава і Генадзя Бураўкіна) выклікалі палкую палеміку ў Інтэрнэце і на старонках газэты. Асабіста я лічу, што ва ўмовах, калі наша грамадзтва імкліва губляе цікавасьць да мастацкага слова наагул і дзічыцца ўсяго беларускага, спачатку трэба аднавіць прэстыж кнігі, а потым – нацыянальнай літаратуры.

Дзеля таго, каб даведацца, што значыць для пісьменьніка Андрэя Федарэнкі рэалізм як мастацкі мэтад, варта працытаваць наступныя словы зь ягонага інтэрвію, зьмешчанага ў гэтым «ЛС»:

Там (у аповесьці «Нічые». – П. А.) 90 % дакумэнтальных зьвестак. Я два гады працаваў над кнігай. Мне вельмі дапамог гісторык Ляхоўскі… Ён даставаў мне такія фантастычныя рэчы, якіх дакладна ня бачыў Быкаў са сваёй аповесьцю «На Чорных Лядах». Мне было проста непрыемна чытаць яе, бо там узяты эпізод са змаганьня УПА, а Быкаў перавёў гэта на Слуцкі збройны чын, дзе быць такога не магло.

Я не разумею Федарэнкі: як можна ставіць знак роўнасьці паміж жанрам нонфікшн, паводле канонаў якога створаны «Нічые», і мастацкай літаратурай (аповесьць «На Чорных Лядах»), і з гэтай пазыцыі крытыкаваць Быкава, крыўдаваць на яго? Дакумэнталіст карпатліва вывучае гістарычныя крыніцы, імкнучыся да аднаўленьня ходу падзеяў, літаратар вырашае пэўныя мастацкія задачы і дзеля таго наўмысна скажае рэчаіснасьць. Іншымі словамі, «Нічые» лягічней было б параўнаць з творам накшталт «Я з вогненнай вёскі».

Амаль усе вершы, зьмешчаныя ў чацьвертым «ЛС», можна аднесьці да грамадзянскай лірыкі. У час, калі ў краіне пануе жорсткасьць, страх і адчай, маладыя беларускія лірнікі не губляюць веры ў перамогу: «Сьлязьмі сплылае сэрца зноўку ўсьміхаецца. / Сны мрояць рэшткі муроў. / Ды гучыць палянэз, не спыняецца. / Ды вітае свабода сваіх ваяроў» (Юры Стасінскі, «Разьвітаньне з інсургентам»).

* * *

  крытык літаратуры. Рэгулярна друкуецца ў «ARCHE».
   
Усяго ў чатырох «Літаратурных сшытках» было зьмешчана 5 апавяданьняў і 50 вершаў1. Чытачу таксама былі прапанаваныя нататкі, рэпартажы, інтэрвію, апытаньне, партрэтны і падарожны нарысы, успаміны, эсэ і інш. Акрамя таго, друкавалася літаратурна-мастацкая крытыка.

Дзякуючы «ЛС» пабачыў сьвет шэраг якасных тэкстаў, створаных па-беларуску (Касьцюкевіч, Апон, Фядута, Тарас), і перакладаў (Лесінг, Міцкевіч, Гэрбэрт, Керэт, Стасюк). Аднак ня ўсё так добра. Па-першае, канцэпцыя праекту не акрэсьлілася: «ЛС» атрымаліся досыць эклектычныя. Ці не з-за імкненьня «НН» друкаваць у іх і жука, і жабу (маю на ўвазе найперш інтэрвію з Глёбусам і фотарэпартаж з голымі дзядамі)? Па-другое, падтрымлівалася небясьпечнае («прыжыцьцёвыя дзёньнікі» Сіўка). Па-трэцяе, друкавалася слабое, няўцямнае, публіцыстычна-аднадзённае (паэма Прылуцкага «Дывэртысмэнт для ІК», эсэ Балахонава «Штрых-код адзіноты», «геральдычнае» апавяданьне Астраўца «Яечнае пытаньне»). Па-чацьвертае, сустракаліся перадрукоўкі (прадмова Някляева да кнігі Барадуліна).

Тым ня менш ня будзем казаць пра «ЛС» у мінулым часе: у праекту ёсьць будучыня пры ўмове, што Рэдакцыя пазбавіцца ўсіх пералічаных вышэй заганаў. Гэта – пытаньне гонару і прэстыжу, бо друкаваньне літаратурных твораў для «Нашай Нівы» – не забава, а вернасьць традыцыям і своеасаблівы абавязак перад грамадзтвам і літаратурай. Тут неабходна прывесьці наступныя словы А. Дынька:

«Наша Ніва» ня стала ні радыкальнай, ні палітычнай. Раней яна была літаратурна-мастацкім выданьнем, а пасьля стала газэтай для ўсіх. Гэта было выклікана агульнымі патрэбамі беларускага грамадзтва. Да таго ж, адбывалася эвалюцыя беларускай культуры2.

  1 Суадносіны прозы і паэзіі – 1/10. Чым тлумачыцца гэта? Як кажа галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько, «на сёньня мы маем у Беларусі геніяльную паэзію, але няма добрай прозы». Я згодны, «ЛС» аб’ектыўна адлюстроўваюць стан рэчаў у сучаснай літаратуры.

   

«Раней» – гэта, відаць, у 1906–1915 гг., а таксама ў першыя гады выданьня адноўленай вэрсіі газэты на чале зь Сяргеем Дубаўцом. Сапраўды, літаратура друкавалася ў «НН» ad incunabulis. Так, калі ўзяць шараговы нумар газэты за 1910 г., напрыклад, № 40, мы пабачым, што ў ім надрукаваны верш польскай паэткі Мар’і Канапніцкай «Пара» (у перакладзе Янкі Купалы), нэкралёг на ейную сьмерць з элемэнтамі літаратурна-мастацкай крытыкі (бяз подпісу), верш у прозе Вацлава Ластоўскага «Апаўшае лісьце», ягоны ж рэпартаж «Беларускі вечар у Полацку», верш Янкі Купалы «Дудар», рэцэнзія Альгерда Бульбы на «Песьні жальбы» Якуба Коласа, нарыс «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш., верш Алеся Гаруна «Каму што…». Такія «Літаратурныя сшыткі» супрацоўнікі газэты рыхтавалі амаль штонумар, як быццам прыхоўваючы для нас соль на чорны дзень. І ў выніку таго, што гэта быў больш, чым сшытак, больш, чым газэта, амаль усё з надрукаванага тады ўвайшло ў залаты фонд нацыянальнай літаратуры (ці можна сказаць гэта пра сёньняшнія «ЛС»? – вось у чым пытаньне). Пры гэтым творчы калектыў на чале з А. Уласавым, а пазьней і Я. Купалам спраўна выконваў свае прафэсійныя абавязкі журналістаў, таму спадар А. Дынько памыляецца: ужо ў тыя часы «НН» мела рэпутацыю газэты для ўсіх – не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што Рэдакцыяй быў знойдзены разумны балянс паміж літаратурай і публіцыстыкай3.

   
   
Яшчэ адна заўвага: галоўны рэдактар кажа, што «НН» была літаратурна-мастацкім выданьнем раней. Але цікавая рэч: менавіта сучасная «НН» спрабуе ўзбуйніць, умацаваць літаратурна-мастацкую частку! Гэты працэс пачаўся ў 2000 г., калі выйшаў першы калядны нумар газэты, а С. Дубавец, які напачатку друкаваў у выданьні пераклады з Дантэ і Эдгара По і рэгулярна выступаў на ейных старонках у якасьці літаратурнага крытыка, сышоў з пасады галоўнага рэдактара. Таму А. Дынько супярэчыць сам сабе. Працэс непазьбежны – «Нашай Ніве» наканавана ўплываць на сучасны літаратурны працэс, захоўваць і ўзбагачаць традыцыі нацыянальнага слоўнага мастацтва, падтрымліваць дэбютантаў. І менавіта ад А. Дынька, чалавека, які калісьці вельмі ўдала дэбютаваў у «НН» як празаік, а сёньня ачольвае газэту, залежыць, ці будуць нашаніўцы і далей назапашваць соль.
  3 Падрабязьней пра гэта гл.: Абрамовіч П. Нацыя, народжаная кнігай // Наша Ніва. 2002. № 25;

Абрамовіч П. Місія – выхаваць нацыю. Літаратурная крытыка ў «Нашай Ніве» ў 1906–1910 гады // Дзеяслоў. № 13. 2004.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (50) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/18