A R C H E | П а ч а т а к | № 10 (50) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
МАРГО ЛАЙТ | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Беларусь між Усходам і Захадам
(друкуеццца ў скароце)
Пасьля развалу СССР зноў паўстала пытаньне, да якой цывілізацыі аднесьці Беларусь: эўрапейскай ці славянска-бізантыйскай. На фоне «дэмакратызацыі» палітычнага жыцьця ў рэгіёне Беларусь рухаецца ў супрацьлеглым кірунку – да ўсё больш і больш рэпрэсіўнай формы прэзыдэнцкай улады. Заходнія палітыкі называюць краіну «апошняй дыктатурай у цэнтры Эўропы». Адпаведна зьмяняецца і ейная арыентацыя ў міжнародных стасунках. Калі Захад адмоўна ўспрыняў вынікі лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 г., палітычны вэктар схіліўся ў бок значна шчыльнейшага саюзу з Расеяй. Гэта адбывалася ў кантэксьце пашырэньня НАТО і Эўразьвязу, куды ўвайшлі некаторыя суседзі Беларусі. Таму як ніколі раней востра паўстала праблема «эўрапейскага» ці «славянскага» выбару.
ЗАМЕЖНАЯ ПАЛІТЫКА З ГЛЕДЗІШЧА ЎЛАДЫАфіцыйную пазыцыю Беларусі ў істотных пытаньнях замежнай палітыкі вызначае і фармулюе прэзыдэнт Лукашэнка. Схільнасьць да папулісцкіх выказваньняў і напышлівых самаўсхваленьняў часта заводзіць яго вельмі далёка ад дыпляматычнай мовы, неабходнай дзеля вырашэньня практычных пытаньняў у міждзяржаўных дачыненьнях. Словы Лукашэнкі насамрэч часам уводзяць у зман, бо ў шмат якіх галінах Беларусь ажыцьцяўляе больш прагматычную замежную палітыку, чым можна ўявіць з гняўлівых прамоваў ейнага лідэра. Здаецца, іхная сапраўдная мэта – дамагчыся падтрымкі народу, стварыць вобраз прэзыдэнта – рашучага абаронцы дзяржаўных інтарэсаў.
Беларусь, Эўропа, Эўразьвяз Беларусь мяжуе з краінамі Эўразьвязу, якія ў будучыні могуць стаць вельмі істотнай крыніцай капіталаўкладаньняў, і з Расеяй – найбуйнейшым на цяперашні час гандлёвым партнэрам Беларусі. Хаця б з гэтых эканамічных прычынаў беларускае кіраўніцтва, натуральна, спрабуе пазьбегнуць неабходнасьці выбіраць паміж Усходам і Захадам і падкрэсьлівае прыналежнасьць Беларусі ня толькі да «Эўропы», але і да славянскага ці эўразійскага сьвету. Бясспрэчна, напружаныя, досыць халодныя дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам абумоўленыя нежаданьнем краіны рабіць адназначна «эўрапейскі выбар». Эўразьвяз прысутнічае ў Беларусі ў выглядзе «парлямэнцкай тройкі», у якую ўваходзяць прадстаўнікі Эўрапарлямэнту, а таксама Парлямэнцкіх Асамблеяў АБСЭ і Рады Эўропы. Аднак ім практычна не ўдаецца дасягнуць сваёй мэты – пераканаць беларускія ўлады прывесьці ўнутранае заканадаўстава ў адпаведнасьць з агульнапрынятымі дэмакратычнымі прынцыпамі. Гэта істотна абмяжоўвае супрацоўніцтва Эўразьвязу зь Беларусьсю. Цяперашняе беларускае кіраўніцтва, калі меркаваць паводле афіцыйных заяваў, з асьцярогай ставіцца да пашырэньня Эўразьвязу і, відаць, не чакае, што ў агляднай будучыні краіна далучыцца да гэтага працэсу. У выніку пашырэньня Эўразьвязу ў 2004 г. Беларусь апынулася, як кажа Лукашэнка, паміж «сусьветным эканамічным гігантам – Эўразьвязам», з захаду, і «эўразійскім гігантам – Расеяй», з усходу. Беларускі лідэр падкрэсьлівае, што ў гэтай новай канфігурацыі «Беларусь – ня буфэрная дзяржава і не васал ані Эўрапейскага Зьвязу, ані Расеі». Беларусь можа быць мастом між імі, «галоўнай краінай транзыту» для Эўразьвязу. Паколькі краіны Эўропы зацікаўленыя ў пашырэньні партнэрства з Расеяй у энэргетычнай галіне, Лукашэнка сьцьвярджае, што без удзелу Беларусі падобнае супрацоўніцтва ня будзе эфэктыўным і стабільным. Зазіраючы наперад, Лукашэнка неадназначна выказваецца пра магчымасьць далучэньня Беларусі да Эўразьвязу ў будучыні. З аднаго боку, ён зьвяртае ўвагу, што «…мы ня просімся ў Эўразьвяз. Ні мы, ні яны да гэтага не гатовыя… Мы не спрабуем ім навязвацца». З другога – беларускі прэзыдэнт заяўляе, што «…як толькі мы [Эўразьвяз і Беларусь] дасягнем кампрамісу, як толькі нашыя інтарэсы супадуць, Беларусь, верагодна, увойдзе ў Эўразьвяз». Хоць Лукашэнка цьмяна ўяўляе сабе патрабаваньні да прэтэндэнтаў на далучэньне, але і гэтая ягоная заява сьведчыць, што Беларусь можа ўзяць сабе за мэту ўвайсьці ў эўрапейскую супольнасьць. Праўда, тады гэтую задачу трэба будзе неяк дастасаваць да інтэграцыі ў структуры, якія ўзначальвае Расея. Лукашэнка даводзіць, што з гледзішча «міграцыі, гандлю наркотыкамі і зброяй і шмат-шмат яшчэ якой незаконнай дзейнасьці… мы служым бар’ерам… для Эўразьвязу». Магчыма, ён спадзяваўся, што на знак «удзячнасьці» за паслугі Эўразьвяз абміне ўвагаю палітычнае становішча ўнутры краіны і схіліцца да практычнага дыялёгу ў пытаньнях аховы межаў.
Беларусь і НАТО У 1990-я гг., жорстка крытыкуючы НАТО, Лукашэнка выказваў шкадаваньне, што Беларусь адмовілася ад ядравай зброі, і заклікаў стварыць вось Менск–Масква–Пэкін, каб супрацьпаставіць яе пашырэньню НАТО на ўсход. Падобныя заявы стваралі Лукашэнку імідж непахіснага абаронцы славянска-праваслаўнага адзінства, якому нібыта пагражаў Захад у асобе НАТО. У пэўнай ступені гэтымі прамовамі беларускі лідэр імкнуўся забясьпечыць сабе яшчэ большую падтрымку ўнутры краіны. Але ў пэрыяды напружанасьці ў дачыненьнях Расеі з НАТО рыторыка Лукашэнкі таксама пераконвала Расею, што Беларусь – надзейны шчыт ейнай абароны на заходнім флянгу, і, такім чынам, была дзейсным сродкам, каб дамагчыся ад Расеі эканамічных ільготаў. Аднак на практыцы, калі спала напружанасьць, выкліканая кампаніяй у Косаве, беларускае кіраўніцтва зьмяніла тон сваіх выказваньняў на больш міралюбны. У сакавіку 2004 г. тры зь пяці суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў увайшлі ў склад НАТО. Агульная працягласьць іхнай мяжы зь Беларусьсю – амаль 1500 км. У заявах, разьлічаных на расейскую і беларускую аўдыторыю, Лукашэнка б’е ва ўсе званы з гэтай нагоды. Але ў астатніх выпадках ён выказваецца досыць спакойна. Лукашэнка наракае, што тэрыторыя Беларусі ад краю да краю накрытая сродкамі тэхнічнай выведкі, а самалёты НАТО робяць аблёты беларускай мяжы. Ён папярэдзіў, што нават такія невялікія краіны, як Беларусь, могуць стварыць сыстэмы абароны, здольныя супрацьстаяць патэнцыйнаму агрэсару. Зь іншага боку, беларускае вайсковае кіраўніцтва сьцьвярджае, што ня бачыць прычынаў на цяперашнім этапе называць НАТО ворагам. Беларусь вымушаная пагадзіцца зь неабходнасьцю ўсталёваць пэўныя двухбаковыя дачыненьні з Паўночнаатлянтычным альянсам. Асабліва складаная для яе праблема – як супрацоўнічаць з НАТО ў галіне практычных пытаньняў бясьпекі на такой аснове, што дазваляла б адхіляць патрабаваньні Захаду да беларускіх уладаў перагледзець іхную ўнутраную палітыку. Тактыка Лукашэнкі – даводзіць, што, адрозна ад некаторых новых дзяржаваў у складзе НАТО, Беларусь ня просіць дапамогі, а прапаноўвае яе. Беларускі прэзыдэнт кажа, што Захад і НАТО ня змогуць паставіць надзейнага заслону ўздоўж сваіх межаў для «тэрарыстаў, нелегальных мігрантаў, наркотыкаў, незаконных паставак зброі, у тым ліку і ядравай» без супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Можа, гэта і перабольшваньне, але згаданы чыньнік, верагодна, паўплываў на тое, што цяпер дачыненьні паміж Беларусьсю і НАТО паляпшаюцца. Аднак найбольш аўтарытэтныя заходнія дзяржавы не прымаюць аўтарытарных мэтадаў кіраваньня Лукашэнкі, і таму малаверагодна, што лёгкае збліжэньне Беларусі з НАТО атрымае далейшы імпульс.
Беларусь і міжнародныя структуры на чале з Расеяй У сваёй афіцыйнай палітыцы Беларусь надае выразны прыярытэт удзелу ў міжнародных структурах, што ўвасабляюць «інтэграцыю СНД». Тлумачыцца гэткая арыентацыя пачуцьцем «славянскай салідарнасьці» і ўяўленьнем, што Беларусі трэба «прычапіцца» да эканамічна нашмат магутнейшай Расеі. Але ў падобнай палітыцы, апроч таго, адлюстроўваецца выснова, што «эўрапейскі выбар», у канчатковым выніку прывязаны да ўваходжаньня ў Эўразьвяз, для Беларусі, як і для іншых краінаў СНД, – справа нявыгадная. Падобна, што беларускае кіраўніцтва востра адчувае нестасоўку паміж сваёй традыцыйнай прыхільнасьцю да інтэграцыі на ўсход і адсутнасьцю прагрэсу ў гэтым кірунку. У звароце да нацыі ў красавіку 2004 г. Лукашэнка назваў СНД «кволай і безжыцьцёвай» структурай у параўнаньні з «дынамічным» Эўразьвязам. Ён адзначыў, што за папярэдні год СНД «ня вырашыла ніводнага важнага пытаньня». А празь некалькі месяцаў Лукашэнка выказаў меркаваньне, што калі СНД і надалей будзе працаваць гэтак жа неэфэктыўна, яна «застанецца, але проста як палітычны клюб, дзе сустракаюцца прэзыдэнты, нешта абмяркоўваюць, але ніякіх рашэньняў не прымаюць». Нашмат больш істотны для беларускага афіцыйнага дыскурсу Саюз Беларусі і Расеі. Але абедзьвюм дзяржавам усё ніяк не ўдаецца ўвесьці ў дзеяньне рашэньні, датычныя ўніфікацыі заканадаўства і эканамічнай інтэграцыі. А значыць, саюз мае досыць віртуальны характар. Да яго дадае і недахоп адміністрацыйных і фінансавых рэсурсаў, і разыходжаньні расейскага і беларускага прэзыдэнтаў у стаўленьні да эканамічнай рэформы. Увогуле Лукашэнку непакоіць, што, з аднаго боку, ідэя саюзу, як яго бачыць Расея, пагражае сувэрэнітэту Беларусі (і асабістай уладзе беларускага лідэра), а з другога – што саюзная дамова страціць усялякае рэальнае напаўненьне і будзе абсалютна нядзейсная. Лукашэнка вельмі чуйна рэагуе на патэнцыйныя спробы пуцінскай Расеі паглынуць Беларусь. У 2004 г. ён сказаў: «Мы ня можам вяртацца да абразьлівай прапановы інкарпараваць Беларусь у склад Расеі», а таксама: «Аншлюс і саюз – гэта дзьве зусім розныя рэчы». Лукашэнка трымаецца тае думкі, што ўводзіць расейскі рубель у якасьці супольнай грашовай адзінкі трэба толькі на канчатковым этапе інтэграцыі, калі будуць выкананыя ўсе папярэднія пагадненьні з Расеяй, асабліва ў сацыяльна-эканамічнай сфэры. Такім чынам, увядзеньне адзінай валюты – у лепшым выпадку справа аддаленай будучыні.
ЗАМЕЖНАЯ ПАЛІТЫКА З ГЛЕДЗІШЧА ЎЛАДЫ І АПАЗЫЦЫІЯк ні дзіўна, праведзеныя намі інтэрвію выявілі значнае падабенства меркаваньняў паміж беларускай уладай і рознымі групоўкамі, што складаюць палітычную апазыцыю. І тыя, і другія – перакананыя прыхільнікі сувэрэнітэту і незалежнасьці. І тыя, і другія выступаюць за разьвіцьцё добрых стасункаў з Эўразьвязам. Існуе агульная згода, што як бы ні складваліся абставіны, Беларусь мусіць падтрымліваць добрыя дачыненьні з Расеяй. Улада і апазыцыя разыходзяцца перадусім у разуменьні сродкаў, каб дасягнуць гэтых мэтаў.Нас асабліва цікавіла, ці можа Беларусь лічыцца за частку Эўропы, якія наступствы мела пашырэньне Эўразьвязу і НАТО, як павінны разьвівацца дачыненьні Беларусі з гэтымі арганізацыямі ў будучыні, наколькі дзейсна працуе СНД і іншыя рэгіянальныя структуры на постсавецкай прасторы. Супастаўленьне інтэрвію, праведзеных у 2000 і ў 2005 гг., выявіла некаторыя яскравыя адрозьненьні. Найперш за гэты час узрасла ступень упэўненасьці, што Беларусь – сапраўды частка Эўропы. Зьменшылася занепакоенасьць магчымымі наступствамі пашырэньня Эўразьвязу і НАТО. Цьвёрда ўсталявалася меркаваньне, што Беларусь мусіць падтрымліваць добрыя стасункі з эўрапейскай супольнасьцю, выказвалася большая, чым раней, гатоўнасьць да супрацоўніцтва з НАТО. Пануе агульны скепсіс што да СНД і іншых структураў, у якія ўваходзіць Беларусь, у т. л. і датычна саюзу з Расеяй. І ў 2000 г., і ў 2005 г. апытаныя ўвогуле пагаджаліся, што Беларусь – эўрапейская краіна. Але ў інтэрвію 2005 г. выказвалася менш сумневаў, ці зможа Беларусь застацца сувэрэннай і незалежнай эўрапейскай дзяржавай, менш увагі надавалася былым дачыненьням з СССР і Расеяй. Напрыклад, чыноўнік Міністэрства замежных справаў сьцьвярджае: «Беларусы – эўрапейцы». А ў іншым інтэрвію дзелавая жанчына заявіла: «Беларусь – абсалютна эўрапейская краіна, ня толькі геаграфічна, але і таму, што паводле свайго мэнталітэту мы падзяляем эўрапейскія каштоўнасьці». У 2000 г. да пашырэньня Эўразьвязу ў Беларусі ставіліся з досыць вялікай доляй насьцярогі. Празь пяць гадоў вельмі мала хто думаў, што яно нанесла шкоду інтарэсам Беларусі. У 2000 г. адзін уплывовы журналіст, зь якім мы размаўлялі, адзначыў, што ўваходжаньне Польшчы ў Эўразьвяз абернецца «суворымі» наступствамі для беларусаў. Празь пяць гадоў ён жа казаў, што сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе ніяк не адбілася на Беларусі, а памежны «чаўночны» гандаль працягваецца, як і раней. Відавочна, з апошняе дзесяцігодзьдзе гандлёвае абарачэньне Беларусі з Эўропай павялічылася, і ягонаму росту яшчэ больш паспрыяла пашырэньне Эўразьвязу. А як палітычная эліта бачыць стасункі Беларусі з Эўразьвязам у будучыні? У 2000 г. існаваў выразны падзел паміж афіцыйнымі асобамі, якія востра крытыкавалі Эўразьвяз, і дзеячамі апазыцыі, якія выступалі за «эўрапейскі выбар» Беларусі. Сёньня ўсе адзінадушна выказваюцца за добрыя дачыненьні з Эўразьвязам. Афіцыйны падыход грунтуецца на тым, што Эўразьвяз цяпер стаў суседам Беларусі, а з суседзямі, як сказаў чыноўнік Міністэрства замежных справаў, спасылаючыся на Лукашэнку, «трэба сябраваць больш, чым са сваякамі». Сярод апазыцыі мы не знайшлі нікога, хто выступаў бы супраць таго, каб мець добрыя стасункі з Эўразьвязам. Аднак шэраг апанэнтаў беларускай улады выказваліся за ўвядзеньне Эўразьвязам санкцыяў супраць Беларусі. Усе апазыцыянэры віталі прынятую ў сакавіку 2005 г. рэзалюцыю Эўрапейскага Парлямэнту па Беларусі, у якой Беларусь названая «дыктатурай», а асабіста Лукашэнка – «дыктатарам». Да таго ж усе апазыцыйныя палітыкі выказвалі пажаданьне, каб Эўразьвяз унёс у сваё заканадаўства зьмены, якія дазволілі б дзейнічаць у абыход беларускіх уладаў і фінансаваць ячэйкі грамадзянскае супольнасьці (такія, як апазыцыя). На стаўленьне да НАТО ў 2000 г. усё яшчэ ўплывалі вынікі кампаніі ў Косаве, якая выклікала ў Беларусі гэткае ж абурэньне, што і ў Расеі. Але да 2005 г. запанавалі больш пазытыўныя настроі, хоць афіцыйная прапаганда па-ранейшаму паказвае НАТО ў тых самых фарбах, што і ў час халоднае вайны. Як заўважыў рэдактар адной зь нешматлікіх ацалелых лібэральных газэтаў, будучыня стасункаў паміж Беларусьсю і НАТО залежыць ад расейскага чыньніка. Калі Расея пачне спакайней ставіцца да НАТО, Паўночнаатлянтычны альянс у Беларусі перастануць успрымаць як праблему, і краіна пачне імкліва рухацца ў бок НАТО. Мы пачулі меркаваньне, што Лукашэнка паказвае гатоўнасьць зблізіцца з НАТО (ці з Эўразьвязам), калі хоча крыху пашантажаваць Расею. З гледзішча большасьці апазыцыйных дзеячаў і лібэральных палітаглядальнікаў, асноўная пагроза Беларусі зыходзіць ад ейнага палітычнага рэжыму – ад некампэтэнтнасьці ўлады і аўтарытарызму. Для іх галоўная небясьпека – захаваньне цяперашняга рэжыму, які праводзіць палітыку самаізаляцыі. Сюды, казалі апытаныя, дадаецца рост падазронасьці да краінаў-суседзяў і адсутнасьць грамадзянскай супольнасьці. Гэта вядзе да адасабленьня ад дэмакратычных і дабратворных эканамічных працэсаў. Узьнікае заганнае кола: чым бяднейшыя людзі, тым мацнейшая іхная залежнасьць ад палітычнага кіраўніцтва краіны. Ад 2000 г. да 2005 г. істотна зьмянілася стаўленьне да СНД і іншых міжнародных арганізацыяў, узьніклых на постсавецкай прасторы. У 2000 г. афіцыйныя асобы, што падтрымлівалі Лукашэнку, вельмі станоўча ацэньвалі СНД і Саюз Беларусі і Расеі. Апазыцыйныя палітыкі, у сваю чаргу, давалі рэзка адмоўныя характарыстыкі абедзьвюм структурам. На нашае глыбокае зьдзіўленьне, у інтэрвію 2005 г. усялякія згадкі пра СНД выклікалі абыякавасьць, а часам і кепікі, прычым ня толькі ў асяродку апазыцыі. СНД называлі «эфэмэрнай арганізацыяй, мяккай формай разводу», «трупам», «бескарыснай і неэфэктыўнай», «клюбам прэзыдэнтаў, які ня мае ніякай палітыкі і не прыносіць ніякай карысьці». Нас яшчэ больш зьдзівіла, як мала аптымізму выклікае Саюз Беларусі і Расеі, прычым ня толькі з боку апазыцыі. Сам Лукашэнка гаворыць пра «нізкую эфэктыўнасьць асобных элемэнтаў у сыстэме беларуска-расейскага саюзу». Увогуле ў 2005 г. заўважалася больш моцнае ўсьведамленьне незалежнасьці беларускай саматоеснасьці. Як і Лукашэнка, шмат якія іншыя палітычныя фігуры бачаць Беларусь транзытнай зонай. Пераважае разуменьне, што само геаграфічнае становішча Беларусі – яе стратэгічны запас у дачыненьнях і з Расеяй, і з Эўразьвязам. Палітыкі выказваюць значна больш аптымізму наконт супрацоўніцтва з Эўропай і з Эўразьвязам, чым наконт любой арганізацыі на постсавецкай прасторы. Адпаведна, погляды цяперашняй эліты не ўяўляюць перашкоды на шляху да паляпшэньня дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам. У гэтым аспэкце, як і ў іншых, выяўляецца значна большае адзінства мэтаў паміж Лукашэнкам і ягонымі палітычнымі апанэнтамі, чым можна было б меркаваць, зыходзячы зь іхных унутрыпалітычных супярэчнасьцяў.
ЗАМЕЖНАЯ ПАЛІТЫКА З ГЛЕДЗІШЧА ПРОСТЫХ ГРАМАДЗЯНАЎНаколькі гэтыя погляды падзяляюць звычайныя людзі? Каб адказаць на гэтае пытаньне, мы правялі дасьледаваньні ў фокус-групах у 2000 і ў 2005 гг. і агульнанацыянальныя рэпрэзэнтацыйныя апытаньні ў 2000 і ў 2004 гг. Ніжэй прыведзеныя пераважна меркаваньні ўдзельнікаў дзьвюх фокус-групаў, апытаных у Менску ў сакавіку 2005 г. У кожнай было восем асобаў працоўнага ўзросту з роўнай колькасьцю мужчынаў і жанчын.Шараговыя грамадзяне рэдка вызначаюцца глыбокай дасьведчанасьцю ў пытаньнях замежнай палітыкі. Але нас найперш цікавіла агульная арыентацыя: куды яны сябе залічваюць культурна і геаграфічна, як уяўляюць Эўропу, Расею і СНД, якія праблемы замежнай палітыкі іх хвалююць, а якія – не? Удзельнікі нашых фокус-групаў пераважна бачаць сябе часткай славянскага сьвету, а не Эўропы, але тлумачаць гэта па-рознаму. На думку адных, тут вінаватае кіраўніцтва, асабліва адзін пэўны кіраўнік. Аднак большасьць апытаных казала, што прычына – у самім грамадзтве, ягонай мэнтальнасьці. Напрыклад, інжынэр трактарнага заводу Мікалай, які часта сустракаецца з расейцамі, фінамі, швэдамі, немцамі і г. д., сьцьвярджае, што Беларусь – ціхае балота ня столькі празь ейнага лідэра, колькі празь «нязломную інэртнасьць – народ папросту такі». Інспэктар па тэхніцы бясьпекі Белдзяржфілярмоніі Андрэй заўважае, што дасюль дзейнічае стары прынцып: «Я начальнік – дурань ты», як было і за царом-бацюхнам, і за камуністамі, як заўсёды было і будзе. На думку яшчэ аднаго інжынэра, Паўла, гэткія погляды часткова абумоўленыя ўзростам: старэйшае пакаленьне паводле свайго ўзгадаваньня дасюль застаецца «савецкім». Але людзям у значна большай ступені ўласьцівыя агульная абыякавасьць, чаканьне, што за іх усё зробяць, і страх, што калі яны праявяць самастойнасьць, «начальства зь імі разьбярэцца». Гэта перадусім датычыцца праваслаўных і ў меншай меры – пратэстантаў і каталікоў. На думку праваслаўных, галава дзяржавы кіруе ўсім, у т. л. грамадзкімі арганізацыямі і справамі рэлігіяў «у нейкай азіяцкай, ці бізантыйскай, манеры». Беларусы розьняцца ад эўрапейцаў і тым, як яны працуюць ды бавяць вольны час, і не ў апошнюю чаргу спажываньнем алькаголю. Зваршчык з трактарнага заводу Валер кажа, што «паводле таго, колькі п’юць, гэта славянская краіна, а зусім не эўрапейская». Эўрапейцы па-іншаму праводзяць вольны час, заўважыў загадчык дасьледчай лябараторыі Яраслаў, які шмат пажыў у Нямеччыне: «У Эўропе таксама ёсьць свае п’яніцы і наркаманы, але агульны ўзровень жыцьця, агульная культура вельмі розьняцца ад нашых». Больш за ўсё гэта выяўляецца ў тым, як эўрапейцы працуюць – пераважна дзеля саміх сябе. У Беларусі ў гэтым няма сэнсу. А ў вольны час «людзі прыходзяць дахаты, уключаюць тэлевізар – і ўсё. А ў Нямеччыне ёсьць кавярні, людзі сядзяць, п’юць каву, гутараць…» Мэліта адзначае, што ў розных частках Беларусі – па-рознаму: брудна на ўсходзе, чысьцей на захадзе, і найчысьцей – каля польскай мяжы: «Ня ведаю, чаму». Але на думку Ніны, прадпрымальніцы, у якой малодшы сын вучыцца ў Маскве, Беларусь увогуле значна далейшая ад Эўропы, чым эўрапейская частка Расеі, а да Эўропы «нам як да Месяца». Аднак з гэтым меркаваньнем згадзіліся ня ўсе. Некаторыя лічылі Беларусь больш эўрапейскай краінай, чым Расея, ці, прынамсі, «асобнай цывілізацыяй», што злучае Захад і Ўсход і мае ў сабе рысы і аднаго, і другога. Хатняя гаспадыня Натальля зьвярнула ўвагу на большую талерантнасьць беларусаў, на іхную працавітасьць. Яе брат часта езьдзіць у Расею. Там аднойчы на ўзбочыне дарогі ён бачыў маці з дачкой: маці гандлявала гуркамі, дачка – сабою. «У нас вышэйшая, больш эўрапейская культура, – перакананая Натальля. – Думаю, мы цывілізаваная дзяржава, мірная, эўрапейская». Жанчына ўважае Беларусь за асобную цывілізацыю, «штосьці тыпу буфэрнай зоны між Эўропай і Азіяй». «Мы своеасаблівая «прамежкавая» нацыя, – думае Мэліта. – Напэўна, як прыхадцы з космасу». А што беларусы думаюць пра Эўразьвяз? Выказваліся розныя погляды. Меншасьць схілялася да «савецкага» недаверлівага падыходу. Але большасьць прыхільна паставілася да ідэі больш шчыльнага супрацоўніцтва з Эўразьвязам, які цяпер мяжуе зь Беларусьсю: «Мы будзем сябраваць, дапамагаць адно адному». Трэба браць прыклад з Польшчы: там пэнсіянэры езьдзяць на новых «фіятах», сярэдні заробак – 600 даляраў, а кошты на прадукты ніжэйшыя, чым у Беларусі. У Польшчы старыя прадпрыемствы, якія несьлі страты, закрыліся, але на іхным месцы ўзьніклі «новыя, нармальныя, якія працуюць і разьвіваюцца». Польскія працаўнікі едуць за мяжу ў пошуках вышэйшых заробкаў, а эўрапейцы пачалі ўкладаць грошы ў Польшчу. Тое ж можна сказаць і пра былую ГДР – нямецкі ўрад інвэстуе туды вялізныя сродкі. З гэтага гледзішча ўваходжаньне Беларусі ў Эўразьвяз прынесла б несумненныя выгады, і ня толькі эканамічныя. Інжынэр тэлефоннай сувязі Сьвятлана раней заўсёды езьдзіла па закупы ў Польшчу, а цяпер гэта задорага. Калі б Беларусь далучылася да Эўразьвязу, Сьвятлана магла б свабодна ўсюды езьдзіць. Яраслаў таксама раней езьдзіў у Польшчу без аніякіх праблемаў, а цяпер яму трэба віза: «Калі б мы жылі на тэрыторыі Эўразьвязу, я меў бы права свабодна перасякаць межы – ад беларуска-польскай да партугальскай… Адсюль і настальгія па Савецкім Саюзе: раней наша Радзіма была ад Берасьця да Ўладзівастоку, едзь, куды хочаш». Але ўвогуле апытаныя пагаджаліся, што ўваходжаньне ў Эўразьвяз для Беларусі – справа аддаленай будучыні. «Я быў бы рады далучыцца да Эўразьвязу, – кажа Мікалай, вайсковы пэнсіянэр, які цяпер працуе ахоўнікам. – Але нас ніхто туды ня пусьціць». «Нас ня прымуць», – заяўлялі Андрэй, Ніна і іншыя. Да таго ж «Расея будзе катэгарычна супраць». Уваходжаньне ў Эўразьвяз – сьведчаньне «заходняга выбару», але ёсьць жа і «славянскі выбар» – на карысьць збліжэньня з Расеяй і СНД. Шмат хто лічыць, што «гістарычныя карані Беларусі – на захадзе», а больш шчыльны хаўрус з Расеяй – на цяперашні момант пэрспэктыва ня надта прывабная. «Гэта Бабілён», – заяўляе Натальля. На думку Яраслава, Расея – гэта «чорная дзірка». «Там дасюль няма парадку, – працягвае Натальля, – і ня будзе ў блізкай будучыні». Павал сьцьвярджае, што «калі Беларусі трэба гадоў 60, каб навесьці нейкі парадак, дык Расеі – усе 300». «Мне падабаецца Пуцін, – тлумачыць Натальля, – але гэта не падстава аб’ядноўвацца. Усё роўна нам неабходна ісьці разам з Эўропай». Аднак іншыя не выказвалі ахвоты аддаляцца ад сваёй вялікай суседкі. У Мэліты, напрыклад, бацькі – расейцы са Смаленску, і родная мова ў яе расейская. «Як жа я іх кіну сам-насам зь іхнымі праблемамі?» – кажа яна. Іншыя бачаць у Расеі калясальны рынак, найлепшы варыянт укладаньня грошай. Усе былі згодныя, што з Расеяй пажадана, нават абавязкова трэба мець добрыя, канструктыўныя дачыненьні. Але апытаныя выказвалі істотныя засьцярогі наконт «саюзнай дзяржавы» і сумневы ў дзеяздольнасьці дый наагул у рэальным існаваньні СНД. Зразумела, беларусы турбуюцца, каб іх не ўцягнулі ў чачэнскую вайну, як было падчас савецкай вайны ў Аўганістане. Прынамсі, цяпер ніякага сапраўднага саюзу з Расеяй, ваеннага ці якога іншага, «няма». Гэткай жа малаверагоднай уяўляецца і пэрспэктыва адзінай дзяржавы і адзінай валюты, хоць некаторыя з апытаных і віталі б яе ўвядзеньне. Як заўважыў адзін з удзельнікаў фокус-групы, Пуцін трымае Лукашэнку «на адлегласьці», паміж імі няма блізкіх дачыненьняў. Як тлумачылі іншыя, Пуціну «не патрэбная Беларусь», ён «не зацікаўлены ў тым, каб супрацоўнічаць з Лукашэнкам». У самой Беларусі пачынаюць казаць пра саюз з Расеяй, калі ідзе барацьба за ўладу, а потым усё сьціхае. Прынамсі, беларускае чынавенства не захоча страціць сваіх пасадаў і ўплыву ў аб’яднанай дзяржаве. Што да СНД, агульнае меркаваньне зводзілася да таго, што яна існуе толькі на паперы. СНД была створаная толькі як «мэханізм цывілізаванага разводу рэспублік, якія ўваходзілі ў склад СССР, – заўважыў Ігар, начальнік зьмены заводу «Інтэграл», – і ня мае практычнага сэнсу». Іншым было нават цяжка сказаць, ці існуе СНД. Фактычна, Беларусі няма патрэбы ні з кім аб’ядноўвацца – ні з Расеяй, ні з Эўразьвязам, сьцьвярджае Мікалай. Варта з усімі падтрымліваць добрыя стасункі. «Так ці іначай, мы застанемся беларусамі, а расейцы – расейцамі. Нас нельга аб’яднаць у адзін народ», – кажа ён. На думку заводзкай працоўнай Галіны, Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай. Ёй лепей мець добрыя дачыненьні і з Эўразьвязам, і з СНД, і з Расеяй, але ні да каго не далучацца, і тады Беларусь будзе квітнець. У гэтых выказваньнях, як і ў іншых, найперш гучыць ідэя прыхільнасьці да дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, якую б унутраную палітыку яна ні праводзіла і з кім бы ні хаўрусавала на міжнароднай арэне. Наколькі гэтыя погляды падзяляе шырэйшае грамадзтва? Вынікі нашых агульнанацыянальных рэпрэзэнтатыўных апытаньняў сьведчаць, што беларусы практычна ва ўсім выяўляюць большую «эўрапейскасьць», чым расейцы і ўкраінцы (гл. Табліцу 1).
Беларусы часьцей уяўляюць сябе «эўрапейцамі», часьцей называюць «эўрапейскасьць» як адзін з варыянтаў свайго самавызначэньня. Аднак, у параўнаньні з дасьледаваньнямі ў фокус-групах, менш апытаных схільныя аддаваць перавагу Эўропе перад Расеяй (гл. Табліцу 2).
Прыкладна для траціны стасункі з Расеяй маюць прыярытэт. Яшчэ прыкладна палова лічыць, што аднолькава істотна мець добрыя дачыненьні як з Расеяй, гэтак і з Эўразьвязам і ЗША. Падобныя меркаваньні добра стасуюцца са «шматвэктарнай» замежнай палітыкай, якую пасьлядоўна праводзіць адміністрацыя Лукашэнкі.
НЕКАТОРЫЯ ВЫСНОВЫМіжнародная палітыка Беларусі адлюстроўвае прыроду яе аўтарытарнай палітычнай сыстэмы, у рамках якой палітыку правамоцны вызначаць толькі прэзыдэнт. («Навошта праводзіць апытаньні ў Беларусі? – заўважыў нам адзін заходні навукоўца. – Дастаткова ведаць адно меркаваньне».) Апроч таго, беларуская палітыка абумоўленая геапалітычным становішчам краіны і моцнай залежнасьцю ад расейскага саюзьніка. Гэтая залежнасьць – ня толькі эканамічная: Расея выступае як гарант улады непрадказальнага беларускага прэзыдэнта.Афіцыйныя заявы беларускага кіраўніцтва, як ні дзіўна, досыць неадназначныя. У іх гучыць прагматызм, які зыходзіць з канкрэтных варункаў, а не апрыёрная ідэалягічная зададзенасьць. Нельга сказаць, што стасункі Беларусі з «Эўропай» не падлеглыя зьменам – яны вызначаюцца ў залежнасьці ад пазыцыі Эўразьвязу. Таму, магчыма, большы плён дасьць палітыка «канструктыўнага ўзаемадзеяньня», чым упартая варожасьць з абодвух бакоў, якую мы цяпер назіраем. Працяглыя нападкі на беларускія палітычныя інстытуты, выключэньне беларускіх прадстаўнікоў зь міжнародных структураў, а тым болей фінансаваньне з Захаду СМІ, якія адкрыта ставяць сабе на мэце спрыяць зьмене палітычнага рэжыму, – усё гэта хутчэй штурхне беларускія ўлады ў эўразійскім кірунку.
Пераклаў з ангельскай П. Д. паводле: |
прафэсар у адстаўцы Лёнданскай школы эканомікі. У сфэру яе навуковых інтарэсаў уваходзіць палітыка краінаў СНД. Апошняя публікацыя – аналіз «Ukraine, Belarus and Moldavia: Europe’s New Neighbourhood» у зборніку «Les Européens face à l’élargissement: Perceptions, acteurs, enjeux» (Edited by Rupnik, J. Presses de Sciences Po.
РОЙ АЛІСАН
СТЫВЭН Л. ЎАЙТ |
Пачатак Цалкам Форум | ||||
№ 10 (50) - 2006 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |