A R C H E П а ч а т а к № 10 (50) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


10-2006
" да Зьместу "

 



крытыка • аналітыка • эсэістыка • гісторыя • палеміка • рэцэнзіі

 


рэцэнзіі

  ВІТАЛЬ СКАЛАБАН

Вокладка «ARCHE» №10
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віталь Скалабан
А знак націску паставіць забыліся...
Заўвагі археографа на палях
«навукова-папулярнага выдання»


Карский Е. Ф. Белорусы: В 3 т. Т. 2. Язык белорусского народа. Кн. 1. – Минск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. – 456 с.

Знаёмства з 1-й кнігай 2-га тома (надрукаваная вельмі хутка пасля выдання 1-га) пачнем з тытула і выходных звестак. Ёсць адрозненні ад афармлення папярэдняга тома. Пазначана, што выданне будзе трохтомнае, у 1-м томе праз недагляд аб гэтым не паведамлялася. Трэба таксама ўхваліць шляхетнае стаўленне да аўтара прадмовы і каментароў В. М. Курцовай: яе імя чытач знойдзе на адвароце тытула. Але ёсць і навацыі, якія выклікаюць пытанні. Беларуская мова ў афармленні выходных звестак цяпер скарыстана толькі ў знаку серыі і назве выдавецтва (чамусьці без імя Петруся Броўкі). Між тым прадмова і каментары друкуюцца, як і раней, на беларускай мове. Такі разнабой, мабыць, звязаны з тым, што на выдаўцоў «цісне» зробленыя на расійскай мове вокладка і тытул 1-га тома перавыдадзеных «Беларусаў», хоць і іх можна было зрабіць на беларускай мове, скарыстаўшы вопыт падрыхтоўкі «Слоўніка беларускай мовы» І. Насовіча.

Даволі спрэчным уяўляецца падзел тамоў на кнігі, а не на традыцыйныя ў такім выпадку выпускі (том 2, выпуск 1; том 2, выпуск 2–3). Выдаўцы наогул выключылі з выходных звестак сам тэрмін «выпуск», што ўскладняе наступны бібліяграфічны пошук, асабліва суаднясенне з папярэднімі выданнямі. Сумненні ў правільнасці афармлення выходных звестак яшчэ больш узмацняюцца пасля знаёмства з прадмовай, дзе В. М. Курцова гаворыць пра тры выпускі і зрэдку карыстаецца тэрмінам «часткі», але не згадвае пра падзел тома на кнігі. А сам Я. Карскі ў 1908 г. у прадмове да першага выдання 2-га тома «Беларусаў» пісаў: «Гэты 1-шы выпуск II тома «Беларусаў», акрамя колькіх уступных артыкулаў, прысвечаны гістарычнаму нарысу гукаў беларускай мовы, 2-гі выпуск будзе змяшчаць марфалогію (словаўтварэнне і словазмяненне), а 3-ці – сінтаксіс». Мабыць, выдаўцы пайшлі ўслед за тытулам 1908 г., дзе тэрмін «выпуск» не ўпамінаўся.

Надзвычай свавольна выдаўцы паставіліся да рубрыкацыі тома, узялі на сябе смеласць і падзялілі том на чатыры раздзелы (пра такое чляненне піша ў прадмове В. М. Курцова). Больш за тое, не палічылі неабходным перадрукаваць змест у тым выглядзе, у якім ён быў зроблены аўтарам, з пазначэннем сюжэтаў, вылучаных у тэксце пад асобнымі загалоўкамі. Гэта рабіла том вельмі зручным для чытача, а змест фактычна выконваў функцыю рэзюме і своесаблівага паказальніка. Але тут ужо выходзім на іншы сюжэт – пра навукова-даведкавы апарат у беларускіх энцыклапедычных выданнях. (Пакуль толькі заўважым, што сярод набыткаў у гэтым кірунку – выдадзены ў 1976 г. накладам 5 тысяч асобнікаў том паказальнікаў да 12-томнай Беларускай Савецкай Энцыклапедыі і іменны паказальнік да «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».)

Яўна не на сваё месца трапіў спіс скарачэнняў – фактычна унікальны даведнік пра скарыстаныя ў працы крыніцы: старажытныя граматы, летапісы, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, археаграфічныя выданні, фальклорныя і этнаграфічныя публікацыі, перыядычныя выданні (у тым ліку «Мужыцкая праўда», «Наша Доля» і «Наша Ніва»), навуковыя працы. Гэты спіс з’яўляецца неад’емнай часткай тома, а з незразумелага рашэння выдаўцоў ён змешчаны перад пачаткам тэксту.

На жаль, як і ў 1-м томе, адсутнічае тэксталагічная прадмова – тлумачэнне прынцыпаў падрыхтоўкі выдання. Адсутнічае і прозвішча таго, хто займаўся падрыхтоўкай тэксту да друку, выконваў працу складальніка-тэкстолага, якая ў гэтым выпадку павінна была пачацца з выбару крыніцы для публікацыі. І наяўнасць аўтарытэтнага рэдакцыйнага савета, адказнага за выпуск і літаратурнага рэдактара становішча не ратуюць.

Убачыўшы на с. 35 факсіміле вокладкі 1-га выпуску 2-га тома «Беларусаў», выдадзеных у Варшаве ў 1908 г., чытач можа падумаць, што прапануецца перадрук гэтага выдання. Але, перагарнуўшы старонку, ён прачытае падзагаловак «Гістарычны нарыс гукаў беларускай мовы» («Исторический очерк звуков белорусского языка»), які ў 1908 г. выглядаў інакш: «Гістарычны нарыс гукаў беларускай гаворкі» («Исторический очерк звуков белорусского наречия»). Аказалася змененай і назва ўсяго тома: «Мова беларускага народу» («Язык белорусского народа») замест «Мова беларускага племені» («Язык белорусского племени»).

Які ж тэкст прапанавалі чытачу беларускія энцыклапедысты? Аказваецца, тэкст, што ўбачыў свет пад грыфам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР у 1955 г. у Маскве ў выдавецтве Акадэміі навук СССР. Рэдактар таго выдання, вядомы мовазнавец В. І. Баркоўскі (зяць Я. Карскага), паведамляў у прадмове «Ад рэдактара», што ён меў аўтарскі экземпляр «Беларусаў» з праўкамі і дапаўненнямі Я. Карскага, які рыхтаваў сваю працу да перавыдання (дзе сёння зберагаецца гэтая рэліквія і чаму не скарыстана – гаворка асобная). Былі выкарыстаныя таксама дадаткі з артыкула «Нататкі па беларускай гаворцы» («Заметки по белорусскому наречию») і ўдакладненні да «Беларусаў», зробленыя аўтарам у 3-м выпуску 2-га тома (цікава, ці ведалі пра гэта ў час падрыхтоўкі перавыдання 1-га тома?). Пры падрыхтоўцы перавыдання 1955 г. усе гэтыя дапаўненні і праўкі рэдактарам былі ўлічаныя, але яны былі не агавораныя. Паводле словаў рэдактара, ён лічыў неабходным поўнасцю захаваць аўтарскі тэкст, дазволіў сабе толькі прыбраць супярэчнасці ў тэрміналогіі. Прывядзем цытату з адпаведным тлумачэннем В. І. Баркоўскага:

Я. Ф. Карскі ў шматлікіх сваіх працах ужываў, побач з тэрмінамі беларускі народ, беларуская мова, заходняруская мова, тэрміны, што з’яўляліся, ва ўмовах царскага рэжыму, вымушанай саступкай афіцыйным колам, суровай цэнзуры: беларускае племя, беларуская гаворка, заходняруская гаворка. У новым выданні «Беларусаў» захоўваюцца тыя найменні, якія адлюстроўваюць сапраўднае меркаванне самога аўтара, які горача любіў свой народ – беларусаў і марыў пра час, калі Беларусія будзе вольная і шчаслівая. Гэтымі найменнямі з’яўляюцца: беларускі народ, беларуская мова, заходняруская мова.

Рашэнне В. І. Баркоўскага даволі спрэчнае, але важна, што ён агаварыў свае падыходы да падрыхтоўкі публікацыі. І застаецца толькі выказаць здзіўленне, што сучасныя выдаўцы без аніякіх спасылак перадрукавалі падрыхтаваны В. І. Баркоўскім тэкст, выдадзены пад грыфам Інстытута мовазнаўства.

Распачатае сёлета перавыданне «Беларусаў» значна актывізуе вывучэнне жыцця, навуковай і грамадскай дзейнасці аўтара шматтомнай энцыклапедыі беларусазнаўства – найвышэйшага дасягнення еўрапейскай славістыкі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. у вывучэнні беларусаў1. Пры гэтым увага будзе нададзена таксама новым аспектам: вывучэнню гісторыі стварэння і выдання ягоных класічных працаў, іх функцыянаванню, успрыняццю і скарыстанню ў розны час і з рознымі мэтамі. Надзвычай багаты матэрыял для асэнсавання значэння навуковых росшукаў Я. Карскага даюць уласна тэксты яго публікацый, гісторыя прыжыццёвых і пасмяротных выданняў.

  гісторык, літаратуразнавец, архівіст.
   
Прывядзем архіўныя звесткі пра забытую спробу Акадэміі навук Беларусі распачаць выданне Поўнага збору твораў Я. Карскага ўжо ў першыя паваенныя гады. Акадэмік-сакратар аддзялення грамадскіх навук У. М. Перцаў у «Тлумачальнай запісцы да плана на трохгоддзе 1948–1950 гг. па інстытутах, што ўваходзяць у склад аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР», падаў наступныя звесткі аб прычынах выключэння з плана праекта, які і праз 60 гадоў застаўся неажыццёўлены:

Пяцігадовым планам намячалася таксама і праца ў выданні Поўнага збору твораў акад. Карскага. Эта праца планавалася як комплексная супольнымі сіламі Інстытута літаратуры (поўная тагачасная назва – Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва. – В. С.) і сектарам этнаграфіі Інстытута гісторыі, з прыцягненнем некаторых работнікаў збоку (галоўным чынам праф. Баркоўскага, які жыве ў цяперашні момант у г. Львове). Аднак у цяперашні час выявілася цяжкасць здзяйснення гэтай комплекснай тэмы. Работа над ёй патрабуе засяроджанай працы цэлага шэрагу супрацоўнікаў інстытутаў літаратуры і гісторыі. Між тым адцягнуць іх ад работы над асноўнымі тэмамі дзеля выканання названага выдання ёсць немагчымым. Да таго ж выданне работ Карскага патрабуе забеспячэння іх уводнымі артыкуламі, заўвагамі, дадаткамі і інш. Усё гэта выявілася настолькі складаным, што агульным сходам аддзела грамадскіх навук АН БССР вырашана было гэтую тэму зняць з плана гэтай пяцігодкі2.

  1 Гл.: Булахаў М. Г., Мушынскі М. І., Фядосік А. С., Цыхун А. П., Чамярыцкі В. А. Карскі Яўхім Фёдаравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 2. Мінск: БелСЭ, 1985. С. 696.
   

Мяркую, што энцыклапедычныя выдаўцы дарэмна адмовіліся ад публікацыі аўтарскіх прадмоў да тамоў. Між тым, у выданні 1955 г. прадмова была захаваная, але апушчаны першы сказ: «Зыходзячы з таго палажэння, што з’яўленне навуковай граматыкі расійскай мовы і ейнай гісторыі магчыма толькі пасля стараннага вывучэння жывых расійскіх гаворак і гісторыі апошніх, аўтар у 2-м томе «Беларусаў» падступіў да дэтальнай распрацоўкі мовы беларускага племені». У адпаведнасці з тагачаснымі патрабаваннямі з тэксту знікла вызначэнне «Імператарскі» ў дачыненні да Акадэміі навук і Варшаўскага універсітэта.

У сувязі з гэтым паўстае пытанне: якія яшчэ неагавораныя праўкі былі зробленыя не з засведчанай волі аўтара, а паводле меркаванняў рэдактара, выдавецтва, цэнзуры? А прэтэнзій да працаў Я. Карскага выстаўлялася ў той час вельмі шмат, не кажучы пра 20–30-я гады мінулага стагоддзя. У прадмове Інстытута мовазнаўства АН БССР да выдання 1955 г. адзначалася:

Асобныя з’явы мовы разглядаюцца Карскім толькі бегла, эпізадычна, без выяўлення зменаў, якія адбываліся на працягу ўсіх перыядаў гісторыі беларускага народу.

У Карскага не заўсёды атрымлівалася падняцца вышэй за факты і, адпаведна, вызначыць пэўную заканамернасць у развіцці мовы. Як вядома, усе гістарычныя змены ў мове сведчаць пра паслядоўнае самаўдасканаленне і ўзбагачэнне ейнай сістэмы. Прыватныя ж і больш агульныя вывады Карскага не паказваюць непасрэдна на гэты выключна важны бок пытання.

Не валодаючы марксісцкім метадам у падыходзе да вывучэння грамадскіх з’яваў, акадэмік Карскі не мог даць глыбокага тэарэтычнага абагульнення сваіх найкаштоўнейшых назіранняў і даследаванняў у галіне беларускай мовы. Ня ўсе ягоныя вывады, сфармуляваныя шмат гадоў таму, адпавядаюць сучасным дасягненням савецкага мовазнаўства.

Неабходна крытычна ставіцца і да тэарэтычных вывадаў Я. Ф. Карскага аб утварэнні беларускай народнасці, аб узаемадзеянні працэсаў развіцця беларускай мовы з мовамі расійскай і ўкраінскай, аб дыялектах беларускай мовы і г. д.

Я. Ф. Карскі лічыў, што фармаванне мовы народнасці адбываецца непасрэдна на аснове племянных дыялектаў…

Гэтае сцверджанне нельга лічыць праўдзівым, бо ў перыяд утварэння Літоўскага княства існавалі ўжо не племянные дыялекты, а тэрытарыяльныя, якія не паспелі яшчэ перамалоцца ў адзінай мове.

У працах Карскага, у тым ліку і паслярэвалюцыйных, не знайшлі належнага адлюстравання працы класікаў марксізму-ленінізму з нацыянальнага пытання. Нідзе ім не закранутае пытанне пра фармаванне беларускай буржуазнай і сацыялістычнай нацыі.

Сёння, трымаючы ў руках гэтае надзвычай каштоўнае і патрэбнае выданне, найперш трэба аддаць належнае тым, хто ў сярэдзіне мінулага стагоддзя далучыўся да няпростай на той час справы перавыдання 2-га тома «Беларусаў». І можна пашкадаваць чытача, які будзе ламаць галаву над законным пытаннем: каму належаць падрадковыя заўвагі ў 1-й кнізе 2-га тома на с. 27, 51, 69, 219, 236 з пазнакай «ред.»? Хацелася б спадзявацца, што ўжо ў наступнай кнізе «Беларусаў» будзе адзначана праца В. І. Баркоўскага – рэдактара 2-га тома.

На жаль, сучасныя выдаўцы не толькі прамаўчалі пра сваіх папярэднікаў, але выпусцілі ў свет кнігу з шэрагам недахопаў і элементарных тэхнічных недаглядаў. Так, у выданні шмат спасылак на адпаведныя старонкі як папярэдняга тома (гл. с. 13–33, 88, 125, 141, 155, 257, 273, 347), так і самой рэцэнзаванай кнігі (гл. с. 37, 232, 306, 366). Але ж ніхто не звярнуў увагі на тое, што ў час падрыхтоўкі перавыдання старонкі «паплылі» – адпаведна, спасылкі трэба было зверыць і паправіць згодна з новай пагінацыяй. У выданні 1955 г. такія праўкі ці заўвагі, за рэдкім выключэннем, былі зробленыя. Напрыклад, на с. 230 чытаем: «Указаныя Я. Ф. Карскім старонкі 272, 378 – у гэтым выданні гэта старонкі 230 і 304. (Ред.)». У агляданым выданні на с. 232 (менавіта яна адпавядае с. 230 у выданні 1955 г.) гэтая заўвага, мабыць праз недагляд, апушчаная.

Пакідаючы разгляд падрыхтаваных В. М. Курцовай грунтоўнай прадмовы і падрабязных каментароў мовазнаўцам, усё ж выкажам некаторыя пажаданні. У прадмове дарэмна толькі называецца, але не аналізуецца ілюстраваны палеаграфічны нарыс «Асаблівасці пісьма заходнярускіх твораў, пачынаючы ад найстаражытнейшых часоў». Таксама шкада, што да нарыса не прыведзена ніводнага сучаснага каментара. Прынамсі, каментар 1955 г. пра выдадзеную Я. Карскім у 1928 г. класічную працу «Славянская кірылаўская палеаграфія» можна было дапоўніць упамінаннем пра яе факсімільнае перавыданне ў Маскве ў 1979 г. Менавіта акцэнт у прадмове і анатацыі (дарэчы, чаму яна адсутнічае?) на палеаграфічны нарыс і выявы старонак старажытных беларускіх рукапісаў і кніг мог бы садзейнічаць значнаму пашырэнню кола чытачоў.

Можна паспрачацца і са сцверджаннем, што найперш 2-гі том «Беларусаў» застанецца неацэнным капіталам гістарычнай вартасці «ў аналах нацыянальнай навукі» (с. 12), бо найбольшая вартасць працы менавіта ў яе непарыўнай цэльнасці і «адзінааўтарстве». Значнага ўдакладнення і канкрэтызацыі патрабуе, на наш погляд, і тэзіс пра тэндэнцыйнасць і нават прадузятасць многіх высноў і думак Я. Карскага (тамсама). Тлумачыць гэта знітаванасцю і ў пэўнай меры абмежаванасцю навуковых росшукаў Я. Карскага традыцыямі расійскага мовазнаўства, выхаванцам якога ён быў, яўна недастаткова.Трэба было пракаментаваць і наступную выснову на с. 88: «З канца ХVIII ст. польская мова паступова выціскае з канцылярый і школаў заходняй Русі расійскае маўленне і пісьмо». Вядома, што паланізацыя пачалася значна раней, а ў 1696 г. сейм прыняў пастанову аб тым, што мовай справаводства з’яўляецца польская, а не «руская», пра гэта можна прачытаць на с. 134 1-га тома «Беларусаў». Для сучаснага чытача таксама трэба было пракаментаваць думку Я. Карскага, што беларускай мове невядома «колькасць галосных» (с. 395). У адрозненне ад 1-га тома, не каментуюцца персаналіі, перыядычныя выданні, месцы захоўвання помнікаў і інш. Трэба было пракаментаваць і эпіграф (с. 36), які для шырокага чытача не зашкодзіла б падаць у сучаснай беларускай мове, тым больш што ў 1-м томе эпіграф з верша Цютчава каментуецца. Карыстаючыся выпадкам, адзначым, што з 1-га тома з недагляду выпаў вядомы эпіграф з верша Янкі Лучыны. Але ў гэтай сітуацыі выдаўцоў ратуе праф. М. Г. Булахаў, які ва ўступным нарысе на с. 11 цытуе эпіграф: «Сонца навукі скрозь хмары цёмныя / Прагляне ясна над нашай ніваю, / І будуць жыці дзеткі патомныя / Добраю доляй, доляй шчасліваю!». Але ж Я. Карскі надрукаваў гэтыя радкі з паметай «З аднаго новага беларускага верша» і, вядома, іншым правапісам.

У апошнім абзацы прадмовы сустракаем такі фрагмент: «фундаментальная «навуковая распрацоўка» беларускай мовы «Беларусы» (с. 12). Відавочна, тут адбыліся адразу два збоі. І апошняя заўвага, дробязная, пра звычайны недагляд. На с. 50 чытаем: «У словах заўсёды пазначаецца націск знакам. Іншыя знакі і напісанні заўваг не выклікаюць». А сам знак націску паставіць забыліся…

Разумею, што пішу гэтыя заўвагі ў складаны для выдавецтва час, звязаны з пошукамі свайго месца ў інфармацыйна-выдавецкай прасторы Беларусі пасля заканчэння выдання універсальнай 18-томнай Беларускай энцыклапедыі і блізкім завяршэннем рэгіянальнай энцыклапедыі «Республика Беларусь» (папярэдняя 5-томная рэгіянальная энцыклапедыя выдавалася на дзвюх мовах, беларускай і расійскай). Сітуацыя яшчэ больш абвастрылася ў сувязі з меркаваным нечаканым пераездам «Энцыклапедыі» ў вельмі нязручнае для такой унікальнай установы памяшканне на ўскраіне Менска. Як кажуць, ляжачых не б’юць. Але ж «Беларусы» Яўхіма Карскага – наш неацэнны скарб, які вымагае надзвычай уважлівай падрыхтоўкі да друку, тым больш што выданне аднесена да «навукова-папулярных».

  2 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 4п. Воп. 47. Спр. 185. Арк. 185.
Пачатак  Цалкам Форум

№ 10 (50) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/10/18